Галоўная
  Гісторыя
  Ідэі
  Асобы
  Дакумэнты
  Даты
  1553-2003
  Фотагалерэя
500 год Жану Кальвіну

500 год Мікалаю Радзівілу Чорнаму

  ЎКантакце




Царква Хрысьціян Веры Эвангельскай у Рэспубліцы Беларусь Царква Ісуса Хрыста
ГІСТОРЫЯ

Рэфармацыя і Залаты Век Беларусі, або Як сьвядомасьць вызначыла быцьцё

Антоні Бокун

Сёньняшняе грамадзтва зь цяжкасьцю зьвяртае ўвагу на той факт, што ідэі, якімі жыве чалавек, тое, у што ён верыць, вызначае ягонае жыцьцё. Адным зь яскравых прыкладаў сувязі паміж вераю людзей і разьвіцьцём грамадзтва зьяўляецца XVI стагодзьдзе. Аналізуючы гэтую эпоху, мы можам убачыць, як ідэі Рэфармацыі стварылі сучасную заходнюю культуру, даўшы пачатак новым поглядам або прыбраўшы перашкоды на іх шляху. Нездарма нямецкі філёзаф Георг Гегель назваў Рэфармацыю сэнсам гісторыі Новага Часу, а ангельскі гісторык Джэймс Фруд - "завесамі, на якіх трымаецца ўся сучасная гісторыя". Аднак Рэфармацыя мае дачыненьне ня толькі да краінаў Заходняй Эўропы. Яна таксама зьяўляецца неад'емнай часткай гісторыі Беларусі.

ХVІ стагодзьдзе ўвайшло ў гісторыю як Залаты Век нашай краіны. Гэта быў час, калі Вялікае Княства Літоўскае перажывала незвычайны ўздым у культурным, эканамічным і палітычным жыцьці. Друкаваліся кнігі на беларускай мове, пісаліся паэмы, багаслоўскія трактаты, дзёньнікі, бэлетрыстыка, былі выдадзеныя адны зь лепшых у Эўропе зборнікі законаў, імкліва расьлі гарады, разьвівалася сельская гаспадарка. І ўсё гэта рабілася ва ўмовах, якія ніяк не назавеш надзвычай спрыяльнымі. Больш за тое, у жыцьці ВКЛ як дзяржавы XVI ст. было нашмат горшае за папярэдняе. Калі ў ХV ст. пасьля Вялікай вайны з Тэўтонскім ордэнам Вялікае Княства практычна ня мела зьнешняе пагрозы, дык пачынаючы з княжаньня Аляксандра Ягелёнчыка краіна вяла несупынныя войны з Масквою, якія былі вельмі няўдалымі і мелі наступствам патрэбу заключэньня больш цеснай уніі з Польшчай дзеля захаваньня Вялікага Княства як дзяржаўнага арганізму. Нягледзячы на гэта, менавіта ХVІ стагодзьдзе дало нашай краіне агульнаэўрапейскую славу, якая не згубіла свайго бляску аж да сёньня.

Разважаючы пра прычыны культурнага і эканамічнага росквіту Беларусі ў XVI стагодзьдзі, немагчыма абмінуць увагай рух Рэфармацыі, які пакінуў значны адбітак на духовым жыцьці тагачаснага грамадзтва. Практычна ўсе выдатныя дзеячы Беларусі XVI ст. або непасрэдна зьяўляліся вернікамі пратэстанцкіх цэркваў, або знаходзіліся пад моцным уплывам рэфармацыйнай думкі. Дастаткова назваць Мікалая Радзівіла Чорнага, Астафея Валовіча, Андрэя Воляна, Сымона Буднага, Васіля Цяпінскага, Цыпрыяна Базыліка, Андрэя Рымшу, Льва Сапегу, Мікалая Крыштафа Дарагастайскага, Салямона Рысінскага і інш. Таму няма нічога дзіўнага, што ідэі Рэфармацыі у значнай меры фармавалі кшталты беларускага Залатога Веку.

Ці не найбольш яскравай зьявай у жыцьці Беларусі ХVІ ст. было зьяўленьне і разьвіцьцё кнігадрукаваньня. У ХVІ ст. у Вялікім Княстве было выдадзена 324 кнігі на беларускай, летувіскай, лацінскай, польскай і царкоўнаславянскай мовах . Паводле ацэнак Ю. Лабынцава, супольны наклад усіх выданьняў склаў звыш 300 000 асобнікаў. Беларускія кірылічныя выданьні склалі крыху менш за палову ўсіх кірылічных выданьняў XV-XVI стст., што пабачылі сьвет у розных краінах. Прыкладна такія ж суадносіны і сукупных накладаў гэтых выданьняў .

У гэтай сувязі цяжка пераацаніць значэньне Францішка Скарыны, які толькі на працягу 1517-1519 гг. у Празе надрукаваў больш за 10 тысячаў асобнікаў біблійных кнігаў . У сваіх прадмовах беларускі першадрукар сьцьвярджаў неабходнасьць асабістых адносінаў чалавека з Богам, акцэнтаваў увагу на вывучэньні Бібліі і жыцьці згодна са Словам Божым,

понеже не толико докторове и люди вченыи в них разумеють, но всякий человек простый и посполитый, чтучы их или слухаючы, можеть поразумети, что ест потребно к душному спасению его .

Той факт, што Скарына друкаваў Біблію для людзей паспалітых, што імкнуўся наблізіць Слова Божае да чытача, зрабіць яго распаўсюджаным і зразумелым, паказвае беларускага першадрукара як пачынальніка Рэфармацыі ў Беларусі. Сучасьнікі Скарыны на дзіва згодна ацэньваюць яго дзейнасьць. Па словах змагара за чысьціню праваслаўя, маскоўскага палітычнага эмігранта Андрэя Курбскага, Біблія Скарыны "растленна", пярэчыць усім сьвятым уставам і ўва ўсім згодная зь Бібліяй Лютара . Уніяцкі мітрапаліт Антоні Сялява называў Скарыну "ерэтыком гусітам", а выдадзеную ім Біблію разглядаў як пачатак Рэфармацыі ў Вялікім Княстве . Наадварот, дзеячы Рэфармацыі бачылі ў Скарыне свайго аднадумца. Пратэстанцкі выдавец Прымус Трубэр пераймаў выданьні Скарыны . Першы пратэстанцкі япіскап Прусіі Павал Спэратус захоўваў "Псалтыр" Скарыны з "Малой падарожнай кніжыцай" .

У далейшым сувязь кнігадрукаваньня і Рэфармацыі ня менш выразная. Палова друкарняў, якія дзейнічалі ў Вялікім Княстве, была цесна зьвязаная з рэфармацыйным рухам. Такія выдаўцы, як Сымон Будны, Васіль Цяпінскі, Цыпрыян Базылік, Даніэль Ленчыцкі, Бэрнард Ваяводка, Мацей Кавячынскі і інш., вядомыя ня толькі як друкары, але перш за ўсё як актыўныя дзеячы Рэфармацыі. Значную частку кнігадрукаў ХVІ ст. складаюць Бібліі, катэхізісы, багаслоўскія трактаты, палемічныя творы. Цікавасьць да чытаньня Бібліі, абуджаная гэтым прага пазнаць праўду і ўвогуле цікавасьць да разнастайных ведаў спрычыніліся да таго, што кнігі друкаваліся немалымі накладамі, для іх знаходзіліся і мэцэнаты, і спажыўцы. Нельга абмінуць увагаю Берасьцейскую друкарню, якую фундаваў Мікалай Радзівіл Чорны, або фундацыі Астафея Валовіча на кірылічныя творы Сымона Буднага. Падтрымка з боку Яна Кішкі ці Яна Глябовіча ў многім дапамагла друкарскай дзейнасьці Сымона Буднага ў Лоску або друкаваньню разнастайных твораў Андрэя Воляна .

Рэфармацыя ў Беларусі прывяла да істотнай перамены ў галіне адукацыі. Яна вывела асьвету за межы манастырскіх муроў і дала магчымасьць велізарнай колькасьці беларусаў атрымаць даволі грунтоўныя веды ў сябе на радзіме. Пропаведзь рэфармацыйных ідэяў заўсёды мела вынікам адкрыцьцё нейкае навучальнае установы. У 1524 г. Марцін Лютар напісаў зварот "Да бурмістраў і радцаў нямецкіх гарадоў пра тое, што яны мусяць адчыняць і падтрымліваць хрысьціянскія школы" . Адзін з галоўных прынцыпаў Рэфармацыі патрабаваньне да кожнага хрысьціяніна чытаць Біблію, бо толькі Біблія дае паўнавартасныя веды пра веру і Бога, і толькі яна зьяўляецца асноваю хрысьціянства. Каб людзі маглі чытаць Біблію, яны павінны ўмець чытаць увогуле.

Не выпадкова ў 1539 г. выхаванец Вітэнбэрзкага ўнівэрсытэту Абрагам Кульва адкрыў у Вільні школу, у якой вучыліся каля 60 вучняў, перадусім дзеці магнатаў і шляхты . У 1544 г. у сталіцы лютаранскай Прусіі Караляўцы адчыніўся ўнівэрсытэт, на якім былі выдзеленыя адмысловыя стыпэндыі для студэнтаў зь Вялікага Княства. Гэта была найбліжэйшая да Беларусі вышэйшая навучальная установа, што і абумовіла яе прыцягальнасьць для беларускай моладзі. Да 1600 г. у Караляўцы навучалася 185 студэнтаў зь Вялікага Княства (для параўнаньня, у Кракаве з 1500 г. па 1600 г. вучылася 217 ліцьвінаў) .

У 1546 г. у Караляўцы выходзіць з друку побач з лютаранскім Катэхізісам кніжачка "Эканомія або Гаспадарка, гэта значыць навука пра тое, як кожны хрысьціянін гаспадараваць павінен" аўтарства аднаго зь першых прапаведнікаў Рэфармацыі ва Ўсходняй Эўропе Яна Сэклюцыяна. Адносна выхаваньня дзяцей ён пісаў, паўтараючы ідэі, выказаныя Лютарам: "Патрэбна таксама для выхаваньня дзяцей аддаваць іх у школы і моцна іх да навучаньня заахвочваць, каб яны праз разуменьне Пісаньня дайшлі да пазнаньня Бога і ўсяму грамадзтву былі карыснымі" .

Пра тое самае праз 16 год гаворыць Сымон Будны ў Катэхізісе:

Да таго ж павінны яшчэ бацькі навучыць сваіх дзяцей нейкаму пабожнаму майстэрству або рамяству, каб потым мелі зь яго добры прыбытак. Так бо той жа Апостал у іншым мейсцы загадвае: "Хай навучацца і нашыя быць першымі ў добрых дзеяньнях дзеля пільных патрэбаў, каб не былі яны бясплоднымі" (Ціт 3:14). Нібыта кажа Апостал: "Няхай вучацца Хрысьціяне навукам патрэбным - Пісаньням, багаслоўю, потым іншым - юрыдычным, лекарскім ды іншым пачцівым навукам, таксама і ваеннай справе, каб потым маглі і ўмелі царкве паслужыць .

У выніку шырокае распаўсюджваньне Рэфармацыі суправаджалася ня толькі будаўніцтвам збораў, а іх паўстала каля 300, але і адкрыцьцём пачатковых школаў пры новаўтвораных цэрквах. Мандат вялікага князя Жыгімонта Аўгуста на заснаваньне кальвінскай царквы ў Віцебску пачынаецца такімі словамі:

Прислали до нас бояре, шляхта, бурмистры, райцы и мешчане тамошние витебские, бьючы чолом, абыхмо у тамошнем месте Витебском дозволили им ку науце детем и для хожения их ку слуханю слова Божего дом збудовати и казнодею ховати .

Распаўсюджваньне адукаванасьці сярод шырокіх колаў беларускага грамадзтва прынесла літаральна выбух у пісьменьніцтве. Самыя розныя людзі пачалі пісаць дзёньнікі, запіскі з падарожжаў, мэмуары, разьвівалася шматмоўная паэзія . Першы нотны зборнік, выдадзены ў Беларусі, першая мастацкая калекцыя, рознабаковая падтрымка магнатамі паэтаў і пісьменьнікаў, так званая рэнэсансная архітэктура гэта таксама ўнёсак Рэфармацыі ў культурны ўздым нашай краіны ў ХVІ ст.

Аднак ня толькі разьвіцьцё культуры зрабіла стагодзьдзе Рэфармацыі Залатым Векам. Ня меншых посьпехаў дасягнула ў дадзены пэрыяд эканоміка. Сьведчаньнем гэтаму зьяўляецца імклівы рост насельніцтва, калі на працягу стагодзьдзя колькасьць жыхароў краіны вырасла амаль удвая . Адной са знакавых падзеяў гэтага пэрыяду была аграрная рэформа 1557 г., якая атрымала назву валочнай памеры. Жыгімонт Аўгуст у лісьце да пінскага старасты Давойны так тлумачыў ідэю гэтай рэформы:

Поведаем тобе, иж для лепшого покою межи подданых наших и для постановенья платов и пожитков наших господарских умыслили есьмо розсказати у старостве твоем Пиньском, яко в наших замкох и дворех наших, земли подданых наших на волоки в три поля померити и поравняти .

Такім чынам, прадугледжваўся падзел усіх сельскагаспадарчых земляў на валокі (21,3 га) і ўнармаваньне сялянскіх павіннасьцяў у залежнасьці ад якасьці глебы. Зямля вакол кожнай вёскі дзялілася на тры роўныя палі, адно зь якіх засявалася ярыною, другое азімымі, а трэцяе заставалася "адпачываць", пры гэтым кожны год парадак засеву мяняўся (клясычнае трохпольле). Вясковыя сядзібы пераносіліся ў адно месца і будаваліся ўздоўж адной вуліцы так, каб гаспадарчыя пабудовы стаялі за хатамі, а ня перад імі. Была ліквідаваная сялянская абшчына, а на яе месца ўводзілася пэўная форма самакіраваньня: войт (солтыс) і некалькі лаўнікаў, выбіраных самімі сялянамі. Таксама рэформа заахвочвала закладаньне буйных таварных гаспадарак - фальваркаў .

У выніку правядзеньня валочнай памеры, якая да канца ХVІ ст. ахапіла практычна ўсю Беларусь, краіна атрымала сельскагаспадарчы ўздым, які дазволіў экспартаваць збожжа ў Заходнюю Эўропу. Калі дзяржаўны скарб перад рэформай атрымліваў падаткаў зь сельскай гаспадаркі менш за 20 тыс. коп грошаў, то ў 1588 г. ён атрымаў 82 тыс. коп грошаў . Якая сувязь Рэфармацыі з гэтымі падзеямі? Па-першае, менавіта магнаты-рэфарматары Мікалай Радзівіл Чорны, Астафей Валовіч і інш. былі тымі, хто ажыцяўляў аграрную рэформу. Па-другое, розныя прынцыпы рэформы базуюцца на каштоўнасьцях Рэфармацыі. У 1540-50-х гг. двор Жыгімонта Аўгуста быў прасякнуты гэтымі ідэямі, бо фактычна ўсе прапаведнікі пры каралі - Францішак Лісманіні, Ян Казьмінскі, Лаўрын Дыскордыя, Марцін Галіні, Георгі Альбін - былі прыхільнікамі Рэфармацыі, а пазьней увогуле далучыліся да рэфармаванай царквы . Ня трэба таксама забывацца пра ўплыў на вялікага князя з боку ягонага стрыечнага брата - прускага герцага і актыўнага прапагандыста Рэфармацыі ва Ўсходняй Эўропе Альбрэхта Гагенцолерна.

Рэфармацыя ставіла на першае месца свабоду асобы перад уладай калектыву, а таксама асабістую адказнасьць чалавека за свае ўчынкі. Падобныя падставы мела і валочная памера, даючы кожнай сялянскай сям'і ў спадчыннае валоданьне зямлю, каб вынікі працы кожнага залежалі ў першую чаргу ад яго самога. Сама ідэя рацыянальнай арганізацыі землекарыстаньня ідзе ў адным рэчышчы з абуджанай Рэфармацыяй сьвядомасьцю, што гэты сьвет створаны Богам паводле рацыянальных законаў. Сьвятое Пісьмо - Біблія ўтрымлівае шмат месцаў, у якіх заахвочваецца парадак і арганізаванасьць у працы: "Многа хлеба бывае і на нівах бедных, але некаторыя гінуць, бо не хапае парадку" (Выслоўі 13:23), або "Не дапускайцеся несправядлівасьці ў судзе, у меры ды ў вагах" (Лявіт 19:35).

Рэфармацыя цалкам зьмяніла падыход людзей да працы, пераканаўча паказаўшы, што сапраўднае пакліканьне хрысьціяніна заключаецца ў служэньні Богу праз служэньне бліжняму. Вера павінна выражацца ў канкрэтнай дзейнасьці ў сьвецкім жыцьці. "Тое, што падаецца сьвецкай працай, зьяўляецца на самай справе праслаўленьнем Бога і ёсьць тою пакораю, якая так прыемная Яму", - казаў пра гэта Марцін Лютар . "Вобраз жыцьця кожнага чалавека прызначаны яму Богам, і любая праца можа выклікаць павагу і высока цаніцца ў вачах Бога", - працягваў Жан Кальвін . Усё гэта прывяло да зьяўленьня так званай пратэстанцкай этыкі працы - аднаго з найбольш значных унёскаў Рэфармацыі ў фармаваньне заходняй цывілізацыі. Погляд на працу як на дастойны і адпаведны сродак праслаўленьня Бога прывёў да таго, што краіны Паўночнай Эўропы, якія прынялі Рэфармацыю, за кароткі час дасягнулі велізарных посьпехаў у эканамічным разьвіцьці. Рэфармацыя, па словах Макса Вэбэра, выпрацавала ідэйныя ўмовы для разьвіцьця рынкавай эканомікі . Між іншым, капіяваньне зьнешніх атрыбутаў рынкавай эканомікі без прыняцьця яе духоўнага кампанэнту замест дабрабыту нараджае карумпаваны, крыміналізаваны, так званы"дзікі" капіталізм.

Ва ўжо ўзгаданай працы "Эканомія" Сэклюцыян разьмясьціў разьдзел "Пра набываньне справядлівае, патрэбнага жывеньня, з дапамогай рамяства або якогасьці пабожнага гандлю", у якім зазначаў:

Мала таго, што нехта працуе, вырабляе, набывае справядліва і спажывае пабожна, але вельмі патрэбна, каб кожны напэўна ведаў, што гэта ягонае рамяство, гэта ягоная праца яму Госпадам Богам даручана, і ёсьць ягонай падзякай Госпаду Богу, які заўсёды гатовы на дапамогу прыйсьці .

Раўскі ваявода, кальвініст Анзэльм Гастомскі напісаў працу "Гаспадарка", неаднаразова перавыдадзеную ў XVI i XVII стст., у якой прапагандаваў інтэнсіўную таварную сельскую гаспадарку і спэцыялізацыю прадукцыі, дастасаваную да патрэбаў краю. "Добрым ёсьць жаўнерства, добрым ёсьць каралеўскі двор, але калі плуг у доме ўсё гэта не падтрымлівае, то вельмі слаба ідуць справы", - напісана ў прадмове да першага выданьня гэтай кнігі .

Менскі ваявода Ян Абрамовіч, адзін зь лідараў рэфармацыйнага руху ў Княстве, напісаў кнігу "Погляды ліцьвіна на танную куплю і дарагі продаж збожжа" , у якой тлумачыў неабходнасьць стварэньня ў краіне свабоднага рынку. Ён сьцьвярджаў, што цана павінна быць вынікам свабоднай раўнавагі попыту і прапановы на рынку, і заклікаў, каб урад Рэчы Паспалітай праводзіў палітыку супраць купецкіх манаполіяў і дбаў пра разьвіцьцё гандлёвых шляхоў.

Да нашых дзён дайшлі запіскі Фёдара Еўлашоўскага, шляхціца зь Ляхавічаў, у якіх ён распавядае пра сваё асабістае жыцьцё і жыцьцё Княства ў другой палове XVI стагодзьдзя. У 1566 г. дваццацігадовы Еўлашоўскі прыехаў у Вільню і дзеля цікавасьці зайшоў у кальвінскі збор. Акурат тады прапаведавалі "министры учоные Вендраговски и Касценецки", і малады чалавек, атрымаўшы ад гэтай пропаведзі "великую утеху", прыняў кальвінскае веравызнаньне . Вучэньне аб волі Божай для кожнага чалавека, прапаведаванае кальвінскімі міністрамі, скіроўвала чалавека на тое, каб ён рэалізаваў сваё прызначэньне ў грамадзкім жыцьці, бізнэсе, сваёй прафэсіі, абвяшчала прынцыпы працавітасьці, добрасумленнасьці, ашчаднасьці і прадпрымальнасьці. Фёдар Еўлашоўскі сур'ёзна прыняў Слова Божае і пачаў жыць згодна з гэтым. Неўзабаве, дзякуючы сваёй працавітасьці і стараннасьці, ён назапасіў немалое багацьце і, пачынаючы зь сярэдзіны 70-х гг. XVI ст., як відаць з дакумэнтаў, пазычаў вялікія сумы (па некалькі тысячаў коп літоўскіх грошаў) гатоўкаю некаторым магнатам . Разьвіцьцё сельскай гаспадаркі падштурхнула разьвіцьцё гарадоў. Ліквідацыя сялянскай абшчыны дазволіла частцы сялян замест працы на зямлі займацца рамяством. Гэтыя памкненьні падтрымлівалі магнаты і заможная шляхта, засноўваючы на сваіх землях гарадзкія паселішчы і надаючы ім права самакіраваньня. Нярэдка у новаўтвораныя гарады запрашаліся рамесьнікі-пратэстанты, вядомыя сваёй якаснай працай.

У прамове ў гонар Мікалая Крыштафа Радзівіла Андрэй Волян, адзін зь вядучых мысьляроў беларускай Рэфармацыі, пісаў:

Слаўныя каралеўствы Эўропы славу і вядомасьць асягнулі дзякуючы сваім цудоўным гарадам, якія як сваімі магутнымі мурамі абараняюць іх ад атакаў ворагаў, так і падтрымліваюць іх у часе вайны і міру працавітасьцю і заможнасьцю жыхароў. […] Ты, дастойны Пане, адзіны, хто бярэ прыклад з тых квітнеючых земляў, і дзякуючы табе іншаземныя ўзоры насьлядуюцца, надаючы гаротным вёскам нашага краю годны кшталт узьнёслых гарадоў. Каб жа за тваім прыкладам пайшлі іншыя тутэйшыя паны і, падобна як ты, задбалі пра застасаваньне ў айчыне найлепшых іншаземных прынцыпаў і пра будаваньне гарадоў .

Гэтыя словы выразна знаходзілі водгук у грамадзтве, бо на працягу ХVІ ст. колькасьць гарадоў у Беларусі вырасла з 48 да 382 .

Прапаведнікі Рэфармацыі вучылі вернікаў жыць паводле прыказаньняў Божых, што фармавала пэўны этас, спрыяльны для эканамічнага разьвіцьця. Напрыклад, вось што выкладзена ў Катэхізісе 1562 г. адносна прыказаньня "Не крадзі", якое мае самае непасрэднае дачыненьне да эканомікі:

Крадуць падданыя ў сваіх паноў, калі несумленна аддаюць падаткі, калі кепска працуюць або не спаўняюць іншых сваіх абавязкаў.

Крадуць рамесьнікі, калі не богабойна прадаюць сваю працу.

Крадуць купцы ды гандляры, калі падманваюць людзей кепскім таварам ці калі ў простых людзей набываюць нейкую рэч за малыя грошы.

Крадуць тыя, што хлеб надарэмна ядуць ды нічога ня робяць.

Крадуць жабракі, якія могуць пракарміцца працай, але ня хочуць працаваць ды жабруюць.

Крадуць ліхвяры, што пазычаюць грошы ды за гэта бяруць гасьцінцы або ліхву.

Крадуць гульцы ў косьці ды ўсе гульцы, якія гульнёй у косьці, карты ці што іншае забіраюць чужую маёмасьць.

Крадуць зьбіральнікі мыта, калі патрабуюць больш, чым усталявана.

Крадзе пан, калі ня плаціць свайму служцы заслужанай узнагароды.

Крадзе служка, калi служыць гаспадару не як належыць.

Крадзе той, хто ва ўрадзе сядзiць, а злодзеяў, як Бог загадаў, не карае.

Карацей кажучы, гэтае слова парушаюць перад Богам усе тыя людзі, што не аддаюць належнага або не ўдзяляюць са сваёй маёмасьці патрабуючаму .

Рэфармацыя зьмяніла ня толькі эканоміку, але і палітычнае аблічча Эўропы. Прынцыпы дэмакратыі, такія як выбарнасьць прадстаўнікоў улады, падзел і падкантрольнасьць розных галінаў улады і г. д. знайшлі на пачатку рэальнае ўвасабленьне ў пабудове цэркваў кальвінскага вызнаньня, а пасьля ў некаторых гарадах і дзяржавах, якія прынялі вучэньне Жана Кальвіна. Ідэі Рэфармацыі далі пачатак таксама такім паняцьцям, як правы і свабоды чалавека .

У адрозьненьне ад некаторых эўрапейскіх дзяржаваў, дзе працэс цэнтралізацыі ішоў праз узмацненьне ўлады манарха, у Вялікім Княстве ХVІ ст. цэнтралізацыя праяўлялася праз разьвіцьцё агульнадзяржаўнага заканадаўства. Прававыя акты таго часу напоўненыя спасылкамі на аўтарытэт Сьвятога Пісьма і нормы хрысьціянскай маралі. Для беларускіх законатворцаў, большасьць зь якіх былі рэфарматарамі, першасная крыніца законаў заключалася ў Богу і Ягоным сьвятым законе, - людзі, ствараючы законы, адлюстроўваюць у іх не сваю волю, але волю Бога. У Статутах ВКЛ можна прачытаць, што тая ці іншая норма базуецца на тым, як "Божы закон і праведнасьць хрысьціянская вучыць" .

Адным з базавых прынцыпаў, на якіх засноўвалася беларускае заканадаўства ХVІ ст., была роўнасьць усіх перад законам, якая вынікала з роўнасьці ўсіх перад Божым законам. Андрэй Волян пісаў, што толькі там, дзе ў дзяржаве існуе роўнасьць усіх перад законам, людзей сапраўды магчыма назваць свабоднымі . Для беларускіх рэфарматараў свабода - гэта такі стан чалавека, калі яго паводзіны ў грамадзтве вызначаюцца не ягонымі жаданьнямі (што хачу, тое і раблю), але вызначаныя рамкамі закону. Свабода асобы, каб не прывесьці да анархіі, павінна стрымлівацца нормамі хрысьціянскай адказнасьці. Выразам гэтых памкненьняў сталася выданьне Статутаў ВКЛ, а асабліва Статуту 1588 г., які лічыцца шэдэўрам беларускай юрыдычнай думкі.

Асноваю законатворчай дзейнасьці зьяўляўся прынцып прававой дзяржавы, дзе пануе закон. У прадмове да Статуту 1588 г. падканцлер ВКЛ Леў Сапега пісаў:

Быў час, калі ў супольнасьці людзей, якую мы рэччу паспалітаю называем, каралі і валадары справавалі сваю ўладу не паводле закону запісанага або статуту, але паводле свайго меркаваньня і жаданьня. Але таму, што яны часта занядбоўвалі свае абавязкі і дзейнічалі дзеля сваёй карысьці, а не дзеля агульнага дабра, людзі, адкідваючы іх уладу і панаваньне і называючы іх не валадарамі, але тыранамі, пачалі абапіраць бясьпеку і дабро рэчы паспалітае на статуце і пісаным законе. Пра гэта вялікі і знакаміты грэцкі філёзаф Арыстотэль сказаў, што там, дзе чалавек паводле свайго жаданьня валадарыць, дзікі зьвер пануе, а дзе валадарыць закон, там пануе сам Бог .

Гэтыя словы пераклікаюцца са словамі А. Воляна ў трактаце "Пра палітычную або грамадзянскую свабоду", напісаным у 1572 г.:

Закон ёсьць маральнае правіла, якое дыктуецца здаровым розумам і ўхваляецца Божымі прыказаньнямі. Калі тыран так ці іначай парушае законы або слушныя нормы розуму, ён тым самым чыніць ня Божыя суд і волю, а, як люты зьвер, прагне задаволіць толькі свае сьляпыя жывёльныя інстынкты. Там, дзе над людзьмі стаіць не закон, які іх настаўляе ва ўсіх учынках, а верхаводзіць легкадумная чалавечая воля, там паўсюль, як справядліва кажа Арыстотэль, грамадзтвам кіруе ня Бог, а бэстыя .

Статут вызначаў, што закон павінен, па-першае, абараняць грамадзян дзяржавы ад злоўжываньняў з боку манарха, то бок прадухіляць праявы тыраніі, а па-другое, забясьпечыць дзяржаве ўнутраны парадак і мір. На першай старонцы Статуту былі напісаныя словы зь Бібліі, зварот да судзьдзяў: "Глядзіце, што вы чыніце. Вы зьдзяйсьняеце ня суд чалавечы, але суд Божы. [...] Няхай будзе на вас страх Госпадаў" (2 Крон 19:6-7) . Гэтыя самыя словы як Божы загад для судзьдзяў прыводзіць Жан Кальвін у разьдзеле "Пра грамадзянскае кіраваньне" "Настаўленьняў у хрысьціянскай веры" . Менавіта гэты разьдзел "Настаўленьняў" быў перакладзены на польскую мову і выдадзены ў Кракаве яшчэ ў XVI ст., што сьведчыць пра актуальнасьць і запатрабаванасьць гэтай тэмы ва Ўсходняй Эўропе .

У вышэйзгаданым разьдзеле Кальвін ставіць пэўныя межы ўладарам:

Калі б у наш час існавалі якія-небудзь інстытуцыі накшталт магістрату, пастаўленыя для абароны народу і гамаваньня празьмернай хцівасьці і распуснасьці манархаў, дык людзям, якія маюць такое званьне, не забараняецца паводле абавязку супрацьстаяць і супрацівіцца неўтаймаванасьці і жорсткасьці ўладароў. Больш за тое, калі б яны заплюшчвалі вочы на беззаконьні ўладароў адносна простага люду, я палічыў бы гэта падставаю для абвінавачаньня ў здрадзе. Бо яны гэтым самым наўмысна здраджваюць свабодзе народу, клопат пра захаваньне якой даручаны ім воляю Бога .

Шляхта Каралеўства Польскага і Вялікага Княства Літоўскага сур'ёзна прыняла гэтыя словы, і ўжо падчас першых выбараў караля і вялікага князя ад новаабранага манарха патрабавалі прысягі адносна шэрагу артыкулаў, названых ад імя першага прысягнуўшага караля "Генрыхаўскімі артыкуламі", у якіх абвяшчаліся пэўныя абавязкі манарха. Заканчвалася прысяга караля такімі словамі:

А калі б мы што супраць правоў, свабодаў, артыкулаў і ўмоваў учынілі, або чагосьці ня выканалі, тады грамадзяне двух народаў ад паслухмянасьці і вернасьці нам вольныя .

Статут замацоўваў асабістую свабоду кожнага чалавека, даваў права вольнага выезду за мяжу, уводзіў прэзумпцыю невінаватасьці і свабоду веравызнаньня. Паводле Статуту, ніхто з урадоўцаў ня мог быць пазбаўлены манархам пасады іначай, як толькі паводле пастановы суду. Былі замацаваныя палітычныя правы шляхты: права ўдзелу ў законатворчай дзейнасьці, абіраць і быць абранымі ў сойм.

На працягу ўсяго XVI ст. многія рэфарматары, асабліва Анджэй Фрыч Манджэўскі ў Польшчы і Андрэй Волян у ВКЛ, заклікалі да адпаведнай кары за забойства, бо паводле тагачасных законаў забойства каралася штрафам - "галоўшчынай". Таму А. Волян усклікаў:

Бог ня толькі санкцыянуе закон, які забараняе супрацьпраўнае забойства або гвалт у адносінах да іншай асобы, але і стварае ўладу, якая ажыцьцяўляе выкананьне гэтага закону і мае права караць забойцу і забясьпечыць мір у грамадзтве. Мір гэты магчыма ўсталяваць толькі тады, калі парушальнікам супакою пагражае суровая кара і яны на сваёй скуры адчуюць зло, якое прычынілі іншым. […] Калі пакараньне аказваецца суровейшым за віну злачынцы, то гэта жорсткасьць, а калі лягчэйшым, то самавольства. Як адно, так і другое нельга назваць справядлівасьцю. […] Дзіўна, што з аднаго боку законатворцы прызнаюць, што паводле Божага закону забойства павінна карацца забойствам. Але ў той жа час абвінавачваюць Бога ў празьмернай жорсткасьці і суровасьці. І каб зьмякчыць Божую строгасьць, выдаюць больш літасьцівы і спагадлівы да забойцаў закон. […] Бог строга карае за чалавеказабойства менавіта дзеля таго, каб суровасьцю свайго пакараньня прадухіліць забіцьцё чалавека чалавекам. А нехта зьмякчае Божую кару настолькі, што фактычна патурае зламысьніку ў душагубстве .

У сваіх творах А. Волян неаднаразова імкнуўся давесьці думку, што паводле Пісаньня забойства вартае найвышэйшай кары.

Калі ж начальнікі імкнуцца ўстрымацца ад усялякай суровасьці і берагчы свае рукі чыстымі ад крыві, а ў гэты час нягоднікі чыняць гвалт і забойствы, то гэтыя начальнікі будуць вінныя ў цяжкім беззаконьні, а зусім не атрымаюць пахвалы за ўяўную праведнасьць і дабрыню,

- сьцьвярджаў Ж. Кальвін . Высілак беларускіх рэфарматараў у гэтым пытаньні таксама даў плён. Калі Статутам 1566 г. за забойства шляхціцам чалавека "простого стану" прадугледжвалася толькі выплата "галоўшчыны", дык Статут 1588 г. вызначае для шляхціца, затрыманага пры забойстве ім простага чалавека, сьмяротнае пакараньне .

Стагодзьдзе Рэфармацыі называецца Залатым Векам і дзякуючы свабодзе веравызнаньня, якая панавала тады ў нашай краіне. Фёдар Еўлашоўскі ў сваім дзёньніку пісаў:

У той час розьніца ў веры не была прычынаю для розьніцы ў сяброўстве, вось таму той век мне бачыцца залатым. […] У Вільні сядзеў я за сталом ксяндза Баўтрамея Нядзьвіцкага, віленскага каноніка, разам зь яго слугамі-італьянцамі. Тыя, калі даведаліся, што я эвангельскі хрысьціянін, дужа зьдзіўляліся, як гэта ксёндз-канонік запрасіў мяне на абед. А калі ён ім сказаў, што ў нас з гэтае прычыны няма ніякай нянавісьці і мы сябруем як добрыя прыяцелі, хвалілі гэта італьянцы, кажучы, што тут Бог жыве, і скардзіліся на свае айчынныя законы, а хутчэй беззаконьні .

Традыцыі верацярпімасьці, характэрныя для Вялікага Княства і ў ранейшыя стагодзьдзі, дзякуючы дзейнасьці рэфарматараў набылі сілу закону. Гарадзельскі прывілей 1413 г. забараняў некаталікам займаць дзяржаўныя пасады ў Вялікім Княстве, і хоць гэты закон не заўсёды выконваўся, заканадаўчая дыскрымінацыя існавала да сярэдзіны ХVІ ст. У 1563 г. магнаты і шляхта на чале зь Мікалаем Радзівілам Чорным дамагліся прыняцьця пастановы, што "на ўсялякія пасады і ва ўрад павінны абірацца ня толькі падданыя рымскае царквы, але ў той самай ступені ўсе мужчыны шляхецкага стану, людзі веры хрысьціянскае, кожны паводле сваіх заслугаў". У хуткім часе пасьля гэтага ў Сэнаце Вялікага Княства большасьць месцаў стала належаць пратэстантам .

Нашая краіна набыла ў Эўропе славу "прыстанішча герэтыкоў", краіны, у якой кожны мог свабодна вызнаваць сваю веру. У Вялікае Княства пачалі перасяляцца італьянцы, французы, чэхі, шатляндцы, у якіх на радзіме за нязгоду з паноўнай рэлігіяй можна было трапіць у турму або на вогнішча. У 1557 г. на запрашэньне Мікалая Радзівіла Чорнага пераехала ў ВКЛ у пошуках прыбежышча ад перасьледу Марыі Цюдор актыўная ангельская пратэстантка Кацярына Сафолк разам з мужам Рычардам Бэрці. Гэтая сям'я вярнулася ў Англію толькі пасьля таго, як на ангельскі трон узыйшла каралева Лізавета .

У студзені 1573 г. беларуская і польская шляхта прынялі так званы акт Варшаўскае канфэдэрацыі:

А иж в Речы Посполитой ест розность немалая з стороны веры хрестияньское, забегаючы тому, абы се с тое прычыны межы людми заистье якое шкодливое не вщело, которую по инших королевствах ясне видим, обецуем то собе сполне за нас и за потомки нашы на вечные часы покой межы собою заховати, а для розное веры и отмены в костелах крови не проливать, ани се карати отсуженьем маетности, почстивостью, везеньем и выволаньем, и зверхности жадное, ани уряду до такового поступку жадным способом не помагать .

Статут 1588 г. замацаваў Варшаўскую канфэдэрацыю ў якасьці закону. У той самы час у Парыжы быў прыняты закон, які забараняў па ўсёй Францыі сходы і служэньні гугенотаў, пагражаючы сьмерцю за яўнае або патаемнае вызнаваньне "герэзіі". У ХVІ ст. францускія пратэстанты ставілі нашую краіну ў прыклад сваім суайчыньнікам .

Эпоха Рэфармацыі, XVI стагодзьдзе - гэта ня толькі Залаты Век Беларусі , але і Залаты Век польскай культуры , і Першае Адраджэньне ва Ўкраіне , і Залаты Век гебраяў ва Ўсходняй Эўропе . Гэта не было выпадковасьцю. Ідэі, якімі жыве народ, вызначаюць шляхі разьвіцьця грамадзтва. Ідэі Рэфармацыі, якімі была прасякнута значная частка беларусаў ХVІ ст., сталі асновай таго, што гэтая эпоха стала часам сапраўднага росквіту нашай краіны. І ня толькі нашай краіны, але ўсяго абшару Паўночнай і Ўсходняй Эўропы.

Гэта выразна пацьвярджаюць падзеі, што адбываліся ва Ўсходняй Эўропе ў наступным стагодзьдзі. Прыняцьцё элітай Рэчы Паспалітай ідэалёгіі Контррэфармацыі прывяло да татальнага заняпаду ў тых сфэрах, якія ў ХVІ ст. былі славай нашага народу. Гэта не было абумоўлена ходам гістарычных падзеяў, гэта быў выбар. Нашчадкі тых, хто ў ХVІ ст. прынялі Рэфармацыю, у ХVІІ ст. адмовіліся ад гэтых ідэяў. Вынік не прымусіў доўга чакаць - Залаты Век скончыўся і пачаўся доўгі пэрыяд няславы, паразаў і катастрофаў. У краінах Паўночнай Эўропы, якія засталіся вернымі Рэфармацыі, нічога падобнага не адбылося, нават калі іх наведвалі цяжкія выпрабаваньні.

Разглядаючы падзеі XVI ст., украінскі гісторык Міхайла Грушэўскі сказаў: "Украінскі карабель плыў з поўнымі ветразямі пад ветрам Рэфармацыі і спусьціў ветразі, калі гэты вецер сьціх" . Гэтыя словы датычыць яшчэ ў большай меры Беларусі, і мудрасьць цяперашняга пакаленьня заключаецца ў тым, каб, гледзячы на гісторыю, пайсьці тым добрым шляхам, які прынясе дабраславенства і дабрабыт нашаму народу.

1. Анушкин А. На заре книгопечатания в Литве. Вильнюс, 1970. С. 13.

2. Лабынцаў Ю. Першы век беларускага кнігадруку // Кантакты і дыялогі. 2002. № 9. C. 18.

3. Скарына і яго эпоха / Пад рэд. В. Чамярыцкага. Мінск, 1990. С. 270.

4. Франциск Скорина и его время: Энциклопедический справочник. Минск, 1990. С. 8-9.

5. Сочинения князя Курбского. Т. 1 // Русская историческая библиотека. Т. ХХХІ. Санкт-Петербург, 1914. Стб. 401-403.

6. Antyelenchus // Архив Юго-Западной России, издаваемый Комиссией для разбора древних актов, высочайше учрежденною при Киевском Военном, Подольском и Волынском генерал-губернаторе. Ч. 1. Т. 8. Вып. I. Киев, 1914. С. 717.

7. Франциск Скорина и его время... С. 538.

8. Владимиров П. Доктор Франциск Скорина, его переводы, печатные издания и язык. Санкт-Петербург, 1888. С. 201.

9. Lukaszewicz J. Dzieje kosciolow wyznania helweckiego w Litwie. T. 2. Poznan, 1842. S. 178-181.

10. Шафф Ф. История христианской церкви. Т. 7. Санкт-Петербург, 2009. С. 311-312.

11. Kosman M. Reformacja i kontrreformacja w Wielkim Ksiestwie Litewskim w swietle propagandy wyznaniowej. Wroclaw-Warszawa-Krakow, 1973. S. 30-31.

12. Статут Вялікага Княства Літоўскага 1588 г. Тэксты. Даведнік. Каментарыі. Мінск, 1989. С. 16.

13. Seklucyan J. Oeconomia albo Gospodarstwo. Krakow, 1890. S. 45.

14. Катэхізіс: Помнік беларускай Рэфармацыі XVI ст. Мінск, 2005. С. 89.

15. Zbior pomnikow Reformacji kosciola polskiego i litewskiego. Wilno, 1911. S. 8.

16. Кавалёў С. Шматмоўная паэзія Вялікага Княства Літоўскага эпохі Рэнесансу. Мінск, 2010; Анталогія даўняй беларускай літаратуры: ХІ - першая палова XVIII стагоддзя / Пад рэд. В. А. Чамярыцкага. Мінск, 2003.

17. Сагановіч Г. Нарыс гісторыі Беларусі ад старажытнасці да канца ХVІІІ стагоддзя. Мінск, 2001. С. 213.

18. Уланов В. Волочная помера и устава и её значение в истории литовско-русского государства (переиздание работы 1905 года). Минск, 2005. С. 69.

19. Ochmanski J. Historia Litwy. Wroclaw-Warszawa-Krakow, 1967. S. 102-105; Доўнар-Запольскі М. Гісторыя Беларусі. Мінск, 1994. С. 123-124.

20. Ochmanski J. Historia Litwy... S. 105.

21. Гудавичюс Э. История Литвы. Т. 1. Москва, 2005. С. 597; Lukaszewicz J. Dzieje kosciolow wyznania helweckiego w Litwie. T. 1. Poznan, 1842. S. 8-9.

22. Маграт А. Богословская мысль Реформации. Одесса, 1994. С. 270.

23. Тамсама. С. 271.

24. Вебер М. Избранные произведения. Москва, 1990. С.103-105.

25. Seklucyan J. Oeconomia albo Gospodarstwo... S. 58.

26. Filozofia i mysl spoleczna XVII wieku: 700 lat mysli polskiej. Cz. 1. Warszawa, 1979. S. 612.

27. Tyszkowski K. Abramowicz Jan / Polski Slownik Biograficzny. T. 1. Krakow, 1935. S. 13.

28. Помнікі мемуарнай літаратуры Беларусі XVII ст. / Уклад., уступ. артыкул і камент. А. Ф. Коршунава. Мінск, 1983. С. 33.

29. Славутыя імёны Бацькаўшчыны. Вып. І. Мінск, 2000. С. 79-80.

30. Kempfi A. Frycz a Wolan. Zapomniana karta recepcji Frycza w Polsce // Andrzej Frycz Modrzewski i problemy kultury polskiego Odrodzenia. Wroclaw, 1974. S. 217.

31. Копысский З. Социально-политическое развитие городов Белоруссии в XVI - первой половине XVII вв. Минск, 1975. С. 9.

32. Катэхізіс… С. 119.

33. Спиц Л. История Реформации. Т. ІІ. Возрождение и движение Реформации. Москва, 2003. С. 396.

34. Сокол С. Социологическая и политическая мысль в Белоруссии во второй половине XVI века. Минск, 1974. С. 22-23.

35. Волан А. Аб грамадзянскай або палітычнай свабодзе. Мінск, 2009. С. 30.

36. Статут Вялікага Княства Літоўскага... С. 44.

37. Волан А. Аб грамадзянскай або палітычнай... С. 47.

38. Статут Вялікага Княства Літоўскага... С. 41.

39. Кальвин Ж. Наставление в христианской вере. Т. 3. Кн. 4. Москва, 1998. С. 470.

40. Calvinus I. O zwierzchnosci swieckiej wedlug Pisma Swietego opisanie. [Krakow], 1599.

41. Кальвин Ж. Наставление в христианской... С. 495.

42. Volumina Legum. T. II. Petersburg, 1859. S. 150-152.

43. Волан А. Аб грамадзянскай або палітычнай... С. 54-55.

44. Кальвин Ж. Наставление в христианской... С. 477.

45. Статут Вялікага Княства Літоўскага... С. 312.

46. Помнікі мемуарнай літаратуры... С. 33.

47. Merczyng H. Zbory i senatorowie protestanccy w dawnej Rzeczypospolitej. Warszawa, 1904. S. 121-138.

48. Kot S. La Reforme dans le Grand-Duche de Lithuanie: facteur d'occidentalisation culturelle. Bruxelles, 1953. S. 56.

49. Статут Вялікага Княства Літоўскага... С. 113.

50. Іванова Л. С. Еўрапейскае аблічча і рэгіянальныя асаблівасці Рэфармацыі на Беларусі (другая пал. XVI - сяр. XVIІ ст.). Мінск, 1998. С. 8.

51. Богданович М. Белорусское возрождение // Багдановіч М. Выбраныя творы. Мінск, 1996. С. 327.

52. Gierowski J. Historia Polski (1492-1864). Warszawa, 1967. S. 10.

53. Грушевський М. Історія української літератури. Т. 5. Друга половина. Київ, 1927. С. 205.

54. Дубнов С. Учебник еврейской истории. Ч. 3. Санкт-Петербург, 1911. С. 116.

55. Грушевський М. З історії релігійної думки на Україні / Духовна Україна. Збірка творів. Київ, 1994. С. 63.

ARCHE, 2012, №1-2, С.18-34/



Беларуская вэрсія
English version
Русская версия

Новы Запавет і Псальмы (1931)
Станіслаў Акіньчыц. Залаты Век Беларусі
Катэхізіс. Нясьвіж, 1562
'Спадчына', 2003, №1
Навуковая канферэнцыя 'Рэфармацыя і Залаты Век Беларусі', 2003 г.
Пратэстанцкая царква і беларускі нацыянальны рух

Галоўная - Гісторыя - Ідэі - Асобы - Дакумэнты - Даты - 1553-2003 - Фотагалерэя


Агульныя пытаньні: