Галоўная
  Гісторыя
  Ідэі
  Асобы
  Дакумэнты
  Даты
  1553-2003
  Фотагалерэя
500 год Жану Кальвіну

500 год Мікалаю Радзівілу Чорнаму

  ЎКантакце




Царква Хрысьціян Веры Эвангельскай у Рэспубліцы Беларусь Царква Ісуса Хрыста
ГІСТОРЫЯ

Гісторыя перакладу Бібліі на беларускую мову

Антоні Бокун


Сьвятое Пісьмо - Біблія - зьяўляецца ключавой кнігай для чалавецтва. Чытаючы Біблію, чалавек атрымлівае магчымасьць зьвярнуцца да Госпада і зьмяніць сваё жыцьцё. Таму на працягу ўсёй гісторыі прысутнічала сталая патрэба ў тым, каб людзі маглі чуць Слова Божае на сваёй мове.

У нашым сьвеце існуе больш 5000 моваў. На сёньняшні дзень поўная Біблія або ўвесь Новы Запавет перакладзены на больш, чым 500 моваў [1, с. 80]. Для многіх народаў першай кнігай, напісанай ці надрукаванай на іх роднай мове, было менавіта Сьвятое Пісьмо.

Біблія ("Кнігі") нарадзілася на Блізкім Усходзе і ўяўляе сабою цэлую бібліятэку, якая складаецца з 39 кнігаў Старога Запавету і 27 кнігаў Новага Запавету. Стары Запавет быў напісаны на гебрайскай і часткова арамейскай мове, а Новы Запавет - на грэцкай мове Усходняга Міжземнамор'я - койнэ.

Ужо ў ІІІ ст. да Н. Х. зьявіліся пераклады тэкстаў Старога Запавету, напісаных па-гебрайску, на арамейскую мову, якую ўжывалі гебраі пасьля Бабілёнскага палону. Гэтыя пераклады ствараліся пераважна ў форме камэнтароў, таму іх называлі таргумамі (тлумачэньнямі). Найважнейшыя таргум, які датычыў Пяцікніжжа, быў створаны ў Бабілёне ў ІІ ст. да Н.Х. Пазьней Ёнатан Бэн-Узіель пераклаў на арамейскую мову прароцкія кнігі [2].

Прыкладна ў той самы час у Александрыі быў зробдены пераклад усяго Старога Запавету на грэцкую мову - Сэптуагінта ("пераклад сямідзесяці"). Згодна з паданьнем на просьбу эгіпецкага валадара Пталемея ІІ 72 перакладчыкі, прысланыя зь Ерузаліму першасьвятаром Элеазарам, працавалі на высьпе Фарос на парцягу 72 дзён над перакладам Торы і іхнія пераклады былі аднолькавыя [3]. Нягледзячы на зьяўленьне ў пазьнейшыя часы іншых перакладаў на грэцкую мову, менавіта Сэптуагінта стала найбольш распаўсюджаным грэцкім тэкстам Старога Запавету і зьяўлялася базавым тэкстам для хрысьціян першых стагодзьдзяў. Апосталы ў сваіх лістах пераважна цытуюць Стары Запавет паводле Сэптуагінты (300 цытатаў з 350 спасылак на Стары Запавет у Новым Запавеце) [2]. У ІІІ ст. Арыген зрабіў крытычнае выданьне Старога Запавету - Гексаплю ("Шасьціслупкоўе"), дзе падаў пралельна гебрайскі тэкст, грэцкую транскрыпцыю гебрайскага тэксту і чатыры пераклады на грэцкую мову (Сэптуагінта, пераклады Акілы, Сімаха і Тэадатыёна), - якое пацьвердзіла высокую вартасьць Сэптуагінты [4].

Новы Запавет пачалі перакладаць на іншыя мовы неўзабаве пасьля яго напісаньня і першыя пераклады былі зроблены на лаціну. У ІІ-ІІІ стст. былі зробленыя прынамсі два пераклады ўсёй Бібліі на лацінскую мову з грэцкай. У 384 г. папа рымскі Дамас даручыў свайму сакратару Гераніму падрыхтаваць выпраўлены лацінскі варыянт Пісаньня. Геранім лічыў, што перакладаць трэба з гебрайскага арыгіналу, таму ён перабраўся ў Бэтлеем і вывучыў гебрайскую мову. Пераклад Гераніма стаў найлепшым раньнім лацінскім перакладам Бібліі і атрымаў назву Вульгата ("агульнапрыняты"). Ён стаў стандартным тэкстам Пісанньня для сярэднявечнай Эўропы, і зь яго было зроблена мноства перакладаў [4]. Менавіта Вульгата была першай кнігай, надрукаванай Гутэнбэргам у 1456 г. Да сёньняшняга часу Вульгата лічыцца афіцыйным тэкстам Бібліі ў Рыма-каталіцкай Царкве.

Таксама ў IV ст. быў зроблены пераклад Бібліі на старажытнасырыйскую мову, дыялект арамейскай (мовы, на якой гаварыў Ісус Хрыстос), вядомы пад назвай Пешыта, які да сёньня выкарыстоўваецца хрысьціянамі-нестарыянамі ў Сырыі, Іране, Індыі. У гэты ж час быў зроблены пераклад Пісаньня на эгіпецкую (копцкую) мову, а таксама амаль поўны пераклад Бібліі на гоцкую мову, зроблены Ульфілам.

У V ст. Мэсроп Машторц распрацаваў альфабэт для армян - першага народу, амаль цалкам прыняўшага хрысьціянства, і пераклаў Біблію на армянскую мову. Каля 640 г. некалькі сырыйскіх місыянэраў пераклалі Эвангельлі на кітайскую мову для імпэратара Лі Шы-міня [1, с. 74].

У VIII-IX стст. былі зробленыя пераклады некаторых кнігаў Бібліі на англа-саксонскай, франкскай і арабскай мовах. У ІХ ст. браты з Тэсалонікаў Кірыл і Мятод распрацавалі славянскі альфабэт і пераклалі Біблію на стараславянскую мову [5, с. 279-280].

