|
Прапаведнік славы Божай Жан Кальвін (1509-1564)
Антоні Бокун
Дык прашу вас, браты, праз міласэрдзе Божае, аддавайце целы вашыя ў ахвяру жывую, сьвятую, мілую Богу на разумнае служэньне вашае.
І не ўпадабняйцеся гэтаму сьвету, але рэфармуйцеся праз аднаўленьне розуму, каб умелі пазнаць, якая ёсьць воля Божая, што добрае, і прыемнае Богу ды дасканалае.
Рымлянам 12:1-2
У гэтым годзе спаўняецца 500 год ад нараджэньня Жана Кальвіна - чалавека, які разам з Марцінам Лютарам зьдзейсьніў вялікае дзела Рэфармацыі ў XVI стагодзьдзі. Можна сказаць, што Кальвін скончыў тое, што пачаў Лютар. І хоць імёны рэфарматараў часта гучаць разам, мы больш ведаем пра Лютара, а асоба Кальвіна застаецца ў ценю. Аднак, калі б Кальвін пра гэта даведаўся, ён бы не пакрыўдзіўся, бо цэнтрам ягонай пропаведзі, сутнасьцю ягонага служэньня было імкненьне аддаць УСЮ СЛАВУ БОГУ.
Рух Рэфармацыі, рух за вяртаньне Царквы і грамадзтва да біблійных стандартаў, пачаўся ў 1517 годзе выступам Марціна Лютара супраць індульгенцыяў. Але Жан Кальвін стаў тым, хто забясьпечыў будучыню Рэфармацыі. Ён стаў галоўным эвангельскім багасловам свайго часу і здолеў даць цэласнае вучэньне, заснаванае на Слове Божым, здольнае ахапіць усе сфэры жыцьця чалавека.
Першыя крокі
Жан Кальвін нарадзіўся 10 ліпеня 1509 году ў Наёне, маленькім горадзе ў Пікардыі, разьмешчаным у 100 кіломэтрах на поўнач ад Парыжу. Ягоны бацька Жэрар Ковэн быў натарыюсам капітулы Наёнскага катэдральнага сабору, і прагнуў бачыць сваіх сыноў сьвятарамі. Ужо ў 12 год Жан Кальвін атрымаў прывілей на атрыманьне даходаў ад капліцы Наёнскага сабору, якія павінен быў скіраваць на аплату свайго навучаньня як будучага сьвятара. Таму праз два гады Жан пачынае навучаньне тэалёгіі ў Парыскім унівэрсітэце. Але ў 1528 годзе бацька загадаў яму пакінуць Сарбону і заняцца вывучэньнем права. Кальвін накіраваўся ў Арлеан, а пасьля ў Буржэ і ў 1532 годзе атрымаў дыплём юрыста. Аднак Кальвіну больш падабаліся філязофія і філялёгія, і ён вярнуўся ў Парыж, каб вычыцца ў новаадкрытым каледжы гуманітарных навук. У тым самым годзе Жан Кальвін напісаў акадэмічную працу - камэнтар да твору рымскага філёзафа Сэнэкі "Аб паўстрыманасьці", - якая, аднак, ня спраўдзіла ягоных надзеяў і ня мела значнага ўплыву. Прыблізна ў гэты самы час Кальвін перажыў навярненьне. Вось што ён пісаў у 1537 г., узгадваючы гэтыя падзеі:
Паколькі я быў цьвёрда адданы забабонам папства, і ня мог зь лёгкасьцю быць выцягнутым з гэтай дрыгвы, Бог нечаканым навярненьнем падпарадкаваў мой дух, каб ён стаў здольным прыняць настаўленьне. Калі ў выніку гэтага я адчуў вялікую прыхільнасьць да сапраўднай пабожнасьці, я загарэўся такім жаданьнем узрастаць у ёй, што хоць я не пакінуў іншых справаў, пачаў ставіцца да іх нашмт больш стрымана. Не прайшло і году, як усе, хто прагнуў больш чыстага жыцця, прыйшлі вучыцца да мяне, хоць я быў толькі пачаткоўцам.
