 |
19.10.2003. У Менску на плошчы Бангалор прайшло сьвяточнае набажэнства ў гонар 450-годзьдзя Рэфармацыі ў Беларусі.
Арганізатарамі гэтае імпрэзы былі менскіе цэрквы хрысьціянаў поўнага Эвангельля. Але да іх далучыліся прадстаўнікі ўсіх асноўных пратэстанцкіх дэнамінацыяў Беларусі на чале зь япіскапамі. Каля 2 тысячаў чалавек сабралося на плошчы, каб адзначыць юбілей Рэфармацыі, а таксама памаліцца за беларускую эканоміку і беларускіх прадпрыймальнікаў.
Выступоўцы гаварылі пра гісторыю Рэфармацыі ў Беларусі, пра тое, што Рэфармацыя прынесла зьмены ў розныя сфэры жыцьця грамадзтва, і перш за ўсё, у эканоміку, заклаўшы асновы сучаснай рынкавай эканомікі. У канцы япіскапы і пастары падняліся на сцэну і маліліся за эканоміку краіны, за разьвіцьцё прыватнага бізнэсу і прадпрыймальніцтва.
|
 |