Галоўная
  Гісторыя
  Ідэі
  Асобы
  Дакумэнты
  Даты
  1553-2003
  Фотагалерэя
500 год Жану Кальвіну

500 год Мікалаю Радзівілу Чорнаму

  ЎКантакце




Царква Хрысьціян Веры Эвангельскай у Рэспубліцы Беларусь Царква Ісуса Хрыста
ГІСТОРЫЯ

Эвангельскія хрысьціяне-баптысты ў БССР у 1944 - пачатку 1950-х гг.

Тацяна Касатая


Найменьне "эвангельскія хрысьціяне-баптысты" склалася гістарычна з назваў дзьвюх роднасных плыняў: баптыстаў, якія пачалі распаўсюджвацца ў сярэдзіне ХІХ ст. на поўдні Расейскай імпэрыі, і эвангельскіх хрысьціянаў, якія зьявіліся крыху пазьней у асяродзьдзі пецярбургскай інтэлігенцыі. Пачынаючы з 1884 г. лідэры баптыстаў і эвангельскіх хрысьціянаў рабілі шматлікія спробы дамовіцца паміж сабой аб аб'яднанні ў адну царкву.

У 1905 г., праз месяц пасля абвяшчэньня маніфэста аб верацярпімасьці, прадстаўнікі двух рухаў правялі аб'яднаўчы зьезд, на якім было прынята агульнае найменьне - эвангельскія хрысьціяне-баптысты (ЭХБ) . З 1905 па 1925 гг. баптыскае брацтва мела афіцыйную назву - Саюз эвангельскіх хрысьціян-баптыстаў (з 1926 г. - Федэратыўны саюз баптыстаў СССР). З 1909 г. паралельна існаваў Саюз эвангельскіх хрысціян, утвораны Іванам Праханавым. Апошні адначасова зьяўляўся віцэ-прэзідэнтам Сусьветнага саюзу баптыстаў. На VI Усерасійскім зьезьдзе эвангельскіх хрысьціян у Пецярбургу (кастрычнік 1919 г.) удзельнікі дамовіліся аб стварэньні Часовага Ўсерасійскага агульнага савета эвангельскіх хрысьціян і баптыстаў. На першай нарадзе створанага савету ў студзені 1920 г. было прынята рашэньне прыкласьці ўсе намаганьні для аб'яднаньня эвангельскіх хрысьціян і баптыстаў у адзін саюз . Але працэс стварэньня саюза спыніўся на абмеркаваньні арганізацыйных пытаньняў.

Рэпрэсіі 1930-х гг. у СССР прыпынілі працэс аб'яднаньня баптыстаў і эвангельскіх хрысьціян, бо былі ліквідаваныя абодва Саюзы, а іх кіраўніцтва было або растралянае, або зьняволенае. Другая сусьветная вайна прымусіла камуністычнае кіраўніцтва зьмяніць тактыку антырэлігійнай барацьбы. Безумоўна, пра свабоду сумленьня гаворка не ішла, але пад уплывам складанай сытуацыі на савецка-нямецкім фронце і ціскам саюзнікаў, Сталін даў згоду на аднаўленьне рэлігійнага жыцьця ў СССР. Пры ўрадзе ў 1943 - 1944 гг. у якасьці кантралюючых органаў былі створаны Савет па справах Рускай праваслаўнай царквы і Савет па справах рэлігійных культаў. У траўні 1942 г. быў створаны часовы Ўсесаюзны савет эвангельскіх хрысьціян і баптыстаў і вызваленыя з турмы некаторыя эвангельскія лідары.

Утварэньне Ўсесаюзнага Саюзу Эвангельскіх Хрысьціян-Баптыстаў (УСЭХБ)

У кастрычніку 1944 г. было прынята рашэньне аб стварэньні Усесаюзнага саюзу эвангельскіх хрысьціян і баптыстаў (са студзеня 1946 г. - Усесаюзны саюз эвангельскіх хрысьціян-баптыстаў) . Дэлегатамі ад Беларусі былі В.М. Чэчнеў (ад эвангельскіх хрысьціян) і М.К. Вайткун (ад баптыстаў) . Старшынём УСЭХБ быў абраны Я.І. Жыдкоў, сакратаром - А.В. Караў. За саюзам і яго сябрамі замацаваліся назвы - баптысцкі і баптысты.

