|
14.12.2003. У Баранавічах ўрачыста адсьвяткавалі 450-годзьдзе Рэфармацыі ў Беларусі.
14 сьнежня ў гарадзкім Доме культуры баранавіцкія эвангельскія цэрквы ўрачыста адсьвяткавалі 450-годзьдзе Рэфармацыі ў Беларусі. Галоўным арганізатарам гэтага мерапрыемства выступіла царква "Збаўленьне".
На сьвяточны канцэрт сабраліся больш за 800 чалавек, так што заля ДК не зьмяшчала ўсіх сабраных. Сьвяткаваньне адкрыў прывітальным зваротам пастар царквы "Збаўленьне" Сяргей Пазьняковіч. Станіслаў Акіньчыц распавёў пра Рэфармацыю ў Беларусі і пра яе ўплыў на гістарычныя і культурныя каштоўнасьці нашай краіны. Япіскап Сяргей Цвор распавёў пра асноўныя накірункі пратэстаннцкага руху ў Беларусі на сучасным этапе. На заканчэньне япіскап маліўся за Беларусь. Выступ хора царквы "Збаўленьне" пацешыў наведнікаў песьнямі на беларускай мове.
"Таварыства беларускай мовы" выказала эвангельскім цэрквам у асобе Сяргея Пазьняковіча падзяку за арганізацыю для жыхароў гораду такога сьвята.
|
|