НАВІНЫ

13.04.2003. У Міжнародным адукацыйным цэнтры адбыўся круглы стол "Традыцыі талерантнасьці ў ВКЛ".

13 красавіка ў Міжнародным адукацыйным цэнтры, у межах дзейнасьці Нацыянальнага Аргкамітэту па сьвяткаваньні 450-годзьдзя Рэфармацыі ў Беларусі, адбыўся Круглы стол "Традыцыі талерантнасьці ў ВКЛ". Арганізатарам выступіла МГА "ЗБС "Бацькаўшчына". Мэта гэтага навуковага форуму - папулярызацыя ведаў аб традыцыях грамадзкага жыцьця сярэднявечнай Беларусі, аб талерантнасьці як духоўнай, гістарычнай і культурнай зьяве. Сярод задач былі вызначаныя прыцягненьне ўвагі беларускай грамадзкасьці да культурнай спадчыны Беларусі 16-17 стст., навуковае асэнсаваньне беларускай культуры міжэтнічных і міжканфэсійных зносінаў у 16 ст., ушанаваньне памяці знакамітых дзеячаў беларускай культуры 16 ст.

На Круглым стале былі абмеркаваны наступныя тэмы: "Традыцыі талерантнасьці ў Беларусі" (доктар гістарычных навук Анатоль Грыцкевіч), "Талерантнасьць у Беларусі вачыма іншаземных падарожнікаў" (доктар філялягічных навук Адам Мальдзіс), "Праявы талерантнасьці ў грамадзкім жыцьці ВКЛ" (доктар філязофскіх навук Сямён Падокшын), "Мастацкая культура Беларусі эпохі Рэфармацыі" (доктар філязофскіх навук Уладзімір Конан), "Юрыдычныя падставы талерантнасьці ў ВКЛ" (доктар юрыдычных навук Таіса Доўнар), "Аб ушанаваньні памяці Салямона Рысінскага" (прафэсар Алег Латышонак, Беласток), "Традыцыі талерантнасьці ў сямейных звычаях і побыце беларусаў 16 ст." (Зміцер Сасноўскі). Прысутнічалі і бралі ўдзел у абмеркаваньні прадстаўнікі многіх грамадзкіх арганізацыяў ("Гісторыка", сябры Управы "Бацькаўшчыны", сябры Аргкамітэту, ТБМ і інш.), выкладчыкі менскіх ВНУ, карэспандэнты многіх СМІ ("БелаПАН", "Культура", "Рэспубліка" і інш.), госьці з Галяндыі і Нарвэгіі.