Галоўная
  Гісторыя
  Ідэі
  Асобы
  Дакумэнты
  Даты
  1553-2003
  Фотагалерэя
500 год Жану Кальвіну

500 год Мікалаю Радзівілу Чорнаму

  ЎКантакце




Царква Хрысьціян Веры Эвангельскай у Рэспубліцы Беларусь Царква Ісуса Хрыста
ГІСТОРЫЯ

Гістарычны нарыс
пранікненьня й распаўсюджаньня Рэфармацыі
ў Літве й Заходняй Русі


(працяг)

В. Пліс

Тыя, хто рухаў рэфармацыйную справу ў літоўска-рускай дзяржаве выразна ўсьведамлялі, што для замацаваньня яе поўнага посьпеху недастаткова закладаньня збораў і школаў, што апроч іх неабходныя яшчэ друкарні, якія б забясьпечвалі зборы літургічнымі кнігамі, школы - падручнікамі, а для ўсяго насельніцтва дзяржавы выпускалі б папулярныя творы палемічнага характару, праз якія прыніжалася б каталіцкае вызнаньне ды прапагандавалася рэфарматарства. Шмат кнігаў падобнага роду прывозілася ў Літву, Польшчу, Заходнюю Русь з Прусаў і Нямеччыны. Але падобнай крыніцай атрыманьня кнігаў напісаных у рэфармацыйным духу карыстацца было даволі цяжка, у кожным разе нельга было імі абмяжоўвацца. Такі сродак здабываньня пратэстанцкіх кнігаў быў некалькі складаным у выніку забаронных законаў, паволе якіх строга забараняняўся ўвоз у Польскае каралеўства кнігаў герытычнага зьместу. Таму на самым пачатку росквіту Рэфармацыі ў польска-літоўскай дзяржаве закладаліся друкарні, зь якіх выходзіла вельмі шмат кнігаў у пратэстанцкім духу, брашураў, палемічных твораў, скіраваных галоўным чынам супраць каталіцкай царквы. Першая дысыдэнцкая друкарня была закладзена ў Пінчове, дзе ад 1556 да 1561 гг. друкаром быў вядомы Даніэль з Ленчыцы. Прамінуўшы рэфармацкія друкарні, якія знаходзіліся ў Вялікай ды Малой Польшчы, мы зьвернем увагу на друкарні, якія знаходзіліся ў літоўска-рускай дзяржаве. Тут было вельмі шмат дысыдэнцкіх друкарняў, непараўнальна больш чым ў Вялікай і Малой Польшчы. Праўда, тут амаль не было друкарняў, якія былі б ва ўласнасьці кальвінскіх збораў; такая друкарня зьявілася ў Слуцку ўжо на пачатку XVII ст. Але затое тут было вельмі шмат прыватных друкарняў, што складалі ўласнасьць прыватных асобаў. Гэтыя друкарні існавалі ў некаторых мясьцінах нават тады, калі цалкам заняпалі дысыдэнцкія друкарні ў Вялікай і Малой Польшчы. Старэйшай зь літоўска-рускіх прыватных друкарняў была друкарня, заснаваная ў Берасьці Мікалаем Радзівілам Чорным, віленскім ваяводам і берасьцейскім старостам. Гэтай друкарняй загадваў Бэрнар Ваяводка, кракаўскі месьціч і друкар, запрошаны сюды з Кракава каля 1558 г. за 3000 чырвоных злотых. Сярод мноства кнігаў, надрукаваных у Берасьцейскай друкарні, у ліку якіх ня мала было вельмі грунтоўных працаў, на першым пляне павінна быць пастаўлена Біблія 1563 г. У літаратуры яна вядомая пад назвай то Радзівілаўскай, то Берасьцейскай (па месцы выданьня), то Пінчоўскай (па месцы перакладу, бо пераклад зроблены ў Пінчове). Для польскіх кальвінаў было надзённай патрэбай мець Біблію на польскай мове, якой яны маглі б карыстацца для пацьверджаньня свайго вучэньня. Радзівіл вырашыў задаволіць гэтую патрэбу. Ён запрасіў у Літву найвядомейшых навукоўцаў рэфармацкага вызнаньня і даручыў ім перакласьці на поьскую мову ўсю Біблію, -- Стары Запавет з габрэйскай, а Новы Запавет - з грэцкай мовы. Пераклад неўзабаве быў зроблены, і Біблія была шыкоўна надрукаваная. Выданьне яе абышлося вельмі дорага - у 10.000 злотых, -- сума для таго часу вельмі вялікая. Мікалай Радзівіл Чорны прысьвяціў гэтую Біблію Жыгімонту Аўгусту. У тэксце ёсьць зьмены ў кальвінскім духу; у дадатках ужо выразна ўказваюцца ня толькі кальвінскія аблуды, але часам і сацыніянскія. Так, напрыклад, кажучы ў дадатках пра адзінага Бога, перакладчыкі ня згадваюць тут, ні пра Боскасьць Ісуса Хрыста, ні пра Боскасьць Сьвятога Духу, ні пра Сьвятую Троіцу. Таму ня толькі каталікі лічылі Радзівілаўскую Біблію герытычнай, але нават у саміх кальвінаў яна была ў падазронасьці. Сыны Мікалая Радзівіла Чорнага, перайшоўшы зноў у рыма-каталіцкае вызнаньне, клапаціліся пра зьнішчэньне гэтай Бібліі. У гэтай справе асаблівай рэўнасьцю вызначыўся Юрай Радзівіл, віленскі біскуп, і старэйшы яго брат Мікалай Крыштап Радзівіл, вядомы пад мянушкай Сіроткі, які набыў на 5000 чырвоных злотых кальвінскіх твораў, у тым ліку мноства асобнікаў радзівілаўскай Бібліі і ўсе гэтыя кнігі спаліў пасярод віленскага рынку.

