НАВІНЫ

26.02.2003. "Згуртаваньне беларусаў сьвету "Бацькаўшына" абвесьціла віктарыну, прысьвечаную юбілею Рэфармацыі ў Беларусі.

Пачынаючы з 26 лютага пасажыры менскага мэтрапалітэну маглі заўважыць прыгожыя каляровыя плякаты з выяваю Мірскага замку з умовамі віктарыны, абвешчай "Згуртаваньнем беларусаў сьвету "Бацькаўшчына". Падаем вашай увазе пытаньні гэтай віктарыны, пераможцы якой павінны атрымацьальбом па гісторыі Беларусі, або кампакт-дыск новага альбому гурта старажытнай музыкі "Стары Ольса":

"1. Мікалая Радзівіла Чорнага называлі ў XVI ст. "некаранаваным каралём". Ніводзін магнат Беларусі ня мог параўнацца зь ім сваімі ўплывамі ў краіне. Кароль Жыгімонт Аўгуст спэцыяльным прывілеем дазволіў Радзівілу захоўваць у Нясьвіжы джяржаўны архіў ВКЛ. Але калі Жыгімонт Аўгуст паставіў пытаньне пра далучэньне краіны да Польскага Каралеўства, Мікалай Радзівіл Чорны першы выступіў супраць гэтых плянаў, больш дбаючы пра незалежнасьць Вялікага Княства.
Якія дзяржаўныя пасады займаў Мікалай Радзівіл Чорны?

2. XVI стагодзьдзе - час імклівага разьвіцьця кнігадрукаваньня ў нашай краіне. Пачынаючы ад Бібліі Скарыны, у Вялікім Княстве было выдадзена шматтысячнымі накладамі 324 назвы кнігаў на беларускай, лацінскай, польскай і іншых мовах.
Назавіце друкарні, якія дзейнічалі ў XVI ст. у ВКЛ і былі непасрэдна зьвязаныя з разьвіцьцём Рэфармацыі?

3. Адной з найбольш значных падзеяў XVI стагодзьдзя стала правядзеньне аграрнай рэформы, дзякуючы якой на працягу 20 гадоў нацыянальны даход краіны вырас у 4 разы. Вялікае Княства пачало экспартаваць збожжа за мяжу, а нацыянальная валюта стала, кажучы сучаснай мовай, "цьвёрдай". Адным зь ініцыятараў гэтай рэформы быў Астафей Валовіч.
Чым яшчэ знакаміты Астафей Валовіч?

Адказы на пытаньні віктарыны прымаюцца па адрасу:
МГА "ЗБС "Бацькаўшчына"
220050, Менск, вул.Рэвалюцыйная 15

да 20 сакавіка 2003 г.