Галоўная
  Гісторыя
  Ідэі
  Асобы
  Дакумэнты
  Даты
  1553-2003
  Фотагалерэя
500 год Жану Кальвіну

500 год Мікалаю Радзівілу Чорнаму

  ЎКантакце




Царква Хрысьціян Веры Эвангельскай у Рэспубліцы Беларусь Царква Ісуса Хрыста
ДЗЕНЬ РЭФАРМАЦЫІ

Марцін Лютэр і 95 тэзісаў, што змянілі свет

Юрась Бачышча

Маленства

10 лістапада 1483 г. у цэнтральнай Нямеччыне ў горадзе Айслебэн у сям'і рудакопа Ганса Лютэра і яго жонкі Маргарэт нарадзіўся хлопчык, якога назвалі Марцінам. Гэта было не адзінае дзіця ў сям'і Лютэраў, але менавіта пра яго ў хуткім часе загаварыла ўся Нямеччына, уся Еўропа, а ў нашыя дні - увесь свет. Менавіта яго ўчынак - абнародаванне 95 тэзісаў супраць індульгенцыяў -паклаў пачатак Рэфармацыі, а праз гэта - пачатак новай эпохі ў гісторыі свету.

Навучанне Марціна пачалося ў 5 год з наведвання лацінскай школы ў Мансфэльдзе. У 13 год ён працягнуў навучаньне ў Магдэбургу ў школе "Братоў супольнага жыцця", якія вялі манаскі лад жыцця без складання манаскіх абяцанняў. Яны мала звярталі ўвагу на складаныя рэлігійныя рытуалы, а вучылі любіць і шанаваць Бога ў прастаце і шчырасці. Верагодна, ужо тады ў Марціна маглі з'явіцца першыя сымпатыі да манаскага жыцця, але ягоны бацька перавёз сям'ю ў Айзэнах, жадаючы, каб сын стаў юрыстам. Хлопчык меў розныя здольнасці - любіў музыку, добра граў на лютні, някепска маляваў і захапляўся прыгажосцю навакольнай прыроды, і ў 1501 г. паступіў на юрыста ва ўніверсітэт у Эрфурце.

У пошуках збаўлення

Пытанне збаўлення хвалявала Марціна Лютэра падобна мноству людзей як у той час, так і сёння. Гэты пошук прывёў яго ў манастыр, бо манаства лічылася ў той час адным з найбольш надзейных шляхоў, што вядуць да нябёсаў. Да гэтага кроку Лютара падштурхнула перажыванне блізкасці смерці. У ліпені 1505 г. пасля атрымання магістэрскага дыплёму па дарозе з Эрфурцкага універсітэту дадому Марцін трапіў у моцную навальніцу. Бляск маланак і грукат грымотаў кінулі яго на калені, і ў малітве ён паабяцаў, што стане манахам, калі застанецца жывы.

Згодна свайму абяцанню, але насуперак жадання бацькі, ацалелы юнак праз два тыдні ўступае ў аўгустынскі манастыр у Эрфурце. На гэтым ён не спыніў сваю адукацыю навучаньне, але пераключаецца на вывучэнне тэалогіі ў Эрфурце, а пасля - у Вітэнбергу. Марцін старанна імкнуўся быць дасканалым манахам, пішучы пазьней ва успамінах: "Я быў добрым манахам, трымаючыся ўсіх правілаў майго ордэна так строга, што калі б манах мог патрапіць на нябёсы праз сваё манаства, то гэта быў бы я". Але што ні рабіў Марцін, гэта не прыносіла яму ўнутранага супакою і ўпэўненасці ў збаўленні. Калі ў 1510 г. Марцін Лютэр наведаў па заданні ордэна "святы горад" Рым, ён таксама не заўважыў там "святасці", якой шукаў.