У Берасьцейскай друкарні друкаваліся вельмі шмат кнігаў у духу пратэстанцкага вызнаньня; тут друкаваліся творы Цыпрыяна Базыліка, Яна Ласкага, Тамаша Фальконія ды інш.

Празь некалькі год пасьля заснаваньня Берасьцейскай друкарні была закладзена новая друкарня для задавальненьня патрэбаў рэфармацкага вызнаньня ў Нясьвіжы, у галоўным месцы ўладаньняў Мікалая Радзівіла Чорнага. Нясьвіская друкарня мае немалое значэньне ў гісторыі славянарускай друкарскай справы. Гэта - адна зь першых друкарняў, зь якіх пачалі выходзіць славянарускія кнігі. З гэтай кнігі выйшаў першы на Русі кніжны водгалас заходняй Рэфармацыі, якая ў розных сэктах ці кірунках сваіх, прайшоўшы праз Польшчу, зьявілася і ў нас у Літве, а пасьля гэтага распаўсюдзілася і на Валыні. Маем дзьве кальвінскія кнігі, што выйшлі з гэтай друкарні ў 1562 г.: "Катэхізіс" і "Аб апраўданьні грахоўнага чалавека перад Богам"; абедзьве напісаныя на адным з расейскіх дыялектаў (беларускім) у зьмяшаньні з царкоўна-славянскай мовай. Час заснаваньня Нясьвіскай друкарні адносіцца да 1562 г., калі зь яе выйшлі дзьве названыя кнігі.

