Галоўная
  Гісторыя
  Ідэі
  Асобы
  Дакумэнты
  Даты
  1553-2003
  Фотагалерэя
500 год Жану Кальвіну

500 год Мікалаю Радзівілу Чорнаму

  ЎКантакце




Царква Хрысьціян Веры Эвангельскай у Рэспубліцы Беларусь Царква Ісуса Хрыста
ГІСТОРЫЯ

Пад штандарам Эвангельля

Прадмова да новага "ARCHE"


На сёньняшні дзень мы зыходзім з таго, што ў беларускім інтэлектуальным кантэксьце існуюць дзьве праблемы: першая - пэўнае "незаўважаньне" адукаванымі коламі беларускага грамадзтва пратэстанцкай прысутнасьці; другая - неразуменьне, наўмыснае ці ненаўмыснае, сувязі паміж пратэстантызмам Вялікага Княства Літоўскага XVI ст. і сёньняшнімі беларускімі пратэстантамі.

На канфэсійнай мапе Беларусі пратэстанты займаюць значнае месца як паводле сваёй колькасьці (другое месца пасьля праваслаўных па ліку зарэгістраваных цэркваў)[1], так і паводле ўнёску ў культурнае разьвіцьцё нацыі - дастаткова ўзгадаць Францішка Скарыну, Мікалая Радзівіла Чорнага, Сымона Буднага, Лукаша Дзекуць-Малея і іншых. У 1990-я гг. было нават заўважана, што "колькасьць актыўных пратэстантаў перавышае колькасьць актыўных праваслаўных"[2]. Тады ж пратэстантызм называлі "самай дынамічнай канфэсіяй на Беларусі, якая мае вялікі досьвед падпольнай дзейнасьці ва ўмовах камуністычных рэпрэсій"[3].

Аднак дадзенае становішча неяк не карэлюецца з зусім нязначнай прысутнасьцю беларускіх пратэстантаў у сёньняшнім культурна-інфармацыйным этэры. Таму мэта дадзенага "пратэстанцкага" нумару відавочная - наколькі магчыма запоўніць гэты прагал.

На сёньняшні дзень мы зыходзім з таго, што ў беларускім інтэлектуальным кантэксьце існуюць дзьве праблемы: першая - пэўнае "незаўважаньне" адукаванымі коламі беларускага грамадзтва пратэстанцкай прысутнасьці; другая - неразуменьне, наўмыснае ці ненаўмыснае, сувязі паміж пратэстантызмам Вялікага Княства Літоўскага XVI ст. і сёньняшнімі беларускімі пратэстантамі.

Што тычыцца апошняга, то ўлады Беларусі робяць многае, каб такое разуменьне ці ўвогуле не зьявілася, ці прынамсі ня стала фактарам інтэлектуальнага і грамадзкага жыцьця. Так, у свой час падчас дыскусіяў адносна праекту закону "Аб свабодзе сумленьня і рэлігійных арганізацыях" начальнік аддзелу па справах рэлігіяў Камітэту па справах рэлігіяў і нацыянальнасьцяў Беларусі Аляксандар Калінаў заявіў:

Трэба памятаць, што цяперашнія пратэстанты - пяцідзясятнікі, харызматы, баптысты, - гэта ня тыя пратэстанты, што былі ў Беларусі ў XVI-XVII стст. Тады былі кальвіністы і лютаране. І Радзівілы, Сапегі, і іншыя былі кальвіністамі, лютаранамі[4].

Лёгіка гэтага і іншых падобных выказваньняў такая - XVI стагодзьдзе было адным з найбольш слаўных пэрыядаў айчыннай гісторыі, і да таго ўздыму маюць непасрэднае дачыненьне пратэстанты і Рэфармацыя, але сёньня ў Беларусі нашчадкаў той спадчыны амаль няма. Згодна з гэтым тэзісам, калі цяперашні Беларускі экзархат Рускай Праваслаўнай Царквы зьяўляецца спадкаемцам усёй беларускай праваслаўнай спадчыны, то сёньняшнія пратэстанты ня маюць аніякага гістарычнага грунту.

У сваю чаргу, лідары пратэстанцкіх дэнамінацыяў запярэчваюць спробам уладаў аддзяліць Пратэстанцкую царкву сучаснай Беларусі ад Рэфармацыі XVI ст. Так, япіскап беларускіх хрысьціян веры эвангельскай (пяцідзясятнікаў) Сяргей Хоміч у прадмове да перавыданьня "Катэхізісу" Сымона Буднага пісаў:

Словы хрысьціянскага вучэньня, якія гучалі на беларускай зямлі чатыры з паловай стагодзьдзі таму, не згубілі сваёй актуальнасьці і ў ХХІ стагодзьдзі. Эвангельская Царква ў Беларусі прапаведуе ня нешта новае, але старадаўнюю хрысьціянскую навуку, якая моцна ўгрунтаваная на Сьвятым Пісаньні[5].

Чаму ўзьнікла такая сытуацыя? На гэтае пытаньне складана адказаць бязь веданьня новай і найноўшай гісторыі беларускага пратэстантызму.

На пачатку ХХ ст. разам з нацыянальным адраджэньнем ішло рэлігійнае абуджэньне. У асобе баптысцкага пастара Лукаша Дзекуць-Малея (1888-1955) гэтыя дзьве стыхіі спалучыліся ў найбольш чыстым выглядзе. Гэты дзеяч быў гарачым беларускім патрыётам і айцом-заснавальнікам аднаго з найбуйнейшых баптысцкіх царкоўных саюзаў ва Ўсходняй Эўропе[6]. Пераклад Новага Запавету і Псальмаў Лукаша Дзекуць-Малея і Антона Луцкевіча фактычна да гэтага часу лічыцца адным з найлепшых і найбольш пашыраных беларускіх біблійных перакладаў. Ён выдаваўся 4 разы (у 1931, 1948, 1985 і 1991 гг.) агульным накладам каля 50 000 асобнікаў і стаў штуршком для выданьня 10-ці перакладаў Новага Запавету і 2-х перакладаў усёй Бібліі на беларускую мову[7].

Увогуле, з міжваенным беларускім пратэстантызмам былі шчыльна зьвязаныя самыя знакавыя беларускія палітыкі і культурныя дзеячы Заходняй Беларусі, такія як Антон Луцкевіч, Браніслаў Тарашкевіч, Гальляш Леўчык ды іншыя[8].

Ва Ўсходняй Беларусі пратэстанцкая канфэсія, як і ўсе іншыя, знаходзілася ў глыбокім падпольлі і ня мела магчымасьці шырокага разьвіцьця, гаворка ішла толькі пра яе выжываньне.

З пачаткам Другой усясьветнай вайны пратэстанцкая царква паступова аднаўляе сваю рэлігійную дзейнасьць, хоць, безумоўна, далёка ня ў той ступені, як гэта было ў Заходняй Беларусі пры паляках. У 1943 г. Выйшаў з друку "Эвангельскі Хрысьціянскі Сьпеўнік", прадмову да якога напісаў прэзьбітар Менскай царквы эвангельскіх хрысьціян-баптыстаў Антон Кецка (1907-1978), які канстатаваў, што эвангельскія хрысьціяне Беларусі "хочуць сьпяваць, славячы Бога, на роднай мове"[9].

У пасьляваеннай БССР пратэстанцкая царква была адной з галоўных крыніцаў дысыдэнцтва, даволі шырокага змаганьня за свае правы і… палітвязьняў. Дастаткова ўзгадаць служэньне пастара Эрнста Сабілы, гісторыю царквы "Благадаць" і інш.

Пасьля атрыманьня Беларусьсю дзяржаўнай незалежнасьці беларускія пратэстанцкія цэрквы напачатку атрымалі ўнікальную магчымасьць шырокамаштабнай эвангелізацыі і будаўніцтва малітоўных дамоў. Гэтай магчымасьцю асабліва скарысталіся пяцідзясятнікі і баптысты. На сёньня пяцідзясятніцкія цэрквы ёсьць у кожным райцэнтры Беларусі, а ўсяго іх зарэгістравана 512[10]. Аднак хутка паўстала пытаньне - якое ж месца ў грамадзтве займаюць пратэстанты?

Дзесяцігодзьдзі камуністычнай антыхрысьціянскай прапаганды і рэпрэсіяў супраць Царквы прывялі да таго, што вернікі-пратэстанты фактычна былі адлучаныя ад вышэйшай адукацыі, а гэта, у сваю чаргу, адбівалася на статусе Царквы ў грамадзтве. Варта зазначыць, што да сёньняшняга часу няма гісторыі беларускіх баптыстаў і пяцідзясятнікаў, напісаных ім самімі, і гэта нягледзячы на тое, што існуюць Тэалягічны інстытут хрысьціян веры эвангельскай у Менску і Менская багаслоўская сэмінарыя Саюзy эвангельскіх хрысьціян-баптыстаў у Беларусі.

У гэтым пляне знакавым зьяўляецца 2001 г., калі выйшла кніга Станіслава Акіньчыца "Залаты Век Беларусі"[11], аўтар якой выказаў і абгрунтаваў 4 асноўныя тэзы: 1) XVI ст. было "Залатым векам Беларусі", - часам, калі жыхары ВКЛ мелі посьпехі ва ўсіх сфэрах жыцьця; 2) "Залаты век" ня ўзьнік сам па сабе, яго стварыла пратэстанцкая Рэфармацыя - закараненьне біблійных стандартаў ва ўсе сфэры жыцьця грамадзтва; 3) той факт, што эліта ВКЛ адкінула Рэфармацыю, прывёў да заняпаду беларускай культуры і дзяржаўнасьці; 4) Беларусь адродзіцца толькі тады, калі ідэі Рэфармацыі будуць увасобленыя ў жыцьцё. Для беларускіх пратэстантаў кніга С. Акіньчыца зрабілася бэстсэлерам - за 4 гады было прададзена 11 тысяч асобнікаў. Адначасова з распаўсюджаньнем кнігі ў пратэстанцкіх цэрквах па ўсёй Беларусі ішлі сэмінары пад той жа назвай - "Залаты Век Беларусі". Сэмінары праводзіў пастар менскай пратэстанцкай царквы "Ян Прадвесьнік" Яраслаў Лукасік. За 2001 - першую палову 2002 гг. было праведзена каля 200 такіх сэмінараў, на якіх прысутнічалі тысячы людзей. Падчас іх ішла размова пра гісторыю Беларусі, пра камунізм і ягоную спадчыну, распаўсюджвалася гістарычная літаратура на беларускай мове.

Усё гэта адбывалася ва ўмовах распачатай уладамі ў 2000 г. антыпратэстанцкай прапаганды - якраз тады на тэлебачаньні дэманстраваўся сумнавядомы фільм "Экспансія", у "Народнай газеце" зьявіўся артыкул Ніны Яновіч "Беларуси угрожает перспектива превратиться в протестатскую республику, или Нас настойчиво толкают к предательству веры наших предков"[12] і іншыя матэрыялы гэтай аўтаркі. Адбываліся судовыя працэсы, пратэстантаў пазбаўлялі арэнды.

У 2003 г. Пратэстанцкая царква арганізавала масавае сьвяткаваньне 450-годзьдзя Рэфармацыі ў Беларусі пад агульнай назвай "Год Рэфармацыі"[13]. Ідэя гэтага сьвяткаваньня была публічна агучана 1 чэрвеня 2002 г. падчас навукова-практычнай канфэрэнцыі "Рэфармацыя і Залаты век Беларусі", якая прайшла ў той час у Менску. Сама канфэрэнцыя насіла для Беларусі даволі ўнікальны характар. Упершыню за адным сталом сабраліся і абмяркоўвалі праблемы беларускай гісторыі і культуры беларускія інтэлектуалы і пратэстанцкія служыцелі высокага рангу. У выніку 13 лістапада 2002 г. быў створаны Нацыянальны аргкамітэт па сьвяткаваньні 450-годзьдзя Рэфармацыі ў Беларусі. Туды ўвайшлі прадстаўнікі навуковай і творчай інтэлігенцыі разам з пратэстанцкімі пастарамі і служыцелямі: Радзім Гарэцкі, Ніл Гілевіч, Генадзь Бураўкін, Адам Мальдзіс, Леанід Лыч, Уладзімер Арлоў, Вячаслаў Чамярыцкі, Аляксей Марачкін, Уладзімер Басалыга, Міхась Чарняўскі, Уладзімер Конан, Алесь Пашкевіч, Сяргей Цвор, Леанід Міховіч, Барыс Чарнаглаз, Зьміцер Зяленскі, Станіслаў Акіньчыц, Герман Родаў і шэраг іншых. Старшынём аргкамітэту быў абраны гісторык Анатоль Грыцкевіч, які ў той час узначальваў Міжнародную грамадзкую арганізацыю "Згуртаваньне беларусаў сьвету "Бацькаўшчына"".

Створаны аргкамітэт выдаў адозву, у якой адзначалася, што ў 2003 годзе спаўняецца 450 гадоў з пачатку шырокага распаўсюджаньня ў Беларусі рэфармацыйных ідэяў, якія ня страцілі сваёй актуальнасьці да сёньняшняга дня. У гэты юбілейны год зьвернемся да нашых каранёў, паглядзім на старажытныя шляхі, каб у наш час адшукаць той шлях, які б дазволіў беларускаму народу заняць годнае месца ў эўрапейскай дэмакратычнай супольнасьці.

Сьвяткаваньне Году Рэфармацыі адзначылася шэрагам культурных падзеяў. 28 сьнежня 2002 г. пабачыў сьвет альбом "Verbum" гурта старажытнай музыкі "Стары Ольса", прысьвечаны 450-годзьдзю Рэфармацыі ў Беларусі. 10 студзеня 2003 г. распачаў сваю працу сайт www.belreform.org, адмыслова прысьвечаны сьвяткаваньню юбілею. У канцы студзеня 2003 г. "Згуртаваньне беларусаў сьвету "Бацькаўшчына"" у гонар гэтых угодкаў абвясьціла конкурсы навуковых працаў і дзіцячай літаратурна-мастацкай творчасьці. У сакавіку 2003 г. газэты "Культура"[14] і "Звязда"[15] надрукавалі інтэрвію і артыкулы прафэсара-гісторыка Анатоля Грыцкевіча пра Рэфармацыю ў Беларусі. 25 сакавіка 2003 г. у Моладзевым тэатры эстрады прайшоў юбілейны канцэрт з удзелам гурту "Сардзіс" і выставай карцінаў мастака Алеся Філіповіча.

Але самай галоўнай адметнасьцю Году Рэфармацыі было тое, што гэтае сьвята адзначылі дзясяткі пратэстанцкіх цэркваў Беларусі і тысячы вернікаў. У лютым-сакавіку 2003 г. сьвяткавалі цэрквы Менску, Стоўбцаў, Рагачова, Лепеля. 17 жніўня 2003 г. у Менску на плошчы Бангалор адбылося шматтысячнае сьвяточнае набажэнства, прысьвечанае 450-годзьдзю Рэфармацыі ў Беларусі. 19 кастрычніка на той жа плошчы адбылося яшчэ адно набажэнства з той жа нагоды, але гэтым разам пратэстанты маліліся і за прадпрымальнікаў, якія цярпелі ўціск з боку ўладаў. У кастрычніку-сьнежні сьвята адзначалі пратэстанцкія цэрквы Менску, Берасьця, Віцебску, Горадні, Гомеля, Магілёва, Століна, Лунінца, Мсьціслава, Іванава, Мар'інай Горкі, Пінску, Барысава, Баранавічаў, Салігорску, Бярозы і інш.

25 кастрычніка ў менскай баптысцкай царкве "Сьвятло Эвангельля" адбыўся ўрачысты творчы вечар, прысьвечаны юбілею Рэфармацыі ў Беларусі. 31 кастрычніка на Дзень Рэфармацыі ў Палацы культуры Менскага аўтамабільнага заводу адбыўся сьвяточны канцэрт, зладжаны шэрагам менскіх пратэстанцкіх цэркваў розных дэнамінацыяў. 29 лістапада ў Менскім міжнародным адукацыйным цэнтры адбылася міжнародная навуковая канфэрэнцыя "Рэфармацыя і грамадзтва. XVI стагодзьдзе". Ужо ў 2004 г. выйшаў з друку часопіс "Спадчына" (пазначаны як № 1 за 2003 год), прысьвечаны 450-годзьдзю Рэфармацыі ў Беларусі.

Падчас Году Рэфармацыі адбылося даволі шырокае знаёмства пратэстантаў з нацыянальнай культурай і з прадстаўнікамі беларускай інтэлектуальнай эліты, такімі як Уладзімер Арлоў, Анатоль Грыцкевіч, Галіна Дзягілева, гурт "Стары Ольса" і інш. Пратэстанты масава набывалі кнігу Уладзімера Арлова і Генадзя Сагановіча "Дзесяць вякоў беларускай гісторыі", альбомы гурта "Стары Ольса" і інш.

Разам з гэтым 2003 год адзначыўся ўзмацненьнем антыпратэстанцкай прапаганды ў афіцыйных СМІ. На знак пратэсту 13 ліпеня ў Менску на плошчы Бангалор сабраліся каля 5 тысяч чалавек з усёй Беларусі. Непасрэднай прычынай для гэтага сталі выказваньні вядоўцы перадачы "Правы чалавека. Погляд у сьвет" Яўгена Новікава, які зьвінаваціў эвангельскіх хрысьціян у чалавеканенавісьніцтве, рытуальных ахвярапрынашэньнях і інш. Падчас малітвы япіскап Саюзу ХВЭ Сяргей Хоміч адзначыў, што пратэстанты - патрыёты Беларусі і таму Царкве ня ўсё адно, што адбываецца ў іх краіне[16].

Гэтыя і іншыя падзеі прывялі да таго, што шэраг аўтараў пачалі казаць пра "палітызацыю" ці "палітызаваньне" пратэстантаў. Прычыны гэтага працэсу - некарэктная ў адносінах да пяцідзясятнікаў рэлігійная прапаганда, абраза рэлігійных пачуцьцяў вернікаў работнікамі сродкаў масавай інфармацыі, некампэтэнтнымі ў сфэры рэлігійных ведаў. Узьнікненьню канфліктных сытуацыяў спрыяла выданьне навучальнага дапаможніка для сярэдніх устаноў адукацыі па прадмеце "Чалавек. Грамадства. Дзяржава", у якім пяцідзясятнікі паказаныя адэптамі "хрысьціянскай сэкты", псыхалягічны ціск на вучняў зь сем'яў ХВЭ з мэтай прымусу іх да ўступленьня ў БРСМ і інш.[17]

У кастрычніку 2006 г. адбылася пост-галадоўка ў абарону царквы "Новае жыцьцё". Упершыню ў найноўшай гісторыі Беларусі на тэрыторыі краіны зьявіўся будынак (калі не лічыць замежных амбасадаў), у які прадстаўнікі ўладаў дагэтуль ня могуць увайсьці без дазволу грамадзян.

У 2007 г. у Пратэстанцкай царкве на агульнанацыянальным узроўні праходзілі малітоўныя служэньні "Шлях пакаяньня", прымеркаваныя да 70-годзьдзя піку сталінскіх рэпрэсіяў. 12 кастрычніка 2007 г. выйшаў зварот да цэркваў ХВЭ, падпісаны япіскапам Сяргеем Хомічам і намесьнікам япіскапа Сяргеем Цворам. Дакумэнт меў назву "Зварот у сувязі з 70-годзьдзем піку сталінскіх рэпрэсіяў". На 28 кастрычніка 2007 г. у цэрквах ХВЭ па ўсёй Беларусі былі прызначаныя служэньні з малітвай пакаяньня ў грахах камунізму. У "Звароце" быў заклік падчас гэтых набажэнстваў "узгадаць тыя смуткі і ганеньні, якія пацярпелі нашыя бацькі - вязьні за веру і ахвяры камуністычных рэпрэсіяў".

Гэта была ня проста малітва-ўспамін, бо ў "Звароце" нагадвалася, што ca спадчынай камунізму кожны беларус сутыкаецца практычна пастаянна - ігнаруючы сумны досьвед недалёкага мінулага, сёньня ізноў пры магутнай дзяржаўнай падтрымцы ўзнаўляюцца дзіцячыя, моладзевыя арганізацыі з адкрыта пракамуністычнай ідэалёгіяй.

Больш за тое, 15 студзеня 2008 г. япіскап пяцідзясятнікаў Сяргей Хоміч, япіскап баптыстаў Мікалай Сінкавец, япіскап хрысьціян поўнага Эвангельля Вячаслаў Ганчарэнка і япіскап адвэнтыстаў сёмага дня Майсей Астроўскі выступілі з адкрытым зваротам да кіраўніка Адміністрацыі прэзыдэнта Генадзя Нявыгласа і ўпаўнаважанага па справах рэлігіяў і нацыянальнасьцяў Леаніда Гулякі, у якім пратэставалі супраць прымусовага запісу ў Беларускую рэспубліканскую піянэрскую арганізацыю і Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі дзяцей вернікаў. Япіскапы адназначна заявілі: "Ні мы, ні нашыя дзеці не жадаем мець нічога агульнага з арганізацыямі - духоўнымі нашчадкамі ранейшых камуністычных атэістычных саюзаў". Тут дарэчы будзе ўзгадаць, што шматдзетныя пратэстанцкія сем'і даюць значны адсотак школьнікаў у Берасьцейскай вобласьці. Так, самая буйная беларускамоўная школа ў Беларусі (каля 1550 вучняў да адкрыцьця 1 верасьня 2011 г. Альшанскай сярэдняй школы № 2) знаходзіцца ў вёсцы Альшаны Столінскага раёну, і абсалютную большасьць там складаюць дзеці хрысьціян веры эвангельскай.

У 2007-2008 гг. зь Беларусі быў дэпартаваны цэлы шэраг пастараў пратэстанцкіх цэркваў, якія мелі замежнае грамадзянства. Найбольшы рэзананс набыла дэпартацыя ў чэрвені 2007 г. пастара царквы "Ян Прадвесьнік" Яраслава Лукасіка, грамадзяніна Польшчы. Афіцыйна абвешчаная прычына дэпартацыі - "нанясеньне шкоды нацыянальнай бясьпецы Рэспублікі Беларусь". Тут варта будзе прыгадаць, што членамі царквы "Ян Прадвесьнік" зьяўляюцца лідары Маладога Фронту Зьміцер Дашкевіч, Наста Палажанка, Зьміцер Хведарук, кіраўнік Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ у Беларусі Юрась Беленькі, грамадзкі актывіст Андрэй Кім, прадстаўнікі кіраўніцтва Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі Дзяніс Садоўскі і Аляксей Шэін[18]. Гэтая ж царква праводзіць служэньні ў форме "Ліцьвінскага клюбу" - серадовых духоўных сустрэчаў, у час якіх абмяркоўваюцца розныя тэмы з гісторыі і культуры Беларусі ды іншых краінаў.

Падзеі 19 сьнежня 2010 г. на плошчы Незалежнасьці ў Менску не засталіся па-за ўвагай беларускіх пратэстантаў. Пра гэта сьведчыць малітва Сяргея Хоміча на сьвята Божага Нараджэньня 25 сьнежня 2010 г., ва ўступе да якой ён сказаў:

Як служыцель Божы я хачу зрабіць заяву: там, дзе былі і дзе ёсьць няпраўда, фальсыфікацыя, правакацыя, хлусьня, гвалт, праліцьцё крыві - там няма Бога. Я хачу заявіць з поўнай адказнасьцю, што Бог ёсьць сьвятло, і што ў ім няма ніякай цемры, і тая ўлада, якая не карыстаецца ў сваёй аснове біблійнымі прынцыпамі, яна асуджана. Не народ для ўлады, а ўлада для народа - так кажуць, так павінна быць, так кажа Біблія. Таму Бог адыдзе ад усялякіх людзей, якія робяць няпраўду і беззаконьне. Таму, дарагая Царква, разумеючы тое, што адбылося, я хачу сёньня сказаць - далей будзе гаварыць Бог. Рубікон пройдзены. Бог ня будзе глядзець на беззаконьне, якое чыніцца. Я абавязаны быў сказаць, як служыцель, тое, што ў маім сэрцы. Я прапаную, каб мы як Царква памаліліся: першае, за тых людзей, якія сёньня сядзяць у турме. […]

Тыя, хто пайшоў на плошчу, апынуліся ў пастцы ўмела сплянаванай правакацыі, яны вельмі моцна пацярпелі. Мноства людзей сёньня сядзяць, ня ведаюць, чым гэта скончыцца, прысуд яшчэ для некаторых будзе. Царква заўсёды несла любоў і спачуваньне. Я хацеў бы, каб мы маліліся за гэтых людзей.

Другое, я хачу, каб мы памаліліся за органы правапарадку, якія зрабіліся нейкімі ненармальнымі. З сатанінскай, іншага слова не магу падабраць, зьвярынасьцю яны абрынуліся на людзей, на старых і жанчын.

Што імі кіравала?! Гэта ж ня проста сьляпое выкананьне загаду. У 1937, 1938, 1939-м і іншых гадах нашай гісторыі людзі маглі рабіць па-іншаму нават пры тагачаснай уладзе, але прыходзіла лютасьць, і яны літаральна зьдзекаваліся адзін з аднаго. Куды падзелася беларуская, так званая, памяркоўнасьць? Куды падзеліся добрыя пачуцьці, калі людзі спачуваюць і дапамагаюць адзін аднаму?

Я разумею, што сэрца можа зьмяніць толькі Бог, і хачу шчыра маліцца, каб беларускі АМАП, спэцназ, міліцыя і гэтак далей, сталі людзьмі зь іншым сэрцам, каб яны служылі народу, стаялі на варце парадку, але ніколі не выконвалі чыесьці недарэчныя жаданьні. Ёсьць абдуманы загад, а ёсьць недарэчнае жаданьне. […]

Я веру ў сілу малітвы Царквы. Нас, браты і сёстры, магчыма, чакаюць ня самыя лепшыя часы. Хтосьці хоча пляскаць [у далоні], глядзіце, каб вам не давялося пляскаць у іншым месцы. Калі надыходзіць час лютасьці, то гэта закране і нашыя правы, і нашыя свабоды.

Але яшчэ раз заяўляю - у Бога свой час. Адлік гэтага часу пачаўся, і кропку ў гэтай гісторыі паставіць Бог[19].

У 2013 г. беларускія пратэстанты будуць адзначаць 600-годзьдзе Эвангельскай царквы ў Беларусі. У 1413 г. у Вялікае Княства Літоўскае на запрашэньне вялікага князя Вітаўта прыехаў чэскі рэфарматар, паплечнік Яна Гуса Геранім Праскі. Ён праводзіў вялікую прапаведніцкую працу ў Вільні, Віцебску і Полацку. З гэтага часу вядзе свой адлік Пратэстанцкая царква ў Беларусі. Далей будзе 500-годзьдзе беларускай Бібліі. Менавіта Пратэстанцкая царква карыстаецца Словам Божым штодзённа. Зусім нядаўна, у лютым 2012 г., выйшаў трэці поўны пераклад Сьвятога Пісаньня на сучасную беларускую мову[20]. Пераклад выдала беларускае Біблійнае таварыства на аснове рукапісу перакладу ксяндза Ўладзіслава Чарняўскага. Вельмі значную працу па падрыхтоўцы гэтага выданьня да друку зрабіў пастар Антоні Бокун і вернікі царквы "Ян Прадвесьнік", якія ў большасьці сваёй карыстаюцца беларускімі перакладамі Бібліі.

Такім чынам нельга, немагчыма ўявіць вывучэньне гісторыі і аналіз сучаснасьці Беларусі без дасьледаваньня і асэнсаваньня пратэстанцкай спадчыны. Многія пытаньні гісторыі пратэстантызму ў Беларусі яшчэ чакаюць свайго дасьледчыка, але галоўнае палягае ў тым, каб пачаць гэтую справу. Спадзяемся, што гэты нумар часопісу "ARCHE" адкажа на некаторыя пытаньні і паспрыяе лепшаму веданьню нашай гісторыі і нашай сучаснасьці.

Заўвагі:

1. Праваслаўных зарэгістравана 1567 грамадаў, пратэстантаў - 1025, каталікоў - 479. Гл.: Галкин О. В Беларуси пятидесятнических общин больше, чем католических // http://news.tut.by/society/275765.html.

2. Цыганкоў В. Рэлігійная палітыка ці палітычная рэлігія? // Свабода. 1997. 10 студзеня. № 2. С. 4.

3. Шаўцоў Ю. Хрысьціянскія канфэсіі на Беларусі сёньня й заўтра // Наша Ніва. 1992. № 8. С. 8.

4. Аляксандар Калінаў: Ёсьць афіцыйная статыстыка: 50% грамадзянаў - вернікі / Гутарыў А. Воршыч // Наша Ніва. 2002. 19 ліпеня. № 27. С. 4.

5. Хоміч С. Хрысьціянскае вучэньне ў пытаньнях і адказах // Катэхізіс: Помнік беларускай Рэфармацыі XVI ст. 2-е выд. Мінск, 2005. С. 7.

6. Лукаш Дзекуць-Малей і беларускія пераклады Бібліі: зборнік матэрыялаў, артыкулаў і дакумэнтаў / Рэдкал.: А.У.Унучак (гал. рэд.) і інш. Брэст, 2011. С. 5.

7 Бокун А. Гісторыя перакладу Бібліі на беларускую мову // Лукаш Дзекуць-Малей і беларускія пераклады Бібліі… С. 26.

8. Латышонак А. Беларускія палітыкі і пратэстанты. Ад "Гомана" да Грамады // Пратэстанцкая царква і беларускі нацыянальны рух на пачатку ХХ стагодзьдзя: артыкулы і ўспаміны. Менск, 2006. С. 3-10.

9. Эвангельскі Хрысьціянскі Сьпеўнік. Менск, 1943. С. 3.

10. Галкин О. В Беларуси пятидесятнических общин больше...

11. Акіньчыц С. Залаты Век Беларусі. Хабаровск, 2001.

12. Янович Н. Беларуси угрожает перспектива превратиться в протестантскую республику, или Нас настойчиво толкают к предательству веры наших предков // Народная газета. 2000. 19 красавіка. № 74. С. 2; 20 красавіка. № 75. С. 2.

13. Адлік вядзецца ад 1553 г. - часу пераходу ў кальвінізм канцлера ВКЛ Мікалая Радзівіла Чорнага.

14. Юбілей "Залатога веку" - сёлета! / Гутарыла С. І. // Культура. 2003. 1-7 сакавіка. № 9. С. 14.

15. Грыцкевіч А. Пратэстантызм і беларускае Адраджэнне // Звязда. 2003. 5 сакавіка. № 54. С. 3.

16. Шеин А. Протестанты вынуждены стать "политическими". Гл.: http://naviny.by/pda/material/?type=articles&id=142975.

17. Дьяченко О. В. Политизация пятидесятничества в Беларуси: причины, генезис, следствие // Религия и общество - 3: актуальные проблемы современного религиоведения: сб. науч. трудов. Могилев, 2008. С. 18.

18. Севярынец П. Беларуская глыбіня. Цуды на балоце // Наша Ніва. 2012. 22 лютага. № 7. С. 18.

19. Відэазапіс выступленьня Сяргея Хоміча гл.: http://www.youtube.com/watch?v=OWvZlE1k6Vk.

20. Біблія. Кнігі Святога Пісання Старога і Новага Запаветаў. Мінск, 2012.

Архэ, 2012, №1-2, С.8-17





Беларуская вэрсія
English version
Русская версия

Новы Запавет і Псальмы (1931)
Станіслаў Акіньчыц. Залаты Век Беларусі
Катэхізіс. Нясьвіж, 1562
'Спадчына', 2003, №1
Навуковая канферэнцыя 'Рэфармацыя і Залаты Век Беларусі', 2003 г.
Пратэстанцкая царква і беларускі нацыянальны рух

Галоўная - Гісторыя - Ідэі - Асобы - Дакумэнты - Даты - 1553-2003 - Фотагалерэя


Агульныя пытаньні: