|
Берасцейскі катэхізіс 1553 г. як рэлігійна-этычны помнік беларускага пратэстантызму
Антоні Бокун
Берасцейскі катэхізіс 1553 г. з'яўляецца першым друкаваным пратэстанцкім выданнем у Вялікім Княстве Літоўскім [1]. Мікалай Радзівіл Чорны пачаў сваю рэфармацыйную дзейнасць з правядзення пратэстанцкіх набажэнстваў у сваім палацы ў Вільні і на замку ў Берасці. Адначасова ён запрасіў з Кракава ў Берасце друкара Бэрнарда Ваеводку і літаратара Андрэя Трыцескага для перакладу і выдання кніг евангельскага зместу. Ужо 26 студзеня 1554 г. Сымон Марыцый паведамляў кардыналу Гозію, што Ваеводка, запрошаны Радзівілам, "каб выдаваць лютаранскія кнігі на польскай мове, а таксама на простай", выдаў катэхізіс і яшчэ іншыя "лютаранскія" кнігі [1, XI]. У 1908 г. польскі дасьледчык Ф.Пуласкі перавыдаў Берасцейскі катэхізіс на падставе адзінага асобніка, які быў набыты Бібліятэкай ардынацыі гр.Красінскіх ў Я.Луцкевіча. Перад гэтым ён захоўваўся ў кнігазборы Г.Татура ў Мінску, а яшчэ раней - у бібліятэцы Храптовічаў у Шчорсах [1, I].
Берасцейскі катэхізіс напісаны невядомым аўтарам на польскай мове з пэўнымі асаблівасцямі, якія дазволілі Ф.Пуласкаму зрабіць выснову, што аўтар зьяўляецца ўраджэнцам Вялікага Княства Літоўскага [1, XXI]. Катэхізіс складаецца з двух частак: "Катэхізіс малы, гэта значыць навучанне з кароткім выкладам асноўных частак закону хрысціянскага для людзей простых" і "Катэхізіс вялікі, гэта значыць хрысціянскае вучэнне пра Бога і веру святую, у якім бацька з сынам размаўляюць". Паводле зместу гэтых двух частак можна зрабіць выснову, што іх аўтар быў чалавекам, добра знаёмым з пратэстанцкай літаратурай таго часу, асабліва з лютаранскай, але адначасова быў арыгінальным багасловам, які выразна схіляўся да кальвінізму.
Гэты катэхізіс не з'яўляецца даслоўным перакладам ніводнага з пратэстанцкіх катэхізісаў таго часу, але адначасова выяўляе наяўнасць пэўных падабенстваў да таго або іншага выдання. Напрыклад, прадмова амаль даслоўна пераказвае прысьвячэнне Урбана Рэгіюса ў Магдэбурскім катэхізісе 1543 г. [1, XIV]. Малы катэхізіс што да зместу і формы падачы ўкладзены на падставе Малога катэхізісу Марціна Лютара [2]. Абодва катэхізісы складаюцца з шасці частак: "Дзесяць прыказанняў", "Вызнанне веры", "Малітва Госпадава", "Хрышчэнне", "Споведзь" і "Вячэра Госпадава". Некаторыя фрагменты даслоўна перанесены з аднаго катэхізісу ў другі. Аднак Берасьцейскі катэхізіс мае таксама некаторыя істотныя адрозненні. Так уклад дзесяці прыказанняў адпавядае кальвінскаму падыходу. Лютар і яго паслядоўнікі, якія бачылі сваю мэту ў ачышчэнні Царквы ад таго, што пярэчыць Пісанню, прадстаўлялі дэкалог у адпаведнасці з традыцыяй, якая склалася ў сярэднявеччы, а кальвіністы, імкнучыся пакідаць у сваім вучэнні толькі тое, што вынікае з Пісання, падавалі дэкалог у адпаведнасці з традыцыяй Старога Запавету. Таму ў лютаранскіх катэхізісах першае прыказанне -"Не мей іншых багоў", другое - "Не гавары імя Госпада, Бога твайго, легкадумна", і г.д. [2, 3], а ў кальвінскіх першае прыказанне - "Не мей іншых багоў", другое - "Не рабі разьбы і ніякай выявы…", трэцяе - "Не гавары імя Госпада легкадумна" і г.д. [4, 5]. Разгляд сымбалю веры ў Берасцейскім катэхізісе адрозніваецца ад прапанаванага Лютарам. Лютар разглядаў яго ў трох частках: пра Бога Айца (Стварэнне), пра Сына Божага (Адкупленне) і пра Духа Святога (Асвячэнне). У Берасцейскім катэхізісе сымбаль веры падаецца ў дванаццаці частках, як гэта было прынята ў ранейшай традыцыі, але што Лютар адкінуў як складанае для навучання. Яшчэ адна асаблівасьць Берасцейскага катэхізісу, гэта вучэнне пра споведзь. Аўтар, які ў Вялікім катэхізісе выкладае погляд, падобны да поглядаў Кальвіна, не дае, у адрозненні ад Лютара канкрэтных указанняў адносна правядзення споведзі, але ідзе за пастаральнымі патрабаваннямі сітуацыі ў Вялікім Княстве Літоўскім, дзе хрысціянская вера ў народзе была даволі павярхоўная, і не хоча ўводзіць навінаў у рэлігійныя практыкі. Хоць ён не называе споведзь сярод царкоўных таямніцаў (бо рэфарматары прызналі за таямніцы толькі хрышчэнне і Вячэру Госпадаву), але пішучы пра хрышчэнне, кажа "а як хрост нагадвае нам пра пакаянне, трэба кожнаму хрысціяніну ведаць, чым ёсць пакаянне". І далей спасылаецца на рэлігійную традыцыю і дае яе біблійнае абгрунтаванне і тлумачэнне: "а як людзі, якія каюцца, прызвычаіліся спавядацца ў грахах", "а як тыя, хто спавядаюцца, прызвычаіліся жадаць ад святара разграшэння" [1, 20-21]. Такім чынам можна зрабіць выснову, што хоць "малы Катэхізіс" знешне вельмі падобны да лютаранскага, у спрэчных пытаннях ён выразна стаіць на пазіцыях, блізкіх да кальвінізму.