Такім чынам, была створана цэнтралізаваная рэлігійная арганізацыя з цэнтрам у Маскве. На чале яе стаяў Усесаюзны савет эвангельскіх хрысьціян-баптыстаў, які кіраваў дзейнасьцю ўсіх абшчын, зацьвярджаў прэсьвітараў і старэйшых прэсьвітараў. Члены і кандыдаты Савета павінны былі выбірацца на зьездах простай большасьцю галасоў . Быў выпрацаваны статут Саюзу; устаноўлены інстытут упаўнаважаных УСЭХБ (з 1945 г. - старэйшых прэсьвітараў) па рэспубліках і абласцях. Іх абавязкамі былі: кантроль за дзейнасьцю кожнай абшчыны, дапамога прэсьвітарам у правільным выкананьні культа, назіраньне за выбарам і рукапакладаньнем новых прэсьвітараў, зацьвярджэньне дзяканаў і г.д. . Галоўным абавязкам старэйшых прэсьвітараў быў кантроль за выкананьнем абшчынамі і вернікамі заканадаўства аб культах, пры гэтым яны цесна супрацоўнічалі з упаўнаважанымі Савету па справах рэлігійных культаў. У выніку ў канцы 1950-х - пачатку 1960-х гг. старэйшыя прэсьвітары атрымалі народнае найменьне "страшных прэсвітараў" .

Ацэнка зьяўленьня УСЭХБ у гістарыяграфіі неадназначная і супярэчлівая. Савецкія дасьледчыкі тлумачылі гэты працэс "імкненьнем баптыстаў умацаваць свае абшчыны і царкоўную арганізацыю" , захаваць уплыў на вернікаў. У сучаснай гістарыяграфіі адзначаецца штучнасьць стварэньня УСЭХБ, якое было "навязана партыйна-дзяржаўнымі кантралюючымі органамі" . Аднак трэба прызнаць, што за падобнае аб'яднаньне розных плыняў пратэстанцкай канфесіі выступалі як савецкія дзяржаўныя органы, так і самі вернікі. Інашая справа, што ў кожнага з бакоў былі свае мэты.

Што датычыцца дзяржавы, то яна, вымушана дапусціўшы аднаўленьне цэркваў, імкнулася трымаць іх пад поўным кантролем. Савецкія ўлады імкнуліся паставіць на чале адноўленых структураў падатлівых кіраўнікоў, і, мэтадам "пугі і перніка", узьдзейнічаць на стан мясцовых цэркваў і масавую рэлігійную сьвядомасьць .

Вернікі, памятаючы пра жорсткія рэпрэсіі 1930-х гг., імкнуліся набыць статус легальнай (зарэгістраванай) рэлігійнай арганізацыі і магчымасьць аднаўленьня сваіх разбураных структур. Адны захоўвалі і прапаведвалі свае рэлігійныя каштоўнасьці, іншыя ішлі на кампраміс.

У 1945 г. пачаў выходзіць афіцыйны часопіс УСЭХБ "Брацкі веснік", у якім друкаваліся духоўна-павучальныя артыкулы, паэтычныя творы, заявы кіраўніцтва па розных пытаньнях і навіны з жыцьця абшчын. Гэта было афіцыйнае выданьне, якое знаходзілася пад пастаяннай цэнзурай з боку ўладаў, таму на яго старонках няма інфармацыі аб закрыцьці абшчынаў, арыштах вернікаў і г.д.

У жніўні 1945 г. да УСЭХБ былі далучаныя хрысьціяне веры эвангельскай (пяцідзесятнікі). Амаль усе цэрквы хрысьціян веры эвангельскай (ХВЭ) на той момант знаходзіліся ў Заходняй Беларусі і Заходняй Украіне. У 1944 г. у Баранавіцкай вобласці з ведама аблвыканкама былыя кіраўнікі Усепольскага Саюза ХВЭ на чале з І. Панько стварылі Рэспубліканскі царкоўны савет і пачалі дзейнасьць, скіраваную на рэгістрацыю Саюза ХВЭ савецкімі ўладамі . Былі выраблены круглая пячатка і штамп, а таксама быў намер склікаць зьезд духавенства ў г. Пінску . У красавіку - чэрвені 1945 г. у Баранавічах быў арганізаваны цэнтр Духоўнага Епіскапата абшчын ХВЭ БССР, ЛітССР і УССР. Узначальвалі цэнтр епіскап І. Панько (Баранавічы) і генеральны сакратар С. Вашкевіч (Пінск). Аднак у Маскве не пажадалі нават абмяркоўваць пытаньне пра рэгістрацыю пяцідзесятнікаў, больш таго, зайшла гаворка пра поўную забарону падобных цэркваў. Дзяржаўныя інстытуты палічылі для сябе лепшым кантраляваць пяцідзесятнікаў праз зьліцьцё іх з УСЭХБ. Апошнія, у сваю чаргу, не надта жадалі аб'ядноўвацца з пяцідзесятнікамі , але выступіць супраць не адважыліся.

У такіх умовах з 19 па 29 жніўня 1945 г. праходзілі нарады, вынікам якіх стала падпісаньне дакументу, вядомага пад назвай "Жнівеньскае пагадненьне". Галоўнай умовай аб'яднаньня стала адмова пяцідзесятнікаў ад вызначальных дагматычных прынцыпаў (хрышчэньня Духам Сьвятым, духоўныя дары) і выкананьне савецкага заканадаўства аб культах.

