НАВІНЫ

25.10.2003. У Менску ў царкве "Сьвятло Эвангельля" прайшла сьвяточная вечарына, прысьвечаная юбілею Рэфармацыі ў Беларусі.

Арганізаваў гэтае мерапрыемства Союз эвангельскіх хрысьціянаў баптыстаў, а ўвогуле ў праграме былі задзейнічаныя прадстаўнікі 14 менскіх баптысцкіх цэркваў. Заля, якая зьмяшчае больш за 600 чалавек, была запоўненая. Сярод прысутных на вечары былі дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, прадстаўнікі амбасадаў, шэраг навукоўцаў і грамадзкіх дзеячаў. Сход быў адкрыты малітвай падзякі, якую вялі япіскап Саюза хрысьціянаў веры эвангельскай С.Хоміч, япіскап Аб'яднаньня грамадаў хрысьціян поўнага Эвангельля А.Саковіч, кіраўнік Канфэрэнцыі цэркваў адвэнтыстаў сёмага дня М.Гунько. Пасьля былі выступы злучанага хора менскіх цэркваў, дзіцячага хору царквы "Сьвятло Эвангельля", сольныя нумары. Увазе прысутных была прэзэнтаваная тэатральная пастаноўка "Адкрыцьцё Лютара", якая раскрывала сутнасьць Рэфармацыі, а таксама паказала гісторыю гэтага руху ў Заходняй Эўропе і ў Беларусі. Рэжысэрам пастаноўкі была заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусі Ларыса Горцава.

Пастар царквы "Дабравесьце", магістар тэалёгіі Зьміцер Лазута прачытаў даклад "Жывая вера - жывая краіна. Век XVI і нашыя дні". Пастар Зьміцер узяў за прыклад тое, як Рэфармацыя XVI ст. зьмяніла беларускае грамадзтва, ператварыўшы Вялікае Княства Літоўскае ў адну з перадавых дзяржаваў Эўропы.

У канцы вечара прысутныя разам засьпявалі разам урачысты гімн "Вялікі Бог", а хор і сімфанічны аркестр выканаў гімн "Альлелюя" на музыку Гендэля.