|
Рэфармацыя і Залаты Век Беларусі
Станіслаў Акіньчыц
Сёньняшняе грамадзтва, прасякнутае матэрыялістычнай філязофіяй, зь цяжкасьцю ўспрыймае праўду аб тым, што тое, як чалавек думае, у што ён верыць, вызначае ягонае жыцьцё. Вядомы марксавы тэзіс аб тым, што быцьцё вызначае сьвядомасьць, трэба было б сфармуляваць цалкам па-іншаму: сьвядомасьць вызначае быцьцё. Гэты прынцып знаходзіць шматлікія пацьвярджэньні як у гісторыі, так і ў сучаснасьці. XVI стагодзьдзе ў Беларусі зьяўляецца адным з такіх яскравых прыкладаў сувязі паміж вераю людзей і разьвіцьцём грамадзтва.
ХУІ стагодзьдзе ўвайшло ў гісторыю Беларусі як Залаты Век нашае краіны. Гэта быў час, калі Вялікае Княства Літоўскае перажывала незвычайны ўздым у культурным, эканамічным і палітычным жыцьці. Друкаваліся кнігі на беларускай мове, пісаліся паэмы, багаслоўскія трактаты, дзёньнікі, бэлетрыстыка, былі выдадзеныя лепшыя ў Эўропе зборнікі законаў, імкліва расьлі гарады, разьвівалася сельская гаспадарка. І ўсё гэта ва ўмовах, якія ніяк не назавеш надзвычай спрыяльнымі. Больш таго, у жыцьці ВКЛ як дзяржавы XVI ст. было нашмат горшае за папярэдняе. Калі ў ХУ ст. пасьля перамогі пад Грунвальдам Вялікае Княства практычна ня мела зьнешняе пагрозы, дык пачынаючы з княжаньня Аляксандра краіна вяла несупынныя войны з Масквою, якія былі вельмі няўдалымі і мелі наступствам патрэбу заключэньня больш сьціслай уніі з Польшчай дзеля захаваньня Вялікага Княства як дзяржаўнага арганізму. Тым ня менш, менавіта ХУІ стагодзьдзе дало Беларусі агульнаэўрапейскую славу, якая не згубіла свайго бляску аж да сёньня. Дастаткова назваць імёны Франьцішка Скарыны, Мікалая Радзівіла Чорнага, Сымона Буднага або Льва Сапегі, каб уявіць маштаб тае эпохі.
Што сталася прычынай такога ўздыму ў жыцьці беларускага народу? Адказ відавочны, калі зьвярнуць увагу на працэсы, якія адбываліся тады ва ўсёй Эўропе. Гэта, перад усім, рух Рэфармацыі, рух аднаўленьня царквы, вяртаньня да Бібліі як першаасновы хрысьціянства. Менавіта Рэфармацыя спрычынілася да таго, што краіны Паўночнае Эўропы, такія як Нямеччына, Англія, Швэцыя, высунуліся на першы плян у культурным, палітычным і эканамічным разьвіцьці, пакінуўшы далёка ззаду бясспрэчных лідараў эпохі Сярэднявечча - Італію, Гішпанію, Францыю. Вялікае Княства не было ў баку ад агульнаэўрапейскіх падзеяў і многае, што адносіцца да іншых краінаў, характэрна і для Беларусі. На жаль, у пасьляваенны час шмат казалася аб Беларускім Адраджэньні ХУІ ст., пры гэтым ігнаруючы, што Беларускае Адраджэньне было часткаю паўночнаэўрапейскага Адраджэньня, г.зн. Адраджэньня, непарыўна зьвязанага з Рэфармацыяй.[4] Дарэчы, гэта вельмі выразна падкрэсьлівалі беларускія дасьледчыкі 20-х гг. ХХ ст.[5]
Ідэі Рэфармацыі не былі цалкам новымі для жыхароў Вялікага Княства. Амаль стогадовая дзейнасьць гусітаў добра падрыхтавала глебу для наступных падзеяў.[10] Яшчэ ў 1413 г. у Беларусі прапаведваў палечнік Яна Гуса Геранім Праскі. Пасьля беларускія ваяры бралі чынны ўдзел ў гусіцкіх войнах. Ня трэба таксама забывацца, што большасьць беларускай моладзі, якая вучылася ва унівэрсытэтах у ХУ-пачатку ХУІ стст., набывала веды ў Празе і Кракаве - буйных інтэлектуальных асяродках гусітызму.[5] Пропаведзь Яна Гуса была вельмі падобнай да пропаведзі Марціна Лютара, таму літаральна празь некалькі год пасьля славутага выступу ў Вітэнбэргу ў Вільні на поўны голас гучалі заклікі да рэформы царквы.[10] Франьцішка Скарыну, які пачаў выдаваць Біблію па-беларуску ў 1517 г., абвінавачвалі, што ягоны пераклад Сьвятога Пісьма прасякнуты лютаранскім духам. Такім чынам, ідэі Рэфармацыі былі шырока распаўсюджаныя сярод эліты беларускага грамадзтва ад пачатку ХУІ ст і нават раней.