У Парыжы Кальвін сустракаецца зь іншымі маладымі людзьмі, прыхільнымі да ідэяў Рэфармацыі, распаўсюджвае па горадзе эвангелізацыйныя трактаты Жэрара Русэля, які імкнуўся рэфармаваць каталіцкую царкву, не парываючы з Рымам. 1 лістапада 1533 года новы рэктар Парыскага ўнівэсітэту Ніколя Коп, зь якім Кальвін сябраваў шмат год, выступіў з прамовай перад студэнтамі і выкладчыкамі, у якой заклікаў да жыцьця паводле Эвангельля. У выніку Коп і ягоныя бліжэйшыя сябры, у тым ліку Кальвін, былі вымушаныя ўцякаць з гораду. Увесь наступны год Кальвін пад рознымі псэўданімамі вандраваў па Францыі, вывучаў Біблію і творы айцоў Царквы, сустракаўся з прадстаўнікамі францускага рэфармацыйнага руху. Менавіта ў гэты час канчаткова сфармавалася рэфармацыйная пазыцыя Кальвіна. Ён адмовіўся ад даходаў ад капліцы ў Наёне, прапаведаваў і праводзіў Вяэру Госпадаву на сабраньнях прыхільнікаў эвангельскай веры. Васьмідзесяцігадовы Лефэўр д'Этапль, пачынальнік рэфармацыйнага руху ў Францыі, сказаў маладому Кальвіну: "Ты выбраны інструмэнтам Госпада. Празь цябе Госпад усталюе ў нашай краіне Сваё Валадарства".
У кастрычніку 1534 г. шмат плякатаў з крытыкай каталіцкага вучэньня былі разьвешаны па ўсім Парыжы, адзін зь іх - нават на дзьвярах каралеўскай спальні. Кароль Францыск І быў угнеўлены і пачаў жорсткі перасьлед прадстаўнікоў эвангельскага руху. Многія сябры і знаёмыя Кальвіна былі спаленыя на вогнішчы за сваю эвангельскую веру. Кальвін пакінуў Францыю і спыніўся ў Базэлі, дзе прысьвяціў сябе багаслоўю і напісаньню кнігаў. Ён займаўся падрыхтоўкай да выданьня Бібліі на францускай мове. Тамсама ў 1535 годзе ён скончыў першы варыянт свайго галоўнага твору - "Настаўленьняў у хрысьціянскай веры". Кальвін пісаў гэтую кнігу, каб "сваім абвяржэньнем зласьлівых абвінавачаньняў абараніць гонар маіх братоў, сьмерць якіх была каштоўнай перад Госпадам".
Адкінуты прапаведнік
У 1536 годзе ён накіраваўся ў Стразбур, але ваенныя падзеі змусілі яго ехаць у аб'езд праз Жэневу. Жэнева толькі што прыняла Рэфармацыю, аднак гэта было зроблена, перш за ўсё, з палітычных меркаваньняў. "Шукалі ідалаў і іх палілі, і ў гэтым была ўся рэфармацыя. Паўсюль панаваў хаос", - узгадваў пазьней рэфарматар. Кальвін меркаваў спыніцца там толькі на адну ноч, але Гіём Фарэль, які прысьвяціў сябе пропаведзі Эвангельля сярод жэнеўцаў, знайшоў яго і заклікаў дапамагчы справе Рэфармацыі ў Жэневе. Калі Кальвін пачаў адгаворвацца, што ён больш навуковец, чым прапаведнік, і больш бачыць сябе ў напісаньні кнігаў, а ня працы з людзьмі, Фарэль сказаў: "Ты адгаворваешся сваімі заняткамі. Але ад імя Усемагутнага Бога абвяшчаю табе: ты сьцягнеш на сябе Божы праклён, калі адмовіш сваёй дапамогі справе Божай і будзеш больш клапаціцца пра сябе, а не пра Хрыста". Кальвін вырашыў застацца.
Сваю дзейнасьць у Жэневе Кальвін пачаў з выданьня Жэнеўскага вызнаньня веры і катэхізіса. Вызнаньне, якое паводле Кальвіна мусілі падпісаць усе грамадзяне Жэневы, пачыналася са словаў: "Перш за ўсё падкрэсьліваем, што нашым прагненьнем зьяўляюцца паводзіны ў адпаведнасьці са Сьвятым Пісьмом, якое адно толькі ёсьць стандартам веры і рэлігіі".
