НАВІНЫ

17.08.2003. У Менску на плошчы Бангалор прайшло сьвяточнае набажэнства ў гонар 450-годзьдзя Рэфармацыі ў Беларусі.

17 жніўня ў Менску на плошчы Бангалор прайшло сьвяточнае набажэнства, прысьвечанае 450-годзьдзю Рэфармацыі ў Беларусі. Арганізатарам гэтай імпрэзы стаў Саюз хрысьціянаў веры эвангельскай.

Падчас набажэнства, у якім удзельнічала каля 5 000 вернікаў, сьпяваў зводны хор менскіх пяцідзесятніцкіх цэркваў і музычныя групы. Вернікі, апранутыя ў строі 16 стагодзьдзя, чыталі прадмовы да "Псалтыра" Францішка Скарыны й "Катэхізму" Сымона Буднага, а таксама ліст канцлера Вялікага Княства Літоўскага Мікалая Радзівіла Чорнага папскаму нунцыю Алёйзу Ліпаману, у якім канцлер 450 гадоў таму абвясьціў, што вызнае зрэфармаванае эвангельскае вучэньне. Цэнтральнай часткай набажэнства стала супольная малітва за Беларусь.

"Для эвангельскіх хрысьціянаў дата 450-годзьдзя Рэфармацыі ў Беларусі гаворыць аб нашым гістарычным падмурку, паказвае, што карані пратэстанцкіх цэркваў ляжаць глыбока ў гісторыі краіны", - зазначыў япіскап Саюзу хрысьціянаў веры эвангельскай Сяргей Хоміч. Па словах япіскапа, 450-ыя ўгодкі Рэфармацыі ў нашай краіне - гэта сьвята ўсіх эвангельскіх хрысьціянаў. "Менавіта тады на Беларусь прыйшла вернасьць людзей Божаму Слову. Мы бачым у 16 стагодзьдзі ня толькі вялікіх эвангелістаў, але і росквіт самой беларускай нацыі", - сказаў Сяргей Хоміч.

Да канца году мерапрыемствы з нагоды 450-годзьдзя Рэфармацыі ў Беларусі пройдуць і ў іншых пратэстанкіх Цэрквах.