|
Кароткія нататкі пра хрышчэньне дзяцей: пра пачатак спрэчкі вакол першага таінства, то бок Сьвятога Хрышчэньня ў Княстве Літоўскім, а потым і ў Польшчы
Сымон Будны
У год ад нараджэньня Сына Божага 1558 лета было неўраджайным, таму ў дзяржаве літоўскай у той год і ў другі па ім быў голад, але не такі моцны, як потым, у гадах 1570 і 1571, калі людзі самі сябе елі; аднак праз гэта такі цяжар для люду паспалітага быў, што бацькі дзяцей сваіх падлеткаў у няволю аддавалі, а малых некаторыя ў ваду кідалі ды тапілі, а некаторыя на вуліцах у вялікіх гарадах (асабліва ў Вільні) клалі і так іх пакідалі.
Здарылася тады аднаго дня, што разам двух дзетак перад дваром алыцкага і нясьвіскага князя Мікалая Радзівіла пад час моцных маразоў пакінулі і ўцяклі. Зьлітаваўся над імі служыцель Віленскай царквы С.Б., які пры тым двары жыў і навучаў, загадаў іх узяць, хочучы іх выхоўваць. Акурат у той час прыехаў прэсьвітэр тае ж царквы, якога звалі Ганс Катэрля, і ўзяў адно з тых немаўлятак. Потым праз колькі тыдняў пытаўся той прэсьвітэр у таго згаданага служыцеля, калі той зьбіраеца свайго знайдзенца (гэтак тых хлопцаў зваў) ахрысьціць, бо, кажа, і я ў той час свайго да хрышчэньня прынесьці загадаю. Служыцель адказаў, што ня ведае, як такіх дзяцей хрысьціць, пра бацькоў якіх нічога ня ведама. Выглядае, аднак, што тыя бацькі няверучыя, бо сваіх дзяцей кідаюць. Таму што вернік, калі б нават наймацнейшы голад быў, дзіцяці свайго ня кіне. Адказаў на гэта прэсьвітэр: "Свайго ты можаш хрысьціць або не хрысьціць, але майго мусіш". На гэта сказаў служыцель: "Ня мушу, і, увогуле, ня толькі тых дзяцей, але і ўсіх людзей няверучых дзяцей хрысьціць ня буду. Таму і вашага ня ведаю, паводле якога месца са Сьвятога Пісьма хрысьціць мусім". Прэсьвітэр палічыў гэта за злое, і пайшоўшы з гневам, данёс гэтую навіну да некаторых братоў. Служыцель таксама не паставіўся легкадумна да таго, што сказаў, і рыхтаваўся абараняць сваю думку. Бо напэўна чакаў, што прэсьвітэр будзе вінаваціць яго перад братамі, і не памыліўся. Назаўтра, пасьля пропаведзі, запрасіўшы служыцеля, прэсьвітэры прыгадалі яму ягоныя словы, што не жадаў дзіцятка тое знойдзенае хрысьціць. Але ён добра ім на гэта адказаў, калі паказаў ім у Пятра Вірэта адно месца: "Калі ад няверучых бацькоў дзіцё прынесена, лёгка дапусьціцца несапраўднага хрышчэньня". Былі ў той час у грамадзе некаторыя французы, напрыклад, Пэтрус Гарньерус ды іншыя, якія пра Вірэта былі добрай думкі, таму і іншыя браты добра да ягоных выказваньняў паставіліся. І гэтак тады пастанавілі, каб дзяцей няверучых бацькоў ад таго часу да хрышчэньня не дапускалі. Бо аж да гэтага часу нават папежнікі, асабліва бедныя, радыя былі сваіх дзетак у нас хрысьціць, каб за гэта нічога не плаціць, як яны ў сваіх плябанаў плаціць мусяць. Катэрля, ня ведаючы, як свайму знайдзенцу хрышчэньне атрымаць, прыняў яго за сваё дзіця, пасьля чаго служыцель мусіў яго ахрысьціць.