У студзені 1537 году Кальвін перадаў у жэнеўскі магістрат прапанову па арганізацыі жыцьця царквы праз захаваньне царкоўнай дысцыпліны на аснове біблійных стандартаў. "Мы, са свайго боку, ня маем намеру абмежаваць сваё служэньне такімі вузкімі рамкамі, што калі пропаведзь скончыцца, нашае служэньне было б скончана", - пісаў Кальвін. Некалькі месяцаў магістрат разглядаў прапанову, пакуль нарэшце згадзіўся прыняць некаторыя яе пункты.
Кальвін так акрэсьліваў сваё разуменьне пакліканьня прапаведніка: "Няхай ясна будзе тут апісаная ўлада, якой царква павінна надзяліць прапаведнікаў. Паколькі іх прызначэньне - быць распарадчыкамі душаў людзкіх і весьнікамі Слова Божага, яны могуць усё, яны маюць права змусіць усіх вялікіх і магутных гэтага сьвету схіліцца перад веліччу Божай і служыць Яму. Яны маюць права загадваць усім - ад найвышэйшых да найніжэйшых, яны абавязаныя насаджаць закон Божы і руйнаваць валадарства д'ябла, сьцерагчы авечак і зьнішчаць ваўкоў, яны абавязаныя настаўляць і выхоўвць паслухмяных, абвінавачваць і зьнішчаць тых, што працівяцца. Яны маюць права абавязваць і вызваляць, кідаць грымоты і маланкі, але ўсё гэта - згодна са Словам Божым". Ня ўсім у Жэневе гэта падабалася.
На выбарах на пачатку 1538 г. перамаглі супраціўнікі рэформаў, якія праводзіў Кальвін. Пасьля таго, як некаторыя пастары ў пропаведзях пачалі крытыкаваць дзеяньні новых уладаў, 2 сакавіка 1538 г. гарадзкая рада выдала загад прапаведнікам ня лезьці ў палітыку, а толькі прапаведваць Слова Божае, а пасьля выдала пастанову адносна арганізацыі царквы, у якой забараніла ужываць адлучэньне і адмову ва ўдзеле ў ламаньні хлеба. Сьляпога пастара Каро, які выступіў супраць гэтай пастановы, кінулі ў вязьніцу. Калі Кальвін і Фарэль выступілі з пратэстам, магістрат забараніў Кальвіну прапаведаваць і забавязаў усіх іншых пастароў, каб у ламаньні хлеба маглі ўдзельнічаць усе ахвотныя. Тым ня менш у пасхальную нядзелю Кальвін выйшаў прапаведаваць, а ў канцы аб'явіў, што ён ня будзе праводзіць Вячэру Госпадаву, і гэта выклікана напружанай сытуацыяй у горадзе і нежаданьнем жэнеўцаў пакаяцца ў сваіх грахах і жыць паводле Эвангельля. На наступны дзень магістрат пастанавіў выгнаць з Жэневы Кальвіна, Фарэля і Каро. "Калі б мы служылі людзям, мы б мелі цяпер марную плату, але мы служым вялікаму Богу, Які ўзнагародзіць нас шчодра", - сказаў Жан Кальвін, калі яму паведамілі, што ў 72 гадзіны ён мусіць пакінуць Жэневу.
Кальвін у Стразбуры
Кальвін зьехаў у Базэль, дзе намерваўся аднавіць свае навуковыя заняткі. Аднак гэтаму не наканавана было ажыцьцявіцца. Марцін Буцэр запрасіў яго прыехаць у Стразбур, каб стаць пастарам у невялікай грамадзе, якая складалася з францускіх уцекачоў. Кальвін адмаўляся, пакуль Буцэр не пачаў пагражаць яму прыкладам Ёны.
Нягледзячы на беднасьць, гады, праведзеныя ў Стразбуры, былі ці не найлепшым часам у жыцьці Кальвіна. Ён меў добрыя адносіны з Буцэрам і іншымі рэфарматарамі і атрымаў магчымасьць арганізоўваць жыцьцё царквы так, як гэта бачыў у Бібліі. Менавіта ў гэты час Кальвін грунтоўна дапрацаваў "Настаўленьні ў хрысьціянскай веры" і пераклаў іх на францускую мову (першае выданьне выйшла на лаціне), надрукаваў камэнтары да Лісту да Рымлянаў, і нават выдаў Кнігу Псальмаў уласнага перакладу.
Ва ўзросьце 30 год Кальвін пачаў думаць пра сужонства. Калі сябры пачалі прапаноўваць яму розныя кандыдатуры, ён напісаў: "Адзіная прыгажосьць, якая прываблівае мяне, гэта прыгажосьць жанчыны багабойнай, ахвярнай, ня зьедлівай, ашчаднай, цярплівай, якой я змагу даверыць клопат пра сваё здароўе". Гэтыя чаканьні павінна была апраўдаць удава аднаго анабаптыста, які далучыўся да царквы Кальвіна. У жніўні 1540 г. Гіём Фарэль вянчаў Жана Кальвіна і Ідэлету Штордэр. На жаль, іх сужонства не было доўгім. Калі ў 1549 годзе Ідэлета памерла, рэфарматар вельмі цяжка перажываў гэта. Нават праз шмат год ён у лістах казаў пра вялікую рану і смутак, якія ён меў з гэтай прычыны.
Пакуль Кальвін знаходзіўся ў Стразбуры, царква ў Жэневе апускалася ўсё ніжэй. У 1539 годзе кардынал Садале напісаў жыхарам Жэневы, заклікаючы іх вярнуцца ў рымскую царкву. Ліст гэты быў пераказаны Кальвіну, які напісаў за адзін дзень "Адказ кардыналу Садале" - адну з лепшых сваіх працаў, у якой была паказаная реабходнасьць Рэфармацыі, каб Слова Божае стала адзінай крыніцай праўды. У рэшце рэшт, у 1540 годзе магістрат у адчаі папрасіў Кальвіна вярнуцца. Рэфарматар адмовіўся, бо раней так выказваўся пра магчымасьць свайго вяртаньня ў Жэневу: "Я адам перавагу сотні іншых спосабаў пакараньня, чым таму крыжу, на якім я мушу ўкрыжоўвацца ў Жэневе тысячу разоў на дзень". Пазьней, аднак, "сур'ёзны і адказны погляд на мае абавязкі перамог і прывёў да рашэньня вярнуцца ў статак, ад якога я быў адарваны, але Госпад - сьведка, зь якой тугой, сьлязьмі, вялікім непакоем і адчаем я зрабіў гэта".
Пастар Жэневы
Кальвін вярнуўся ў Жэневу ў 1541 годзе. Страхі яго апраўдаліся цалкам. Ён мусіў весьці доўгую і жорсткую бітву за духовую самастойнасьць жэнеўскай царквы і ўвядзеньня жорсткай дысцыпліны. Тыя правілы, якія ён імкнуўся ўсталяваць (уключаючы нашэньне канкрэтнай вопраткі і забарону на танцы), былі пераважна традыцыйнымі сярэднявечнымі правіламі. Новым жа было тое, што рэфарматар насамрэч вырашыў увасобіць іх у жыцьцё, і ўвасобіць ва ўсім жэнеўскім грамадзтве, не выключаючы і кіроўнага стану. На працягу многіх год Кальвін сутыкаўся з жорсткім супрацівам магістрату, аднак у рэшце рэшт ягоныя апанэнты былі пераможаныя і рада ў горадзе стала выступаць на баку Кальвіна. У апошнія гады свайго жыцьця ён быў вельмі паважаным чалавекам, хоць ягоныя правілы не заўсёды выконвалі.
Пра Кальвіна ніколі не існавала добрай думкі. Ён пісаў пра сябе ў 1559 годзе: "Не было ніводнага чалавека, на якога бы так нападалі, джалілі і разрывалі паклёпам". Словы гэтыя былі больш прарочымі, чым ён мог сабе гэта ўявіць. Яго асуджалі і асуджаюць да сёньняшняга дня за прыхільнасьць да дактрыны аб перадвызначэньні, пра якую вельмі выразна навучаў Аўгустын, большасьць сярэднявечных тэолягаў і ўсе рэфарматары. Сапраўды, Кальвін засяродзіў увагу на некаторых яе пастулятах, аднак ён не пераходзіў межаў, за якія выходзілі некаторыя сярэднявечныя тэолягі. У некаторай ступені дрэнная рэпутацыя Кальвіна - гэта заслуга ягоных вучняў, якія часта парушалі выразную раўнавагу ягонай тэалёгіі, робячы дактрыну аб перадвызначэньні цэнтрам і асновай вучэньня, у той час як сам Кальвін адводзіў ёй сваё асаблівае месца.
Кальвіна абвінавачваюць ў тым, што ён зрабіўся "дыктатарам Жэневы", хоць нават у самыя зорныя часы ягонай улады ён меў хутчэй маральныя паўнамоцтвы, чым юрыдычныя, і перад кожнай публікацыяй сваіх кнігаў павінны быў атрымліваць ухвалы гарадзкой рады. Толькі ў 1559 годзе Кальвін атрымаў грамадзянства Жэневы, а да 1555 году большасьць рады Жэневы была ў апазыцыі да Кальвіна.
Найбольш сур'ёзным абвінавачаньнем зьяўляецца ўдзел Кальвіна ў працэсе над Мігелем Сэрвэтам, які адмаўляў дактрыну Тройцы і шэраг іншых хрысьціянскіх дактрын. У 1553 годзе, калі праходзіў гэты працэс, здавалася, што Кальвін будзе выгнаны з Жэневы ізноў, пераважную большасьць Рады зноў складалі яго супраціўнікі, так што Сэрвэт быў амаль упэўнены ў сваёй перамозе і на судзе абвінавачваў Кальвіна ў герэзіі. Кальвін быў пакліканы ў суд у якасьці экспэрта адносна тэалягічных пытаньняў, і ягонае заключэньне было падтрымана ўсімі швайцарскімі багасловамі. У выніку паводле прысуду Жэнеўскага магістрату Сэрвет быў спалены на вогнішчы ў адпаведнасьці з законам Сьвятой Рымскай імпэрыі адносна герэтыкоў. Цяжка сказаць, чаму Бог дапусьціў, каб гэта адбылося. Часам нават здаецца несправядлівым, што хаця ў XVI стагодзьдзі тысячы пратэстантаў загінулі мучаніцкай сьмерцю ад рук каталіцкіх інквізітараў, імя Кальвіна ачарняецца за ўдзел у адным працэсе. Але праз гэта Госпад выразна паказвае, што "ўсе саграшылі і пазбаўлены славы Божай", што нават такі чалавек, які стаў цудоўным інструмантам у руках Бога, не зьяўляецца бязгрэшным, і што ўсё нашае спадзяваньне павінна быць не на нашую праведнасьць, а на ласку Божую, якая зьяўлена нам у Ісусе Хрысьце.
Сапраўды, Кальвін ня быў дасканалым, ён сам прызнаваў, што меў кепскі характар. Таксама ён быў нецярпімы, мяркуючы, што апазыцыя яго вучэньню ёсьць апазыцыяй Слову Божаму. Але Госпад выкарыстаў гэтага чалавека, каб падрыхтаваць цэлыя пакаленьні моцных людзей, упэўненых у сваіх выбарах, якія супрацоўнічаюць з Богам у выкананьні Ягонай волі, адважныя ў барацьбе, маюць моцны, цэласны характар і перакананыя, што Госпад даў у Сьвятым Пісаньні пастановы для ўсіх чалавечых учынкаў і праўдзівага пакланеньня Богу. Напрыканцы XVI стагодзьдзя адзін гішпанскі вайсковец у Галяндыі сказаў: "Я лепш стану супраць цэлай арміі, чым супраць аднаго кальвініста, перакананага, што ён спаўняе волю Бога".
Прыклад рэфармаванага гораду
Кальвін перамяніў Жэневу. Шатляндзкі рэфарматар Джон Нокс казаў: "Гэта самая дасканалая школа Хрыста, якая толькі існавала на зямлі з апостальскіх часоў. Лічу, што і ў іншых месцах Хрыста ісьцінна прапаведавалі, але такой шчыра рэфармаванай рэлігіі я ня бачыў ні ў якім іншым месцы". Гэта было вынікам строгай дысцыпліны, уведзенай Кальвінам. Тым жа, каму гэта дысцыпліна не падабалася, Кальвін раіў "пабудаваць такі горад, у якім яны хацелі б жыць, бо яны ня хочуць жыць тут пад уладай Хрыста".