Другая частка Берасцейскага катэхізісу пабудаваная як размова бацькі з сынам, у якой сын задае пытанні, датычныя хрысціянскага жыцця, а бацька на іх адказвае. Гэтая частка цалкам арыгінальная, і хоць свае ідэі аўтар браў з рознай рэфармацыйнай літаратуры, ён надаў гэтым ідэям жывое, вобразнае выражэнне ў вельмі даступнай дыялогавай форме. Цяжка сказаць, ці было гэта педагагічным вынаходніцтвам аўтара Берасьцейскага катэхізісу, але трэба адзначыць, што на той час катэхізісы ў асноўным перадавалі змест не ў форме дыялогу, а ў форме лекцыі [3].
У Берасцейскім катэхізісе выкладаецца рэфармацыйнае вучэнне пра апраўданне праз веру, але ў адрозненні ад лютаранскай традыцыі гэты аспект вучэння не выносіцца на першы план. Спачатку разважаюцца пытанні, датычныя веры ўвогуле: "Які пачатак мудрасці хрысціянскай? - Сыне мой, пачатак мудрасці нашай - страх Божы"; "Адкуль можам навучыца пазнаваць Бога і волю яго? - З Пісанняў святых прароцкіх і апостальскіх, са слухання, чытання і разважання Слова Божага"; "Чым ёсць Бог? - Бог ёсць Дух, розумам нашым не агарнуты, адзіная сутнасць Божая непадзельная, вечная, мудрая, усемагутная, праўдзівая, справядлівая, міласэрная" і т.д. [1, 25-26]. Хоць катэхізіс дэкляруецца для людзей простых, у ім паднімаюцца глыбокія светапоглядныя пытанні: "Хто стварыў гэты свет? - Стварыў яго Бог, Святая Тройца. - А з чаго яго стварыў? - З нічога, сыне, моцай Духа Свайго, словам Сваім... - А для каго яго стварыў і навошта? - Для нас і дзеля нашага пажытку і патрэбаў нашых" [1, 27-28].
Цалкам у адпаведнасці з дактрынай памяркоўнай Рэфармацыі у катэхізісе прадстаўлены пэсымістычны погляд на чалавека як на стварэнне Божае разумнае, створаная на вобраз Божы, але непапраўна знявечанае грахом. Бацька расказвае сыну, што чалавек праз непаслушэнства Богу "страціў тую першую, у якой быў створаны, справядлівасць, цэльнасць натуры, розуму светласць, нявіннасць і сапраўдную святасць, на месца якой прыйшло скажэнне натуры, цёмнасць розуму, сляпата, грэх, зняволенне свабоднай волі, супраціў волі Божай і іншыя ўсе недахопы" [1, 32]. Таксама ў пытаннях збаўлення аўтар катэхізісу адмаўляе здольнасці чалавечага розуму: "Рэчы гэтыя дзіўныя, і якбы непрыймальныя розуму прыроднаму і мудрасці гэтага свету, якая заўсёды волі Божай і слову Яго супрацівіцца, а сабліва ў справе і навуцы збаўлення" [1, 59].
