ДАКУМЭНТЫ


Рэляцыя пра гаротны стан царквы Хрыстовае, што вызнае Пратэстанцкую Рэлігію ў Вялікім Княстве Літоўскім. Пададзеная да ўвагі ўсіх спагадлівых хрысьціянаў.


Ян Краінскі

Пс. XI 1. 1,2
Багаслаўлёны, хто на мізэрных зважае; у дзень няшчасьця Госпад спасець яго.
Госпад яго ўсьцеражэ і жыцьцё захавае яму; на зямлі ён будзе шчасьлівы, і ярасьці ворагаў Ты не аддасі яго.

Плач III. 53, 53, 54.
Усяляк імкнуліся ўлавіць мяне, як тую птушку, ворагі мае, бяз дай прнчыны: жыцьцё маё перапынілі ў вязьніцы і каменьне кідалі ў мяне. Воды ўзьняліся вышэй галавы маёй, і сказаў я: "я загінуў".

Плач I. 16.
Аб гэтым плачу я; вока маё, вока маё сплывае вадою, бо далёка ад мяне Пацяшыцель, які ажывіў бы душу маю. Дзеці мае акінутыя, бо вораг узяў сілу.
Пачулі яны, што я енчу, і нікога няма, каб пацешыць мяне; пачулі ўсе мае ворагі пра бяду маю і ўзрадаваліся, і г. д. Тамсама, в. 21.

Фатальная і крывавая трагедыя, якая ўжо блізка сарака ці болей гадоў зь вялікім рэзрухам граецца на Эўрапейскім тэатры і якая рынула адно на адно наймагутнейшыя каралеўствы, народы і правінцыі, дасягнула нарэшце (з большаю жорсткасьцю, бо пазьней) нашых Сармацкіх краёў, менавіта квітучага Каралеўства Польскага, але асабліва Вялікага Княства Літоўскага і прыналежных да яго правінцыяў, дзе яна гэтак збурыла і зруйнавала мноства вялікасных і шматлюдных гарадоў і безьліч меншых мястэчак і вёсак, што мала і знаку засталося (калі засталося што ўвогуле), дзе яны стаялі раней.

Пайшоў дванаццаты год, як найвышэйшы і найсправядлівейшы Судзьдзя ўсіх несправядлівых народаў, прагнаўшы мір з нашае Краіны, паклікаў у суворым гневе Сваім мноства падступных, лютых, спрытных і магутных народаў, каб выканаць свой прысуд супроць нас. А тыя, ані не справакаваныя намі, але, прагнучы адно нашых набыткаў і крыві, змылі ў ёй свае лютыя рукі, і гэтым не здаволіліся, але да рабунку маёмасьці дадалі самыя вычварныя катаваньні для целаў сапраўдных вызнаўцоў хрысьціянства.

У 1648 г., калі выбухнула першае казацкае паўстаньне , да якога з гатоўнасьцяй прыядналіся татары, шляхта была зь вялікімі намаганьнямі зможана разьюшанымі мяцежнікамі і павыразана; і ўсіх тых, хто не належаў да Грэцкае Рэлігіі, пазабівалі самым ганебным чынам безь ніякага разбору; багата было Кангрэгацыяў Рэфармаваных Пратэстантаў, чыіх Міністраў таксама не ашчадзілі.

I лютасьць разьятраных казакаў была такою барбарскаю, што самі татары, хоць і іхныя саюзьнікі, не хацелі быць вінаватыя ў такім мностве бязьвіннае крыві, але спагадліва выбаўлялі зь іхных рук гэтулькі, колькі маглі.