Бачачы пакуты і пошукі маладога манаха, Ёган фон Штаўпіц, ягоны духоўны настаўнік, прапануе яму выкладанне Бібліі ва ўніверсітэце Вітэнберга. У 1512 г. Марцін Лютэр абараніў ступень доктара тэалёгіі і стаў прафесарам Вітэнбергскага ўніверсітэту. У 1513 г. ён пачаў чытаць лекцыі, у якіх падрабязна тлумачыў кнігу Псалтыру, восенню 1515 г. - Пасланьне апостала Паўла да Рымлянаў, а ў 1516-1517 гг. - Пасланьне апостала Паўла да Галятаў.

Чытаючы Пасланьне да Рымлянаў, Марцін Лютэр звярнуў увагу на словы -"праведны вераю жыць будзе" (1:17) і "чалавек збаўляецца вераю, незалежна ад учынкаў закону" (3:28). Гэтае адкрыццё, што чалавек збаўляецца верай праз ласку Бога, а не сваімі ўчынкамі, зрабіла сапраўдны пераварот у галаве Марціна, які колькі ўжо год сваімі ўласнымі намаганнямі спрабаваў здабыць збаўленне. Бог пачаў адкрывацца Марціну не толькі як праведны Суддзя, але і як любячы і міласьцівы Бацька, чыя праведнасць праяўляецца не толькі ў адпаведным пакаранні за грэх, але і ў выкупленні грахоў чалавека і апраўданні яго праз ахвяру Сына Божага Ісуса Хрыста.

Толькі вера (Sola Fide) ў адзінага Збаўцу Ісуса Хрыста (Solus Christus), якая нараджаецца праз чытанне Слова Божага (Sola Scriptura) праз ласку ўсемагутнага Бога (Sola Gratia), а не свае заслугі, можа прывесці чалавека да збаўлення, і ўся слава за гэта належыць не чалавеку, але толькі Богу (Soli Deo gloria). Гэтыя пяць "Sola" сталіся ідэйным падмуркам далейшага жыцця Марціна Лютэра і ўсяго руху Рэфармацыі.

95 тэзісаў

Стаўшы ў 1514 г. святаром Вітэнбергскага касцёла св. Марыі, Марцін Лютэр асабліва быў устрывожаны шырокай практыкай шукання збаўлення ў рэліквіях і ў "адкупленні грахоў" праз набыццё індульгенцый - адмысловых граматаў, якія прадаваліся ад імя Царквы як гарантыя прабачэння грахоў. Імкнучыся абвергнуць гэтыя злоўжыванні, Марцін Лютэр пачынае "Дыспут пра моц і эфэктыўнасьць індульгенцыяў" , які больш вядомы пад назвай "95 тэзісаў". Многія з іх ён неаднойчы абвяшчаў з катэдры перад студэнтамі ў папярэднія гады, але вуснае слова не мела такой моцы, як слова напісанае і надрукаванае.

95 тэзісаў з'явіліся перад людзьмі 31 кастрычніка 1517 г., бо на наступны дзень, 1 лістапада, у Дзень усіх сьвятых у Вітэнбергу мусіла адбыцца вялікая выстава рэліквій з продажам індульгенцый. Калекцыя рэліквій належала саксонскаму курфюрсту Фрыдрыху Мудраму і даход ад індульгенцый выкарыстоўваўся ім на будаўніцтва маста. За межамі Саксоніі індульгенцыі рэалізоўваліся манахам Ёганам Тэцэлем з дазволу Папы рымскага і па даручэнні арцыбіскупа Майнцкага Альбрэхта, які набыў сваю пасаду за грошы і зараз, каб вярнуць пазыку, дамогся дазволу на продаж індульгенцый, палова даходу з якіх мусілі ісці на будаўніцтва сабора св. Пятра ў Рыме. Каб спыніць гэты гандаль прафесар і святар Марцін Лютэр апрылюдніў 95 тэзісаў на лацінскай мове, паводле традыцыі, прыбіўшы іх да брамы замкавага касцёла ў Вітэнбергу. Пазьней, перакладзеныя студэнтамі з лаціны на нямецкую мову, памножаныя на друкарскім варштаце і пашыраныя сярод натоўпу, тэзісы разыйшліся па ўсёй Саксоніі і іншых нямецкіх княствах. 95 тэзісаў Марціна Лютэра ніба запалка падпалілі ўсю Нямеччыну праведным агнём пошуку праўды.