На працягу 25 год свайго другога знаходжаньня ў Жэневе Кальвін прапаведваў прынамсі 5 разоў на тыдзень. Трымаючы ў руках толькі Біблію, ён у адзін год прамовіў 286 пропаведзяў і 186 багаслоўскіх лекцыяў. З 1549 году ягоныя пропаведзі занатоўваліся стэнаграфістамі.
Рэфарматар шмат вучыў пра пакліканьне чалавека. "Ніякая праца не зьяўляецца настолькі ганебнай або нізкай, калі ў ёй рэалізуем сваё пакліканьне, каб яна ў вачах Божых не зьзяла каштоўным бляскам", - казаў Кальвін. "Кожны на сваім мейсцы павінен усьведамляць, што яго пазіцыя нібыта варта, на якую ён пастаўлены Богам, што яму не адпавядае скакаць у розныя бакі і бяздумна зьмяняць хаду свайго жыцьця… Бог судзіць усе нашыя справы адпаведна нашаму пакліканьню", - пісаў ён у "Настаўленьнях". Таму ня дзіўна, што Жэнева пачала перажываць сур'ёзны эканамічны ўздым.
Пропаведзі Кальвіна датычылі таксама адказнасьці людзей за тыя ўлады, якія яны выбіраюць: "Няхай народ імкнецца абіраць на судзьдзяў самых справядлівых і здольных. Калі ж ён ня зможа гэта зрабіць, няхай наракае на сябе сам".
Жан Кальвін стаў першым рэфарматарам, які разглядаў дасьвядчэньне збаўленьня як справу Духа Сьвятога. "Ня можа быць сапраўднай веры, калі яна не запячатаная ў нашых сэрцах Духам Сьвятым", - абвяшчаў ён. - "Слова Божае не здабудзе поўні веры ў сэрцах людзей, калі ня будзе запячатана ўнутраным сьведчаньнем Сьвятога Духа".
Кальвін зьяўляецца адным з самых плённых пісьменьнікаў у гісторыі Царквы. Яго творчасьць была б непасільнай працай для двух іншых менш працаздольных людзей. Нягледзячы на частыя хваробы, ён напісаў мноства палемічных трактатаў, а таксама камэнтары да многіх кнігаў Бібліі: ад Кнігі Быцьця да Ісуса Навіна, на ўсіх прарокаў, акрамя Эзэкіля, і на ўвесь Новы Запавет, за выключэньнем 2 і 3-га пасланьняў Яна і Адкрыцьця. Камэнтары Кальвіна да гэтага часу маюць вялікую каштоўнасьць для тых, хто сапраўды хоча зразумець значэньне тэксту.
Клопат пра многія цэрквы
Кальвін шмат перажываў за сваю Бацькаўшчыну - Францыю, і многія ўцекачы, якія прыяжджалі ў Жэневу, вярталіся на Радзіму, каб стаць там пастарамі французкіх пратэстанцкіх цэркваў, колькасьць якіх пастаянна павялічвалася. Для іх падрыхтоўкі Кальвін заснаваў Акадэмію. У гэты час з Жэневы няспынна выпраўляюцца місыянэры, перш за ўсё у Францыю, але таксама ў Галяндыю, Нямеччыну, Ангельшчыну, і нават у Бразылію.
Адчуваючы адказнасьць за распаўсюд Слова Божага, Кальвін перапісваўся ледзь не з усімі пратэстантамі свайго часу. Ягоная карэспандэнцыя складае 11 тамоў, а сьпіс яго рэспандэнтаў выглядае як даведнік "Хто ёсьць хто" ў рэфарматарскай Эўропе.
"Пасьля Францыі ніводная з краінаў не прыцягвала большай увагі Кальвіна чым Польскае каралеўства [Польшча і Вялікае Княства Літоўскае]," - пісаў адзін з дасьледчыкаў ХІХ ст. Жан Кальвін прысьвяціў Жыгімонту Аўгусту выданьне Лісту да Гебраяў, а Мікалаю Радзівілу Чорнаму - Дзеі Апостальскія. У 1557 годзе ў звароце да шляхты дзяржавы Ягайлавічаў, якія вызнаюць чыстае эвангельскае вучэньне, Кальвін заклікаў аб'яднацца прадстаўнікам розных дэнамінацыяў, бо нягледзячы на адрозьненьні, іх веравучэньні маюць унутранае адзінства: "Вы ж самі ведаеце, што трываласьць царквы заключаецца ня толькі ў адзінстве веравызнаньня, але і ў братэрскай згодзе, асабліва ў часы, калі вораг усімі сіламі прагне зьнішчыць царкву".