У катэхізісе глыбока разгледжагы важны аспект рэфармацыйнага вучэння, які паспаліта разумеецца вельмі цьмяна, а менавіта пытанне узаемаадносінаў веры і ўчынкаў: "Учынкі добрыя, дастойныя пакаяння, нам патрэбныя і мусяць быць праз нас рупліва робленыя не як прычыны або заслугі дзеля апраўдання, але як плады праведнасці, г.зн. стаўшыся раней праз веру праведнымі, г.зн. будучы ад віны і мукаў вечных за грахі праз Госпада Хрыста, заступніка нашага, выбаўленыя, маем рабіць учынкі, а не наадварот, г.зн. будучы няправеднымі, мы павінны іх выконваць дзеля таго, каб праз іх або дзеля іх сталі праведнымі, гэта бо памылка і хлусьня і рэч ілжывая, бо не плод робіць дрэва добрым, але дрэва добрае прыносіць плод добры" [1, 63].
Аўтар Берасцейскага катэхізісу шмат гаворыць пра неабходнасць хрысціяніну жыць паводле прыказанняў Божых, сваім жыццём выяўляць сваю веру: "Маючы гэтую веру, маюць (хрысціяне) яе дастойнымі пладамі пакаяння святога выяўляць, а менавіта: служэннем руплівым Богу, закліканнем Яго, верай моцнай Яму, страхам перад Ім і любоўю да Яго па-над усё стварэнне, надзеяй ва ўсіх патрэбах на дапамогу Яго, пільным слуханнем слова Яго і паляпшэннем жыцця свайго праз Яго, любоўю да бліжніх і ворагаў сваіх і пад крыжам цярплівасцяй, а ўрэшце, карацей кажучы, маюць старанна выконваць усе прыказанні Божыя, аж да смерці сваёй" [1, 42]. Улічваючы, што катэхізіс выйшаў на самым пачатку шырокага распаўсюджвання пратэстантызму ў ВКЛ, калі многім таемным сымпатыкам трэба было вызначыць сваю пазіцыю, няма нічога дзіўнага, што аўтар неаднаразова заклікае чытача "ясна вызнаваць перад гэтым злым светам словы Евангелля святога" [1, 27].
Яшчэ адна сымптаматычная асаблівасць Берасцейскага катэхізіса праяўляецца ў разважаннях пра патрэбу Божых прыказанняў і Божага Закону для габраяў у Старым Запавеце і для хрысціян, якія жывуць пад ласкай Божай. Падаючы прычыны, дзеля чаго патрэбен пісаны Закон Божы, аўтар падкрэслівае, што нам патрэбен закон, "каб начальнікі паводле яго яўных злачынцаў яўна каралі, г.зн. жыццё за жыццё" [1, 45]. Гэта сведчыць, што аўтар падзяляў погляды, рэпрэзэнтаваныя ў той час Анджэем Фрычам Маджэўскім, які актыўна выступаў супраць таго, што ў Кароне Польскай і Вялікім Княстве Літоўскім забойства каралася грашовым штрафам, а гэта паводле Маджэўскага і яго аднадумцаў толькі спрыяла безпакаранасці і беззаконню [6].
Акцэнт на маральне жыццё веручых, прысутны ў Берасцейскім катэхізісе, яшчэ раз пацвярджае яго сувязь з кальвінізмам. Швейцарская Рэфармацыя з самага пачатку звяртала асноўную ўвагу на маральнае адраджэнне чалавека і грамадзтва. Швейцарскія рэфарматары ад Цвінглі да Кальвіна былі перш за ўсё пастырамі канкрэтных грамадаў, і іх больш цікавіла практычнае вымярэнне веры. У адрозненні ад іх Лютар быў акадэмічным прафэсарам, і таму асноўную увагу ён звяртаў на правільнасць дактрыны. Таму лютаране больш разважалі аб тым, што зрабіў Бог у Хрысце для грэшнага чалавецтва; а кальвіністы імкнуліся паказаць, што павінны рабіць людзі ў адказ на Божую ініцыятыву [7].
Такім чынам, аналіз Берасцейскага катэхізісу 1553 г. дазваляе зрабіць высновы, што рэфармацыйны рух у Вялікім Княстве Літоўскім, ініцыяваны Мікалаем Радзівілам Чорным, з самага пачатку развіваўся ў кальвінскім рэчышчы, хоць шырока выкарыстоўваў напрацоўкі лютаранскіх багасловаў.
.Літаратура:
1. Pulaski F. Katechizm Brzeski 1553/1554. Warszawa, 1908.
2. Лютер М. Краткий Катехизис // www.ukrlc.org.
3. Лютер М. Большой Катехизис // www.ukrlc.org
4. Katechizm Heidelbergski //www.geocities.com/kalwin2/Katechizm2.html.
5. Кальвин Ж. Наставление в христианской вере. Т. I-III. Москва, 1997.
6. Kempfi A. Frycz a Wolan // Andrzej Frycz Modrzewski i problemy kultury polskiego Odrodzenia. Wroclaw, 1974.
7. Маграт А. Богословская мысль Реформации. Одесса, 1994.
|
|