Аб'яднаньне ЭХБ і пяцідзесятнікаў кантралявалася дзяржавай праз штат упаўнаважаных па справах рэлігійных культаў. У 1945 г. упаўнаважаны па БССР у лісце кансультаваў упаўнаважанага па Віцебскай вобласьці: "… не рэгістраваць такія абшчыны, якія па сутнасьці працягваюць заставацца былымі абшчынамі пяцідзесятнікаў … Трэба мець на ўвазе, што з боку шэрагу пяцідзесятнікаў магчыма актыўнае супрацьдзеяньне ажыцьцяўленьню рашэньня аб зьліцьці, якое можа прывесці да расколу… Спробам такога характару трэба тактычна супрацьстаяць і садзейнічаць прэсьвітарам УСЭХіБ у іх працы… … Пад час рэгістрацыі абшчын пяцідзесятнікаў трэба мець на ўвазе тое, што яны ўліваюцца ў абшчыны УСЭХіБ, і ў пытаньні аб рэгістрацыі прэсьвітара аддаваць перавагу прэсьвітарам ЭХіБ" . Такім чынам, аб'яднанне ЭХБ і пяцідзесятнікаў прадугледжвала не саюз цэркваў, а "асіміляцыю" баптыстамі пяцідзесятнікаў, пры гэтым не ўлічваліся культавыя і дагматычныя адрозьненьні паміж імі.

У 1946 г. да УСЭХБ былі далучаныя 170 абшчын так званых вольных хрысьціян (дарбістаў) Закарпацьця, а ў 1947 г. - хрысьціяне ў духу апостальскім ("смародзінцы") і каля 70 абшчын Саюзу цэркваў Хрыстовых, якія дзейнічалі ў Заходняй Беларусі і Заходняй Украіне .

Дзейнасьць абшчын ЭХБ у БССР у другой палове 1940-х - пачатку 1950-х гг.

Адразу пасьля стварэньня УСЭХБ пачалася актыўная рэгістрацыя абшчын ЭХБ згодна з Пастановай "Аб парадку адкрыцьця малітоўных будынкаў рэлігійных культаў". На месцы накіроўваліся закрытыя інструктыўныя лісты, у якіх прадпісваўся план дзеянняў ў той ці іншай сітуацыі. Напрыклад, Інструктыўны ліст № 1 (травень 1945 г.) рэгуляваў пытаньне рэгістрацыі абшчын: "Задачамі ўпаўнаважаных павінны зьяўляцца актыўныя дзеяньні, накіраваныя ці на афармленьне абшчын, ці на іх роспуск, калі яны не адпавядаюць вызначаным патрабаваньням. У абодвух выпадках ініцыятыва павінна належаць самім упаўнаважаным" . Інструктыўны ліст № 2 (15 кастрычніка 1945 г.) рэгламентаваў дзейнасьць старэйшых прэсьвітараў. Упаўнаважаныя павінны былі сачыць, каб дзейнасьць старэйшых прэсьвітараў не выходзіла за межы зарэгістраваных абшчынаў . Упаўнаважаным фармальна забаранялася ўмешвацца ва ўнутраныя справы абшчынаў і выкананьне рэлігійных абрадаў, каб не вызываць незадаволеннасьць вернікаў , але пры гэтым гаворка не ішла пра зьмяншэньне кантролю. Напрыклад, калі ўпаўнаважаны па Гродзенскай вобласьці прапаноўваў выключыць з абшчын непаўналетніх, забараняў праводзіць сходы, на якіх прысутнічалі дзеці і інш. , такія дзеяньні асуджаліся Саветам па справах культаў і прапаноўвалася ўпаўнаважаным супрацоўнічаць з прэсьвітарамі, каб менавіта ад іх зыходзілі ініцыятывы забароны наведваць богаслужэньні непаўналетнім .

Для рэгламэнтацыі і кантролю дзейнасьці ЭХБ, абшчыны зь невялікай колькасьцю вернікаў аб'ядноўваліся ў буйныя. "У бліжэйшы час лічу неабходным правесьці аб'яднаньне (зьліцьцё) дробных абшчынаў, якія знаходзяцца блізка адана ад адной (да 10 км) у больш буйныя, што дасьць магчымасьць глыбей вывучыць і навесьці адпаведны парадак", - сьцьвярджаў упаўнаважаны па Брэсцкай вобласьці .