Тэстамэнт рэфарматара
Памёр Жан Кальвін 27 траўня 1564 году. Незадоўга перад сваёй сьмерцю ён сабраў пастараў Жэневы, і сказаў ім: "Меў я мноства заганаў, якія вы зносілі цярпліва. Прашу Вас, прабачце мяне. А калі што заўважылі ўва мне добрае, тое прыйміце і насьлядуйце… Заўсёды я рабіў тое, што, як мне падавалася, патрабавала слава Божая". Асаблівую ўвагу рэфарматар у сваіх апошніх словах зьвярнуў на цэласнасьць эвангельскай весткі, за якую ён змагаўся ўсё сваё жыцьцё. "Зважайце ня толькі на ваш абавязак адносна царквы, але таксама на ваш абавязак адносна грамадзтва", - зьвяртаўся ён да пастараў, якія атачылі ягоны ложак.
Згодна з воляй рэфарматара, ён быў пахаваны "звычайным чынам", значыцца без цэрэмоніяў, помніка і нават надпісу на магіле, і таму на сёньняшні дзень ніхто ня ведае, дзе магіла Жана Кальвіна.
Прадаўжальнік справы Кальвіна ў Жэневе Тэадор Бэза так пісаў пра свайго настаўніка: "У ім кожны чалавек можа ўбачыць цудоўны прыклад хрысьціянскага характару, прыклад, які настолькі лёгка ганьбіць, наколькі складана яму насьлядаваць".
Але тысячы людзей па ўсім сьвеце натхняліся гэтым прыкладам служэньня Госпаду ўсім сваім жыцьцём. Прыклад Жэневы натхняў францускіх гугенотаў, галяндзкіх рэфарматаў, шатляндзкіх прэзьбітэрыянаў, ангельскіх пурытанаў, паўночнаамэрыканскіх каляністаў. Дзякуючы эвангельскім вернікам жыцьцё краінаў і народаў зьмяніліся непазнавальна, і ў гэтым ёсьць вялікая заслуга рэфарматара з Жэневы.
Кальвін і яго духоўныя вучні мелі непасрэднае дачыненьне да паўстаньня і разьвіцьця такіх зьяваў як канстытуцыйная дэмакратыя, рынкавая эканоміка і сучасная навука.
Жыцьцё і труд Кальвіна заўсёды успрымаліся неадназначна, Але і тыя, хто ненавідзяць Кальвіна, і тыя, хто ім захапляюцца, згаджаюцца ў адным: ён быў чалавекам зь ясным розумам і жалезнай воляй, які мае глыбокі і шматбаковы ўплыў на разьвіцьцё заходняй цывілізацыі.
Спадчына Кальвіна
Жан Кальвін увайшоў у гісторыю хрысьціянства, як верны сьведка Хрыста, які з новай сілай даў Царкве: -
разуменьне усемагутнасьці і славы Божай;
-
разуменьне дзеяньня Сьвятога Духа;
-
патрэбу пошука і выкананьня волі Божай для ўсіх сфэраў жыцьця чалавека і грамадзтва;
-
важнасьць выкананьня кожным хрысьціянінам свайго прызначэньня, якое ахоплівае як рэлігійнае, так і прафэсійнае, палітычнае, грамадзкае жыцьцё;
-
прыклад аўтарытэтнага стаўленьня царквы да сьвецкай ўлады.
Спадчына Жана Кальвіна мела вялікую актуальнасьць у XVI стагодзьдзі, ня менш актуальная яна і сёньня. Прыклад уніклівага тэоляга, які стаў пастарам і змог даць прыклад пераўтварэньня, рэфармаваньня грамадзтва на аснове Слова Божага, крытычна неабходны хрысьціянам ХХІ стагодзьдзя.
|
|