ДАКУМЭНТЫ |
Пра дзяржаўнага мужа і яго асабістыя дабрачыннасьці РАЗЬДЗЕЛ ІV Жаніцьба дзяржаўнага мужа. Шлюбная вернасьць і цнатлівасьць Сьвятое Пісьмо гаворыць, што чалавек любога званьня павінын заўсёды паважаць шлюб і нічым не паганіць шлюбнае ложа. Блюзнерам і блудадзеям Сьвятое Пісьмо пагражае страшным судом. I дзяржававодцу, які беражэ сьвятыя повязі шлюбу, належыць весьці цнатлівае й сьціплае жыцьцё. Тады чалавека ня будзе мучыць сумленьне, а ягоная душа займее вялікі спакой. Дзяржаўнага мужа прыклад змусіць і іншых выконваць свой абавязак, дапаможа ім стрымліваць сябе ад пажадных імкненьняў і пазьбягаць усякай нечысьці. Кожная душэўная загана бачыцца людзям тым большай, чым вялікшым лічыцца той, хто грашыць. Цяжкасьць такіх грахоўных учынкаў абумоўлена тым, што ўсьлед за прынцэпсам захочуць саграшыць і многія іншыя, бо ён жа ня лічыць падобнае дзеяньне злом і не пакідае за сабой аніякай магчымасьці караць за гэта астатніх. Дзяржававодцу неабходна ўсяляк пазьбягаць пачуцьцёвых асалодаў і асабліва працівіцца п'янству, якое лёгка зацягвае чалавека ў багну поскудзі, пазбаўляе п'яніцу розуму і стрымгалоў кідае на ўсё недазволенае. Паводле сьвятога Гераніма, страўнік, разгарачаны віном, хутка распальвае жаданьні. Таксама і Хрызастом сьцвярджае, што чорту нічога так ня міла, як п'янства і разбэшчанасьць. Ад іх усё зло. 3 гэтай прычыны рымляне, сьведчыць Валерыюс Максымус, забаранялі жанчынам піць віно каб тыя не скаціліся ў якую-небудзь распусту. Сапраўды, наступны крок ад нястрыманасьці, якую спараджае бацька Лібер, вядзе ўжо, звычайна, да недазволеных любошчаў. Кожная жанчына, што занадта цягнецца да віна, зачыняе дзьверы добрым учынкам і адчыняе паганым. Калі жонка ўсё робіць з любоўю, то гэта і ёсьць для яе найкарацейшая пуцявіна да цнатлівасьці й маральнай чысьціні. А як хто ўзурпуе сабе вольнасць парушаць гэтую цнатлівасьць і давер, дык лёгка абудзіць юрлівасьць жонкі і адчыніць акно для блюзнерства. Яна будзе лічыць, што за крыўду, якую прычыніў ёй муж, апошні павінны атрымаць заслужаную кару. Менавіта яна сама кідаецца ў недазволеныя повязі й вязне ў той жа распусьце, якой апаганіў сябе муж. Значыцца, калі хочаш мець жонку чыстую, беззаганную, то і сам будзь чыстым і беззаганным. I зусім справядліва, калі муж патрабуе ад жонкі таго, што яна атрымлівае ад яго. У дабрачынстве ён павінны быць наперадзе жонкі. Непрыстойна мужу, як трапна сьцьвярджае Аўгустын, дамагацца ад жонкі перамогі там, дзе ён сам быў зьбіты ўдарам любоўнай страсьці і вось так, пераможаны, застаўся ляжаць. Паводле таго ж Аўгустына, блудадзей заслугоўвае тым большай кары, чым болей значным быў яго абавязак як мужа перамагаць жанчыну сваім дабрадзействам і кіраваць ёю праз свой прыклад. Боская воля наконт гэтага даволі ясна абвешчана голасам апосталаў. Няхай жа мужчыны пад яе я захады, каб яго абраньніца не вылежвалася, не займалася пустымі забавамі або нудзілася без усялякага занятку. Няхай яна заўсёды мае час для высакародных заняткаў адпаведна зь яе годнасьцяй. Мужу патрэбна паклапаціцца аб тым, каб жонка не зналася з распуснымі жанчынамі і мужчынамі, якімі паўсюдна кішаць палацы. Пасьля працы людзі схільныя да любошчаў. Таму неабходна пазбягаць усяго, што можа распаліць у жанчыне агонь жарсьці. Празьмерна яркае адзеньне, адмысловыя ўпрыгожаньні, бляск золата й срэбра ўзрушаюць адчувальныя натуры. Дый многія лічаць, што сваім раскошным убраньнем жанчына хоча дамагчыся толькі аднаго: спадабацца мужчынам, прытым у колькасьці як мага большай, і абудзіць іхнія жаданьні. Як справядліва гаворыць сьвяты Цыпрыян, жанчыны, апранутыя ў шоўк і пурпур, ня могуць сумленна прыняць Хрыста, таксама як жанчыны, што аздобілі сябе жэмчугам і бранзалетамі, трацяць прыгажосьць розуму й сэрца. Таму сьвяты Пётра ад усёй душы раіць, каб жанчыны ўпрыгожвалі сябе не прычоскамі, ня золатам, не раскошным адзеньнем, а чалавечнасьцю, скрытай у самім сэрцы. Прыгажосьць жанчыны ў беззаганнасьці яе пяшчотнай і ціхай натуры. Вось гэта якраз і мае вартасьць перад Богам. Бэрнардус гаворыць, што клопат пра пекнасьць уласнага цела будзе недастатковы, калі не дасканаліць свой розум навукаю дабрадзейства. Разбэшчанасьць адзеньня азначае духоўную разбэшчанасьць. Сёньня амаль ва ўсіх народаў раскоша адзеньня жанчын дасягнула агромністых памераў. Здаецца, што за хвастамі і шлейфамі цягнуцца ўсе багацьці. У гэтым пачварным адзеньні рэдка можна стрэць сьціплую жанчыну, бо апранаецца яна для спакусы, а не для чалавечай патрэбы. Аднак гэта не значыць, што жанчынам трэба забараніць усялякія ўбраньні. Жанчыны, асабліва жонкі дзяржаўных мужоў, могуць паяўляцца ў элегантным адзеньні адпаведна свайму саслоўнаму статусу. Галоўнае, каб яны прытрымліваліся залатой сярэдзіны і каб усё было ў меру. Жанчыны павінны ведаць, што іх упрыгожвае найбольш сьціпласьць, прыстойнасьць, маральная чысьціня, памяркоўнасьць, а таксама жаданьне быць вернай мужу. I калі ў свой час гэтымі дабрачыннасьцямі стараліся вызначацца паганскія жонкі, то яшчэ больш такое адносіцца да хрысьціянскіх жонак. Яны павінны рашуча адмаўляць усялякую разбэшчанасьць і быць для астатніх людзей узорам цнатлівых і сьціплых паводзінаў. Лукрэцыя, пацярпеўшы царскае насільле, усё ж адчувала, што ў згвалчаным целе розум яе заставаўся чыстым і непарушным. Аднак яна лічыла, што загубленая нявіннасьць загубіць усё, і таму сама абрала сабе сьмерць. Лукрэцыя не магла раўнадушна пераносіць зьнявагу, якая ўчынілася над ёй. Ёсьць многа іншых падобных цнотных жанчын. Яны без ваганьня гатовыя былі прыняць сьмерць, толькі б не паддацца сарамотнаму насільлю пажаднасьці. Для такіх жанчын цнота і людзкая хвала гэтай цноты мелі намнога большую вартасьць, чым доўгае, але ганебнае жыцьцё. Хай бы і ў наш век жонкі хрысьціянскіх валадароў імкнуліся да гэтакай славы! Хай бы і яны, успрымаючы шлюбную нявернасьць як самае агіднае злачынства, усяляк пазбягалі той брыдоты і катэгарычна адмаўляліся ад цялесных асалод, якія лёгка вядуць да разбэшчанасьці! РАЗЬДЗЕЛ V Самае важнае для дзяржаўнага мужа - гэта быць справядлівым. Справядлівасьць - найцудоўнейшая вартасьць з усіх дабрачыннасьцяў Усе свае дзеяньні прынцэпс павінны скарыстоўваць для такіх мэтаў, каб у выніку жыцьцё яго было прыгожай гармоніяй дабрачыннасьцяў. I мне здаецца, што першае месца належыць тут справядлівасьці. Сапраўды, калі чалавек справядлівы, то гэта адно ўжо дае нам падставу называць яго добрым і сумленным. Сутнасьць справядлівасьці заключаецца ў наступным: ніхто нікому не павінны чыніць зла, і кожны павінны ўсяляк дапамагаць тым, хто мае ў гэтым патрэбу. Называцца дабрадзеем па праву можа чалавек, які ў такіх адносінах найвыбітнейшы. Менавіта ён нікому ня робіць кепства і з гатоўнасьцю дапамагае людзям. Калі грамадзяніну не забараняецца мець сваё і прытым цалюткае дабро, калі шчасьце адных не здабываецца ў выніку няшчасьця іншых, то і само грамадзтва захаваецца ў добрым, цывілізаваным стане, а між усімі станамі ўсталююцца мір і спакой. Людзі, якія прагнуць багацьцяў і трацяць іх затым на ўзьвядзеньне дарагіх палацаў альбо на шыкоўнае жыцьцё з усімі асалодамі ды яшчэ выхваляюцца сваёй раскошай, ня так лёгка могуць устрымацца ад прычыненьня зла іншым. Хцівымі рукамі яны часта квапяцца на дабро сваіх падвасальных. Скнарлівасьць, палымнеючы жаданьнем займець як мага больш, поўніць сьляпы чалавечы розум сьвербам дацягнуцца да чужога дабра, і тое, што створана працай іншых, зрабіць сваёй уласнасьцю. Вось так чалавек забывае пра сваю чалавечую годнасьць і ператвараецца ў дзікага звера, які люта разьдзірае грамадзянскую супольнасць, дзе людзі знаходзяцца ва ўзаемнай сувязі. Дзяржаўцу належыць усяляк процістаяць гэтай чуме , ня толькі не рабіць зла другім, але і стрымліваць хцівасць сваіх пракуратараў, якія загадваюць ягонай маёмасьцю і вядуць ягоныя справы. Той, хто можа прадухіліць несправядлівасьць, але нічога не робіць, вінаваты ў такой жа меры, калі б ён сам рабаваў дабро грамадзянаў і пустошыў іхнія багацьці. Дзяржававодцу трэба пазьбягаць ляноты і бязьдзейнасьці, бо менавіта яны перашкаджаюць яму выслухоўваць скаргі прыгнечаных. Калі ж тыя скаргі дойдуць да ягонага слыху, то ён павінны быць да людзей справядлівым. Патураньне і паблажлівасьць садзейнічаюць яшчэ большаму свавольлю гвалтаўнікоў. Пастыра, які дазваляе рваць бедных авечак, спасьцігне Божая кара. Прынцэпс не павінны быць пад уплывам любові або нянавісьці там, дзе патрабуецца хутка й дзейсна абараніць слабых ад несправядлівасьці. Хай не баіцца затрат, каб адстаяць невінаватасьць невіноўных і справядлівай карай прадухіліць гвалтоўніцтва, што чыняць ліхадзеі. Дзяржаўцу трэба ўсьведамляць, што ён нарадзіўся не для сваіх выгодаў, а для паспалітага дабрабыту дзяржавы. Гэтай мэце няхай паслужаць усе ягоныя багацьці. Кожны век слаўны многімі асобамі, якія вызначыліся сваёй дабрачыннасьцю. Дзеля бясьпекі айчыны яны ахвяравалі сваімі багацьцямі, бо лічылі, што са згубай дзяржавы яны страцяць таксама і сваю маёмасьць. Дурнем называе Цыцэрон таго чалавека, які, загубіўшы дзяржаву, спадзяецца зьберагчы свае садкі. Толькі цэлая і непарушная дзяржава здольная абараніць уласнасьць грамадзяніна, і, наадварот, калі не ўберажэш дзяржаву, то не ўберажэш і сваю ўласнасьць. Цыцэрон лічыць, што чалавек, які дзеля магутнасьці Айчыны, дзеля бясьпекі й росквіту дзяржавы гатовы кінуцца ў пашчу самай лютай небясьпекі, заслугоўвае вялікай пахвалы. Такі чалавек сапраўды дзейнічае вельмі разумна. Цыцэрон гаворыць, што аніводная з усіх грамадзянскіх супольнасьцяў не зьяўляецца настолькі важнай і дарагой нам, як дзяржава. I за Радзіму сваю многія без усялякіх ваганьняў ішлі на верную пагібель. Гэтакім быў якраз Кодрус, такімі былі дочкі Эрыктэя. Дзеля жыцьця сваіх суайчыннікаў усе з гатоўнасьцю абралі сьмерць, якую вінны былі прыродзе, але аддалі пераважна за шчасьце народу. Слаўнага найменьня "справядлівы" заслугоўвае чалавек, які імкнецца захаваць непарушнасьць айчынных устанаўленьняў, законаў і ніякаму нахабніку не дазваляе пераступаць гэтыя нормы, паколькі яны - аснова бясьпекі дзяржавы. А між тым ёсьць людзі, якія з абурэньнем успрымаюць усякае абмежаваньне сваіх жаданьняў з дапамогаю цугляў закону і як толькі мага спрабуюць пазбавіцца гэтых абмежаваньняў. Быццам незакілзаныя коні, яны памыкаюцца ў розныя бакі і гатовыя парваць усё, што стрымлівае іхнія вычвары. Асабліва неабходна берагчы законы, якія, быццам прошва, мацуюць мір і спакой у дзяржаве. Законы выдаюцца на аснове ўсеагульнага ўхваленьня. Яны скіраваныя ўсе на тое, каб людзі жылі між сабою ў ціхай згодзе й былі свабодныя ад усялякага страху. Калі ж цуглі, якія стрымліваюць разбэшчаныя памкненьні людзей, адпушчаны ўжо настолькі, што адны абыходзяцца з іншымі паводле сваёй прыхамаці, то гэта ўжо не дзяржава, а якаясь суполка жывадзёраў ці нейкае скопішча зьвяроў, дзе мацнейшыя жаруць слабейшых. Абавязак дзяржаўцы - супраціўляцца вераломству, наколькі стае моцы, і рабіць усё магчымае, каб адстаяць аўтарытэт закону. Дзяржаўцы трэба рупіцца таксама і аб захаваньні даверу між людзьмі. Некаторыя вучоныя зусім слушна лічаць давер фундамэнтам справядлівасьці. Ня будзе сумленнага міру й супрацоўніцтва паміж людзьмі, калі ў іх разыходзяцца словы й справы, калі гэтыя людзі спрытна меньцяць языком, ніколі не турбуючыся пра давер да сваіх словаў. Нездарма ж рымляне хацелі, каб у Капітоліі Вера знаходзілася побач з усемагутным Юпітэрам. Падобна таму як Юпітэр апякае ўвесь род чалавечы, гэтак жа і вера сваім дабрачынствам аберагае дзяржаву. Або, гаворачы словамі паэта:
Міру бязь веры ня знае зямля і ня ведае мора, Цыцэрон кажа, што парушэньне дамовы - злачыннае, шкоднае дзеяньне, 6о давер - гэта само жыцьцё. Для дзяржаўнага мужа надзвычай ганебным будзе такі стан рэчаў, калі яго выказваньням й абяцаньням ніхто не дае аніякай веры і калі ён сваімі ўчынкамі паказвае, што гаворыць адно, а думае нешта іншае. Такога дзяржаўцу людзі абсыпаюць кпінамі й насьмешкамі. Пра яго ўсюды гавораць так, як пра аднаго ашуканца: няхай тваю асобу хваліць той, хто цябе ня ведае. РАЗЬДЗЕЛ VI
Шчодрасьць - найвялікшая вартасьць Мы ўжо гаварылі, што згодна зь першай адметнасьцю дабрадзейства чалавек чалавеку не павінны чыніць зла і любымі сродкамі ўтрымліваць кожнага, хто б ён ні быў, ад несправядлівасьці да іншых. Другая норма - неабходнасьць рабіць дабро. Гэтая норма суадносіцца з рознымі патрэбамі людзей і ёсьць у пэўным сэнсе праяўленьне сутнасьці Бога. Сапраўды, людзі нічым так не набліжаюцца да Бога, як добрымі справамі ў дачыненьні да бліжніх. Усё, што існуе пад небам, створана, увогуле, дзеля той мэты, каб ім карысталіся людзі. Будзе зусім натуральна, калі з гэтых багацьцяў чалавек нечым адзьдзячыць Богу і большую частку таго, чым ён валодае, сумленна ахвяруе на ўслаўленьне Усявышняга. Неабходна, каб і дзяржаўца стараўся будаваць храмы для адправы сьвятой імшы. На чале храмаў няхай паставіць здольных біскупаў, якія будуць настаўляць народ. Вось так дзяржававодца прывучыць сваіх падданых пець вечную хвалу Богу. А дзе набажэнства аказваецца ў выгнаньні, дзе Боскаму не аддаецца належнай увагі і пашаны, дык тое месца мусіш назваць, хутчэй, логавам гігантаў і царствам беспрасьветнай цемры, чымся жыхарствам людзей, што надзеленьг розумам. Закладзенае Богам адрозненьне паміж дзікай жывіной і чалавекам складаецца найбольш з таго, што жывёлы жывуць толькі дзеля чэрава і думаюць толькі пра жыцьцё ў сучасьсі, а чалавек, надзелены розумам, павінны думаць таксама і пра будучае жыцьцё і ўсяляк імкнуцца заслужыць сабе нябеснае аселішча. I кожны раз, калі ён чуе пяяньне, якое праслаўляе Бога, то няхай далучыць і свой голас да малітвы пабожных і вернікаў. Няхай тады знае, што ён узьняўся ўжо да зорак і, вызваліўшыся ад гэтага тленнага жыцьця, знаходзіцца ў царстве блажэнных нябесных духаў. Апостал вучыць, што наша вечнае жыццё - на нябёсах. Адтуль мы чакаем Госпада нашага Ісуса Хрыста. Зьвязаныя зь ім сапраўднаю верай, мы спадзяёмся на прыстанак у сьвятым нябесным улоньні. Там сапраўды залог нашай спадчыны. Дык няхай жа.прынцэпс не вагаючыся робіць ахвяраваньні на тое, што на нябеснай Бацькаўшчыне прынясе багаты ўраджай. Вобраз гэтага існуе тут, сярод нас, каб даносіць да сьвядомасьці кожнага весткі пра будучае мястоўе нашага неўміручага дапаўненьня. Адначасова хай не забывае дзяржаўца і пра зямное бытаваньне і ўзводзіць раскошныя пэнаты, якія адпавядаюць ягонаму пасаду і званьню. Пры гэтым няхай паўсюдна прытрымліваецца высакароднай элегантнасьці будовы і адхіляе ўсё нячыстае, а таксама праяўляе шчодрасьць, вартую сваёй пэрсоны. Яму трэба набыць вялікую колькасьць кнігаў самых разнастайных ведаў, бо менавіта кнігі складаюць галоўны скарб дзяржаўнага мужа. Дый нічога не ўпрыгожвае так ягоную асобу, як глыбокія размаітыя веды. Надзвычай важна аздобіць розум навукай чулага натуральнага абыходжаньня зь людзьмі. Няхай усім гарантуецца доступ да яго, а ўваход хай не асаджае натоўп, які не атрымаў аўдыенцыі. Але найбольшую міласэрнасьць і спагаду неабходна праяўляць да людзей, якія маюць у гэтым патрэбу, менавіта да абяздоленых і пакрыўджаных. Як бы расчыніўшы багатую камору, хай нясе палёгку тым, хто церпіць нэндзу і пазьбягае ўсялякай скнарлівасьці. Ганебны, агідны і нават бязбожны ўчынак зробіць той, хто, быццам аглухлы, пройдзе міма жабрака і не дапаможа яму хоць бы крыхай свайго замкнёнага дабра. Няхай Эўкліёны гэтыя трымаюцца далей ад раскошных палацаў і хаваюцца ў бедныя хаціны, калі яны шкадуюць грошай, і, нібы тыя драконы, што седнямі сядзяць на золаце, ня думаюць нават аб ахвяраваньнях на супольныя патрэбы людзей. Сапраўднай пахвалы і славы надзейнага вешчуна ўсяго добрага заслугоўвае прынцэпс, які аказваецца шчодрым у прыстойных дзеях, які жвава і хутка гатовы дапамагчы кожнаму чалавеку ў ліхую гадзіну. Такім зьяўляецца той, хто выкупляе ў бандытаў палонных, аплочвае даўгі сяброў, дапамагае выдаваць замуж дачок, садзейнічае ў набыцьці або павелічэньні маёмасьці. Многія, аднак, у сваёй шчодрасьці ня ведаюць меры і растачаюць атрыманы спадак. Такім марнатраўцам належала б добра памятаць прыказку: шчодрасьць ня мае дна. Дык няхай жа яны пільнуюцца і не пераступаюць мяжы, каб іх не папракнулі ў дурасьці, празь якую аднойчы ніхто з гэтых, як трапна заўважыў Цыцэрон, ужо не зможа рабіць тое, што з такой ахвотай рабіў. Гулякі і абжоры, якія ўлагоджваюць толькі сваё чэрава, не заслугоўваюць пахвалы ў шчодрасьці. Праўда, самі яны лічаць сябе вартымі гэтай славы, нягледзячы на тое, што сваімі папойкамі й баляваньнямі паглынаюць усю спадчыну, а затым аказваюцца ў вялікай нястачы. Вартае ўхвалы толькі маральнае. Усялякае марнатраўства - гэта ўвогуле такая ж самая загана, як і зладзейства, рабунак або незаконнае авалоданьне чужой маёмасьцю. У нашым народзе неабходна сурова ганіць і разглядаць як вельмі цяжкае злачынства дзеяньні асоб, якія нават пры сярэд-нім дастатку заводзяць сабе вялікую колькасьць абслугі, рознай чэлядзі і ня могуць затым са сваіх гадавых даходаў пакрыць затраты, што мусілі рабіць для набыцьця ежы і адзеньня. Таму яны або распрадаюць свае ўладаньні, або залазяць у даўгі. I ня столькі іх любяць тыя, каму яны далі, колькі ненавідзяць тыя, у каго яны ўзялі. Як казаў той комік, гэтыя крэдыторы за сваё крэўнае павінны яшчэ цярпець страты. Таму і называюць яны такіх даўжнікоў рабаўнікамі, паколькі апошнія ня могуць вярнуць ім пазычанае. А гэта ж вялікая несправядлівасьць. Вось чаму дзяржаўцу трэба ўсяляк пазьбягаць такой заганы, калі ён хоча мець добрую славу і сапраўды хвалёнае імя. Усё гэта паходзіць толькі ад дабрачыннасьці. РАЗЬДЗЕЛ VII
Дзяржаўцу Вельмі важна таксама, каб дзяржаўца быў мужным. У цяжкіх і складаных абставінах мужнасьць не дазваляе быць баязьлівым і маладушным. Гэтая дабрачыннасьць робіць дзяржаўнага мужа настолькі адважным, што ён не пабаіцца сьмерці, калі барацьба за справядлівасьць патрабуе ахвяраваць сабой. Ён будзе лічыць, што нарадзіўся хутчэй для славы, чым для жыцьця. Як сказаў некалі мудры аратар, уцёкі ад сьмерці горш за ўсякую сьмерць. Куды больш годная сьмерць за Радзіму, чым сьмерць як даніна прыродзе. Вось чаму ставяць велічныя помнікі, выключна ўшаноўваюць тых, хто дзеля ўратаваньня Айчыны й дзеля яе бясьпекі былі гатовыя ахвяраваць сабою, рынуцца ў гушчу ворагаў і загінуць ад ранаў слаўнаю сьмерцю. У творах старажытных пісьменнікаў ёсьць многа прыкладаў надзвычайнай мужнасьці. Адзін з такіх прыкладаў заслугоўвае асаблівай увагі. Гэта ўчынак Муцыя Сцэволы. Юнак аднойчы прабраўся ў лягер цара Парсэны, каб забіць яго. Аднак заместа цара забівае пісарчука. Караючы сябе за памылку, Муцый сунуў руку ў вогнішча і стаў яе падпякаць. Не зважаючы ні на якія пагрозы, ён сказаў цару, што рымляне нанава кінуць жэрабя і зноў будуць гатовыя на ўсё. Парсэна быў у захапленьні ад мужнасьці Сцэволы. Разам з тым цара ахапіў такі страх за сваё жыцьцё, што ён зьняў асаду горада і вярнуў рымлянам спакой і мір. Такім жа мужным і адважным быў Валерыюс Коклес. Ён адзін, знаходзячыся на мосьце, стрымліваў націск этрускаў да таго часу, пакуль мост не разбурылі з тылу. Валерыюс скочыў затым у Тыбар і цалюткі вярнуўся да сваіх. Дый ці можна пералічыць бясконцае мноства іншых прыкладаў мужнасьці, калі ніякі страх сьмерці ня здолеў запыніць чалавека ў яго змаганьні за свабоду Радзімы? Сіла духу й высакароднасьць такога чалавека выклікаюць у сэрцах іншых людзей вялікае захапленне. I наадварот, жаночая расьпешчанасьць, маладушша пры небясьпецы накладваюць на чалавека ганебнае кляймо, зьневажаюць і няславяць яго імя. Але ня толькі ў ваенных справах баязьлівасьць і нерашучасьць заслугоўваюць ганьбавання. У грамадзкіх справах, а таксама ў спрэчках, якія даводзіцца весьці ў інтарэсах дзяржавы, патрабуюцца мужнасць і вы-сакароднасьць, каб перашкодзіць намерам каварных людзей. Толькі мужныя й смелыя дадуць рашучы адпор ліхадзеям, што задумалі прычыніць Радзіме зло. Як піша Плутарх, Дэмасфен зусім правільна сказаў, што кіраваць дзяржавай, настойліва змагацца за яе дабрабыт - справа надзвычай нялёгкая. Калі б толькі ён спачатку ведаў аб тых нягодах, якія мусіў сам перанесьці! Прапанавалі б тады яму дзьве пуцявіны, зь якіх адна вядзе на трон, а другая ў магілу, дык ён без усялякіх ваганьняў выбраў бы апошнюю. Калі пагражае небяспека, то ад дзяржаўнага мужа патрабуюцца хуткае й сьмелае мысьленьне, найвялікшая стойкасьць і вытрымка ў пераадоленьні цяжкасьцяў. Нельга, каб у складаных абставінах ён заставаўся бязьдзейсным і яго волю надламаў страх. Яму трэба праявіць найвялікшую руплівасьць у забесьпячэньні супольнай свабоды, бо менавіта ён яе галоўны абаронца. Калі ж прынцэпс дазваляе парушаць і падрываць свабоду, то ён дрэнна памятае пра свае абавязкі. У гэтым выпадку яго трэба лічыць амаль што здраднікам сваёй Айчыны. I нават боязь абняслаўленьня з боку якіх-небудзь злосьнікаў не павінна ўтрымліваць яго ад уласных намераў і клопатаў аб айчынным дабрабыце. Сапраўды, чалавек праз любоў да Бацькаўшчыны можа цярпець ня толькі бясчэсьце, але таксама ісьці на сьмерць. Ва ўсіх цяжкіх і складаных сытуацыях дзяржаўцу трэба мець такую непахісную волю, каб і посьехі не маглі вывесьі яго са звычайнага душэўнага стану. Як бы там ні паварочвалася фартуна, у яго заўсёды хай будзе тая ж вытрымка, тое ж аблічча, тое ж чало. А некаторыя людзі аказваюцца настолькі недалёкімі, што дастаткова фартуне аднойчы ўсьміхнуцца ім, як тут жа яны робяцца фанабэрыстымі, пыхлівымі. Пагарджаючы іншымі, такія ганарліўцы лічаць сябе вышэй за ўсіх. Чалавека з моцнай воляй не саб'юць з панталыку ўсялякія зьмены. Ён ня будзе надаваць асаблівага значэньня рэчам, што прыемна казычуць сэрца. Цыцэрон сьцьвярджае, што багацьце любіць пераважна вузкі, абмежаваны розум. Няма нічога больш высакароднага й велічнага, чым ставіцца з пагардай да грошай, калі іх у цябе няма, і скарыстаць іх на дабрадзейства і ўсялякі датак, як толькі яны ў дябе ёсьць. Вядома, гэтыя дабрачыннасьці праяўляюцца ва ўзьнёслым, велічным розуме. I калі бачна, што чалавек на працягу ўсяго жыцьця робіць дабро, то людзі заўсёды будуць хваліць і славіць яго імя. То няхай жа пастараецца прынцэпс быць чалавекам, якога нішто не запалохае, не застрашыць. Хай не дазваляе, каб ім авалодаў адчай і роспач у такой меры, што ў смутную гадзіну няшчасьце цалкам забярэ ў яго розум. Каб лютасьць, узяўшы верх над разважнасьцю, не прывяла дзяржававодцу да беззаконьня, каб ілюзорная мужнасьць не ўвяла дзяржаўнага чалавека ў зман, у яго чыннасьцях не павінна быць саманадзейнага легкадумства, жаданьня сутыкнуцца з небясьпекай, а таксама буйной, няўрымслівай адвагі. Проста дзіва, што вельмі многія людзі, апанаваныя імпэтам непамяркоўнага розуму, кідаюцца ў любую небясьпеку і самі ж губяць сябе. Свавольнікі, адурманеныя хмелем, распачаўшы міжусобіцы і з п'янага глузду рынуўшыся ва ўзаемную разню і кровапраліцьце, ня маюць падставаў належаць да суполкі нармальных людзей. 3 поўным правам іх можна аднесьці да гайні дзікіх зьвяроў. Плябеі і зламысьнікі, што даходзяць да гэтага шаленства, заслугоўваюць кары і астрога. Дзяржаўца ж павінны усяляк стрымліваць сябе ад неразумнага ліхацтва і зачынаць бітву толькі дзеля сумленнай і высакароднай мэты. Ёсьць, зразумела, і многія іншыя дабрачыннасьці, што ўпрыгожваюць дзяржаўнага мужа. Аднак і тыя, пра якія тут гаварылася, авеюць імя яго неўміручай славай, і за людзкое шчасьце вячыстая будзе яму хвала. Пераклаў з лацінскай Уладзімір ШАТОН. Паводле: Спадчына 1991, №6 і 1992, №1 |