ДАКУМЭНТЫ

Прамова да сэнату Каралеўства Польскага й Вялікага Княства Літоўскага, або якім павінна быць валадараньне дабрачыннага караля

Андрэй Волян

Вельмі шаноўныя панове сэнатары! Прыйшоў час, калі дзяржава, якая апынулася ў цяжкім становішчы, зьвяртаецца да Вашай дапамогі. Так склаліся абставіны, распарадзіўся лёс, што калі неадкладна Вы не прыдзеце на дапамогу нашай рэспубліцы (агульнай справе-С.П.), яна - і гэта ўсім бачна - апынецца на мяжы пагібелі. Кароль і вялікі князь Жыгімонт Аўгуст - нябожчык. Памёр сваёй сьмерцю той, хто паводле нашых звычаяў і законаў зьяўляецца адзіным захавальнікам грамадзкага спакою й міру ў дзяржаве. Аднак спадзявацца на працяглае захаваньне міру немагчыма, таму што ворагі, якія пагражаюць нам, вельмі шматлікія і моцныя.

Туркі, якія заўсёды імкнуцца да пашырэньня сваёй імпэрыі, сьпяць і бачаць, як бы захапіць землі нашай дзяржавы, якая страціла свайго гаспадара. Не выключана, што дзікае племя валахаў, якое ня так даўно прынесла шмат крыўды нашым людзям, рыхтуецца да новага наскоку. Не прапусьціць зручнага моманту і Скіфія, якая прызвычаілася насычаць сваю пражэрліваю пастку рабаваньнем і зараз точыць супраць нас свае вострыя зубы. Масква ж, як нам дакладна вядома, трымае ля нашых межаў вялікае войска, і калі мы не будзем пільнымі і не будзем мець арміі, здольнай нас абараніць, то гэта страшыдла (не жадаю рабіць благіх прадказаньняў) праглыне нас.

І нават калі б нам не пагражала вонкавая небясьпека, нашы грамадзяне не могуць сябе адчуваць спакойна ў сваёй краіне, у якой існуе магчымасьць свабодна і беспакарана забіваць, што прыйшло да нас з мінулых вякоў і ўвайшло ў звычай.

Усе гэтыя бядоты рэальна пагражаюць нашай дзяржаве, і ў Вашай уладзе, шаноўныя панове сэнатары, выратаваць яе ад пагібелі. Вы ж увасабляеце саму дзяржаву, і Ваш сьвяты доўг і ганаровы абавязак - рупліва і аддана захоўваць і абараняць яе дабрабыт. Разам з тым я мяркую, што няма больш дзейнага сродку пазбавіць нашу дзяржаву ад названых бядот, чым без усякага прамаруджваньня, у адпаведнасьці з мудрым і пільным розумам, з аднадушнай Вашай згоды выбраць новага караля замест нябожчыка. Я сьцьвярджаю - караля, а не тырана, які будзе абараняць законы і звычаі нашага народа, а не кіравацца сваімі асабістымі капрызамі, клапаціцца толькі пра сябе і прыносіць шкоду пажытку паспалітаму, народнай справе. Караля, які б наладзіў наша жыцьцё, а ўсе яго думы былі накіраваны на дабрабыт грамадзян; які б, адмовіўшыся ад сваіх асабістых інтарэсаў, усю сваю дзейнасьць накіраваў у напрамку паспалітага добрага, грамадзкага дабрабыту. Вось тады абавязкова адродзіцца сапраўдная свабода, шчасьлівае жыцьцё і агульная бясьпека. І сапраўды, няма больш зручнага шляху для дасягненьня агульнага дабра, чым, калі гаспадар будзе ісьціным і першым захавальнікам і выканальнікам законаў, не будзе патураць і пакідаць беспакаранымі ўсе ліхадзействы, ухіляцца ад пакараньня людзей карысьлівых і злачынных. Прыклады цнатлівасьці, памяркоўнасьці і гаспадарлівасьці павінны зыходзіць ад караля, і калі б у грамадзтве запанавала бездакорная маральнасьць, якімі б дабротамі напоўнілася наша рэспубліка, бо нічога так ня дзейнічае на паслухмяных грамадзянаў, як станоўчы прыклад караля.

Аднак, такі лёс караля, што яго жыцьцё ва ўсіх на вачах. Нішто не можа быць схавана ад людзкой цікаўнасьці, а ўсялякая тайна хутка становіцца набыткам погаласу. Што бы кароль ні рабіў за глухімі мурамі або ў сваёй спальні, хутка становіцца вядома народу. Ніхто ня лічыць ганебным рабіць тое, што, як яму вядома, робіць кароль, і ніхто ня будзе рабіць тое, што сам кароль ня робіць. Таму дабрабыт рэспублікі залежыць ад выбраньня на трон з Боскай дапамогай дабрачыннага караля, бо нішто так не шкодзіць дзяржаўнай справе, як разбэшчаны ўладар. Не мне Вам нагадваць пра тое, што тыран нясе пагібель народу, што вынікам злачыннага валадараньня караля зьяўляюцца страшэнныя спусташэньні й разбурэньні... Калі б мы маглі выбраць караля, які б кіраваў найлепшым чынам, мы былі б упэўнены, што дзяржаве нашай нішто не пагражае, а сама дзяржава змагла б гэта засьведчыць.

Аднак, сучасны стан спраў усяму гэтаму супярэчыць: разбураныя маёнткі, залітыя крывёю хаты, сіроты і няшчасныя ўдовы, безьліч бязьлітасных злачынстваў і жахлівых багахульстваў, безабаронная дзяржава ў час вайны. А таму, вельможныя панове сэнатары, зьяўляючыся сьведкамі ўсяго гэтага, прыкладзіце вышэйшыя намаганьні ў выбраньні такога караля, каб той, каго Вы выбярыце, садзейнічаў дабрабыту Радзімы, а не яе пагібелі. Неабмежаванае права выбраньня караля будзе лічыцца неабдуманым і заганным, калі стрыно ўлады Вы ўручыце таму, хто па прычыне заганных уласцівасьцяў і неспрактыкаванасьці непазьбежна пацерпіць няўдачу. Належыць памятаць, што ў чалавечым розуме маецца шмат таямнічых куткоў, а ў людзкіх душах тоіцца шмат заганаў і таму вельмі часта той, хто на першы погляд выглядае дабрачынным, на самой справе аказваецца распусным. Ці ж мы ня ведаем, што многія гаспадары, добрыя па натуры, з часам і па міласьці лёсу рабіліся заганнымі, бо не маглі ўтрымацца ад спакусы марных рэчаў і ўрэсьце ператвараліся ў людзей фанабэрыстых, напышлівых, бязьлітасных. Гісторыя сьведчыць, што не было амаль ніводнага чалавека, які атрымаў ўладу, які б спачатку адзначаўся бездакорным жыцьцём, а потым ператвараўся ў заганную асобу. Таму нельга ня ўлічваць таго, што мы можам памыліцца ў выбраньні караля, прынамсі, добрага караля, аднак, калі мы адмовімся ад гэтага, цяжар улады ляжа на Вашы плечы, шаноўныя панове сэнатары.

Лічу, што наша дзяржава ня зможа пераадолець бядоты, што зваліліся на яе сіламі, розумам, мудрасьцю, мужнасьцю толькі аднаго чалавека, калі да гэтай справы ня будзеце прыцягнуты Вы, яго памочнікі. Здольнасьці аднаго чалавека абмежаваныя й ненадзейныя, і наш гаспадар наўрад ці зможа пераадолець усе тыя нягоды, якія навіслі над нашай дзяржавай. Толькі сумесна з Вамі ён зможа прадбачыць усе небясьпекі і абараніцца ад іх. Вы, шаноўныя панове сэнатары, павінны выхоўваць караля, вучыць яго, як сумленна выконваць свае абавязкі, каб ён ня змог памыліцца й каб Вас не зьвінавацілі ў тым, што зьяўляецеся саўдзельнікамі яго злачынстваў. Калі дзяржава й грамадзтва будуць мірыцца з тым, што кароль ня лічыцца з законамі, дазваляе сабе рабіць усё, што яму ўздумаецца, то Вам, шаноўныя панове сэнатары, хоць Вы і не вінаватыя, давядзецца падзяліць зь ім віну, і грамадзтва, нарэсьце, зразумее, што кароль грэбуе законам і ва ўсіх справах кіруецца сваімі капрызамі, а ня розумам. Сёньня, калі рэспубліка ў Вашай асобе ўзводзіць новага караля на трон, яна ня будзе цярпець, калі на гэтым троне апынецца парушальнік законаў. Каралю ад Бога прадпісаны пэўныя нормы паводзінаў і ён павінен быць навучаны й выхаваны так, каб кіравацца імі на працягу ўсяго жыцьця і пазьбягаць ўсяго таго, што супярэчыць гэтым нормам. Калі кароль пры Вашым патураньні парушае законы, выкарыстоўвае ўладу ня дзеля агульнага дабра, а на агульную пагібель, а Вы, шаноўныя панове сэнатары, не перашкаджаеце яго празьмернаму ўладалюбству, тым самым Вы бярэце на сябе віну за дрэннае кіраваньне й бядотнае становішча рэспублікі.

Ня буду пералічваць усе тыя нягоды, якія наваліліся на нашу дзяржаву, таму, што нябожчык кароль не выконваў належным чынам свой абавязак. Таму Вы, успомніўшы ўсе паразы нашай рэспублікі і ўволю аплакаўшы дрэнны стан нашых спраў, неадкладна й энэргічна вазьміцеся за іх выпраўленьне, бо разладжаныя справы можна выправіць толькі прыняўшы неабходныя меры. Аднак, шаноўныя панове сэнатары, не магу не звярнуць вашай увагі на тое, што ў значнай ступені Вы самі зьяўляецеся віноўнікамі ўсіх нашых бядотаў! Так, так, Вы, таму што не адвялі караля ад бязьдзейнасці, не ўтаймавалі яго празьмернае самавольства й ганарыстасьць. Зразумела, ня трэба думаць, што нябожчык кароль быў настолькі дурным і абыякавым, што сам бы ня змог вярнуцца з памылковага шляху на шлях ісьцінны, або зрабіць гэта з Вашай дапамогай, калі б Ваша пачуцьцё абавязку ня здрадзіла Вам, калі б Вас не ахапіў страх. Ня трэба было баяцца, калі гэты, па сутнасьці, добры й рахманы чалавек, рэзка абрываў свайго апанэнта, бо, як вядома, вялікая бяда прыходзіць непрыкметна. Ніякі страх перад небясьпекай і ніякая надзея на ўзнагароду не павінны стрымліваць годнага й адданага агульнаму дабру сэнатара ад таго, каб ён, чалавек, які добрасумленна выконвае свой грамадзянскі абавязак, гатовы быў выступіць супраць разбэшчанага свавольства караля й стрымліваць яго страсьці разумнымі парадамі.

Аднак, найбольшую апору для папярэджаньня свавольства й разбэшчанасьці караля сэнатары знойдуць, зьвярнуўшыся да законаў, бо разам са ськіпетрам каралю ўручаюцца пэўныя законы, якія ён абавязваецца заўсёды і ўсюды выконваць. Я маю на ўвазе ня толькі законы рэспублікі, якія прыняты для дабрабыту й карысьці грамадзянаў і прытрымлівацца якіх заўсёды прысягае новы кароль. Я патрабую, каб быў унесены і прыняты разумны закон аб прыватным жыцьці караля, якому ён павінен будзе няўхільна падпарадкоўвацца, і сэнатары абавязаны аднадушна заахвочваць да гэтага.

Вельмі добрым прыкладам у гэтым зьяўляецца рэспубліка Венэцыя, дзе адразу ж пасьля сьмерці галавы дзяржавы прызначаюцца некаторыя, найбольш надзейныя грамадзяне, якія ўважліва вывучаюць усе справы, якія вёў галава дзяржавы й высьвятляюць усё тое, што ён зрабіў насуперак законам. Разам з тым, яны ўводзяць новыя законы, якім павінен падпарадкоўвацца новы галава рэспублікі, а таксама прымаюць пастанову, згодна зь якой пераемнік нябожчыка караля павінен выбірацца агульным галасаваньнем.

Натхнёныя гэтым цудоўным прыкладам, тое самае павінны зрабіць і Вы, калі хочаце ўтаймаваць свавольствы караля, хаця было б лепш, каб кароль быў пазбаўлены гэтай заганы. Я лічу таксама, што гэты годны павагі й вельмі неабходны закон, які тычыцца асобы караля, павінен прадугледжваць, што кароль абавязаны прытрымлівацца законнага і сьвятога шлюбу і ня ганьбіць сябе распустай, бо такія паводзіны выклікаюць гнеў магутнага Бога на ўсю дзяржаву, зьяўляюцца дрэнным прыкладам для ўсіх грамадзянаў.

Агульнавядома, што маральныя заганы каралёў былі прычынай вельмі цяжкіх бядотаў многіх дзяржаў, а самі каралі, якія вялі ганебнае і распуснае жыцьцё, ніколі не паміралі сьмерцю, годнай павагі. Каб просты народ у далейшым змог найлепшым чынам браць прыклад са спосабу жыцьця каралёў - бо дэкрэты ня стрымліваюць грамадзянаў ад злачынстваў - паўсядзённае жыцьцё караля павінна заахвочваць іх да ўсялякіх дабрачыннасьцяў і дзе-калі будзе выяўлена злачыннае пералюбства - каралі павінны даводзіць яго да агульнага ведама, а вінаватых караць ганьбай і зьнявагай. Але ж з якім тварам і зь якой рашучасьцю змогуць яны асуджаць гнюсныя ўчынкі іншых, калі самі ня без граху!

Не, не рашацца яны калі-небудзь асуджваць або ганіць такі спосаб жыцьця, або лічыць, што неразумна адмаўляцца ад вельмі прыемнай прыправы жыцьця, якой зьяўляюцца распусныя пачуцьці. Як вельмі слушна сказаў Цыцэрон, юрлівасьць перашкаджае разважлівасьці, варожая розуму, асьляпляючы яму вочы, ніякіх адносінаў ня мае да дабрачыннасьці. Ня могуць шанаваць узвышанае й прыгожае тыя, хто ўсе свае думкі й намеры зьвяртае да нізкага й агіднага. О, калі бы Бог паставіў на чале дзяржавы караля, які б пахвальна адзначаўся ўстрыманасьцю і цнатлівасьцю, каб мы змаглі пабачыць, што гэта сьмярдзючая зграя распусных ваўкоў выгнаная з каралеўскага двара, а таксама змаглі сказаць, што каралеўскі двор - гэта крыніца й прычына ўсіх дабрачыннасьцяў, а не натоўп нягоднікаў! Якія подлыя й ганебныя справы рабіліся да гэтай пары паўсюдна, на ўсіх нашых слаўных соймах, якія паскудствы не баяліся чыніць некаторыя! Сэрца абліваецца крывёю ад успамінаў пра ўсе ліхадзействы і шукае абароны. Мы па праву можам паставіць у віну мярзотнай расьпусце злачынных пералюбцаў Боскае пакараньне, што напаткала нас, паўсюдную ганьбу нашых няшчасных земляў. Боскае наканаваньне не падманвае нас, яно наперад паведаміла нам і пацьвердзіла самім жыцьцём, як мы будзем пакараныя за грахі нашы. Таму выбраны кароль, які павінен зьяўляцца для нас прыгожым прыкладам цнатлівасьці й сумленнасьці, абавязаны - што відавочна - быць першым вартавым бездакорнага шлюбу, знаходзіцца на вышэйшай прыступцы ўсіх дабрачыннасьцяў, быць аздоблены гэтымі высокімі знакамі ўзнагароды.

Калі загана паканала сэрца караля і ён апынуўся пад яе ўладай, ён ужо ня зможа належным чынам выконваць ускладзеныя на яго абавязкі, карыстацца ўладай, несьці цяжар судовых справаў. Бо маральныя заганы асьляпляюць розумы гаспадароў, скажаюць дабрачыннасьць, груба парушаюць справядлівасьць судаводства. Марнатраўца, які лёгкадумна расьцярушвае сваю ўласнасць, зразумела, не прытрымліваецца строга маральных запаветаў і лёгка парушае правілы судаводства, у судовых справах ён кіруецца толькі сваімі пачуцьцямі. Таму высокія пасады ў грамадзтве атрымліваюць ня тыя, чые цнота й працалюбства відавочныя, а тыя, хто дае шмат золата й срэбра. Немагчыма выказаць словамі, якія бядоты нясе дзяржаве дадзеная акалічнасьць. У выніку лёгкадумныя людзі, якія страцілі сваю ўласнасьць, займаюцца рабаўніцтвам і гвалтам, сьцьвярджаюцца ва ўладзе, зьдзіраюць скуру з няшчаснага простага народу й насычаюцца амаль што крывёю грамадзянаў. У гэтых умовах прытупляюцца шчырыя й сумленныя якасьці добрых людзей, млява ўшаноўваецца дабрачыннасьць і ўзнікае меркаваньне, што ўзнагароды й пасады даступныя толькі тым, хто багаты і можа іх купіць.

Дабрачыннасьць, шаноўныя панове сэнатары, павінна зьвяртацца да самой сябе і яна сама па сабе зьяўляецца самай высокай узнагародай. Аднак ня многія маюць такі моцны характар, каб не падпарадкоўвацца выпадку, прымаць дабро й адмаўляць загану, вызначаць, што ёсьць дабрачыннасьць, а што - амаральнасьць. З другога боку, ніякае суперніцтва не зьяўляецца такім небясьпечным, як суперніцтва багатых і знатных грамадзянаў. Усімі сродкамі неабходна пазбавіцца ад яго, бо ў адваротным выпадку адбудзецца страшэнны раскол у грамадстве: адны - дабрачынныя й працалюбівыя, але не багатыя, другія - уладальнікі багатых маёнткаў якія маюць вялікую ўладу, але заганныя дармаеды. Да таго часу, калі такі раскол будзе існаваць у грамадзтве, ніякай трывалай грамадзянскай згоды, ніякага ўзаемаразуменьня паміж грамадзянамі ня будзе, бо няма нічога настолькі сьвятога й трывалага, што б не зьнявечыла й не зруйнавала бязьмежная прага багацьця. Гаспадар, які прыходзіць да ўлады і якому ўласьціва адзінае пачуцьцё - прага бязьмежнага асабістага ўзбагачэньня і ваеннай здабычы, які прагне авалодаць уласнасьцю сваіх грамадзянаў, звычайна ператвараецца ў пачварную прорву, якая паглынае ўсё, аднак ня можа здаволіцца й насыціцца.

Такім чынам, перш за ўсё неабходна пазбавіць караля магчымасьці задавальненьня свайго карысталюбства, не дазваляць, каб ён ладзіў публічны гандаль чынамі і пасадамі. Няхай Сэнат гэтую прарэгатыву возьме сабе, сам узводзіць ва ўсе чыны і званьня, прытым толькі тых, чые беззаганнасьць, працалюбства і адданасьць дзяржаве выпрабаваны, правераны ў справе, да таго ж, пытаньне гэта трэба вырашаць агульным галасаваньнем сэнатараў, а не з чыёйсьці волі. Мяркую, што знакамітым грамадзянам або сэнатарам неабходна забараніць каралю карыстацца без іх згоды дзяржаўнай скарбніцай, каб ён больш клапаціўся пра пажытак паспаліты, а не пра свае прыватныя інтарэсы.

Пара ўжо зразумець каралю, што дзяржаўная скарбніца Рэчы Паспалітай створаная дзеля агульнага грамадзкага дабра, абароны Айчыны, а не для раздачы грошай і маёнткаў тым грамадзянам, якія зьяўляюцца яго прыхільнікамі, а кароль гэтым фанабэрыцца; што дзяржаўная скарбніца створана на выпадак гранічнай патрэбы, а таксама для таго, каб ня загасла сапраўдная і заслужаная веліч караля. Зразумела, што многія грамадзяне сумленна набываюць сваё багацьце, стараньнем, руплівасьцю, працай павялічваюць асабістую ўласнасьць і ўласнасьць сваіх нашчадкаў. Кароль жа павінен перавышаць усіх у дзяржаве не багацьцем, ня золатам і срэбрам, а шматлікімі дабрачыннасьцямі і славутымі справамі. А паколькі добрая слава, незалежна ад волі караля, жыве вечна, ён павінен працаваць і старанна імкнуцца да таго, каб пакінуць пра сябе слаўную памяць, якую будуць шанаваць усе добрыя людзі. І памяць гэта набываецца не вялікімі маёнткамі, ня бляскам каштоўных каменьняў і прыгажосьцю шатаў, а працалюбствам, мужнасьцю, вялікадушнасьцю, дабрачыннасьцю, прастатой, высокароднасьцю. Дарэчы, усе гэтыя сьціплыя дабрачыннасьці зацяняюцца, калі карысталюбства - крыніца ўсіх заган - аблытвае чыйсьці розум. Трэба было б таксама вызначыць мяжу для каралеўскіх расходаў, каб кароль ня меў права дамагацца празьмернай раскошы і неабсяжных маёнткаў і ня траціў вялікія сродкі на нікчэмныя рэчы, не марнаваў тое, што павінна быць выкарыстана на неадкладныя патрэбы дзяржавы. Усе мы добра ведаем, што амаль усе грошы ў час уладараньня караля нябожчыка былі патрачаны на бескарысныя шматлікія табуны коней, конюхаў, фурманаў у той час, як ніводнае ваеннае ўмацаваньне, ніводная фартэца, якія былі пабудаваны на межах, не былі забясьпечаны належнымі гарнізонамі і прыпасамі, каб пасьпяхова абараніцца ад нападу ворагаў.

У выніку, значная частка Літвы (Вялікага княства Літоўскага - С.П.) апынулася пад чужой уладай і гэта адбылося не па прычыне моцы й мужнасьці ворагаў, а праз трухлявасьць фартэцаў, праз тое, што яны былі пазбаўленыя ваенных гарнізонаў, або празь недахоп харчоў у тых, хто абараняўся. Да таго ж, мне не вядома, якія храмы, якія збудаваньні, якія дамы былі ўзьведзеныя ў сувязі з калясальнымі расходамі караля. Я ня чуў, каб знайшоўся хто-небудзь з сэнатараў, які б быў узрушаны вялікімі тратамі грамадзкіх грошай і ганіў лёгкадумную безразважлівасьць караля мужным словам. Адсюль вынікае, што неабходна ў будучым прадугледзець, каб скарбнікі не распараджаліся грашыма на асабісты загад караля, але толькі з санкцыі сэнату, прычым выключна на неадкладныя патрэбы рэспублікі.

Не магу таксама ўмаўчаць аб тым, што, паколькі правасудзьдзе зьяўляецца вартавым грамадзкага спакою, кароль - які жыве ў безьдзейнасці й раскошы, пазьбягае цяжкасьцяў і цяжару судовых справаў; зь дня на дзень зацягвае і заўсёды адкладае іх - непазьбежна зьяўляецца прычынай бядотаў і няшчасьцяў тых, хто зьвяртаецца да яго па правасудзьдзе. Судовая валтузьня, зацягваньне разьбіральніцтва справаў у судзе апрача таго, што прыносіць страты грамадзянам і даводзіць іх да поўнай галечы, зараджае ў іх думку пра панаваньне ў нашай краіне беззаконьня, асабліва ў адносінах да простых людзей, а таксама пра беспакаранасьць злачынцаў. Адкажыце мне, шаноўныя панове сэнатары, якая судовая справа, якая цяжба, прадстаўленая ў якасьці апэляцыі каралю для тэрміновага разгляду, не адкладвалася "да заўтра", што б не адбылося?!

Як вядома, апэляцыя ў выпадку судовай несправядлівасьці павінна дапамагчы чалавеку дамагчыся правасудзьдзя, між тым, кожны, безумоўна, перакананы, што кароль, які ня любіць працаваць, ня будзе займацца ні чыёй судовай справай і пастараецца безконца яе зацягваць. Дык няхай жа ў справу ўмяшаецца закон, згодна якому кароль павінен даць абавязальніцтва, што ня будзе зацягваць разгляд любой судовай справы больш за тры дні, хутка прыме рашэньне й даб'ецца яго выкананьня. Той, хто абавязаны клапаціцца пра ўсіх, не павінен марнець у саромнай бязьдзейнасьці, пагарджаць пажыткам паспалітым, паважаць толькі людзей высокароднага паходжаньня. Мае рацыю Плятон, які лічыў, што кіраваньне дзяржавай гэта ахвярапрынашэньне, і як усе сьмяротныя залежаць ад самога Бога як ад вышэйшага дабра, так і кароль, які займае гэтую высокую пасаду, павінен зьяўляцца прычынай шчасьця й дабрабыту ўсіх. Як павінна быць прыемна й ганарова каралю, які ведае, што дзякуючы яго пільнасці абаронена жытло людзей, дзякуючы яго няспыннаму працалюбству захоўваюцца агульны спакой і штодзённыя справы людзей, дзякуючы яго намаганьням - вольны час ўсіх! У гэтым выпадку неабходна лічыць, што кароль сапраўды зьяўляецца намесьнікам несьмяротнага Бога на зямлі, бо падобна найвялікшаму хуткаму сьвяцілу - Сонцу, як піша Пліній, ён звычайна ўсё бачыць, ўсё чуе, усім дапамагае, усюды прысутнічае нязваны, быццам бы Госпад Бог. Між тым, да папярэдняга караля людзям вельмі цяжка было падступіцца, яго зачыненыя дзверы заўсёды атачаў натоўп; больш правільна было назваць караля вядомым Паліфэмам, які бавіцца ў сваёй пячоры, або пачварай, небясьпечнай для роду чалавечага, і цалкам відавочна, што наўрад ці праявіць сябе ў вайсковай справе той, хто ў грамадзянскіх справах не адзначаецца працалюбствам, вельмі марудлівы й лянотны. Той, хто стаіць на чале дзяржавы і дзеля бязьдзейнасьці не ахоўвае ... мір у краіне і свабоду народу, не абараняе са зброяй у руках ад ворагаў краіну, той - і гэта відавочна - рыхтуе Рэчы Паспалітай спусташэньне й загубу. Знаходзячыся на вяршыні ўлады і закінуўшы ўсе справы, ён рыхтуе краіне зьневажальную й нікчэмную долю. Шаноўныя панове сэнатары, Ваш абавязак зводзіцца да таго, каб знайсьці сродак пазбавіць дзяржаву ад гэтага няшчасьця, дабіцца, каб кароль, які будзе ўладарыць намі, быў абмежаваны пэўнымі рамкамі законаў, і калі ён будзе дрэнна выконваць свой абавязак, Ваш доўг і ў Вашай уладзе будзе прыцягнуць яго да адказнасьці. Бо ўсялякае невыкананьне й парушэньне законаў каралём наносіць дзяржаве шкоду, а ў Вашай агіднай лісьлівасьці, якая разбэшчвае розум караля і дае волю яго капрызам, насамрэч месьціцца крыніца ўсіх нашых бядотаў.

Пераклад з лацінскай мовы выкананы А.Я. Цукерманам і С.А. Падокшыным па выданню: Pisma polityczne z czasow pierwszego bezkrolewia. Wyd. S. Czubek. Krakow, 1906.