Старэйшым прэсьвітэрам па БССР быў прызначаны Віктар Чэчнеў, выхадзец з эвангельскіх хрысьціянаў. Яшчэ ў 1924 г. І.Праханаў перавёў яго з в. Пяціхаткі ва Украіне ў Менск, дзе Чэчнеў стаў прэсьвітарам . У склад інстытута абласных старэйшых прэсьвітараў па БССР увайшлі:

1. Па Мінскай вобласьці - П.А. Іванчанка

2. Па Бабруйскай вобласьці - Я.М. Анікеенка

3. Па Баранавіцкай вобласьці - І.Г. Шатура

4. Па Пінскай вобласьці - С.І. Вашкевіч

5. Па Брэсцкай вобласьці - А.І. Аляксееў

6. Па Гродзенскай вобласьці - К.І. Сявашка

7. Па Маладзечанскай вобласьці - І.К. Кульбіцкі .

У астатніх абласьцях падбор старэйшых прэсьвітараў працягваўся. Напрыклад, у Віцебскай вобласьці пасада старэйшага прэсьвітара была ўведзена толькі ў 1968 г. .

Зьяўленьне легальнага Саюзу ЭХБ, заклік да ўсеагульнай рэгістрацыі абшчынаў садзейнічалі актывізацыі дзейнасьці іх кіраўнікоў і шэраговых вернікаў. Яны выступалі з хадайніцтвамі аб рэгістрацыі, аб вяртаньні малітоўных дамоў, якія забралі ў іх у 1930-я гг. (Усходняя Беларусь) і ў 1939 - 1941 гг. (Заходняя Беларусь). У Пружанах Брэсцкай вобласьці малітоўны дом ЭХБ у 1940 г. перадалі раённай арганізацыі ТСААВІАХІМ (Таварыства садзейнічаньня абароне, авіацыйнаму і хімічнаму будаўніцтву), але ў 1941 г. вернікі вярнулі сабе памяшканьне і арганізоўвалі там малітоўныя сходы. Пасьля вяртаньня Савецкай улады ТСААВІАХІМ спрабавала праз суд вярнуць сабе малітоўны дом, аргументуючы гэта выдаткамі на рамонт памяшканьня ў 1941 г. (40 000 тыс. рублёў на пабудову драўлянай перагародкі і двух печак). Суд прыняў рашэньне на карысьць Таварыства і пастанавіў высяліць вернікаў. Але вернікі абскардзілі гэта рашэньне ў рэспубліканскай пракуратуры і ў выніку малітоўны дом быў канчаткова вернуты царкве . ЕХБ Маларыцкага р-на Брэсцкай вобласці хадайнічалі аб перадачы ім "польскага касцёла, які знаходзіцца ў м. Маларыта, так як апошні пустуе з-за выезду вернікаў палякаў і ксяндза на тэрыторыю Польшчы" .

У працэсе рэалізацыі "Жнівеньскага пагаднення" з верасьня да лістапада 1945 г. у Беларусі да УСЭХБ далучыліся 83 абшчыны пяцідзесятнікаў, колькасьцю 8 853 чалавекі . Віктар Чэчнеў інфармаваў Савет УСЭХБ аб адсутнасьці адкрытых выступленьняў супраць зьліцьця ў адзін саюз, сьцьвярджаў, што амаль усе прэсьвітары ахвотна прынялі "Жнівеньскае пагадненьне". Тым ня менш, можна з упэўненасьцю сказаць, што працэс аб'яднаньня не задаволіў ані хрысьціян веры эвангельскай, ні эвангельскіх хрысьціян-баптыстаў. Некаторыя абшчыны ХВЭ адмовіліся увайсьці ва УСЭХБ і амаль на працягу ўсяго савецкага пэрыяду дзейнічалі нелегальна. Прэсьвітар Гродзенскай абшчыны А.М. Гаманчук прасіў, каб упаўнаважаны Савета па рэлігійным культам па Гродзенскай вобласьці дазволіў "аддзяліцца" ад пяцідзесятнікаў . У Віцебскай абшчыне прэсьвітар М.Ф. Старасценка казаў, што пяцідзесятнікі зьяўляюцца ворагамі як дзяржавы, так і баптыстаў . Таму ня дзіўна, што ў 1947 г. пачаўся працэс выхаду з УСЭХБ некаторых пяцідзесятніцкіх абшчынаў. Нягледзячы на жорсткі кантроль з боку дзяржавы, ў першыя пасьляваенныя гады існавала адносная лібералізацыя ў адносінах да дзейнасьці ЭХБ, што стала адной з прычын колькаснага росту цэркваў. З 1946 па 1948 гг. колькасьць зарэгістраваных абшчын ЭХБ у БССР павялічылася з 199 да 235, а вернікаў у іх - з 13656 да 15800 . Акрамя таго, ў Беларусі дзейнічалі нелегальныя абшчыны ЭХБ і ХВЭ.

