НАВІНЫ

5.03.2003. У газэце "Зьвязда" выйшаў артыкул Анатоля Грыцкевіча "Пратэстантызм і Беларускае Адраджэньне".

Газэта "Зьвязда" ў нумары ад 5 сакавіка надрукавала зварот грамадзкага аргкамітэту па сьвяткаваньні 450-годзьдзя Рэфармацыі ў Беларусі, а таксама артыкул Анатоля Грыцкевіча "Пратэстантызм і Беларускае Адраджэньне". Тэме Рэфармацыі была прысьвечана амаль цэлая паласа, бо ў дадатак рэдакцыя разьмесьціла інтэрвію з пастарам лютаранскай царквы ў Менску М.Бадрусёвым.

ПРАТЭСТАНТЫЗМ І БЕЛАРУСКАЕ АДРАДЖЭНЬНЕ

ХVI стагодзьдзе сталася пераломным у грамадзка-палітычным, сацыяльным і ідэйным жыцьці народаў Эўропы. Большасьць эўрапейскіх краінаў ад пачатку XVI стагодзьдзя была ахоплена шырокім рухам, накіраваным супраць Рыма-Каталіцкай царквы і яе ролі ў палітычнай сыстэме тагачаснага грамадзтва. Ідэйнымі крыніцамі новага руху, які атрымаў назву Рэфармацыя (дзеля намераў яе прыхільнікаў рэфармаваць царкву), былі гуманізм эпохі Адраджэньня і сярэднявечныя ерасі. Іншая назва рэфармацыйнага руху - пратэстантызм. Рэфармацыя адбывалася ў той час, калі Каталіцкі касьцёл (а на ўсходзе Эўропы і Праваслаўная царква), знаходзіўся ў стане крызысу.

Пратэстантызм, які супрацьпаставіў сябе каталіцызму, абапіраўся на тры новыя галоўныя прынцыпы: абсалютны аўтарытэт Бібліі як крыніцы веравучэньня (адвяргаючы Сьвятое паданьне і пастановы царкоўных сабораў і рымскага папы), сьвятарства ўсіх вернікаў (кожны вернік мае права на сувязь з Богам без пасярэдніцтва царквы і духавенства), выратаваньне асабістай верай.

У выніку Рэфармацыі стварыліся новыя, незалежныя ад Рыма -Каталіцкага касьцёлу, цэрквы, якія атрымалі назвы пратэстанцкіх, як у XVI стагодзьдзі сталі называць пасьлядоўнікаў Марціна Лютара, Жана Кальвіна, Ульрыха Цвінглі.

Ідэолягі Рэфармацыі ў XVI ст. выступілі з новым рэлігійным веравучэньнем, якое адмаўляла Каталіцкі касьцёл зь яго складанай герархіяй на чале з папам рымскім. Галоўнае месца ў іх ідэалёгіі займала вучэньне пра тое, што для выратаваньня душы не патрабуецца пасярэдніцтва герархічнай царквы ( у яе каталіцкім разуменьні). Выратаваньне дасягаецца ня зьнешнімі праявамі рэлігійнасьці (ня "добрымі справамі"), а ўнутранай верай кожнага (упершыню сфармуляваны Марцінам Лютарам). Такім чынам, адмаўлялася неабходнасьць асобнага пласту фэўдальнага грамадзтва - каталіцкага духавенства, якое, паводле вучэньня Каталіцкага касьцёлу, адно можа перадаць чалавеку дар Божы, неабходны для выратаваньня. Адмаўлялася ўсё вучэньне каталіцызму аб "скарбніцы добрых справаў". Рэфарматары абвесьцілі адзінай крыніцай рэлігійнай ісьціны "Сьвятое Пісаньне", адмаўляючы "Сьвятое пісаньне". У арганізацыі й крыніцах веравызнаньня рэфарматары вярталіся да раньнехрысьціянскай царквы. Адмаўленьне фэўдалізаванага Касьцёлу азначала і адмаўленьне царквы як буйнога фэўдальнага землеўладальніка.Таму пашырэньне Рэфармацыі ў розных краінах суправаджалася сэкулярызацыяй касьцёльнай маёмасьці, перш за ўсё буйнога землеўладаньня. Ліквідаваліся кляштары і манаства, царкоўная дзесяціна і іншыя зборкі, адмаўляўся ўрачысты каталіцкі культ і набажэнства. У Рэфармацыі ўдзельнічалі розныя сацыяльныя групоўкі, розныя станы.<

Рэфармацыйны рух ахапіў і Беларусь. У 1553 г., вярнуўшыся ў Вільню з адбытага пасольства да нямецкага імпэратара, найбагацейшы і ўплывовы ў Беларуска-Літоўскай дзяржаве магнат, канцлер і ваявода віленскі Мікалай Радзівіл Чорны абвясьціў, што ён зьяўляецца пратэстантам, прыхільнікам Жана Кальвіна, і пачаў закладваць кальвінскія зборы (малітоўныя дамы) у Беларусі і Літве. Звесткі аб лютаранскай царкве ў Слуцку ў 1535 г. зьяўляюцца памылковымі. У свой час хтосьці з дасьледчкаў няправільна прачытаў дакумант. Сапраўды ж лютаранская царква ў Слуцку набыла зямельны надзел, які князь Юры Алелькавіч у 1535 г. перадаў адной з праваслаўных цэркваў у горадзе, а ўжо пазьней ён быў куплены лютаранскай абшчынай. Такім чынам, 450-годзьдзе Рэфармацыі адносіцца да 2003 году.

Лютаранства пашыралася ў Вільні і некаторых іншых гарадах сярод мяшчанаў, асабліва нямецкага паходжаньня. Таму ганарлівыя магнаты адмовіліся ад лютаранства, як ад рэлігіі мяшчанаў, і прынялі кальвінізм, іншую плынь пратэстанцтва. Кальвінізм хутка распаўсюдзіўся ў Беларусі, а Нясьвіж стаўся яго неафіцыйным асяродкам у краіне. У сваім веравучэньні Кальвін выкарыстаў ня толькі агульнарэфармацыйныя пастуляты. Ён завяршыў распрацоўку некаторых праблемаў, пастаўленых яго папярэднікамі. Лютар і Цвінглі фармулявалі тэорыю боскага прадвызначэньня. Кальвін зрабіў акцэнт на яго абсалютнасьці і нязьменнасьці. Ён прыняў прынцып спрадвечнай наканаванасьці чалавечага лёсу. Адны людзі асуджаныя Богам на згубу, іншыя прадвызначаныя да вечнага выратаваньня. Бог можа выносіць свой прысуд ня толькі ў дачыненьні да асобных людзей, але і для цэлых народаў. І гэта нельга зьмяніць. Толькі неадступнае прытрымліваньне канонаў кальвінізму, дзейнае жыцьцё на Славу Божыю ўспрымаюцца як прыкмета прадвызначанасьці да вечнага шчасьця. А гэта выключала фатальнасць, пасыўнасць, стварала ў верніка перакананьне, што ён зьяўляецца абраньнікам Божым і павінен прыкладаць усе намаганьні для выкананьня сваіх абавязкаў, сваёй прафэсійнай дзейнасьці. Сьмяротным грахом зьяўляецца марнаваньне часу, заспакоенасьць сваім лёсам, узроўнем свайго багацьця і сваёй кар'еры.

У кальвінскім (рэфармацкім) зборы няма скульптуры, абразоў, насьценнага жывапісу, аргана, алтара. Маленьні суправаджаюцца толькі сьпевамі псальмаў. Няма біскупаў, сьвятароў. Прэсьвітары царкоўных суполак выбіраюцца вернікамі, прапаведнікі называюцца міністрамі. Пратэстанцкія абшчыны займаліся дабрачыннай дзейнасьцю. Адчынялі шпіталі, прытулкі для інвалідаў, школы, друкарні.

У трэцяй чвэрці XVI ст. канчаткова склалася арганізацыйная структура рэфармацкіх абшчынаў у Вялікім Княстве Літоўскім, якія складалі Эвангеліцка-Рэфармацыйнае Задзіночаньне. Яно падзялялася на шэсьць акругаў, прадстаўнікі якіх зьязджаліся на агульны сынод, які і вырашаў агульныя пытаньні царквы.

Сьнод вырашаў пытаньні адукацыі (былі адчынены кальвінісцкія гімназіі ў Слуцку й Кейданах і іншыя школы), друку кнігаў ( друкарні ў Нясьвіжы, Слуцку, Лоску). Дзеячы Рэфармацыі выдавалі свае творы на беларускай мове. Так, Сымон Будны выдаў "Катэхізіс" на беларускай мове ў Нясьвіскай друкарні. Сынод займаўся і арганізацыйнымі пытаньнямі. У другой палове XVI ст. да Рэфармацыі перайшлі прадстаўнікі ўплывовых магнацкіх сем'яў - Радзівілаў, Сапегаў, Пацаў, Кішкаў, Глябовічаў, Тышкевічаў, Валовічаў, Гарнастаяў, Дарагастайскіх ды іншых. Да Рэфармацыі далучаліся ня толькі каталікі, але і праваслаўныя. Праваслаўная царква ў Беларусі і на Украіне ў другой палове XVI ст. знаходзілася ў глыбокім крызісе. Таму аб'ектыўна Рэфармацыя тут нанесла моцныя ўдары па становішчу як Каталіцкага касцёла, так і Праваслаўнай царквы. Прымалі пратэстантызм пераважна праваслаўныя магнаты і шляхта, а таксама і мяшчане. Такім чынам, шэрагі пратэстантаў Беларусі папаўняліся ня толькі каталікамі, але і праваслаўнымі. Фактычным кіраўніком рэфармацыйнага руху былі канцлер Вялікага Княства Літоўскага Мікалай Радзівіл Чорны, а пасьля яго сьмерці ягоны стрыечны брат, гетман вялікі, віленскі ваявода і канцлер Мікалай Радзівіл Руды. Потым на чале рэфармацыйнага руху была біржанская лінія роду Радзівілаў. Да рэфармацыйнага руху далучалася шматлікая шляхта і гараджане. Пратэкцыя ўплывовых магнатаў дапамагла пашырацца Рэфармацыі ў Беларуска-Літоўскай дзяржаве.

Рэфармацыя адыграла ў гісторыі Эўропы, у тым ліку і Беларусі, прагрэсыўную ролю. Яна актывізавала значныя пласты грамадзтва - манархаў, князёў, магнатаў, шляхту і месьцічаў - у іх грамадзка-палітычнай дзейнасьці. Рэфармацыя прынесла з сабой новае мысленьне ( у тым ліку тэалягічнае), новую культуру, шырокае распаўсюджаньне Бібліі на нацыянальных мовах (замест толькі на лацінскай і царкоўна-славянскай, як было раней). Яна дала штуршок для развіцьця нацыянальных культур у розных краінах, развіцьця навуковых ведаў.

У эканамічных дачыненнях Рэфармацыя адчыніла шлях да прадпрыймальніцтва, развіцьця прамысловасьці, гандлю і фінансаў, пахіснула фэўдальны парадак у Эўропе. Каталіцкі Касьцёл страціў сваё манапольнае становішча, а яго эканамічная аснова ў шэрагу дзяржаваў, у тым ліку землеўладаньне, была ліквідаваная ў выніку сэкулярызацыі касьцёльных багацьцяў. Узьніклі новыя, пратэстанцкія цэрквы з жорсткай дысцыплінай і падпарадкаванасьцю вернікаў.

Гістарычны пэрыяд распаўсюджваньня Рэфармацыі супаў з пэрыядам Адраджэньня ў Эўропе, у тым ліку ў Беларусі. У свой час Максім Багдановіч увёў тэрмін "беларускае Адраджэньне", якое пачалося ў XVI стагодзьдзі. Беларускае грамадзка-палітычнае і культурнае Адраджэньне было абумоўлена беларускай дзяржаўнасьцю, культурнымі сувязямі з Заходняй Эўропай, гуманістычным сьветапоглядам. Менавіта ў гэты час дзейнічаў на ніве асьветніцтва першадрукар Францыск Скарына. У XVI стагодзьдзі былі створаны Статуты 1529, 1566 і 1588 гг., што сьведчыла аб высокім узроўні правасвядомасьці ў Беларусі, была дзяржаўнай беларуская мова. XVI ст. дало шэраг беларускіх дзяржаўных дзеячоў - Мікалая Радзівіла Чорнага, Астафея Валовіча, Лева Сапегу, Мікалая Радзівіла Рудога ды іншых. Беларуска-Літоўская дзяржава ў войнах супроць Івана Жахлівага захавала сваю незалежнасьць. Аб'яднаўшыся з Польшчай у 1569 г. у фэдэратыўную Рэч Паспалітую, Беларуска-Літоўская дзяржава захавала свой сувэрэнітэт. Яна мела сваё дзяржаўнае кіраўніцтва , сваю мясцовую адміністрацыю, свой сьцяг і дзяржаўны гэрб Пагоню, беларускую мову як дзяржаўную, сваё войска, сваю ўласную дзяржаўную сыстэму са сваім эмісійным цэнтрам (манэтным дваром). Паводле Статуту Вялікага Княства Літоўскага, чужынцы, у тым ліку польская шляхта, ня мелі права займаць у Беларуска-Літоўскай дзяржаве якую-небудзь дзяржаўную пасаду і набываць, атрымліваць у спадчыну або ў падарунак маёнткі і зямельныя надзелы. Толькі ўраджэнцы Вялікага Княства Літоўскага мелі права займаць дзяржаўныя пасады і набываць зямельную маёмасьць. Усё гэта сьведчыла аб высокім узроўні развіцця прававой думкі і заканадаўства і гарантавала самастойнасьць дзяржавы. У развіцьцё грамадзкай думкі ў Беларусі зрабілі свой унёсак і дзеячы Рэфармацыі.

Разам з тым Рэфармацыя вымусіла Каталіцкі касцёл пачаць унутранае рэфармаваньне, каб захаваць свае пазыцыі. Пачаўся пэрыяд Контррэфармацыі ў Эўропе, новага рэлігійна-палітычнага руху, які ўзначальваўся папскай курыяй. Барацьба супраць Рэфармацыі патрабавала арганізацыйнай і ідэйнай перабудовы Каталіцкага касьцёлу. Гэтаму садзейнічалі пастановы Трыдэнцкага сабору 1545-1563 гг., а таксама актыўная дзейнасць створанага для барацьбы з Рэфармацыяй ордэна Ісуса Хрыста (езуітаў). У выніку Контррэфармацыі пазіцыі Каталіцкага касьцёлу былі захаваныя ў некаторых краінах (Францыі, Нідэрляндах, Нямеччыне, Чэхіі, Вугоршчыне, Польшчы, Вялікім Княстве Літоўскім), а частка пратэстантаў вярнулася ў каталіцтва. Адным з наступстваў барацьбы з Рэфармацыяй былі рэлігійныя войны, якія ахапілі Заходнюю Эўропу і цягнуліся больш за сто гадоў, да сярэдзіны XVI1 стагодзьдзя. Дзякуючы палітыцы рэлігійнай талерантнасьці , у Беларусі і ў Польшчы рэлігійных войнаў не было. Як адзначылі ў сваёй кніжцы "Шляхі вялі праз Беларусь" (Мн., 1980) Валянцін Грыцкевіч і Адам Мальдзіс, найбольш зьдзіўляла эўрапейскіх падарожнікаў у Беларусі тое, што за адным сталом у мясцовага магната або шляхціча маглі сядзець разам каталіцкі ксёндз і праваслаўны сьвятар, а таксама сядзеў і пратэстанцкі пастар. Рэфармацыя паўплывала на далейшы лёс народаў Эўропы, а потым Амэрыкі і ўсяго сьвету. Яна сталася папярэдніцай эпохі Асьветніцтва і новага грамадзкага і палітычнага ладу, што ўсталяваўся напрыканцы XVIІІ-ХІХ стагодзьдзі.

Адзначаючы 450-годзьдзе Рэфармацыі ў Беларусі, трэба падкрэсьліць, што непасрэднымі нашчадкамі Рэфармацыі XVI стагодзьдзя зьяўляюцца лютаранская і рэфармацкая (кальвінская) цэрквы, суполкі якіх дзейнічаюць цяпер у Беларусі. Да ідэйных пераемнікаў Рэфармацыі адносяцца створаныя ў ХІХ-ХХ стагодзьдзях цэрквы баптыстаў, мэтадыстаў, эвангельскіх хрысьціянаў, пяцідзясятнікаў ды іншых, якія ў Беларусі ствараюць значную колькасць рэлігійных суполак.

Рэфармацыя ў Беларусі зьяўляецца важнай падзеяй у гісторыі беларускага народу. Яе ўплыў на развіцьцё грамадзтва, культуры, навуковай думкі быў вялікі. Таму 450-годзьдзе Рэфармацыі ў Беларусі зьяўляецца гістарычнай датай для ўсяго беларускага грамадзтва, незалежна ад канфэсійнай прыналежнасьці кожнага беларуса.

Анатоль Грыцкевіч,
доктар гістарычных навук, прафэсар