Збаўленне людзям, рэформу царкве!

Пішучы 95 тэзісаў, Марцін Лютэр не думаў пра шырокі рэфармацыйны рух, але жадаў толькі выклікаць дыскусію, якая магла б наблізіць усіх да праўды. У сваім асабістым жыцьці, дзякуючы гэтаму пошуку, Лютэр здолеў спазнаць Бога як Таго, Хто прабачае грахі і дае новае жыццё. Некаторыя ўспрынялі тэзісы Лютэра як шлях для фінансавых паслабленняў, але для многіх яны сталіся заклікам укрыжаваць сябе разам з Хрыстом, каб атрымаць прабачэнне, мір з Богам і жыццё вечнае.

Лютэр не займаўся сам шырокім распаўсюдам тэзісаў, гэта рабілі іншыя. Ён адаслаў толькі адзін асобнік тэзісаў да арцыбіскупа Майнцкага Альбрэхта, а той перадаў тэзісы ў Рым. Папа рымскі Леў Х прызначыў новага кіраўніка ордэну аўгустынцаў, загадаўшы яму разабрацца з Лютэрам. Дзеля гэтага быў скліканы з'езд у Гейдэльбэргу ў траўні 1518 г. Многія адгаворвалі Марціна Лютэра ад удзелу ў ім, але ён паехаў і быў вельмі цёпла сустрэты месьцічамі Гейдэльбэргу, на што ён пазьней адгукнуўся запісам: "Туды я шоў пехам, а назад прыехаў на павозцы". Гэта была яго першая перамога.

Леў Х выклікаў Лютэра ў Рым, але праз заступніцтва курфюрста Саксоніі Фрыдрыха справа разглядалася на нямецкай зямлі. У кастрычніку 1518 г. Марцін Лютэр быў выкліканы на рэйхстаг у Аўгсбург, дзе адбылася яго трохдзённая дыскусыя з прадстаўніком Папы, кіраўніком дамініканскага ордэна кардыналам Каетанам. Але яны не знайшлі паразуменьня.

У чэрвені 1519 г. у Лейпцыгу пад час публічных дэбатах паміж абаронцам індульгенцый Ёганам Экам і Марцінам Лютэрам, Эк назваў пазыцыю Лютэра ва ўсім падобнай да пазіцыі Яна Гуса, які ўжо быў асуджаны царкоўным саборам і спалены на вогнішчы. На гэта Лютэр заўважыў, што не толькі папа рымскі, але і царкоўны сабор могуць памыляцца і дадаў, што "просты вернік, узброены Бібліяй" можа пераўзыходзіць папу і сабор, якія адкінулі Святое Пісанне.

У гэты час Марцін Лютэр стварае свае тры найбольш важныя рэфармацыйныя творы - "Зварот да хрысціянскай шляхты нямецкай нацыі", "Пра Бабілонскае паланеньне Царквы" і "Пра свабоду хрысціяніна". У першым Лютэр нагадваў, што ўсе хрысціяне з'яўляюцца святарамі, і заклікаў князёў і шляхту падтрымаць рэфармаванне царквы і грамадства на аснаванні Слова Божага. У другім, звяртаючыся ў першую чаргу да багасловаў, ён заклікаў да ўнутранай рэформы Царквы, асаблівую ўвагу звяртаючы на вучэнне пра таямніцы (сакраманты). Нарэшце, у трэцяй кнізе рэфарматар выклаў асноўныя прынцыпы свайго вучэння, што "хрысціянін жыве не ў самім сабе, але ў Хрысце і ў бліжнім сваім, у Хрысце праз веру, а ў бліжнім праз любоў" і гэта ёсць сапраўдная хрысціянская свабода, якая вызваляе сэрца ад усіх грахоў.

15 чэрвеня 1520 г. папа рымскі Леў Х выдаў булу, якая абвяшчала тэзісы Лютэра герэтычнымі і давала яму 60 дзён для пакаяння і яшчэ 60, каб самому абвесціць пра гэта ў Рыме. Марцін Лютэр адмовіўся выракацца сваіх поглядаў і 10 снежня 1520 г. публічна спаліў папскую булу. Не прайшло і месяца, як 3 студзеня 1521 г. зьявілася новая була Льва Х пра адлучэнне Марціна Лютэра ад Каталіцкай царквы. Звычайна далей справа пераходзіла да свецкіх уладаў і заканчвалася спаленнем адлучанага, але імператар Карл V мусіў зважаць на пазіцыю нямецкіх князёў, якія яго выбіралі.

Вормскі рэйхстаг

У канцы студзеня распачаўся Вормскі рэйхстаг, куды новаабраны імператар Карлам V выклікаў Марціна Лютэр для разбору "памылковасці" ягоных поглядаў. 17 красавіка 1521 г. Марцін Лютэр упершыню з'явіўся на Вормскім рэйхстагу, і яму было прапанавана адрачыся ад сваіх твораў і выказаных у іх ідэяў. Лютэр папрасіў час, каб абдумаць свой адказ. На наступны дзень 18 красавіка Марцін Лютэр зноў стаў перад рэйхстагам і прамовіў свае знакамітыя словы, што пакуль ён не будзе перакананы ў памылковасці сваіх поглядаў на падставе Слова Божага і здаровага сэнсу, ён адмаўляецца выракацца, бо яго сумленне знаходзіцца ў палоне ў Слова Божага. Паводле традыцыі, ён дадаў: "На гэтым я стаю і не магу інакш! Госпадзе, дабраславі мяне. Амэн."

25 траўня 1521 г. імпэратар Карл V выдаў Вормскі эдыкт, у якім забараніў вучэнне Марціна Лютэра. Сам Лютэр быў абвешчаны герэтыкам і злачынцам, а яго творы забаранялася друкаваць і распаўсюджваць. Аднак гэты дакумэнт быў праігнараваны большасцю паслядоўнікаў Лютэра, бо памылковасць ягоных тэзісаў не была даказана. Па дарозе з Вормса, Лютэр быў "выкрадзены" сваім заступнікам саксонскім курфюрстам Фрыдрыхам Мудрым і змешчаны на дзесяць месяцаў у замак Вартбург, хаваючыся там пад імем юнкера Ёрга.

Біблія для народа

У Вартбургскім замку Марцін Лютэр пераклаў Новы Запавет на нямецкую мову. Імкнучыся даць свайму народу Слова Божае на роднай мове, ён на практыцы пацьвярджаў сваё ранейшае цьверджаньне пра найвышэйшы аўтарытэт Бібліі і магчымасьць кожнаму яе разумець. Новы Запавет у перакладзе Лютэра быў надрукаваны ў 1522 г., і на працягу наступных двух гадоў перавыдаваўся 70 разоў.

Пазьней, у 1534 г. Лютэр падрыхтаваў і выдаў пераклад усёй Бібліі на нямецкую мову. На той час ужо існавалі 14 нямецкіх перакладаў Бібліі, але менавіта Лютэр здолеў зрабіць пераклад мовай, якая была ўспрынята большасцю немцаў і стала асновай для нямецкай літаратурнай мовы. Пераклад Лютэра паўплываў і на іншыя народы, бо многія рэфарматары таксама рабілі пераклады Пісання на свае мовы. На хвалі Рэфармацыі з'явіліся пераклады Бібліі на англійскую, беларускую, галандскую, гішпанскую, дацкую, польскую, славенскую, фінскую, французскую і многія іншыя мовы.

Сваім шчырым пошукам Божай праўды і ўзвышэннем аўтарытэту Бібліі Марцін Лютэр распачаў Рэфармацыю, патрабуючы, каб Царква і грамадства ва ўсім адпавядалі Слову Божаму.

Далейшыя рэформы

Раньняй вясной 1522 г. Марцін Лютэр вярнуўся ў Вітэнберг, каб супольна з Філіпам Мэлянхтонам працягнуць справу Рэфармацыі. Спачатку Лютар імкнуўся здзейсніць рэформу багаслоўскай адукацыі. Ен лічыў, што асноўная ўвага ў навучанні мусіць звяртацца на Біблію, а не на пастановы царквы і схалястыку.

Рэфармуючы царкоўнае набажэнства, Лютэр шмат увагі надаваў узнёслым спевам. У 1524 г. ён падрыхтаваў зборнік хрысціянскіх гімнаў, частка з каторых была напісана ім самім. Сапраўдным музыкальным шэдэўрам Лютэра стаў гімн "Цвярдыня наша Вечны Бог!", які на працягу амаль пяцьсот гадоў велічна гучыць у многіх евангельскіх цэрквах, праслаўляючы моц любячага Бога і даючы надзею кожнаму, хто на Яго спадзяецца.

Калі пад уплывам пропаведзяў некаторых паслядоўнікаў Лютэра ўзьнялася сялянская вайна з руйнаваньнем манастыроў і маёнткаў, Марцін Лютэр асудзіў гэты гвалт і заклікаў князёў да падаўлення выступленняў. Лютэр падзяляў думку, што справа сялянаў мусіць разглядацца на падставе Слова Божае, але не прымаў гвалтоўныя спробы вырашэння гэтых пытанняў.

Стварэнне сям'і

13 чэрвеня 1525 г. Марцін Лютэр ажаніўся на былой манашцы Катарыне фон Бора. Шлюб Марціна і Катарыны быў падтрыманы іншымі пратэстанцкімі святарамі. Шлюбную цэрэмонію праводзіў пастар Ёган Бухенгаген, а сярод сведкаў на вяселлі Лютэраў быў вядомы мастак Лукас Кранах Старэйшы, дзякуючы якому мы маем сёння прыгожыя партрэты Марціна і яго жонкі.

Катарына зрабіла важны ўнёсак у Рэфармацыю, дапамагаючы мужу вызначыць, як павінна выглядаць жыццё хрысціянскай сям'і. Захавалася шмат сведчанняў, што дом Лютэраў заўжды быў поўны студэнтаў і знаёмых, якія сядалі за адзін стол і абмяркоўвалі тэалагічныя пытанні. Сям'я Лютэраў жыла ў былым аўгустынскім манастыры, які быў падараваны ім саксонскім курфюрстам Ёганам Цвёрдым. Катарына клапацілася пра гаспадарку і сям'ю, у той час як Марцін працягваў сваё служэнне. У сям'і Марціна і Катарыны нарадзіліся шасцёра дзяцей. Вядома, што акрамя іх Лютэры таксама ўзгадавалі пяцярых сіротаў сястры Марціна і пляменьніка Катарыны на імя Фабіян.

Два Катэхізісы

З мэтай далейшай рэформы царквы ў 1529 г. Марцін Лютэр напісаў два катэхізісы - Вялікі і Малы, якія прызначаліся адпаведна для дарослых і для дзяцей. Абодва катэхізісы закраналі пяць пытанняў: Дзесяць прыказанняў, Апостальскае вызнанне веры, малітва "Ойча наш" і дзве таямніцы - хрост і Вячэра Госпадава. У Вялікім катэхізісе дадаваліся пытанні, звязаныя з сямейным жыццём, а сам тэкст падаваўся ў палемічным тоне. У Малым катэхізісе палеміка знікала, а тон мяняўся на сцвярджальны.

Шпэерскі рэйхстаг

19 красавіка 1529 г. 6 князёў і 14 вольных гарадоў Святой Рымскай імперыі нямецкай нацыі выказалі пратэст супраць аднаўленьня дзейнасці Вормскага эдыкту 1521 г., які абвясціў Лютэра, а таксама яго творы і прыхільнікаў па-за законам. Папярэдне ў 1526 г. пастановы Вормскага эдыкту былі перапынены і было прынята рашэнне, што кожная правінцыя сама ў праве выбіраць, як яна будзе жыць, кіраваць, верыць і адказваць перад Богам і імператарам, але ў 1529 г. Карл V вырашыў аднавіць забарону "лютаранскай ерасі", дзеля чаго склікаў рэйхстаг у Шпэеры.

Большасць прадстаўнікоў на рэйхстагу падтрымалі ініцыятыву імператара, але на наступны дзень зьявіўся "Ліст пратэсту", падпісаны 6 князямі і 14 вольнымі гарадамі. 25 красавіка, на апошнім пасяджэньні рэйхстагу, евангельскія прадстаўнікі пацвердзілі свой пратэст супраць усіх рашэнняў Шпэерскага рэйхстагу 1529 г., якія супярэчылі Слову Божаму і іх сумленню. Ад Шпэерскага пратэсту 1529 г. паходзіць тэрмін "пратэстанты", які пачалі ўжывацца адносна ўсіх прыхільнікаў Рэфармацыі.

Аўгсбургскае вызнанне веры

25 чэрвеня 1530 г. на Аўгсбургскім рэйхстагу быў абвешчаны адзін з найбольш важных дакумэнтаў Рэфармацыі - Аўгсбургскае вызнанне веры. Складзеныя Філіпам Мэлянхтонам і зацверджаныя Марцінам Лютарам 28 артыкулаў тлумачылі асновы веры лютаран - у трыадзінага Бога і грэшнасць чалавека, у апраўданне верай, першаснасць Бібліі і адкіданне небіблейскіх практык.

Аўгсбургскае вызнанне было крыху дапрацавана Мэлянхтонам у 1540 г., і было прынятае таксама кальвіністамі, стаўшы першым агульным пратэстанцкім вызнаннем. Адпаведнасць Бібліі зрабіла яго аўтарытэтным і актуальным, таму і сёння Аўгсбургскае вызнанне застаецца адным з ключавых вызнанняў евангельскай веры.

Апошнія гады жыцця рэфарматара

Імператар Карл V адмовіўся прыняць Аўгсбургскае вызнанне веры, пагражаючы расправай, таму 27 лютага 1531 г. была створана Шмалькальдэнская ліга - саюз пратэстанцкіх князёў з мэтай абароны ад пагрозаў імпэратарскага войска. У ім аб'ядналіся курфюрст Саксоніі Ёган Цвёрды, ландграф Філіп Гесэнскі, герцагі Філіп і Эрнэст Браўншвэйгі, князь Вольфганг Ангальт-Кётэнскі і яшчэ адзінаццаць гарадоў. Заключаны першапачаткова на шэсьць гадоў, саюз быў пазьней падоўжаны і да яго далучыліся шэраг новых земляў. У 1537 г. Марцін Лютэр склаў Шмалькальдэнскія артыкулы - скарочанае вызнанне лютаранскай веры. Нягледзячы на паразы ў 1546-47 гг. ад імпэратарскіх войскаў, Шмалькальдэнскі саюз даў абарону новым пратэстанцкім дзяржавам і дазволіў новай веры замацавацца сярод жыхароў гэтых земляў.

У апошнія гады свайго жыцця Марцін Лютэр выказаў шэраг крытычных заўваг адносна юдэяў, якія адкідаюць Хрыста, адносна Папы рымскага, які не прымаў прапановаў па біблійнаму абнаўленню Царквы, і адносна анабаптыстаў, якія на думку Лютара рабілі няправільныя акцэнты ў сваім сацыяльным вучэнні.

Закончылася жыццё слаўнага рэфарматара ў Айслебэне 18 лютага 1546 г., але распачаты ім рух Рэфармацыі пашырыўся па розных краінах свету.

Пашырэнне Рэфармацыі

Шырокі рух Рэфармацыі, народжаны 95 тэзісамі, на працягу некалькіх дзясяткаў гадоў ахапіў большасьць краінаў паўночнай і ўсходняй Эўропы. У 1525 г. узнікла першая лютаранская дзяржава - Прусія, кіраўнік якой Альбрэхт Гагенцолерн, апошні магістр Тэўтонскага ордэну, зрабіў лютаранскую царкву дзяржаўнай.

Усьлед за нямецкімі княствамі, дзякуючы намаганням Ёгана Бугенхагена, паплечніка і пастара Марціна Лютэра, лютаранства пашыраецца ў Памераніі і Даніі. Бугенхаген прывёў да евангельскай веры дацкага караля Хрысціяна ІІІ, які далучае сваю краіну да лагеру Рэфармацыі. Падуладная Даніі Нарвегія таксама становіцца лютаранскай. У Швецыі кароль Густаў Ваза ў 1525 г. уводзіць набажэнствы на шведзкай мове, у наступным годзе па-шведзку выйшаў Новы Запавет, а ўся Біблія зьявілася на шведзкай мове ў 1541 г. Праз дзейнасць Мікаэля Агрыкалы фіны становяцца лютаранамі і атрымліваюць Біблію па-фінскі. Лютаранства трапляе і на тэрыторыю многіх іншых краін - Польшчы, Вялікага Княства Літоўскага, Швэйцарыі, Славеніі, Галандыі. Да канца XVI ст. лік лютаранскіх вернікаў наблізіўся да 15 мільёнаў.

Крыху адрознай ад лютаранскай стала традыцыя рэфармацкай царквы, якая вядомая ў розных краінах пад рознымі назвамі - кальвіністы, гугеноты, рэфарматы, прэсвітэрыяне. Цэнтрам яе нараджэння стала Швэйцарыя, дзе Ульрых Цвінглі распачаў у 1518 г. Рэфармацыю ў Цюрыху. Шляхі Лютэра і Цвінглі разыйшліся пад час Марбургскага дыспуту ў кастрычніку 1529 г., калі рэфарматары не знайшлі згоды па пытанню прысутнасці Хрыста ў Вячэры Госпадавай. Швэйцарская Рэфармацыя была працягнута Генрыхам Булінгерам, Марцінам Буцэрам, Гіёмам Фарэлем, Жанам Кальвінам і Тэадорам Бэза. Жан Кальвін распрацаваў сыстэматызаваў евангельскае багаслоўе ў сваіх "Настаўленьнях у хрысціянскай веры", а таксама здолеў пераўтварыць Жэневу ў рэфармаваны горад. Рэфармацкія цэрквы з'яўляліся не толькі ў Швэйцарыі, але і ў некаторых землях Нямеччыны, у Францыі, Галандыі, Англіі, Шатландыі, Венгрыі, Польшчы і Вялікім Княстве Літоўскім.

Вялікі ўплыў на распаўсюджваньне новых ідэяў мела кнігадрукаванне. У гэтай сувязі цяжка пераацаніць значэнне Францішка Скарыны для распаўсюджвання ідэяў Рэфармацыі ў Вялікім Княстве Літоўскім, які толькі на працягу 1517-1519 гг. у Празе надрукаваў больш за 10 тысячаў асобнікаў біблійных кнігаў на беларускай мове.

Ужо ў 1525 г. выпускнік Кракаўскага унівэрсітэта Станіслаў Рафаловіч у Вільні пачаў прапаведваць вучэньне Марціна Лютэра. З 1523 па 1546 гг. дваццаць маладых магнатаў з ВКЛ слухалі лекцыі Марціна Лютэра ў Вітэнбергу. А ў 1539 г. выпускнік Вітэнбергскага універсітэту Абрагам Кульва адкрыў у Вільні школу, у якой вучыліся больш за 60 вучняў, перад усім дзеці магнатаў і шляхты.

Свайго росквіту Рэфармацыя ў Беларусі дасягае ў другой палове XVI ст., калі ўслед за канцлерам Мікалаем Радзівілам Чорным да евангельскай царквы далучаецца мноства магнатаў, шляхты, жыхароў гарадоў і мястэчак. Пратэстанты ствараюць першыя друкарні і друкуюць мноства хрысьціянскай літаратуры, у тым ліку такія знакавыя для беларускай літаратуры творы як "Катэхізіс" Сымона Буднага і Евангеллі ў перакладзе Васіля Цяпінскага. Эпоха Рэфармацыі ў вайшла ў гісторыю як Залаты Век Беларусі.

Спадчына Рэфармацыі

Рэфармацыя кардынальна зьмяніла аблічча Еўропы. Калі ў Сярэднявеччы паўночныя краіны былі без параўнання больш бедныя і адсталыя, чым Італія, Францыя, Гішпанія, пасля Рэфармацыі ўсё стала дакладна наадварот. Гэтую акалічнасць прааналізаваў нямецкі сацыёлаг Макс Вэбер і заўважыў, што фармаванне рынкавай эканомікі бярэ свой пачатак з Рэфармацыі, якая сфармавала так званую "пратэстанцкую этыку працы". Менавіта новы, біблійны падыход да працы стварыў падставы сённяшняга дабрабыту заходняй цывілізацыі.

Пропаведзь рэфармацыйных ідэяў заўсёды мела вынікам адкрыццё нейкае навучальнае установы. У 1524 г. Марцін Лютар напісаў зварот "Да бурмістраў і радцаў нямецкіх гарадоў пра тое, што яны мусяць адчыняць і падтрымліваць хрысціянскія школы" . Адзін з галоўных прынцыпаў Рэфармацыі - патрабаванне да кожнага хрысціяніна чытаць Біблію, бо толькі Біблія дае паўнавартасныя веды пра веру і Бога, і толькі яна з'яўляецца асноваю хрысціянства. Каб людзі маглі чытаць Біблію, яны павінны ўмець чытаць.

Чытаючы Біблію, многія адукаваныя людзі XVI-XVII стст. звярнулі ўвагу на тое, што Бог хоча, каб кожны чалавек вывучаў, пазнаваў, развіваў і абрабляў той сьвет, у якім ён жыве. Гэта дало пачатак развіццю прыродазнаўчых навукаў. Дацкі астраном Тыха Брагэ заснаваў ва Уніборгу найлепшую ў Еўропе абсэрваторыю. Тыха Брагэ выканаў найдакладнейшыя астранамічныя вылічэньні і склаў каталог тысячаў зорак. На аснове гэтых даследванняў нямецкі вучоны Ёган Кеплер адкрыў тры законы абарачэньня плянэтаў вакол Сонца, стаўшы адным з пачынальнікаў сучаснай астраноміі. Нямецкі батанік Леанарт Фукс даў пачатак сучаснай батанічнай наменклетуру. У пазьнейшыя часы ідэі, народжаныя Рэфармацыяй, натхнялі матэматыка Готфрыда Ляйбніца і фізіка Ісаака Ньютана.

Ідэі Рэфармацыі стварылі сучасную заходнюю культуру, даўшы пачатак новым поглядам або прыбраўшы перашкоды на іх шляху. Нездарма нямецкі філосаф Георг Гегель назваў Рэфармацыю сэнсам гісторыі Новага Часу, а англійскі гісторык Джэймс Фруд - "завесамі, на якіх трымаецца ўся сучасная гісторыя".




Беларуская вэрсія
English version
Русская версия

Новы Запавет і Псальмы (1931)
Станіслаў Акіньчыц. Залаты Век Беларусі
Катэхізіс. Нясьвіж, 1562
'Спадчына', 2003, №1
Навуковая канферэнцыя 'Рэфармацыя і Залаты Век Беларусі', 2003 г.
Пратэстанцкая царква і беларускі нацыянальны рух

Галоўная - Гісторыя - Ідэі - Асобы - Дакумэнты - Даты - 1553-2003 - Фотагалерэя


Агульныя пытаньні: