НАВІНЫ

29.11.2003. У Менскім міжнародным адукацыйным цэнтры адбылася міжнародная навуковая канфэрэнцыя "Рэфармацыя і грамадзтва. XVI ст."

Канфэрэнцыя была арганізаваная міжнародным грамадзкім аб'яднаньнем "Згуртаваньне беларусаў сьвету "Бацькаўшчына" ў межах дзейнасьці Аргкамітэту па сьвяткаваньні 450-годзьдзя Рэфармацыі ў Беларусі. У працы канфэрэнцыі ўзялі ўдзел каля 30 дакладчыкаў - дактароў і кандыдатаў навук, асьпірантаў і студэнтаў, а таксама шмат гасьцей, якія прыйшлі, каб паслухаць даклады і задаць пытаньні навукоўцам. Пленарнае паседжаньне адкрыў доктар гістарычных навук Анатоль Грыцкевіч, які ў сваім аглядным дакладзе распавеў пра гісторыю Рэфармацыі ў гісторыі Беларусі і пра ролю эпохі ў жыцьці народу. Акрамя гэтага ён акрэсьліў тыя праблемы, з якімі сутыкаецца сучасная беларуская гістарычная навука пры вывучэньні згаданай эпохі.

Другі даклад на пленарным паседжаньні прачытаў Станіслаў Акіньчыц. Дакладчык прааналізававаў рэлігійна-філязофскую дактрыну Мікалая Радзівіла Чорнага і Сымона Буднага і прыйшоў да высновы, што беларуская Рэфармацыя была натуральнаю складоваю часткай эўрапейскай Рэфармацыі. Адрознай характэрнай рысай Рэфармацыі ў Беларусі была адсутнасьць выразнага разьмежаваньня паміж рознымі плынямі рэфармаванага хрысьціянства.

Пасьля пленарнага паседжаньня распачалі сваю працу тры сэкцыі, прысьвечаныя адпаведна: гісторыі Рэфармацыі ў Беларусі, культуры Беларусі ХVI ст. і рэлігійна-філязофскай думцы беларускай Рэфармацыі. На кожнай з сэкцыяў былі вельмі цікавыя і значныя навуковыя даклады, так на "гістарычнай" - адметным было паведамленьне беларускага гісторыка з Польшчы Алега Латышонка, які казаў пра тое, шо яму ўдалося адшукаць першага чалавека, які выразна акрэсьліў сваю этнічную прыналежнасьць як "беларус", на яго думку ўпершыню гэта зрабіў паэт-кальвініст Салямон Рысінскі на пачатку 80-х гг. ХVI ст. Паводле сп. Латышонка менавіта дзякуючы Рэфармацыі прысьпешыліся нацыятворчыя працэсы ў нашай краіне. Грунтоўнасьцю вызначаецца і даклад доктара Таісы Доўнар, якая распавяла пра ўплывы ідэяў Рэфармацыі на беларускае заканадаўства ў ХVI ст., яна казала, што ўзровень правасьвядомасьці ў краіне залежыць ад стаўленьня людзей да Бога. Журналістка Сьвятлана Ішчанка, прывяла вельмі цікавыя старонкі біяграфіі дзеяча беларускай Рэфармацыі Крыштапа Мікалая Дарастайскага.

З напрацовак "культурнай" сэкцыі можна адзначыць даклад філёляга Наталі Кабелка, якая параўнала "Вялікі Катэхізіс" Марціна Лютара з "Катэхізісам" Сымона Буднага. Высновы, да якіх прыйшла дасьледніца, палягаюць на тым, што "Катэхізіс" Буднага, у адрозьненьне ад Лютаравага, значна больш прыстасаваны да пытаньняў штодзённага жыцьця хрысьціяніна, і што зьмест гэтых двух твораў адпавядае дактрыне сёньняшняй эвангельскай царквы Беларусі, таму можна казаць пра пераемнасьць традыцыяў. Апроч гэтага былі цікавыя даклады дактароў Леаніда Лыча пра пратэстанцкую адукацыю і Уладзімера Конана пра вобразы й сымбалі "Залатога Веку" ў клясычнай беларускай літаратуры, а таксама іншых удзельнікаў сэкцыі.

З паведамленьняў "рэлігійна-філязофскай сэкцыі" можна вылучыць асэнсаваньне гісторыі Рэфармацыі, зробленае Якавам Радзевічам. Ён казаў, што ўздымы й заняпады ў гісторыі кожнай нацыі залежаць ад узроўню маральнасьці ў краіне, ад маральнага здароўя людзей, іх пабожнасьці. Чым больш духоўнае жыцьцё кожнага чалавека ў грамадзтве і грамадзтва ў цэлым, тым больш пасьпяховые разьвіцьцё народу ў гісторыі. Апроч гэтага зь цікавым паведамленьнем выступіў Павал Севярынец з дакладам пра Рэфармацыю як пра нацыятворчую зьяву ў гісторыі Беларусі, навуковец зь Беластоку Мажэна Ледке з дакладам пра адносіны беларускіх праваслаўных магнатаў да Рэфармацыі ды інш.

Скончылася канфэрэнцыя падсумаваньнем, паводле вынікаў якога, спэцыялісты ў розных галінах гуманітарнае навукі пагадзіліся, што эпоха Рэфармацыі - гэта "Залаты Век" нашай гісторыі. Але разам з тым прызналі слабую дасьледаванасьць дадзенай эпохі ў нашай гістарыяграфіі, і задэкляравалі, што такога кшталту канфэрэнцыі здольныя быць добрым стымулятарам зацікаўленасьці навуковага сьвету гэтым пытаньнем.

Зборнік матэрыялаў канфэрэнцыі можна будзе пабачыць у красавіку 2004 г.