|
Прадмова Мікалая Радзівіла Чорнага да Берасьцейскай Бібліі
Найясьнейшаму Пану, Пану Жыгімонту Аўгусту, з Божай ласкі Каралю Польскаму, Вялікаму Князю Літоўскаму, Рускаму, Прускаму, Мазавецкаму, Інфлянцкаму, Пану і Дзедзічу, Пану і Пану, Пану майму літасьціваму, etc.
Найясьнейшы Міласьцівы Кароль etc.
Адзін толькі Госпад Бог усё добрае робіць, чыніць і дае людзям у сьвеце. Бо Ён ёсьць усялякага дабра дасканалага пачаткам, у што, як кожны чалавек хрысьціянскага стану і пакліканьня павінен верыць, тым больш Ваша Каралеўская Міласьць, як хрысьціянскі кароль таксама ў гэта верыш і тое разумееш, што спрадвеку праз прадбачаньне Божае пачалося і ёсьць, што Ваша Каралеўская Міласьць па продках сваіх знакамітых у гэтых слаўных дзяржавах пастаўлены каралём, памазанцам і вялікім, магутным панам і правадыром народу Божага і слаўна пануеш паводле волі Яго сьвятой над народамі нашымі. Між імі будучы, я, як адзін з грамадзян гэтых краінаў, адчуваю, што я наперад і перадусім Госпаду Богу абавязаны. Бо Ён здаўна пры панаваньні дабраславёных продкаў В.К.М. Каралёў Польскіх і Вялікіх Князёў Літоўскіх дом мой і бацькоў маіх высокай годнасьцю стану шляхецкага абдараваў, схіліўшы да мяне ласкава сэрца В.К.М., дабрадзействам В.К.М. вялікім аздобіць рачыў. За гэта Яго сьвятой Боскай міласьці, хоць і недастоўную, аддаю чэсьць і хвалу, а В.К.М., як Ягонаму зямному намесьніку, маючы ўдзячную памяць за дабрадзействы В.К.М. ад усяго майго сэрца заўсёды дзякую. І хочучы нейкія сьведчаньні гэтай маёй удзячнасьці перад людзкімі вачыма да В.К.М., пана свайго прыроджанага, паказаць задумаў ахвяраваць В.К.М. тое, што маю для сябе найдаражэйшае, робячы гэта паводле волі Бога, Які загадаў паслухмяным быць Яму і аддаваць Яму належнае, а таксама загадаў паслухмяным быць уладам, якія Ён на гэтым сьвеце паставіў паводле вечнай Сваёй задумы.
У аналах гісторыі, хоць няшмат іх чытаў, бо чалавек сьвецкага стану, знайшоў я згадку, што ў часы эгіпецкага караля Пталемея вялікі мудрэц Дэметры Фалерэус, хоць Бога праўдзівага ня ведаў, раіў яму, каб на грэцкую мову Закон Божы быў перакладзены коштам і намаганьнем каралеўскім. Дык напоўніўшыся пабожнай рэўнасьцю, з маёмасьці, якую з волі Божай, сумленнага набыцьця продкамі маімі і з ласкі да мяне В.К.М. ужываю ды ўласным сваім коштам і накладам учыніў падобнае, што, маю надзею, ад усіх хрысьціянаў годнае пахвалы. Для народаў мовы славянскай ад імя В.К.М. слаўнага каралеўскага загадаў я выдаць, на польскую мову пераклаўшы, гэтае сьвятое чытаньне, кнігі Бібліі, Закон Першы прыказаньня Божага, а таксама Новы Запавет, Эвангельле Госпада Хрыста.Госпад Бог дапамагчы і паспрыяць мне ў гэтай справе рачыў, бо я яе шчыра пачынаў, бо ўсё гэта не на ўласную думку чыніў, але пры агульнай згодзе ўсіх цэркваў і збораў хрысьціянскіх у дзяржавах В.К.М., як ў Кароне, так і ў Княстве, паводле шчырага Слова Божага памножаных. Яны спасярод сябе згодна абралі людзей, якія найлепей і найпаважней да гэтага здольныя, годныя і падрыхтаваныя. Таксама ім паводле майго жаданьня загадалі і даручыць тое, што я, сьведкам мне Госпад Бог, здаўна ад усяго сэрца бачыць прагнуў. У гэтай нялёгкай справе тых добрых і пачцівых людзей умельства, вера і пільнасьць праз пабожную працу іх яўна паказана. У гэтым доўгімі прамовамі хваліць іх не хачу, бо больш іх хваліць вынік іх працы ў вачах кожнага верніка, а тым больш у В.К.М., якога Госпад Бог розумам і вялікай разважлівасьцю ва ўсім надзяліў. А паколькі, як узгадваў вышэй, распарадзіўся я ад слаўнага імя В.К.М. гэты фаліянт друкаваць, дарую яго ў бібліятэку В.К.М., якая вялікай мае быць.
Але не для таго перадаю гэтыя кнігі, каб іх большы пералік і колькасьць была ў бібліятэцы В.К.М., і потым яны толькі ў схове мелі ляжаць, але, каб найперш В.К.М. і людзі хрысьціянскіх народаў, якія Госпад Бог пад руку В.К.М. аддаў, старанна і часта іх чыталі, як справу Божую, ад каторай усё на сьвеце залежыць. Бо праз гэта найперш кожны ўбачыць тую мэту, да якой праз збаўленьне наша вечнае сябе і жыцьцё сваё скіроўваць павінны. А яшчэ таксама ў гэтым Сьвятым Пісьме кожны стан знойдзе і пабачыць, і навучыцца, пачынаючы ад пана, як ён адпаведна Рэччу Паспалітай кіраваць мае, знойдуць таксама і падданыя, у якіх звычаях і ўчынках праведных перш перад Богам і сваімі начальнікамі трываць павінны. Таму асабліва В.К.М. паводле веры маёй зычлівай прашу, хай не прыхіляе слых свой каралеўскі да тых людзей, якія толькі часовых сваіх справаў пільнуюцца, маюць шмат зайздрасьці, і найлепшага гэтага шчасьця ўсім не жадаюць, каб В.К.М. і іншыя людзі маглі тое чытаць і ў тым практыкавацца, што для дасягненьня Валадарства вечнага патрэбна. Бо, калі абяцаньням Божым хочам верыць, а слушна трэба ім веры даць, тады належыць усім станам земскім, каб ім ніхто не забараняў даведвацца, аб чым кожны ўранку і вечарам дбаць павінен. Бо адна ўзнагарода для ўсіх у правіцы Божай, аднак ёсьць жа, ад чаго барані нас Бог, і левы бок.
Таму з усёй маёй пакорай, падданай В.К.М., пана сваёго ў імя Божае прашу і заклікаю, каб гэтымі словамі маімі і гарачым жаданьнем не пагарджаў, памятаючы на словы мудраца: Каралям даспадобы вусны справядлівыя, і таго, хто праўду кажа, яны любяць. І хто ведае, мо якраз цяпер Госпад Бог рабіць жадае, як раней рабіў, калі, караючы народ Свой за зло і няўдзячнасьць, забраў быў з асяродзьдзя іх Закон Свой, але потым пры добрым каралі Ёсіі вярнуў рукамі сьвятара Хэлкіі і пісара Шафана. І цяпер такім жа чынам Сам Госпад Бог, абудзіўшы да гэтага маё стараньне, у рукі В.К.М. Закон Свой дае. Вось і я шчырым сэрцам В.К.М. жадаю, паводле прыкладу таго сьвятога караля, нас, В.К.М. падданых, да гэтага весьці, нагадваць і вучыць рачыў, каб пастаянна слаўным Законам Божым, які ад даўняга часу між намі занядбаны быў, маючы яго ўжо цяпер перад вачыма, карысталіся, цешыліся і практыкаваліся ў ім. з гэтага ня толькі В.К.М. самому шчасьціць будзе, але і нам усім пад тваім валадараньнем, калі , гледзячы на В.К.М., мы ад усёй душы пойдзем ад памылак, у царкву прынесеных, да Бога і Айца Госпада нашага Ісуса Хрыста навернемся, захоўваючы сьвятое Эвангельле Яго Сына, бо мы да гэтага пакліканыя.
А паводле таго Эвангельля, праз Збаўцу нашага нам дадзенага, таксама будзем ужываць вучэньне апостальскае і такія абрады, якім нас абодва Запаветы вучаць. Пра гэта усім пільна дбаць трэба, але яшчэ больш В.К.М., бо да вас, усіх пабожных каралёў, братоў сваіх, дабраславёны кароль Давід, прарок і паэт Божы, навучаньне такімі словамі кажа: Дык цяпер зразумейце валадары, навучыцеся судзьдзі зямлі. Але калі, ад чаго Госпадзе Божа нас захавай, ідучы далей за гэтым сьветам, ня бачачы хлусьлівасьці яго, баючыся яшчэ якой аблуды і ценю, пойдзем далей у тыя памылкі, якія паводле прароцтва Данііла, гэты ксёндз з бессаромным тварам, рымскай бажніцы балван (ідал), зьнішчыцель сёньня яўны супакою храсьціянскага, сейбіт кукалю, які ў сваім заразным вінаградніку шчодра насадзіў гэтага насеньня, як сапраўдны і праўдзівы антыхрыст, а калі за гэтым зьмяінага роду павадыром сьляпым В.К.М., пойдзеш аж да канца і нас, народ верны Божы, за сабою весьці захочаш, сьцеражыся, каб Госпад Бог за адкіданьне праўды Сваёй (бо яе некаторыя хочуць мець цалкам перавернутай і зьнішчанай, а таксама Яго сьвятую Божую славу), нас з В.К.М. усіх у Рэчах Паспалітых нашых на сорам, падзеньне і ганьбу перад вачыма іншых народаў ня кінуў таксама на заняпад вечны (як гэта часткова, нажаль, між намі пачанаецца), як перад гэтым з Грэцыяй за ідалапаклонства ўчыніў. А пасьля, каб Госпад не пазбавіў нас удзелу ў вечным сваім несьмяротным вясельлі, якое нам праз адзінага Сына Свайго абяцаў, і не зачыніў брамы ў слаўнае жытло Сваё, як перад тымі неразумнымі дзяўчынамі дзьверы замкнуў, не жадаючы больш ведаць іх, як да тых палюбоўнікаў, распусьцелых прысмакамі і напоямі зь келіха распусьніцы бабілёнскай, зьвярнуўся з Сваім справядлівым, але вельмі страшлівым і суровым прысудам, які перагледзець ніхто ня зможа, бо перад Ім дрыжыць кожны зямны ўрад, і кожная вялікая і наймагутнейшая ў гэтым сьвеце ўлада. Ад гэтага няхай Госпад Бог В.К.М. і нас усіх засьцеражэ, ухавае і шчытом аховы Сваёй дабразычлівай заслоніць, і непашкоджанымі нас дзеля збаўленьня за гэтым шчытом Сваім захавае. Да Яго В.К.М., на ўзор малітваў і спакоранасьці караля Манасы, несупынна праз усе дні свае, кленчачы ў сэрцы сваім каралеўскім, просьбы гарачыя чыніць рачыў, прагнучы ад Яго ўсялякіх зямных і вечных даброцьцяў. А Госпад Бог, міласэрднасьць Якога языком чалавечым апісаная быць ня можа, зробіць В.К.М. на пасадзе і сталіцы тваёй такім пасьвячоным каралём, якімі зрабіў тых добрых каралёў у Ізраілі і ў сусьвеце хрысьціянскім: Дасьць розум разважны і ўпіша закон Свой у сэрца В.К.М., даючы кожны час суд Свой, і справядлівасьць Сваю В.К.М. як сыну цараваму. У гэтым няхай В.К.М. шмат і трывала прыносіць адпаведны плод, згодна талентам даручаным Госпадам Богам, і тады Ён здароўем добрым В.К.М. адорыць, таксама дасьць перамогу над ворагамі, і памножыць цябе з каралевай, сужонкай В.К.М. мілай, дачкой так слаўнага ў хрысьціянскім сьвеце народу, і нас не пакіне сіротамі, бо ўсё гэта ў Яго праходзіць паміж сабой зьвязана. Бо толькі Ён ёсьць Бог і Госпад вечнай мудрасьці, моцы і добрасьці, разам з Сынам Сваім і Духам Сьвятым, і Ён усім, што належыць да добрай справы каралеўскай, як заўсёды ў любові Сваёй даваць жадае, так і В.К.М. няхай абдаруе шчодра. Гэтага я В.К.М., майму літасьціваму пану, сведчучы пра гэта, хоць сэрца маё Яму вядомае, верна жадаю, і пра тое перад Яго Веліччу недастойна, як грэшны чалавек і няварты чарвяк, прашу, каб усё гэтае Ён зьдзейсьніў і пасьля доўга ў гэтым В.К.М., памазанца Свайго, захаваў.
Дадзена ў Вільні месяца верасьня дзевятнаццатага дня
Году ад нараджэньня Сына Божага тысяча пяцьсот шэсьцьдзесят трэцяга
Найясьнейшай Велічы В.К.М.
Зычлівы слуга, паслухмяны падданы і верны радца Мікалай Радзівіл etc. etc.
ARCHE, 2012, №1-2, С.253-256
|
|