У ХІІ ст. ліёнскі купец П'ер Вальдо арганізаваў пераклад Бібліі на правансальскую мову. Праз 200 год оксфардзкі тэоляг Джон Уікліф ініцыяваў працу над ангельскім перакладам. Вучэньне Уікліфа мела ўплыў на рэктара Праскага ўнівэрсітэту Яна Гуса, вучні і пасьлядоўнікі якога пераклалі Біблію на чэскую мову [1, с.75]. У сярэдзіне XV ст. на замову каралевы Соф'і Гальшанскай, прыхільнай да гусітаў, быў зроблены пераклад Бібліі на польскую мову [5, с. 278].

Вынаходніцтва кнігадрукаваньня стала штуршком для пашырэньня Бібліі на народных мовах. У 1466 г. у Стразбуры была выдадзеная Біблія на нямецкай мове, у 1471 г. - першая Біблія на італьянскай мове і Новы Запавет на французкай. У 1475 г. пабачыў сьвет Новы Запавет па-чэску, праз 2 гады - па-галяндзку.

Рэфармацыя, якая ахапіла Эўропу ў XVI ст., выклікала грандыёзныя перамены ў стаўленьні да Сьвятога Пісьма. Галоўны лёзунг Рэфармацыі - зьвярнуцца да Бібліі як асновы хрысьціянскага жыцьця. Таму разьвіцьцё рэфармацыйнага руху стала прычынай зьяўленьня вялікай колькасьці перакладаў і іх шырокага распаўсюджваньня. У 1522 г. быў выдадзены перакладзены Марцінам Лютарам Новы Запавет на нямецкай мове, а ў 1532 г. была скончана праца над усёй Бібліяй. Першы друкаваны Новы Запавет на ангельскай мове ў перакладзе Ўільяма Тындэйла выйшаў у 1526 г. у Вормсе. Першая поўная Біблія па-ангельску была надрукаваная ў 1535 г. [1, с.76]

На беларускіх землях біблійныя тэксты распаўсюджваліся першапачаткова на стараславянскай мове, хоць, улічваючы пастаянную прысутнасьць заходняга хрысьціянства, маглі прысутнічаць і лацінскія тэксты. Сёньня вядомыя дзесяткі рукапісаў Эвангельляў і Псалтыраў на стараславянскай мове, створаных у Беларусі ў ХІ-XV стст. Вянчаецца гэтая традыцыя спробай стварэньня ўласнага збору біблійных тэкстаў на царкоўна-славянскай мове ("Дзесятаглаў" Мацея Дзесятага 1502-1507 гг., Біблія 1514 г.) [5, с.116-118].

Першыя вядомыя пераклады Пісаньня на ўласна беларускую мову датуюцца пачаткам XVI ст. Гэта былі рукапісныя пераклады з гебрайскай мовы, зробленыя або непасрэдна ў гебрайскім асяродзьдзі, або прыхільнікамі зьвяртаньня да гебрайскай традыцыі:

"И рекла Рутъ маавитенка к Нааміи: Поиду нине на поле і съберу колосье затымъ оу кого жь найду милость во очью его, и рекла еи: Поди дочко: и пошла и пришла и збирала за жатци и пригодилася пригода ее ролья поля Боазового от роду Елимелехового: ажно Боазъ приходить от Бетлегем, реклъ женцом: Адонаи с вами, и рекли ему: Благослови тя Адонаи, и реклъ Боазъ детине што стоить над женьци: Чия молодица сия" (Рут 2:2-5) [6, с. 20-21]

У 1517 г. Францыск Скарына пачаў друкаваць Біблію на беларускай мове. Ён надрукаваў у Празе ў 1517-1519 гг. 23 кнігі Старога Запавету, а ў Вільні ў 1525 г. - Дзеі і Лісты Апосталаў:

"Вначале сотвори Бог небо и землю. Земля же бе неплодна и неукрашенна, и тьмы были поверху бездны, и Духъ Божий ношаше ся поверху водъ. И рече Богъ: Да будеть светъ и бысть свет. И виде Богъ светъ яко добро, и разлучи Богъ межи светом и межи тмою, и нарече свет день и тму нощь. И бысть вечер, и оутро день единъ". (Быцьцё 1:1-5)

"Азъ есмъ Господь Бог твой изведый тя з земли Египетское из дому роботы. Не будеши имети боговъ иныхъ пред лицемъ Моимъ. Не учиниши собе резания и ни подобления всихъ речей еже суть на небеси горе, и ни еже суть на земли доле, ани еже суть во водах. Да не поклонишися и не послужиши имъ… Не приймешъ имени Господа Бога твоего надармо… Соблюди день святочный светя йего, яко же заповедалъ тобе Господь Богъ твой… Чти отца своего и матку… Не убий. Не любыдей. Не вкрадь. Не мовъ на ближнего своего кривого сведецьства. Не пожадай жены ближнего своего, и ни дому его, и ни поля, и ни раба, и ни рабыне, и ни вола, и ни осла, и ничегожь что его ест". (Другі закон 5:6-21)

"Помилуй мя Боже, по велицей милости Твоей, и по множеству щедротъ Твоих очести беззаконие мое. Найпаче омый мя от беззакония моего, и от греха моего очисти мя, яко беззаконие мое азъ знаю, и грехъ мой пред мною ест выну. Тобе единому согрешихъ и лукавое предъ Тобою сотворих". (Псальм 50(51):3-6)

"Хвалите Бога ва святыхъ Его, хвалите Его въ утвержении силы Его. Хвалите Его в силахъ Его, хвалите Его по премногому величествию Его. Хвалите Его во гласе трубнемъ, хвалите Его въ псалтыри и гуслех". (Псальм 150:1-3) [7]

Выданьні Скарыны мелі вялікае значэньне для свайго часу. Надрукаваныя ім тэксты бяруць да ўвагі іншыя выдаўцы падобных кнігаў, больш таго, друкаваныя выданьні Скарыны, а магчыма і рукапісы, падрыхтаваныя да друку, становяцца прадметам перапісваньня рупліўцамі распаўсюду Сьвятога Пісьма [6, с.28-29]. Уніяцкі мітрапаліт А.Сялява назваў Скарыну "ератыком гусітам", а выданую ім Біблію разглядаў як пачатак Рэфармацыі ў Вялікім Княстве Літоўскім [8].

Таксама XVI ст. датуецца рукапіс Кнігаў Прарокаў з тлумачэньнямі, выкананы на базе чэскага выданьня Бібліі 1506 г., якім у сваёй працы карыстаўся Скарына. На першай старонцы наўпрост напісана: "Предсловие Исаіна пророчества с ческой Библіи написано" [9].

