НАВІНЫ

18.12.2003. Нацыянальны грамадзкі аргкамітэт па сьвяткаваньні 450-годзьдзя Рэфармацыі ў Беларусі правёў выніковую прэс-канфэрэнцыю.

18 сьнежня грамадзкі камітэт па сьвяткаваньні 450-х угодкаў Рэфармацыі ў Беларусі падвёў вынікі сваёй дзейнасьці. Старшыня Рады міжнароднага грамадзкага аб'яднаньня "Згуртаваньне буларусаў сьвету "Бацькаўшчына" Алена Макоўская лічыць, што мерапрыемствы, арганізаваныя ў рамках сьвяткаваньня, прайшлі пасьпяхова.

На думку арганізатараў, напрацягу 2003 году паняцьце Рэфармацыя, асобы і зьявы, зьвязаныя з ёю, сталі больш зразумелыя і блізкія беларусам. Цягам году былі зладжаныя адукацыйныя, навуковыя і культурніцкія мерапрыемствы: быў створаны сайт www.belreform.org, выйшлі спэцыяльныя нумары часопісаў і шэраг публікацыяў пра гісторыю Беларусі XVI ст., прайшлі навуковы конкурс сярод студэнтаў і выкладчыкаў ВНУ, міжнародная навуковая канфэрэнцыя "Рэфармацыя і грамадзтва", міжнародны круглы стол "Традыцыі талерантнасьці ў ВКЛ", літаратурна-мастацкі конкурс "Беларусь. Гістарычныя вандроўкі", а таксама віктарыны па гісторыі, пытаньні да якой былі разьмешчаны ў вагонах Менскага мэтро. Таксама ў шэрагу гарадоў краіны прайшлі канцэрты старажытнай музыкі і быў выдадзены дыск музыкі эпохі Рэфармацыі ў выкананьні гурта "Стары Ольса".

Гісторык Станіслаў Акіньчыц падкрэсьліў, што ўсе выбітныя палітычныя і культурныя дзеячы XVI стагодзьдзя так ці інакш зьвязаныя з Рэфармацыяй. Сярод іх навуковец назваў Франьцішка Скарыну, Мікалая Радзівіла Чорнага, Васіля Цяпінскага, Астафея Валовіча, Льва Сапегу. "Менавіта Рэфармацыя стала адной з прычынаў імклівага росквіту беларускай культуры, філязофіі, архітэктуры, навучальных установаў, кнігадрукаваньня, а таксама эканомікі і палітычнага жыцьця. Гэтая зьява мела велізарны ўплыў на ўсё XVI стагодзьдзе, якое мы называем Залатым Векам нашай гісторыі", сказаў навуковец.

Кіраўнік гурта "Стары Ольса" Зьміцер Сасноўскі адзначыў, што XVI ст. вылучаецца росквітам і музычнай культуры, калі ў ВКЛ разьвіваецца прыдворная музыка, у Берасьці ў друкарні Радзівіла Чорнага выдаецца першы нотны зборнік. "У гэты час склаўся папулярны ў гарадах музычны рэпэртуар, які пазьней увайшоў у знакаміты "Полацкі сшытак". У гэты час у краіне працавалі многія вядомыя эўрапейскія кампазытары. Таму гэты пэрыяд гісторыі паміж сярэднявеччам і клясыцызмам для нас вельмі цікавы", - сказаў музыкант.

Па словах спн. Макоўскай, хоць аргкамітэт завяршае сваю дзейнасьць, але праграмы, зьвязаныя з гісторыяй Рэфармацыі ў нашай краіне будуць працягвацца. Так у 2004 г. плянуецца выданьне Катэхізіса Сымона Буднага ў перакладзе на сучасную беларускую мову і дасьледваньне Анатоля Грыцкевіча пра Мікалая Радзівіла Чорнага. Акрамя таго ідзе праца па устаноўцы мэмарыяльнага знаку ў Койданаве на месцы зруйнаванага кальвінскага збору, а таксама па прапанове беластоцкіх беларусаў выдаць матэрыялы з гісторыі беларускага нацыянальнага адраджэньня пачатку ХХ ст., датычныя пратэстанцкага руху ў краіне.