НАВІНЫ

17.09.2003. У Менску ў музэі М.Багдановіча адчынілася выстава дзіцячага малюнка "Беларусь. Гістарычныя падарожжы".

На пачатку году Згуртаваньне беларусаў сьвету "Бацькаўшчына" абвесьціла конкурс творчых працаў пад назвай "Беларусь -- гістарычныя вандроўкі". Кокурс прысьвячаўся 450-годзьдзю Рэфармацыі ў Беларусі. Было даслана больш за 200 дзіцячых працаў з усёй краіны - вершы, сачыненьні, малюнкі. Лепшыя літаратурныя творы ўвайшлі ў кнігу "Гістарычныя вандроўкі", якая пабачыла сьвет у ліпені гэтага году. А малюнкі розных мастакоў прэзэнтаваныя на выставе, якая адчынілася ў музэі Максіма Багдановіча ў Менску. Дзеці, чыя творы прызнаныя лепшымі, атрымалі магчымасьць паехаць на 2 тыдні ў Чэхію.

Вызначыць лепшыя творы дапамагаў мастак Віктар Сташчанюк. На адкрыцьці выставы выступілі старшыня рады ЗБС "Бацькаўшчына" Алена Макоўская, гісторык Станіслаў Акіньчыц, кіраўнік выяўленчай студыі школы-інтэрната №3 Менску Вольга Ермалаева.

Выстава дзіцячага малюнку працягнецца да 16 кастрычніка.