НАВІНЫ

31.10.2003. У Менску ў ДК МАЗ адбыўся сьвяточны канцэрт, прысьвечаны Дню Рэфармацыі.

31 кастрычніка 1517 г. Марцін Лютар прыбіў да брамы замкавага касьцёла ў Вітэнбэргу 95 тэзісаў супраць індульгенцыяў. Гэта стала пачаткам руху Рэфармацыі ва ўсёй Эўропе, у тым ліку і ў Беларусі. Пратэстанты многіх эўрапэйскіх краінаў адзначаюць 31 кастрычніка як Дзень Рэфармацыі. Сьвяткуюць гэты дзень і беларускія пратэстанты.

На працягу кастрычніка афішы ў цэрквах, розных установах і арганізацыях інфармавалі менчукоў пра гэтае сьвяткаваньне. Два тыдні рэкляма сьвяточнага канцэрта была разьмешчана ў вагонах менскага мэтро, а тыдзень перад канцэртам рэкляму можна было ўбачыць на БТ, СТБ, НТВ і РТР. Ня дзіўна, што ўсе білеты на канцэрт былі прададзеныя, а заля ДК МАЗ зьмяшчае больш за 1 000 гледачоў.

Сьвяточны канцэрт пачаў япіскап Саюзу хрысьціянаў веры эвангельскай Сяргей Хоміч. "Ад імя эвангельскіх цэркваў я віншую вас са сьвятам Рэфармацыі, - зьвярнуўся ён да прысутных. - Гэтую дату мы сьвяткуем, бо ў 1553 годзе канцлер ВКЛ Мікалай Радзівіл Чорны публічна абвясьціў пра сваю прыналежнасьць да эвангельскае веры. Гэта стала пачаткам шырокага руху Рэфармацыі ў нашай краіне.

Сьвята Рэфармацыі - гэта сьвята ўсіх хрысьціянаў, якія прыналежаць да пратэстанцкае канфэсіі. Гэта таксама сьвята ўсіх веручых людзей, бо Слова Божае і сёньня жыве ва ўсіх, верных Яму. Гэта сьвята людзей працы, прадпрыймальнікаў, бо сваёй працай нашыя продкі стварылі росквіт эканомікі. Гэта сьвята людзей культуры, бо свабода творчасьці вызваляе чалавека. Рэфармацыя - гэта нашае агульнае сьвята, сьвята беларусаў. Шкада, што гэтая падзея не адзначаецца на дзяржаўным узроўні. Тое, што было некалі - росквіт эканомікі, перамяненьне нацыі - магчыма і зараз. няхай Божае дабраславенства прыйдзе на нашую зямлю. Мы верым, што прыйдзе новы Залаты Век нашай Беларусі".

У першай частцы канцэрту гурт "Стары Ольса" прадставіў музычныя кампазіцыі эпохі Рэфармацыі. Кіраўнік гурта Зьміцер Сасноўскі павіншаваў прысутных са сьвятам і прачытаў урывак з Статуту ВКЛ, якім упершыню ў Эўропе заканадаўча замацоўвалася свабода веравызнаньня.

У другой частцы адбылася прэм'ера мюзікла "Залаты Век". Гэтая маштабная дзея перанесла гледачоў у 16 стагодзьдзе, паказваючы акалічнасьці прыняцьця эвангельскае веры Мікалаем Радзівілам Чорным, а таксама тыя зьмены, якія прынесла ў нашую краіну Рэфармацыя. Заключным акордам мюзікла стаў зварот да залі, што сёньня мы можам выбіраць, ці мы адродзім краіну, ці будзем паміраць у праклёне.