НАВІНЫ

2.11.2003. Столінскія хрысьціяне адзначалі 450-годзьдзе Рэфармацыі ў Беларусі.

2 лістапада столінскія хрысьціяне адзначалі 450-годзьдзе Рэфармацыі ў Беларусі. Сьвяткаваньне гэтай падзеі адбывалася ў гарадзкім Доме культуры і прыцягнула пільную ўвагу столінцаў: на канцэрт сабраліся больш за 500 чалавек, так што некаторым нават не хапіла месца.

Урачысты канцэрт адкрыў прывітальным словам пастар Столінскай царквы хрысьціянаў веры эвангельскае Анатоль Ямельляновіч. У сваім выступе ён адзначыў, што беларусам неабходна зьвярнуць увагу на тыя вялікія падзеі, якія адбываліся ў нашай краіне ў пэрыяд Рэфармацыі, і пачаць будаваць нашае жыцьцё паводле Божых прынцыпаў, як гэта было ў XVI ст. Пра гісторыю Рэфармацыі ў нашай краіне распавёў Станіслаў Акіньчыц. Маладыя людзі ў строях Францішка Скарыны, Сымона Буднага і Мікалая Радзівіла Чорнага зачыталі гістарычныя дакумэнты, празь якія славутыя асобы публічна абвясьцілі пра сваю глыбокую веру ў Бога.

Сьвята працягнулі музычныя гурты "Покліч любові" (Альшаны) і "Крыніца жыцьця" (Велута), якія прадэманстравалі багаты рэпэртуар творчых нумароў. Да сходу зьвярнуўся таксама намесьнік япіскапа Саюза ХВЭ ў Берасьцейскай вобласьці Анатоль Сай, які выказаў спадзяваньне на тое, што Новая Рэфармацыя прыйдзе ў беларускае грамадзтва.