Большасьць абшчын ЭХБ дзейнічала ў Заходняй Беларусі (гл. Табліцу), бо ў 1920-я - 1930-я гг. тут адбываўся актыўны рост цэркваў баптыстаў, эвангельскіх хрысьціян і хрысьціян веры эвангельскай. Тут дейнічалі Саюз баптыстаў, Саюз эвангельскіх хрысьціян, Саюз цэркваў Хрыстовых (цэнтр у Кобрыне), Саюз хрысьціян веры эвангельскай. У справаздачы за 1961 г. упаўнаважаны па Брэсцкай вобласьці адзначаў: "51% вернікаў увайшлі ў секты да ўзьяднаньня Заходняй Беларусі з СССР" . Ва Ўсходняй Беларусі якраз у гэты час пачаліся масавыя рэпрэсіі кіраўнікоў рэлігійных арганізацый і вернікаў, лепшыя прадстаўнікі абшчын былі фізічна зьнішчаныя. У душах вернікаў "пасяліўся вірус неўсьвядомленнага страху" .

Разьвіцьцю цэркваў спрыяла таксама тое, што многія заходнебеларускія прэсьвітары мелі духоўную адукацыю. Напрыклад, К.С. Велісейчык (прэсвітар абшчыны м. Астрыно Шчучынскага р-на, з 1949 - старэйшы прэсвітар па вобласці) вучыўся ў біблейскай школе ў г. Лодзь, А.В. Крышаловіч (прэсвітар абшчны ў г. Гродна) - у г. Гданьску, Н.Ф. Жалтко (прэсвітар абшчыны ў г. Ліда) скончыў біблейскія курсы ва Уладзіміра-Валынску, І.Н. Венскі (прэсвітар абшчыны ў в. Дзярэчын Зэльвенскага р-на) 3 гады навучаўся ў сэмінарыі ў ЗША , І.А. Буковіч (прэсьвітар абшчыны ў г. Кобрыне) больш 10 гадоў жыў у ЗША, займаўся тэарэтычнымі пытаньнямі баптызму, прыехаў у Заходнюю Беларусь у 1922 г. як місіянэр . Былі прэсьвітары, якія прайшлі адмысловую падрыхтоўку ў місіі В.А. Фэтлера на сродкі "Сусьветнага саюзу баптыстаў". Фетлер прыязджаў у Польшчу, дзе ў Варшаве, Баранавічах і іншых гарадах чытаў лекцыі. У пасляваенны час у Гродна жыла маці яго жонкі. Прэсьвітар абшчыны ў в. Сабакінцы Васілішкаўскага р-на З.І. Саковіч лічыўся прадстаўніком амэрыканскага баптызму, бо навучаўся ў Фэтлера . У Віцебскай вобласьці, да прыкладу, у гэты час ніводны з прэсьвітар ня меў духоўнай адукацыі . У Мінскай вобласьці ў 1950-я гг. толькі два прэсьвітары скончылі біблейскую школу .

Некаторыя прадстаўнікі ЭХБ спрабавалі аднавіць супрацу з замежнымі цэнтрамі, з якіх беларускія абшчыны атрымоўвалі нелегальную рэлігійную літаратуру. Былі выпадкі наведваньня цэркваў ЭХБ прапаведнікамі з-за мяжы . Упаўнаважаны па Гродзенскай вобласці ў справаздачы за 1946 г. зьняважліва характарызаваў сувязь баптыстаў з замежнымі арганізацыямі: "Заходняя Беларусь зьяўляецца рассаднікам усялякага роду рэлігійных сэктаў… Амэрыканскія "дзядзюшкі" набылі сабе ў Беларусі "пляменьнікаў" у духоўным радстве… у сувязі са шчодрым фінансаваньнем яны (абшчыны - Т.К.) глыбока пусьцілі свае паганыя карані, якія неабходна будзе вырваць" .

Адным з галоўных паказальнікаў актыўнасьці ЭХБ у пасьляваенны пэрыяд зьяўлялася колькасьць праведзеных хрышчэньняў. У Аршанскай абшчыне Віцебскай вобласьці з 1945 па 1949 гг. праз воднае хрышчэнне было прынята 36 чалавек, . Такая тэндэнцыя была характэрна для ўсёй БССР. Мінская абшчына з 1948 па 1952 гг. вырасла з 148 да 270 чалавек, у Брэсьце суполка павялічылася больш, чым на 150 вернікаў .

Паводле афіцыйнай статыстыкі, у 1953 г. у абшчынах Гродзенскай вобласці налічвалася 32% мужчын і 68% жанчын, па сацыяльнаму стану - 62% калгаснікаў, 24% хатніх гаспадынь і непрацаздольных, 14% працоўных і служачых, 23% вернікаў былі неадукаванымі, толькі 1% (8 чалавек з 565) мелі сярэднюю адукацыю. Людзі сталага ўзросту складалі больш паловы - 56%, моладзь да 25 год была прадстаўлена 4% .

Рэпрэсіі з боку дзяржаўнай улады адносна цэркваў ЭХБ у БССР

Паводле Пастановы УЦВК РСФСР ад 8 красавіка 1929 г. "Аб рэлігійных культах" забаранялася правядзеньне царкоўнай дзейнасьці па-за сьценамі храмаў, таму легальна маглі правходзіць толькі малітоўныя сходыў з агульным ці харавым сьпевам і тлумачэньнем Слова Божага. Іншыя мерапрыемствы, напрыклад, эвангелізацыя, сустрэчы моладзі, паездкі ў другія цэрквы, матэрыяльная дапамога тым, хто жыве ў нястачы і г.д. былі забаронены. Прэсьвітараў, якія праводзілі хрышчэньне непаўналетніх пазбаўлялі рэгістрацыі (існавала асобная рэгістрацыя прэсьвітараў абшчын ЭХБ праз інстытут упаўнаважаных), а ў некаторых выпадках і волі .

У 1948 г. працэс афіцыйнай рэгістрацыі быў прыпынены і шэраг абшчынаў апынуліся на паўлегальным становішчы. У Брэсцкай вобласьці ў 1949 г. было выяўлена 44 незарэгістраваныя групы ЭХБ і ХВЭ, з агульнай колькасьцю вернікаў 963 чалавекі . Парадаксальным для баптыстаў і адначасова вельмі прадуманым з боку дзяржаўных органаў было тое, што пасьля рэгістрацыі некаторыя абшчыны пачалі пазбаўляць легальнага статусу, матывуючы гэта рознымі прычынамі: малая колькасьць вернікаў, знаходжаньне побач (10 км) іншай абшчыны, адсутнасьць малітоўнага дома і інш. У інструкцыі Савета па справах культаў адзначалася: "Закрыцьцё малітоўных дамоў можа мець месца, калі былыя малітоўныя дамы да вайны былі перададзены дзяржаўным і грамадзкім установам, а ў перыяд акупацыі былі зноў заняты рэлігійнымі абшчынамі" . Па розных прычынах толькі ў Брэсцкай вобласці ў 1949 г. 7 абшчын былі пазбаўлены рэгістрацыі. Абшчына в. Лялікава Дзівінскага р-на Брэсцкай вобласьці засталася без рэгістрацыі з-за таго, што яе прэсьвітар на партрэце Сталіна напісаў тэкст Псальма: "Блажен муж, иже не иде на совет нечистивых" .

Некаторых прэсьвітараў арыштоўвалі "за сувязь зь нямецкімі гестапаўцамі" (І.Ф. Асіпук - прэсьвітар абшчыны в. Пяскі Брэсцкага р-на), за антысавецкую агітацыю, за адмову ад працоўнай павіннасьці і інш. У 1948 г. была зьнята з рэгістрацыі абшчына на хутары Дрочава Арэхаўскага сельскага савету Маларыцкага р-на Брэсцкай вобласьці. У заключэньні аб закрыцьці абшчыны гаварылася: "З моманту вызваленьня тэрыторыі Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і да 1948 г., кіраўнік гэтай абшчыны Луцык С.С., актыў і значная частка вернікаў гэтай абшчыны прымалі актыўны ўдзел у бандытызме т.зв. "бульбашоў" , якія дзейнічалі на тэрыторіі Украіны. Луцык сістэматычна хадзіў ва Украіну непасрэдна для сувязі з бульбашамі, ад іх атрымоўваў заданьні і выконваў іх па месцу жыхарства. Пад час адной з аперацый з боку савецкіх атрадаў супраць "бульбашоў", былі апазнаныя трупы трох "вернікаў" з Дрочаўскай абшчыны. Органамі дзяржбясьпекі было выяўлена, што Луцык быў ініцыятарам бандытызму, а шэраг іншых вернікаў гэтай абшчыны ўдзельнічалі са зброяй у руках у барацьбе супраць савецкай улады, за гэта яны былі асуджаны на тэрміны ад 15 да 25 гадоў (Луцык). Акрамя гэтага абшчына выступала супраць рашэньня 1945 г. аб аб'яднаньні з пяцідзесятнікамі" .

Уціск ўзмацніўся і ў сувязі з ажыцьцяўленьнем калектывізацыі ў заходніх абласцях Беларусі. Вясной 1949 г. у Нясьвіжскім раёне (в. Хвоева) у калгас не пайшоў ніводны баптыст. За гэта прэсьвітара С. Новіка абвінавацілі ў падбухторваньні і арыштавалі. У 1948 г. гаспадарку старэйшага прэсьвітара па Гродзенскай вобласьці К.І. Сявашка прызналі кулацкай, а самаго прэсьвітара арыштавалі .

У 1947 - 1950 гг. "за сувязь з бандамі" і антысавецкую дзейнасьць былі арыштаваныя і асуджаны кіраўнікі ЭХБ Беларусі І. Панько, І. Кульбіцкі, М. Вайткун.

Акрамя старэйшых прэсьвітараў, упаўнаважаных Савета па справах рэлігійных культаў, органаў дзяржбясьпекі ва ўнутраныя справы абшчын ўмешваліся і прадстаўнікі мясцовых органаў улады. Старшыня Любчанскага райвыканкама Гродзенскай вобласьці, напрыклад, не дазволіў старэйшаму прэсьвітару праводзіць хрышчэньне вернікаў, заяўляючы, што "гэта контррэвалюцыя, гэта амэрыканская вера" . 18 студзеня 1949 г. старшыня Дзівінскага сельскага савета Брэсцкай вобласьці і прадстаўнікі мясцовага РК КП(б)Б у доме малітвы ЭХБ в. Лялікава сарвалі са сьцен плякаты з надпісамі з Бібліі, скінулі са стала кнігі і спалілі іх .


Такім чынам, у пасьляваеннае дзесяцігодзьдзе адбыліся значныя змены ў жыцьці беларускіх пратэстантаў. Была створана цэнтралізаваная, шмаступенчатая і разгалінаваная рэлігійная арганізацыя - Усесаюзны Саюз ЭХБ з цэнтрам у Маскве. Савецкі урад дазволіў стварэньне УСЭХБ з мэтай кантролю дзейнасьці абшчын і "для падрыву сэктанцкага руху". А вернікі імкнуліся пазбавіцца ад ганеньняў, набыць легальны статус, актывізаваць сваю дзейнасьць. Зьяўленьне УСЭХБ, з аднаго боку, спрыяла росту колькасьці абшчын і вернікаў. З другога боку, рэгістрацыя дазволіла дзяржаве кантраляваць і нават рэгуляваць дзейнасьць цэркваў ЭХБ.

Існаваньне царквы ЭХБ у пасьляваенны пэрыяд суправаджалі ганеньні і рэпрэсіі супраць кіраўнікоў рэлігійнай арганізацыі, прэсвітараў абшчын і шэраговых вернікаў, але, тым ня менш, цэрквы расьлі і ахоплівалі сваёй дзейнасьцю новыя рэгіёны Беларусі.

Заўвагі:

1. Тэрмін "эвангельскія хрысьціяне" звычайна выкарыстоўваўся, як больш шырокі і аб'ядноўваў у сабе розныя пратэстанцкія плыні, сярод якіх былі і баптысты. "Эвангельскія хрысьціяне-баптысты" вядомыя ў грамадзтве і навуковай літаратуры пад рознымі назвамі: пратэстанты, нэапратэстанты, эвангельскі рух, еэангельска-баптысцкае брацтва, баптысты, сектанты. "Эвангельска-баптысцкае брацтва" і "баптысты" маюць больш вузкае значэньне, чым тэрміны "эвангельскі рух" і "пратэстанты". Найменне "сектанты" мае ідэалагічную афарбоўку і выкарыстоўвалася ў савецкі час выключна ў зьневажальных мэтах.

2. Упершыню гаворка пра такую назву шла на зьезьдзе баптыстаў у Царыцыне ў 1903 г.

3. Митрохин, Л.Н. Баптизм: история и современность (философско-социологический очерк) / Л.Н. Митрохин. - СПБ, 1997. С. 370.

4. Митрохин, Л.Н. Баптизм: история и современность (философско-социологический очерк) / Л.Н. Митрохин. - СПБ, 1997. С. 399.

5. Кантуш, В. История евангельского движения в Беларуси / В. Кантуш // Крыніца жыцця. 1998. №3. С. 17.

6. Дзяржаўны архіў Віцебскай вобласці (ДАВВ). Ф. 4029-п, воп. 1, спр. 6, арк. 27.

7. Тамсама. Арк. 30.

8. Руденко, А.А. ЕХБ и перестройка в СССР / А.А. Руденко // На пути к свободе совести: сборник статей / сост. и общ. ред. Д.Е. Фурмана, отца Марка. - М., 1989. С. 350.

9. Лялина, Г.С. Баптизм: иллюзии и реальность / Г.С. Лялина. - М.: Политиздат, 1977. С. 11.

10. Митрохин, Л.Н. Баптизм: история и современность… С. 400

11. Тамсама. С. 401.

12. Ва умовах вайны такі незалежны ад дзяржавы цэнтр яшчэ мог утварыцца, але ў далейшым савецкая ўлада не магла мірыцца з яго існаваньнем. Падпарадкаваньне пяцідзесятнікаў УСЭХБ было адной са спробаў іх падначаленьня дзяржаве.

13. НАРБ. Ф. 952, воп. 2, спр. 2, арк. 29.

14. Нягледзячы на вызнаньне агульнага сімвала веры, паміж баптыстамі і пяцідзесятнікамі былі некаторыя другасныя адрозненьні ў кульце. Баптысты не прызнавалі пяцідзесятніцкае вучэньне аб "хрышчэньні Сьвятым Духам" і "гаварэньні іншымі мовамі". Паколькі падобныя перажываньні мелі апосталы у час зыходжаньня Сьвятога Духа на пяцідзесяты дзень пасьля ўваскрасеньня Хрыста (Дзеі 2:1-21), хрысьціян веры эвангельскай называюць пяцідзесятнікамі.

15. ДАВВ. Ф. 4029-п., воп. 1, спр. 19, арк. 31-32.

16. Митрохин, Л.Н. Баптизм: история и современность… С. 408.

17. ДАВВ. Ф. 4029, воп. 2, спр. 1, арк. 19 адв.

18. Тамсама. Арк. 36.

19. Тамсама. Арк. 20.

20. ДАГВ. Ф. 1385, воп. 1а, спр. 3, арк. 4.

21. ДАВВ. Ф. 4029, воп. 2, спр. 2, арк. 65.

22. Дзяржаўны архіў Брэсцкай вобласці (ДАБВ). Ф. 1339, воп. 1, спр. 1, арк. 7.

23. Чечнев Виктор Николаевич // Братский вестник. 1958. № 5. С. 17.

24. Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь. Ф. 952, воп. 2, спр. 2, арк. 287.

25. ДАВВ. Ф. 1439, воп. 1, спр. 5, арк. 34.

26. ДАБВ. Ф. 1339, воп. 1, спр. 1, арк. 4.

27. ДАБВ. Ф. 1339, воп. 1, спр. 1, арк. 2.

28. Дьяченко, О.В. Пятидесятничество в Беларуси / О.В. Дьяченко. - Могилёв: Изд-во УО "МГУ им. А.А. Кулешова", 2003. С. 42.

29. Дзяржаўны архіў Гродзенскай вобласці (ДАГВ). Ф. 1385, воп. 1а, спр. 4, арк. 58.

30. ДАВВ. Ф. 4029, воп. 2, спр. 6, арк. 22.

31. НАРБ. Ф. 952, воп. 2, спр. 2, арк. 283, спр. 5, арк. 67.

32. ДАБВ. Ф. 1339, воп. 1, спр. 16, арк. 16.

33. Митрохин, Л.Н. Баптизм: история и современность… С. 349.

34. ДАГВ. Ф. 1385, воп. 1а, спр. 27, арк. 15.

35. ДАБВ. Ф. 1482, воп. 2, спр. 1, арк. 51.

36. ДАГВ. Ф. 1385, воп. 1а, спр. 13, акр. 32.

37. ДАВВ. Ф. 1439-п., воп. 1, спр. 5, арк. 19.

38. Баптизм и баптисты (социологический очерк) / редкол.: М.Я. Ленсу [и др.].- Мн.: Наука и техника, 1969. С. 45.

39. ДАГВ. Ф. 1385, воп. 1а, спр. 11, арк. 15.

40. Тамсама. Ф. 478, воп. 2, спр. 4, арк. 21.

41. ДАВВ. Ф. 4029, воп. 2, спр. 15, арк. 16.

42. ДАБВ. Ф. 1339, воп. 2, спр. 7, арк. 72.

43. ДАГВ. Ф. 1385, воп. 1а, спр. 24, арк. 64-65.

44. Тамсама. Спр. 7, арк. 36.

45. ДАБВ. Ф. 1339, воп. 1, спр. 4, арк. 3.

46. Тамсама. Воп. 2, спр. 23а, арк. 31.

47. Тамсама. Воп. 1, спр. 4, арк. 42.

48. Тамсама. Спр. 1, арк. 5.

49. "Бульбашы", "бульбаўцы" - прадстаўнікі украінскай антысавецкай арганізацыі "Палеская Сеч" - Украінская паўстанцкая армія (УПА), якая была створана па ініцыятыве Тараса Бараўца (Бульбы) і дзейнічала на тэрыторыі украінска-беларускага Палесся практычна з лета 1941 да пачатку 1950-х гг.

50. Тамсама. Арк. 29.

53. ДАГВ. Ф. 1385, воп. 1а, спр. 10, арк. 16.

54. Тамсама. Спр. 22, арк. 76.

55. ДАБВ. Ф. 1339, воп. 1, спр. 4, арк. 2.

ARCHE, 2012, №1-2, С.138-150





Беларуская вэрсія
English version
Русская версия

Новы Запавет і Псальмы (1931)
Станіслаў Акіньчыц. Залаты Век Беларусі
Катэхізіс. Нясьвіж, 1562
'Спадчына', 2003, №1
Навуковая канферэнцыя 'Рэфармацыя і Залаты Век Беларусі', 2003 г.
Пратэстанцкая царква і беларускі нацыянальны рух

Галоўная - Гісторыя - Ідэі - Асобы - Дакумэнты - Даты - 1553-2003 - Фотагалерэя


Агульныя пытаньні: