НАВІНЫ

27.06.2003. У выдавецтве "Тэсэй" выйшаў "Статут Вялікага Княства Літоўскага 1566 года".

Кніга ўяўляе сабою перавыданьне аднаго зь лепшых помнікаў прававой культуры беларускага народу - Другога Статута ВКЛ. Апроч тэксту Статута, выданьне зьмяшчае прычыны і прадумовы прыняцьця Статута, яго характарыстыкі, значэньне і ролю ў разьвіцьці права, камэнтары да артыкулаў Статуту, а таксаматлумачальны слоўнік шэрагу страражытных тэрмінаў і словаў. Падрыхтаваў гэтае выданьне аўтарскі калектыў: Т.Доўнар, У.Сатолін, Я.Юхо.

У першай частцы кнігі "Статут ВКЛ 1566 г. - самы дасканалы ў Эўропе тагачасны звод законаў" Язэп Юхо, у прыватнасьці, піша:

"У лісьце Аўгустына Ратондуса да кардынала Станіслава Гозія ад 5 сакавіка 1566 г. зь вялікім жалем гаворыцца, што ў Статут былі ўключаны нормы, якія не адпавядалі інтарэсам каталіцкае царквы, сярод якіх "адно шкоднае права, катораму мы, каталікі, ніякім спосабам не маглі перашкодзіць, ня так перакананыя, як адкінутыя вялікай сілай супраціўнікаў… Заключаецца яно ў тым, што можна кожнаму прысягаць згодна са сваёй верай, нават не датыкаючыся вобраза ўкрыжаванага… Пры ўкладаньні тых праў я меў вельмі многа ўпартых спрэчак з герэтыкамі, якія складалі амаль большую частку сярод складальнікаў гэтага права… Многія і то сярод вялікіх імёнаў, заяўлялі, што лаціна для іх непатрэбная і шкодная, і што ўсялякае зло было прынесена ў Літву гэтаю моваю". Са зьместу гэтага ліста можна зрабіць наступныя высновы: пры складаньні статута 1566 г. галоўная роля належала прадстаўнікам "вялікіх імёнаў", якія былі не католікамі, не праваслаўнымі, а "герэтыкамі", г.зн. пратэстантамі (кальвіністамі). Гэта былі Мікалай Радзівіл Чорны і Астафей Валовіч".