ГІСТОРЫЯ |
Беларускае Адраджэньне ў XVI сталецьці Уладзімер Пічэта Адраджэньне сярэдзіны XVI сталецьця ёсьць культурнае зьявішча першараднае вартасьці ў духоўным жыцьці беларускага народу. Інтэлектуальны рух, які распачаўся пад бясспрэчным уплывам заходня-эўрапейскае культуры, быў крыніцай разьвіцьця індывідуалістычных настрояў у беларускім грамадзянстве і дапамагаў узьнікненьню дэмократычнае буржузнае інтэлігенцыі. Беларусь у XVI сталецьці была зьвязаная з Заходняю Эўропай экономічна. Беларускія зямляўласьнікі зрабіліся буйнымі дастаўнікамі сыравіны на заходня-эўрапейскі рынак і накіроўвалі свае тавары па ўсіх рачных і сухаземных шляхох. Разьвіцьцё таварапамену з Заходняй Эўропай павялічвала матар’яльны дабрабыт зямляўласьнікаў, дапамагала памнажэньню капіталаў у беларускіх абшарнікаў. Быт беларускае шляхты рэвалюцыянізуецца пад беспасрэдным уплывам польскіх узораў і заходня-эўропейскае культуры. Беларускія шляхціцы прызвычайваюцца да вандровак заграніцу і цікавяцца навуковымі заняткамі. Прадстаўнікі беларускае шляхты часта сустракаліся ў заходня-эўропейскіх унівэрсытэтах. Лейпцыг і Вітэнбэрг у Нямеччыне, Падуя ў Італіі, Базэль у Швайцарыі, Чэская Прага - былі тымі навуковымі асяродкамі, куды прадстаўнікі беларускае шляхты накіроўваліся дзеля набыцьця вед. Лік беларускае моладзі, якая вучылася заграніцай, быў вельмі значны. Сярод студэнтаў эўропейскіх унівэрсытэтаў былі прадстаўнікі фаміліяў: Нарушэвічаў, Корсакаў, Сапегаў, кн. Збараскіх, кн. Вішнявецкіх і іншых. Тыя, што вярталіся з-заграніцы, захопленыя заходня-эўропейскім гуманістычным культурным рухам, вельмі цікавіліся клясычнай старадаўнасьцю, зьбіралі бібліотэкі з старадаўніх клясыкаў і захопліваліся заходня-эўропейскай, пераважна, італьянскай модай. Сярод беларускіх магнатаў пачала пашырацца раскоша, якая патрабавала велізарных матар’яльных сродкаў і якую зямляўласьнікі мелі магчымасьць набыць толькі праз вываз заграніцу сваіх продуктаў сельска-гаспадарчае вытворчасьці. Заходня-эўропейскі гуманізм змагаўся за індывідуалізм, за вольнасьць сумленьня. За вызваленьне навукі ад уплыву царквы. Заходня-эўропейскі гуманізм утварыў новую сьвецкую мораль і даваў магчымасьць чалавечай асобе адносіцца да рэлігійных пытаньняў з большаю вольнасьцю. Гуманізм разьвіваў рэлігійны скэптэцызм.
Беларуская шляхта да пэўнай ступені была ахопленая рэлігійным скэптэцызмам і выяўляла значны нахіл да протэстантызму, асабліва да яго крайніх кірункаў - да кальвінізму і соцыніянства.
Экономічны ўздым сярэдзіны XVI сталецьця ў Польшчы і ў Літоўска-Беларускай дзяржаве прымушаў польскую і літоўска-беларускую шляхту схіляцца ў бок рэформацыі. Гэтая шляхта мела надзею на конфіскацыю царкоўных маемасьцяй, што пашырыла-б зямляўладаньні шляхты і дало б магчымасьць разьвінуць прадпрыемчую сельскую гаспадарку. Барацьба за зямлю пасувала зямляўласнікаў да протэстантызму, у якім індывідуальная вольнасць і навукова-крытычная думка адбілася і выявілася найбольш поўным і выразным спосабам. Сталыя гандлёвыя зносіны Літоўска-Беларускае дзяржавы з Лейпцыгам, Франкфуртам, Нюрэнбэргам і іншымі гарадамі Нямеччыны да пэўнае ступені зрабілі ўплыў на пашырэньне протэстантызму на Беларусі, а таксама ў Літве, Валыні і Галіцыі. Протэстантызм бязупынна пранікаў з суседніх Усходняе Прусіі і Курляндыі. Нямецкія рамесьнікі мастакі, гандляры, якія перасяляліся на Літву і Беларусь, былі жывымі праваднікамі протэстанцкага сьветапагляду. Пры гэтым некаторыя спаміж іх, як Абрагам Кульва (1521), зьяўляліся і добрымі пропагандыстамі новага сьветапагляду. Шпаркае пашырэньне протэстантызму адносіцца да часоў Жыгімонта-Аўгуста, які спачатку таксама быў вельмі прыхільны да протэстантызму. Аднак, вялікі князь літоўскі стараньнем верных слуг папскага пасаду і каталіцкае рэакцыі быў вырваны з капцюроў протэстантызму. Рэформацыйны рух знайшоў вялікае спачуваньне сярод магнатаў і часткай сярод шляхты. З жывою зацікаўленасьцю і поўным спачуваньем аднесьліся да новага рэлігійнага кірунку гандляры і рамесьнікі беларускіх гарадоў.У шмат якіх гарадох на працягу другое паловы XVI сталецьця ўзьнікалі кальвіністычныя духоўныя зборы , якія складаліся з значнага ліку сяброў. Гэтыя зборы мелі пэўную колькасьць рухомае і нярухомае маемасьці, якая набывалася часткай праз куплю, а часткай праз ахвяры шчырых прыхільнікаў протэстантызму. Гэтак, віленскі протэстанцкі збор, заснаваны ў 1553 годзе віленскім ваяводай панам Міколам Радзівілам Чорным, атрымаў двор Гарнастаеўскі ў Вільні, які купіў Мікола Радзівіл Чорны ў ваяводы наваградзкага, пана Астафія Валовіча за 8.000 літоўскіх грошай (15 лютага 1577) (так у тэксце, магчыма гэта было ў 1557 г. - рэд.). Ахвяра гэта была зробленая са згоды сыноў віленскага ваяводы. Кароль Сьцяпан Баторы пацьвердзіў сваім лістом ад 25 кастрычніка куплю князя Радзівіла. Стараста берасьцейскі і кобрынскі Астафі Валовіч, жадаючы заснаваць пры віленскім зборы шпіталь і могілкі, запісаў дзеля гэтае мэты двор у Вільні, прычым гэты запіс быў пацьверджаны лістом Сьцяпана Баторага ад 28 лютага 1582 году. Віленскі протэстанцкі збор 7 чэрвеня 1590 году дакупіў на свае патрэбы сумежны з брацтвам дом Стаўроўскага за 200 коп грошай. У ліку старшынь віленскага протэстанцкага збору, паводле яго сьпісаў, знаходзіліся: пан Крыштоф Радзівіл, гэтман і ваявода, пан ваявода Юры Глябовіч, пан ваявода І. Дарагастайскі, а таксама паасобныя прадстаўнікі шляхоцкага стану. Віцебскі протэстанцкі збор быў заснаваны на падставе ліста Жыгімонта-Аўгуста ад 14 чэрвеня 1562 году на імя віцебскага ваяводы князя Сьцяпана Збараскага. Грамата вялікага князя дазваляла баярам, шляхце, бурмістрам і мяшчанам віцебскім пабудаваць у Віцебску дом для малітвы “ку слуханію слова Божьего” з правам мець асобны скарб, але з умовай, каб ні каталіцкія касьцёлы ні праваслаўныя цэрквы ня былі ўзяты для эвангелічнага збору. Маршалак і цівун троцкі, князь Павал Друцкі-Сакалінскі, аддаў на вечнае ўладаньне пляц і гарод, якія знаходзіліся ў замку на Вялікай вуліцы. Яго сын, князь Юры, пацьвердзіў 15 ліпеня 1593 году ахвяру свайго бацькі і дадаў віцебскаму збору яшчэ кавалак зямлі разам з гародам. Кальвіністычны збор у Менску быў заснаваны ў канцы XVI сталецьця, хаця-ж дакладная дата заснаваньня невядома. Для патрэб існаваньня менскага збору князь Геронім Жыжэмскі запісаў добраахвотна 15 сакавіка 1596 году свой дом разам з грунтам і сенажацямі, “прислухаючими до того дома”. У 1589 годзе віленскі ваявода Крыштоф Радзівіл заснаваў кальвіністычны збор у Біржах. Князь Радзівіл, аднавіўшы Біржанскі замак, пабудаваў каменную царкву “не для римской и не для греческой религии, а для религии евангелической, истинно христианской”. Ад заснавальніка протэстанцкае царквы горад атрымаў і Майдэборскае права, але з умовай, каб на пасады бурмістраў, райцаў і лаўнікаў безумоўна абіраліся асобы, якія трымаліся эвангелічнага закону. Яўрэі і католікі былі звольнены ад гарадзкіх службовых пасад. Урэшце, князь Радзівіл даў гораду Біржанам і прыбытковыя крыніцы, якіх хапала для здавальненьня гарадзкіх патрэб. Пані Барбара Сноўская 8 студзеня 1588 году прышла на дапамогу наваградзкаму эвангелічнаму збору і перадала яму свой дом, які знаходзіўся ў самым месьце. Гэтым Барбара Сноўская выканала загад свайго мужа, пана кашталяна віцебскага, які яшчэ ў часе свайго жыцьця прызначыў свой дом для патрэб эвангелічнага збору. Рэформацыйны рух перакінуўся з Польшчы на Ўкраіну ня толькі ў форме ортодоксальнага протэстанцтва, але і ў форме антытрынітарства. Протэстанцтва пашырылася ў Галіцыі, на Валыні і Падолі, часткай у Кіеўшчыне і Браслаўшчыне, - ва ўсіх гэтых мясцовасьцях, куды пранікла польскае прыватнае зямляўласьніцтва. Прыхільнікамі протэстанцтва былі прадстаўнікі вяльможных буйна-абшарніцкіх фамілій, як Глябовічы, Хадкевічы, Гуевічы, Дарагастайцы, князі Пронскія, Пузыны, часткай - Вішнявецкія, Сапегі-Гарнастаі, Нямірычы, Абрамовічы - у Кіеўшчыне, князі Гуркі, Фірлеі, Лашчы, Замойскія - у Падолі, паны Стадніцкія, Сяменскія, Бучацкія, Патоцкія, Збароўскія, Дарагаёўскія - у Галіцыі. Калі на падставе колькасьці протэстанцкіх збораў выводзіць аб ступені пашырэння на Украіне протэстанцтва, дык магчыма было-б зрабіць вывад аб значным уплыве протэстантызму. На думку М.С. Грушэўскага, аднак, протэстанцкія зборы на Украіне былі нядоўгавечныя. Пасьля сьмерці свайго фундатара, зборы звычайна зачыняліся, бо ня было ні протэктараў ні прыхільнікаў новага сьветапагляду. Сучасьнікі, у васобах князёў Андрэя Курбскага і Яна Вішэнскага, адзначалі вялікае пашырэньне протэстанцтва. Маскоўскі эмігрант адзначае тыя зьмены, якія адбываліся сярод украінскага грамадзянства “когда многие внегда путь Господень оставили и веру церковную отринули, многого рода преизлишнего покоя возлюбившие же ринушася во пространный широкий путь, сиречь в пропасть ереси люторские и других различных сект”. Князь Курбскі думае, што на працягу 1570 - 1580 гадоў амаль ня ўся Валынь была запаветрана “душевной гангреной”. Той самы князь Курбскі адзначае, што сярод украінскае праваслаўнае шляхты было шмат такіх асоб, якія, апынуўшыся ў вясёлай кампаніі, з прыемнасьцю слухалі ўсялякія закіды і скэптычныя ўвагі адносна хрысьціянскіх догматаў. Прадстаўнік крайняга рэлігійнага консэрватызму, Ян Вішэнскі, вінаваціць амаль што ня ўсіх украінскіх князёў у гэрасі. Аднак, у такім агульным абвінавачваньні нельга ня бачыць пэўнае долі гіпэрболізму. Дасьледчыкі протэстанцтва на Беларусі і Украіне, мітрапаліт Макар і Орэст Лівіцкі, прызнавалі значнае пашырэньне на Ўкраіне протэстанцтва як у яго ортодоксальнай форме, гэтак і ў гарэтыцкім вучэнні. Грушэўскі прыходзіць аднак, да зусім іншага вываду. На яго думку словы князя Андрэя Курбскага адносяцца ня толькі да Валыні, але і да ўсяе Літоўска-Беларускае дзяржавы. Нават сяброўства праваслаўных паноў і шляхціцаў з протэстантамі Грушэўскі тлумачыць жаданьнем знайсьці ў протэстанцтве дапамогу для барацьбы з каталіцтвам. Сам князь Андрэй Курбскі быў ортодоксальным маскалём і адносіўся адмоўна да ўсялякага вольнага слова, якое датыкалася рэлігіі. Ня дзіва, што вольнае абгаварваньне рэлігійным праблем здавалася князю Курбскаму бадай што пагалоўным адпадам ад праваслаўя. Усе гэтыя меркаваньні прымусілі Грушэўскага аднесьціся адмоўна да думкі папярэдніх дасьледчыкаў, якія казалі аб значным пашырэньні на Ўкраіне протэстанцтва. Грушэўскі думае, што на Украіне не было тых об’ектыўных умоў, якія ўтварылі спагадныя абставіны для пашырэньня рэформацыйнага руху. Украінская шляхта фактычна трымала ў сваіх руках усю царкоўную маёмасьць. Права “подавания” дазваляла шляхце ўжываць царкоўную маемасьць згодна з сваімі паглядамі. Значыцца, сэкулярызацыя царкоўнае маемасьці ня была надта патрэбнаю. Тут і ляжыць прычына некаторага індэфэрэнтызму ўкраінскае шляхты да протэстанцтва. Грушэўскі адзначае і тое, што ўкраінская праваслаўная царква была царквою нацыянальнай. Усялякі адыход ад праваслаўнае царквы азначаў і адыход ад свае нацыянальнасьці. Пашырэньне протэстанцтва было толькі вынікам культурных зносін украінскае шляхты з Польшчай, толькі вынікам уплыву польскае культуры. Трэба прызнаць, што ўсе меркаваньні Грушэўскага заслугоўваюць увагі. Бадай што немагчыма цяпер з ранейшай катэгорычнасьцю і рашучасьцю казаць аб значнай захопленасьці протэстанцкімі ідэямі ўкраінскага грамадзянства. Апроч гэтага, трэба ўзяць пад увагу яшчэ наступнае: пашырэньне протэстанцтва ў Польшчы, Літве і Беларусі тлумачыцца бязупынным гандлёвым паменам з Нямеччынай, іміграцыяй рамесьнікаў і майстроў, якія прыносілі з сабою і індывідуалістычны рэлігійны сьветапагляд. Залежнасьць Літвы і Беларусі ў гандлёвых адносінах ад рынкаў Нямеччыны і Прусіі і праніканьне на тэрыторыю Літвы і Беларусі замежнага капіталу, які прымаў дзейны ўдзел і ў адпускным гандлі і ў распрацоўцы лясных багацьцяў, - усё гэта было прычынай пашырэньня протэстанцтва сярод беларускага гарадзкога грамадзянства і беларускае шляхты, якая прымала дзейны ўдзел у тым таварапамене, што разьвінаўся з Захадам. Між тым, на Украіне ня было такіх об’ектыўных умоў. Украіна была зьвязана бліжэйшым чынам толькі з польскім рынкам. Панаваў капітал польскі. Замежны нямецкі капітал ня меў вялікага пашырэньня. Дзеля гэтага протэстанцтва на Украіне было толькі слабым адбіткам рэформацыйнага руху ў Польшчы, Літве і Беларусі. Калі протэстанцтва, якое пашыралася ў Нямеччыне і Прусіі, ня мела спагадных умоў для свайго праніканьня і пашырэньня на абшары Украіны, дык яшчэ менш было належных умоў для прыняцьця ўкраінскай шляхтай протэстанцкіх ідэй, якія прынесьлі на Украніну маскоўскія эмігранты - Хвядос Касы з таварышамі. Трэба, аднак, сказаць, што маскоўскія эмігранты ня прынесьлі з сабою якое-кольвечы азначанае догматычнае пабудовы. Гэта былі хатнія рэлігійныя скэптыкі і рацыяналістыя. Хвядос Касы з таварышамі былі засуджаны на маскоўскім царкоўным саборы 1554 году. Засуджэньне прымусіла маскоўскіх рацыяналістых уцячы ў Літву і Беларусь. Цяжка выявіць ступень іхняга ўплыву на мясцовае грамадзянства, але бясспрэчна тое, што маскоўскія гарэтыкі мелі ў шляхты посьпех і ўплыў. Прынамсі ў творах Зенавея Отэнскага, старавера па сваіх рэлігійных паглядах і вялікарасійца па нацыянальнасьці, знаходзіцца наступная думка, якая заслугоўвае ўвагі: “Усход распусьціў чорт Махмет, Захад - Марцін Нямчын, а Літву - Касы”. Аднак, у словах Зенавея трэба бачыць пэўную долю гіпэрболізму. Зенавей Отэнскі зусім не ўспамінае аб пашырэньні на Літве чыстага протэстанцтва. Хвядос Касы, разам з таварышом Ігнатам, апынуўся ў 1570 годзе на Валыні і нейкі час знаходзіўся ў доме валынскага шляхціца Чапліча, які вёў з маскоўскімі эмігрантамі гутаркі на рэлігійныя і моральныя тэмы. Бясспрэчна тое, што Хвядос Касы ня меў на Украіне ніякага ўплыву. Калі протэстанцтва, якое ішло з Польшчы, мела на Украіне параўнальна нязначнае пашырэнне, дык, зразумела, зусім ня трэба казаць аб уплыве на ўкраінскае грамадзянства няглыбокага рэлігійнага скэптыка і павярхоўнага рацыяналістага, якім быў Хвядос Касы. Гуманістычны індывідуалістычны рух найбольш яскрава адбіўся на праўнай сьвядомасьці літоўска-беларускае шляхты (дваранства). Экономічнае разьвіцьцё Літвы І Беларусі, якое спрыяла гаспадарчым пачынаньням зямляўласьнікаў, гэтым самым дапамагала і разьвіцьцю індывідуалістычнае правасьвядомасьці. Літоўска-беларуская шляхта ўжо на Віленскім сойме 1522 году падняла пытаньне аб укладаньні Статуту. У канчатковым жа выглядзе першы зборнік літоўска-беларускага права быў апублікаваны ў 1529 годзе. Першы Статут адбівае ў сабе правасьвядомасьць панаваўшае зямляўласьніцкае клясы і ўвесь прасякнуты індывідуалістычнымі праўнымі тэндэнцыямі. Асабістая недатыкальнасьць і індывідуальная адказнасьць за злачынствы толькі перад судом, права ўжываць паводле свае волі сваю нярухомую маемасьць у межах тых нормаў, якія дакладна ўстаноўлены ў законе, - ёсьць падстава праўнае пабудовы Статуту 1529 году. Аднак, шырокія шляхоцкія колы не маглі здаволіцца праўнымі заваёвамі Статуту 1529 году, бо яны захоўвалі за магнатамі судныя прывілеі, дзякуючы якім магнаты, радныя паны, былі вызваленыя ад падсуднасьці мясцовай тэрыторыяльнай юстыцыі. У жыцьці ўсе судныя справы, паднятыя мясцовымі зямляўласьнікамі супроць магнатаў, ніколі не даводзіліся да пажаданага канца. Літоўска-беларуская шляхта ў палове XVI сталецьця выкарыстала сваё экономічнае і політычнае значэньне. У поўнай меры ўсьведамляючы сабе свой уплыў, літоўска-беларуская шляхта выкарыстала цяжкое знадворнае палажэньне Літоўска-Беларускай дзяржавы і выступіла з пэўнай соцыяльна-экономічнай і політычнай програмай, якая была накіравана супроць буйнога зямляўласьніцтва. Часткова, літоўска-беларуская шляхта патрабавала ўраўнаньня ў правох магнатаў са шляхтай праз установу выбарных судоў і праз адзінства тэрыторыяльнае падсуднасьці. Літоўскі вялікі князь, разам з раднымі панамі, павінен быў пайсьці насустрач жаданьням шырокіх шляхоцкіх колаў. Была склікана камісія, каб выправіць Статут. Выпраўлены Статут, вядомы пад назовам Статуту Другое Рэдакцыі, быў апублікаваны ў 1566 годзе. Індывідуалістычныя тэндэнцыі літоўска-беларускае шляхты знайшлі ў ім поўнае адбіцьцё. Усе зямляўласьнікі мелі аднолькавыя правы і былі зьвязаны аднолькаваю тэрыторыяльнаю падсуднасьцю. Зямляўласьніцкая кляса Беларусі атрымала магчымасьць шырокага ўплыву на дзяржаўна-праўнае жыцьцё Літоўска-Беларускае дзяржавы, бо яна прымала ўдзел у Вялікім Вальным Сойме, пасылаючы двох дэпутатаў ад кожнага павету, як прадстаўнікоў мясцовае павятовае шляхты. Люблінская вунія 1569 году ўтварыла фэдэрацыйную, дзяржаўна-праўную організацыю, вядомую пад назовам Рэчы Паспалітае. Дзякуючы Люблінскай вуніі, апошнія рэшткі прывілеяў буйных зямляўласьнікаў, літоўска-беларускіх магнатаў, былі зьнішчаны. Літоўска-беларускія магнаты страцілі права асабістага прадстаўніцтва на соймах праз запрашэньне на іх асобнымі лістамі вялікага князя. Усе члены шляхоцкага стану зрабіліся цяпер зусім роўнымі ў адносінах адзін да другога. Індывідуалістычная тэндэнцыя атрымала перамогу. Патрэба выразьней формуляваць дзяржаўна-праўнае палажэньне Літвы і Беларусі ў складзе Рэчы Паспалітае выклікала публікацыю Статуту Трэцяе Рэдакцыі 1588 году. Прасякнуты гэткімі ж індывідуалістычнымі тэндэнцыямі, як і Статут 1566 году, ён дакладна і выразна падкрэсьліваў дзяржаўна-праўную самастойнасьць Вялікага Княства Літоўскага ў складзе Рэчы Паслалітае. Ахова законаў недатыкальнасьці асобы і маемасьці прадстаўнікоў шляхоцкага стану атрымала ў Статуце пэўнае і выразнае выяўлеяьне. Індывідуалістычныя тэндэнцыі ў праве знайшлі выразнае адбіцьцё і ў гарадзкім Майдэборскім праве. Гарады, якія атрымалі ад вялікага князя прывілеі на Майдэборскае права, вылучыліся ў самастойную адміністрацыйна-гаспадарчую адзінку з дакладна азначанай тэрыторыяй. Насельніцтва, якое жыло ў граніцах гарадзкое мяжы, знаходзі-лася пад магістрацкаю юрысдыкцыяй. Гарадзкое права, як і права шляхоцкае, было пабудавана на прынцыпе індывідуалізму і недаты-кальнасьці асобы. Мешчанін меў усю поўнасьць грамадзянскае праваздольнасьці і дзёяздольнасьці. Закон бараніў яго маемасныя правы ад замахау з боку трэціх асоб таксама сувора, як і шляхоцкае статутнае законадаўства. Гарадзкое права адбіла ў сабе індывідуалістычныя тэндэнцыі гандлёвага капіталу, які захапіў у круг свайго ўплыву значную па велічыні тэрыторыю Літоўска-Беларускае дзяржавы. ІІ Беларускія гарады ў канцы XV і пачатку XVI сталецьця былі вельмі значнымі гандлёвымі асяродкамі, дзе знаходзілася шмат заможнага жыхарства, якое здолела скласьці сабе капіталы, дзякуючы трапным гандлёвым справам. Зразумела, сярод беларускіх гарадоў першае месца займала Вільня як па сваіх гандлёвых зваротах, гэтак і з боку матар’яльнай заможнасьці віленскае буржуазіі. Матар’яльныя ўмовы стваралі спагадныя абставіны для разьвіцьця гуманістычнага руху ў гарадох, які, па меры ўскладненьня жыцьця і зьяўленьня розных ідыёвых плыняй, набываў самыя рознастайныя адценьні, пачынаючы ад найрадыкальнейшых паглядаў і канчаючы консэрватыўнымі паглядамі і перакананьнямі. Разьвіцьцё народнае гаспадаркі Беларусі, якое было вынікам праніканьня ў глыб народна-гаспадарчага жыцьця гандлёвага капіталу, дапамагала больш цеснаму злучэньню адных краін Беларусі з другімі, а разам з тым, экономічнае аб’яднаньне тэрыторыі дапамагала ў пэўнай меры і політычнай консолідацыі беларускіх зямель, а таксама разьвіцьцю нацыянальнае самасьвядомасьці сярод гарадзкой буржуазіі, якая трымала мясцовы нацыянальны гандлёвы капітал. З гэтых прычын нацыянальная самасьвядомасьць сярод гарадзкога грамадзянства павінна была выявіцца досыць рана. У гандлёвых адносінах з Польшчай і чужаземцамі беларускі гандлёвы капітал натуральна павінен быў стаўляць сябе супроць гандлёвага чужаземнага капіталу. Гэтая барацьба павялічвала і разьвінала нацыянальную самасьвядомасьць беларускае буржуазіі. Гуманістычны рух у гарадох Беларусі меў глыбокае разьвіцьцё і, разам з тым, даў вельмі значныя і дадатныя вынікі. Гуманістычны рух сярод гарадзкога грамадзянства пачаўся значна раней, бо для гэтага існаваў рад спагадных умоў. Першыя культурныя парасткі беларускага адраджэньня атрымалі магчымасьць далейшага разьвіцьця і паглыбленьня. У другой палове XVI сталецьця беларускія гарады, як Вільня, Полацак, Менск, зрабіліся вельмі значнымі гандлёвымі асяродкамі, праз якія падтрымліваліся гандлёвыя зносіны з Заходняй Эўропай. Да 1569 г. экспорт і імпорт тавараў знаходзіўся ў руках беларускае і ўкраінскае буржуазіі. Гандлёвыя зносіны з Заходняй Эўропай дапамагалі культурнаму набліжэньню да апошняй праз пашырэньне навуковых вед і праз працу праснуўшаеся навуковае думкі. Сярод гарадзкога грамадзянства атрымаў пэўнае пашырэньне і рэлігійны рацыяналізм у форме протэстанцтва і яго галін, але большая частка мяшчанства заставалася вернаю рэлігіі продкаў. У захаваньні і падтрыманьні гэтае рэлігіі мяшчанства знаходзіла магутны сродак протэсту супроць наступу на Беларусь і Украіну польскага шляхоцкага капіталу, які імкнуўся забіць гарадзкі гандаль і прамысловасьць, што пачала дзе-нідзе разьвівацца. Экономічныя прывілеіі шляхты, напрыклад, вольнасьць вывазу заграніцу вырабаў уласнае гаспадаркі і, разам з тым, бязмытны ўвоз для ўласнае патрэбы рэчай заходня-эўропейкае прамысловасьці, паступова забівалі гарадзкі знадворны і ўнутраны гандаль. Натуральна, мяшчанства стала ў варожыя адносіны для шляхоцтва. Пераход апошняга ў каталіцтва і протэкцыйная каралеўская політыка прымусілі мяшчанства моцна трымацца за праваслаўе і бараніцца ўсімі сіламі, якія ў яго былі, ад нападаў каталіцкае царквы, каб потым сабрацца з сіламі і перайсьці ад абароны да нападу. Наступ каталіцкае шляхты, які наносіў цяжкі ўдар матэр’яльнаму становішчу мяшчанства, дапамагаў яго аб’яднаньню для барацьбы з каталіцтвам, як галоўным чыньнікам агрэсыўнага шляхоцкага зямельнага капіталу. Напады католікаў на праваслаўных дадавалі гарадзкому гуманістычнаму руху нацыянальна-рэлігійны характар, вельмі дапамагалі абуджэнню нацыянальнага пачуцьця сярод гарадзкое буржуазіі і рамесьнікаў, якія надзвычайна цярпелі ад аднабаковае шляхоцкае экономічнае політыкі. Гарадзкі гуманістычны рух, адарваны ад народных гушчаў, ня даў значных дадатных вынікаў у процэсе барацьбы за вызваленьне ад соцыяльна-экономічнага ўціску з боку шляхты. Толькі злучэньне мяшчанства з прыгонным сялянствам дало б дадатныя вынікі. Дзеля гэтага, гарадзкі гуманістычны рэлігійны рух толькі падрываў рады тых барацьбітоў, якія сталі патрэбнымі ўкраінскаму і беларускаму народам, калі распачалася іхняя ўпартая і доўгая барацьба са сваімі нацыянальнымі і соцыяльна-экономічнымі ўціскальнікамі. Гуманістычны рух у беларускіх гарадох спачатку разьвінаўся пад беспасрэдным уплывам протэстанцкіх ідэй з іх протэстам ня толькі супроць каталіцкае догмы наогул, але, між іншым, і супроць лацінскае мовы, на зьмену якое ў літаратуры і рэлігіі павінна прысьці мова родная. Геніяльная вынаходка Гутэнбэрга павінна была зрабіцца магутнаю крыніцаю пашырэньня кніг у роднай мове. Чэхі першыя прыступілі да друкаваньня царкоўных кніг у роднай мове, якімі яны пачалі цікавіцца асабліва ў момант найвялікшага нацыянальна-культурнага руху, злучанага з імем Гуса і яго пасьлядоўнікаў. Гусыцкі ўплыў пранікнуў на Літву і Беларусь яшчэ ў XV сталецьці. Гусыцтва атрымала пэўнае пашырэньне ў Літве ў часы Вітаўта, калі апошні падтрымоўваў гусытаў і паслаў ім на дапамогу князя Жыгімонта Корыбутавіча, дзеля няпрыязьні да імпэратара Жыгімонта, які жадаў знайсьці мірны выхад у барацьбе з гусытамі, шукаў у літоўска-беларускім грамадзянстве дапамогі і падтрыманьня. Пераможаныя гусыты знайшлі ў Польшчы і ў Вялікім Княстве Літоўскім прыпынак. Разам з гэтым, яны зрабілі пэўны ўплыў на культурнае разьвіцьцё літоўска-беларускага грамадзянства. Друкаваньне кніг у Чэхіі зьяўляецца ўжо ў 1475-78 гадох, калі былі адчынены першыя друкарні ў Празе. Потым былі адчынены друкарні ў Пільзэне, Бруне (1486), у Ольмюцы (1500). Друкаваньне славянскіх кніг пачалося ў Кракаве. Пачынальнікам друкаваньня славянскіх кніг быў Швайпольт Фіоль, нямецкае нацыянальнасьці. У 1496 годзе Фіоль надрукаваў кірыліцай рад славянскіх кніг. Спачатку быў надрукаваны Октоіх, а потым Часаслоў, Трыодзь Посная, Трыодзь Цьвятная і Псалтыр. Выдавец імкнуўся наблізіць царкоўна-славянскую мову да жывое народнае мовы, хаця ж гэткая тэндэнцыя ня мела значнага разьвіцьця. Але ў самых спробах нельга ня бачыць уплыву протэстанцтва і яго тэндэнцыі прыблізіць да народу кнігі сьвятога пісьма праз выданьне іх у роднай мове. Друкаваньне кніг у Кракаве ня мела значнага пашырэньня, бо Польшча ў канцы XV і ў першай палове XVІ сталецьця друкавала пераважна кнігі ў лацінскай мове. Самыя выданьні Фіоля ў гэткіх умовах не знайшлі значнага пашырэньня. Сам выдавец славянскіх кніг павінен быў пакінуць Польшчу і ўцякаць у Вэнгрыю, бо яго абвінавацілі ў спачуваньні і сувязі з протэстанцкім рухам. Друкаваньне славянскіх кніг на гэтым не прыпынілася. Беспасрэдным настутпнікам зьявіўся Францішак Скарына з Полацку, які паходзіў з мяшчанскае небагатае сям’і. Аб годзе нараджэньня Скарыны не захавалася ніякіх вестак. Вышэйшую адукацыю Скарына атрымаў на богаслоўным факультэце Кракаўскага унівэрсытэту. Потым Францішак Скарына ў Падуанскім унівэрсытэце ў 1512 годзе атрымаў ступень доктара ў лекарскіх навуках. Можна думаць, што рэформацыйныя плыні захапілі і Францішка Скарыну, і пад уплывам іх у яго зьявілася думка аб друкаваньні царкоўных кніг у роднай мове. Дзеля гэтае мэты Скарына засноўвае ў Празе першую беларускую друкарню, у якой былі надрукаваныя Псалтыр і Біблія ў беларускай мове, вельмі блізкай да размоўнае гаворкі. У васнову перакладаў Псалтыру і Бібліі былі ўзяты чэскія пераклады 1506 году, выдадзеныя ў Вэнэцыі. Біблія была выдадзена Францішкам Скарынай не цалком. Уся задуманая справа абмежавалася выданьнем 22 старазаконных кніг. Аднак, проф. Уладзімераў у сваім вядомым дасьледаваньні аб Скарыне лічыў, што Францішак Скарына пераклаў усе кнігі Старога і Новага Закону, але толькі ён не здалеў надрукаваць усіх кніг Бібліі. Потым Скарына пакідае Прагу і перасяляецца ў экономічны і політычны асяродак Беларусі - Вільню, дзе засноўвае сваю друкарню, знайшоўшы спачуваньне і, мабыць, матар’яльнае падтрыманьне з боку старэйшага бурмістра, Якуба Бабіча. Першая надрукаваная кніга ў Вільні была Апостал, які выйшаў у сакавіку 1525 году. Усьлед за ёю вышла царкоўна-славянская Малая Падарожная Кніжыца, у якой былі змешчаны: Псалтыр і Часаслоў, хваласьпевы, каноны, Шостадневец, Сьвятцы і Пасхалія. Усе выданьні былі прыгожа надрукаваны і папярэджваліся прадмовамі. На выданьні гэтых кніг як быццам спынілася дзейнасьць Скарыны. Магчыма, што далейшая яго культурная праца была затрымана тым, што праваслаўнае віленскае мяшчанства адносілася да Скарыны з некаторай падазронасьцю, маючы на ўвазе яго гуманістычныя настроі. Пераклад Бібліі Скарына зрабіў з чэскае мовы і з царкоўна-славянскіх тэкстаў, як гэта давёў Уладзімераў у сваім дасьледаваньні. Ужо гэтая акалічнасьць павінна была прымусіць праваслаўнае мяшчанства аднесьціся з недавер’ем да выданьняў Скарыны. Выдавецкая і перакладчая дзейнасьць Скарыны ёсьць зьявішча вялікага культурнага значэньня. Яна зьявілася навочным паказальнікам таго гуманістычнага руху, які пранікаў у гарадзкое беларускае грамадзянства. У імкненьнях Скарыны перакласьці Біблію на родную мову і тым самым наблізіць яе да шырокіх грамадзянскіх колаў нельга ня бачыць намеру дапамагчы нацыянальна-культурнаму адраджэньню беларускага народу “к научению людзям паспалитым рускаго языка”. Скарына хацеў выпрацаваць літаратурную беларускую мову, утварыць беларускую інтэлігенцыю, якая была-б прасякнута нацыянальна-культурнымі заданьнямі і інтарэсамі, і ўсім гэтым дапамагчы адраджэньню свайго народу. Плян Скарыны, можна думаць, быў вялізарны, але рад неспагадных для выдаўца ўмоў не дазволіў Скарыне давесьці да канца сваю культурна-гістарычную місію, якая бязумоўна сустракала спачуваньне ў пэўных колах грамадзянства. Напрыклад, Скарына атрымаў матар’яльную дапамогу ня толькі ад бурмістра Якуба Бабіча, але і ад віленскага райцы Багдана Онькава, коштам каторага былі выдадзеныя некаторыя кнігі. Выдадзеныя Скарынаю кнігі хутку вышлі з продажы, але пашырэньне іх у рукапісным выглядзе паказвала на настойную патрэбу іх і на спачуваньне да іх з боку культурных беларускіх элемэнтаў. Выданьні Францішка Скарыны мелі вялікі ўплыў у іншых адносінах. Друкарні, якія потым адчыняліся на Беларусі і Украіне, адбівалі сваім шрыфтам і знадворным выглядам выданьні кніг Францішка Скарыны. Спроба Францішка Скарыны наблізіць мову царкоўных кніг да жывое народнае гаворкі знайшла спачуваньне і сярод украінскага грамадзянства. На Украіне ў XVІ сталецьці зьяўляецца рад навучальных Эвангельляў з моваю, вельмі блізкаю да жывое народнае гаворкі. Усе гэтыя Эвангельлі зьяўляюцца самастойна, што сьведчыць аб пільнай патрэбе гэткіх перакладаў. Найбольш выдатным з перакладаў Эвангельляў на украінскую мову зьяўляецца так званае Перасопніцкае Эвангельле, якое было перакладзена ў 1556 - 1561 гадох мясцовым ігуманам Рыгорам разам з сынам сяніцькага пратапопа Міхалам Васілевічам з матар’яльнай дапамогай жонкі валынскага магната княгіні Заслаўскай. Мова Перасопніцкага Эвангельля досыць блізкая да народнае жывое гаворкі, хаця-ж у ёй адчуваецца і ўплыў актавае беларускае мовы XVІ сталецьця. З паловы XVІ сталецьця друкарская справа значна пашыраецца на Беларусі. Адчыняюцца друкарні ў Нясьвіжы з дапамогай пана Астафія Валовіча, які перайшоў у протэстанцтва, у Заблудаве ў маёнтку пана Рыгора Хадкевіча, у Астрозе князем Канстантынам Астроскім, у Супрасьлі і ў іншых мясцох. Адчыненьне такога значнага ліку друкарань было вельмі яскравым адбіцьцём таго культурнага руху, які пашырыўся сярод беларускае шляхты і мяшчанства. Вялікае культурнае значэньне мела друкарня ў Вільні, якую трымалі прадстаўнікі віленскага мяшчанства, браты Мамонічы: Кузьма, віленскі бурмістар, і Лука, скарбны вялікага князя. Значнае пашырэньне протэстанцтва на Беларусі і Літве ў сярэдзіне XVІ сталецьця зрабіла пэўны ўплыў на разьвіцьё народнай мовы, бо протэстанты ў сваёй рэлігійнай дзейнасьці імкнуліся карыстацца моваю жывое гутаркі. Адбіцьцём дзейнасьці протэстантаў у гэтым кірунку можна лічыць дзейнасьць Сымона Буднага, які спачатку трымаўся кальвінізму, а потым далёка адышооў ад апошняга і зрабіўся пасьлядоўнікам так звана арыянства. Сымон Будны - бліскучы прадстаўнік беларускага гуманізму другой паловы XVІ сталецьця, выдатны прадоўжнік нацыянальна-культурнае традыцыі Скарыны. Аб асобе Буднага, як і аб яго папярэдніку Францішку Скарыне, навука мае невялікі лік вестак. Самае пытаньне аб яго нацыянальным пахаджэньні дагэтуль ня высьветлена. Польскі дасьледчык Merczyng, які апошні вывучаў жыцьцё і літаратурную дзейнасьць Буднага, лічыць яго палякам. Але гэта думка гіпотэтычна, бо няма об’ектыўных вестак, якія-б сьведчылі аб польскім пахаджэньні Буднага. Можна толькі думаць, што Будны быў выхаванцам Кракаўскае акадэміі. Мы ня ведаем, калі Сымон Будны зрабіўся протэстантам, але яго прыналежнасьць да протэстанцтва ў 1558 годзе не выклікае ніякіх сумненьняў. Да гэтага часу адносіцца і знаёмства Буднага з віленскім ваяводай і канцлерам, уласьнікам Нясьвіжу, Міколам Радзівілам Чорным. Праз некаторы час Будны знаходзіўся ў Вільні, як казальнік у мясцовым кальвінскім зборы протэктарам якога быў віленскі ваявода Радзівіл. Merczyng думае, што з 1559 году альбо, прынамсі, з 1560 Будны - ужо пастар-казальнік у протэстанцкім зборы ў Клецку, які быў на тэрыторыі маемасьцяй Міколы Радзівіла. У Клецку Будны, відаць, напісаў Катэхізіс, бо прадмова да гэтага выданьня адзначана дзесятым днём чэрвеня 1562 году. Будны, мабыць, дасканала ўладаў беларускаю моваю. Князь Мікола Радзівіл заснаваў у Нясьвіжы друкарню, маючы на мэце пропаганду протэстанцтва сярод беларускага народу. Першаю кнігаю, якая вышла з гэтае друкарні, быў Катэхізіс надрукаваны накладам Мацея Кавечынскага, Сымона Буднага і Лаўрына Крышкоўскага. Катэхізіс зьмяшчаў у сабе протэстанцкі сьветапагляд “для простых людзей языка руского в пытанія і отказах”. Другая кніга таго ж самага аўтара, якая вышла ў Нясьвіжы ў тым самым годзе, называлася “О оправдании грешного человека перед Богом”, але паасобніку гэтай кнігі нідзе не захавалася. Праўда, бібліограф Сопікаў у сваім дасьледаваньні “Опыт российской библиографии” (1813 г.) дае апісаньне кнігі, якую ён бачыў, але Сопікаў не паказваў, дзе гэтая кніга знаходзілася ў той час, калі ён яе апісваў. Публікацыяй гэтых дзьвёх кніг скончылася дзейнасьць Буднага, як выдаўца і перакладчыка на беларускую мову. Але літаратурная дзейнасьць Буднага ня спынілася. Ён пачаў друкаваць свае кнігі ў польскай мове, прызначаючы, відаць, апошнія для шырокіх польскіх колаў. Разам з тым, і ў сьветапаглядзе Буднага настала пэўная зьмена. Будны адлучыўся ад кальвінскага збору і перайшоў у лягер сэктантаў-сацыніян, вучэньне якіх у другой палове XVI сталецьця значна пашырылася сярод сярэдняе і дробнае польскае і беларускае шляхты. Пераход да соцыніян натуральна адсоўваў яго ад Радзівіла і несьвіскага протэстанцкага збору (1564 г.). На протэстанцкім царкоўным саборы (1566 г.) ужо выявіліся з усёю выразнасьцю рознагалосьсі Сымона Буднага з кальвіністымі, асабліва ў пытаньні адносна хрэсту дзяцей. Сабор прызнаў Буднага гарэтыкам і пазбавіў яго пастарскае годнасьці. Аднак, Будны не належаў да ліку палкіх рэлігійных энтузыястых. Рацыяналісты па філязофскім настроі свайго розуму, Будны ня толькі не захопліваўся пропагандай соцыніянства, але і сам ня быў вельмі сталым у сваіх рэлігійных перакананьнях. Пасьля разрыву з кальвіністымі Будны зрабіўся пастарам у Заслаўі, непадалёк ад Менску, дзе ён быў ужо пастарам у чэрвені 1572 году. Протэстанцкі збор у Заслаўі знаходзіўся пад патронатам Глябовічаў. Будны распачаў сваю літаратурную дзейнасьць у польскай мове, выдаўшы Біблію пад загалоўкам “Biblia, to jest ksiegi starego y newego przymierza, znowu z jezyka Ebreyskiego, Greckiego y Lacinskiego na polski przelozone” з прадмоваю Буднага, як у Нясьвіжы ў 1572 годзе. Праз два гады вышаў “Nowy Testament znowu przelozony, a na wielu mieyscach, za pewnemi dowodami ad przysad przez Simona Budnego oczysciony y krotkiemi przypiskami kraioch obiasniony. Przydane tez sa na koncu tegoz dostaczneysze przypiski, ktore kazdey jakmiarz admieny przyczyny ukazua. Losk, 1574”. Яшчэ праз два гады Будны выдаў “O przednieyszych wiary chrystianskiey artikulach, to jest o Bogu iedynem, o Synu iego i o Duchu swietego przez Symona Budnego krotko spisane, a za zezwoleniem Braciey niektorej w Litwie i na Rusi wydana. K temu obrana tegoz wyznania broniaca, przez tegoz napisana Losk, 1576”. У 1577 годзе Будны выдаў “Przedmowa do Loskiego wydania dziela Modrzewskiego o poprawie Rzeczypospolitej”. Урэшце, у 1583 годзе Будны выдаў “O urzedzie miecza uzywajacem wyznanie Zboru Pana Christusowego, ktory w Litwie z Pism i krotko spisane” (Losk). Апроч гэтых вядомых кніг, Будны напісаў яшчэ рад кніг у польскай мове, але яны не захаваліся. Урэшце, пад уплывам і з дапамогай Буднага была выдадзена: “Defensio Verae sentetiae de Magistratu Politico in Ecclesiis Christianis retinendo contra gnovis eius impugatores: nominatim vero contra Raconiensium scriptum, ex divinis Scripturis simpliciter collecta Jacobo Palsologo authore”, і, урэшце, Будны пераклаў “O furijach albo szalenstwach francuskich: to jest o strasznym a nieslusznym Amirala Kasztyllionskiego y wielu innych mezow zamordowaniu y Ernesta Waramunda Friza przeklad na jezyk polski przez Szymona Budnego (W Losku, 1576)”. Літаратурная дзейнасьць Буднага - вельмі шырокая і рознастайная. Надзвычайная працавітасьць, шырыня сьветагляду, вострасьць і яснасьць у разважаньнях - вось адзнакі асобы Буднага. Вольны, незалежны мысьленьнік, які сьмела стаўляе пытаньні і да ўсяго падыходзіць з сваім крытычным аналізам - вось асноўныя рысы Буднага, як мысьленьніка. Будны пісаў у дзьвёх мовах - беларускай і польскай - і гэтым самым ён зрабіўся важным культурным фактарам у гісторыі дзьвёх культураў - беларускай і польскай, якія ўзаемна датыкаліся ў процэсе экономічнага і політычнага набліжэньня Літвы і Беларусі, з аднаго боку, і Польшчы - з другога. Эпоха адраджэньня і протэстанцтва, у выніку ўплыву і разьвіцьця гандлёвага капіталу, рашуча высунула на першы плян нацыянальна-культурную проблему. Ужо Скарына бачыў у роднай мове нацыянальна-культурны фактар вялікага значэньня, маючы на мэце культурнае і моральнае разьвіцьцё свайго народу. І Будны стаіць на тым самым пункце пагляду. Ён - палкі абаронца роднае мовы, праз якую можна навучыць праўдзівай веры “простой люд”, якая павінна даць “народу (бела)руского языка” правільныя рэлігійныя пагляды. Не дарма ў сваёй прадмове да катэхізісу Будны зварочваецца з палкім заклікам да князёў Радзівілаў, “абы ся ваши княжецкие милости не только в чужемских языцехъ кохали, Але бы ся тежъ ваши княжецкие милости и того здавна славного языка словенского розмиловати и оным бавити рачили …” Будны з смуткам констатуе сумны моральна-рэлігійны стан беларускага народу. Ён спадзяецца толькі на тое, што, разам з прыходам новых апосталаў і казальнікаў, пашырыцца асвета на Беларусі, а разам з тым, падымецца і моральны стан беларускага народу. Будны адносіцца да беларускага народу з палкім энтузыязмам і вялікім сардэчным замілаваньнем. Так рабіць і думаць магла толькі такая асоба, якая ўзрасла сярод беларускага народу альбо вышла з гушчы беларускіх народных мас. Выхаванец польскае школы і выдатны прадстаўнік польскае культуры і адукацыі, Сымон Будны быў блізкі да свайго народу. Адмоўныя бакі свайго жыцьця ён добра разумеў сваёй вострай думкай і адчуваў сваёй чулай асобай. Выдаючы Біблію і Новы Закон у польскай мове, Сымон Будны і тут кіраваўся мэтамі асьветы, маючы на ўвазе тыя-ж самыя шляхоцкія беларускія колы, якія ўжо падпалі пад уплыў польскае культуры і для якіх польская мова была ўжо бліжэй і больш зразумелай, чымся мова беларуская. Адукаваны чалавек і вялікі гуманісты, Будны павінен быў паставіць чалавечую асобу на чале свае творчае дзейнасьці. Вольны і сьмелы мысьленьнік пяе гімн чалавечай асобе і яе вольнасьці. Чалавечая асоба вольная і недатыкальная. Адсюль вынікае права яе недатыкальнасьці, замацавае для шляхты і мяшчан адпаведнымі зборамі права. Адсюль вынікаюць і прынцыповыя адмоўныя адносіны Буднага да кары сьмерцю. Вольная і незалежная навуковая думка Буднага выявілася ва ўсім сваім бляску ў крытыцы біблійных тэкстаў, у якой Будны паказаў сябе вельмі добрым комэнтатарам і выдатным крытыкам, які ня спыняўся на поўдарозе і не палохаўся ніякіх вывадаў. Культурная дзейнасьць Буднага была вялікая. Нічога дзіўнага, што ў сваёй нянавісьці да Буднага каталіцкія і праваслаўныя ортодоксалістыя выявілі поўную згоднасьць. Гэтыя адмоўныя адносіны да Буднага знайшлі вельмі яскравы адбітак у прадмове патрыярха Адрыяна да “Исповедания веры”: “Мартина убо Лютера ученицы, изобретше письмена славенороссийская, точная, чистая, и приведше на славенский чистый диалект своих лживых догматов доводы и ти потом издавше, изнесоша на свет свой яда полный не цвет обухающие услаждающий, но терн, осязающие убодающий, две книжицы, едину в полдесть в граде Несвиже в лето 1562, вторую сокращенну в четверть в граде Стиоколне в лето 1628, нарекше тыя книжицы Катихізіс ...” Аднак, культурная справа, якую распачаў Францішак Скарына і вёў далей Сымон Будны, не памерла. Прадоўжнікам іх абодвух быў Васіль Цяпінскі, які аддаўся перакладу Эвангельля на беларускую мову. Аб асобе перакладчыка не існуе бадай што ніякіх вестак. Дасьледчыкі, як, напрыклад, акадэмік Карскі і профэсар Уладзімераў, лічаць Цяпінскага беларусам. І адносна рэлігійных паглядаў Цяпінскага ёсьць спрэчныя думкі. Напрыклад, дасьледчык культурна-асьветнае дзейнасьці Францішка Скарыны, профэсар Уладзімераў, лічыць Цяпінскага праваслаўным. Акадэмік Карскі даводзіць, што Цяпінскі - протэстант антытрынітарскае сэкты. Пазьнейшы дасьледчык, профэсар Доўнар-Запольскі, лічыць даведзенай належнасьць Цяпінскага да соцыніянства. Профэсар Доўнар-Запольскі знайшоў адпаведны дакладны довад у прадмове Сымона Буднага да кнігі “O przyednieyszych wiary christiankiey artikulach”, у якой паказана, што протэстанцкі сабор 1574 году адбываўся ў доме “брата милого Василия Тяпинского”, дзе Сымон Будны і вылажыў сваё рэлігійнае вучэньне. Сувязь паміж Цяпінскім і Будным зьяўляецца вельмі добрым довадам належнасьці перакладчыка Эвангельля да соцыніянскае сэкты. Гуманістычная дзейнасьць Цяпінскага, на думку профэсара Уладзімерава, знаходзіцца ў цеснай залежнасьці ад Скарыны, а акадэмік Карскі думае, што Сымон Будны зрабіў на Цяпінскага вялікі ўплыў, бо тэксты Буднага былі крыніцай для Цяпінскага. Паставіўшы сабе пэўныя культурныя заданьні, Цяпінскі, зразумела, добра ведаў сваіх папярэднікаў, паказаўшых у якім кірунку трэба весьці навукова-перакладчую працу. Цяпінскі закончыў працу сваіх папярэднікаў. Ён падлічыў вынікі культурнага руху першараднае важнасьці. Для Цяпінскага як і для яго папярэднікаў, любоў да свайго народу была мотывам, што накіроўваў усю яго дзейнасьць. Сам беларускі народ (рускі) - “зацны довстипный”. Мудрасьць у слове Божым была ў народзе, “праве, яко вражоной”. Цяпінскаму вельмі цяжка, што ў цяперашні час беларускі народ (рускі) знаходзіцца ў зьнявазе. Уся гуманітарная дзейнасьць перакладчыка залежыць ад яго жаданьня падняць пашану да беларускага народу. Цяпінскі высока стаўляе славян і славянскую мову. Заслугі славян у мінулыя часы - вялізарныя. Цяпінскі лічыць асабліваю заслугаю славян тое, што яны в “в слове Божием прозревши, сами одни только того были доказали, же подлуг науки апостольской своевластным языком от так давного часу слово Божие выложили и мели и нам заставили”. Нацыянальна-рэлігійны заняпад у сучасным Цяпінскаму грамадзянстве, адхіленьне ад свае нацыянальнасьці шмат каго з выдатных прадстаўнікоў беларускае нацыянальнасьці, грубасьць і адсутнасьць рэлігійных вед, разумовы і моральны заняпад правадыроў беларускага народу - духавенства, - робяць на Цяпінскага моцнае ўражаньне. Пад іх уплывам у Цяпінскага зьявілася гарачае жаданьне прысьці на дапамогу свайму народу і дапамагчы яго культурнаму адраджэньню, тым больш, што духоўныя настаўнікі “письма русского и слова Божия не знают, не понимают и не изучают”. Толькі дзеля культурнага заняпаду духавенства Цяпінскі адважваецца ўзяцца за пераклад Эвангельля на родную мову, бо “владыки и никто з учоных через так многій час не хотели”. Праца, якую распачаў аўтар, сустрэла шмат перашкод з боку розных асоб, якія лаялі перакладчыка і ня толькі не давалі ніякай дапамогі, але “дяки и заздростью платить хотели”. Аднак, пад уплывам замілаваньня да свайго народу і жаданьня дапамагчы яго разумоваму разьвіцьцю, Цяпінскі, не зварочваючы ўвагі на лаянкі сваіх ворагаў, узяўся за сваю адказную і патрэбную ў нацыянальна-культурным жыцьці працу. Цяпінскі ўзяўся за свой пераклад “з зычливости ку моей айчызне”. Перакладаючы Эвангельле, ён зьмяшчае тут-жа славянски тэкст, слова ў слова, бо славянскі тэкст не для ўсіх зразумелы. Сьвятое Пісьмо павінны ўсе чытаць і разумець, ня толькі дарослыя, але і дзеці, “дабы в вере прицвичали”. Знаёмства зь Сьвятым Пісьмом зьявіцца крыніцаю для далейшага духоўнага разьвіцьця, бо Бог павядзе “к умножнейшим наукам в слове своём, к устаточному рассудку и к умеентности”. Перакладчык імкнуўся быць дакладным у сваёй працы і зразумелым, дасягнуўшы простасьці ў мове. Цяпінскі перакладае “не смысленным, або красомовным выводом, не залецаными, ани часу угожаючыми, але яко сприязливый, простый, а щирий, правдиве, верне, а отвористе”. Пераклад быў зроблены “по стародавным книгам”. Перакладчык прызнае, што ў яго працы могуць быць зроблены вельмі значныя памылкі, але просіць чытача ня тлумачыць яго памылак “нашой злости, але люцкой крепости, а не умеентности”. З вялікімі матар’яльнымі цяжкасьцямі Цяпінскі за ўласны кошт наладзіў мізэрную друкарню, дзе і надрукаваў “писание св. Матфея и св. Марка и початок Луки”. Выдавец меў намер выпушчаць свой пераклад часткамі: “если не зараз, вжды з своим часом узнают, им впредь подаю”. Аднак, застаецца невядомым, ці выпусьціў ён надрукаваную частку перакладзенага Эвангельля. Неспагадныя адносіны з боку розных грамадзянскіх колаў не дазволілі Цяпінскаму давесьці справу, што ён задумаў, да канца, бо ідэя нацыянальна-культурнага адраджэньня яшчэ ня досыць глыбака пранікла ў шляхоцкія і мяшчанскія грамадзянскія колы. Беларуская шляхта захапілася польскаю культурай і да спроб Цяпінскага адносілася адмоўна. Мяшчанства, якое стаяла на чыстым праваслаўным пункце пагляду, трымалася моцна за славянскую мову і не спачувала перакладу Эвангельля, які вышаў з протэстанцкага асяродзьдзя. Сымон Будны і Васіль Цяпінскі былі дзейнымі прадстаўнікамі радыкальнага кірунку ў беларускім адраджэньні. Яны паднялі свой голас на абарону простага народу, які знаходзіўся ў цемры. Ужо адным гэтым яны павінны былі выклікаць адмоўныя адносіны да сябе з боку магнатаў і праваслаўнага духавенства, якое ня думала аб асьвеце народу і было зьвязана супольнымі экономічнымі інтарэсамі з клясай зямляўласьнікаў. Радыкалізм гуманістычнага руху павінен быў выклікаць у зацікаўленых колах адпаведную рэакцыю. Барацьба шляхоцкага аграрнага капіталу з гарадзкой буржуазіяй за ўладаньне гандлёвым капіталам выявілася ня толькі ў наступе шляхты на гарадзкую буржуазію на народна-гаспадарчым фронце, але і ў наступе каталіцызму на праваслаўе. Купецтва, разам з праваслаўем, перайшло ў стан абароны. Натуральна, мяшчане, абараняючыся, варожа адносіліся да ўсялякіх неправаслаўных ідэй і кірункаў. Адсюль зьявіліся ў гарадзкім грамадзянстве консэрватыўныя праваслаўныя ідэёвыя плыні, якія ўзялі пад сваю абарону славянскую мову і стара-славянскае царкоўнае пісьменства, як крыніцу мудрасьці, моральнае сумленнасьці і праваслаўнае рэлігійнае сьвядомасьці. Ортодоксалістыя моцна трымаліся за старасьвеччыну, і ў яе духоўнай сутнасьці яны шукалі для сябе духоўных сіл для барацьбы з наступам ворагаў. Трэ’было падтрымліваць у грамадзянстве нахіл да царкоўнае старасьвеччыны, да яе традыцый, і дзеля гэтага даць чытачу навучальнае чытаньне, а царкве - патрэбныя кнігі для набажэнства. Адсюль вынікала патрэба ў шырокай організацыі друкарскае дзейнасьці, якая-б ахапіла ўсю тэрыторыю. Гэта магчыма было толькі ў тым выпадку, калі-б друкарская справа была пабудавана на комэрцыйнай падставе, калі-б у організацыю друкарскае справы былі-б укладзены вялікія капіталы. Прадстаўнікамі такога праваслаўнага консэрватыўнага руху зьявіліся браты Мамонічы, - Кузьма, віленскі бурмістар, і Лука, скарбнік Вялікага Княства Літоўскага, які меў значныя матар’яльныя сродкі і дапамагаў грашыма друкарні. Мамонічы шырака разгарнулі сваю справу, спачатку разам з Пётрам Мсьціслаўцам, а потым і самастойна, пасьля разрыву з апошнім. З друкарні Мамонічаў выходзіла шмат кніг, якія прызначаны былі для патрэб праваслаўнае царквы. Мамонічы здалелі паставіць сваю справу на цьвёрды грунт, калі яны атрымалі ад вялікага князя літоўскага прывілей на монопольную продаж кніг. Усе кнігі, якія прывозіліся ў Вільню і прадаваліся там, падлягалі конфіскацыі. Забясьпечыўшы сябе праз прывілей, Мамонічы зрабіліся ўжо менш ортодоксальнымі ў сваёй дзейнасьці. Яны пачалі друкаваць кнігі і ў польскай мове, а пасьля сьмерці абодвух братоў, калі ўласьнікам друкарні зрабіўся сын Лукі, Леў Мамоніч, які перайшоў у 1614 годзе да вунітаў, друкарня Мамонічаў страціла сваё значэньне культурна-гуманістычнага кутка з рэлігійна-консэрватыўным адценьнем. Друкарня Мамонічаў друкавала кнігі ў царкоўна-славянскай мове. Фундатары друкарні адносіліся зусім адмоўна да нацыянальнага руху і да ўжываньня народнае мовы ў кнігах Сьвятога Пісьма. Як ортодоксалістыя, Мамонічы павінны былі заняць выразна адмоўную позыцыю як адносна рэлігійнага рэформацыйнага руху, гэтак і адносна народнае простае мовы. Мамонічы ня думалі аб асьвеце свайго народу. Як гандляры, Мамонічы ішлі насустрач шляхоцка-мяшчанскім плыням, бо толькі прадстаўнікі апошніх былі пакупнікамі кніг, якія былі выдадзеныя ў іхняй друкарні. Але ўсё-ж ткі нацыянальна-культурная традыцыя была настолькі моцная, што нават у выданьнях Мамонічаў яна знаходзіла сваё адбіцьцё, хаця-ж і досыць слабое. Друкарская дзейнасьць Мамонічаў разгарнулася ў часы наступу каталіцтва на праваслаўе, у момант, калі шляхоцкія колы былі ўжо расчараваны ў Люблінскай уніі і імкнуліся зьмяніць яе ўмовы, што і было дасягнута Статутам 1588 году. Кнігі, якія друкаваліся Мамонічамі і прызначаліся для патрэб царкоўнага набажэнства, давалі магчымасьць царкве ўвесьці парадак набажэнства і наагул пазбавіцца шмат якіх унутраных недахватаў. Кнігі Мамонічаў павінны былі быць крыніцай асьветы і культуры ортодоксальна-праваслаўнага характару, павінны былі зрабіцца ідэолёгічнай зброяй у барацьбе з каталіцка-польскай шляхоцкай рэакцыяй з езуітамі на чале. Так глядзеў на дзейнасьць Мамонічаў такі выдатны косэрватар, якім быў маскоўскі эмігрант князь Курбскі. Адносна кніг, якія выдавалі езуіты супроць праваслаўя, Курбскі пісаў, што яны “своими силлогизмами поганскими поваплени и паче-же рещи софистически превращающее і растлевающее апостольскую теологию и влекучие через естество воду на прегордого их епископа римского”. Курбскі лічыцца з езуіцкімі софізмамі і лічыць езуітаў вельмі паважнымі супраціўнікамі, а дзеля гэтага просіць свайго корэспондэнта, Кузьму Мамоніча, не ўваходзіць “без учонае нашае страны в споры с иезуитами”. Сам Курбскі пераконаны, што езуітаў можна перамагчы “двемя нарочитыми сведками: Дионисием Ареопагицким и с Иоанном Златоустым, и с Иоанном Дамаскиным и со святыми древними учителями, кои их явственно обличают, в новосмышленную теологию, о происхождении Святого Духа”. Важна, зразумела ня тое, з якімі довадамі князь Курбскі зьбіраўся выступіць супроць езуітаў, але важная ёсьць сьвядомасьць, што для барацьбы з заходня-эўропейскім каталіцкім богаслоўем патрэбныя большыя веды ва ўсходнім богаслоўі, начытанасьць у творах айцоў царквы. Браты Мамонічы, відаць, стаялі на гэтым самым пункце пагляду, які сустракаў поўнае спачуваньне сярод гарадзкога грамадзянства і разьвіцьцё якога дало потым такія багатыя вынікі. Консэрватыўны гарадзкі гуманістычны кірунак выяўлялі ня толькі адны браты Мамонічы. Быў у Вільні і другі асяродак - брацтва Траецкага манастыра, якое, калі гэты манастыр быў перададзены вунітам, перайшло ў манастыр сьв. Духа. Брацтва мела права друкаваць кнігі для сваіх школ і для патрэб праваслаўнага набажэнства. Сьвята-духаўскае брацтва моцна трымалася за царкоўна-славянскую традыцыю, бо ў ёй яна бачыла зброю для барацьбы з наступаўшым каталіцтвам. Друкарня брацтва друкавала кнігі выключна для царкоўнага набажэнства, альбо кнігі, якія былі прызначаныя для вывучэньня “письма Словенского”. Праўда ў 1610 годзе брацтва прабавала пашырыць сваю дзейнасьць. З друкарні брацтва вышаў вядомы “Плач” Мэлеція Сматрыцкага, які выклікаў зруйнаваньне друкарні. Брацтва не паддалося. Яно перанесла сваю дзейнасьць у Еўе, каля Вільні, у маёнтак Багдана Агінскага, патрона царквы ў Еўі, якая была прыпісана да Сьвята-духаўскага манастыра. На новым месцы брацтва аднавіла перапыненую царкоўна-славянскую традыцыю. Калі ўжо ў 1619 годзе ізноў аднавілася дзейнасьць брацкае друкарні, дык брацтва кінула друкаваць кнігі ў Еўі і пачало ізноў друкаваць тут толькі ад 1636 году. Але якая ні была моцная славянская традыцыя, аднак, і брацтва прымушано было выдаваць кнігі на “на руском языке”, г. зн. у беларускай мове. Нацыянальна-культурная традыцыя не памерла. Яна жыла. Брацтва інакш і не магло рабіць, бо апораю брацтва былі мяшчанскія колы, гарадзкі просты народ, для якога славянская мова была ў значнай сваёй частцы мала зразумелай. ІІІ. Гуманістычны індывідуалістычны рух, які пашырыўся сярод беларускага і ўкраінскага шляхоцтва, павінен быў адбіцца ня толькі на рэлігійным індывідуалізьме, да якога схілялася пэўная частка беларускага і ўкраінскага шляхоцтва. Гуманістычны індывідуалізм дапамагаў абуджэньню навуковае думкі наагул. Беларуска-украінскае шляхоцтва высунула рад гуманістых, якія разыходзіліся паміж сабою ў шмат якіх пытаньнях у галіне рэлігійнае думкі, але ў той самы час увасаблялі сабою той нацыянана-культурны ўздым, які быў сярод беларуска-украінскіх зямляўласьнікаў у другой палове XVI і ў пачатку XVIІ сталецьця. Да першага консэрватыўнага крыла беларуска-украінскага гуманізму трэба далічыць маскоўскага эмігранта, князя Андрэя Курбскага, які ў шмат якіх адносінах быў вельмі выдатнаю асобаю для свайго часу. Князь Курбскі досыць рана пачаў прымаць жывы ўдзел у ваенна-політычным жыцьці Маскоўскае дзяржавы. Ужо на дваццаць першым годзе свайго жыцьця, у 1549 годзе, князь Курбскі прымаў удзел у няўдалым паходзе пад Казань. Потым Курбскі робіцца ваяводай у Пронску. У 1552 годзе ён разьбіў татар пад Тулай і прымаў удзел у аблозе Казані на правох ваяводы правае рукі. Праз 2 гады Курбскі здалеў перамагчы татар, за што ён атрымаў узнагароду - чын баярына. У пачатку панаваньня Івана Грознага князь Курбскі быў членам “избранной рады” і, разам з партыяй папа Сільвэстра і стольніка Адашава, кіраваў Маскоўскаю дзяржавай. У часы Лівонскае вайны князь Курбскі камандаваў арміяй і меў значныя перамогі над супраціўнікам. У 1563 годзе Курбскі ўцёк з Юр’ева ў Літву з цэлым натоўпам прыхільнікаў і слуг. Гэта было выклікана рознымі прычынамі. Партыя Сільвэстра і Адашава была адсунута ад улады. Курбскі баяўся перасьледаваньняў з боку вялікага князя, тым больш, што пачала павялічвацца эміграцыя ў Літву з Масквы, дзеля тае тэрорыстычнае політыкі, якой стаў трымацца ўрад Грознага. З свайго боку, і літоўска-беларускі ўрад, у васобе Жыгімонта-Аўгуста, пачаў з Курбскім перамаўляньні, вабіў яго да пераходу на бок Літвы і абяцаў найлепшае прыймо. Павялічэньне тэрору і прадчуваньне блізкае няміласьці прымусіла Курбскага перайсьці на бок ворага Масквы. Вяльможнага эмігранта і, пры тым добрага ваеннага стратэга ў Літве сустрэлі з радасьцю. Урад Жыгімонта-Аўгуста аддаў для кіраваньня Ковельскае стараства. Князь Курбскі, як ковельскі стараста, пачаў прымаць дзейны ўдзел з 1564 году ў войнах супроць Масквы. Разам з эміграцыяй у Літву, для Курьскага, які стаў выдатным членам літоўска-беларускага магнацтва, пачынаецца новы пэрыод жыцьця. Ён эміграваў у варожы стан у важную для Літоўска-Беларускае дзяржавы эпоху, калі заходня-эўропейскі культурны і рэлігійны індывідуалізм значна пашырыўся сярод літоўска-беларускіх зямляўласьнікаў. Князю Курбскаму, які вышаў з іншае краіны, з іншымі культурнымі і рэлігійнымі паглядамі і традыцыямі, трэ’было выявіць свае адносіны да новае культуры і новага рэлігійнага руху. Гэта паставіла эмігранта ў шэраг выдатных дзеячоў беларуска-ўкраінскае асьветы і адукацыі, хаця-ж са значным адхіленьнем ад таго рэлігійнага гуманістычнага індывідуалізму, які так пашырыўся сярод літоўска-беларускага панства. Князь Курбскі, эміграваўшы ў Літву, хутка асыміляваўся з літоўска-беларускім магнацтвам, з якім яго ядналі фэўдальна-арыстократычныя сымпатыі. Князь Курбскі хутка прысвоіў прыёмы і звычаі буйна-абшарніцкага зямляўласьніцтва. Ён ваяваў з суседнімі зямляўласьнікамі-панамі і адбіраў ад іх сілай іх землі, зусім ня лічачыся з якім-небудзь об’ектыўным правам. У 1571 годзе Курбскі ажаніўся ў другі раз з удавой Казінскай, прыроджанай княжной Гольшанскай, але хутка разышоўся з ёю. Атрымаўшы развод Курбскі ізноў ажаніўся з дачкой небагатага шляхціца Сямашкі, ад якой меў сына Зьмітру. У 1583 годзе славуты маскоўскі эмігрант памёр. Літоўска-беларускі ўрад адабраў ад яго насьледнікаў большую частку яго зямельных маемасьцяй, у тым ліку і Ковель. Яго сын Зьмітра, які перайшоў у каталіцтва, потым атрымаў назад частку маемасьці, аднятае ад яго бацькі. Эміграцыя ў Літву мела для Курбскага вялікае значэньне. Яна прымусіла вяльможнага эмігранта ўзяцца за літаратурную працу і пастарацца выпраўдаць свой уцёк з Масквы ў Літву. Гэткім чынам зьявіліся аполёгетычныя творы князя Курбскага ў форме першае эпістоліі да цара, вялікага князя маскоўскага. Грозны ня вытрымаў і напісаў адказ на ліст князя Курбскага. Шырокая эпістолія выклікала адказ з боку князя Курбскага, на які Грозны напісаў новы ліст. Адказваючы на яго, Курбскі напісаў досыць даўгое “отвещание со стороны убогого Андрея Курбского, кн. Ковельского”. Адказу Грознага ня было. Перапіска двох абаронцаў сваіх уласных учынкаў і дзейнасьці спынілася. Пазьней князь Курбскі напісаў памфлет-гісторыю вялікага князя маскоўскага. Аднак, сам аўтар глядзеў на свой твор, як на твор об’ектыўны, у якім знаходзілася толькі тое, што сам аўтар чуў “у достоверных и видел отчима своими”. Гэтая гісторыя была выклікана таксама патрэбай выпраўдаць сваю эміграцыю “прилежного ради служения от многих”. Ужо перапіска Курбскага з Грозным дазваляе выразна ўявіць як яго асобу, гэтак і літаратурныя здольнасьці, а разам з тым, і яго гістарычна-філязофскі сьветапагляд, які прымусіў Курбскага заняць пэўнае становішча адносна беларускага культурнага і рэлігійнага гуманізму. Князь Курбскі ёсьць, бязумоўна, вельмі талентная асоба. Яго стыль - жывы і вобразны. Яго мова - абураная і нэрвовая. У ёй няма маскоўскага спакою і індыфэрэнтызму, але, разам з тым, князь Курбскі - суворы консэрватар і з боку сваіх політычных паглядаў, і з боку свайго гістарычна-філёзофскага, строга-царкоўнага ортодоксальнага сьветапагляду. Калі політычны консэрватызм з нахілам у бок арыстократычнага соцыяльна-экономічнага фэўдалізму знайшоў у Літве для сябе адпаведныя політычныя абставіны, дык рэлігійна-філёзофскі консэрватызм прымусіў князя Курбскага, з уласьцівай яму экспансыўнасьцю і абурэньнем, выявіць свае адносіны да таго беларуска-украінскага індывідуалістычнага руху, які сустракаў столькі спачуваньня з боку беларускіх і ўкраінскіх зямляўласьнікаў. Адносіны кн. Курбскага да беларускага і ўкраінскага гуманізму і яго ўласная культурна-філязофская позыцыя знайшлі зусім выразнае выяўленьне ў яго лістох да паасобных духоўных і сьвецкіх асоб. Сярод дапішчыкаў князя Курбскага знаходзіліся: нехта Іван Многавучоны - старац Пячэрскага манастыра, старац Васіан, кн. Канстантын Астроскі, нейкі Марка - вучань Арцёма, Кузьма Мамоніч, Кадыян Чапліч, Фёдар Бокей, Пячыхвосцкі, княгіня Чартарыская, пан Астафі Троцкі. Князь Курбскі напісаў гісторыю аб Восьмым Саборы, у якой яго рэлігійна-філёзофскі сьветапагляд атрымаў выразнае тэорэтычнае формуляваньне. Князь Курбскі - вельмі консэрватыўны ў сваіх рэлігійна-культурных паглядах. Гэтая консэрватыўнасьць вельмі характэрна для Курбскага, але яна ў яго творах ня ёсьць нешта няжыцьцёвае, мёртвае. Консэрватызм Курбскага ёсьць протэст супроць розных рэлігійных захапленьняў, якія ня вытрымліваюць, як ён думае, ніякае крытыкі, калі падысьці да іх з матар’яламі, узятымі са Сьвятога Пісьма і айцоў царквы. Толькі знаёмства з апошнімі можа засьцерагчы чалавека ад захапленьня рэлігійным вольнадумствам і ўсялякімі навінамі. Князь Курбскі зусім ня вораг асьветы. Ён цалкам спачувае ёй, але з умовай, каб асьвета мела нацыянальна-рэлігійны характар, бо гэта толькі і можа быць крыніцай адраджэньня “руского” народа. У гэтым сутнасьць рэлігійна-філёзофскіх паглядаў князя Курбскага, якія знайшлі цікавае і выразнае выяўленьне ў яго корэспондэнцыі. Лісты князя Курбскага поўны адносак да Сьвятога Пісьма. Яго довады дадатнага характару грунтуюцца на тэксьце Сьвятога Пісьма, у якім - і толькі ў ім адным - знаходзіцца бясспрэчная рэлігійная праўда. Адказваючы Івану Многавучонаму “о правоте и вере”, князь Курбскі раіць свайму дапішчыку, прамудраму Івану, “устыдитися древних таковых святых и толь великих, не только внешнему любомудрию совершенно наказанных и богословию искусных, но и житием ангельским сияющих, и многие от них исповедания ради благочестия от безбожных эллин и от злословых царей страдание и кровми мученицкими украшенных”. Прычынай такое дакорнае ўвагі зьявілася даданьне ў сымболь веры догмату “і ад сына”, які быў у рымска-каталіцкай царкве. Князь Курбскі процістаўляе гэтаму вучэньню сыстэму веранавучаньня праваслаўнае царквы, выпраўдваючы яе адноскамі да Эвангельля, Дзеяньняў Апосталаў, вучэньня айцоў царквы - Дзяніса Арэопагіта, Рыгора Богаслова, - а таксама да Ісаі прарока і апостала Паўлы. Гэткім-жа чынам, у дзейнасьці Нікейскага Сусьветнага Сабору, які не датыкаўся пытаньня аб пахаджэньні Духа Сьвятога, князь Курбскі бачыць справядлівасьць праваслаўнага пункту пагляду і “лжемудрость” каталіцкага. Сабор, які быў скліканы супроць гэрасі Македонія, стаяў на пункце пагляду Першага Сусьветнага Сабору і лічыў справядлівым вучэньне аб “Присносущем Его от Отца исхождении, а об излиянии и посылании Духа”. Аднак, каталіцкі догмат мае вялікае пашырэньне. Князь Курбскі ня толькі абураны тым, што новы догмат пярэчыць усёй сутнасьці праваслаўнага хрысьціянскага вучэньня, але яшчэ і тым, што “филлокизмами Аристотелевскими изостряя свой язык на древнее богословие вооружаются”. Сумліваньне ў справядлівасьці догматаў праваслаўя выклікала глыбокія зьмены ў абрадах рымска-каталіцкае царквы і было прычынай таго, што шмат хто з рымска-католікаў “ныне вослед неосвященного Лютера пойдоша”. З прычыны адпаду ад паваслаўя, у рымска-католікаў “не токмо образные богословия догматы растлены”, але і “священные книги Моисеевские и Пророческие от жидовских книг растлены сущи и в преводех изпрепорчены”. Зварот да чыстасьці вучэньня праваслаўнае царквы ёсьць адзіны выхад для ўсіх, хто адхіліўся ад праваслаўя, каб потым не падлягаць вечным мукам. Так адносіўся князь Курбскі да рымска-каталіцкае веры. Ён процістаўляў каталіцкім навінам чыстасьць праваслаўнага хрысьціянскага вучэньня, узмацняючы свае думкі адпаведнымі царкоўна-гістарычнымі довадамі. Князь Курбскі ў сваіх адносінах да каталіцтва заставаўся такім да канца свайго жыцьця. Яму даводзілася ў сваіх лістох неаднакроць датыкацца тых-жа пытаньняў. Калі каталіцтва выклікала ў Курбскага такія адмоўныя адносіны да сябе, дык беларускі гуманізм, злучаны з рэлігійным скептыцызмам, выклікае ў князі Курбскім пачуцьцё найвялікшага абурэньня. У лісьце да старца Васіана князь Курбскі адзначае вялікае пашырэньне ў Літве вольнадумства, дзеля чаго “стада верных нещадно расхищают и апостольская словеса превращаючы развращение толкуют и на святых хулу возлагают”. Курбскі тлумачыць пашырэньне вальнадумства тым, што ў грамадзянстве ўжываюцца “рускія” кнігі, якія зьмяшчаюць у сабе гарэтычныя зданьні папа Ерамея Баўгарскага, што зьнеслаўляюць Івана Золатавуснага і іншых сьвятых. Князь Курбскі таксама нездаволены перакладам на “рускую” мову кніг Сьвятога Пісьма, які зрабіў Скарына з Полацку, а таксама і прарочых кніг, у васнову якога пакладзены “препорченые книги жидовские”. Пераклад кніг Скарыны, на думку Курбскага, вельмі блізкі да перакладу Бібліі Лютэра, у чым сам Курбскі меў магчымасьць асабіста пераканацца. Новыя кнігі, паводле пагляду Курбскага, ня трэба ўжываць, бо яны могуць быць крыніцаю спакусы. Трэба новыя кнігі замяніць старымі кнігамі, якія знаходзяцца ў манастырох. Нічога дзіўнага, што пры гэткіх адносінах да перакладаў Францішка Скарыны, князь Курбскі быў вельмі зьдзіўлены тым, што князь Канстантын Астроскі аддаў перакладзеную ім з лацінскае на славянскую мову “Гутарку Івана Золатавуснага” “пробовати и рассуждати невежде и еретику для перевода на польский язык”. Абураны князь думае, што было-б лепш, “если-бы Ваша милость тот папер спалити сказал, або попу якому церковь Рускую отдал”, бо праўда захавана толькі ў праваслаўнай царкве. Польска-каталіцкая і протэстанцкая эўропейскія культуры выклікаюць у князі Курбскім адмоўныя адносіны да сябе. Разам з тым, князь Курбскі вельмі добра разумеў патрэбу ў абароне праваслаўя ад усіх, хто на яго нападаў. Паводле думак Курбскага, змагацца з ворагамі праваслаўя і ўсходня-славянскае культуры магчыма было толькі зброяй апошніх, процістаўляючы іх кнігам пераклады кніг на славянскую мову. Князь Курбскі задумаў пераклад царкоўна-навучальных твораў на славянскую мову. Ён меў досыць вялікі лік царкоўна-навучальных кніг, якія набыў, калі быў заграніцай, у Кракаве і Італіі, князь Міхал Абаленскі. Курбскі ўяўляў сабе ўсе цяжкасьці выкананьня надуманае справы, бо ня было асоб, знаёмых з славянскаю мовай. Можна было знайсьці людзей, знаёмых з грэцкаю і лацінскаю мовамі, але не з славянскаю. Даведаўшыся ад вялебнага Арцёма, што яго вучань Марка ведае славянскую мову і імкнецца практычна выкарыстаць сваё знаёмства з гэтаю мовай, князь Курбскі зьвярнуўся да яго, просячы “приехати на колько месяцев, даючи помощь нашему грубству и неискувству: бо не обвыкли есмы яко аз, тако князь Михайло словенскому языку в конец; и того ради боимся пуститися едины без помощи на тое великое и достохвальное дело”. Зьяўляючыся прыхільнікам ўсходня-славянскае культуры, князь Курбскі ня быў заўзятым ворагам польска-эўропейскае адукацыі. Ён ясна бачыў патрэбу адукацыі для змаганьня з польскім уплывам. Сам ён, згодна з уласным выразам, “не мало лет изнурих по силе моей, уже в сединах, со многими труды приучахся римскому языку”. Мала таго, князь Курбскі пераканаў свайго брата, шляхотнага юнака князя Міхала Абаленскага, “иж бы во младом еще будущи веце навык тые внешния наук во языцех римских”. 3 гэтаю мэтай, Абаленскі тры гады вучыўся у школе у Кракаве і потым “совершения ради до Влох ехал, оставя дома жену и детки, и пребывал там в течении 2-х лет”. У лісьце да Кузьмы Мамоніча князь Курбскі вітае барацьбу праваслаўя з езуітамі, але настойна просіць Мамоніча засьцерагаць праваслаўных, каб яны не пачыналі з езуітамі спрэчак “без ученых нашия страны”. Калі князь Курбскі атрымаў паведамленьне ад княгіні Чартарыскай, што яна хоча паслаць свайго сына “до Вильны, до Римского закона чесных пресвитеров і язутов”, дык ён прызнаў такое жаданьне пахвальным. Пры гэтым, Курбскі адзначыў небясьпеку, каб сын княгіні Чартарыскай не адпаў ад праваслаўя, як іншыя прадстаўнікі шляхоцкіх і княскіх радоў. У самай падарожы для навукі да інаверцаў Курбскі ня бачыць нічога страшнага, бо “и сами учители церкви ездили учиться тех наук с домов своих, от родителей своих до Афин к поганским философам, но правости душевные и праотеческого правоверия их ни на мнеи отменили”. Лічачы магчымым атрымаць веды ад інаверцаў, князь Курбскі, аднак, не дапушчаў нават думкі аб магчымасьці набліжэньня і сяброўства з апошнімі. Ня дзіва, што захапленьне Кадыяна Чапліча протэстанцтвам, а таксама і вольныя адносіны яго да Сьвятога Пісьма выклікаюць з боку Курбскага выразна адмоўныя адносіны да сябе. Лічачы сябе добрым знаўцам “от младостй нашей во Священных Писаниях по силе нашей научени и утвержени в вере христианской благочестивых догматов”, князь Курбскі адзначае ў сваім адказе тое, што ён не прасіў свайго дапішчыка “чего бы ми есть научил, альбо мне толковал Святое Письмо”, тым больш, што сам Чапліч “напоен от мутных источников”. Усялякія новыя тлумачэньні Сьвятога Пісьма Кальвіна, Піліпа Мэлянхтона, Марціна Лютэра і вучняў яго, Цьвінгліяна і іншых, князь Курбскі таксама адкідае, гэткім самым чынам, як і раней рабілі апосталы і настаўнікі царквы адносна гарэтыкаў. Дзеля гэтага князь Курбскі быў вельмі абураны тым, што кніжыцу езуіта Скаргі князь Канстантын Астроскі даў на абвяржэньне протэстанту Матавілу. Князь Курбскі выказвае найвялікшае зьдзіўленьне з гэтае прычыны і думае, што бадай ніхто ня чуў аб тым, “ижбы христианин правоверный от арианина христоненавистного услаждался епистолиями или примовал от него писания на помощь церкви Христа Бога”. Такім выяўляецца князь Курбскі ў сваіх лістох. Вучань Максіма Грэка, які прыехаў у Маскву і ўзяўся за ўпарадкаваньне бібліотэкі вялікага князя, Курбскі застаўся верным догматыцы ўсходняга праваслаўя і не дапушчаў нават думкі аб магчымасьці якіх-колечы крытычных адносін як да самых догматаў, гэтак і да Сьвятога Пісьма. Князь Курбскі вывез з Маскоўшчыны ідэю чыстага праваслаўя, якой давялося спаткацца на літоўска-беларускай глебе з рознастайнымі рэлігійна-культурнымі ўплывамі. Курбскі вытрымаў наступ апошніх, але маскоўскаму эмігранту стала ясна патрэба ў атрыманьні пэўных навуковых падстаў праваслаўнага богаслоўя, без якіх ідэёвая барацьба праваслаўя з інавер’ем ня будзе мець ніякіх пажаданых вынікаў. Гэтым і тлумачыцца жаданьне князя Курбскага перакласьці царкоўна-навучальныя творы на славянскую мову, хаця-ж асаблівае патрэбы ў гэтым не адчувалася. Уплыў Курбскага сярод беларускае шляхты ня мог быць значным. Надта моцнаю была пакуль што яшчэ прывабнасьць эўропейска-польскае культуры. Дый, апроч таго, польскі зямляўласьніцкі капітал не распачаў яшчэ свайго агрэсыўнага наступу. Але князь Курбскі ня быў адзіным у сваім старавер’і. Навокал яго згрупаваўся гурток “из баккалавров и в писаниях искусных людей”, якія склалі нешта на ўзор школы, але ня зусім організаванае, як думае Грушэўскі. Гэты гурток зрабіўся асяродкам консэрватыўна-культурнае плыні, да якое схіляліся элемэнты гарадзкога грамадзянства, Сярод іх панавалі настроі, варожыя як да езуітаў, гэтак і да польскае шляхты. Не дарма адзін з шляхціцаў, які трапіў у палон у Маскву, паведамляў князя Курбскага, што ён даручыў апякунцы сваіх дзяцей, каб яна, калі дзеці падрастуць, “ку вам на науку дала і што за платы научителем приходити будет, же бы то збираючи платила”. Другім культурным асяродкам быў двор князя Юр’я Юр’евіча Слуцкага, стрыечнага брата князя Канстантына Астроскага. Калі даць веру словам езуіта Антона Посэвіна ў яго данясеньні папе Рыгору XIII, дык пры двары князя Слуцкага існавала школа. Як сьцьвярджае той самы Посэвін, тут знаходзілася і друкарня. На жаль, няма ніякіх іншых вестак, якія-б пацьвердзілі весткі Антона Посэвіна і дазволілі-б выразна ўявіць аб дзейнасьці культурнага гуртка, які працаваў пад мэцэнацтвам князя Юр’я Слуцкага. Вядома толькі, што пры двары князя Слуцкага ў 1560 годзе жыў стары Арцём, які выкладаў богаслоўе і меў вучняў. У ліку апошніх быў нехта Марка, з якім князю Курбскаму даводзілася весьці размовы. Вучань Арцёма Марка быў юнак “светлых обычаев навыкшый”. Сам Арцём быў ахоплены жаданьнем аддаць рэштку свайго жыцьця на пераклады царкоўна-навучальных твораў на славянскую мову. Па словах князя Курбскага, Арцём быў згодзен “с потщанием в старости моей, аще бы и пешему случиломися препоясався уйти из Слуцка и в месте”, згодна з паказаньнем самога Курбскага, “пособляти в преводе, и склоплюче на славянский”. У прыдворным гуртку князя Слуцкага не адхіляліся ад лацінскае і грэцкае моў, але, з свайго боку, надавалі вялізнае значэньне славянскай мове. Марка, вучань Арцёма, быў, відаць, знаўцам славянскае мовы настолькі, што яму можна было даручыць такую адказную і цяжкую справу, як пераклад царкоўна-навучальных кніг на славянскую мову. Адсутнасьць знаўцаў прымусіла князя Курбскага зьвярнуцца да Маркі за дапамогай і, у выпадку пераезду яго да князя Курбскага, узяцца, разам з князем Абаленскім, за пераклад ці Рыгора Богаслова ці Васіля Вялікага. Тое, што князь Курбскі зьвярнуўся да Маркі, было няпрыемна яго мэцэнату. Не дарма князь Курбскі ў лісьце да Маркі стараўся адсунуць ад сябе падазрэньне і абвінавачваньне ў тым, што ён хацеў перацягнуць яго да сябе на пасаду. Толькі патрэба ў кіраваньні і дапамозе прымусіла князя Курбскага зьвярнуцца да яго з просьбай аб супрацоўніцтве. Пераклад ня рухаецца наперад, “коснет, так как без помощи не можем, а не смеем дерзнути”. Відаць, Марка быў добрым мовазнаўцам, калі абодва мэцэнаты, князі Курбскі і Слуцкі, зварочваліся да яго за дапамогай і за падтрыманьнем. 3 прычыны адсутнасьці фактычнага матар'ялу нельга высьветліць, наколькі вялікім быў уплыў культурнага гуртка пры двары князя Слуцкага. Ясна толькі адно, што гурток яго быў з ортодоксальным кірункам. Паасобныя яго сябры, будучы добрымі мовазнаўцамі, лічылі патрэбным дапамагаць літаратурнымі заняткамі адраджэньню славянскіх моў. Прызнаньне за гэтым адраджэньнем самастойнага культурнага значэньня набліжала гурток Курбскага да гуртка Слуцкага. Трэцім гуманістычным асяродкам, навокал якога аб'ядналіся прадстаўнікі новае індывідуалістычнае культуры, быў Несьвіж, маемасьць князя Міколы Радзівіла, канцлера Вялікага Княства Літоўскага і ваяводы Віленскага. Буйны магнат, важная асоба ў політычным жыцьці Беларусі, яскравы прадстаўнік самастойнасьці Вялікага Княства Літоўскага, Радзівіл быў прыхільнікам кальвінізму і імкнуўся да пашырэньня яго ўплыву ў межах сваіх уладаньняў. Застаючыся буйным фэўдалам,. князь Радзівіл, як галава і патрон кальвінскага брацтва ў Несьвіжы, рабіўся яшчэ больш імпозантнай соцыяльна-політычнай фігурай, якая варожа адносілася да тае польска-каталіцкаё культуры, што панавала пры двары Жыгімонта II Аўгуста і з-пад уплыву якой Радзівілы не здалелі вырваць маладога вялікага князя. Маючы вялізарныя сродкі, Радзівіл заснаваў друкарню і даў магчымасьць Буднаму распачаць друкаваньне сваіх протэстанцкіх кніг. Супраціўнік польскае культуры, прадстаўнік незалежнасьці Вялікага Княства Літоўскага, князь Радзівіл павінен быў падтрымліваць нацыянальна-культурную традыцыю, як сымболь самастойнасьці Вялікага Княства Літоўскага. Пры яго двары згрупаваўся гурток гуманістых у васобах Буднага, Мацея Кавечынскага і Лаўрына Крыткоўскага, найактыўнейшых дзеячоў спаміж несьвіскіх гуманістых. Да іх трэба далучыць яшчэ такога буйнога магната, якім быў Астафі Валовіч. Гурток, на чале якога стаяў і які падтрымліваў сваімі сродкамі князь Радзівіл, быў выдатным зьявішчам у беларускай шляхоцкай грамадзкасьці. Яго ўплыў пераходзіў за межы Несьвіжу і пранікаў у самую гушчу шляхоцкае масы. Не дарма протэстанцтва так непакоіць маскоўскага эмігранта, і князь Курбскі так ня любіць і баіцца тэй нацыянальна-культурнай традыцыі, якая зьвязана з імем вялікага беларускага гуманістага, Францішка Скарыны. Чацьвертым гуманістычным асяродкам быў двор гэтмана найвышэйшага Вялікага Княства Літоўскага, Рыгора Хадкевіча. Фамілія Хадкевічаў - выдатныя фігуры ў політычным і культурным жыцьці Вялікага Княства Літоўскага, яскравыя прадстаўнікі магнацтва, якое імкнулася да аслабленьня тых унітарных сувязяй, што злучалі Літву з Польшчай. Як прыхільнікі незалежнасьці Літоўска-Беларускае дзяржавы, фамілія Хадкевічаў належала да праваслаўнае рэлігіі, і з імем Аляксандра Хадкевіча зьвязана заснаваньне Супрасьлеўскага манастыра, вядомага сваім консэрватыўна-культурным настроем. Фундатар манастыра шмат зрабіў, каб стварыць у Супрасьлі асяродак праваслаўнае культуры. У яго бібліотэцы захоўваўся значны лік рукапісаў царкоўна-славянскага характару і беларускага пахаджэньня. Яго сын Рыгор быў таксама імпозантнаю політычнаю і культурнаю фігурай. Заблудава, бацькаўшчына Хадкевічаў, робіцца асяродкам гэтае праваслаўнае культуры. Спатканьне з маскоўскімі ўцекачамі, першымі друкарамі Іванам Тодаравым і Пётрай Мсьціслаўцам, дало магчымасьць Хадкевічу заснаваць друкарню і гэтым распачаць сваю шырокую асьветную дзейнасьць, каб “слово Божие размножилося, и поучение людей закону греческого ширилося, занеже оскуде сих книг на много различных местех”. Спачатку пляны Хадкевіча былі шырокія. У сваёй выдавецкай дзейнасьці найвышэйшы гэтман жадаў трымацца і надалей і разьвінаць нацыянальна-культурную традыцыю Скарыны і “выразумения ради простых людей, переложити на просту мову”. Але яго жаданьне сустрэла перашкоду з боку “людей мудрых”. Запрошаныя ім маскоўскія эмігранты былі людзі іншага складу, - яскравыя прадстаўнікі царкоўна-славянскае консэрватыўнае традыцыі. Яны знайшлі, што “прекладанием з давных пословиц на новые, помылка чинится не малая, якоже и ныне обретается в книгах нового переводу”. Вось чаму маскоўскія друкары надрукавалі даўнейшым спосабам Эвангельле навучальнае, якое вышла ў Заблудаве 17 сакавіка 1569 году. Маскоўскія эмігранты думалі, што ў гэткім выглядзе кніга “к выразумению нетрудна и к читанию полезна”. Хадкевіч абяцаў і надалей “о иных книгах церквам Божиим потребных промышляти, и накладу моего на то положити не жалуючы”. Эвангельле навучальнае вышла ў год падпісаньня Люблінскае вуніі, палкім ворагам якое быў Хадкевіч. Політычная перамога шляхоцтва над магнацкай партыяй на Люблінскім сойме падламала фізычныя сілы Хадкевіча. Ён памёр у 1572 годзе. Іван Тодараў, задоўга .да яго сьмерці, пакінуў Заблудава і накіраваўся ў Львоў. Ён здалеў выпусьціць у Заблудаве яшчэ Псалтыр з Часаслоўцам, якія вышлі 26 верасьня 1569 году. На гэтым і спынілася выдавецкая дзейнасьць Хадкевіча, які нядоўга жыў пасьля зруйнаваньня сваіх політычных плянаў, хаця-ж у прадмове да Псалтыру яшчэ адчуваліся бадзёрыя ноткі і напісаны былі паказальныя словы: “Я такоже и вперед працы и накладу моего жаловати не буду и другия книги, церквам и людем божиим, во Христа верующим, потребныя, друковати дам ...” Выдатным прадстаўніком беларускага нацыянальна-культурнага адраджэньня зьяўляецца і сам вялікі князь Жыгімонт II Аўгуст. Добра адукаваны, Жыгімонт-Аўгуст любіў кнігу і сабраў вялікую бібліотэку, якую перадаў у езуіцкую калегію ў Вільні. Жыгімонт-Аўгуст праз некаторы час знаходзіўся пад уплывам протэстанцтва, меў шырокія і вольныя пагляды, спрыяў спачатку нацыянальна-політычным імкненьням беларускага магнацтва, як гэта паказаў яго нядоўгі шлюб з Барбарай Радзівіл. Польская каталіцкая партыя не перашкаджала Жыгімонту-Аўгусту весьці толерантную рэлігійную політыку, якая скончылася прывілеем 1563 году, які офіцыяльна зьнішчыў конфэсыянальны артыкул Гарадэльскага прывілею (1413). Але яна не магла дапусьціць ні спачуваньня протэстанцтву, ні ўтварэньня самастойнае дынастыі ў Літве. Слабавольны кароль паддаўся каталіцкай партыі. Жыгімонт-Аўгуст зьдзейсьніў яе програму, прысьпяшыў утварэньне вуніі ў Любліне сваім удзелам, але застаўся да канца верны сваёй вольнай рэлігійнай політыцы. Таксама выдатным прадстаўніком беларускага нацыянальна-культурнага адраджэньня быў літоўскі канцлер Леў Сапега, які меў вялікія маемасьці на Беларусі і ў Падляхіі. Ужо ў маладых гадох Леў Сапега выявіў свае надзвычайныя здольнасьці. Скончыўшы першапачатковую адукацыю, Сапега быў накіраваны ў Лейпцыг дзеля атрыманьня вышэйшае адукацыі. У Лейпцыгу ён больш за ўсё займаўся філёзофскімі і юрыдычнымі навукамі. Леў Сапега вярнуўся на бацькаўшчыну, калі ўжо на трон узыходзіў Жыгімонт III. Політычная кар'ера Льва Сапегі, дзякуючы яго вялікім здольнасьцям, была вельмі шпаркая. На 23 годзе свайго жыцьця Леў Сапега быў прызначаны сакратаром .Вялікага Княства Літоўскага. У 1584 годзе ён едзе паслом у Маскву. У 1600 годзе Леў Сапега ў другі раз едзе паслом у Маскву, дзе яму пашчасьціла ўлажыць часовае замірэньне на 20 год. Ужо пасьля звароту з першага пасольства Сапега атрымаў годнасьць падканцлера. Будучы падканцлерам, Сапега шмат дапамагаў абраньню на літоўска-беларускі пасад швэдзкага каралевіча Жыгімонта Вазы. Дзякуючы гэтаму, паміж новым каралём і Львом Сапегай устанавіліся вельмі блізкія адносіны. Пад націскам літоўска-беларускае шляхты Жыгімонт III даручыў Льву Сапегу перагледзець Статут 1566 году і дадаць яго. Гэтую працу Сапега вельмі трапна выканаў, і ў 1588 годзе Літоўскі Статут быў офіцыяльна зацьверджаны каралём. Уложаны Статут быў надрукаваны ў Вільні ўласным коштам Сапегі. Статут новае рэдакцыі, зьяўляючыся адбіткам дзяржаўна-політычнае правасьвядомасьці літоўска-беларускае шляхты, выяўляе у той самы час здольнасьці і талент самога Льва Сапегі. Дакладная праўная мова новага Статуту, сыстэматычная распрацоўка паасобных праўных проблем, складнасьць, яснасьць і выразнасьць пабудаваньняў, - усё гэта яскрава высьвятляе як здольнасьці, гэтак і веды Льва Сапегі. Выдадзены тэкст Статуту мае прадмову, напісаную самім Сапегам. Апроч таго, у вабарону Статуту Сапега казаў на сойме прамову. Абодва гэтыя творы зьяўляюцца яскравым адбіткам філёзофска-праўных паглядаў літоўскага пад-канцлера. Леў Сапега стаіць на пункце пагляду індывідуалізму і вольнасьці асобы. Уся яго прадмова ёсьць абарона вольнасьці асобы, якая цалкам адпавядае паглядам старых філёзофаў і мудрацоў. Паводле пагляду Льва Сапегі, нормальная дзяржава павінна грунтавацца на законе. Тыя дзяржавы, якія маюць добрыя законы, захоўваюць сваю цэльнасьць і недатыкальнасьць. У вадваротным выпадку зьяўляецца анархія і бязуладзьдзе. Канцлер Леў Сапега заставаўся верным сваім гуманістычнам ідэям да канца свайго жыцьця. Ён не падпаў пад уплыў каталіцкае царквы і айцоў езуітаў. Беларускі гуманіст быў супраціўнікам рэлігійнага фанатызму. Дзейнасьць Іосафата Кунцэвіча ў Віцебску выклікала рэзкі протэст з яго боку - ён напісаў ліст да рэлігійнага фанатыка, полацкага вуніцкага архібіскупа (1621). Рэлігійная вольнасьць - патрэбна. Калі яўрэі і татары маюць права мець сынагогі і мячэці, дык чаму-ж зьдзеквацца над хрысьціянамі і рабіць ім крыўды і абразы? Хрыстос ніколі ад сябе нікого не адганяў. Наадварот, Ён казаў: “Прыходзьце да Мяне, і Я супакою вас ...” Але польская рэакцыйная каталіцкая партыя не разумела і не магла зразумець такое вольнасьці ў галіне рэлігійных адносін. Леў Сапега быў апошнім прадстаўніком беларускага адраджэньня. Каталіцкая рэакцыя спыніла культурна-нацыянальнае разьвіцьцё. Гуманістыя зышлі са сцэны, але нацыянальна-культурная традыцыя не памерла. Яна адчуваецца ў першай чвэрці XVII сталецьця ў выданьнях Віленскае брацкае друкарні ў Еўі. Паводле “Чатырохсотлецьце беларускага друку: 1525-1925”, Менск, 1926, стар.132-156. |