Заснавальнікам гэтай друкарні быў Мацей Кавячынскі, Нясьвіскі староста, начальнік Нясьвіскіх маёнткаў Мікалая Радзівіла Чорнага. Закладаючы ў Нясьвіжы друкарню, Мацей Кавячынскі выконваў волю і намер свайго вярхоўнага патрона. У гэтай справе Кавячынскаму верагодна дапамагалі ягоныя браты Альбрэхт і Гэктар, якія пасьля сьмерці брата загадвалі друкарняй. Ці былі ў гэтым годзе (1562) у Нясьвіскай друкарні польскія і лацінскія друкарскія наборы, не вядома. Вядома толькі тое, што ў першы год існаваньня гэтай друкарні зь яе не выходзілі ні польскія ні лацінскія друкаваныя кнігі. Але ў наступным годе (1563) зь Нясьвіскай друкарні выходзіць катэхізіс на польскай мове. Хто ў першым часе загадваў друкаваньнем кнігаў славянарускіх, гэтак жа як і польскіх і лацінскіх, невядома. Але неўзабаве сюды быў запрошаны Мікалаем Радзівілам Чорнагым Пінчоўскі друкар Даніэль Ленчыцкі. Першая кніга, якая выйшла зь яго імем, была: "Новы Запавет з грэцкай на польскую мову ўважліва перакладзены. Надруквана ў Нясьвіжы Даніэлем друкаром, Году 1568". Гэты Новы Запавет уяўляе перадрукоўку Новага Запавету з радзівілаўскай Бібліі, з выпраўленьнем яго некалькі бліжэй да Вульгаты. Апошняй кнігай, якая выйшла зь Нясьвіскай друкарні ў той час, калі яна яшчэ знаходзілася ў руках кальвінаў, была Біблія, перакладзеная Сымонам Будным на просьбу Мацьвея Кавячынскага і з удзелам апошняга. Гэтая кніга выйшла ў 1572 г. З гэтага часу зь вяртаньнем сыноў Мікалая Радзівіла Чорнага да рыма-каталіцкага вызнаньня, Нясьвіская друкарня пераходзіць у рукі езуітаў. Нясьвіскі друкар Даніэль Ленчыцкі перайшоў у Вільню і тут заклаў сваю ўласную друкарню, у якой друкаваў ня толькі пратэстанцкія творы, але і творы каталіцкіх пісьменьнікаў. Але тут у Вільні друкарню Ленчыцкага ў хуткім часе напаткаў сумны лёс. У 1581 г. праз падкопы і нагаворы езуітаў, наборшчык Даніэля Ленчыцкага скраў у свайго гаспадара ўвесь друкарскі набор і прадаў яго ў езуіцкую друкарню, у выніку гэтага друкарня Ленчыцкага спыніла сваё існаваньне.

Вільня дала прытулак шматлікім дысыдэнцкім друкарням. У 1580 г., сюды перабраўся з Лоску Ян Карчан з Вялічкі, і друкаваў тут кнігі як пратэстантаў, так і каталікоў, да 1611 г. Акрамя гэтых двух друкарняў, у Вільні было яшчэ некалькі друкарняў, што належалі пратэстантам, у якіх друкаваліся як пратэстанцкія, так і каталіцкія творы. Лукашэвіч налічваў у Вільні да васьмі дысыдэнцкіх друкарняў. Самая старая зь іх была друкарняй Мікалая Радзівіла Чорнага. - Апроч вышэйзгаданых, дысыдэнцкія друкарні былі яшчэ і ў іншых мясьцінах Літвы ды Заходняй Русі: у Лоску, Сэйнах, Любчы, Ашмянах (Віленскай губ.), Вэнгрове, у Слуцку. Бальшыня зь іх зьявілася ўжо напрыканцы эпохі росквіту рэфарматарства ў Літве. У Лоску друкарню заснаваў Ян Кішка зь Цеханоўца, крайчы Вялікага Княства Літоўскага, а потым Віленскі кашталян і Жмудзкі староста. Вэгерскі залічвае гэту друкарню да эвангеліка-рэфармацкіх. Гэтыя зьвесткі можна прызнаць справядлівымі, з тым аднак абмежаваньнем, што такой яна заставалася вельмі нядоўга і неўзабаве пачала служыць толькі арыянам, бо Ян Кішка вельмі хутка ўзяў бок арыянскай сэкты. Першым друкаром у Лоскай друкарні быў Ян Карчан зь Вялічкі, што пад Кракавам, а не зь Вяліжа Літоўскага.

З гэтага кароткага нарысу сродкаў, якія выкарыстоўвалі рэфарматы ў справе прапаганды свайго выданьня ў Літоўска-рускай дзяржаве, відаць, што яны дзейнічалі па-майстэрску, умела, даволі дасьведчанымі рукамі, з адданасьцю сваёй справе. Кіраўнікамі рэфармацкай прапаганды былі ўжытыя для дасягненьня сваёй мэты ўсе сродкі, якія толькі маглі абяцаць посьпех. Было заснавана па розных мясьцінах мноства збораў, дзе маглі знаходзіць задавальненьне сваіх рэлігійных патрэбаў адэпты новага вызнаньня; выкліканыя лепшыя казнадзеі і пастары для кіраўніцтва і выхаваньня народу ў духу гэтага вызнаньня; заснаваныя былі школы для навучаньня маладога пакаленьня; народу была дадзеная Біблія для чытаньня на роднай мове.; для школьнага і для народнага ўжытку былі складзеныя катэхізісы ў народных мовах. Для рускага народу быў выдрукаваны ў 1562 г. катэхізіс на заходне-рускай мове; для палякаў -- на польскай мове (Catechizm, Neswiz, 1563); для літоўцаў нясьвіскі катэхізіс быў перакладзены на літоўскую мову. Словам, былі ўжытыя ўсе сродкі, якія маглі распаўсюджваць і ўмацоўваць рэфарматарства ў Літоўска-рускай дзяржаве. І калі меркаваць аб ступені распаўсюджаньня тут рэфарматарства паводле колькасьці кальвінскіх збораў і паводле агульных выказваньняў пісьменьнікаў таго часу аб колькасьці тых, хто навярнуўся, то трэба сказаць, што посьпехі яго былі вельмі значныя. Так Лукашэвіч налічвае 163 кальвінскія зборы ў Літве. Лічба вельмі істотная. Але сам жа Лукашэвіч адзначае, што ён дае толькі прыблізную колькасьць кальвінскіх збораў, што насамрэч іх было значна больш. Мэрчынг, аўтар спэцыяльнга дасьледаваньня аб колькасьці пратэстанцкіх храмаў у Польшчы, налічваў іх у Вялікім Княстве Літоўскім 191 (у іх ліку толькі некалькі лютаранскіх, усе астатнія рэфармацкія). Значна менш рэфармацкіх збораў налічыў ён на паўднёва-рускіх абшарах, якія ўваходзілі да 1569 году ў склад Малой Польшчы: на Валыні 8, на Падольлі 6, у Кіеўскай Украіне 1, у Галіцыі 22, у Холмскай зямлі 12, у Бэлзскай зямлі 10. Каяловіч у сваіх "Miscellanea" паведамляе, што да Рэфармацыі ў Вялікім Княстве Літоўскім было каля 700 каталіцкіх парафіяў, а каля 1576 году ва ўсёй Жмудзі было толькі 6 каталіцкіх сьвятароў, і ва ўсёй Літве каталікі складалі ледзьве тысячную частку яе насельніцтва. Але вядома, што рэфарматы забіралі цэрквы ня толькі ў каталікоў, але і ў праваслаўных. На Берасьцейскім саборы (1596 г.) лацінцы дакараючы паваслаўных за саюз пратэстантамі, казалі: "вы маеце ў іх (пратэстантах) вялікіх прыяцеляў, якія ў вас у адным Новагародзкім ваяводзтве, як вядома, спустошылі 650 цэркваў". Спусташэньне гэтае большай часткай заключалася ў замене праваслаўнага храма ці каталіцкага касьцёлу на кальвінскі збор; часам цэрквы перамянялі на хлявы ды канюшні. Беручы пад увагу прыведзеныя зьвесткі, можна пагадзіцца з Букоўскім, што колькасьць пратэстанцкіх збораў у Заходняй Расеі можа быць вызначана прыблізна ў 320. Але было б вялікай памылкай выводзіць з колькасьці збораў колькасьць людзей, якія навярнуліся ў пратэстанцтва. Перш за ўсё амаль усе зборы ня толькі ў Літве, але нават і ў Польшчы, дзе пратэстанцкі рэлігійны рух пачаўся раней чым ў Літве, заставаліся пустымі, бо просты народ не наведваў іх. Парафіяне кальвінскіх збораў складаліся амаль выключна з дваранства і часткова зь месьцічаў гарадоў і мястэчак. Аднак, вельмі часта здаралася, што дваране, навернутыя ў кальвінства, пагрозамі і палкамі заганялі сельскі народ у кальвінскія зборы. Увогуле бясспрэчны той факт, што кальвінства набыло сабе пасьлядоўнікаў толькі сярод дваранства. Колькасьць дваранаў, якія прынялі кальвінскае вызнаньне была вельмі вялікай. Не кажучы ўжо пра мноства дваранаў рыма-каталіцкага вызнаньня, якія адыйшлі ад сваёй царквы, мы знаходзім вельмі шмат фаміліяў праваслаўнага дваранства, якія захапляліся Рэфармацыяй. У Новагародзкім павеце ледзьве можна было знайсьці адзін шляхецкі дом, чужы для ерасі. Ва ўсім гэтым ваяводзтве, якое складала галоўную і самую вялікую частку япархіі праваслаўнага мітрапаліта, з 600 дваранскіх дамоў грэцкага вызнаньня ледзьве засталося 16, ці нават менш, якія ацалелі ад герытычнай новахрышчэнскай заразы. Аднак, Букоўскі імкнецца давесьці, што і колькасьць шляхты, якая адыйшла ад веры сваіх бацькоў, была не такая вялікая, як гэта можа падацца пры звароце ўвагі на шматлікія зборы. Што датычыцца простага народу, то ён цьвёрда трымаўся веры сваіх продкаў. Асаблі гэта трэба сказаць пра рускі праваслаўны народ. Аднак, і просты народ, з аднаго боку пазбаўлены сьвятароў, з другога прымушаны рознымі сродкамі да прыняцьця новай веры і які выхоўваўся ў духу кальвінскага вызнаньня, пакрысе пачаў наведваць кальвінскія зборы. Але як ні памяншай ступень распаўсюджаньня кальвінізму ў Літоўска-рускім краі, трэба прызнаць бясспрэчным той факт, што напачатку 60-х гадоў XVI стагодзьдзя кальвінскае вызнаньне знаходзілася на ступені амаль панавальнага вызнаньня і пачынала трывала ўсталёўвацца тут.

Пры адшукваньні прычынаў хуткіх посьпехаў кальвінства ў Літоўска-рускім краі наша ўвага перш за ўсё спыняецца на асобе галоўнага кіраўніка, апекуна і рухальніка кальвінскаё плыні -- Мікалая Радзівіла Чорнага. Наўрад ці мы перабольшым ягонае значэньне ў справе Рэфармацыі ў Літоўска-рускай дзяржаве, калі скажам, што ён быў галоўным вінаваўцам яе хуткіх заваёваў у гэтым краі. Але што ж пабуджала Мікалая Радзівіла Чорнага да дзейнасьці на карысьць кальвінскага вызнаньня? Ці адна толькі "bona fides", усьведамленьне перавагі кальвінскага вызнаньня перад іншымі вызнаньнямі, альбо ўсё ж і палітычныя меркаваньні? Вырашыць гэтае пытаньне адназначна ў той ці іншы бок цяжка. Здаецца, што палітычныя меркаваньні Мікалая Радзівіла Чорнага служылі вельмі моцным стымулам у справе прапаганды ім кальвінства. Ёсьць некаторыя падставы меркаваць, што ён марыў зрабіцца самастойным вялікім князем Літоўска-рускай дзяржавы, злучыўшы пад сваёй уладай у адну дзяржаву Літву і Заходнюю Русь, задумваў зрабіць зь Літвы такую дзяржаву, якая існавала ў часы Гедзіміна ды Альгерда. Для ажыцьцяўленьня гэтага пляну Мікалаю Радзівілу Чорнаму, відаць, спрыялі многія тагачасныя акалічнасьці. З аднаго боку Жыгімонт Аўгуст быў бязьдзетным, а Мікалай Радзівіл Чорны меў сваяцкія сувязі з каралём. Зь іншага боку, магутнасьць Мікалая Радзівіла Чорнага, яго матэрыяльная моц, вялізны ўплыў на караля Жыгімонта Аўгуста, прадстаўніком якога ён быў у Літве як бы ў якасьці намесьніка, -- маглі запэўніваць яго ў думцы зрабіцца вялікім князем Літоўскім. Ёсьць зьвесткі ў аднаго, сучаснага Мікалаю Радзівілу Чорнаму, гісторыка і палітычнага дзеяча Крыштапа Варшавіцкага, што ўжо ў 1553 годзе, калі Мікалай Радзівіл Чорны адкрыта пачаў вызнаваць кальвінства, яго пачалі абвінавачваць у тым, што ён вёў у Вене таемныя перамовы аб спадкаемстве польскага пасаду. Ад гэтага намеру ён, верагодна, хутка адмовіўся, сьцьвердзіўшыся канчаткова ў дымцы аб спадкаемстве літоўскага вялікакняскага пасаду. Дзеля больш лёгкага дасягненьня гэтага, Мікалай Радзівіл Чорны пачаў клапаціцца аб ізаляцыі Літоўска-рускага княства ад Польскага каралеўства. Атрымаўшы прыхільнасьць да пратэстантызму яшчэ за мяжой, пад час выхаваньня ў тамтэйшых унівэрсітэтах і каля 1553 г. зрабіўшыся кальвінам, Мікалай Радзівіл Чорны задумаў дасягнуць, з аднаго боку, аб'яднаньня розных веравызнаньняў і пляменных элемэнтаў гэтага краю праз распаўсюджаньне і замацаваньне ў ім кальвінскага веравызнаньня. Дзеля гэтай мэты Мікалай Радзівіл Чорны схіляўся не да лютаранскага вызнаньня, якое ня мела сымпатыяў у Літве, таму што зыходзіла ад немцаў і з Прусаў, якія нарабілі Літве шмат ліха, а да кальвінства, праз якое Літва ізалявалася ў рэлігійным дачыненьні і ад Прусаў і ад Польскага каралеўства, дзе лютаранства знаходзіла сабе больш сымпатыяў чым ў Літве і Заходняй Русі. Гэтымі палітычнымі плянамі Мікалая Радзівіла Чорнага тлумачыцца тое, што ён разбурыў вунію Літвы з Польшчай, якая рыхтавалася на Варшаўскім сойме 1563 г. Гэтым самым часткова, здаецца, трэба тлумачыць апазыцыю Люблінскай вуніі з боку Мікалая Радзівіла Рудога, які засвоіў палітычныя пляны свайго стрыечнага брата. З гэтай жа прычыны маючы на ўвазе ізаляваць Літву ад Польшчы, Мікалай Радзівіл Чорны, відаць, неахвотна ставіўся да спробаў малапольскіх і вялікапольскіх кальвінаў у справе злучэньня зь літоўскімі сваімі адзінаверцамі. Калі на сынодзе 1555 г. у Козьмінцы кальвіны Вялікай і Малой Польшчы злучыліся паміж сабой, то вырашылі прыцягнуць на свой бок і літоўскіх кальвінаў. З гэтай мэтай у 1560 г. яны скіравалі да Мікалая Радзівіла Чорнага Бляндрату з просьбай да яго паклапаціцца аб гэтым жаданым злучэньні кальвінаў і аб ахове літоўскіх кальвінскіх збораў ад новай ерасі антытрынітараў, якую ў Малой Польшчы прапаведаваў Станкар. Мікалай Радзівіл Чорны прыязна прыняў Бляндрату, ахвяраваў на карысьць малапольскіх збораў 1600 талераў, асудзіў дзейнасьць і вучэньне Станкара і накіраваў сваіх паслоў на сынод у Ксёнж, куды ў той час сабраліся кальвіны Малой Польшчы і браты чэскія Вялікай Польшчы; але да рэальнага злучэньня з малапольскімі кальвінамі Мікалай Радзівіл Чорны не прыступіў, і справа заўсёды заканчвалася толькі абяцанкамі. Іншых зьвестак, апроч гэтых, аб кантактах Мікалая Радзівіла Чорнага з малапольскімі кальвінамі няма.

Дзеля аб'яднаньня ж літоўска-рускай дзяржавы ў рэлігійным дачыненьні Мікалай Радзівіл Чорны ўжываў усе намаганьні і сродкі для таго, каб распаўсюдзіць кальвінства ва ўсіх пластах народу, сярод усіх плямёнаў. З гэтай мэтай ставіліся і памнажаліся зборы, школы, друкарні, перакладаліся кнігі Сьвятога Пісьма на народныя мовы, пісаліся папулярныя кнігі ў кальвінскім духу, друкаваліся для народу і школы, кальвінскія катэхізісы на рускай (трэба разумець беларускай - пер.), літоўскай і польскай мовах. Для посьпеху кальвінства ў літоўска-рускім краі Мікалай Радзівіл Чорны дамогся зьнішчэньня Гарадзельскага акту 1413 г., паводле якога перавагу і пава на дзяржаўную службу ў Літве замацоўвалася толькі за асобамі рыма-каталіцкага вызнаньня. Напачатку гэты акт парушаўся толькі на практыцы; але ў 1563 г. Мікалай Радзівіл Чорны дасягнуў фармальнага зьнішчэньня яго асобнай каралеўскай граматай. Кальвінства дасягнула ўжо нагэтулькі трывалага існаваньня і становішча ў Літоўска-рускім краі, што магло разьлічваць на поўную перамогу над іншымі вызнаньнямі. Але ў гэты час у самым росквіце свайго жыцьця і дзейнасьці, сышоў з гістарычнай сцэны галоны вінаваты ў посьпехах кальвінства -- Мікалай Радзівіл Чорны. Ён памёр на 50-м годзе жыцьця 28 траўня 1565 г. Цела Мікалая Радзівіла Чорнага і ягонай жонкі Лізаветы пахаваныя ў Вільні. Са сьмерцяй Мікалая Радзівіла Чорнага закончыўся бліскучы пэрыяд гісторыі літоўска-рускага кальвінства і пачаўся хуткі заняпад яго. Пачалася каталіцкая рэакцыя кальвінству, на чале якой стаялі езуіты. Праўда ў літоўска-рускіх кальвінаў заставаўся яшчэ магутны апякун -- Мікалай Радзівіл Руды. Але ён ня здолеў замяніць сабою брата.

Пераклад з расейскае А.Унучака паводле "Христианское чтение", Санкт-Петербург, 1914




Беларуская вэрсія
English version
Русская версия

Новы Запавет і Псальмы (1931)
Станіслаў Акіньчыц. Залаты Век Беларусі
Катэхізіс. Нясьвіж, 1562
'Спадчына', 2003, №1
Навуковая канферэнцыя 'Рэфармацыя і Залаты Век Беларусі', 2003 г.
Пратэстанцкая царква і беларускі нацыянальны рух

Галоўная - Гісторыя - Ідэі - Асобы - Дакумэнты - Даты - 1553-2003 - Фотагалерэя


Агульныя пытаньні: