НАВІНЫ

20.12.2002. Адбылося чарговае пасяджэньне Нацыянальнага грамадзкага аргкамітэту па сьвяткаваньні 450-годзьдзя Рэфармацыі ў Беларусі, на якім быў зацьверджаны падрабязны плян мерапрыемстваў на 2003 год.

20 сьнежня адбылося чарговае пасяджэньне Нацыянальнага грамадзкага аргкамітэту па сьвяткаваньні 450-годзьдзя Рэфармацыі ў Беларусі, на якім быў зацьверджаны падрабязны плян мерапрыемстваў на 2003 год. Мерапрыемствы будуць праводзіцца на працягу наступнага году на ўсёй тэрыторыі Беларусі і асабліва ў мясьцінах, гістарычна зьвязаных з падзеямі, асобамі і помнікамі Рэфармацыі і ўвогуле "Залатога веку" ў нашай краіне.

Сярод мерапрыемстваў сьвяткавання плянуецца:

  • правядзеньне канцэртаў, прысьвечаных Рэфармацыі;
  • правядзеньне ў Менску й рэгіёнах сэрыі лекцыяў, прысьвечаных розным аспэктам Рэфармацыі;
  • правядзеньне акцыі "Біблія ў кожны дом";
  • арганізацыя фэстывалю мастацкіх калектываў;
  • правядзеньне конкурсу сярод студэнтаў і маладых навукоўцаў "Рэфармацыя і Рэнэсанс у Беларусі. ХVІ ст.";
  • правядзеньне навуковых канфэрэнцыяў;
  • правядзеньне круглага стала "Традыцыі талерантнасьці ў Вялікім Княстве Літоўскім. Культурна-філязофскі аспэкт" з удзелам навукоўцаў і грамадзкіх дзеячаў.

Плянуецца таксама выданьне і распаўсюд брашураў "Галоўныя падзеі Рэфармацыі" і "Дзеячы Рэфармацыі", выданьне кнігі пра Радзівіла Чорнага, грамадзка-палітычных трактатаў А. Волана, кнігі "Кронікі Залатога Веку", "Катэхізіса" Сымона Буднага. У сэрыі "Беларускі кнігазбор" выйдзе кніга Крыштафа Монвіда Дарагастайскага "Гіпіка, альбо аповед пра коней" у перакладзе С. Ішчанкі.

Прэс-служба Аргкамітэту