Так гэта на той час скончылася, а ўсё ж сумленьне таго служыцеля супакоіцца не магло. Бо ня толькі пра дзяцей вернікаў, але і пра ўсіх немаўлятак ён думаць пачаў, ці іх можна хрысьціць ці не. І калі ён гэтым пільна заняўся, выявіў шмат рэчаў, якімі хрышчэньне дзяцей адмаўлялася. Перш за ўсё, выразны загад Сына Божага: "Ідзіце і навучыце ўсе народы, хрысьцячы іх". Таксама сьв. Яна (Хрысьціцеля) учынкі, які тых, што выходзілі і грахі свае вызнавалі, хрысьціў. Таксама ўзоры або прыклады сьвятых апосталаў і іхных вучняў. Акрамя таго, сьведчаньні даўнейшых тэолягаў: Юстына, Тэртуліяна ды іншых. Нарэшце абрады: грэцкі, лацінскі, армянскі, славянскі. Усё гэта таму служыцелю хрышчэньне дзяцей ставіла пад сумнеў, і аж да таго дайшоў, што рады быў бы служэньня свайго (каб толькі гэта было магчыма) пазбыцца.
Калі ўсё гэта адбывалася, нарадзіўся ў таго служыцеля сын першародны, тамсама ў Вільні, і тут толькі прыйшла да яго трывога, што яму трэба рабіць. Бо рады бы быў яго нехрышчоным пакінуць, але ў такім вялікім горадзе і царкве было гэта немагчымым. Бо ледзьве два тыдні тое дзіцятка нехрышчонае цярпелі. Бо той жа прэсьвітэр вышэйзгаданы ўбачыў гэта і зноў таго служыцеля перад братамі абвінаваціў, кажучы, што ўжо ня толькі дзяцей няверучых бацькоў, але і свайго сына хрышчэньне адкладаў. Браты, сабраўшыся паклікалі служыцеля, і вельмі дакралі яго за гэта, так штомусіў дазволіць хрысьціць свайго сына. Бо хоць сам тое бачыў, што хрышчэньне дзяцей ёсьць адна брыдота Атыхрыстава, але, гледзячы на такі вялікі шэраг людзей знакамітых, хацеў хутчэй у сабе, чым амаль ва ўсім сьвеце сумнявацца.
У той час нейкі Пётар з Ганёндзу, чалавек вучоны і ў далёкіх краінах бывалы, наведаўшы цэрквы ў Маравіі, у Літву прыйшоў і кнігі супраць хрышчэньня дзяцей напісаў. Тыя кнігі некаторыя служыцелі чытаючы, да спазнаньня праўды ў той справе прыйшлі і хутка пачалі адмаўляцца ад хрышчэньня дзяцей.
У тым часе таксама Марцін Чаховіч, малады вучоны, які пэўны час кіраваў школай пры Віленскай царкве, быў абраны на служэньне да Вэндрагоўскага і хутка ў Жэнэву (якая ў Савойскай дзяржаве) ад князя алыцкага Мікалая Радзівіла ў такой справе езьдзіў. Быў нейкі мэдык, родам зь Італіі, Георгі Бляндрата, які ўперад дзеля рэлігіі зь Італіі выехаў, але ў Жэнэве жывучы, прасякнуўся навукай Мігеля Сэрвэта, і таму адтуль выехаць мусіў і ў Літву прыехаў, дзе ў князя Радзівіла ў вялікай пашане быў. Даведаўшыся пра гэта, Кальвін і там яго цярпець не захацеў, бо свой камэнтар да Апостальскіх Дзеяў зноў выдаўшы, князю Радзівілу ахвяраваў, і там у лісьце Бляндрату абвінаваціў. Радзівіл, бо моцна любіў царкву Божую, запабягаючы нязгоды між такімі вялікімі асобамі, паслаў да Кальвіна у пасольстве Марціна Чаховіча, служыцеля Віленскай царквы, каб ён Бляндрату з Кальвінам пагадзіў і замірыў. Марцін, хоць тых двух мужоў, як хацеў, не замірыў, але бываючы ў людзей вучоных, такіх як Охін ды інш., нямала праўды ад іх пра найпершую праўду, то бок пра Бога і Сына Ягонага даведаўся, так што туды трайчаком ехаў, а ў Літву вярнуўся сэрвэцыянінам. Таксама і пра Сьвятое Хрышчэньне шмат добрых пачаткаў зразумеў, і прыехаўшы, пачаў іх распаўсюджваць.
Другі таварыш ягоны, віленскі служыцель Мікалай Вэндрагоўскі (бо тады ўжо Буднага паслалі да слуцкага князя для (працы ў) друкарні кірылічнай), падобна, чытаючы кніжак Пятра з Ганёндза, зразумеў праўду пра хрышчэньне, і яўна хрышчэньне дзяцей адмаўляў і голасна братам, каб хрысьціць дзяцей не сьпяшаліся, нагадваў. Але ягоны калега Марцін пайшоў яшчэ далей, і калі яму давялося дзяцей хрысьціць, не схацеў, кажучы, што яму сумленьне не дазваляе. Быў у той час і трэці служыцель у Віленскай царкве, Войцех Касьценскі, які таксама хрышчэньне дзяцей ганіў.
Калі вось так Марцін дзяцей хрысьціць не хацеў, Касьценскі таксама да таго заклікаў, а Вэндрагоўскі яўна супраць хрышчэньня дзяцей выказваўся, падштурхнуў шатан некаторых прэсьвітараў тае царквы, якія баючыся перасьледу, Вэндрагоўскага, чалавека палахлівага, ад праўдзівага погляду адстрашылі. Таксама і Марціна адгаварыць хацелі, але моцна памыліліся, бо ім саступіць не хацеў і на Вэндрагоўскага моцна ўплываў.
Таму тады было немалое рознагалосьсе ня толькі паміж служыцелямі, але й паміж усёй царквою, і браты віленскія захацелі, каб на зьезд у Вільні сабраліся ўсе літоўскія служыцелі, і тое пытаньне на ім разгледзелі. І гэтак у 1564 годзе, у студзені месяцы, зьехаліся 26 служыцеляў і некаторыя шляхцічы. Там спачатку прэсьвітэр віленскі Якуб Курніцкі такое пытаньне задаў: ці ёсьць грахом хрысьціць немаўлятка або не? Па гэтым пытаньні было вырашана галасаваць, і спачатку нейкі Адам Вірхоўскі падаў голас, сьцьвярджаючы, што дзяцей хрысьціць - рэч слушная. Гэтак жа казалі і іншыя 12 служыцеляў. Але другія, якіх таксама шмат было, супрацьлеглае сьцьвярджалі, і асабліва Марцін Чаховіч, Войцех Касьценскі, Лаўрэн Крышкоўскі ды інш. Тады, калі прыйшла чарга галасаваць Вэндрагоўскаму, той папрасіў, каб далі яму дазвол падаць голас пісьмова, што яму дазволілі. І назаўтра падаў ён свой голас на пісьме, нязгодны са сваёй ранейшай пазыцыяй, супраць чаго потым Марцін пісаў, паказваючы яму і выгаворваючы, што ён пайшоў супраць праўды. Тым часам, зважаючы на тое, што галасы абодвух бакоў па роўну разьмеркаваліся, зьезд так пастанавіў, каб справа была адкладзена да большага зьезду, а да гэтага каб кожнаму вольна было хрысьціць або не хрысьціць, і адзін адным каб з гэтай прычыны не пагарджаў.
Але калі ўсё гэта да князя Радзівіла, які ў той час усіх цэркваў літоўскіх найпершым апекуном быў, дайшло, непрыхільна гэта прыняў і напісаў вельмі строгі ліст да Мікалая Вэндрагоўскага, ганячы яго за частыя зьмены ў царкве, там таксама згадваў сваіх прапаведнікаў Крышкоўскага і Буднага ды выгнаньнем ім пагражаў. Таксама да старостаў сваіх нясьвіскага і клецкага напісаў, каб служыцелям тых цэркваў нагадвалі, і навізну пад строгім пакараньнем спынялі. У той час Марцін Чаховіч "Трохдзённыя размовы" пра хрышчэньне напісаў і князю Радзівілу, які тады ў Барысаве жыў (бо ў Вільні быў жудасны мор) даслаў. Князь, калі тое прачытаў, стаў трохі да сваіх прапаведнікаў ласкавейшы і канчаткова надумаў вялікі зьезд зь людзей вучоных абодвух бакоў сабраць, якія б тую спрэчку Словам Божым разьвязалі, але гэтага яму хуткая сьмерць выканаць не дала, бо ў годзе 1565 у траўні памёр.
У той час быў зьезд у Бжэзінах на Памрожу, на які некаторыя літоўскія служыцелі Марцін Чаховіч, Вэндрагоўскі, Крышкоўскі, Сымон Будны ды іншыя некаторыя, езьдзілі і з той справай братоў польскіх азнаёмілі. Але тады мала зрабілі, бо польскія браты з тым пытаньнем яшчэ мала былі знаёмыя, апроч Станіслава Паклепкі, люблінскага служыцеля, і Ежы Шомана. І гэтак прызначылі ў той самай справе зьезд у Вэнгрове на 27 сьнежня. У той час Паклепка памёр пад час пошасьці ў Любліне, адмысловы тэстамэнт пакінуўшы, бо быў мужам вучоным і пабожным.
Калі прыйшоў час, прызначаны для зьезду, зьехалася ў Вэнграў нямала служыцеляў польскіх, але віленскія служыцелі, у якіх была пільная патрэба, толькі ліст з прабачэньнямі даслалі, што ім усе за кепскі тон палічылі. На гэтым зьезьдзе выдатны муж Станіслаў Лютамірскі спачатку моцна на хрышчэньні дзяцей настойваў, але потым, Пісьма Сьвятога і даўнейшых тэолягаў сьведчаньнямі пераможаны, саступіў праўдзе. На тым зьезьдзе ўсе служыцелі згодна пастанавілі, каб немаўлятак не хрысьціць, а таксама спраўленьне другога таінства, то бок Вячэры Сына Божага, забараніць, каб яго ніхто не рабіў, пакуль першае таінства Сьвятога Хрышчэньня ня прыме. Тое ж пасьля на другім зьезьдзе ў Скшыне ў 1567 годзе пацьверджана. Але за год перад гэтым служыцель віленскі Мікалай Вэндрыгоўскі, у пошасьць вялікую, напісаўшы тэстамэнт, памёр, а ў тэстамэньце праўдзівае хрышчэньне дарослых людзей хваліў, а хрышчэньне дзяцей ганіў. Але ягоныя слухачы пра гэта ніяк ня дбалі і да гэтага часу ні адну з памылак ня выправілі, але чым далей, тым больш іх прымаюць, апроч Войцеха Касьценскага. Ён быў прызнаў памылку ў хрышчэньні дзяцей, але пасьля да яе вярнуўся; вось ён настаўленьнем Вэндрагоўскага, якое той зрабіў, паміраючы, напалоханы, зноў хрышчэньне дзяцей пакінуў і, кінуўшы пасаду віленскую, зьехаў у Польшчу. Марцін Чаховіч жа яшчэ за год перад сьмерцяй Вэндрагоўскага зь Вільні выехаў на Куявы, і ягонымі намаганьнямі Куяўская царква хутка прыйшла да разуменьня патрэбы ў Сьвятым Хрышчэньні.
У тым жа часе некаторыя літоўскія браты, праз частыя нейкага Якуба Каліноўскага ўгаворы, зь Літвы зьехалі ў 1569 годзе з жонкамі і дзецьмі, і аселі ў Малой Польшчы ў новым мястэчку Ракаве. Там таксама патрэба Сьвятога Хрышчэньня хутка была зразуметая, але ўсё потым хутка разарвалілася і ўсе разьехаліся. Куяўцы таксама, людзі знакамітыя, амаль у той жа час са сваёй айчыны зьехалі, і ў Любліне ды яго ваколіцах аселі, дзе і да гэтага часу жывуць, і царкву ў навуцы і ў дысцыпліне хрысьціянскай добрую з ласкі Сына Божага маюць.
Нейкі Павал, родам зь Візны, супэрінтэндант віленскі, будучы ў Літве праз тых, якія былі яго на тую пасаду абралі, пагарджаны, у 1568 годзе на Валынь зьехаў і царкву ў Валошчычах, князя Ўладзіслава Збараскага мястэчку, заклаў, але сам неўзабаве зьехаўшы дзеля (выданьня) Бібліі ў Нясьвіж, там памёр. Як відаць, усе верныя служыцелі зь Літвы альбо былі выгнаныя, альбо з добрай волі ў Польшчу і на Валынь, як паведамлялася, зьехалі. Таму і царква невялікая была, і да Хрышчэньня Сьвятога толькі цяпер, у 1578 годзе 18 траўня ў Лоску прыйшлі.
А гэта ўсё тут коратка для таго напісаў, каб нашчадкі Бога баяліся, і няўдзячнасьці ўсялякай пазьбягалі, ведаючы, што дзеля яе Бог Слова Сваё адбірае ды іншым народам Яго дае. І да таго, каб ведалі, што справа аб вырачэньні хрышчэньня дзяцей не абыякая, ані з дрэннай якой матывацыі, але неадменная і моцная ёсьць, і пачата, і пры дапамозе Бога скончана.
Пераклад з польскай А.Унучака паводле Szymona Budnego relacja o poczatkach i rozwoju anabaptyzmu w zborze mniejszym. Odrodzenie i Reformacja w Polsce, t. XXXI, 1986, s.102-109.
|
|