|
Рэлігійна-філасофская дактрына Берасцейскай Бібліі 1563 г.
Антоні Бокун
Важнай крыніцай у даследаванні рэлігійна-філасофскай думкі XVI ст. з'яўляецца Берасцейская, або Радзівілаўская Біблія, выдадзеная ў 1563 г. у Берасці коштам Мікалая Радзівіла Чорнага [1]. Гэтая Біблія мела статус афіцыйнага выдання Евангельска-рэфармаванага збору ў Вялікім Княстве Літоўскім. Паводле пастановаў сінодаў, кожны збор павінен быў мець асобнік гэтага выдання [2]. Таму прадмовы і каментарыі, якія змяшчае Берасцейская Біблія, адлюстроўваюць вучэнне памяркоўнай Рэфармацыі ў ВКЛ. Пра важнасць гэтай кнігі ў жыцці беларускай пратэстанцкай грамады сведчаць рукапісныя пераклады на беларускую мову псалмоў з Берасцейскай Бібліі, апісаныя Я. Ф. Карскім [3].
Першы польскі пратэстанцкі пераклад Новага Запавету, якія ажыцявіў Ян Секлюцыян, пабачыў свет у 1551-1553 гг. у Караляўцы. У адказ католікі выдалі ў Кракаве Новы Запавет Шарфенбергера (1556 г.) і поўную Біблію Леапаліта (1561 г.) [4]. Між тым яшчэ ў 1557 г.сінод малапольскіх рэфармаваных збораў абраў камісію па перакладзе ўсяго Святога Пісьма на польскую мову. Пераклад мусіў ажыцяўляцца з арыгінальных моваў, г.зн. Стары Запавет - з гебрайскай, а Новы - з грэцкай. У 1559 г. на сінодзе ў Пінчове як перакладчыкаў вызначылі паляка Рыгора Аршацкага і французаў Пятра Статорыя і Яна Тэнандыя. Да 1560 г. было перакладзена Пяцікніжжа Майсеева. Праца ішла павольна з-за разнагалоссяў з Аршацкім, таму яго адхілілі ад перакладчыцкай працы і ўвялі ў склад перакладнікаў Рыгора з Вялічкі і Якуба Люблінца. У траўні 1560 г. прадстаўнік збораў Вялікага Княства Літоўскага Андрэй Трыцескі ад імя Мікалая Радзівіла Чорнага аб'явіў, што ваявода віленскі бярэ на сябе ўсе выдаткі на пераклад і выданне Бібліі і просіць, каб тэкст перакладу быў узгоднены зборамі Кароны Польскай і Вялікага Княства Літоўскага. Дзякуючы такой падтрымцы справа пайшла хутчэй, і ў 1563 г. ў берасцейскай друкарні Радзівіла Чорнага выйшла "Святая Біблія, гэта значыць кнігі Старога і Новага Закону на нова з гебрайскай, грэцкай і лацінскай на польскую мову старанна і дакладна перакладзеныя" [5].
Адкрывае выданне прадмова Мікалая Радзівіла Чорнага да караля польскага і вялікага князя літоўскага Жыгімонта Аўгуста [6], якая паводле зместу нагадвае прадмову выдаўцоў Нясвіжскага катэхізісу 1562 г. да Радзівілаў [7]. Напачатку ваявода віленскі заклікае караля памятаць, што Бог з'яўляееца крыніцай усякага дабра, і ўсё, што мае чалавек, гэта не заслуга чалавека, а дабрадзейства Божае. Таму, каб выказаць сваю ўдзячнасць Богу за сваю пазіцыю ў краіне, а таксама засведчыць сваю пашану да караля, князь Радзівіл "задумаў тое, што маю ў сябе найдаражэйшага, ахвяраваць Вашай Каралеўскай Міласці", а менавіта: "З маёй маёмасці, якую з волі Бога і з пачцівага набыцця продкаў маіх і з ласкі да мяне В.К.М. ужываю, маім уласным дабром і коштам маім такую рэч загадаў выдаць, якая ад усіх хрысціянаў пахвалы годная, г.зн. кнігі Бібліі". Мікалай Радзівіл Чорны выкладае далей адзін з асноўных пастулатаў Рэфармацыі - Біблія ёсць тым падмуркам, на якім будуецца як асабістае жыццё чалавека, так і жыццё царквы і грамадства. "Бо з гэтага перш за ўсё кожны ўбачыць тую мэту, да якой дзякуючы нашаму вечнаму збаўленню сябе і жыццё сваё весці павінен. А потым у гэтым Святым Пісьме кожны стан знойдзе і ўбачыць, і навучыцца таго, пачаўшы ад В.К.М., як ён адпаведна Рэччу Паспалітай кіраваць павінен, знойдуць таксама і падданыя, у якіх звычаях і ўчынках праведных перад Богам і перад начальнікамі сваімі трываць павінны".
Далей князь Радзівіл выказвае жаданне, каб кароль вучыў сваіх падданых жыць паводле Божага закону і ўзяў на сябе адказнасць ачысціць царкву ад прыўнесеных памылак, рэфармуючы яе на аснове Пісання, ставячы ў прыклад розных біблейскіх валадароў: Давіда, Ёсію, Манасію і г.д. Такім чынам Радзівіл імкнуўся яшчэ раз прапанаваць каралю стаць на чале Рэфармацыі ў ВКЛ і Польшчы, ад чаго Жыгімонт Аўгуст неаднаразова адмаўляўся, не хаваючы аднак сваёй прыхільнасці да падобных ідэяў. Таксама падобны зварот да караля надаваў большую значнасць дадзенаму выданню і той канфесіі, якая ім карысталася.
Пасля прадмовы ідзе "Сума, аб кароткае апісанне ўсяго Святога Пісьма, г.зн. Кнігаў Старога і Новага Запавету" - кароткі выклад асноўных прынцыпаў веры Евангельска-рэфармаванага збору [8]. Фактычна гэта быў сімвал веры польскіх і беларускіх пратэстантаў. Тут тлумачыліся асноўныя паняцці: Бог, чалавек, грэх, вера, любоў, вечнае жыццё і г.д. У кароткім пераказе: Усемагутны, вечны, суверэнны, справядлівы і міласэрны Бог стварыў гэты свет Сваім словам; стварыў таксама чалавека і паставіў яго гаспадаром над усім стварэннем, але чалавек праз зайздрасць шатана, не паслухаў прыказанняў Творцы і ўвёў сябе і ўвесь свет пад уладу грэху і стаў падданы смерці і моцы д'ябла. Але Бог абяцаў Збаўцу Ісуса, каб людзі, пачынаючы ад Адама, жывой верай прымалі гэтае абяцанне. А дзеля таго, каб чалавек ня думаў, што ён дасканалы, Бог даў праз Майсея закон, "каб людзі, зразумеўшы праз яго грэх і ліхоту сэрца свайго, тым мацней прагнулі прыйсця Хрыста". Абяцаны Хрыстос у адпаведны час прыйшоў на зямлю, стаў чалавекам, прыняў смерь і ўваскрос, каб Бог паводле міласэрнасці Сваёй збавіў грэшнага чалавека.
У гэтым выкладзе вялікая ўвага надаецца пытанню адзінства Старога і Новага Запавету, якое нават сёння не да канца разумеецца ўсімі хрысціянамі. Характэрнай рысай пратэстантаў таго часу была ўвага, якая надавалася не толькі Евангеллям, але ўсёй Бібліі, што выклікала неразуменне і крытыку з боку католікаў і праваслаўных, абвінавачванні ў пераходзе ў юдаізм і г.д. Між тым, Берасцейская Біблія дае багаслоўскія падставы важнасці кніг як Новага, так і Старога Запаветаў у жыцці хрысціяніна.
Асобна звяртаецца ўвага на патрэбу праведнага жыцця веручых: "Хрыстос прыйшоў на гэты свет, каб мы, асвечаныя Ім і ачышчаныя ад грахоў, выконваючы праз добрыя ўчынкі волю Яго, адмовіліся ад рэчаў гэтага свету і служылі Яму ў праведнасці і святасці, і каб мы праз добрыя ўчынкі паказвалі, што мы пакліканыя да гэтай ласкі, да гэтага дару веры, а калі хто добрых учынкаў не мае, гэтым ён паказвае, што не мае веры ў Хрыста". Менавіта такая светапоглядная пазіцыя стала асновай так званай пратэстанцкай этыкі, калі кожны веруючы чалавек павінен пастаянна імкнуцца жыць паводле найвышэйшых стандартаў святасці, бо толькі святое і праведнае жыццё сведчыць пра веру чалавека. Калі чалавек не жыве свята і праведна, яго чакае геена вогненная. У прынцыпе, падобная пазіцыя тэарэтычна падзяляецца ўсімі хрысціянскімі канфесіямі. Але калі ў каталіцызме і праваслаўі зазвычай акцэнтуецца ўвага на асобныя праступкі, ў якіх чалавек спавядаецца, то ў кальвінскай дактрыне чалавек ацэньваецца паводле ўсяго жыцця, усяго комплексу яго паводзінаў, што вядзе да замацавання праведных стандартаў у жыцці грамадства [9].
Цікавай асаблівасцю кароткага апісання з'яўляецца адсутнасць у ёй дактрыны прадвызначэння, якая нібыта ёсць "візітоўкай" кальвінізму. Але тут трэба адзначыць, што вучэнне аб прадвызначэнні як аснове кальвінізма сфармулявана было толькі на Дорцкім сінодзе 1618 г., а ў самога Кальвіна гэта было адным з элементаў вучэння, якое давала адказ на пытанне, чаму адны людзі прымаюць пропаведзь Евангелля, а другіе - не. Зрэшты, вучэнне пра прадвызначэнне не было адкрыццём Кальвіна, бо яго прытрымліваўся Аўгустын, большасць сярэднявечных тэолагаў і ўсе рэфарматары XVI ст. [10].
Заканчваецца кароткае апісанне ўрачыстым абвяшчэннем, што "гэтыя святыя кнігі, якія мы называем Бібліяй, дадзены нам праз Духа Святога, каб мы пазналі і паверылі, што ёсць толькі адзін сапраўдны Бог, Які паводле Свайго абяцання паслаў Ісуса Хрыста, каб мы мелі жыццё, веручы ў імя Яго. І акрамя гэтага падмурку нельга закласці іншага ў царкве Хрыстовай".
З усяго вышэйзазначанага можна зрабіць выснову, што перакладчыкі і выдаўцы Берасцейскай Бібліі ад самага пачатку рыхтавалі гэтую кнігу як стандартнае выданне для Евангельска-рэфармаванага збору ў Польшчы і ВКЛ, і таму парупіліся, каб забяспечыць яе неабходнымі прадмовамі і каментарамі, якія будуць спрыяць большаму разуменню і распаўсюджванню рэфармацыйнага вучэння.
.Літаратура:
1. Lukaszewicz J. Dzieje kosciolow wyznania helweckiego w Litwie. Poznan, 1842. T. 1. S. 22.
2. Lukaszewicz J. Dzieje kosciolow wyznania helweckiego w Litwie. Poznan, 1842. T. 2. S. 252.
3. Карский Е.Ф. Западнорусские переводы Псалтыри в XV-XVII веках. Варшава, 1896.
4. Kosman M. Reformacja i Kontrreformacja w Wielkim ksiestwie Litewskim w swietle propogandy wyznaniowej. Wroclaw, 1973. S. 50.
5. Krasinski W. Zarys dziejow powstania i upadku reformacji w Polsce. Warszawa, 1904. Т. 1. S. 175.
6. Najasniejszemu Panu, Panu Zygmuntowi Augustowi etc. [Электронны рэсурс]// Рэжым доступа: http://www.literatura.hg.pl/brzeska/przedmik.htm. Дата доступа: 25.04.07.
7. Катэхізіс: помнік беларускай Рэфармацыі XVI ст. Мінск, 2005. С.12-17.
8. Suma, abo krotkie opisanie wszytkiego Pisma swietego, to jest: Ksieg Starego i Nowego Testamentu [Электронны рэсурс]// Рэжым доступа: http://www.literatura.hg.pl/brzeska/suma.htm. Дата доступа: 25.04.07.
9. Вебер М. Избранные произведения. Москва, 1990.
10. Лейн Т. Христианские мыслители. Санкт-Петербург, 1997. С. 177-183.
Религия и общество-2: актуальные проблемы современного религиоведения: сб. научных трудов. - Могилев, 2007. - C. 12-15.
|
|