НАВІНЫ

13.11.2002. Створаны Нацыянальны аргкамітэт па сьвяткаваньні 450-х угодкаў Рэфармацыі ў Беларусі.

Адбылося ўстаноўчае пасяджэньне Аргкамітэту па сьвяткаваньні 450-х угодкаў Рэфармацыі ў Беларусі. Старшынём Аргкамітэту абраны вядомы гісторык, прэзыдэнт Міжнароднага грамадзкага аб'яднаньня "Згуртаваньне беларусаў сьвету "Бацькаўшчына", прафэсар Анатоль Грыцкевіч. У Аргкамітэт увайшлі старшыня Саюзу пісьменьнікаў Беларусі Алесь Пашкевіч, старшыня Саюзу мастакоў Уладзімер Басалыга, прэзыдэнт Біблійнага таварыства Герман Родаў, рэктар Тэалягічнага інстытуту Сяргей Цвор, а таксама вядомыя ўсёй краіне дзеячы культуры і навукі Беларусі: Радзім Гарэцкі, Ніл Гілевіч, Генадзь Бураўкін, Адам Мальдзіс, Леанід Лыч, Уладзімер Арлоў, Вячаслаў Чамярыцкі, Аляксей Марачкін, Георгі Штыхаў, Міхась Чарняўскі, Уладзімер Конан і многія іншыя.

Мэта Аргкамітэту:

прыцягненьне ўвагі шырокіх колаў беларускай і міжнароднай грамадзкасьці да духовай, гістарычнай і культурнай спадчыны Рэфармацыі ў Беларусі.

Задачы Аргкамітэту:

  • Папулярызацыя ідэяў і гісторыі Рэфармацыі ў сучасным грамадзтве;
  • Навуковае асэнсаваньне Рэфармацыі як духовай гістарычнай і
    культурнай зьявы;
  • Ушанаваньне памяці знакамітых дзеячаў Рэфармацыі ў Беларусі.


На пасяджэньні вызначаны насычаны гадавы плян сьвяточных мерапрыемстваў па наступных накірунках: навуковы (міжнародныя канфэрэнцыі, выданьне матэрыялаў канфэрэнцыяў), адукацыйны (правядзеньне сэрыі лекцыяў, прысьвечаных розным асьпектам Рэфармацыі ў Менску і рэгіёнах, складаньне календару датаў, прысьвечаных Рэфармацыі), інфармацыйны (стварэньне сайту ў Інтэрнэце, публікацыя сэрыі артыкулаў, інтэрвію зь сябрамі Аргкамітэту, арганізацыя спэцыяльнага выпуску цэнтральнай газэты, прысьвечанага Рэфармацыі), культурніцкі (правядзеньне конкурсаў, канцэртаў, мастацкіх выставаў, выданьне дыску сярэднявечнай музыкі), грамадзкі (мэмарыялізацыя мясьцінаў, зьвязаных з Рэфармацыяй у Беларусі, выданьне кнігаў, календароў, паштовак, значкаў, арганізацыя народнага сьвята).

Прэс-служба Аргкамітэту