Са многіх жыўцом злупілі скуру. Іншым паабціналі рукі і ногі. Некаторым жыўцом выпусьцілі кішкі. Іншым прасьвідроўвалі косьці галёнак. Некаторым улівалі расплаўлены сьвінец у раны на галовах альбо на целах. Вочы ім выбівалі; а павешаных не зьлічыць. I лічылася вялікаю ласкаю, калі каго сьціналі мечам або адсылалі ў вечнае рабства да турка. Бедныя бацькі і мужы мусілі глядзець, як гвалцяць іхніх жонак і дачок. Такія вось жалосныя абставіны, у якіх нашая Краіна і Царква знаходзіліся колькі гадоў запар падчас грамадзянскіх войнаў. Аднак затым, калі ўсе мы пачалі былі спадзявацца на лепшае, спрычынілася нам новае і менш ведамае няшчасьце, калі мы і перад тым ужо былі амаль вынішчаныя. Бо падступ-ны Масковец, узяўшы ўвагу на нязгоду і спустошаньне, якія спасьціглі нас ад справядлівае Божае рукі, і на тое, што моц Літвы празь няспынныя ўнутраныя войны прыйшла ў заняпад,- адразу скарыстаў з нагоды ўварвацца сюды, і, вынайшаўшы дзеля гэтага сякія-такія пазоры, ён прыйшоў з двухсоттысячным войскам і прыяднаў да сябе шэсьцьдзесят тысячаў мяцежных казакоў, якія зносілі, як паводка, усё перад сабою, рабуючы, палячы, нішчачы ўсё, што ім траплялася, разрабоўваючы моцныя цьвержы і месты, не пакідаючы ўва ўсёй Літве ніводнага кута не абшнаранага. Ніколі дагэтуль не чынілася ў гэтых краёх большага тыранства. Ніхто ня меў ані ўвагі на сьлёзы, ані жалю да тых, хто сам здаваўся; усіх без разбору пасеклі на кавалкі. Люд паспаліты павырэзвалі адразу, але шляхту і магнатаў зводзілі прэч і, памеркаваўшы, або вешалі, або палілі жыўцом. 3 кожнага кутка, поўнага разьнёю, кроў бегла патокамі па вулках мястэчак і местаў. Але становішча міністраў Хрысто-вых было найбольш жалоснае, бо ўсе, каго пабралі, былі пазабіваныя рознымі спосабамі, з самымі вышуканымі катаваньнямі.

Адрыяна Хілінскага, чалавека найвыдатнейшага як дзеля свайго старога веку, так і дзеля свае пабожнасьці і вучонасьці, якімі ён здабыў знакамітыя заслугі перад Хрыстовай Царквою, - натрапіўшы яго ўва ўласным ягоным дрме, зьвязалі яму рукі і ногі, а далей, несьпяшаючыся, сьпяклі яго паступова жыўцом, сабраўшы каля яго толькі крышачку трэсак з саломы. Двом чалавекам слаўнага імя, бацьку і сыну Смольскім, міністрам Хрыстовым паблізу Вільні, найгалоўнейшага места ў Літве, самым лютым чынам адпілавалі галовы серпам. Іншаму міністру, Славінскаму, у мястэчку Галавезыне, прычынілі новае катаваньне: яго рэзалі па кавалках, дакуль ён быў жывы. Багата іншых міністраў зьвязалі і пакінулі голымі сярод высокіх гор на сьнезе і надта халодным паветры, дзеля чаго іх высакародныя душы мусілі кінуць свае няшчасныя сховішчы. I за апошнюю зіму гэтак было зьнішчана звыш пятнаццёх соцень нявінных душаў, якія, шукаючы схову, былі ў сваіх уцёках здагнаныя. Самых здаровых альбо дужых слалі ў рабства; а зь іншых альбо жыўцом злупілі скуру, альбо пасеклі на кавалкі. Колькасьць тых, каго гэтак прыкра ўсьмерцілі, як і некалькі катаваньняў, на якія былі аддадзеныя бедныя нявінныя істоты, ніякая гісторыя апісаць не патрапіць.

У такіх акалічнасьцях усе міністры Хрыстовыя мусілі пакінуць свае аселішчы. I пра больш як сорак чалавек невядома, якою сьмерцю яны загінулі: але пэўна, што іх ужо няма ў жыцьці, бо яны ані знойдзеныя, ані ўзятыя палон. Цэрквы, дакуль толькі вораг дапаў, былі ў бальшыні панішчаныя агнём; званы ўсе пазносілі прэч, так што цяпер іх засталося, можа, некалькі ўва ўсім Княстве. Адно закінутыя палеткі і воды засталіся сьведкамі нахабніцтва барбарскага непрыяцеля, бо ўсе паселішчы і лясы былі зьнесены, высечаны і папалены да тла. Льга было б думаць, што Край ужо пакараны даволі і што востры дубец нашае паправы мае ўжо быць зламаны; але Бог не схацеў яшчэ пакласьці канец нашым няшчасьцям, бо што ні год на нашую Краіну ўздымаўся новы вораг, і тую драбніцу, што ранейшы быў пакідаў,-паглынаў наступны. Вось жа, у 1655 годзе мноства нашых ворагаў пабольшала з прыходам Швэда, чые войскі гэтаксама турбавалі нашую Краіну на працягу пяцёх гадоў, дзеля суседзтва трох правінцыяў - Прусіі, Курляндыі і Ліфляндыі,- што знаходзіліся пад іхнай уладай. I безь ніякае пашаны да Пратэстанцкае Рэлігіі яны паставіліся да нас як да ворагаў і, увайшоўшы ў нашую Краіну, зрабілі нас яшчэ больш ненавіснымі для ката лікоў, як дагэтуль. Хоць пасьля таго, як усе польскія войскі пакінулі свайго караля і як Яго Сьвятая Каралеўская Мосьць сам рэтыраваўся з свайго каралеўства дзеля магутнасьці ворагаў, што ціснулі адусюль, і доўгі час знаходзіўся ў Сілезіі,- літоўскія цэрквы, аднак, заставаліся ўвесь гэты час цьвёрдымі і вернымі свайму ласкаваму каралю. Усё гэта спасьцігла нас, несумненна, дзеля грахоў нашае Краіны, але гнеў Божы супроць нас усё яшчэ палаў; бо крыху пазьней Ён наслаў зь іншага кута яшчэ аднаго ворага, а менавіта князя Трансыльванскага, у чыім войску апрача вэнграў і трансыльванцаў знаходзіліся малдаване, валахі, сэрбы ды іншыя барбарскія ўсходнія нацыі, якія прыйшлі, моцна спадзеючыся, узбагаціцца нашым дабром і набыткамі.

Гэта дадало яшчэ адно няшчасьце да ўсіх ранейшых; бо яны пустошылі ўсё, марнавалі і руйнавалі без разбору. Цэрквы, дзе якія яшчэ засталіся, яны зрабавалі; дамы парабавалі і папалілі; людзей зьвялі ў выгнаньне; а хто ня мог уцячы, тых пазабівалі.

Немагчыма досыць аплакаць, а пагатоў выказаць, што перацярпелі нашая Родная Краіна, Царква і кожны яе вернік у такім доўгім цягу няшчасьцяў, сярод такога мноства ўсходніх, заходніх, паўночных і іншых ворагаў. Нежывых і ненароджаных лічылі багаславёнымі; а слабы пол уважалі за самы няшчасны. Бо мы бачылі багата славутых і шляхотных фаміліяў, такіх змарнелых і да такое даведзеных галечы, што яны ня мелі хлеба, каб есьці. Мы бачылі шляхотных мужоў і матронаў, паненак і дзяцей высокага роду, аддадзеных у сваволю і рабства маскавітам, татарам, казакам ды іншым, дзе і яны, і шмат хто зь міністраў Эвангельля аж да гэтага дня цяжка стогнуць.

Уважаючы на гэтыя, сапраўды надзвычайныя крайнасьці, мы можам толькі славіць справядлівы Божы Прысуд, які абрынуўся на нас дзеля нашых грахоў, і аплакваць нашае смутнае становішча, тым болей што мала спадзяваньняў на адбудову альбо вызваленьне з гэтага спустошаньня. Бо хоць нас і зрынулі ўжо надта нізка, хоць мы і зазналі ўжо мноства спустошаньняў, вялізных жахаў і бедаў, няспынна маючы сьмерць перад вачыма,- але прадмет для новых узбурэньняў у краі ўсё яшчэ застаецца, і асабліва для тых, хто жадае служыць Богу ў простасьці й чысьціні. Асабліва для гэтакіх адна нягода зьмяняецца другою, як хвалі ў бурным моры зьмяняюць адна другую.

Самі нашыя суседзі аж дагэтуль ненавідзяць і перасьледуюць рэшту нас з такім жа імпэтам, як і чужаземныя нашыя ворагі: яны адбіраюць у нас нашыя цэрквы, дзе якія яшчэ засталіся, а землі, адведзеныя дзеля ўтрыманьня міністраў і школак, раздаюць, нібыта свае ўласныя; міністраў нашых высылаюць, а хто застаецца, тых зьбіваюць і кепска зь імі абыходзяцца. Пагроза поўнага нашага выгнаньня расьце. Усіх Рэфармаваных Пратэстантаў, адным словам, уважаюць за адкіды сьвету і за першапрычыну ўсіх няшчасьцяў, якія спасьціглі Краіну дагэтуль. Вось чаму іх ненавідзяць, вінавацяць, грозяць ім больш і больш; і ўсё агіднае, што толькі льга знайсьці паміж людзей, ускладаецца на іх, каб павялічыць іхныя нягоды.

Мы ня маем сумневу, што кожны, хто прачытае або пачуе пра гэта, і ў каго яшчэ засталося ў сэр-цы хоць каліва хрысьціянскае міласэрнасьці, альбо хто бярэ да сэрца Язэпаву бядоту, той мецьме да нас спагаду, крануты праўдаю служэньня Богу, навукі й пабожнасьці якія зьзялі між нас нават сярод нашых злыбедаў.

Што да нас, то мы ня маем іншага прытулку, як толькі ў дабрыні нашага Бога і ў спагадзе вернікаў Ягонае царквы; і таму, трымаючыся практыкі Апосталаў Хрыстовых і прыкладу цэркваў у Палятынаце, Багеміі і іншых краёх, якія колькі гадоў таму ў такім самым становішчы .благалі дапамогі ў сваіх адзінаверцаў з Рэфармаванае Пратэстанцкае Царквы,- гэтаксама і мы прыбягаем да вашае дабрыні і міласэрнасьці. Бо мы перакананыя, што Бог у сёньняшнім часе зрабіў гэтыя царствы і цэрквы больш шчасьлівымі і квітучымі за іншыя, каб яны маглі стацца месцам прытулку і гаваньню бясьпекі для тых, хто церпіць дзе-кольвечы яшчэ караблекрушэньне за імя Ісуса.

Дык зірнеце ж на нас са шкадобай і дзеля любові Божае, дзеля сьвятых вязяў еднасьці ў Хрысьце Ісусе працягнеце рукі, каб Вінаграднік Госпадаў ня быў здратаваны дашчэнту. Дашлеце няўцешным адпаведную падтрымку, умацуйце рукі слабога, падтрымайце нямоглага, задавольце сваёй шчадрынёй жаданьні ўбогага, не сумняваючыся, што Госпад, які ўзнагароджаае ўсе добрыя дзеяньні і які прыймае ўсе ўчынкі міласэрнасьці, ахвяраваныя вернікам Яго ваяўнічае Царквы, так, як калі б яны былі ахвяраваныя Яму Самому,- будзе вам дастатковай узнагародай і, дзякуючы гэткім справам, згадае аб вас у Судны Дзень дзеля вашае вечнае суцехі. Гэтак моляцца і гэтага прагнуць тыя, хто ад імя ўсіх літоўскіх цэркваў паслаў да вас свайго весьніка, які ад іхняга імя хадайнічае аб гэтым, шмат дзе быўшы відавочцам іхнага гаротнага, новішча і падзяляўшы іхныя злыбеды.

Пераклад з ангельскай Міколы Раманоўскага,
Паводле Спадчына, 1993. №1. С. 99-102