|
Навошта каню крылы, альбо ўшанаваньне Багуслава Радзівіла
Тамара Габрусь
Сярод іншых гарадоў Беларусі Слуцак мае адзін з самых паэтычных і загадкавых гэрбаў - срэбны крылаты конь (Пэгас) на блакітным полі, накрыты чырвонай гунькай, на якой над княжацкай каронай разьмешчана манаграма. Выяву гарадзкога гэрбу Слуцку з розных гістарычных крыніцаў узнавіў вядомы спэцыяліст па геральдыцы Анатоль Цітоў, які прысьвяціў гэтай тэме асобны артыкул, зьмешчаны ў пятым нумары "Спадчыны" летась. У ім шмат цікавага і слушнага, аднак... Вось якую гіпотэзу, зьвязаную з "вытворчай сымболікай", прапануе дасьледчык пра паходжаньне гэтага гэрбу. Спасылаючыся на інфармацыю А. Грыцкевіча, што ў 1661 - 1801 гг. у Слуцку "найбольшая колькасьць рамесьнікаў была занята ў гарбарстве (40 - 50%, а паводле дадзеаных 1737 і 1765 гг. нават крыху болей за 50 %). Слуцак на працягу гэтага пэрыяду быў рамесным цэнтрам навакольнага раёну, які спэцыялізаваўся на апрацоўцы скураў", А. Цітоў піша: "Колькасная перавага прадстаўнікоў гарбарнага і футравага рамёстваў, багацьце іхных цэхаў прывяло да таго, што ў агульнагарадзкім жыцьці і ў магістраце яны дамінавалі. Род заняткаў заможнай большасьці насельніцтва, іхняя моцная пазыцыя ў органах самакіраваньня і паўплывалі на выбар сымбалю для ўсяго гораду. Прадмет працы ў крыху апаэтызаванай форме і замацаваўся ў якасьці гэрбу места Слуцкага". Прабачце за доўгую цытату, але зь яе ўвачавідкі вынікае простае пытаньне: што ж усё-такі галоўнае ў Пэгаса - скура ці крылы?
Мы прапануем сваю гіпотэзу стварэньня гарадзкога гэрбу Слуцку. Упершыню самакіраваньне паводле магдэбургскага права Слуцак атрымаў у 1441 г., калі ім валодалі Алелькавічы, нашчадкі Альгерда і кіеўскіх князёў. Уладальнікі паступова поўнасьцю скасавалі правы гараджанаў. Другі раз магдэбургскае права было нададзена ў 1652 г. паводле прывілею караля Яна Казімера, адначасова горад атрымаў гэрб. У той час Слуцак на правах прыватнай уласнасьці належаў князю Багуславу Радзівілу. Цікава, што А. Цітоў у сваёй кніжцы "Гарадская геральдыка Беларусі" не ўспамінае пра гэта наогул, а ў азначаным артыкуле толькі ўскосна прыгадвае недатаваны акт, які захаваўся ў копіі 1739 г.: "Натацыі (заўвагі. - А.Ц.) Яго Міласьці князя Багуслава Радзівіла да парадку мескага". Між тым менавіта той факт, што Слуцак атрымаў самакіраваньне, як кажуць, "з рук" Б. Радзівіла, на нашу думку, дазваляе раскрыць сэмантыку гарадзкога гэрбу.
Багуслаў Радзівіл (1620 - 1669) быў адным з самых багатых магнатаў Вялікага Княства Літоўскага і належаў да біржанскай лініі гэтага магутнага фэўдальнага роду. Ён тытулаваўся князем "на Біржах, Дубінцы, Слуцку й Капылі", і агульнае ягонае багацьце ацэньвалася ў 590 000 чырвоных злотых (дукатаў). Удзельныя Слуцкае і Капыльскае княствы, як ужо ўпаміналася, з 1395 г. належалі славутаму праваслаўнаму роду Алелькавічаў, апошні мужчынскі прадстаўнік якога Юры Юравіч памёр у 1586 г. у хуткім часе за сваей жонкай Кацярынай з роду Кішак. Яны пакінулі немаўлятка - дачку Соф'ю, апекунамі якой сталі Юры і Геранім Хадкевічы. У 1600 г. чатырнаццацігадовая Соф'я, пасьля цяжкіх маёмасных спрэчак паміж Хадкевічамі і Радзівіламі, была выдадзена замуж за кальвініста Януша VI Радзівіла з біржанскай лініі пры ўмове, што яна і дзеці ад гэтага шлюбу захаваюць праваслаўнае веравызнаньне. Княгіня Соф'я, якая вызначалася праведным жыцьцём і нават залічана ў лік праваслаўных беларускіх сьвятых, памерла ў 1617 г. з цяжкіх родаў, не пакінуўшы нашчадкаў. Магчыма, таму і доўгачаканы сын, які нарадзіўся праз тры гады ад другога шлюбу Януша Радзівіла з Лізаветай Сафіяй, князёўнай Брандэнбурскай, быў названы адзіным у сваім родзе імем Багуслава. Праз 7 месяцаў памёр ягоны бацька, маці праз 8 гадоў выйшла замуж другі раз. Маленькага Багуслава адвезьлі ў Вільню, дзе ён выхоўваўся пад наглядам дзеда Хрыстафора Радзівіла, затым у кальвінскай школе ў Кейданах. Выхаваньне і веравызнаньне на ўсё жыцьцё вызначыла апазыцыйнае стаўленьне Багуслава Радзівіла да пракаталіцкіх кіроўных колаў Рэчы Паспалітай і самога караля Яна Казімера. Палітычны і рэлігійны сэпаратызм Багуслава абумовіў ягонае выступленьне на баку швэдзкага караля Карла Густава падчас польска-швэдзкай вайны 1655 - 1660 гг. Разам са сваім стрыечным братам Янушам Радзівілам, вялікім гетманам літоўскім, які ўзначаліў літоўскіх магнатаў швэдзкай арыентацыі. Б. Радзівіл далучыўся да Кейданскай дамовы 1655 г. - уніі Вялікага Княства Літоўскага са Швэцыяй. Гэта на стагодзьдзі вызначыла нэгатыўны гістарычны партрэт Багуслава Радзівіла ў польскай гістарыяграфіі, які да нашага часу не пераацэньваўся.
Сучасьнік напаўмітычнага д'Артаньяна, роўны зь ім адвагай і майстэрствам фэхтаваньня, князь Багуслаў мог бы трапіць на пяро Аляксандра Дзюма, і, магчыма, ягоныя незвычайныя жыцьцёвыя прыгоды былі б апісаны больш аб'ектыўна й прыцягальна. Але склалася іначай. Першае жыцьцеапісаньне Б. Радзівіла паводле рукапісу ягонага невядомага сучасьніка было выдадзена ў Познані ў 1840 г. і паслужыла крыніцай для Эдварда Кадлубая, складальніка галерэі гістарычных партрэтаў нясьвіжскіх Радзівілаў і энцыкляпэдычных выданьняў, дзе паўсюдна ён вызначаецца "чынным (дзейсным), але не для сваёй радзімы", якая атаясамляецца з Польшчай. Аднак Б. Радзівіл разумеў пад гэтым паняцьцем хутчэй Вялікае Княства Літоўскае і па-свойму разумеў ягоныя інтарэсы. Як вынікае з вышэйзгаданых "Нататкаў" князя, ягонай замкавай пячаткай Слуцкага княства была Пагоня.
Пазьней гэтая неардынарная асоба эпохі "сарматызму" зацікавіла Гэнрыка Сянкевіча, для якога адданасьць ідэі "польськасці" была асноўнай, у выніку чаго князь Багуслаў стаў галоўным адмоўным героем гістарычнага рамана "Патоп", рэальным прататыпам выдуманай меладраматычнай любоўнай інтрыгі.
Між тым і грамадзкае і прыватнае жыцьцё Багуслава Радзівіла нельга ацэньваць адназначна. Бляск і багацьце суправаджалі яго ў юнацкія гады. Малады князь шмат вандраваў па Прусіі, Памэраніі, Галяндыі і Францыі, сябраваў з асобамі каралеўскіх дынастыяў, сярод якіх быў і брат караля Рэчы Паспалітай Уладзіслава IV - каралевіч Ян Казімер, прынцы Кандэ, Аранскі і Насау. Ён уступіў добраахвотнікам у войска Гэнрыха Аранскага і вызначыўся адвагай у бітве з гішпанскім войскам за крэпасьць Ганд. Як зацятага дуэлянта князя заключыў кардынал Мазарыні ў Бастылію, але хутка ён быў вызвалены.
Яшчэ за мяжой князь Багуслаў, адпаведна свайму высокаму паходжаньню, багацьцю й храбрасьці, атрымаў чын харунжага, а ў 26 гадоў, пасьля вяртаньня на Радзіму, - ганаровы тытул канюшага Вялікага Княства Літоўскага. Праз два гады ён бярэ ўдзел у выбарах на сойме новага караля Рэчы Паспалітай Яна Казімера, пад кіраўніцтвам якога ўдзельнічаў у задушэньні казацкіх хваляваньняў і якому пазьней здрадзіў. I яшчэ шмат незвычайнага было ў драматычным жыцьці Багуслава Радзівіла: выратаваў жыцьцё падчас замаху швэдзкаму каралю Карлу Густаву; паранены ў галаву князь трапіў у татарскі палон, зь якога быў танна выкуплены як малазначны афіцэр, бо татары ня ведалі, хто ён. Дый шэраг іншых прыгодаў перажыла гэтая асоба.
Але ў жыцьці Б. Радзівіла быў яшчэ адзін бок, на жаль, у значнай ступені закрыты для гісторыі бляскам і штучна створанай адыёзнасьцю ягонай асобы. Князь Багуслаў быў высокаадукаваным і таленавітым чалавекам з грунтоўнымі навуковымі ведамі і разьвітым эстэтычным сьветаўспрыманьнем, чалавекам новага часу.
Характэрна, што польскія крыніцы ўпарта замоўчваюць ягоныя жыцьцё й дзейнасьць у Слуцку, і нават той факт, што асноўная частка багацьця паходзіла ад праваслаўных Алелькавічаў. Між тым паміж 1648 - 1655 гг. Слуцак быў асноўнай рэзыдэнцыяй Б. Радзівіла, які стаяў на чале літоўскіх кальвіністаў. Як некалі пры Алелькавічах Слуцак лічыўся цэнтрам праваслаўя, так пры князю Багуславу стаў апошняй апораю Рэфармацыі ў Вялікім Княстве Літоўскім. Сам князь складаў эвангелісцкія гімны, шэраг зь якіх апублікаваны ў канцыянале, выдадзеным у Гданьску ў 1723 г. Да таго ж яму быў не чужы пашыраны ў той час эпісталярны жанр - значны збор ягоных лістоў захоўваецца ў бібліятэцы Залускіх. Як большасьць буйных магнатаў, Б. Радзівіл быў мэцэнатам і зьбіраў творы выяўленчага мастацтва. Амаль ва ўсіх ягоных маёнтках знаходзіліся зборы жывапісу галяндзкіх, нямецкіх і мясцовых майстроў, якія пад канец ягонага жыцьця былі зьвезены ў апошнюю рэзыдэнцыю ў Караляўцы (Кёнігсбэрг), куды князь быў сасланы каралём Янам Казімерам.
Яшчэ ў маладыя гады Багуслаў Радзівіл вывучаў фартыфікацыйныя сыстэмы Амстэрдама ды іншых магутных галяндзкіх крэпасьцяў. У сярэдзіне ваяўнічага XVII ст., калі толькі 32 гады былі мірнымі для Вялікага Княства, на ягоную ініцыятыву паводле найноўшых заходнеэўрапейскіх узораў былі перабудаваныя гарадзкія ўмацаваньні Слуцку. Вакол Старога і Новага места фартыфікатар Т. Сьпіноўскі ўзьвёў магутныя земляныя ўмацаваньні з бастыёнамі і равэлінамі, якія ўтваралі ў пляне амаль правільнае кола - форму, запазычаную з рэнэсансавых трактатаў аб "ідэальных" гарадах. Шляхі зносінаў перакрываліся чатырма добра ўмацаванымі брамамі. Для самога магната быў узьведзены Новы замак, які ўваходзіў у сыстэму абарончых збудаваньняў Новага места. Магутнасьць фартыфікацыйнай сыстэмы Слуцка прынесла гораду ў XVII ст. славу "бастыёна Літвы".
Багуслаў Радзівіл актыўна цікавіўся ня толькі ваеннай, але й цывільнай архітэктурай. Ён быў нядрэным мастаком і архітэктарам-аматарам. Каля дваццаці гадоў таму мне давялося выявіць збор малюнкаў і чарцяжоў Багуслава Радзівіла і апублікаваць частку зь іх. Калекцыя не была датаваная і захоўвалася ў нясьвіжскім архіве Радзівілаў. Датаваньне зрабілі, але ў той час нельга было па-новаму раскрыць ягоную асобу, таму што ўсе Радзівілы лічыліся "польскімі магнатамі".
Графічную спадчыну Б. Радзівіла складаюць малюнкі з натуры, панарамы гарадоў з асаблівасьцямі забудовы і гарадзкіх умацаваньняў, зробленыя, верагодна, падчас ваенных дзеяньняў, а таксама эскізы і праектныя чарцяжы асобных збудаваньняў, пераважна драўляных. Цікавасьць князя да народнага дойлідства была, відавочна, настолькі глыбокая, што ў гістарычнай рэтраспэктыве яе нельга разглядаць толькі як забаўку дылетанта. Больш таго, гэтая ўнікальная зьява - наяўнасьць праектнага чарцяжа ў драўляным дойлідстве Беларусі сярэдзіны XVII ст. - дазваляе больш высока ацаніць узровень нацыянальнага будаўнічага і цясьлярскага рамяства адносна суседніх народаў.
Сярод графічных лістоў Б. Радзівіла (а іх у зборы 44) ёсьць некалькі праектных чарцяжоў, якія адносяцца менавіта да Слуцку. Найбольш эскізных варыянтаў мае праект надбрамнай царквы - прыгожага трох'яруснага збудаваньня, аточанага аркавай галерэяй і завершанага высокім сьпічаком. Сярод шматлікіх дробных формаў, зь якіх складаецца сьпічак, ужыты васьмярык "сармацкага" тыпу з кантрастным падзелам сьвятла й ценю на фасадах. Верагодна, для гэтага праваслаўнага храма Б. Радзівілам распрацаваны і праект іканастаса, таму што даўжыня апошняга - 12 локцяў (5,52 м) - адпавядае ў маштабе шырыні алтарнай прыбудовы царквы. У праекце адчуваецца ўплыў барочнай эстэтыкі - фрамугі другога ярусу іканастаса падзелены пругкімі валютамі накшталт "ільвіных лапаў", якія надаюць кампазыцыі дынаміку і аб'ёмнасьць. У цэнтры на разьблёным тымпане ўжыты вельмі пашыраны ў народным драўляным дойлідзтве салярны матыў. Відавочна, Б. Радзівіл добра ведаў архітэктуру праваслаўных храмаў, што было нядзіўна ў сям'і, дзе захоўваліся запаветы Соф'і Алелькаўны. Пасьля яе сьмерці Януш Радзівіл пацьвердзіў усе зробленыя ёй шматлікія фундушы праваслаўным манастырам.
У зборы чарцяжоў Б. Радзівіла асабліва цікавы праект драўлянай ратушы для гарадзкога магістрата. На праекце - план і фасад трохпавярховага простакутнага ў плане будынка, накрытага двусхільным высокім дахам. Да падоўжнага фасаду ратушы прымыкала вежа - васьмярык на чацьверыку, завершаная складаным купалам-банькай з фігурным абрысам. На вежы і на вільчаку даху паказаны сьцяжкі-флюгеры, на якіх, верагодна, разьмяшчаўся гэрб гораду.
На нашу думку, і гэрб места Слуцкага ў выглядзе крылатага каня - сымбалю творчасьці - распрацаваў сам Б. Радзівіл, паэт і мастак, які з уласьцівай яму самаўпэўненасьцю ўвасобіў і падкрэсьліў у ім свае творчыя памкненьні. Дзіўна, але ў азначаных даследаваньнях А. Цітоў ня робіць спробы расшыфраваць манаграму на гуньцы, накінутай на Пэгаса. Між тым манаграма, разьмешчаная пад княжацкай каронай, даволі лёгка раскладаецца на лацінскія літары "В" і "R" - пачатковыя літары імя Багуслава Радзівіла. Адсюль становіцца цалкам зразумелым - навошта і кім каню дадзены крылы.
Паводле "Спадчына" 1993, №1, С. 69-75
|
|