Практычна да сярэдзіны XVI ст. у Беларусі Псальмы і тэксты Новага Запавету пісаліся ці друкаваліся "рускыми словами и словеньским языком". Перакладчыкі імкнуліся максымальна захаваць царкоўна-славянскі тэкст як найбольш звыклы для чытача. Але разам з распаўсюдам Рэфармацыі, пераклады сталі больш набліжацца да народнай мовы:

"Хвалите Бога промежу святых Его, хвалете Его во оумоцненю силы Его, хвалите Его в силах Его, хвалите Его ведлуг многое великости Его, хвалите Его оу голосе трубном, хвалите Его во псалтыри и в гуслях". (Псальм 150:1-3) [6, с.32].

Выданьне ў 1563 г. у Берасьці так званай Радзівілаўскай Бібліі, якая атрымала статус афіцыйнага выданьня Эвангельска-рэфармаванага збору ў Вялікім Княстве Літоўскім, стала штуршком да зьяўленьня новых перакладаў. Рукапісныя пераклады псальмаў з Радзівілаўскай Бібліі блізка ідуць за польскім тэкстам, амаль адсутнічаюць царкоўнаславянізмы, але пры гэтым захоўваецца падзел на вершы і нумарацыя як прынята ва ўсходняй традыцыі:

"Змилуйся надо мною, Боже, подлугъ великого милосердя Твоего, а подлуг многих щедрот Твоихъ очисти неправости мои. Омый же мя што набольше от злости моей, и от греха моего очисти мене. Бо я знаю неправости мои и грехъ мой предо мною ест завсегды.Тобе есми одному согрешил и допустился есми злости перед Тобою…

Приверни ж ми радость збавеня Твоего, а духом можности Твоеи подопри мене. Научу безаконных дорогам Твоим, а незбожни до Тебе ся навернуть. Учини мене вольным от крови, о Боже, Боже збавеня моего, а язык мой з радостю будеть выславять справедливость Твою…" (Пс 50(51):3-6,14-16) [10, с. 13-15]

Каля 1580 г. Васіль Цяпінскі выдаў па-беларуску Эвангельлі паводле Мацьвея, Марка і Лукі. У сваім выданьні, якое ён зрабіў "зъ зычливости ку моеи отчизне", Цяпінскі разьмясьціў паралельна тэксты на царкоўна-славянскай і беларускай мовах:

"Ісус пакъ родившися въ Вифлиеме Юдском во дни Ирода короля, ото мудрецы зо всходу пришли до Ерусолима, мовячи: где естъ нарожоный король Юдский, виделисмо бо звезду Его на всходе и пришлисмо поклонитися Ему. І услышавши Иродъ король стривожился и вся Еросолима с нимъ. А собравши всих переднейших священниковъ и учоныхъ з людей, пыталъ у них, где Христосъ народитъся".( Мацьвей 2:1-4)

"Початокъ Еванъгелии Исуса Христа, Сына Божья. Якъ естъ написано в пророцехъ: Ото я посылаю аньгела Моего передъ обличъемъ Твоимъ, которий зготовить дорогу Твою перед Тобою. Голоса кричачого в пустыни: Готуйте дорогу Панъскую, простые чините сьтежкі Его. Былъ Иоанъ кресьтечи в пустыни и проповедаючи крещенье покаянья на отпущенье греховъ". (Марк 1:1-4) [11]

Напрыканцы XVI - пачатку XVII стст. на тэрыторыі Беларусі шырока распаўсюджваліся так званыя Вучыцельныя Эвангельлі, у якіх зьмяшчаліся пропаведзі Эвангельляў на нядзелі і сьвяты з камэнтарамі. Найбольш значным падобным выданьнем зьяўляецца Вучыцельнае Эвангельле Каліста, перакладзенае М.Сматрыцкім і выдадзенае ў Еўі ў 1616 г.:

"Кгды ся Ісуса народилъ в Вифлееме Жидовскомъ за дній Ирода кроля: ото вещкове з всходу пришли до Іерусалима мовячи, где естъ нарожоный кроль Жидовскій; босмо видели звезду Его на всходе, и пришли есмо поклонитися Ему. И оуслышавши Иродъ кроль стрвожися и весь Іерусалимъ з нимъ. А зобравши всехъ Архісвященников и Книжниковъ людскихъ, пыталъ оу нихъ, гдебы ся Христос народити мелъ". (Мацьвей 2:1-4) [6, с.39].

На пачатку ХХ ст. супрацоўнік Брытыйскага Біблійнага Таварыства Ўілфрыд Ўазман пісаў: "Беларусы - адзін зь першых народаў, якія надрукавалі Пісаньне на сваёй мове. Гэта было ў 1517 г., на восем год раней за першае друкаванае выданьне па-ангельску. Можна ўявіць, якімі былі б цяпер беларусы, калі б перасьлед і уціск веры напрыканцы XVI ст. не прывялі народ да заняпаду. Разам з забаронай і зьнішчэньнем Бібліі пачалі згасаць сьвятло і надзея" [12].

Сапраўды, адыход ад ідэяў Рэфармацыі ў Вялікім Княстве Літоўскім на пачатку XVII ст. стаўся прычынай глыбокага крызісу, які ахапіў усе сфэры жыцьця беларускага гамадзтва, і наступствы якога мы адчуваем да сёньняшняга дня. Маральны заняпад прывёў да палітычнага і культурнага заняпаду. Выявілася гэта і ў тым, што на працягу наступных трох стагодзьдзяў не было ніводнага выданьня Сьвятога Пісьма на беларускай мове.

Пачатак ХХ ст. прынёс надзею на адраджэньне. Адначасова з нацыянальным адраджэньнем пачалося эвангельскае прабуджэньне, і зноў паўстала пытаньне пра неабходнасьць мець Бібію на роднай мове. Першыя заклікі да перакладу і выданьня Сьвятога Пісьма па-беларуску зьявіліся ў пэрыёдыцы ў 1913 г. [13]. У наступны год католікамі была выдадзеная парафраза Бібліі - "Кароткая Гісторыя Сьвятая" (Санкт-Пецярбург, 1914 і Вільня, 1917 г.). У 1922 г. Ільдэфонс Бобіч надрукаваў па-беларуску "Навукі і Эвангельлі для чытаньня падчас імшы ў нядзелі і сьвяты" [12]. Аднак найбольш пасьпяховыя практычныя крокі зрабілі пратэстанты.

Баптысцкі пастар з Берасьця Лука Дзекуць-Малей пераклаў на пачатку 1920-х гг. Эвангельлі, якія пачынаючы з 1926 г. выходзяць асобнымі брашурамі ў баптысцкім выдавецтве "Компас". Вядомы беларускі культурны і палітычны дзеяч Антон Луцкевіч узяўся рэдагаваць тэкст перакладу. Нават было створана "Таварыства для перакладу Сьвятога Пісаньня на беларускую мову" [14]. Працай зацікавілася Брытыйскае Біблійнае Таварыства, і дзякуючы яго падтрымцы ў 1931 г. пабачыў сьвет "Новы Запавет і Псальмы" ў перакладзе Л.Дзекуць-Малея і А.Луцкевіча - першы сучасны пераклад Сьвятога Пісьма на беларускую мову:

"Калі-ж Ісус нарадзіўся ў Віфляеме Юдэйскім у дні цара Ірада; прыйшлі ў Ерузалім магі з усходу і кажуць: Дзе народжаны Цар Юдэйскі? бо мы бачылі зорку Яго на ўсходзе і прыйшлі пакланіцца Яму. Пачуўшы гэтае, Ірад цар занепакоіўся і ўвесь Ерузалім з ім. I, сабраўшы ўсіх архірэяў і кніжнікаў народных, пытаўся у іх: дзе належа нарадзіцца Хрысту?" (Мацьвей 2:1-4)

"Пачатак Эвангельля Ісуса Хрыста, Сына Божага. Як напісана ў прарокаў: вось я пасылаю Ангела Майго перад абліччам Тваім, які пракладзе дарогу Тваю перад Табою. Голас гукаючага ў пустыні: гатуйце дарогу Госпаду, простымі рабеце сьцежкі Яго. Зьявіўся Іоан, хрысьцячы ў пустыні і абвяшчаючы пакутнае хрышчэньне дзеля адпушчэньня грахоў". (Марк 1:1-4)

"Хвалеце Бога ў сьвятыні Яго, хвалеце Яго ў цьвярдыні моцы Ягонай; хвалеце Яго за дзеяньні моцы Ягонай; хвалеце Яго за вялікасьць Ягонае велічы! Хвалеце Яго пад трубны гук, хвалеце Яго на псалтыры і гусьлях!" (Псальм 150:1-3) [15]

Да сёньняшняга дня гэты пераклад лічыцца адным з найбольш удалых і найбольш распаўсюджаных беларускіх перакладаў Бібліі. Ён выдаваўся 4 разы (у 1931, 1948, 1985 і 1991 гг.) агульным накладам каля 50 000 асобнікаў і стаў штуршком для выданьня 10 перакладаў Новага Запавету і 2 перакладаў усёй Бібліі на беларускую мову.

У 1936 г. сынадальная друкарня праваслаўнай царквы ў Варшаве выпусьціла ўласны пераказ Бібліі па-беларуску пад назовам "Сьвяшчэнная гісторыя Новага Завету", укладзены Сяргеем Паўловічам [12]. У 1938 г. выйшаў яшчэ адзін зборнік чытаньняў для імшы з Эвангельляў і Лістоў пад назовам "Божае Слова", укладзены Адамам Станкевічам. У 1939 г. у Вільні пабачылі сьвет "Чатыры Эванэліі і Апостальскія Дзеі" у перакладзе і з камэнтарамі Вінцэнта Гадлеўскага:

"Дык калі Езус нарадзіўся ў Бэтлееме Юдэйскім у дні караля Гэрада, вось мудрацы з усходу прыйшлі ў Ерузалім, кажучы: Дзе ёсьць што нарадзіўся кароль Юдэйскі? Бо мы бачылі зорку Ягону на ўсходзе і прыйшлі пакланіцца Яму. А пачуўшы, кароль Гэрад стрывожыўся і зь ім увесь Ерузалім. І, сабраўшы ўсіх старшых сьвятароў і кніжнікаў народу, даведываўся ад іх, дзе меў Хрыстус нарадзіцца". (Мацьвей 2:1-4) [16]

Гэтая праца рыхтавалася з 1933 г., каб проціпаставіцца посьпеху "нядаўна выдадзенага перакладу гэтай кнігі, зробленага мэтадыстамі, які мае дагматычныя памылкі, а таксама шматлікія недасканаласьці ў беларускай мове" [12]. Таксама Гадлеўскі пераклаў увесь Новы Запавет і частку Старога Запавету, але Другая сусьветная вайна і пакутніцкая сьмерць сьвятара не дазволілі завяршыць працу.

У 1954 г. Пётра Татарыновіч, кіраўнік беларускай рэдакцыі Ватыканскага Радыё, выдаў у Рыме "Сьвятую Эванэлію і Апостальскія Дзеі" [17], а ў 1974 г. - "Лісты Сьвятых Апосталаў" [18]:

"Пачатак эванэліі Езуса Хрыста, Сына Божага. Як напісана ў Ізая прарока: "Вось я пасылаю анела майго перад воблікам тваім, які прыгатуе дарогу тваю перад табою. Голас клічучага ў пустыні: Праўце дарогу Госпадаву, прастуйце сьцежкі Ягоны. Быў Ян у пустыні, хрысьцячы й абвяшчаючы хрост пакуты на адпушчэньне грахоў" (Марк 1:1-4) [17]

У Беларусі ў 1968 г. пасьля наведваньня ІІ Ватыканскага сабору за пераклад Сьвятога Пісьма ўзяўся Уладзіслаў Чарняўскі. Гэтая праца была скончана ў сярэдзіне 1980-х гг. і была прызнаная Ватыканам, але на Беларусі каталіцкая герархія ня выказала зацікаўленасьці гэтай справай і пераклад доўгі час заставаўся ў рукапісе.

Пасьля Другой сусьветнай вайны сярод беларускіх пратэстантаў на эміграцыі аднавіліся высілкі дзеля выданьня беларускага перакладу Бібліі. Яны мелі вынікам перавыданьне ў 1948 г. перакладу Л.Дзекуць-Малея і А.Луцкевіча, а таксама працу Янкі Станкевіча і Майсея Гітіна над перакладам усёй Бібліі. У 1965 г. у ЗША паўстаў "Беларускі Біблійны камітэт" з мэтай выдаць і распаўсюдзіць беларускую Біблію. У склад камітэта ўвайшлі М.Гітлін, Я. Станкевіч, Т.Сайка. У 1970 г. у Нью Ёрку ў перакладзе Станкевіча і Гітліна выйшаў "Новы Закон Спадара і Спаса нашага Ісуса Хрыста" [19], а ў 1973 г. - поўнае выданьне "Сьвятая Бібля. Кнігі Сьвятога Пісьма Старога й Новага Закону"[20]:

"На пачатку стварыў Бог нябёсы й зямлю. А зямля была бяз хормы а пустая, і цемнь была над бяздоньням; і Дух Божы лунаў над відам водаў. І сказаў Бог: "Станься сьвятліня". І сталася сьвятліня. І бачыў Бог тую сьвятліню, што добрая, і адлучыў Бог тую сьвятліню ад тае цемні. І назваў Бог сьвятліню днём, ацемнь назваў ночай. І быў вечар, і была раніца: дзень адзін. (Быцьцё 1:1-5)

"Я СПАДАР, Бог твой, каторы вывеў цябе ізь зямлі Ягіпецкае, з дамовы нявольнікаў. Няхай ня будзе ў цябе іншых багоў перад відам Маім. Не рабі сабе выразанага балвана, ніякага абраза таго, што на нябёсах угары, і што на зямлі далавах, і што ў водах ніжэй зямлі. Ня кланяйся ім і ня служы ім… Не мянуй імені СПАДАРА, Бога свайго, здарма… Дзяржы дзень сыботні, каб сьвяціць яго, як расказаў табе СПАДАР, Бог твой… Сьці айца свайго й маці сваю… І не чужалож. І не крадзі. І ня сьветч на бліжняга свайго сьветчаньням хвальшывым. І не жадай жонкі бліжняга свайго, і не жадай дому бліжняга свайго, поля яго, ані слугі яго, ані служэбкі, вала яго, ані асла яго, ані нічога, што ў бліжняга твайго". (Другі закон 5:6-21)

"І сказала Рут Моаўлянка Наомі: "Пайду ж я на поле, і буду падбіраць каласы за тым, у чыім аччу знайду ласку". Яна сказала ёй: "Пайдзі, дачка мая". І яна пайшла, і прыйшла, і падбірала ў полю за жнеямі. І прыгадзілася прыгода, што гэна была часьць поля Воазавага, каторы з радзімы Елімелехавае. І вось, Воаз прыйшоў з Бэтлеему й сказаў жнеям: "СПАДАР з вамі". І яны сказалі яму: "Дабраслаў цябе СПАДАР". (Рут 2:2-4)

"Зьмілйуся над імною, Божа, подле ласкі Свае; подле множасьці міласэрдзя Свайго затры выступы мае. Шмат разоў абмый мяне з бяспраўя майго і з грэху майго ачысьці мяне. Бо выступ свой я ведаю, і мой грэх кажначасна перад імною. Табе, Табе аднаму я ізграшыў і благое ў ваччу Тваім зрабіў". (Псальм 50 (51):3-6)

"Хваліце Богаў сьвятыні Ягонай; хваліце Яго ў прасьцягу сілы Ягонае. Хваліце Яго за магутныя справы Ягоныя; хваліце Яго подле множасьці вялічча Ягонага. Хваліце Яго гукам рогу; хваліце Яго на псалтыру й гарпе." (Псальм 150:1-3)

"Пачатак Евангелі Ісуса Хрыста, Сына Божага. Як напісана ў Ісаі прарокі: "Вось, Я пасылаю ангіла Свайго перад відзеньням Тваім, каторы прыгатуе дарогу Тваю перад Табою. Голас гукаючага на пустыні: гатуйце дарогу Спадарову, раўнуйце сьцежкі Яму!" Сталася, што Яан хрысьціў на пустыні, абвяшчачы хрэст каяты на дараваньне грахоў." (Марк 1:1-4) [20]

На жаль, гэты пераклад нясе на сабе вельмі моцны адбітак асобы перакладчыка Я.Станкевіча, зь яго асаблівым суб'ектыўным поглядам на мову, і таму не атрымаў шырокай падтрымкі.

Над перакладам Пісаньня працаваў на эміграцыі таксама мэтадысцкі пастар Ян Пятроўскі. Дзякуючы ягоным намаганьням пабачылі сьвет ксэракапіявальным спосабам Кнігі Руты, Ёэля і Ёны [21], "Генэзіс" [22] і "Кніга Эклезіяста або Прапаведніка" [23], а ў 1991 г. у Беларусі было выдрукаванае "Эвангеле паводля сьв. Яна":

"І адказваючы, Ісус сказаў яму: Запраўды, запраўды кажу табе: калі хто не народзіцца нанава, ня можа бачыць Гаспадарства Божага. Нікадэм кажа Яму: Як можа чалавек нарадзіцца, калі ён стары? Няўжо-ж ён другі раз можа ўвайсьці ў чэрава маці свае і нарадзіцца? Ісус адказаў: Запраўды, запраўды кажу табе: калі хто не народзіцца з вады і Духа, ня можа ўвайсьці ў Гаспадарства Божае. (Ян 3:3-5) [24]

Таксама на эміграцыі былі выдадзенае архіепіскапам БАПЦ Мікалаем "Напрастольнае Сьвятое Евангельле" [13], а таксама пераклад Эвангельляў, зроблены Міхасём Міцкевічам:

"Пачатак Евангельля Ісуса Хрыста, Сына Божага. Як напісана ў прарокаў: "Вось Я пасылаю ангела Майго прад абліччам Тваім, які выправіць шлях Твой прад Табою". Голас зоўны ў пустыні: "Прыгатуйце шлях Госпаду, прастуйце сьцежкі Яму". Зьявіўся Ян, хрысьцячы ў пустыні, і абвяшчаючы хрышчэньне пакаяньня дзеля адпушчэньня грахоў". (Марк 1:1-4) [25]

Распад Савецкага Саюзу і аднаўленьне незалежнасьці Рэспублікі Беларусь далі пачатак вялікаму эвангельскаму прабуджэньню ў краіне і суправаджаліся перавыданьнем ранейшых і зьяўленьнем новых перакладаў Сьвятога Пісьма на беларускую мову. У 1985 г. і ў 1991 г. былі перавыдадзеныя "Новы Запавет і Псальмы" ў перакладзе Л.Дзекуць-Малея і А.Луцкевіча [26]. У 1990 г. у часопісе "Беларусь" было перадрукаванае "Паводле Лукі Сьвятое Эвангельле" і "Адкрыцьцё сьвятога Іоана Багаслова" ў перакладзе Дзекуць-Малея і Луцкевіча, а ў 1991 г. у гэтым часопісе быў надрукаваны пераклад Песьні песьняў Салямона, зроболены В.Сёмухам [27].

У 1998 г. у Горадні зноў пабачылі сьвет "Чатыры Эванэліі" В.Гадлеўскага [28]. У 1992 г. Стакгольмскі Інстытут перакладу Бібліі выдаў "Дзіцячую Біблію"[29], каталіцкая місія "Царква ў патрэбе" - пераказ Бібліі "Бог гаворыць да Сваіх дзетак" [30]. У 1994 г. Міжнароднае Біблейскае Грамадзтва выдала па-беларуску для малых дзяцей "Маю першую Біблію ў малюнках" [31]. Таксама ў 1994 г. асобнай кнігай выйшаў пераклад Сёмухі "Найвышэйшай песні Саламона" [32]. У 1995 г. былі надрукаваныя пераказ Кнігі Быцьцё і пераклад Кнігі Эклезіяста, зробленыя Максімам Клімковічам і Міраславам Шайбаком [33].

У канцы 1980-ых гг. над перакладам Эвангельляў працаваў Анатоль Клышка. У гэтай працы яму спрыяў адзін з тагачасных кіраўнікоў Саюзу ЭХБ Аляксандар Фірысюк. Гэты пераклад друкаваў часопіс "Спадчына" у 1990-1991 гг. :

"Калі ж Ісус нарадзіўся ў Віфлееме Іудзейскім у дні цара Ірада, вось магі з Усходу прыйшлі ў Іерусалім, кажучы: дзе народжаны Цар Іудзейскі? Бо мы бачылі, што ўзышла Яго зорка, і прыйшлі пакланіцца Яму. Пачуўшы ж гэта, цар Ірад устрывожыўся, і ўвесь Іерусалім з ім. І сабраўшы ўсіх першасвятароў і народных кніжнікаў, пытаўся ў іх: дзе належыць нарадзіцца Хрысту?" (Мацьвей 2:1-4)

"Пачатак Дабравесця Ісуса Хрыста, Божага Сына. Як напісана ў прарока Ісаі: Вось пасылаю перад Тваё аблічча Свайго пасланца, які падрыхтуе Тваю дарогу. Вокліч прапаведніка ў пустэльні: Падрыхтуйце дарогу Гасподнюю, простымі зрабіце сцежкі Яго. Выступіў Іаан, хрысцячы ў пустэльні і абвяшчаючы хрышчэнне пакаяння дзеля адпушчэння грахоў". (Марк 1:1-4) [34]

З 1990 г. пачала працу біблійная камісія Беларускай праваслаўнай царквы. Ужо ў 1991 г. яна выдала "Святое Евангелле паводле Матфея" на грэцкай, царкоўна-славянскай, расейскай і беларускай мовах [35], але пасьля праца запаволілася, так што толькі ў 2005 г. выйшла "Святое Евангелле паводле Іаана" [36]. У 2007 г. выйшла "Свяшчэннае Евангелле" - чатыры Эвангельлі ў форме, прызначанай для выкарыстаньня ў праваслаўнай богаслужбовай практыцы:

"Калі ж Іісус нарадзіўся ў Віфлееме Іудзейскім у дні цара Ірада, вось, магі з усходу прыйшлі ў Іерусалім і кажуць: Дзе народжаны Цар Іудзейскі? Бачылі бо мы зорку Яго на ўсходзе і прыйшлі пакланіцца Яму. Пачуўшы гэта, цар Ірад занепакоіўся, і ўвесь Іерусалім з ім. І, сабраўшы ўсіх першасвятароў і кніжнікаў народных, пытаўся ў іх: Дзе мае нарадзіцца Хрыстос?" (Мацьвей 2:1-4)

"Пачатак Евангелля Іісуса Хрыста, Сына Божага, як напісана ў прарокаў: Вось, Я пасылаю Ангела Майго перад абліччам Тваім, які падрыхтуе шлях Твой перад Табою. Голас таго, хто кліча ў пустыні: падрыхтуйце шлях Госпаду, простымі зрабіце сцежкі Яму. З'явіўся Іаан, хрысцячы ў пустыні і прапаведуючы хрышчэнне пакаяння дзеля адпушчэння грахоў" (Марк 1:1-4) [37]

У 1995 г. Васіль Сёмуха, які напачатку супрацоўнічаў з біблійнай камісія БПЦ, выдаў уласны пераклад Новага Запавету і Псалтыра. У гэтым яму спрыялі розныя эміграцыйныя асяродкі, і ў прыватнасьці канадзкі прапаведнік Юрка Рапэцкі.

"Пачатка Дабравесьця Ісуса Хрыста, Сына Божага, як напісана ў прарокаў: Вось, Я пасылаю анёла Майго перад Табою. Голас таго, хто кліча ў пустыні: падрыхтуйце шлях Госпаду, простымі зрабеце сьцежкі Яму. Зьявіўся Ян, хрысьцячы ў пустыні і прапаведуючы хрышчэньне пакаяньня на дараваньне грахоў". (Марк 1:1-4)

"Зьлітуйся, Божа, зь мяне ў вялікай ласцы Тваёй, і ў мностве шчадротаў Тваіх злагодзь беззаконьні мае. Абмый мяне шматкроць ад беззаконьня майго і ад грэху майго ачысьці мяне. Бо беззаконьне маё я ўсьведамляю, і грэх мой заўсёды прада мною. Табе, Табе аднаму я зграшыў і перад вачыма Тваімі благое ўчыніў". (Псальм 50(51):3-6) [38]

У 2002 г. выйшаў поўны пераклад Бібліі, зроблены Васілём Сёмухам у супрацоўніцтве з канадзкай Глябальным місіянэрскім служэньнем і пад рэдакцыяй Юркі Рапэцкага [39]:

"На пачатку стварыў Бог неба і зямлю. А зямля была нябачная і пустая, і цемра над безданьню, і Дух Божы лунаў над вадою. І сказаў Бог: Хай будзе сьвятло. І сталася сьвятло. І ўбачыў Бог сьвятло, што яно добра, і аддзяліў Бог сьвятло ад цемры. І назваў бог сьвятло днём, а цемру ноччу. І быў вечар, і была раніца:дзень адзін". (Быцьцё 1:1-5)

"Я, Гасподзь, Бог твой, Які вывеў цябе зь зямлі Егіпецкай, з дому рабства. Хай ня будзе ў цябе іншых багоў перад абліччам Маім. Не рабі сабе балвана і ніякай выявы таго, што на небе ўгары, і што на зямлі ўнізе, і што ў вадзе ніжэй зямлі, не пакланяйся ім і не служы ім… Не вымаўляй імя Госпада, Бога твайго, марна… Сачы за днём суботнім, каб сьвята шанаваць яго, як наказаў табе Гасподзь, Бог твой… Шануй бацьку твайго і маці тваю… Не забівай. Не чыні пералюбу. Ня крадзь. Не кажы фальшывага сьведчаньня на блізкага твайго. Не жадай жонкі блізкага твайго і не жадай дома блізкага твайго, ні поля ягонага, ні раба ягонага, ні рабыні ягонай, ні вала ягонага, ні асла ягонага, ні ўсяго, што ёсьць у блізкага твайго" (Другі закон 5:6-21)

"І сказала Рут Маавіцянка Наэміні: Пайду я на поле і буду зьбіраць каласы па сьледзе таго, у каго знайду ўпадабаньне. Яна сказада ёй: Ідзі, дачка мая. Яна пайшла, і прыйшла, і зьбірала ў полі каласы за жнеямі. І супала так, што тая частка поля належала Ваозу, які з племя Элімэлэхавага. І вось, Ваоз прыйшоў з Віфляема і сказаў жнеям: Гасподзь з вамі. Яны сказалі яму: Хай дабраславіць цябе Гасподзь". (Рут 2:2-4)

"Хвалеце Бога ў сьвятыні Ягонай, хвалеце Яго на цьвердзі сілы Ягонай. Хвалеце Яго паводле магутнасьці Ягонай, хвалеце Яго паводле мноства велічы Ягонай. Хвалеце Яго гукам трубным, хвалеце Яго на псалтыры і арфе". (Псальм 150:1-3) [39]

У другой палове 1990-ых група маладых вернікаў пад кіраўніцтвам Антонія Бокуна пачала працу над выданьнем перакладу Бібліі, зробленага Уладзіславам Чарняўскім. На працягу пяці год была зроблена вялікая праца па рэдагаваньню тэкста, параўноваючы яго з тэкстамі на арыгіналных мовах і тэкстамі Бібліі на 7 розных мовах [40]. Гэтая праца мела вынікам выданьне Кнігі Роду ў 1997 г.[41], Новага Запавету - у 1999 г.[42] і Пяцікніжжа - у 2002 г.[43]

"Спачатку стварыў Бог неба і зямлю. Зямля была пустая i неабжытая; і цемра ахутвала бяздоньнi. А Дух Божы ўзносіўся над водамі. І сказаў Бог: "Хай станецца сьвятло!" І сталася сьвятло. І бачыў Бог, што сьвятло было добрае, і аддзяліў сьвятло ад цемры. І назваў Бог сьвятло днём, а цемру - ноччу. І мінуў вечар і раніца - дзень першы". (Быцьцё 1:1-5)

"Я - Госпад, Бог твой, Каторы вывеў цябе зь зямлі Эгіпту, з дому няволі. Ня мей другіх багоў, апроч Мяне. Не рабі сабе статуі і ніякай выявы таго, што на небе высока або на зямлі нізка, або ў вадзе ніжэй зямлі. Не пакланяйся ім і не служы ім… Не гавары імя Госпада, Бога твайго, надарэмна… Беражы дзень суботні, каб ты сьвяткаваў яго, як загадаў табе Госпад, Бог твой… Паважай бацьку свайго і матку… Не забівай. Не чужалож. Не крадзі. Ня сьведчы фальшыва супраць бліжняга свайго. Не пажадай жонкі бліжняга свайго, і не жадай дому бліжняга свайго, ані поля ягонага, ані служанкі яго, ані вала яго, ані асла яго і нічога, што ягонае". (Другі закон 5:6-21) [43]

"Пачатак Эвангельля Езуса Хрыста, Сына Божага. Як напісана ў Ісаі прарока: "Вось Я пасылаю анёла Майго перад воблікам Тваім, які прыгатуе дарогу Табе. Голас клічучага ў пустыні: Прыгатуйце дарогу Госпаду, прастуйце сьцежкі Яму". Паявіўся Ян у пустыні, хрысьцячы і вешчучы хрост пакаяньня дзеля адпушчэньня грахоў". (Марк 1:1-4) [42]

У 2002 г. Біблійнае Таварыства ў Рэспубліцы Беларусь прыняла рашэньне выдаць Біблію ў перакладзе У.Чарняўскага, і ў 2003 г. выйшла новае выданьне перакладу Новага Запавету, падрыхтаванае Біблійным Таварыствам:

"Пачатак Евангелля Ісуса Хрыста, Сына Божага. Як напісана ў Ісаі прарока: "Вось, Я пасылаю Анёла Майго перад абліччам Тваім, які прыгатуе дарогу Табе. Голас таго, хто кліча ў пустыні: прыгатуйце дарогу Госпаду, прастуйце сцежкі Яму". З'явіўся Ян у пустыні, хрысцячы і вешчучы хрост навяртання дзеля адпушчэння грахоў". (Марк 1:1-4) [44]

На сёньняшні дзень беларусы маюць у друкаваным выглядзе 5 перакладаў чатырох Эвангельляў, 5 перакладаў усяго Новага Запавету, 2 пераклады поўнай Бібліі, ня лічачы перакладаў паасобных біблійных кнігаў. Кожны з гэтых перакладаў мае свае моцны бакі і свае недахопы. Але які з іх стане самым распаўсюджаным і ўплывовым, залежаць ад таго, якім з іх пачнуць актыўна карыстацца беларускія хрысьціяне. Біблія не павінна стаяць на паліцы. Сьвятое Пісаньне трэба чытаць, Словам трэба жыць.

.Літаратура:

1. Библейская энциклопедия. Москва: Российское Библейское общество 1996.

2. Святе Письмо Старого та Нового Завіту. Украінське Біблійне Товариство 1992, c. I-XV.

3. Дубнов С.М. Краткая история евреев. Санкт-Петербург, 1912, т.2, с.7.

4. Лейн Т. Христианские мыслители. Санкт-Петербург, 1997.

5. Немировский Е.Л. Франциск Скорина: жизнь и деятельность белорусского просветителя. Минск: Мастацкая літаратура, 1990.

6. Карский Е.Ф. Белорусы. Т. 3 Очерки словесности белорусского племени. Вып. 2. Старая западно-русская письменность. Петроград, 1921.

7. Біблія. Факсімільнае ўзнаўленне Бібліі, выдадзенай Францыскам Скарынам у 1517-1519 гадах: у 3 тамах. Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 1990.

8. Antyelenchus // Архив ЮЗР. Ч. 1 Т.8. Вып. I.

9. Владимиров П.В. Доктор Франциск Скорина. Его переводы, печатные издания и язык. Санкт-Петербург, 1888, с. 223-234.

10. Карский Е.Ф. Западнорусские переводы Псалтыри в XV-XVII веках. Варшава, 1896.

11. Евангелле ў перакладзе Васіля Цяпінскага (каля 1580 г.). Факсімільнае ўзнаўленне і каментары \\ Biblia Slavica, ser. III, b. 5. Paderborn 2005.

12. Пікарда Г. Нябеснае полымя: Досьлед пачаткаў беларускага перакладу Новага Запавету і Псальмаў \\ Пратэстанцкая царква і беларускі нацыянальны рух на пачатку ХХ стагодзьдзя: артыкулы і ўспаміны. Мінск, 2006.

13. Шупа С. З гісторыі новабеларускіх перакладаў Бібліі.

14. Глагоўская А. "…Хоць бы і памёр, жыць будзе". Пра Лукаша Дзекуць-Малея \\ Пратэстанцкая царква і беларускі нацыянальны рух на пачатку ХХ стагодзьдзя: артыкулы і ўспаміны. Мінск, 2006.

15. Новы Запавет Госпада нашага і Псальмы. Гельсінгфорс, 1931.

16. Catyry Ewanelii i Apostalskija Dzieji. Wilnia: Bielaruskaje Katalickaje Wydawiectwa, 1939.

17. Sviataja Evanelija i Apostalskija Dziei. Rym, 1954.

18. Listy Sviatych Apostalau. Rym, 1974.

19. Новы Закон Спадара а Спаса нашага Ісуса Хрыста. Ню Ёрк, 1970.

20. Сьвятая Бібля. Кнігі Сьвятога Пісьма Старога й Новага Закону. Ню Ёрк, 1973.

21. Кнігі Старога Запавету. Кніжыца 1: Кніга Руты, Кніга прарока Ёэля, Кніга прарока Ёны. Нью Ёрк, 1959.

22. Гэнэзіс. Гэйнсвіле, 1984.

23. Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка. Гэйнсвіле, 1987.

24. Паводля сьв. Яна Эвангеле Госпада нашага Ісуса Хрыста. Менск-Лёндан-Нью Ёрк, 1991.

25. Евангельле Госпада нашага Ісуса Хрыста. Grand Rapids, USA.

26. Новы Запавет і Псальмы. Біблейскае грамадства 1991.

27. Трацяк І. Біблія ў кантэксце беларускай культуры. Гродна, 2003.

28. Чатыры Эванэліі. Гродна: Гродзен. Рым.-Катал. Дыяцэзія, 1998.

29. Дзіцячая Біблія. Біблейскія апавяданні з малюнкамі. Стакгольм: Інстытут перакладу Бібліі, 1992.

30. Бог гаворыць да Сваіх дзетак. Біблейскія апавяданьні. Эстэла: Editorial Verbo Divina 1992.

31. Мая першая Біблія ў малюнках. My first Bible in pictures. Мінск: Міжнароднае Біблейскае Грамадства 1994.

32. Найвышэйшая песня Саламонава. Мінск, 1994.

33. Біблія. Быццё. Эклезіяст. Мінск: Юнацтва, 1995.

34. Новы Запавет Госпада нашага Ісуса Хрыста \\ Спадчына - №2, 1989; №1-4, 1990; № 1-5, 1991; №1-2, 1992.

35. Евангелие Господа нашего Иисуса Христа. Святое Дабравесце паводле Матфея. Мінск, 1991.

36. Новы Запавет Госпада нашага Іісуса Хрыста. Святое Евангелле паводле Іаана. Мінск, 2005.

37. Свяшчэннае Евангелле. Мінск, 2007.

38. Новы Запавет. Псалтыр. Менск: Бацькаўшчына, 1995.

39. Біблія. Мінск: World Wide Printing, 2002.

40. Які будзе лёс перакладу Бібліі айца Ўладыслава Чарняўскага? \\ Радыё Свабода, 18 сьнежня 2002 \\ www.svaboda.org.

41. Кніга Роду. Менск, 1997.

42. Новы Запавет. Менск, 1999.

43. Пяцікніжжа. Менск: Юніпак, 2002.

44. Новы Запавет. Мінск: Біблейскае Таварыства, 2003.

Лукаш Дзекуць-Малей і беларускія пераклады Бібліі. Брэст, 2011. - С.17-35.





Беларуская вэрсія
English version
Русская версия

Новы Запавет і Псальмы (1931)
Станіслаў Акіньчыц. Залаты Век Беларусі
Катэхізіс. Нясьвіж, 1562
'Спадчына', 2003, №1
Навуковая канферэнцыя 'Рэфармацыя і Залаты Век Беларусі', 2003 г.
Пратэстанцкая царква і беларускі нацыянальны рух

Галоўная - Гісторыя - Ідэі - Асобы - Дакумэнты - Даты - 1553-2003 - Фотагалерэя


Агульныя пытаньні: