ДАКУМЭНТЫ

Пра дзяржаўнага мужа і яго асабістыя дабрачыннасьці

Андрэй Волян

Самаму знакамітаму і шляхетнаму, дабрачыннаму і пабожнаму пану Пятру Гарайскаму з Гараяў, вартаму найглыбокшай пашаны

Калі ты, яснавяльможны і шляхетны пане, прыехаў на Літву і, знаходзячыся ў гасьцях славутага Георгія Радзівіла, паводле Боскага наканаваньня ўзяў шлюб з найвысакароднай жанчынай, яго аўдавелай сястрой, то я вельмі радаваўся, што прысутнічаў пры гэтым і ў нейкай меры садзейнічаў тваім добрым імкненьням. Паводле ўласьцівай табе добразычлівасці і выключнай гуманнасьці ты быў настолькі ласкавы, што, вяртаючыся назад у Польшчу, пажадаў завітаць да мяне і пабываць у маіх пэнатах. Калі я зазнаў у тым часе плён вельмі прыемнай блізкасьці, калі зьведаў тваю дабрачыннасьць, пабожнасьць, вучонасьць і мудрасьць, то вырашыў адзьдзячыць такому вядомаму чалавеку нечым большым і пакінуць табе нейкі сталы залог як знак маёй любові й пашаны.

І тут надарыўся даволі зручны выпадак, які ўзмацніў тое вялікае жаданьне засьведчыць табе маю самую шчырую прыхільнасьць. Як вось думаю і разважаю аб ўласцівасьцях, якімі павінны валодаць знакаміты дзяржаўны муж дзеля добрай славы найменьня свайго, то ў табе якраз бачыцца мне ўвасабленьне ўсіх дабрадзейнасьцяў. І гэта ў такой меры, што магу сказаць: ты зьяўляесься ўзорам таго прынцэпсу, зь якога неабходна браць прыклад. Зыркім сьвятлом праменіць твая выключная набожнасьць і твая любоў да сапраўднай рэлігіі. Найболей ты рупісься пра тое, каб у тваіх уладаньнях гучала сапраўднае слова Эвангельля і каб тое вучэньне й сьвятасьць былі ў сэрцы пастыраў, якія ня ўводзяць народ у зман і не жывуць разбэшчаным жыцьцём, поўным гнюснасьці й злачынстваў.

А што сказаць пра тваю дасьведчанасьць у справах рэлігіі, пра пазнаньне ўсіх мастацтваў, набытае вялікай працай і незвычайным талентам за час вучобы ў знакамітых акадэміях Нямеччыны, Італіі, Францыі. Сярод знаці нашага народу лічысься ты першым і чаруеш кожнага сваёй вучонасьцю. На публічных дыспутах аб дзяржаве прысутныя ўхвалялі твае глыбокія думкі і адразу ж пагаджаліся з імі, бо іншае было б тут недарэчным. Усе ў адзін голас сьцвярджаюць, што ў цябе і розум, і талент,а ў другіх - адна толькі шматслоўнасьць. Народ з жаданьнем слухае тваё слова і гатовы ісьці за табою, куды паклічаш.

У сьвядомасьці людзей закладзена пачуцьцё справядлівасьці і прыстойнасьці, і яны імкнуцца да таго, хто ў гэтым больш дасканалы. Чалавек, апынуўшыся ў коле тваіх знаёмых, падтрымлівае з табою пастаяннае сяброўства. Пад уздзеяньнем чараў тваёй асаблівай гуманнасьці ён заўсёды адчувае да цябе прыхільнасьць.

Павага да дзяржаўнага мужа ў значнай ступені залежыць ад яго пабожнасьці й сьціпласьці ў сямейным жыцьці. І ты ў часе першага шлюбу жыў, як сьцьвярджаюць, так, што нічога аніколі не абясславіла твой дом. Сваё патомства імкнешся выхоўваць у такой манэры, што яму ўласьцівыя прыстойнасьць, сьціпласьць і адметная пабожнасьць. А якая цнатлівая, памяркоўная й пабожная твая другая жонка зь сям'і Радзівілаў! Здаецца, што гэтая паўбагіня ўвасабляе ў сабе ўсё жаноцкае хараство.

Я ўжо не кажу пра тваю шчодрую й дабрадзейную руку, гатовую хутка і неадкладна дапамагчы кожнаму, хто мае ў гэтым патрэбу. Ты нібы толькі і скіроўваеш свае намаганьні на тое, каб рабіць усім дабро. Кожнага вабіць твая бязмежная веліч, непахісная сіла мысленьня, пастаянная вытрымка пры ўсіх зьменах лёсу. У адзін голас цябе хваляць усе і ўзносяць аж да нябёсаў. І, бадай, няма такой дабрачыннасьці, для дасягненьня якой ты не праявіў бы найвялікшага стараньня й працавітасьці. Ты дасягнуў такой высокай чысьціні й высакароднасьці духоўнага складу, што ў цябе няма нічога грубага. Уся твая дзейнасьць сьведчыць толькі пра найвялікшую бездакорнасьць уласнага жыцьця. Гэта якраз і ёсьць, на маю думку, тыя дабрачыннасьці, якія ўзьнімаюць дзяржаўнага мужа і кожнага знатнага чалавека на вяршыню яшчэ большай пашаны і праз якія ён будзе варты пахвалы на цэлыя вякі. Таму я палічыў неабходным напісаць кнігу, у якой прапаную зусім пэўны вобраз сапраўднага прынцэпсу і паказваю тым, хто знакамітага роду, слушны шлях да яшчэ большага ўшанаваньня іхняга імя.

Але перш за ўсё табе, вялікі асілак, я прысьвячаю гэты невялічкі твор, каб ты ў ім бачыў самога сябе, нібы ў люстэрку. Іншым я даводжу да ведама, што яны павінны ладзіць сваё жыцьцё адпаведна гэтаму ўзору, калі хочуць зьберагчы добрую вядомасьць найменьня свайго й заставацца ва ўлоньні найвышэйшых пахвал.

Я малю ўсемагутнага Бога, каб ён ашчасьціў твой новы шлюб, увянчаўшы яго сваім Боскім дабраславеньнем, і каб з Боскае ласкі патомства тваё квітнела на многія гады.

Адпраўлена з уласнага маёнтка ў Біюцішках дня 1 месяца жніўня, года божага 1605.

З найвялікшай павагай
слуга твой
Андрэй Волян
каралеўскі сакратар

РАЗЬДЗЕЛ І

Гэта вялікі дар Божы, калі пашчасьціла каму- небудзь нарадзіцца прынцэпсам ці паходзіць са знатнай сям'і.

Творца прыроды Бог так стварыў існуючы род сьмяротных, што ўсе нараджаюцца, зьяўляюцца на сьвет і пачынаюць дыхаць паводле аднаго й таго ж закону, з адным і тым жа лёсам. Кожнага чакае тленнае, поўнае нягодаў жыцьцё. І, бадай што, вялікая доля чалавечага шчасьця дастаецца таму, хто з Боскае ласкі й наканаваньня паходзіць са знатнай і шляхетнай сям'і і ўжо зь дзіцячага ўзросту дае бясспрэчны доказ таго, што сярод астатніх сьмяротных ён, безумоўна, знакамітая й адметная асоба, можа быць прынцэпсам і стаяць на чале ўсякага народу, кіраваць гэтым цывілізаваным грамадзтвам. Праўда, нярэдка бывае так, што выхадцы і з цёмных сялянскіх сем'яў уздымаюцца да высокіх пасадаў. Але ўсё такое дастаецца вельмі нялёгка, бо абстаўлена вялікімі цяжкасьцямі. Пра гэта сьведчаць многія факты.

Ніхто ж, усьведамляючы сваё знатнае паходжаньне, ня будзе слухацца з ахвотай чалавека ніжэйшага званьня. Апошняму трэба вызначацца незвычайнай працавітасьцю й стараньнем, сабраць у адно сваю моц розуму й цела, каб дасягнуць сонечных вышыняў фартуны, захінуць сябе ад ўсякай зьнявагі і ўхіліцца ад вострага джала нянавісьці. І мы ведаем, што дзеецца такое ў штодзённым жыцьці на вачах у людзей. Нам таксама вядомыя быліцы даўняга часу, апісаньне якіх можна знайсьці ў творах антычных пісьменьнікаў. Колькі зацятай варожасьці вымушаны цярпець той, хто вынырнуў са свайго сьціплага кубельца і ляціць вышэй наканаванага яму лёсу. Адна ўжо Рымская дзяржава дае тут важкія доказы. Кожнаму, хоць бы трохі знаёмаму са старажытнасьцю і яе гісторыяй, добра вядома, якая барацьба вялася паміж патрыцыямі й плебеямі за ўладу, за роўныя магчымасьці шлюбаў паміж імі.

Падобнае назіраеца і ў іншых народаў. І там вельмі нялёгка дастаюцца тытулы й званьні выхадцам з цёмнага простанародзьдзя, калі апошнія ў сваёй дабрачыннасьці імкнуцца дасягнуць далёкай вяршыні фартуны. Арыстакратам жа ўсюды гонар і пахвала. Ніхто не пярэчыць, як нашчадкі нобіляў жывуць сабе ў промнях той славы й пашаны, якую мелі іхнія продкі. Такому патомству давяраюць весьці дзяржаўныя справы, кіраваць самой дзяржавай. Так што, і адышоўшы, застаюцца.

І яно, канешне, зусім правільна, калі патомкі берагуць колішнюю славу бацькоў і дзядоў, калі яны такія ж дабрачынныя і калі на справе аказваюцца вартымі сваіх мудрых і слаўных прашчураў. Ніхто тады не перашкаджае ім дбаць пра агульнае дабро, і яны атрымліваюць тую ж пашану, якую атрымлівалі іх папярэднікі.

Але ж калі аб'яўляюцца нашчадкі, якія, скарыстоўваючы аўтарытэт сваіх продкаў, аддаюцца бязьдзейнасьці, гультайству, гразнуць ва ўсялякай распусьце, праводзяць жыцьцё ў раскошы й блудзе, то гэтакіх трэба адносіць не да нобіляў, а да гайні псялыжнікаў і абібокаў. Апошніх менавіта ганьбіў Марый у сваёй вельмі зьмястоўнай прамове. Пазбаўленыя здольнасьці да ўсялякага дабрадзейства, яны толькі ўслаўляюць продкаў. Успамінаючы подзьвігі мінуўшчыны, яны і сябе лічаць знакамітымі й вартымі размаітых пахвалаў. У сапраўднасьці ж, чым больш было слаўным жыцьцё першых, тым больш гнюсным аказваецца жыцьцё другіх. Марый справядліва сьцвярджае, што слава продкаў - гэта сьветач дзейнасьці нашчадкаў. Яна не дазваляе замоўчваць дабро і пакрываць зло.

Сапраўды, калі знатны зрабіў дабро, то ўсе скіроўваюць на яго свае позіркі і праслаўляюць яго аж да нябёсаў. Калі ён апаскудзіўся ліхадзействам і злачынствам, то гэтым самым чалавек выставіў сябе на вялікую ганьбу, абразу й зьнявагу. Зусім правільна гаварыў паэт пра тое, што ўсякая душэўная аблуда тым большы грэх, чым больш вядомым аказваецца той, хто грэшыць:

Бацька, я знаю. Тэрсіт не пад густ табе, бо, канешне,
Ты на пагляд Эакід. А як возьмеш вулканаву зброю,
Вельмі ж падобным тады да Тэрсіта Ахіл цябе робіць.

Ад кожнага знакамітага пахаджаньнем чалавека патрабуецца гарманічнае спалучэньне ўсіх дабрачыннасьцяў і выдатных якасьцяў характару. Калі ж заместа гэтага ў чалавеку бярэ верх фанабэрства і агідная пажаднасьць, то, як гаворыць паэт, "знакамітасьць табе насупор абярнецца, паходняй зыркай пачне асьвятляць заблудныя ўчынкі".

Значыцца, кожнаму нобілю трэба ўласнай дабрынёй паходзіць на сваіх продкаў і не паганіць свой род якой-небудзь подласьцю. Калі ж нехта адыдзе ад нормы прыстойнага, то яго не захіне аніякая цямнота і ён ніякімі хітрыкамі ня зможа схавацца ад людзкога вока дзесь у зацішным куточку.

Неабходна адсекчы ўсялякія згубныя памкненьні розуму і шкодным жаданьням, якія тояцца ў галаве чалавека, даць такі адпор, каб яны ніколі не выводзілі цябе з нармальнага, разважлівага стану. Так менавіта можна будзе зьберагчы і славу даўніх нораваў і не даваць коснаязыкім пляткарам зачэпкі неяк ачарніць, апаганіць імя знакамітых продкаў.

РАЗЬДЗЕЛ II

Дзяржававодцу неаб ходна перш за ўсё клапаціцца пра сапраўдную рэлігію

Філёзафы выказваюць шмат прапановаў адносна такога выхаваньня чалавечага роду, пры якім людзі аказаліся б здатнымі на дабрадзейныя ўчынкі і праз гэта былі б вартымі сапраўднае славы. Але няма больш простай дарогі да сумленнага й бездакорнага ладу жыцьця, чымся тая дарога, па якой ідзе чалавек, што прысьвяціў сябе праўдзівай рэлігіі й скіраваў свае думкі толькі да Бога. Бо рэлігія - гэта чыстае ўзыходжаньне розуму да Бога, сумленны й бездакорны культ яго сьветлага імя і стараннае выкананьне Божых прыказаньняў.

Калі чалавек заўсёды з Богам, калі ён ушаноўвае Боскае імя і бяжыць ад рознай нечысьці, то гэта і ёсьць найлепшае зельле супраць усялякай чумы, якая чуміць людзкія галовы. Усявышні бачыць ня толькі асобныя ўчынкі людзей, але і самыя патаемныя й прыхаваныя куточкі чалавечага розуму. Так што Богу адразу ж вядома ўсё, калі чалавек ухіляецца ад Боскіх наказаў і парушае Боскія прыказаньні. Той, хто чыніць зло, хто сваім зладзействам апаганьвае велічнасьць Бога, няхай не разлічвае схавацца ад Боскага вока і пазьбегнуць кары.

Аднак чалавек павінны дасягнуць такой ступені сьвядомасьці, каб яго ўтрымліваў ад злосных учынкаў ня страх перад Божым судом, а любоў да Бога й пакора Боскім наказам. Шчодрая міласэрнасьць вечнага Айца - для чалавека вялікі стымул да добрых учынкаў. Менавіта гэтая міласэрнасьць ператварыла нікчэмную жывёлінку ў велічную істоту, надзяліла апошнюю духам нябесным і прызначыла да нябеснага жыцьця й вечнага бясьсмерця. Але чалавек страціў такое жыцьцё, калі пачаў скочвацца ў цяжкі грэх непаслушэнства. Бог, аднак, праявіў найвялікшую, дзівосную міласэрнасьць і прыпыніў такое падзеньне, паслаўшы зь нябёсаў для паратунку людзей свайго вечнага сына, і мукамі ды лютай сьмерцю яго ўратагаў чалавечы род ад суровай заслужанай кары.

Уся праўдзівая рэлігія, пра якую Сьвятое Пісьмо гаворыць да нашчадкаў царквы голасам прарокаў і апосталаў, кліча да таго, каб людзі прызнавалі адзінага Бога й Госпада Ісуса Хрыста, якога Бог паслаў для ўратаваньня сваёй царквы. Апосталаў голас вяшчае нам, што пад небам няма іншага імя, зь якім людзі могуць атрымаць Збаўленьне, апрача імя Ісуса Хрыста. Сьвяты Павал гаворыць так: "Я перш за ўсё даў вам тое, што атрымаў: Хрыстос памёр за нашыя грахі". У сваім Пасланьні да Рымлянаў ён піша (разьдз. 10): "Калі ты сваімі вуснамі прызнаеш Госпада Ісуса Хрыста і верыш сэрцам сваім, што Бог уваскрасіў яго зь мёртвых, то будзеш збаўлены".

Сам Збаўца наказвае вернікам, каб яны кіраваліся толькі аўтарытэтам Сьвятога Пісьма, бо менавіта яно сьведчыць пра Божага Сына. Цьвердалобай неразважнасьцю зьяўляецца жаданьне даволі многіх дамагчыся немаведама якога шчэ большага пазнаньня Боскай ісьціны, чым тое Божае адкрыцьцё, што дадзена ў Сьвятым Пісьме. Яны абвяшчаюць Пісьмо коснаязыкім, недасканалым. На іх думку, Пісьмо можна перайначыць, быццам нос, што зроблены з воску. Для ведаў яно нічога акрэсьленага й пастаяннага не дае.

Адсюль, канешне, і такая барацьба, адсюль і такія несумяшчальныя паміж сабой і супярэчлівыя погляды. 3 адной нявесты, з адной царквы Хрыстовай паяўляецца мноства яе разнавіднасьцяў, і кожная патрабуе найменьня царквы. Падмаляваўшы сябе зманлівай фарбай румянаў, яны паўстаюць са зьнешне цнатлівым абліччам нявесты. Але Госпад прызнае толькі тую нявесту, якая ўзаемна паклялася быць вернай жаніху і не зьвяртаць увагі ні на кога іншага. Калі ж нявеста адвярнулася ад жаніха і пачала хіліцца да палюбоўнікаў, то яна парушыла вернасьць шлюбу і апаганіла сябе здрадніцтвам. Зусім справядліва заяўляе Госпад, што ён больш не муж ізраэльскаму племю, а племя гэтае больш яму ня жонка. Тая жонка стала блудніцай і аддаецца распусьце пад кожным кустом, грашыць і з каменем і з дрэвам.

Хрыстос жаліцца, што гэтае зло дзеелася ў ягоным народзе не адзін раз. Ён смуткуе, што народ пакрыў сябе кляймом вечнае ганьбы, калі, разбурыўшы саюз і разарваўшы повязі з Госпадам, акунуўся ў нечысьць, і сваё сарамоцьце выстаўляе кожнаму стрэчнаму. Прарокі, абуджаныя да слова Госпадам, пастаянна скардзяцца на народ і яго жрацоў, якія пагарджаюць Боскім законам і для якіх не існуе аніякай розніцы паміж духоўным і сьвецкім. Верхам жа вераломства было тое, што адступнікі пакінулі саму крыніцу жывой вады - Бога, выкапалі сабе студні, у якіх няма аніякай вады. 3 журбою ў голасе жаліцца адзін прарок на іхнюю .сапсаванасьць. Гэтая сапсаванасьць набыла такія памеры, што, акрамя яго самога, ніхто больш па-сапраўднаму не ўшаноўвае Бога. Усе пакланяюцца розным ідалам.

Вучэньне апосталаў сьведчыць, што гэтая чума распаўсюдзілася ня толькі ў старажытным народзе. Апостал гаворыць, што ў царкве Хрыстовай зьявяцца шэрыя ваўкі, прытым у асобе біскупаў, якія не дадуць аніякай літасьці статку. Апошнія пачнуць баяць усялякую бязглуздзіцу, каб завабіць вучняў. Як вынікае з апостальскага вучэньня, заганай большасьці людзей будзе тое, што яны адвернуцца ад праўды і, слухаючы розныя казкі, адважацца нават адмаўляць Госпада, які збавіў іх.

Сьвяты Павал вяшчае, што ў царкве ўзьнікне вялікае вераадступніцтва. У самім храме Божым усьсядзе сын грэшны, які возьме сабе пашану, прызначаную Богу, а ступню сваю ўздыме над усімі царамі і князямі. Гэтая лавіна зла абрынецца таму, што пажадныя да навізны людзі запросяць да сябе іншых настаўнікаў і легкадумна выракуцца Хрыстовага Боскага слова, і занатаванага ў Сьвятым Пісьме. Вось так, адвярнуўшыся ад Бога, які ёсьць крыніца праўды, некаторыя скіравалі сваю ўвагу на розныя паданьні й плёткі, увялі новую форму рэлігіі і ад Хрыста, пазбавіўшы ўсялякай дабрачыннасьці, пакінулі толькі імя. I цяпер вось гэтыя вераадступнікі сьцьвярджаюць, што Сьвятое Пісьмо зь яго няпэўнымі двухсэнсавымі выказваньнямі не дае нічога пастаяннага, і таму неабходна запазычыць аднекуль тое, што мае пэўнае ўстойлівае значэньне і што вызваляе чалавечы розум ад сумненьня.

Зразумела, Сьвятое Пісьмо падае сьведчаньні, якія розьняцца ад апостальскіх выслоўяў. Але ж яно было навеяна Богам і можа быць выкарыстана пры навучаньні й выхаваньні, у спрэчках і дыспутах, у пытаньнях правасудзьдзя з мэтай удасканаленьня Божага чалавека ў такой меры, каб ён аказаўся здольным да зьдзяйсненьня дабра.

Гэты ж апостал гаворыць, што вера ўсіх вернікаў грунтуецца не на людзкіх перамовах, а на падмурку ад прарокаў і апосталаў, на краевугольным камені самога Ісуса Хрыста. Што ж да азначанасьці зьместу Сьвятога Пісьма, то ніхто з антычных пісьменнікаў, ніхто з апосталаў ніколі ніякіх спрэчак не ўздымаў. Наадварот, яны лічылі, што менавіта адтуль неабходна браць зброю, каб адбіцца ад нападу розных лайдакоў-герэтыкоў, што выдумляюць догмы, якія парушаюць мір і адзінства царквы. Сьвяты Аўгустын гаворыць: калі вы сьцьвярджаеце ці паўтараеце нешта іншае, то мы пасьля слоў пастара нашага, засьведчаных вуснамі як прарокаў, так і нашымі ўласнымі, а таксама эвангелістаў, з вашымі выказваньнямі не пагаджаемся, іх не прымаем і вам ня верым. Царкву трэба шукаць, павучае Аўгустын, у нормах Боскага закону, у прадказаньнях прарокаў, у псальмах, у словах самога пастара, у казанях эвангелістаў, г. зн., ва ўсіх кананічных аўтарытэтаў, што зьяўляюцца творцамі сьвятых кнігаў. Сярод гэтай сьвятой старажытнасьці няма аніводнага аўтара, які думаў бы іначай і які вучыў бы, што і царкву і Хрыста неабходна шукаць не ў Сьвятым Пісьме, а недзе ў іншым месцы.

Чысьціня Хрыстовага вучэньня тады не была яшчэ апаганена закваскай фарысейскіх паданьняў. I толькі пазьней пачалі зьвяртацца да няпісанага слова. Гэта былі тыя, хто засумняваўся ў магчымасьці абгрунтаваць новыя прынцыпы, больш сучасныя ўсталяваньні новай рэлігіі з дапамогай Сьвятога Пісьма.

. Але гаварыць пра іх цяпер - усё роўна, што глухому байку баяць. Няма ўжо аніякай надзеі, што пачуюць голас пастара свайго Ісуса Хрыста менавіта тыя, хто лічыць магчымым з дапамогай аўтарытэту слоў зьберагчы сябе ў моры сапсаванасьці і заблуднасьці. А тут яшчэ такая асьляпляльная раскоша, такія агромністыя багацьці, якімі яны выхваляюцца і выстаўляюць сябе на паказ усяму сьвету. Толькі фанабэрацца тытулам пастара, а пра авечак Хрыстовых ня дбаюць аніколькі. I проста недарэчным, вартым зьдзіўленьня, аказваецца той факт, што духоўныя асобы, якім забараняецца ўсялякае панаваньне над сьветам, перасягнулі сатрапаў і ўладароў, жывуць шыкоўным разбэшчаным лайдачым жыцьцём. Іхняю воляй.уся рэлігія ператвараецца адпаведна ў нейкую тэатральную помпу і вось так выступае перад вачыма людзей, простанародзьдзя, Менавіта ва ўсім сваім убраньні, ва ўсім бляску золата й срэбра, са сьвятарамі, апранутымі, нібыта каралі. Пры такім зьмяшэньні ўсіх рэчаў, пры такой бязбожнай і паганскай рэлігіі дзяржаўны муж павінны вельмі пільна сачыць за тым, каб ня даць oакружыць сябе гэтай фіктыўнай, фальшывай рэлігіяй, ня даць падмануць сябе чужымі ілжывымі вобразамі і ўшаноўваць быдта сьвятое й сапраўднае ўсё, што адрынута Богам як паганае ідалапаклонства і дурныя забабоны. Пазьбегнуць гэтага можна шляхам стараннага вывучэньня Сьвятога Пісьма й правільнага разуменьня слова больш чыстай старажытнасьці. Няхай прынцэпс належным чынам даведаецца сам, калі менавіта аб'явіліся зьмены ў сьвятым вучэньні. Знаёмячыся са шматлікімі скрыптамі новых тэарэтыкаў, сутыкаючыся з процілеглымі поглядамі вучоных, няхай пакрочыць па сьлядах праўды і ня спыніць свой рух да таго часу, пакуль не выберацца зь Цянётаў заблудства і ня знойдзе душэўнага спакою ў ціхім прыстанку ісьціны.

Тады ўсе, хто знаходзіцца пад уладай дзяржававодцы, лёгка падпарадкуюцца яго волі і пойдуць за сваім заступнікам, бо ён чалавек адметнай пабожнасьці й мудрасьці.

Разам з тым, дзяржаўны муж павінны заўсёды памятаць, што самае галоўнае для яго - гэта пастаянна шырыць межы царквы і клапаціцца пра тое, каб як мага больш людзей верылі ў Бога.

РАЗЬДЗЕЛ III

Вельмі неабходна, каб прынцэпс ведаў навукі

Слова "прынцэпс" вядзе сваё паходжаньне, мабыць, ад тае прыкметы, што сярод іншых пэўны чалавек - першы, галоўны. Такому чалавеку й трэба старацца апраўдаць гэтае найменьне і не аказвацца апошнім, у той час як другія выскачаць наперад. Зусім недарэчна менаваць сябе важаком і зваліцца раптам на паўдарозе альбо ва ўмовах, дзе патрабуецца найвялікшая разумовая актыўнасьць, трутнем сядзець склаўшы рукі..

Паколькі веды набываюцца шляхам вялікай затраты часу й працы, то дзяржаўны муж павінны атрэсьці зь сябе ўсякае здранцьвеньне розуму й цела, каб дасягнуць стромкай вяршыні дабрачыннасьці й пазнаньня. Дарога туды патрабуе значнага высілку. Недарэмна ж Гарацый пісаў:

Той, хто калісь захацеў прыйсьці да жаданае мэты, Змалку шмат працаваў і ў холад і ў сквар. А дарослы шашняў з Вэнэрай ня вёў і з Бахусам кольвек не знаўся.

I хоць карані вучэньня горкія, плады яго салодкія. Такое зазналі ўсе, хто авалодаў свабоднымі навукамі. Кожны адчуе тады бясконцую асалоду. Як піша Цыцэрон, розум - гэта самае ўзьнёслае, што Бог даў чалавеку. Але сам па сабе розум застанецца бясплодным, калі яго не ўдасканальваць навукай. Ён падобны да добрай глебы, якая без дагляду значнага плёну не дасьць.

А што можа быць прыемней для дзяржаўнага мужа, чым усьведамленьне таго факту, што кожны ў захапленьні ад тваёй вучонасьці й розуму і што ты маеш такую ж перавагу над простымі людзьмі, якую мае чалавек над астатнім жывёльным сьветам.

У штодзённым жыцьці ёсьць многае, што можна зьдзейсьніць, маючы востры розум і памяркоўную разважнасьць. I калі нехта лічыць, быццам. гэтае ўменьне набываецца без усялякай навукі, то ён вельмі памыляецца. Перш за ўсё, тое, што прырода захінула, захавала ад чалавечага вока, таілася б у цемрадзі няведаньня, калі б не было азорана сьвятлом навук, у промнях якога людзі пазнаюць прыродныя таямніцы.

А што ўжо казаць пра палітычныя дачыненьні, а таксама пра кіраваньне грамадзкай супольнасьцю? Толькі адукаваныя людзі могуць растлумачыць парады, якія давалі вучоныя філёзафы, і ўжыць гэтыя парады на паспалітую карысць. Ва ўсім складаным мностве дабрачыннасьцяў, што маюць адносіны да культуры і чалавечнасьці, лепей разьбіраюцца знаўцы свабодных навук. Менавіта яны могуць належным чынам прымяніць тыя веды й вывесьці людзей з жывёльнага стану да цывілізаванага жыцьця.

Прапанаваныя мудрацамі нормы законаў, антычныя ўсталяваньні былі прызначаны для стрымліваньня шкоднай пажаднасьці й дзікага імпэту чалавека. Гэтыя нормы захаваліся дзякуючы пісьму. Вывучэньне такіх нормаў патрабуе вялікіх намаганьняў.

Без пісьма немагчыма было б вырваць зь вечнага забыцьця й зьберагчы для памяці быліцы мінуўшчыны, давесьці да ведама нашчадкаў слаўныя ўчынкі і дзеі даўніх вякоў. Недарма, як сьведчыць Цыцэрон, македонец Мэнандар, стоячы ля магілы Ахіла ў Сігеі, гучна ўсклікнуў: "О, юнача! Які ты шчаслівы, што знайшоў Гамэра, апеўшага тваю мужнасьць!" Сапраўды, калі б не было пісьма, то магільны грудок, які накрыў тое цела, схаваў бы таксама імя.

Агульную ўхвалу, гонар і славу нясе дзяржаўнаму чалавеку веданьне гісторыі, уменьне прыводзіць факты, якія садзейнічаюць або перашкаджаюць супольнаму жыцьцю. Няведаньне ж усяго таго, што адбывалася многа вякоў таму, робіць чалавека падобным да дзіцяці, ахутвае розум густой заслонаю невуцтва. I калі знакамітага філёзафа запыталі, як розьняцца вучоны й невучоны, ён адказаў: як жывы й нежывы. Філёзаф хацеў гэтым сказаць, што неадукаваны ёсьць хутчэй цень чалавека, чым сам чалавек. Ня без падставаў гаворыць Плятон: "Шчасьлівымі будуць дзяржавы, якімі пачынаюць кіраваць адукаваныя людзі, або мудрацы, або тыя, хто, пачаўшы кіраваньне дзяржавай, імкнецца авалодаць навукай і мудрасьцю".

Сапраўды, ці ёсьць у дзяржаве хоць якая-небудзь сфэра дзейнасьці, пасьпяхова кіраваць якой магчыма без разнастайных ведаў і практычнага досьведу?

Без навукі нельга дасягнуць і красамоўства, якое адыгрывае значную ролю ў грамадзкіх справах. Паводле Цыцэрона, красамоўства зьяўляецца адным з тых сродкаў, з дапамогай якіх мы ўгаворваем, пераконваем, суцяшаем абяздоленых, пазбаўляем страху напалоханых, стрымліваем празьмерна гарачых, утаймоўваем пажадных; і гняўлівых. Красамоўства аддзяліла нас ад дзікага, зьвярынага жыцьця, далучыла да права, законаў, цывілізацыі.

Карысьць ад красамоўства надзвычай вялікая. Стрыманасьць і разважнасьць прамоўцы ўмацоўвае ня толькі яго ўласны аўтарытэт і аўтарытэт падначаленых яму, але і значна садзейнічае дабрабыту ўсяе дзяржавы. Цыцэрон лічыць, што ніводзін грамадзянін ня зможа стаць знакамітым, калі не авалодае навукамі і не навучыцца прыгожа гаварыць. Дый для розуму, які імкнецца да славы, іншых крыніцаў дабрачыннасьці няма.

Красамоўства адыгрывае сваю ролю пры абмеркаваньні важных справаў. Дастойным чынам зробленыя выказваньні млявы народ будзяць, гарачы і імпэтны стрымліваюць. Красамоўства можа таксама ўвесьці людзей у гібельны зман альбо прынесьці ім выратаваньне й дабро. Цыцэрон лічыць, што для дзяржаўнага мужа красамоўства - надзвычай прыгожая аздоба. А што яшчэ можа быць найбольш узьнёслым, велічным, высакародным, чым дапамагчы няшчасным, усьцешыць пакрыўджаных, прынесьці чалавеку паратунак, пазбавіць яго ад небясьпекі, утрымаць людзей у дзяржаве. Усе абавязкі прынцэпсаў, усе іх чыннасьці павінны быць скіраваныя, увогуле, на забесьпячэнне дабрабыту грамадзянаў, заможнасьці паспалітага люду. Гэта якраз і прыносіць сапраўдную славу. I калі дзяржававодца хоча стаць знакамітым, калі ён хоча быць карысным дзяржаве і сябрам, то яму неабходна імкнуцца, як толькі мага, да набыцьця разнастайных ведаў.

Нават бедныя і простыя людзі дасягаюць праз навуку нямала багацьця й пашаны. Дык у яшчэ большай меры гэта могуць зрабіць тыя, хто мае дасягаюць зорных вяршыняў славы.

<далей>