НАВІНЫ

5-6.04.2003. У Менску прайшла міжнародная канфэрэнцыя "Рэфармацыя і сучаснасьць: хрысьціянская духоўнасьць, тэалёгія, культура".

5-6 красавіка ў Менску праходзіла міжнародная навуковая канфэрэнцыя "Рэфармацыя і сучаснасьць: хрысьціянская духовасьць, тэалёгія, культура", прысьвечаная 450-годзьдзю Рэфармацыі ў Беларусі. Ў будынку рэфармацкай царквы "Запавет Хрыста" сабраліся тэолягі і гісторыкі з самых розных краінаў: Нямеччыны, Чэхіі, Польшчы, Украіны, Паўднёвай Афрыкі, і, безумоўна, Беларусі. Мэтаю канфэрэнцыі было паказаць грамадзкасьці гісторыю і тэалёгію Рэфармацыі.

Большасьць дакладаў была прысьвечана ключавым прынцыпам Рэфармацыі, якія падзяляюцца сёньня ўсімі пратэстанцкімі цэрквамі. Лютаране, кальвіністы, баптысты і пяцідзесятнікі прадстаўлялі на гэтай канфэрэнцыі той ці іншы аспэкт багатай спадчыны Марціна Лютара і Жана Кальвіна. Гучалі даклады пра гусітаў у Беларусі, пра багаслоўе беларускіх рэфарматараў, а таксама пра тое, што ідэі Рэфармайцыі могуць даць сучаснай культуры.