НАВІНЫ

9.11.2003. У Лунінцы адбыліся ўрачыстыя набажэнствы, прысьвечаныя 450-годзьдзю Рэфармацыі ў Беларусі.

9 лістапада ў царкве хрысьціянаў веры эвангельскай ў Лунінцы адбыліся два ўрачыстыя набажэнствы, прысьвечаныя сьвяткаваньню 450-годзьдзя Рэфармацыі ў Беларусі. Напярэдадні сьвяткаваньня служыцелі царквы праінфармавалі ўвесь горад і раён пра гэты юбілей у гісторыі нашай краіны: разаслалі больш за 400 запрашальных квіткоў ва ўсе гарадзкія й раённыя арганізацыі, паведамілі пра гэта ў газэтах "Информпрогулка" і "Лунінецкія навіны", праз раённае радыё.

На пачатку ранішняга служэньня, перад сходам выступіў пастар царквы Аляксандар Баякоў. У словах прывітаньня ён распавёў прысутным пра прычыну сьвяткаваньня ўгодкаў Рэфармацыі, пра дзейнасьць Аргкамітэту, адмыслова створанага да гэтай нагоды, пра праведзеныя ў гэтым годзе мерапрыемствы, прымеркаваныя да юбілею.

Потым пастар Якаў Радзевіч распавёў пра Залаты Век Беларусі, пра тое, як Рэфармацыя зьмяніла жыцьцё нашай краіны ў мінулым і як гэта можа адбыцца ў будучыні. Пасьля яго выступіў старшыня мясцовай Рады дэпутатаў, які павіншаваў вернікаў са сьвятам і адзначыў, што ў сваёй дзейнасьці яны хацелі б абапірацца на досьвед рэфарматараў XVI ст.

Перад сходам выступіў служыцель царквы эвангельскіх хрысьціянаў баптыстаў Мікалай Дземідовіч, які падкрэсьліў, што сёньня хрысьціяне асабліва пакліканыя маліцца за Беларусь, за беларускі народ.