|
"Калі не спалохаецеся…"
Гісторыя менскай царквы хрысьціян веры эвангельскай
Менская Царква хрысьціян веры эвангельскай "Благадаць" - найбуйнейшая пратэстанцкая царква ў Беларусі, у якую штонядзелі на набажэнствы зьбіраецца каля 4 000 дарослых і дзяцей. Калі трапляеш у прасторную і сьветлую залю, слухаеш зладжанае сьпяваньне хору, глядзіш на тысячы людзей, што прыйшлі на багаслужэньне цэлымі сем'ямі, цяжка паверыць, што менш чым 30 год таму вернікам, якія пачыналі гэтую царкву, каб правесьці служэньне, давадзілася езьдзіць па Менску і ваколіцах, праходзіць праз міліцэйскія кардоны, плаціць штрафы, жыць пад пагрозай пазбаўленьня працы ці арышту. Але яны прайшлі праз усё гэта і выстаялі.
З гэтага ўсё пачыналася…
Калі Другая сусьветная вайна з яе нягодамі і шматмільённымі ахвярамі скончылася, многім падавалася, што самае страшнае пройдзена. Аднак для царквы Хрыстовай пасьляваенны час не прынёс свабоды і палёгкі. У канцы 1940-х - пачатку 50-х гадоў адной з задач савецкай улады стала поўнае вынішчэньне пяцідзесятніцкага руху. Амаль усе прэсьвітэры і служыцелі былі асуджаны, цэрквы зачыняліся, а вернікі сталі ахвярамі ганеньняў і "перавыхаваньня".
Для хрысьціянаў веры эвангельскай (ХВЭ) насталі дні выпрабаваньняў. На служыцеляў і на простых вернікаў абрынулася навала хлусьні, бруду і асуджэньня, крыніцай якой сталі прадстаўнікі афіцыйнай улады, а правадніком - падпарадкаваныя ім сродкі масавай інфармацыі. Якія толькі ярлыкі не навешвалі на эвангельскіх хрысьціянаў у той час: "цемрашалы", "вылюдкі", "амерыканскія шпіёны", "здраднікі"… Многія вернікі вымушаны былі сыйсьці ў глыбокае падпольле.
Складвалася ўражаньне, што ў гэтых невыносных умовах Царква пацярпела паразу і спыніла сваё існаваньне. Аднак, ня гледзячы ні на што, дзякуючы сіле Госпада і вернасьці дзяцей Божых, яна па-ранейшаму заставалася жывой і дзейснай.
Насуперак усім перашкодам нарадзілася царква ХВЭ і ў Менску, куды на сталае жыхарства з розных мясьцін Беларусі пераехалі Л.Валадзько, В.Забаранюк, К.Ярмаковіч, В.Пташук, М.Кібалка і іншыя хрысьціяне. Людзі далучаліся да афіцыйна забароненай, але жывой царквы.
Першым месцам пастаянных набажэнстваў стаў дом Уладзіміра Зямлевіча, які разам з усёй сваёй сям'ёй навярнуўся да Бога ў 1955 г. У 1958 г. улады забаранілі вернікам зьбірацца разам, але ўжо быў закладзены пачатак, і людзі цэлымі сем'мі навярталіся да Госпада ў розных месцах сталіцы: у Сьцяпянцы, Дражні, Паўночным пасёлку і Сельгаспасёлку. Малітоўныя служэньні праходзілі там па чарзе.
Часта набажэнствы адбываліся ў хаце Мікалая Кібалкі, які ў 1959 г. быў абраны прэсьвітэрам царквы. Аднак перасьлед з боку афіцыйных уладаў увесь час узмацняўся, і ўжо ў сакавіку 1960 г. Мікалай Сьцяпанавіч быў асуджаны на год прымусовых працаў. У гэты час царква налічвала 100 чалавек, і надалей зьбірацца ўсім разам на багаслужэньні было немагчыма. Было прынятае рашэньне падзяліцца на дзьве групы, адказнасьць за якія несьлі Мікалай Кібалка і Міхаіл Пачарняеў. Групы некаторы час зьбіраліся ў Сьцяпянцы і Дражні, але праз год зноў аб'ядналіся.
Паколькі Мікалай Кібалка быў вымушаны часова пакінуць пастарскае служэньне, царкву ачолілі браты Міхаіл пачарняеў, Уладзімір і Леанід Ганчарэнкі, Іван Кравец і іншыя. Багаслужэньні было вырашана праводзіць па чарзе ў дамах вернікаў у розных раёнах гораду, але часьцей за ўсё яны праходзілі ў Дражні, ў доме сястры Марыі Вайцяхоўскай.
Увосень 1961 года ганеньні ўзмацніліся: 21 кастрычніка падчас малітоўнага сходу былі арыштаваныя і ўзятыя пад варту служыцелі Міхаіл Пачарняеў і Леанід Ганчарэнка. З 21 па 23 лютага 1962 г. над мінскай пяцідзесятніцкай царквой чынілася "правасудзьдзе". Адкрыты судовы працэс асьвятляўся ў СМІ. За правядзеньне нелегальных сходаў і "распаўсюд поглядаў нялюдзкай сэкты, якая наносіць шкоду здароўю грамадзянаў", да крымінальнай адказнасьці было прыцягнута 8 вернікаў царквы, у тым ліку трое жанчын. Абвінавачваньне было сфабрыкаванае і грунтавалася на паказаньнях ілжывых сьведкаў.
Міхаіл Пачарняеў і Леанід Ганчарэнка, як "кіраўнікі забароненай сэкты", былі асуджаныя на 5 гадоў пазбаўленьня волі ў калоніі строгага рэжыму. "Актыўных членаў сэкты" Васіля Сідаровіча, Васіля Герасенкава і Фёдара Клімовіча прысудзілі да 3 гадоў пазбаўленьня волі. Марыю Філістовіч засудзілі на 2 гады лягероў за выкарыстаньне магнітафона ў мэтах распаўсюджваньня перакананьняў "сэкты", а Марыя Вайцехоўская атрымала 2 гады ўмоўна за прадастаўленьне свайго дома для правядзеньня малітоўных сходаў. Падчас судовага разьбіральніцтва за адмову даць паказаньні супраць кіраўнікоў царквы Варвара Чэрнік (будучая жонка епіскапа Саюза ХВЭ Фёдара Марчука) была засуджаная ўмоўна на 6 месяцаў з выплатай у даход дзяржавы 25% заробку.
Асудзіўшы вернікаў, улады разьлічвалі, што запужаўшы іншых хрысьціянаў, яны дамогуцца спыненьня дзейнасьці царквы ХВЭ. Але Госпад умацоўваў і падтрымліваў тых, што засталіся на свабодзе адкрыцьцямі і прароцтвамі пра тое, што "хутка надыйдуць дні свабоды і будзеце радавацца". Перажываючы перасьледваньні і пакуты, няпроста было верыць, што прыйдзе свабода.
З прыходам да ўлады ў 1964 г. Леаніда Брэжнева цэрквы ХВЭ адчулі некаторую палёгку. Суды і турмы былі скіраваныя ў першую чаргу супраць баптысцкіх служыцеляў руху "Рады цэркваў", якія пасьля 1961 г. адмовіліся супрацоўнічаць з уладамі і перайшлі на нелегальнае станвішча. У адносінах да пяцідзесятнікаў за ўдзел у нелегальных набажэнствах улады абмяжоўваліся накладаньнем штрафаў у памеры 50 рублёў. Аднак для некаторых і гэтая сума была непасільнай, бо пэнсія ў той час рэдка перавышала 30 рублёў.
"Менская царква хрысціян веры эвангельскай"
Увесну 1971 года на кватэры ў Івана Лебедзя сабраліся некалькі сем'яў вернікаў і паставілі перад сабой мэту - дабіцца афіцыйнай рэгістрацыі аўтаномнай царквы ХВЭ. Сярод іх былі Аляксей Манькоўскі, Віктар Панько, браты Уладзімер, Іван і Мікалай Сушчэня, Віктар Ярмаковіч, Павал Пятычаў, Уладзімер Сокал, Барыс Панько, Алена Бурак, Марыя Бараноўская і інш. Служэньні гэтай групы праходзілі па нядзелях, а для правядзеньня ламаньня хлеба запрашалі прэсьвітараў зь іншых цэркваў. Сярод іх былі Іван Варабей і Ўладзімір Міцкевіч. У 1972 г. на багаслужэньні прыходзіла каля 70 чалавек, у асноўным выхадцы з баптысцкіх цэркваў і пяцідзесятніцкай царквы Паўночнага пасёлку.
У 1973 годзе было падрыхтавана афіцыйнае хадайніцтва на дазвол праводзіць свае набажэнствы і рэгістрацыю царквы ў Менску. Нягледзячы на адмову ўладаў служэньні працягваліся рэгулярна на прыватных кватэрах і хатах.
Сытуацыя перамянілася ў 1975 годзе, калі ў выніку падпісаньня СССР Хельсінскага пагадненьня аб правах і свабодах, група вернікаў атрымала дазвол на правядзеньне набажэнстваў, хаця і без афіцыйнай рэгістрацыі.
25 студзеня 1975 года ў Грушаўскім пасёлку, у хаце Аляксея Манькоўскага прайшоў сход вернікаў (больш 70 чалавек), на якім было абвешчана аб стварэньні царквы ХВЭ, а таксама абранае кіраўніцтва. Прэсьвітэрам стаў Мікалай Кібалка, а ягоным намесьнікам - Ільля Казак. Адзін са старэйшых прэсьвітараў царквы ХВЭ Іван Журыха, які ў гэты час пераехаў у Менск, быў абраны епіскапам. Дзеля вырашэньня арганізацыйных пытаньняў, а таксама прадстаўніцтва царквы перад уладамі была абраная царкоўная рада: старшыня - Аляксандар Мелюхаў, намесьнік - Віктар Панько, скарбнік - Аляксей Манькоўскі.
Вернікі выпрацавалі веравучэньне царквы ХВЭ і зноў паспрабавалі зарэгістравацца, але зноў безвынікова. Прычынай адказу стала патрабаваньне Савету па справах рэлігіяў зьмяніць веравучэньне, адмовіўшыся ад хрышчэньня Духам Сьвятым, гаварэньня мовамі, прароцтваў, малітваў за аздараўленьне. Акрамя таго Савет патрабаваў рэгістравацца пры Саюзе ЭХБ. Вернікі не пагадзіліся і зьвярнуліся з хадайніцтвам у Маскву. У выніку 25 сакавіка 1976 г. рашэньнем Савету па справах рэлігій пры Савеце міністраў СССР рэлігійная грамада хрысьціянаў веры евангельскай у г. Менску была зарэгістраваная.
Увесь час, ад пачатку працэсу рэгістрацыі, багаслужэньні праходзілі ў прыватных дамах. Першае пасьля набыцьця легальнага статусу ламаньне хлеба праходзіла ў доме Ёсіфа Шышко на 3-ім Радыятарным завулку. З красавіка 1976 г. да 25 сьнежня 1977 г. багаслужэньні рэгулярна праходзілі ў доме Ўладзіміра Мацкевіча на тым самым завулку. За гэты час царква вырасла да 300 вернікаў.
Паколькі зьбірацца такой колькасьці людзей у прыватным доме было немагчыма, царкоўная рада зьвярнулася да ўладаў з просьбай даць нейкае адпаведнае памяшканьне або выдзяліць участак для будаўніцтва дома малітвы. Але як і ў пытаньні рэгістрацыі, адказ мясцовых уладаў быў нязьменна адмоўны. Заставаўся адзін шлях: купіць прыватны дом і рэканструяваць яго.
У чэрвені 1977 г. вернікі набылі прыватны дом на вул. Собінава, 40. Не атрымаўшы дазволу на рэканструкцыю, хрысьціяне ўзяліся за працу на сваю рызыку, спадзеючыся толькі на Госпада. Да канца году дзякуючы высілкам усіх членаў царквы, будынак быў рэканструяваны. 25 сьнежня 1977 года вернікі ўпершыню ўвайшлі ва ўласны Дом малітвы - першы будынак аўтаномнай царквы ХВЭ у БССР і адзін з першых у СССР. Праўда, "сваім" гэты будынак можна было назваць толькі сымбалічна, бо згодна дзейнаму на той момант савецкаму заканадаўству, царква ня мела статуса юрыдычнай асобы і павінна была перадаць пабудаваны дом на баланс райвыканкама і хадайнічаць аб прадастаўленьні яго ў бязвыплатную арэнду.
У лістападзе 1978 года былі рукапаложаны першыя дыяканы: Віктар Панько, Аляксей Манькоўскі і Віктар Ярмаковіч. Са жніўня 1982 года выкончаючым абавязкі прэсьвітэра стаў Іосіф Цівунчык, які замяніў склаўшага з сябе паўнамоцтвы Мікалая Кібалку.
Другая грамада
Гісторыя ўзьнікненьня сёньняшняй менскай царквы "Благадаць" непасрэдна зьвязаная з скасаваньнем савецкімі ўладамі рэгістрацыі Менскай царквы ХВЭ у кастрычніку 1984 г. і забаронай набажэнстваў.
Рэлігійнае заканадаўства тых гадоў строга абмяжоўвала дзейнасьць царквы. У набажэнствах ня мелі права браць удзелу госьці зь іншых цэркваў, дзеці і падлеткі. Улады імкнуліся цэнтралізавана прызначаць кіраўнікоў рэлігійных абшчынаў, з чым вернікі не маглі пагадзіцца. Адным з вынікаў такой практыкі стала пазбаўленьне рэгістрацыі Менскай царквы ХВЭ. 14 кастрычніка 1984 г. вернікі, якія прыйшлі ў царкву, каб адзначыць сьвята жніва, убачылі замок на дзьвярах дому малітвы і міліцэйскае ачапленьне. Патрабаваньні савецкіх уладаў выклікалі раскол ў асяродку хрысьціян. Частка згадзілася падпарадкавацца патрабаваньням "закону" і, сфармаваўшы новы склад заснавальнікаў, зарэгістравала "Першую Менскую царкву ХВЭ". Гэта дазволіла ім афіцыйна застацца ў малітоўным доме. Тыя, хто не згадзіўся, былі вымушаныя перайсьці на нелегальнае становішча.
Відавочна менавіта такі сцэнар задавальняў аўтараў усемагчымых забаронаў, якімі так славіўся Савецкі Саюз эпохі застоя. Забіваючы клін сярод вернікаў, улады выкарыстоўвалі старадаўні прынцып "падзяляй і валодай". Зараз ужо "на законных аснаваньнях" яны зьбіраліся пазбавіцца ад вернікаў-"нелегалаў". Аднак атрымалася іначай, бо менавіта ціск на хрысьціян, якія зноў пайшлі ў падпольле, даў пачатак Другой менскай царкве ХВЭ, г.зн. сёньняшняй царкве "Благадаць".
Нягледзячы на забароны і перасьлед, вернікі, колькасьць якіх не пераставала ўзрастаць, зьбіраліся па дамах у Менску, Сьцяпянцы, Ратамцы, Міханавічах. Асноўнымі месцамі правядзеньня багаслужэньняў сталі дамы братоў Ёсіфа Цівунчыка, Канстанціна Буйніцкага, Анатоля Дэцкага, Сяргея Шаха, Вячаслава Лабоцкага, Аляксандра Аніхіміка, Міхаіла Дзёмуха.
11 лютага 1985 г. ў хаце Ёсіфа Цівунчыка адбылося пасьвячэньне на пастарскае служэньне Віктара Панько, кандыдатура якога была асабліва недаспадобы савецкім уладам. Адначасова былі рукапаложаны дыяканы: Сяргей Хоміч, Сьцяпан Сілюк і Ўладзімер Сушчэня. Міліцыя, хаця і пспрабавала сарваць багаслужэньне, так і ня здолела яму перашкодзіць. Пасьля гэтай падзеі былі два гады туляньняў царквы па розных дамах і нават па лясах у спробах правесьці паўнавартаснае служэньне. Амаль ніводнага малітоўнага сходу не адбывалася без візыту міліцыі. Аблавы, штрафы, перапіс удзельнікаў, пагрозы звальненьня з працы, выключэньне з чаргі на атрыманьне кватэры… Дом брата Цівунчыка, найбольш частае месца сходаў, увогуле падлягаў канфіскацыі. Без сумненьня, вялося праслухоўваньне, магчыма, на служэньнях прысутнічалі і здраднікі, бо кожнае новае месца збору вернікаў непазьбежна станавілася вядомым "работнікам правапарадку". Можа быць, менавіта таму так запомнілася сёньняшнім ветэранам царквы адно з велікодных набажэнстваў, на якое супрацоўнікі міліцыі не патрапілі толькі таму, што ў апошні момант таемна было вырашана правесьці яго зранку, а не ў звычайны, вядомы "органам", час.
Стала звыклай сітуацыя, калі вернікі дабіраліся да месца правядзеньня набажэнства на электрычцы, потым доўгі час шлі ў цемры. І ўсё дзеля таго, каб прайшоўшы праз міліцэйскае ачапленьне і пакінуўшы ім свае пашпартныя дадзеныя, праславіць Госпада, стоячы ў перапоўненым невялікай прыватнай хатцы, у якой часта пасьля служэньня з-за вялікай колькасьці людзей прыходзілася пераклейваць шпалеры. А зранку, прыйшоўшы на працу ці вучобу, даводзілася выслухоўваць зласьлівую лекцыю ідэалягічнага работніка, якому ўжо "адкуль трэба" паведамілі пра "сэктанта".
Аднак вернікі ўстаялі. Не было ніводнай нядзелі, калі б хрысьціяне не сабраліся на набажэнства. Асаблівую стойкасьць Госпад даў Віктару панько, які натхняў і падтрымліваў людзей. Не аднойчы ў царкве гучалі прароцтвы, у якіх Бог умацроўваў вернікаў: "Я дабраслаўлю. Калі не спалохаецеся, Я зраблю з гэтай грамады вялікую царкву". І сапраўды, неўзабаве ўладам стала не да хрысьціян, пачалася "перабудова".
Напрыканцы 1986 г. браты прынялі рашэньне зноў праводзіць багаслужэньні ў доме малітвы на Собінава паралельна са служэньнямі Першай менскай царквы, бо будавалі дом малітвы ўсе разам яшчэ да падзелу. Няпроста далася рэалізацыя гэтага рашэньня, але вернікі ведалі, што Бог на іх баку. 31 студзеня 1987 г. паміж Першай і Другой менскай цэрквамі ХВЭ пры дапамозе іншых служыцеляў было выпрацаванае пагадненьне пра асобныя багаслужэньні, а таксама пра прынцыпы супольнага выкарыстаньня дома малітвы.
Голад па Слову Божаму быў такім вялікім, што на сьвяты свабоднага мейсца не заставалася ня толькі ў доме малітвы, але і на тэрыторыі вакол яго. Другой менскай царкве неабходна было новае мейсца. І паколькі ўчасткідля будаўніцтва малітоўнага дому маглі выдзяліць толькі зарэгістраванай царкве, вернікі зноў пачалі працэс рэгістрацыі. У выніку 29 сьнежня 1988 г. Другая менская царква ХВЭ была зарэгістраваная як "Другая рэлігійная грамада хрысьціян веры эвангельскай у г.Менску Беларускай ССР".
Не прайшло і месяца, як 19 студзеня 1989 г. ў аўтакатастрофе трагічна загінуў Віктар Панько разам са служыцелем Аляксандрам Аніхімікам. Пасьля катастрофы ў багажніку аўтамабіля знойдуць 120 Біблй, якія браты везьлі для вернікаў.
Узьнікла пытаньне пра новы склад кіраўніцтва царквы. Таму 12 лютага 1989 г. быў абраны, в 14 траўня 1989 г. рукапаложаны на пастарскае служэньне Сяргей Хоміч. Яго намесьнікамі былі абраны Аляксей Манькоўскі і Сьцяпан Сілюк.
Царква "Благадаць"
На пачатку 1991 г. вернікі нарэшце атрымалі ад уладаў дазвол на зямельны ўчастак на вул. Гурскага пад будаўніцтва малітоўнага дому. Увесну пачалося ўзвядзеньне часовага памяшканьня царквы - "арачніка". У гэты час нядзельныя багаслужэньні пачалі праходзіць у ДК танкасуконнага камбінату на вул.Матусевіча. 26 красавіка 1992 г. хрысьціяне правялі ў арачным памяшканьні першае велікоднае служэньне. Але і гэты будынак, які зьмяшчаў больш за 900 чалавек, хутка зрабіўся цесным. Набажэнствы да сярэдзіны 90-х давялося праводзіць ў тры патокі. Таксама ў гэты час членам царквы становіцца Фёдар Марчук, пастар царквы ў Красным Маладзечанскага р-ну, які быў абраны епіскапам цэркваў ХВЭ Беларусі.
У 1990 г. пастар царквы "Грэйс" ("Ласка Божая") у Лос-Анжалесе Кім Гван Шын наведаў Другую менскую царкву. Быў пакладзены пачатак моцнаму сяброўству на многія гады. Дзякуючы гэтаму супрацоўніцтву было адчынена больш 150 цэркваў па ўсёй Беларусі.
Пры садзеяньні менскай царквы ў 1990 г. адчыніліся цэрквы ў Жодзіна і Чэрвені. Іх аснову склалі менскія служыцелі. У 1992 г. ў Менску была ўтворана царква "Віфанія", аснову якой таксама склалі вернікі Другой Менскай царквы.
На пачатку 1990-х быў створаны хрысьціянскі гурт "Позьні дождж", які ў наступныя гады аб'ехаў з евангелізацыйнымі выступамі ня толькі ўсю Беларусь, але і іншыя краіны. Гурты "Позьні дождж" і "Крынічка" наведвалі з канцэртамі выпраўленчыя ўстановы, малітоўныя дамы і дамы культуры. Вялікую рупнасьць у справе дабравесьця выяўляў гарачы евангеліст і шчыры працаўнік на ніве Божай Мікалай Новік, кіраўнік гурта "Позьні дождж", абраны пазьней япіскапам ХВЕ Менскай вобласці.
14 студзеня 1993 г. "Другая грамада" была афіцыйна перайменавана ў царкву "Благадаць". У 1995 годзе былі арганізаваны двухгадовыя курсы біблейскай школы, што дазволіла закласьці падмурак духоўнай адукацыі і стаць асноўнай "кавальняй" служыцеляў для ўсёй Беларусі. З 1996 года быў арганізаваны Тэалягічны інстытут і пачалося выданьне газэты, якая з 2001 года вырасла ў часопіс "Благадаць" - друкаваны орган Саюза ХВЭ ў Беларусі.
Улетку 1992 г. пачалося ўзьвядзеньне асноўнага будынку царквы. Кожны новы дзень на будоўлі пачынаўся з супольнай малітвы. Брыгадзе будаўнікоў з 10 чалавек на грамадзкіх пачатках дапамагалі іншыя вернікі - ад 40 да 50 братоў і сёстраў. Паводле першапачатковага праекту будынак быў разьлічаны на 950 месцаў, але вернікі з Божай дапамогай змаглі зрабіць здавалася б немагчымае - павялічыь умяшчальнасьць залі амаль утрая.
8 сьнежня 1996 г. ва ўрачыстай абстаноўцы быў асьвечаны будынак новага дому малітвы, які можа зьмясьціць 2400 чалавек. Царква, якая сабралася разам, правяла ў цудоўным прасторным памяшканьні першае набажэнства, але месцаў для ўсіх не хапіла нават у ім: людзі стаялі ў фае, на ганку, на прыступках, у двары царквы - адусюль узносіліся да Бога ўдзячныя малітвы й сьпевы.
24 чэрвеня 1997 г. адыйшоў у вечнасьць Фёдар Марчук. Новым епіскапам Саюзу хрысьціян веры эвангельскай быў абраны пастар царквы "Благадаць" Сяргей Хоміч, які нясе гэтае служэньне да сёньняшняга дня..
Добры сьлед пакінула ў царкве праца такіх служыцеляў Божых, як Аляксей Манькоўскі, чулы і ўважлівы да ўсякага, хто прыходзіў да яго на прыём са сваёй патрэбай; дабраславёны евангеліст Іван Марчук, сёньня япіскап Бураціі; Сьцяпан Сілюк, які ў свой час стаў пастарам менскай царквы "Слова жыцьця"; Алег Саладуха, якога неаднаразова штрафавалі ў перыяд ганеньняў, Уладзімер Сушчэня, які актыўна працаваў у справе друку і распаўсюду хрысьціянскай літаратуры, а цяпер нясе пастарскае служэньне ў царкве "Вефіль", а таксама Валеры Рабікаў, Віктар Лабоцкі, Аляксандар Хомчык, Уладзімер Жыбрык, Васіль Малец. Амаль 40 выхадцаў з царквы "Благадаць" сёньня нясуць пастарскае служэньне ў цэрквах Беларусі, Расеі, і нават ЗША.
Царква "Благадаць" стала арганізатарам шэрагу буйных канферэнцый з удзелам вядомых хрысьціянскіх прапаведнікаў Гары і Дэвіда Уілкерсанаў, Дэйла Ертана, Джоша Макдаўэла. 17 жніўня 2003 г. у гонар 450-годзьдзя Рэфармацыі ў Беларусі на плошчы Бангалор у Менску прайшла супольная малітвы евангельскіх хрысьціянаў, якая сабрала каля 5 тысяч чалавек. А 3 чэрвеня 2007 г. на тэрыторыі царквы "Благадаць" адбылася агульнагарадзкая малітва-пратэст супраць перасьледу эвангельскіх вернікаў.
Сёньня царква "Благадаць" налічвае 2800 членаў царквы, а зь дзецьмі гэта амаль 4 000 чалавек, якія аб'яднаныя ў 150 хатніх групаў. Кожную нядзелю каля 800 дзяцей і падлеткаў паглыбляюцца ў спазнаньні Божага Слова на занятках нядзельнай школы.
Вольга Карпцова:
У 1974 г. я пабудавала ў Менску двухпакаёвую каапэратыўную кватэру. Часам у мяне праходзілі багаслужэньні. Каб ня выклікаць падазрэньняў мы пайшлі на хітрасьць, маўляў сабраліся адзначыць навасельле. Але нехта пачуў хрысьціянскія сьпевы і адразу пачалі шукаць "баптыстаў". Старшыню ЖСК папярэдзілі: "Будзе такое працягвацца, паляціш з пасады". І ён выдаў нас уладам. Пад час служэньня прыехала міліцыя. Даведаўшыся, што я - гаспадыня кватэры, заявілі: "Вам далі гэтую кватэру не дзеля таго, каб тут баптысты зьбіраліся. Мы яе ў вас забяром". Дзеці са страху схаваліся: хто ў "цёшчын" пакой, хто пад канапу, хто ў шафу. Іх не знайшлі, а нас разам з пастарам Мікалаем Кібалка павезьлі ў Фрунзенскі РАУС. Пасьля нас выклікалі на паседжаньне камісіі райвыканкаму, дзе прысутнічалі прадстаўнікі праваахоўных органаў, і аштрафавалі кожнага на 50 рублёў. Мяне штрафавалі тройчы, і аднойчы я спыталася членаў камісіі: "За што вернікаў штрафуюць?" Сакратарка, якая вяла пратакол паседжаньня, ня вытрымала: "Я больш не магу ўдзельнічаць у пакараньні гэтых невінаватых людзей". У хуткім часе яна звольнілася па ўласным жаданьні. Бог настолькі дакранаўся людзей, што яны пачыналі адчуваць сваю віну.
Аднойчы, калі ў нас быў ужо свой малітоўны дом на вул. Собінава, прыходзім, а двор поўны міліцыі. Нам кажуць: "Больш вы тут маліцца ня будзеце". Бабулька старэнькая ўпала на калені з воклічам "О Божа". А адзін міліцянт адрэагаваў: "Што, кепска стала? Зараз завязем цябе ў псіхушку". Брат Ігар Бяляк заступіўся за жанчыну. У адказ прагучала: "Забірай яго, павязем у участак".
Пасьля гэтага мы сталі зьбірацца на малітву па прыватных дамах. Памятаю, на вул. Гая у доме Буйніцкіх было служэньне. Народу, як заўсёды, прыйшло шмат - цяснота, душна. Пастар Цівунчык тройчы губляў прытамнасьць, але ачуньваў і працягваў весьці служэньне. Мы ўзносілі да Бога палымяныя малітвы, перажывалі моцнае дзеяньне Духа Сьвятога і Яго ласку.
Часта мы зьбіраліся ў доме Ёсіфа Цівунчыка на Радыятарным завулку. Аднаго разу прыехаў аўтобус з міліцыяй, але ўвайсьці ў дом перасьледвальнікі не змаглі - вернікі стаялі мурам. Дачакаўшыся канца служэньня, міліцыянты запісалі прозьвішчы служыцеляў (іх было 6 чалавек), і кожнаму зь іх выпісалі штраф у памеры 50 рублёў, па тых часах немалыя грошы.
Перад пасхай мы рыхтаваліся зрабіць ламаньне хлеба. І на гэты раз без няпрошаных гасьцей на абыйшлося. Міліцыянты выстраіліся ў два шэрагі каля брамкі у двары дома са словамі: хто назаве свае прозьвішча, імя, імя па бацьку, таго прапусьцім у дом, хто адмовіцца, на багаслужэньне не патрапіць. Аднак людзі ўсё адно ішлі на служэньне.
Тамара Панько:
Пасьля таго, як мы зыйшлі з Собінава і вернікам не было дзе зьбірацца, мы ўсё адно верылі, што Бог усе гэтыя цяжкасьці вырашыць. Вядома, быў перасьлед. Да нас дадому і раней прыходзілі, усё пераварочвалі ўверх дном… Забіралі Бібліі, касэты… Пагражалі турэмным зьняволеньнем. Мы рэгулярна плацілі штрафы. Хуліганам ці п'яніцам тады максімум па 5 рублёў штрафы выпісвалі. А нам, за тое, што вернікі - па 50!
Неяк муж быў у ад'езьдзе, і я пайшла ў КДБ замест яго. Мяне спыталі: "Гэта вы жонка Віктара?" "Так", - адказваю. "І ў вас пяцёра дзяцей? А вы не баіцёся? Бо дакуманты на арышт вашага мужа ўжо падрыхтаваныя, і вы застанецеся адна з пяцьцю дзецьмі…" Я кажу: "Бог са мною, і на ўсё будзе Яго воля". Шмат цяжкасьцяў у той час перажывалі вернікі. Але, разам з тым, час быў цікавы, царква горача малілася, усе былі ў адзінстве. Праз прароцтвы Бог казаў, каб мы няспынна маліліся і працавалі як мурашкі.
Мужу майму Госпад сказаў: "Прыйдзе час, і вы вернецеся назад". Так пасьля і адбылося. Нарэшце, грамаду нашую зарэгістравалі, а праз тры тыдні адбылася трагедыя. Бог яшчэ задоўга да аварыі гаварыў мне, што застануся адна. Я чамусьці ўвесь час лічыла, што Віктара забяруць у турму. Бог гаварыў, што прыйдуць дні, калі я буду ў моцнай патрэбе, і каб, пакуль ёсьць магчымасьць, дапамагала людзям, як магу…
У тую трагічную ноч, калі ён паехаў у Маскву, я не магла заснуць. Падыйду да акна і… і бачу пахаваньне. Я малю Бога са сьлязьмі: "Госпадзе, хай ня будзе гэтага". Але праз некалькі гадзін патэлефанавалі: "Панько Віктар Іванавіч - ваш муж? Ператэлефануйце ў горад Гагарын, там ён патрапіў у аварыю. Пасажыр і кіроўца памерлі ад траўмаў, несумяшчальных з жыцьцём". Дзеці прачнуліся, сталі плакаць. Я узьнесла рукі да Бога і проста каля тэлефона пачала маліцца… Цэлых пяць год не магла прыйсьці ў сябе ад гора. Было невыносна цяжка. Бо мы з мужам жылі душа ў душу. Ён заўсёды дзецям прывозіў падарункі, вельмі іх любіў. Мой Віктар вельмі добры быў чалавек - і як муж, і як бацька, і як служыцель. Ягоныя пропаведзі вельмі моцна дакраналіся сэрцаў слухачоў…
Тады на мне засталося пяцёра дзяцей, грошаў увесь час не хапала. Але я малілася Госпаду, каб Ён даў сілы падняць дзяцей, выстаяць, не звар'яцець ад гора. Дапамагалі і браты з царквы…
Час ішоў… Я выстаяла. Дзеці вырасьлі, зьявіліся ўнукі. Зараз у нас у царкве пяку хлеб для ламаньня хлеба. І за ўсё дзякую Богу!
Сяргей Гарбацэвіч:
Сярод эвангельскіх цэркваў заўжды было падпольнае кнігадрукаваньне хрысьціянскай літаратуры. У часы ганеньняў браты з нашай царквы Ўладзімір Сушчэня, Іван Марчук, Алег Саладуха бралі непасрэдны ўдзел у гэтым няпростым служэньні. Іх абавязкам быў пошук паперы і дастаўка яе да друкарскага варштату. Потым надрукаваныя аркушы адвозіліся да пераплётчыкаў. У Менску ў гэтым служэньні былі здзейнічаныя Канстанцін Ярмаковіч, Фёдар Марчук, Аляксей Манькоўскі, Сяргей Шарапа, Дамініка Шапель і іншыя.
З ініцыятывы Віктара Панько і Аляксея Манькоўскага невялікая падпольная друкарня была арганізавана і ў нашай царкве. У гэтую працу ўключыліся маладыя і актыўныя браты: Сьцяпан Шляжко, Міхаіл Васюхневіч, Аляксандар Жук і іншыя. Даверыў Госпад гэтую працу і мне. Сёньня я хачу ўзгадаць пра тое, як Ён ахоўваў Сваіх дзяцей. Праца вялася па кватэрах і ў падвале аднаго з дамоў. Трэба было прывозіць і адвозіць сотні кіляграмаў паперы, пры гэтым рабіць гэта на вачах у суседзяў, а яны паводзілі сябе так, нібыта нічога ня бачылі!
Аднойчы быў праведзены ператрус у братў-служыцеляў, а таксама ў доме, дзе я жыў. У санкцыі на ператрус было сказана, што ў г.Жданаў (Украіна) у Франчука Ўладзіміра "изъята антисоветская литература", і быў указаны адрас дому, у якім падобная літаратура, магчыма, захоўваецца. Пад час ператрусу знайшлі і забралі касэты, сьпеўнікі і Бібліі, а вось рукапіс з "крамольнымі" вершамі Франчука, які ляжаў у шафе на бачным мейсцы, работнікі органаў так і не заўважылі.
Паводле "Церковь Благодать. Четверть века в пути", Минск, 2009
ARCHE, 2012, №1-2, С.167-185
|
|