ГІСТОРЫЯ

Уплыў Рэфармацыі на развіццё гандлю ў Беларусі

Аляксандр Кандратовіч


Распаўсюджанне ідэй Рэфармацыі ў Беларусі выклікала кардынальныя змены, якія ахапілі ўсе без вынятку сферы чалавечай жыццядзейнасці. Незвычайны інтэлектуальны прарыў, высокі для таго часу ўзровень палітычнай культуры, развіццё кнігадрукавання - усё гэта мела свае карані ў Рэфармацыі. Прычым не ў вузкім сэнсе гэтага слова, а ў «вяртанні да Божага погляду на Царкву, на грамадства, на чалавека»1 . Уплыў Рэфармацыі, як непасрэдны, так і апасродкаваны, адчула на сабе і эканоміка краіны, у тым ліку і гандлёвая дзейнасць.

Выключна важнае значэнне для гандлёвай дзейнасці мелі ў той час прыродна-геаграфічныя ўмовы, а менавіта стан шляхоў зносін. На працягу другой паловы XVI ст. дзяржаўнай уладай праводзіцца шэраг мерапрыемстваў па паляпшэнні галоўных сухапутных і водных шляхоў. Палепшаныя і выраўнаваныя грунтавыя дарогі, часта абсаджаныя дрэвамі, з канавамі па абодва бакі, а часам і з кіламетровымі (мільнымі) ці верставымі слупамі называліся звычайна як і горад, да якога вялі. Гэтыя галоўныя шляхі злучалі найбольш важныя гарады і эканамічныя раёны2 .

Прыстасоўваліся да патрэбаў гандлёвай дзейнасці і водныя шляхі. Калі ў XV ст. уладальнікам земляў, размешчаных на берагах найважнейшых (каралеўскіх) рэк, дазвалялася рабіць гаці, ставіць заколы пры ўмове, што яны не будуць перашкаджаць навігацыі, то паводле Канстытуцыі 1557 г. усе гаці і заколы мусілі быць знесены, што канчаткова і было рэалізавана ў 1578 г.3 .

Акрамя дзяржаўнай улады актыўны ўдзел у паляпшэнні шляхоў зносін бралі асобныя прадпрымальнікі, найперш з ліку шляхты, але не толькі. Яны атрымлівалі ад вялікага князя прывілеі на будаўніцтва мастоў, грэбляў, каб потым мець прыбытак шляхам устанаўлення пошлінаў на тавары, што правозіліся праз пабудаваная імі камунікацыйныя канструкцыі. У гэты час краіну ахапіла своеасаблівая «будаўнічая ліхаманка», з’явіўся новы камерцыйны дзеяч, «які браўся за ўсякую справу, якая дэкляравала пэўны прыбытак»4 . Дзеячом такога кшталту быў берасцейскі гэбрай Міхель, які адразу пасля ўзвядзення ў «старэйшыя» гэбрайскага кагалу выпрасіў у караля дазвол пабудаваць мост на рэчцы Бугу, збіраць на ім маставое. Загадваючы збіраннем мытнага падатку, ён пачынае гандляваць і аксамітам, і сукном, і рознымі іншымі рэчамі. Потым атрымлівае ад караля права даваць пазычкі афіцэрам каралеўскага войска пад забеспячэнне іх пенсіі. Увогуле Міхель не прамінаў выпадкаў для павелічэння свайго капіталу рознымі спосабамі: дае ў пазыку грошы, купляе зямлю, будуе ставы і г.д.5 .

Аднак XVI ст. адметнае не толькі з’яўленнем новага тыпу камерцыйнага дзеяча, але і больш глыбокімі працэсамі і тэндэнцыямі, якія далі падставы гісторыкам вызначыць сярэдзіну XVI ст. як пачатак новага перыяду ў гісторыі гандлю ў Беларусі. Так, Х.Лаўмяньскі, характарызуючы новы перыяд, вызначае яго галоўную тэндэнцыю - развіццё экспарту лясных тавараў і прадуктаў сельскай гаспадаркі і жывёлагадоўлі. Акрамя гэтага, ён заўважае, што ў папярэдні перыяд імпартны гандаль ураўнаважваўся з экспартным. Аднак гэты баланс парушаецца ў другой палове XVI ст., калі экспарт павялічваецца і пачынае пераўзыходзіць імпарт6 .

А.Мончак і Х.Самсановіч, даследуючы пытанне генезісу еўрапейскага рынку, вылучылі ў ім «балтыйскую зону», у склад якой улучаюць і Беларусь. Пад паняццем «эканамічная зона» яны разумеюць «комплекс рэгіёнаў, гаспадарка якіх залежыць ад агульнага знешняга чынніку»7 . На іхную думку, характар гандлёвых сувязяў балтыйскай эканамічнай зоны ў XVI ст. як ніколі раней ці пазней залежаў ад вышэйзгаданага чынніку8 . У адрозненне ад Х.Лаўмяньскага яны вызначылі не толькі пачатак новага перыяду ў развіцці гандлю, але і яго заканчэнне, якое паводле іх меркавання прыпадае на 20-я гады XVIІ ст. Характэрная тэндэнцыя, што абумовіла рамкі гэтага перыяду, - «надзвычай моцная, у параўнанні з папярэднім, экспансія збожжавай прадукцыі, выкліканая стымуламі заходніх рынкаў»9 .

Асноўным стымулам гэтых рынкаў быў значны рост цэнаў, які «ў цэлым закрануў усе групы тавараў, хоць тэмпы і вынікі яго для розных груп былі неаднолькавыя»10 . Адным з галоўных рынкаў збыту беларускай сельскагаспадарчай прадукцыі была Рыга, дзе ў XVI ст. назіралася павелічэнне цэнаў на прадукты збожжавай гаспадаркі ў 5,3-8,8 раза11 . Падобная сітуацыя назіралася таксама на ўнутраным рынку, дзе кошт бочкі жыта, улічваючы падзенне кошту грошай, узрос у 5 разоў12 .

На маю думку, методыка А.Мончака і Х.Самсановіча найбольш плённая, бо дазваляе ўбачыць, наколькі шчыльнымі былі сувязі эканомікі Беларусі з эканомікамі іншых еўрапейскіх краінаў. Высокая ступень узаемазалежнасці гэтых сувязяў і іх арганічнасці сведчыць у сваю чаргу пра тое, што эканамічныя працэсы, якія працякалі на тэрыторыі нашай краіны, адпавядалі найбольш прагрэсіўным сусветным тэндэнцыям. З іншага боку, паслабленне ўзаемазалежнасці і арганічнасці гэтых сувязяў у першай палове XVIІ ст. сведчыць пра адыход эканомікі Беларусі ад магістральнага шляху развіцця, нягледзячы на тое, што «першая палова XVІI ст. для Беларусі была перыядам далейшага росту як рамяства, так і гандлю»13 .

Каб развязаць супярэчнасць паміж гэтымі дзвюма тэзамі, заўважым, што для грамадскіх працэсаў, у тым ліку эканамічных, уласцівая пэўная інерцыя развіцця. Таму для ўстанаўлення правільнай сувязі паміж прычынай і наступствамі і вызначэння найбольш істотных тэндэнцыяў пэўнага гістарычнага перыяду варта карыстацца пры даследаванні больш працяглымі гістарычнымі адрэзкамі, што дазволіць адэкватна ахарактарызаваць ход гістарычнага развіцця і яго разнастайныя адхіленні. Красамоўнай ілюстрацыяй усяго вышэйвыкладзенага з’яўляецца аналіз сувязяў Швецыі і Польшчы з заходнімі рынкамі, зроблены А.Мончакам і Х.Самсановічам. Як вядома, на тэрыторыі Швецыі ідэі Рэфармацыі не толькі распаўсюдзіліся, але ў адрозненне ад Рэчы Паспалітай і сцвердзіліся. На думку А.Мончака і Х.Самсановіча, аналіз стасункаў Швецыі, пры поўнай іх адрознасці ад збожжавай монакультуры паўднёвай часткі Балтыйскага мора, прыводзіць да гэткіх высноваў: замежныя рынкі маюць для эканомікі гэтай краіны істотнае значэнне. Аднак, працягваюць далей гісторыкі, на гэтым аналогія сканчваецца, бо для Швецыі гэтыя рынкі застануцца, і яе сувязь з Захадам, а таксама роля сыравіннай базы заходніх металургічных цэнтраў будзе расці асабліва ад паловы XVIІІ ст.14 .

Як адзначалася вышэй, характэрнай рысай перыяду другой паловы XVI ст. з’яўляўся рост экспарту збожжа. З. Капыскі на падставе запісаў мытных кніг робіць выснову, што «асноўным экспарцёрам збожжа былі буйныя і невялікая група сярэднепамесных феадалаў»15 . Можна меркаваць, што да вызначанай вышэй групы буйных і сярэдніх феадалаў адносіліся галоўным чынам уладальнікі земляў, на якіх была праведзена аграрная рэформа, вядомая ў гістарычнай навуцы як «валочная памера». Дзякуючы гэтай рэформе была значна павышана прадукцыйнасць фальварковай гаспадаркі, што дало магчымасць рэалізоўваць пэўную колькасць збожжа на рынку, у тым ліку і замежным. Актыўны ўдзел у аграрных пераўтварэннях прымалі прадстаўнікі рэфармацыйнага руху. Так, Мікалай Радзівіл Чорны, найвыдатнейшая асоба ў гісторыі Рэфармацыі ў Беларусі, праводзіў валочную памеру ў Нясвіжскім княстве ў 60-я гады XVI ст. з дапамогай Мацея Кавячынскага, «вядомага пратэстанта, тагачаснага нясвіжскага намесніка»16 .

Аднак, як сведчаць крыніцы, група экспарцёраў збожжа не абмяжоўвалася толькі буйнымі і сярэднімі феадаламі. Так, мытная берасцейская кніга паказвае, што ў 1583 г. «28 красавіка берасьцянін Мэндаль Урэлевіч накіраваў вадою ў Гданьск 235 бочак жыта»17 . Разам з тым купецтву было складана вытрымліваць канкурэнцыю ў экспарце збожжа з тае прычыны, што шляхта з цягам часу дабіваецца ад вялікакняскай улады прывілеяванага становішча. Яшчэ на сойме 1551 г. яна прасіла вялікага князя даць ёй права бяспошлінна вывозіць за мяжу збожжа і лясныя тавары. Жыгімонт Аўгуст дазволіў вывозіць толькі лясныя тавары з яе ж лясоў, але без пасрэдніцтва купцоў. На сойме 1559 г. вялікі князь даў шляхце права на бяспошлінны вываз за мяжу збожжа і жывёлы, што было замацавана ў статутах 1566 і 1588 гг.18 . Зразумела, падобныя заканадаўчыя акты перашкаджалі свабоднай канкурэнцыі ў гэтай галіне замежнага гандлю, што зніжала эфектыўнасць функцыянавання эканомікі краіны. Такое становішча захавалася аж да другое паловы XVIІІ ст., але ў той час ужо былі выразна бачныя наступствы няроўных умоваў гандлю, а менавіта - адсутнасць значных купецкіх капіталаў.

Разам з тым, дзяржаўная гандлёвая палітыка мела не толькі адмоўныя рысы, але і дадатныя. З аднаго боку, яна недальнабачна пашырала прывілеі шляхоцкага стану, але з іншага - заахвочвала грамадзянскі чын, пра што сведчаць разнастайныя дакументы той эпохі. Так, у грамаце вялікага князя Жыгімонта Аўгуста да віцебскага мытніка Фелікса ад 20 верасня 1559 г., якая тычылася віцебскіх купцоў, гаварылася:

«Ино ачколвек в тых листех продков наших их милости того не описано, абы они за границу до Риги с товари своими добровольно ходити мели, одно в нашом паньстве Вел. кн. Лит. а иж теж мыт нигде не беруть только у в отчизне нашой, про то мы з ласки нашое господарское за их верную к нам службу, которую нам, господарю, чинять яко замок тамошни нижни робять, так и гору сыплять, перекоп копають и сторожу замковую держать и на войну часу потребы поспол с бояры, шляхтою ездять и иные повинности выполняють, зоставили их при тых листех: даем вольность им от плаченья мыта от всих товаров их, которые быза границу спущали». Пры гэтым заўважалася: «И ведно тым только мещане витебские вольности от плаченья мыта вживати мають, которые и вси повинностипомененые з мещаны поспол выполняють. А которые тех повинностей на собе не носять, тые теж и вольности, на листах продков наших и на сем теперешнем листе нашем описаное, не мають вживати»19 .

Акрамя няроўнасці ўмоваў гандлю беларускае купецтва пакутавала таксама ад самавольства на мытнях, якое было даволі распаўсюджанай з’явай. Сведчанне гэтага - грамата вялікага князя Жыгімонта ІІІ віцебскаму ваяводу Мікалаю Сапегу:

«Жикгимонтъ третій, Божію милостію король Польски, великій князь Литовскій, Руски, Пруски Жамойтски, Мазовецкій и королевства Шведзкаго наиближшы дедичъ и пришлый король.

Воеводе Витебскому, державце Суразкому и Велижскому, пану Миколаю Сапезе. Ознаймуемъ твоей милости. Далъ намъ тою справу войтъ и мещане места нашего Витебскаго, ижъ дей урядники твои Витебскіе, Суразскіе и Велижскіе и нихъ отъ квитовъ, которые имъ, гды за границу съ товарами своими ездят, давать повинни от каждого квиту по грошу одному, але дей они, по грошу не хотечи, немалые подарки отъ таковыхъ квитовъ на нихъ вытегаютъ, приводечи ихъ до немалыхъ шкодъ, якожъ и листъ воеводы Витебскаго, державцы Усвяцкаго и Озерыскаго, пана Станислава Кишки, подъ датою року тысеча пятьсотъ пятьдесятъ перваго, месица Декабря одинадцатаго дня, индыкта десятаго писаны до врядника Илешницкаго, Лужесенскаго и Любашанскаго Андрея Горновскаго, абы онъ отъ мещанъ Витебскихъ, которые за границу съ товарами своими ездятъ, отъ квитовъ по грошу только одному бралъ а упоминковъ никакихъ не вытегалъ, - передъ нами господаремъ покладали. Про то будетъ ли такъ, яко они намъ справу дали, абы твоя милость, заховывуючи ихъ водлугъ стародавныхъ обычаевъ, тымъ урядникомъ своимъ отъ таковыхъ квитовъ небольшъ по одному грошу брати велелъ, а надто упоминковъ ниякихъ на нихъ вытегать не допущалъ, постерегаючи того, якобы они намъ о томъ никатораго набеганя и дакуки не чинили. Писанъ у Варшав, лета Божаго Нароженя 1591, Генваря двадцать четвертаго»20 .

Такое становішча на мытнях стала прычынай шырокай распаўсюджанасці кантрабанды. Пра гэта сведчыць паведамленне полацкага ваяводы Андрэя Сапегі. У 1598 г. у сваім лісце да князя Крыштафа Радзівіла ён паведамляў, што многія магілёўскія і іншыя купцы ездзяць у Маскву праз Раманаў, аб’язджаючы Оршу, дзе спаганялася мыта. Увесь Смаленск, указвалася ў лісце, перапоўнены купцамі княства Літоўскага, і ніхто з іх не праязджаў праз мытню, усе знаходзілі сабе іншыя «гасцінцы»21 .

Тым не менш, нягледзячы на наяўнасць неспрыяльных умоваў, купецкі гандаль паспяхова развіваўся на працягу ўсяго XVI ст., асабліва гэта тычыцца знешнегандлёвай дзейнасці. Вядомыя даследчыкі гандлю XVI ст. Л.Кочы і Р.Рыбарскі аднадушныя ў тым, што «рух тавараў паміж В. К. Літоўскім і Каронай заставаўся ў руках літоўскіх купцоў»22 .

Сярод экспартных на захад тавараў важнае месца ў першай палове XVI ст. займаў воск, які карыстаўся ў сярэднявеччы вялікім попытам. Акрамя звычайнага прымянення для вырабу свечак, ён таксама часта з’яўляўся плацежным сродкам як тавар лёгкі, што добра захоўваецца і які можна заўсёды знайсці на рынку. Гандаль воскам канцэнтраваўся галоўным чынам у Любліне, адкуль рознымі шляхамі дастаўляўся на захад. Воск, якім гандлявалі на люблінскіх кірмашах, быў рознага паходжання, аднак галоўным чынам «літоўскага»23 . Пра тое, наколькі прыбытковым быў гандаль гэтым таварам, сведчыць факт, што васкоўнічая камора ў Берасці ў пачатку XVI ст. здавалася ў арэнду асобна24 .

Але сітуацыя ў галіне гандлю воскам рэзка мяняецца ў сярэдзіне стагоддзя. Распаўсюджанне Рэфармацыі выклікала значнае змяншэнне попыту на тавар. Найперш гэта выявілася ў дынаміцы цэн. Так, калі ў Рызе цана на лён узрасла за стагоддзе ў 8 разоў, пяньку - у 8,7, у той жа час на воск - у 3,8-4,5 раза25 . У выніку, у другой палове XVI ст. на найбольш прыбытковай на тэрыторыі ВКЛ віленскай каморы назіраецца спад гандлёвых абаротаў з воскам26 .

Іншымі важнейшымі таварамі, што ішлі на захад, былі футра і скуры. Першыя ў вялікай колькасці закупляліся ў Маскоўскай дзяржаве. Наогул, гандлёвыя сувязі з апошняй мелі для Вялікага Княства, як і з Польшчай, выключнае значэнне. Хоць у другой палове XVI ст. паміж ВКЛ і Масковіяй ішла Інфлянцкая вайна, гэта не спыніла гандлёвых сувязяў паміж імі. З кожным ліцвінскім пасольствам адпраўлялася вялікая група купцоў. Наколькі важнае значэнне надавалася пытанням гандлю ў беларуска-рускіх дачыненнях, сведчыць наступны факт. У перамірнай грамаце ад 20 чэрвеня 1570 г., уручанай паслам ВКЛ, прапаноўвалася, каб па сканчэнні перамір’я не рабілася ніякай шкоды маскоўскім купцам у ВКЛ і ліцвінскім купцам у Маскоўскай дзяржаве, а каб яны былі добраахвотна адпушчаны ў сваю дзяржаву27 .

Важна зазначыць, што гандлёвыя аперацыі беларускіх купцоў з футрам не з’яўляліся простымі транзітнымі аперацыямі, а былі звязаныя з айчыннай рамеснай вытворчасцю. На думку В. Мялешкі, прынамсі, асноўная частка футраў, што дастаўляліся магілёўскімі купцамі на рынкі Польшчы, «з’яўляліся не сыравінай, а гатовай прадукцыяй і паўфабрыкатамі магілёўскай кушнерскай вытворчасці»28 . Такім чынам развіццё гандлю стымулявала рамесную вытворчасць. Вынікам значнага развіцця гандлю і рамяства стаў бурны рост гарадоў і мястэчкаў на працягу XVI - першай паловы XVIІ ст. Калі для пачатку гэтага перыяду гісторыкі налічваюць толькі 48 гарадоў і мястэчкаў, дык у сярэдзіне XVIІ ст. іх было на тэрыторыі Беларусі ўжо 467, пры гэтым абсалютная большасць мястэчкаў з’явілася да канца XVI ст.29 .

Яшчэ большай была роля беларускага купецтва ў імпартных аперацыях, бо яно «вяло гандаль галоўным чынам іншаземнымі таварамі»30 . Асноўнымі накірункамі знешнегандлёвай дзейнасці беларускіх купцоў былі Польшча, Прыбалтыка, Маскоўская дзяржава. Вялікае значэнне меў таксама гандаль з гарадамі Украіны31 . Акрамя гэтага, вядомыя па некалькіх урыўкавых паведамленнях гандлёвыя паездкі беларускага купецтва ў Вугоршчыну, Румынію, Турцыю. Так, кніга Магілёўскага магістрату паведамляе, што магілёўскі купец Ходка Багдановіч у 1595 г. «ездзіў у Ясы да зямлі валоскай», дзе ў яго была свайго роду факторыя, у якой захоўвалася на вялізную суму - 500 коп - тавараў, а ў 1600 г. ён «прыехаў з турак у Магілёў»32 .

Якімі ж імпартнымі таварамі гандлявалі беларускія купцы? Галоўным чынам яны прывозілі сукно розных гатункаў, шоўк, тканіны, палатно33 . У вялікіх аб’ёмах прывозілася ў краіну чэшскае і мараўскае сукно, што закуплялася на польскіх рынках. Пра распаўсюджанасць чэшскага і мараўскага сукна на беларускіх землях сведчаць разнастайныя крыніцы: тастамэнты, судовыя цяжбы і інш., у якіх згадваецца пра чэшскае і мараўскае сукно, а таксама пра адзенне, сшытае з яго. Паводле падлікаў А.Флароўскага ў Беларусі знаходзілася ў карыстанні 16 відаў адзення з чэшскага і мараўскага сукна34 . Як мяркуе В.Мялешка, значная частка сукна, шоўку, палатна і іншых тканін выкарыстоўвалася магілёўскімі рамеснікамі «на выраб адзення, якое потым вялікімі партыямі адпраўлялася ў гарады Рускай дзяржавы і часткова рэалізоўвалася на мясцовым рынку»35 .

Акрамя замежнага актыўна развіваўся ў XVI ст. і ўнутраны гандаль, які адбываўся галоўным чынам на кірмашах і таргах. Усе гарады Беларусі мелі права на правядзенне кірмашоў, а ў буйных гарадах - Берасці, Віцебску, Горадні, Полацку, Магілёве і інш. - яны праводзіліся па 2-4 разы штогод36 .

Галоўнай перадумовай развіцця ўнутранага гандлю з’яўлялася найперш ступень развітасці сялянскай гаспадаркі, бо сялянства ў XVI ст. складала прыкладна 75% насельніцтва краіны37 . Паводле даследаванняў гісторыкаў, «у гэты час гандаль быў пастаяннай функцыяй дзейнасці сялянства Беларусі і Літвы і складаў эканамічную аснову ўнутранага рынку»38 . Пра гэта сведчыць іх актыўная роля на таргах асобных гарадоў. Так, напрыклад, сяляне вёскі Мілейкаў Слонімскага павету, Радашковічаў прадавалі ў 1593, 1595-1600 гг. сваё збожжа, хмель на торгу ў Вільні39 . Сяляне памежных тэрыторыяў удзельнічалі і ў знешнегандлёвых аперацыях, сведчаннем чаму ёсць абвінавачанне полацкім мытнікам Феліксам перад Жыгімонтам Аўгустам у 1561 г. віцебскага войта і полацкіх бурмістраў у тым, што яны выдаюць квіты на гандаль у Рызе не толькі мяшчанам, але і (незаконна) сельскім жыхарам40 .

Важным стымулам развіцця сувязяў з унутраным рынкам сялянскай гаспадаркі была значная ўвага, што надавалася феадаламі сялянскаму гандлю, прыклады чаго мы неаднаразова сустракаем у той час. Так, уладальнікі маёнткаў Рожанка, Іўе Лідскага павету абвясцілі аўторак свабодным днём ад усіх павіннасцяў, паколькі гэта быў гандлёвы дзень. Сялянам Краснагарадскай воласці Віцебскага ваяводства вызначаўся дзень для продажу збожжа і г.д.41 .

Такім чынам, агульная карціна развіцця гандлю ў Беларусі ў XVI ст. сведчыць пра яго прагрэсіўнае развіццё ў накірунку актывізацыі знешнегандлёвых аперацыяў, паспяховае імкненне заняць належнае месца ў сістэме еўрапейскага гандлю. Вышэйадзначаныя працэсы сталі магчымымі дзякуючы актывізацыі гандлёвай дзейнасці на ўнутраным рынку, падставай чаго былі буйнамаштабныя рэформы сельскай гаспадаркі, развіццё рамеснай вытворчасці. Галоўнай станоўчай рысай працэсаў у галіне гандлю ў Беларусі ў разгляданы час была іх адпаведнасць, сугучнасць найбольш перадавым эканамічным тэндэнцыям тае эпохі. Асноваўтваральным чыннікам была Рэфармацыя, якая выклікала не толькі пераўтварэнне духоўнага аблічча Еўропы, але і прадвызначыла накірункі развіцця ўсіх сфераў грамадства, абумовіла сённяшняе панаванне амерыкана-еўрапейскай цывілізацыі.

ЗАЎВАГІ

1 Акіньчыц С. Залаты Век Беларусі. - Мн., 2001. - С. 16.

2 Жучкевич В. Дороги и водные пути Белоруссии. - Мн., 1977. - С. 53.

3 Тамсама. С. 38.

4 Забела Т. Места Берасьцейскае ў XVI сталецьці // Запіскі аддзелу гуманітарных навук. Кн. 8. - Мн., 1929. - С. 113.

5 Тамсама.

6 Lowmianski H. Rys historyczny wojewodztwa nowogrodzkiego w jego dzisiejszych granicach do r. 1795. - Wilno, 1935. - S. 84-85.

7 Maczak A., Samsonowicz H. Z zagadnien genezy rynku europejskiego: strefa baltycka // Przeglad historyczny. 1964. Tom LV. Zeszyt 2. S. 198.

8 Ibid. S. 215.

9 Ibid. S. 207.

10 Дорошенко В. Действие «революции цен» в Восточной Прибалтике в XVI в. // Ежегодник по аграрной истории Восточной Европы. 1961 г. - Рига, 1963. - С. 116.

11 Тамсама. С. 117.

12 Копысский З. Экономическое развитие городов Белоруссии (XVI-XVII вв.). - Мн., 1966. - С. 60.

13 Мелешко В. Торговые связи Могилева с городами Польши и Прибалтики во второй половине XVI - первой половине XVII в. // Acta Baltico-Slavica. II. - Bialystok, 1965. - S. 62.

14 Maczak A., Samsonowicz H. S. 215.

15 Копысский З. Тамсама. С. 66.

16 Lowmianski H. S. 58.

17 Забела Т. Тамсама. С. 113.

18 Гісторыя Беларускай ССР. У 5-ці тамах. Т. 1. - Мн., 1972. - С. 197.

19 Белоруссия в эпоху феодализма. Сборник документов в трех томах. Т. 1. - Мн., 1959. - С. 271.

20 Сапунов А. Витебская старина. Т. І. - Витебск, 1883. - С. 60-61.

21 Мелешко В. Тамсама. С. 96.

22 Wawrzynczyk A. Studia z dziejow handlu Polski z Wielkim Ksiestwem Litewskim i Rosja w XVI wieku. - Warszawa, 1955. - S. 76.

23 Koczy L. Handel Poznania do polowy wieku XVI. - Poznan, 1930. - S. 328.

24 Забела Т. Тамсама. С. 85.

25 Дорошенко В. Тамсама. С. 117.

26 Wawrzynczyk A. S. 42.

27 Русско-белорусские связи. Сборник документов (1570-1667). - Мн., 1963. - С. 8.

28 Мелешко В. Тамсама. С. 76.

29 Сагановіч Г. Нарыс гісторыі Беларусі ад старажытнасці да канца XVIІІ ст. - Мн., 2001. - С. 217.

30 Копысский З. Тамсама. С. 160.

31 Тамсама. С. 167.

32 Тамсама. С. 168.

33 Мелешко В. Тамсама. С. 78.

34 Гусакова Н. Из истории белорусско-чешских торговых связей в XVI-XVII веках // Советское славяноведение. - Мн., 1969. - С. 654.

35 Мелешко В. Тамсама. С. 80.

36 Копысский З. Тамсама. С. 159.

37 Сагановіч Г. Тамсама С. 214.

38 Капыскі З., Капыскі Б. Беларускі селянін на гарадскім торгу ў канцы XVI - першай палове XVIІ ст. // Беларускі гістарычны часопіс. 1994. № 3. С. 47.

39 Тамсама. С. 49.

40 Варонін В. Унутраны гандаль у Полацкім ваяводстве першай паловы XVI ст. // Веснік БДУ. Серыя 3. 1999. № 1. С. 15.

41 Капыскі З., Капыскі Б. С. 49.

Паводле: Аляксандр Кандратовіч . Уплыў Рэфармацыі на развіццё гандлю ў Беларусі //Спадчына, 2003, № 1.