Ужо ў сярэдзіне ХУІ ст. Рэфармацыя ў Беларусі набыла такія маштабы, што можна казаць пра Вялікае Княства як пра краіну, дзе рэфармаваная царква займала калі не пануючую, дык прынамсі вызначальную пазыцыю ў духовым жыцьці грамадзтва. Практычна ўсе выбітныя постаці Беларусі ХУІ ст. або непасрэдна зьяўляюцца вернікамі пратэстанцкіх цэркваў, або знаходзяцца пад моцным уплывам рэфармацыйнай думкі.
У 1553 г. князь Мікалай Радзівіл Чорны, канцлер Вялікага Княства і адзін з найбольш уплывовых беларускіх магнатаў, публічна абвесьціў аб тым, што ён вызнае эвангельскую веру і заснаваў пратэстанцкія цэрквы ў Берасьці, Вільне і Нясьвіжы. У тым жа годзе ён выдаў у Берасьці эвангельскі катэхізіс. Не прайшло некалькіх год, як прыхільнікамі Рэфармацыі сталі Вішнявецкія, Валовічы, Глябовічы, Дарагастайскія, Сапегі, Пацы, Зяновічы, Агінскія і іншыя. У хуткім часе рэфармацкія зборы зьявіліся ў Клецку, Койданаве, Менску, Полацку, Віцебску, Воршы, Шклове, іншых гарадах і мястэчках. На працягу другой паловы ХУІ ст. у Беларусі было заснавана каля 300 эвангельскіх цэркваў. Мітрапаліт Іпаці Пацей пісаў, што ў Наваградзкім павеце "наўрад ці хоць адзін шляхецкі дом з сотні" застаўся неахоплены вучэньнем Рэфармацыі. Віленскі біскуп Бэнэдыкт Война скардзіўся ў Рым, што ў Княстве раней было 600 касьцёлаў, а засталося толькі 300.[6] Аж да пачатку ХУІІ ст. у сэнаце Вялікага Княства пераважную большасьць складалі пратэстанты.[2]
У гарадах мяшчане ня менш массава прымалі эвангельскае вучэньне. Мандат вялікага князя Жыгімонта Аўгуста на заснаваньне кальвінскай царквы у Віцебску пачынаецца такімі словамі: "Прыслалі до нас бояре, шляхта, бурмістры, райцы і мешчане тамошніе вітэбскіе, бьючы чолом, абыхмо у тамошнем месте Вітэбском дозволілі ім ку науцэ детем і для хожэнія іх ку слуханю слова Божего дом збудоваті і казнодею ховаті". У Полацку ў той самы час летапісец адзначае, што "не только мірстіі люді, но і ігумены і чернцы, і попы, і діаконы Греческого закона" актыўна ўдзельнічаюць у стварэньні і разьвіцьці эвангельскіх цэркваў.[8]
Улічваючы, што ў Вялікім Княстве шляхта складала каля 10%, а жыхары гарадоў і мястэчак - больш 15%,[6] нельга разглядаць Рэфармацыю толькі як нязначны эпізод у беларускай гісторыі. Наадварот, неабходна зьвярнуць на гэтую зьяву самую пільную увагу, тым больш, што сувязь паміж рэфармацыйным рухам і росквітам беларускай культуры і эканомікі даволі адназначная.
Ці не найбольш яскравай зьявай у жыцьці ХУІ-вечнай Беларусі было зьяўленьне і разьвіцьцё кнігадрукаваньня. У ХУІ ст. у Вялікім Княстве было выдадзена 324 кнігі на беларускай, жамойцкай, лацінскай, польскай і царкоўнаславянскай мовах.[13] Знакавай падзеяй было выданьне Франьцішкам Скарынаю Бібліі на беларускай мове. Гэта паклала пачатак ня толька беларускаму друкарству, але і сталася адной з прычынаў хуткага разьвіцьця Рэфармацыі ў нашай краіне. Хоць сам Скарына нічога не пісаў пра сваё веравызнаньне, уся яго дзейнасьць сьведчыць аб ім у першую чаргу як аб рэфарматары. Ужо той факт, што ён друкаваў Біблію для людзей паспалітых, што імкнуўся наблізіць Слова Божае да чытача, зрабіць яго распаўсюджаным і зразумелым, паказваюць беларускага першадрукара як пачынальніка Рэфармацыі ў Беларусі. Сучасьнікі Скарыны на дзіва згодна ацэньваюць яго дзейнасьць. Па словах змагара за чысьціню праваслаўя А.Курбскага, Біблія Скарыны "растленна", пярэчыць усім сьвятым уставам і ў-ва ўсім згодная зь Бібліяй Лютара. Каталікі таксама абвінавачвалі Скарыну ў адыходзе ад канонаў каталіцкае царквы і прыналежнасьці да Рэфармацыі. Уніяцкі мітрапаліт А.Сялява называў Скарыну "ератыком гусітам", а выданую ім Біблію разглядаў як пачатак Рэфармацыі ў вялікім Княстве. Наадварот, дзеячы Рэфармацыі бачылі ў Скарыне свайго аднадумца. Пратэстанцкі выдавец Прымус Трубэр у выданьнях, прызначаных для жыхароў вялікага княства, насьлядаваў выданьні Скарыны. Першы пратэстанцкі пастар Прусіі Павал Спэратус захоўваў "Псалтыр" Скарыны з "Малой падарожнай кніжыцы".[11]
У далейшым сувязь кнігадрукаваньня і Рэфармацыі ня менш выразная. Палова друкарняў, якія дзейнічалі ў Вялікім Княстве, былі цесна зьвязаныя з рэфармацыйным рухам. Такія выдаўцы як Сымон Будны, Васіль Цяпінскі, Цыпрыян Базылік, Даніэль Ленчыцкі, Бэрнард Ваяводка, Мацьвей Кавячынскі і г.д. вядомыя ня толькі як друкары, але, перш за ўсё, як актыўныя дзеячы Рэфармацыі. Значную частку кнігадрукаў ХУІ ст. складаюць Бібліі, катэхізісы, багаслоўскія трактаты, палемічныя творы. Цікавасьць да чытаньня Бібліі, абуджаная гэтым прага пазнаць ісьціну і увогуле цікавасьць да разнастайных ведаў спрычыніліся да таго, што кнігі друкаваліся немалымі накладамі, для іх знаходзіліся і мэцэнаты, і спажыўцы. Нельга абмінуць увагаю Берасьцейскую друкарню, якую фундаваў Мікалай Радзівіл Чорны, або фундацыі Астафея Валовіча на кірылічныя творы Сымона Буднага. Падтрымка з боку Яна Кішкі ці Яна Глябовіча у многім дапамагла друкарскай дзейнасьці Сымона Буднага ў Лоску або друкаваньню разнастайных твораў Андрэя Воляна.
Рэфармацыя ў Беларусі прывяла да істотнай перамены ў галіне адукацыі. Яна вывела асьвету за межы манастырскіх муроў і дала магчымасьць велізарнай колькасьці беларусаў атрымаць даволі грунтоўныя веды ў сябе на радзіме. Пропаведзь рэфармацыйных ідэяў заўсёды мела вынікам адкрыцьцё нейкае навучальнае установы. Яшчэ ў 1539 г. адзін з першых прапавежднікаў Рэфармацыі Абрагам Кульва адкрыў у Вільні школу, у якой вучылася каля 60 вучняў, перад усім дзеці магнатаў і шляхты. У 1544 г. у сталіцы Прусіі Караляўцы адчыніўся унівэрсітэт, на якім былі выдзеленыя спэцыяльныя стыпэндыі для студэнтаў зь Вялікага Княства. Гэта была найбліжэйшая да Беларусі вышэўшая навучальная установа, што і абумовіла яе прыцягальнасьць для беларускай моладзі. Да 1600 г. у Караляўцы навучалася 185 студэнтаў зь Вялікага Княства (для параўнаньня, у Кракаве з 1500 г. па 1600 г. вучылася 217 ліцьвінаў). Дарэчы на працягу ХVІ ст. можна заўважыць, як расьце колькасьць студэнтаў - беларусаў у розных пратэстанцкіх унівэрсітэтах Эўропы.[9]
Шырокае распаўсюджваньне Рэфармацыі суправаджалася ня толькі будаўніцтвам збораў, а, у першую чаргу, адкрыцьцём пачатковых школаў пры новаўтвораных цэрквах. Адзін з галоўных прынцыпаў Рэфармацыі - патрабаваньне да кожнага хрысьціяніна чытаць Біблію, бо толькі Біблія дае паўнавартасныя веды пра веру і Бога і толькі яна зьяўляецца асноваю хрысьціянства. Каб людзі маглі чытаць Біблію, яны павінны умець чытаць. Таму адукацыя разглядалася беларускімі рэфарматарамі як адна з асноўных сваіх задач. Пратэстанцкія школы, народжаныя Рэфармацыяй, нямала дапамаглі хуткім посьпехам рэфармацыйнага руху на беларускіх землях. Віленская школа, заснаваная Мікалаем Радзівілам Чорным разам з царквою, у канцы ХУІ ст. прэтэндавала на статус акадэміі, і толькі супрацьдзеяньне каталіцкай герархіі і караля Жыгімонта Вазы не дазволілі ажыцявіць гэты праект.
Распаўсюджваньне пісьменнасьці сярод шырокіх колаў беларускага грамадзтва прынесла літаральна выбух у пісьменьніцкай дзейнасьці. Самыя розныя людзі пачалі пісаць дзёньнікі, запіскі з падарожжаў, мемуары. У адрозьненьні ад ранейшых летапісцаў, аўтараў цікавілі ня толькі вялікія гістарычныя падзеі, але і лёсы канкрэтных людзей.
Таксама для ХУІ ст. характэрна фармаваньне вялікіх бібліятэчных збораў. Рэй у гэтым зноў вялі Радзівілы, а таксама іншыя магнаты-пратэстанты. Першы нотны зборнік, выданы ў Беларусі, першая мастацкая калекцыя, рознабаковая падтрымка магнатамі пэатаў і пісьменьнікаў, так званая рэнэсансная архітэктура - гэта таксама ўнёсак Рэфармацыі ў культурны уздым нашай краіны ў ХУІ ст.
Ня толькі разьвіцьцё культуры зрабіла стагодзьдзе Рэфармацыі Залатым Векам. Ня меншых посьпехаў дасягнула ў гэты пэрыяд эканоміка. Сьведчаньнем гэтаму зьяўляецца імклівы рост насельніцтва, калі на працягу стагодзьдя колькасьць жыхароў краіны вырасла амаль удвая.[6] Адной са знакавых падзеяў гэтага пэрыяду была аграрная рэформа 1557 г., якая атрымала назву валочнай памеры. Сутнасьць рэформы заключалася ў падзеле ўсіх сельскагаспадарчых земляў на валокі (21,3 га) і ўнармаваньню сялянскіх павіннасьцяў у залежнасьці ад якасьці глебы. Зямля вакол кожнай вёскі дзялілася на тры роўныя палі, адно зь якіх засявалася ярыною, другое - азімымі, а трэцяе заставалася "адпачываць", пры гэтым кожны год парадак засеву мяняўся (клясычнае трохпольле). Вясковыя сядзібы пераносіліся ў адно месца і будаваліся ўздоўж адной вуліцы так, каб гаспадарчыя пабудовы стаялі за хатамі, а не перад імі. Была ліквідаваная сялянская абшчына, а на яе месца ўводзілася пэўная форма самакіраваньня: войт (солтыс) і некалькі лаўнікаў, выбіраных самімі сялянамі. Таксама рэформа заахвочвала закладаньне вялікіх таварных гаспадарак - фальваркаў.[14]
У выніку правядзеньня валочнай памеры, якая да канца ХУІ ст. ахапіла практычна ўсю Беларусь, краіна атрымала сельскагаспадарчы пад'ём, які дазволіў экспартаваць збожжа ў Заходнюю Эўропу. Калі дзяржаўны скарб перад рэформай атрымліваў падаткаў з сельскай гаспадаркі менш 20 тыс. коп грошаў, дык у 1588 г. ён атрымаў 82 тыс. коп грошаў.[14] Прынцыпы, закладзеныя валочнай памерай, дзейнічалі на Беларусі аж да пачатку ХХ ст., а форма забудовы да сёньняшняга дня адрозьнівае Беларусь ад суседняй Расеі.
Якая сувязь Рэфармацыі з гэтымі падзеямі? Па-першае, менавіта магнаты-рэфарматары Мікалай Радзівіл Чорны, Астафей Валовіч і інш. былі тымі, хто ажыцяўляў аграрную рэформу. Па-другое, розныя прынцыпы рэформы базуюцца на каштоўнасьцях Рэфармацыі. У гэтым няма нічога дзіўнага, бо саму ідэю гэтай рэформы дала каралева Бона Сфорца, духоўнік якой, Франьцішак Лісманіні, быў прыхільнікам ідэяў Жана Кальвіна, а пасьля ўвогуле стаў кальвіністам. Рэфармацыя ставіла на першае месца свабоду асобы перад уладай калектыву, а таксама асабістую адказнасьць чалавека за свае учынкі. Падобныя аснаваньні мае і валочная памера, даючы кожнай сялянскай сям'і ў спадчыннае валоданьне зямлю, каб вынікі працы кожнага залежалі ў першую чаргу ад яго самога. Сама ідэя рацыянальнай арганізацыі землекарыстаньня ідзе ў адным рэчышчы з абуджанай Рэфармацыяй сьвядомасьцю, што гэты сьвет створаны Богам паводле рацыянальных законаў. Рацыянальная арганізацыя працы на працягу стагодзьдзяў была зьвязаная з рэфармацыйным рухам. Рэфарматары абвяшчалі, што "парадак і прыгажосьць - гэта хрысьціянскі стыль жыцьця". Разьмяшчэньне хатаў у вёсках у адзін шэраг (парадак) і перанос гаспадарчых забудоваў далей ад вуліцы (прыгажосьць) паказваюць, як гэта рэалізуецца на практыцы.
Разьвіцьцё сельскай гаспадаркі падштурхнула разьвіцьё гарадоў. На працягу ХУІ ст. іх колькасьць у Беларусі вырасла з 48 да 380.[6] Ліквідацыя сялянскай абшчыны дазволіла частцы сялян замест працы на зямлі займацца рамяством. Гэтыя памкненьні падтрымлівалі магнаты і заможная шляхта, засноўваючы на сваіх землях гарадзкія паселішчы і надаючы ім права самакіраваньня. Нярэдка у новаўтвораныя гарады запрашаліся рамесьнікі-пратэстанты, вядомыя сваёй якаснай працаю. Пратэстанцкая этыка працы, якая была ля вытокаў рынкавай эканомікі ў Заходняй Эўропе, гэтак сама дзейнічала і ў Беларусі, спрыяючы разьвіцьцю вытворчасьці. Дзеячы Рэфармацыі ставілі сабе за мэту пашырэньне кола людзей, якія займаюцца нейкім рамяством. Сымон Будны ў "Катэхізісе" зьвяртаў увагу бацькоў, што "повінны родітелі научаті сынов своіх мастерству або ремества якого побожного, абы от него слушное выжывене на потом мелі". Ён ставіў майстра ў адзін шэраг з настаўнікам, пастарам ці прадстаўніком улады.
Пытаньні эканомікі цікавілі як палітыкаў, так і паэтаў. Менскі ваявода Ян Абрамовіч, адзін з лідэраў рэфармацыйнага руху ў Княстве, напісаў кнігу "Погляды ліцьвіна на танную куплю і дарагі продаж збожжа", у якой тлумачыў неабходнасьць стварэньня ў краіне свабоднага рынку. Ягоны сучасьнік, філёзаф і паэт Язэп Даманеўскі ў сваіх творах паказваў працу, актыўную жыцьцёвую пазыцыю як крыніцу шчасьця чалавека, а гультайства і бязьдзейнасьць, як прычыну нешчасьлівага жыцьця.[3]
Да нашых дзён дайшлі запіскі Фёдара Еўлашоўскага, шляхціча зь Ляхавічаў, у якіх ён распавядае пра сваё жыцьцё і пра жыцьцё Княства ў другой палове XVI стагодзьдзя. У 1566 годзе дваццацігадовы Еўлашоўскі прыехаў у Вільню і дзеля цікавасьці зайшоў у кальвінскі збор. Акурат тады прапаведвалі "міністры учоные Вендрагоўскі і Касьценецкі", і малады чалавек, атрымаўшы ад гэтай пропаведзі "велікую утеху", прымае кальвінскае веравызнаньне. Вучэньне аб волі Божай для кожнага чалавека, прапаведванае кальвінскімі міністрамі, скіроўвала чалавека на тое, каб ён рэалізаваў сваё прызначэньне ў грамадзкім жыцьці, бізнэсе, сваёй прафэсіі, абвяшчала прынцыпы працавітасьці, дабрасумленнасьці, ашчаднасьці і прадпрыймальнасьці. Фёдар Еўлашоўскі сур'ёзна прыняў Слова Божае і пачаў жыць згодна з гэтым. Неўзабаве, дзякуючы сваёй працавітасьці і стараннасьці, ён назапасіў немалое багацьце і, пачынаючы зь сярэдзіны 70-х гадоў XVI стагодзьдзя, як бачна з дакумантаў, пазычаў вялікія сумы (па некалькі тысячаў коп літоўскіх грошаў) гатоўкаю некаторым магнатам. У той час за дзьве капы можна было набыць каня, а 60 коп каштаваў каменны дом у цэнтры Менску.[7]
У адрозьненьні ад многіх эўрапейскіх дзяржаваў, дзе працэс цэнтралізацыі ішоў праз узмацненьне ўлады манарха, у Вялікім Княстве ХУІ ст. цэнтралізацыя праяўлялася праз разьвіцьцё агульнадзяржаўнага заканадаўства. Прававыя акты таго часу напоўненыя спасылкамі на аўтарытэт Сьвятога Пісьма і нормы хрысьціянскай маралі. Для беларускіх законатворцаў, большасьць зь якіх былі эвангельскімі хрысьціянамі, першасная крыніца законаў заключалася ў Богу і Ягоным сьвятым законе. Людзі, ствараючы законы, адлюстроўваюць у іх не сваю волю, але волю Бога. У Статутах ВКЛ можна прачытаць, што тая ці іншая норма базуецца на тым, як "Божы закон і праведнасьць хрысьціянская вучыць". [12]
Адным з базавых прынцыпаў, на якіх асноўвалася беларускае заканадаўства ХУІ ст., была роўнасьць усіх перад законам, якое вынікала з роўнасьці ўсіх перад Божым законам. Андрэй Волян, адзін зь вядучых мысьляроў беларускай Рэфармацыі, пісаў, што толькі там, дзе ў дзяржаве існуе роўнасьць усіх перад законам, людзей сапраўды магчыма назваць свабоднымі.[4] Для беларускіх рэфарматараў свабода - гэта такі стан чалавека, калі яго паводзіны ў грамадзтве вызначаюцца не ягонымі жаданьнямі (што хачу, тое і раблю), але вызначана рамкамі закону. Свабода асобы, каб не прывесьці да анархіі, павінна стрымлівацца нормамі хрысьціянскай адказнасьці.
Выразам гэтых памкненьняў сталася выданьне Статуаў ВКЛ, а асабліва Статуту 1588 г. Гэты зборнік законаў зьяўляецца шэдэўрам беларускай юрыдычнай думкі і лічыцца найлепшым і найдасканальшым юрыдычным кодэксам у тагачаснай Эўропе. У Статут увайшлі нормы канстытуцыйнага права, чаго на той час не было ў заканадаўстве іншых эўрапейскіх дзяржаваў, а таксама адміністрацыйнага, ваеннага, судова-працэсуальнага, шлюбна-сямейнага, зямельнага, крымінальнага права.
Асноваю Статута сталі прынцып прававой дзяржавы, дзе пануе закон. У прадмове да Статуту напісана: "Быў час, калі у супольнасьці людзей, якую мы рэччу паспалітаю (рэспублікаю) называем, каралі і валадары справавалі сваю ўладу не паводле закону запісанага або статуту, але паводле свайго меркаваньня і жаданьня. Але таму, што яны часта занядбоўвалі свае абавязкі і дзейнічалі дзеля сваёй карысьці, а не дзеля агульнага дабра, людзі, адкідваючы іх уладу і панаваньне і называючы іх не валадарамі, але тыранамі, пачалі абапіраць бясьпеку і дабро рэчы паспалітае на статуце і пісаным законе. Пра гэта вялікі і знакаміты грэцкі філёзаф Арыстотэль сказаў, што там, дзе чалавек паводле свайго жаданьня валадарыць, дзікі зьвер пануе, а дзе валадарыць закон, там пануе сам Бог".
Статут замацоўваў асабістую свабоду кожнага чалавека, даваў права вольнага выезду за мяжу, уводзіў прэзумпцыю невінаватасьці і свабоду веравызнаньня. Паводле Статуту ніхто з урадоўцаў ня мог быць пазбаўлены манархам пасады, іначай як паводле пастановы суду. Былі замацаваныя палітычныя правы шляхты: права ўдзелу ў законатворчай дзейнасьці, абіраць і быць абранымі ў сойм. Таксама Статут вызначаў беларускую мову як дзяржаўную, дый сам быў напісаны па-беларуску, каб кожны грамадзянін мог ведаць свае правы: "Мы маем законы, напісаныя не на нейкай чужой мове, але на саёй уласнай, і ў любы час можам даведацца тое, што неабходна для абароны ад усякае крыўды".
Статут вызначаў, што закон павінен, па-першае, абараняць грамадзян дзяржавы ад злоўжываньняў з боку манарха, г.зн. прадухіляць праявы тыраніі, а па-другое, забясьпечыць дзяржаве ўнутраны парадак і мір. На першай старонцы Статуту былі напісаныя словы з Бібліі, зварот да судзьдзяў: "Глядзіце, што вы чыніце. Вы зьдзяйсьняеце не суд чалавечы, але суд Божы ... Няхай будзе на вас страх Госпадаў" (2 Крон 19,6-7).[9]
У сувязі з вышэйсказаным напрошваюцца вельмі выразныя паралелі зь яшчэ адным знакамітым юрыдычным дакумэнтам - Канстытуцыяй ЗША. Тое, што Канстытуцыя ЗША была напісаная людзьмі, прасякнутымі ідэямі Рэфармацыі, робіць яе вельмі падобнай да Трэйцяга Статуту ВКЛ. Гэта і прычына напісаньня - прадухіліць тыранію, і біблійныя асновы - Бог, Які даў закон, каторы вышэй за манархаў і перад каторым усе роўныя, і многія прынцыпы, што здаецца перанесены з аднаго дакумэнту ў другі. Канстытуцыя ЗША стала асновай для ўсіх пазьнейшых канстытуцыяў, Статут ВКЛ стаў асновай заканадаўства практычна ўсіх краін Сярэдня-Усходняй Эўропы. Канстытуцыя ЗША дзейнічае безь істотных зьменаў ужо больш 200 гадоў, Статут ВКЛ дзейнічаў бязь зьменаў 250 гадоў і быў скасаваны толькі таму, што ўжо не існавала прыняўшая яго дзяржава.
Стагодзьдзе Рэфармацыі называецца Залатым Векам і дзякуючы свабодзе веравызнаньня, якая панавала ў нашай краіне. Фёдар Еўлашоўскі ў сваім дзёньніку піша: "У Вільні сядзей я за сталом ксяндза Баўтрамея Нядзьвіцкага, віленскага каноніка, разам зь яго слугамі-італьянцамі. Тыя, калі даведаліся, што я - эвангельскі хрысьціянін, дужа зьдзіўляліся, як гэта ксёндз-канонік запрасіў мяне на абед. А калі ён ім сказаў, што ў нас з гэтае прычыны няма ніякай нянавісьці і мы сябруем як добрыя прыяцелі, хвалілі гэта італьянцы, кажучы, што тут Бог жыве, і скардзіліся на свае айчынныя законы, а хутчэй беззаконьня. У той час розьніца ў веры не была прычынаю для розьніцы ў сяброўстве, вось таму той век мне бачыцца залатым".[7]
Традыцыі верацярпімасьці, характэрныя для Вялікага Княства і ў ранейшыя стагодзьдзі, дзякуючы дзейнасьці рэфарматараў набылі сілу закону. Гарадзельскі прывілей 1413 г. забараняў некатолікам займаць дзяржаўныя пасады ў Вялікім Княстве. І хоць гэты закон не заўсёды выконваўся, заканадаўчая дыскрымінацыя існавала да сярэдзіны ХУІ ст. У 1563 г. магнаты і шляхта на чале зь Мікалаем Радзівілам Чорным дамагліся прыняцьця пастановы, што "на ўсялякія пасады і ва ўрад павінны абірацца ня толькі падданыя рымскае царквы, але ў той самай ступені ўсе мужчыны шляхецкага стану, людзі веры хрысьціянскае, кожны паводле сваіх заслугаў". У хуткім часе пасьля гэтага ў Сэнаце Вялікага Княства большасьць месцаў стала належаць пратэстантам.[6]
Нашая краіна набыла ў Эўропе славу "прыбежышча герэтыкаў", краіны, у якой кожны мог свабодна вызнаваць сваю веру. У вялікае Княства пачалі перасяляцца італьянцы, французы, чэхі, шатляндцы, у якіх на радзіме за нязгоду з пануючай рэлігіей можна было трапіць у турму або на стос.
У студзені 1573 г. беларуская і польская шляхта прынялі так званы акт Варшаўскае канфэдэрацыі: "А іж в Речы Посполітой ест розность немалая з стороны веры хрестіяньское, забегаючы тому, абы се с тое прычыны межы людмі заістье якое шкодлівое не вщело, которую по іншіх королевствах ясне відім, обецуем то собе сполне за нас і за потомкі нашы на вечные часы покой межы собою заховаті, а для розное веры і отмены в костелах крові не пролівать, ані се караті отсуженьем маетності, почстівостью, везеньем і выволаньем, і зверхності жадное, ані уряду до такового поступку жадным способом не помагать".
Статут 1588 г. замацаваў Варшаўскую канфэдэрацыю ў якасьці закону. Гэта быў першы ў сьвеце прававы акт, які дакляраваў прынцыпы роўнасьці правоў паміж людзьмі розных веравызнаньняў. Для Эўропы, ахопленай полымем рэлігійных войнаў, Варшаўская канфэдэрацыя стала прыкладам, як вырашаць пытаньні свабоды сумленьня. У той самы час у Парыжы быў прыняты закон, які забараняў па ўсёй Францыі сабраньні і служэньні гугенотаў, пагражаючы за яўнае або патаемнае вызнаваньне "герэзіі" сьмерцю. Да канца ХУІ ст. францускія пратэстанты ставілі нашую краіну ў прыклад сваім суайчыньнікам.[1]
Ідэі Рэфармацыі, якімі была прасякнута значная частка беларусаў ХУІ ст., сталі асновай таго, што гэтая эпоха стала часам сапраўднага росквіту нашай краіны. Ідэі, якімі жыве народ, вызначаюць шляхі разьвіцьця грамадзтва. Гэта выразна пацьвярджаюць падзеі, што адбываліся ў Беларусі ў наступным стагодзьдзі. Прыняцьцё элітай Вялікага Княства ідэалёгіі Контррэфармацыі прывяло да татальнага заняпаду ў тых сфэрах, якія ў ХУІ ст. былі славай нашага народу. Гэта не было абумоўлена ходам гістарычных падзеяў, гэта быў выбар эліт. Нашчадкі тых, хто ў ХУІ ст. прынялі Рэфармацыю, у ХУІІ ст. адмовіліся ад гэтых ідэяў. Вынік не прымусіў доўга чакаць - Залаты Век скончыўся і пачаўся доўгі пэрыяд неславы, паразаў і катастрофаў. У краінах, якія засталіся вернымі Рэфармацыі, нічога падобнага не адбылося, нават калі іх наведвалі цяжкія выпрабаваньні, параўнальныя з праблемамі, зь якімі сутыкнулася нашая краіна.
Літаратура:
1. Іванова Л. Еўрапейскае аблічча і рэгіянальныя асблівасьці Рэфармацыі на Беларусі. Мінск, 1998.
2. Ластоўскі В. Кароткая гісторыя Беларусі. Мінск, 1992.
3. Мысліцелі і асветнікі Беларусі. Энцыклапедычны даведнік. Мінск, 1995.
4. Падокшын С. Філасофская думка эпохі Адраджэння ў Беларусі. Мінск, 1990.
5. Пічэта У. Беларускае Адраджэньне ў XVI сталецьці. У: Чатырохсотлецьце беларускага друку: 1525-1925. Менск, 1926.
6. Сагановіч Г. Нарыс гісторыі Беларусі ад старажытнасьці да канца ХУІІІ стагоддзя. Мінск, 2001.
7. Свяжынскі У. "Гістарычныя запіскі Ф. Еўлашоўскага". Мінск, 1990.
8. Скарына і яго эпоха. Пад рэд. Чамярыцкага В. Мінск, 1990.
9. Статут Вялікага Княства Літоўскага 1588 г. Тэксты. Даведнік. Каментарыі. Мінск, 1989.
10. Плисс В. Исторический очерк проникновения и распространения Реформации в Литве и Западной Руси. Санкт-Петербург, 1914
11. Сапунов Б. Религиозные взгляды Скорины. В: Белоруссика
12. Сокол С. Социологическая и политическая мысль в Белоруссии во второй половине XVI века. Минск, 1974.
13. Франциск Скорина и его время. Энциклопедический справочник. Минск, 1990
14. Jerzy Ochmanski. Historia Litwy. Wroclaw, 1967.
|
|