Галоўная
  Гісторыя
  Ідэі
  Асобы
  Дакумэнты
  Даты
  1553-2003
  Фотагалерэя
500 год Жану Кальвіну

500 год Мікалаю Радзівілу Чорнаму

  ЎКантакце




Царква Хрысьціян Веры Эвангельскай у Рэспубліцы Беларусь Царква Ісуса Хрыста
АСОБЫ

Жан Кальвін: жыцьцё і служэньне

Георг Плясгер

Францускі гуманітар і пратэстанцкі рэфарматар Жан Кальвін, патрапіўшы як уцякач у Жэневу, зрабіў гэты правінцыйны горад інтэлектуальнай сталіцай Эўропы, палітычныя і царкоўныя інстытуты якой у наступныя стагодзьдзі сталіся прыкладамі для дэмакратычнага разьвіцьця сучаснага грамадзтва. На працягу гадоў ён здолеў прывабіць у Жэневу вядомых навукоўцаў, высокакваліфікаваных рамесьнікаў і простыя сем'і, якія перажывалі ўціск і ганеньні. Такім чынам ён значна паскорыў эканамічнае развіцьцё рэгіёну, для каторага вытворчасьць гадзіньнікаў і банкаўская дзейнасьць застаюцца асноўнымі і сёньня. Адначасова з гэтым ён здолеў зрабіць Жэневу зямлёй-прыбежышчам, натхніўшы людзей на больш талерантныя і высакародныя погляды.

Жан Кальвін, каторы быў адначасова юрыстам і тэолягам, браў вялікі ўдзел у рэарганізацыі палітычных і сацыяльных інстытутаў: ён змагаўся за правільныя адносіны паміж Царквой і дзяржавай; ягоныя погляды на закон далі сыстэме правасудзьдзя сапраўднае этычнае абгрунтаваньне, а праз рэарганізацыю т.зв. Галоўнага шпіталю ён вярнуў клопат пра бедных на належнае месца ў жыцьці горада. Найвышэйшым яго дасягненьнем, хутчэй за ўсё, можна назваць стварэньне Каледжа і Акадэміі, у каторых кожны жадаючы мог атрымаць якасную адукацыю. Менавіта такая адукацыя стварала перадумовы для шырокага ўплыву гэтага ўзору дынамічнага грамадзтва, адкрытага для сьвету і разьвіцьця.

Тыя, хто размаўляе на францускай мове, таксама могуць падзякаваць Кальвіну - вытанчанаму лаціністу, вядомаму палемісту і вялікаму багаслову - за ягоны вырашальны ўнёсак у разьвіцьцё францускае мовы, дзякуючы якому яна ператварылася ў навуковую мову, на якой стала магчымым фармуляваць розныя ідэі і дзяліцца імі.

Жан Кальвін, дэспат з Жэневы? Пра асобу Жана Кальвіна вядома трохі болей, чым пра Ульрыка Цвінглі. І гэта зразумела, таму што ягоная дзейнасьць была непараўнальна больш эфектыўнай, чым дзейнасьць Цвінглі. Амаль усе рэфармацкія цэрквы сьвету лічаць сябе ягонымі спадкемцамі. Часта іх называюць кальвіністамі, хоць яны самі не ўжываюць гэты тэрмін у дачыненьні да сябе.

Але разам з тым вельмі часта сустракаюцца негатыўныя апісаньні Кальвіна, асабліва ў нямецкай традыцыі. Маўляў, ён быў дэспатам з Жэневы, надзвычай жорсткім і гатовым ахвяраваць усімі дзеля свайго вучэньня, ён пакараў сьмерцю Сервэта; ён прадставіў так званую дактрыну двайнога прадвызначэньня, у адпаведнасьці з каторай Бог прызначыў некаторых да збаўленьня, а некаторых - да асуджэньня, і г.д. У 1936 г., у часы нацыянал-сацыялізму Стэфан Цвейг напісаў кнігу "Сумленьне супраць улады. Кастэльё супраць Кальвіна" , у якой у вельмі ўмелай літаратурнай форме распавёў пра Гітлера, кажучы пры гэтым "Кальвін", і гэта таксама паспрыяла таму, што жыцьцё і дзейнасьць Кальвіна ў апошнія дзесяцігодзьдзі звычайна малявалася ў чорных колерах.

Сапраўды, некаторыя асаблівасьці жыцьця Кальвіна выглядаюць незразумелымі нашым сучасьнікам. Ён быў аскетам, каторы ўсё сваё жыцьцё прысьвяціў служэньню Рэфармацыі, і таму час ад часу паводзіў сябе даволі жорстка. Але мы мусім прыкласьці намаганьні, каб убачыць сітуацыю па-іншаму. Існаваньне такога няслушнага ўяўленьня пра Кальвіна таксама абапіраецца на канфэсіянальныя спрэчкі, што цягнуцца нават да нашых часоў. У XVII стагодзьдзі паміж канфэсіямі назіраліся спрэчкі і канфлікты, у прыватнасьці, гэтак было паміж рэфармацкімі і лютэранскімі цэрквамі. Людзі ганьбілі адзін аднаго, рабілі непрыгожыя інсінуацыі і не імкнуліся да справядлівага ўяўленьня адзін пра аднаго. Шмат няслушнага было зроблена абодвума бакамі, у тым ліку і рэфармацкімі цэрквамі. У гэтым кантэксце, у першую чаргу ў Нямеччыне, на падставе твораў многіх уплывовых лютаранаў зьявілася ўяўленьне пра Кальвіна, каторае было распаўсюджаным на працягу болей чым ста гадоў і - хаця яго "колеры" крыху зьмякчыліся - дажыло нават да сёньняшніх дзён у некаторых царкоўна-гістарычных і папулярных выданьнях.

З гэтае прычыны добра будзе, калі мы не станем ставіцца да Кальвіна перадузята, але разгледзім і дасьледуем ягонае жыцьцё, працу і тое, чаму ён вучыў, больш дакладна.

Дзяцінства і студэнцкія гады

Жан Кальвін нарадзіўся 10 ліпеня 1509 года ў Наёне ў Паўночнай Францыі (каля 100 км на поўнач ад Парыжу). Ягонае сапраўднае імя - Жан Ковэн. Бацька Кальвіна быў натарыюсам у мясцовым катэдральным саборы і таму, як чалавек сьвецкі сярод духоўных, меў асаблівую пазіцыю. Ужо ва ўзросьце дванаццаці гадоў Кальвін атрымаў свае першыя сродкі на пражыцьцё - частку прыбытку ад адной парафіі (Chapel de la Gesine). Да 1523 г. Кальвін вучыўся ў школе ў сваім родным горадзе. Калі яму споўнілася 14 год, яго выправілі ў Парыж, у вядомы Каледж дэ ля Марш, дзе адным з выкладчыкаў лацінскай мовы быў Матурэн Кардзье, вядомы як стваральнік новай педагогікі. І нягледзячы на тое, што сам Кардзье выкладаў у яго нядоўга, Кальвін захапляўся ім усё сваё жыцьцё. Больш за тое, пазьней Кардзье быў прызначаны дырэктарам і стваральнікам школаў у Жэневе і Лазаньне.

Праз даволі кароткі час, у 1524 годзе, зь невядомых прычынаў Кальвін перайшоў у другую навучальную ўстанову, у якой таксама быў інтэрнат, - Каледж дэ Мантэгю, апірышча рыма-каталіцкай традыцыі, каторы студэнты лічылі жахлівым. Тым ня менш, Кальвін, здавалася, зусім не пакутаваў там, а хутчэй наадварот, яму падабалася грунтоўная адукацыя, асабліва па граматыцы і філязофіі, а таксама па тэалёгіі. Між тым, адзін з выкладчыкаў Кальвіна, Жан Мэр, альбо Маёр, склаў камэнтар да Эвангельляў і абараняў дактрыны рыма-каталіцкай царквы ад Уікліфа, Гуса і, перадусім, Лютара. Дактрыны Лютара тады ўжо распаўсюдзіліся і менавіта ад іх трэба было абараняцца. Хутчэй за ўсё, там Кальвін пазнаёміўся з каталіцкай тэалёгіяй на падставе "Сентэнцыяў" Пётры Ламбардскага (1100 - 1160), айцоў царквы, а таксама працаў Аўгустына (354 - 430).

У Кальвіна зьявіліся сябры, некаторыя з якіх былі вельмі адкрытыя на Рэфармацыю, некаторыя нават падтрымалі яе. Сам Кальвін яшчэ гэтага не зрабіў - ён лічыў палеміку Лютара з Цвінглі занадта палкай. Невядома, ці чытаў Кальвін творы Лютара. У любым выпадку, у той час Кальвін яшчэ не далучыўся да Рэфармацыі, а быў верным пасьлядоўнікам рымскай дактрыны. Кальвіна тых часоў можна апісаць як каталіка-гуманіста, каторы настойваў на аднаўленьні навукаў, але не на Рэфармацыі ў тым сэнсе, у якім яе разумеў Лютар.

На пачатку бацька Кальвіна хацеў, каб той вывучаў тэалёгію. Аднак пазьней ён зьмяніў сваё рашэньне, магчыма, з-за спрэчак, каторыя былі паміж ім і біскупскай курыяй у Наёне, магчыма, таму, што ён бачыў больш магчымасьцяў для свайго сына ў іншай сферы, і скіраваў Жана на вывучэньне права. Кальвін пачаў вывучаць яго прыкладна ў 1528 г. у Арлеане, на вельмі вядомым тады факультэце. Ён упарта і старанна займаўся, засвоіў грэцкую мову за некалькі месяцаў і па-ранейшаму знаходзіўся пад вялікім уплывам ідэалаў гуманізму. Кальвін зьехаў з Арлеану ў 1529 г. і працягнуў навучаньне ў Буржэ, у вядомага юрыста Альцыята.

У 1531 г. Кальвін, даведаўшыся, што ягоны бацька сур'ёзна хворы, паехаў у Наён, дзе змог пабыць з бацькам апошнія гадзіны ягонага жыцьця. Між тым, канфлікты бацькі Кальвіна з курыяй сталі настолькі моцнымі, што ён быў адлучаны ад царквы у 1529 г.

Пасьля сьмерці бацькі Кальвін паехаў у Парыж. Цяпер ён быў незалежным чалавекам і, апроч вывучэньня юрыспрудэнцыі, прысьвяціў сябе літаратуры. У Парыжы кароль Францыск I заснаваў новы унівэрсытэт з гуманістычнай арыентацыяй, і Кальвін паступіў у яго. Зімой 1531-32 гг. Кальвін склаў камэнтар на твор Сенэкі "De clementia" ("Пра паўстрыманасьць"). Кніга адразу зрабіла яго вядомым і ўвяла яго ў лік вядучых гуманістаў Францыі. Пасьля гэтага ён вярнуўся ў Арлеан і скончыў вывучэньне права.

Навяртаньне да Рэфармацыі

Пытаньне, калі ж Кальвін зьвярнуўся да Рэфармацыі, стала прадметам безьлічы дасьледаваньняў; дакументаў жа, якія пра гэта кажуць, няшмат. Сам Кальвін піша, што ён перажыў раптоўнае навяртаньне (subita conversio).

Кальвін не пазначае даты. Магчыма, гэта адбылося перад 4 траўня 1534 г., таму што ў гэты час Кальвін выправіўся ў Наён і адмовіўся ад сваіх прыбыткаў з парафіі дэ ля Жэзін, што можна разумець як наступства яго адмаўленьня ад каталіцызму. Навяртаньне магло адбыцца ўжо ў 1533 г. Гэтую версію можна прыняць, калі Кальвін удзельнічаў ў напісаньні так званага "выступу Копа".

Доктар Нікалас Коп, рэктар Парыжскага унівэрсытэту, у каторым навучаўся Кальвін, 1 лістапада 1533 г. выступіў са зваротам да студэнтаў на пачатку сэмэстра ў царкве ордэна трынітарыяў. Гэты зварот, у якім тлумачыліся словы дабраслаўленьняў з Нагорнай казані, быў па сутнасьці, праслаўленьнем Эвангельля. Такім чынам Коп абвясьціў сваю веру ў ідэі Рэфармацыі. Манахі, у царкве каторых праходзіў выступ, адразу ж абвінавацілі Копа ў герэзіі, і праз некалькі тыдняў пасьля выступу Коп уцёк з Парыжу ў свой родны горад Базэль. Кантраверсійным момантам ў дасьледаваньні жыцьця Кальвіна зьяўляецца тое, ці быў выступ Копа напісаны Кальвінам. Калі гэта так, то ўвосень 1533 г. Кальвін ужо меў рэфармацыйныя погляды. У кастрычніку 1534 г. у Парыжы мела месца так званая "Справа ўлётак", калі ў горадзе зьявіліся ўлёткі з крытыкай імшы. Пасьля гэтага "лютэран", як называлі прыхільнікаў Рэфармацыі, абвясьцілі ініцыятарамі змовы супраць грамадзкага парадку і рэлігіі. Кальвін прыцягнуў увагу на пачатку гэтай сітуацыі, адкрыта абвясьціўшы пра сваю пратэстанцкую веру і энергічна яе абараняючы. У выніку, Кальвін таксама ўцёк з Парыжу ў пошуках ціхага прытулку, дзе б ён мог працягваць свае дасьледаваньні. Ён зьбіраўся напісаць катэхізіс для пратэстантаў, якія размаўляюць па-француску. Такім чынам, на пачатку 1535 году ён выправіўся ў Базэль.

У рэшце рэшт, трэба вельмі асьцярожна падыходзіць да дакладных датаў. Навяртаньне магло быць пэўнай падзеяй у жыцьці Кальвіна, але таксама магло быць працяглым працэсам. Тым ня менш, канкрэтна вядома наступнае: да 1534 г. Кальвін перажыў "conversio" - навяртаньне да эвангельскай веры, што мела выразныя наступствы.

Жэнева: першы і другі раз

У Базэлі Кальвін жыў пад псэўданімам "Люцыян" (на лаціне - анаграма імя Кальвін Calv(=u)inus - Lucianus). Ён працягваў працу над пратэстанцкім катэхізісам для францускіх рэфарматаў, і ў жніўні 1535 г. скончыў яго. Выдадзены гэты катэхізіс быў у сакавіку 1536 г. Апроч працы над катэхізісам, каторы ён назваў "Настаўленьні ў хрысьціянскай веры" ("Institutio christianae religionis"), ён працягваў вывучаць Біблію, працы Марціна Лютара, Філіпа Мелянхтона і Марціна Буцэра. Менавіта тады ён вывучыў гебрайскую мову і прачытаў схаластыкаў. Па ўсім відаць, што ён вельмі шмат працаваў.

У красавіку 1536 г., акурат пасьля выхаду ў сьвет ягоных "Настаўленьняў" Кальвін выправіўся ў Парыж, каб сустрэцца там са сваімі братамі і сёстрамі. Потым ён зьбіраўся ў Страсбур, дзе хацеў убачыць Буцэра і іншых рэфарматараў. Але Кальвін ня змог паехаць туды наўпрост, бо зноў разгарэлася вайна паміж каралём Францыі Францыскам I і імпэратарам Карлам. Такім чынам, яму давялося ехаць праз Ліён і Жэневу, што прывяло да нечаканых вынікаў.

У Жэневе адбылася знакамітая сустрэча Гіёма Фарэля і Жана Кальвіна. Кальвін сам піша пра гэта так: "Самы кароткі шлях у Страсбур, куды я акурат хацеў вярнуцца, быў закрыты з-за вайны. Таму я меў намер хутка праехаць праз гэтыя мясьціны і не затрымлівацца ў гэтым горадзе больш, чым на адну ноч. Папства было нядаўна вынішчана ў гэтым горадзе багабойным чалавекам, пра каторага я ўжо пісаў [Фарэлем] і майстрам Пьерам Вірэ. Але ж сітуацыя была складанай, і сярод жыхароў гораду былі небясьпечныя разьдзяленьні. Раптам нехта даведаўся, што я ў горадзе... [дзю Цільле] і распавёў пра гэта астатнім. У выніку гэтага Фарэль, каторы шчыра прагнуў распаўсюду Эвангельля, адразу ж прыклаў усе намаганьні дзеля таго, каб не дазволіць мне зьехаць. І калі ён даведаўся, што я хацеў бы, каб мяне пакінулі ў супакоі, каб я мог займацца навукай, і калі ён убачыў, што ягоныя просьбы не кранаюць мяне, ён прамовіў словы праклёну, сказаўшы, што Бог зьнішчыць мой супакой і мае заняткі, калі я пакіну іхні горад і не дапамагу ім. Гэтыя словы так напалохалі і кранулі мяне, што я вырашыў адмовіцца ад таго падарожжа, якое распачаў. Тым ня менш, з-за свайго страху і сарамлівасьці я не хацеў, каб мяне прымушалі займаць нейкую пасаду".

Рэфармацыя прыйшла ў Жэневу ў 1535 г., і Фарэль ужо шмат чаго дасягнуў. Тым ня менш, паколькі Рэфармацыя прыйшла ў гэты горад больш пад уплывам гарадзкой рады, каторая такім чынам хацела падкрэсьліць незалежнасьць Жэневы ад епіскапаў, жэнеўскай Рэфармацыі не хапала закаранёнасьці ў пляне зьместу. Рыма-каталіцкая партыя па-ранейшаму мела вялікі ўплыў, і Фарэль адчуваў, што адзін ён з гэтым ня зможа даць рады. Такім чынам, Кальвін застаўся ў Жэневе не ў якасьці пастара або прапаведніка, але хутчэй ў якасьці "настаўніка Сьвятога Пісьма ў Жэнеўскай царкве". Але вельмі хутка ён пачаў прапаведаваць, а таксама стаў браць актыўны ўдзел у стварэньні жэнеўскай царквы.

У 1537 г. Кальвін прапанаваў гарадзкой радзе па-новаму зарганізаваць царкву. У гэтай прапанове робіцца бачнай асноўная рыса тэалёгіі Кальвіна: для яго заўсёды зьяўляецца важнай форма царквы і тое, як яна жыве. Праўда і тое, што ён ня хоча выключнай супольнасьці абраных ( а менавіта такой была канцэпцыя анабаптыстаў). Хутчэй, Кальвін бачыць царкву як супольнасьць тых, хто зрабіў сьвядомы выбар на яе карысьць. Таму ён і Фарэль ствараюць вызнаньне веры (Confession de foi), каторае яны хацелі прапанаваць падпісаць усім жыхарам Жэневы "дзеля таго, каб высьвятліць, хто прымае Эвангельле, а хто хоча належаць да валадарства папы, а не да Валадарства Хрыста".

Апроч гэтага, ён уводзіць яшчэ некаторыя новыя рэчы ў жыцьцё царквы. На служэньнях пачынаюць сьпяваць псальмы, што дасёньня ёсьць адметнай рысай рэфармацкіх цэркваў ва ўсім сьвеце.

Быў вызначаны парадак катэхізацыі і напісаны катэхізіс, значна больш кароткі, чым "Настаўленьні", і шмат у чым падобны на Малы Катэхізіс Лютара.

Але гарадзкой радзе прапановы рэформаў Кальвіна ня вельмі спадабаліся, і яна пагадзілася зь імі толькі пасьля доўгіх ваганьняў. Сітуацыя абвастрылася, калі гэтыя прапановы былі прадстаўленыя жыхарам Жэневы, каторыя мусілі падпісаць вызнаньне веры. Але многія зь іх не хацелі гэтага, і праз гэты няўдалы эксперымент зноў узрасло напружаньне ў адносінах паміж каталікамі і пратэстантамі. Безумоўна, памылкай Кальвіна было тое, што ён адразу ж хацеў дасягнуць посьпеху ў гэтым пачынаньні. Апазіцыя Кальвіну ўзрасла. У 1538 г. у Жэневе адбыліся выбары, у каторых перамаглі партыі, якія ў большасьці сваёй былі рыма-каталіцкімі. Апроч агульнага непакою, каторы назіраўся ў тыя часы, дадатковыя праблемы ствараў рух анабаптыстаў. Фарэль і Кальвін былі абвінавачаныя ў сур'ёзных, часам нават дагматычных парушэньнях. Кальвіна, напрыклад, абвінавацілі ў арыянстве і непрыняцьці боскай прыроды Хрыста.

Гэты паклёп, безумоўна, ня меў ніякіх падставаў, бо тэалёгія Кальвіна ніяк не згаджалася з арыянствам. Кальвін адкінуў гэтыя абвінавачваньні, і справа мусіла быць разгледжанай у Бэрне, дзе погляды рэфарматара выклікалі пэўныя падазрэньні, і гэта прывяло да аслабленьня яго пазіцыі ў Жэневе. Большасьць месцаў на выбарах 1538 г. атрымалі праціўнікі Кальвіна, і новая рада забараніла Кальвіну і Фарэлю прапаведаваць у вялікодную нядзелю. Аднак Кальвін і Фарэль ня выканалі гэтую забарону і таму былі пазбаўленыя сваіх пасадаў і мусілі пакінуць горад на працягу трох дзён.

Падаецца, што першы жэнеўскі пэрыяд ня быў аж настолькі значным, бо Кальвін тады прабыў у Жэневе толькі два гады.

Кальвін вырашыў вярнуцца ў Базэль і працягнуць свае навуковыя заняткі. Фарэля ў ліпені запрасілі ў Ньёшатэль. Сябры крытыкавалі ўпартасьць Кальвіна, і ён таксама прызнаваў, што паводзіў сябе няслушна, занадта ўпарта, і прыйшоў да высновы, што лепей за грамадзкую дзейнасьць у яго атрымаецца спакойна займацца навукай. Таму ён доўгі час адмаўляўся прыехаць у Страсбур, жыхары каторага хацелі, каб ён стаў пастарам тамтэйшай францускай царкве ўцекачоў. Але ўрэшце ён пагадзіўся прыехаць, таму што Марцін Буцэр і Вольфганг Капіто настойліва яго пра гэта прасілі.

Страсбур у 1538 г. быў адным з самых значных цэнтраў нямецкага пратэстантызму. Буцэр і Капіто, каторыя прынялі Вітэнбэрскую Рэфармацыю ў 1536 г., тым ня менш захавалі незалежнасьць, у тым ліку і багаслоўскую. Марціна Буцэра можна лічыць самым важным прадстаўніком пратэстанцкай партыі ў Нямеччыне.

Такім чынам Кальвін стаў пастарам францускай супольнасьці ўцекачоў і ўзяў за ўзор сваёй працы арганізацыю царквы ў Страсбуры, прыняў іхні парадак служэньня, троху яго перапрацаваўшы. Апроч гэтага ён таксама выкладаў эгзэгетыку ў новаствораным універсітэце. Там ён напісаў і выдаў тлумачэньні да Эвангельля паводле Яна, а таксама да некалькіх пасланьняў Паўлы.

Апроч усяго гэтага ён працаваў над новай рэдакцыяй сваіх "Настаўленьняў", якая пабачыла сьвет ў 1539 г. Калі раней "Настаўленьні" былі больш падобныя на падрабязны катэхізіс, арыентаваны на тэалёгію Лютара, то зараз гэта быў ужо больш грунтоўны самастойны дагматычны падручнік.

Час у Страсбуру быў вельмі заняты. На кожным тыдні Кальвін чатыры разы прапаведаваў, чытаў лекцыі, працаваў над сваімі кнігамі і нават некалькі разоў ездзіў у іншыя месцы, каб праводзіць дыспуты на рэлігійныя тэмы. Так, напрыклад, у 1539 г. ён наведаў Франкфурт-на-Майне. Менавіта там ён пазнаёміўся і пасябраваў з Мелянхтонам. Такім чынам, чалавек, каторы вельмі шчыльна супрацоўнічаў з Лютарам, стаў сябрам Кальвіна. Усё сваё жыцьцё Кальвін вельмі паважаў Лютара, каторы, у сваю чаргу, таксама станоўча выказваўся аб ім. У той жа час Кальвін меў пэўныя праблемы з-за ўпартасьці Лютара ў апошнія гады свайго жыцьця.

Кальвін заўважыў, што лютэранскія супольнасьці надавалі замала ўвагі царкоўнаму жыцьцю, а іх літургія і форма служэньня занадта шмат супадала з рыма-каталіцкімі. Таксама ён зразумеў, што залежнасьць ад мясцовых уладароў стварала вельмі шмат праблемаў.

Сытуацыя ў Страсбуры была спрыяльнай для Кальвіна, і здавалася, ён застанецца там надоўга. У 1539 г. яму, у адпаведнасьці зь ягоным пажаданьнем, было дадзенае грамадзтва Страсбурскай Рэспублікі. Ягонае матэрыяльнае становішча таксама палепшылася.

Ягоныя сябры і знаёмыя вельмі хацелі, каб ён ажаніўся. Яго ж гэтая ідэя не цікавіла. Дзьве спробы ажаніць Кальвіна скончыліся няўдачай. Але, у рэшце рэшт, Кальвін узяў шлюб з Ідэлетай дэ Бур, удавой анабаптыста, каторы перад сьмерцю стаў членам царквы, у якой Кальвін быў пастарам. У 1540 г. з Ньёшатэля прыехаў Фарэль, каторы і павянчаў іх.

Тым часам сытуацыя ў Жэневе пагоршылася. Пасьля выгнаньня Фарэля і Кальвіна ў царкоўным жыцьці стала парадку яшчэ менш. Жэнеўскія прыхільнікі Кальвіна не хацелі прызнаваць наступнікаў Кальвіна і Фарэля, што прымусіла Кальвіна ўмяшацца. Ён запатрабаваў прызнаньня новых пастароў. Сытуацыя трохі палепшылася, але стабільнасьці не было. Бэрнскія ўлады хацелі падпарадкаваць сабе Жэневу, і пасьлядоўнікаў Кальвіна пачалі перасьледаваць. Насьпяваў канфлікт, каторы мог стацца ўзброеным. Партыя прыхільнікаў Рэфармацыі здолела пераканаць некаторых са сваіх апанентаў, што парадак можа быць адноўлены толькі ў тым выпадку, калі Кальвін будзе запрошаны вярнуцца ў Жэневу як мага хутчэй. 20 кастрычніка 1540 г. з Жэневы ў Страсбур было выпраўленае пасольства дзеля таго, каб запрасіць Кальвіна назад у Жэневу. Кальвін вагаўся і адмовіўся. Нават Фарэль вырашыў дапамагчы жэнеўцам і спрабаваў пераканаць Кальвіна, але бяз посьпеху. У цэлым, гэтыя спробы працягваліся больш за паўгады, і ў рэшце рэшт Кальвін згадзіўся вярнуцца на некалькі тыдняў. 13 верасьня 1541 г. Кальвін зноў прыехаў у Жэневу, але, насуперак яго плянам, ён застаўся там не на некалькі месяцаў, а на ўсё жыцьцё.

Стварэньне царквы ў Жэневе

Калі Кальвін вярнуўся ў Жэневу, яго першая казань была працягам апошняй, каторую ён казаў у гэтым горадзе. Ён трымаўся так, быццам бы гэтага перапынку і не было. Відавочна, Кальвін вярнуўся у той пункт, што меў ў 1538 г., але зараз яго пазіцыі былі значна больш моцнымі - ён быў запрошаны назад дзеля таго, каб навесьці парадак у горадзе і царкве.

Кальвін, аднак, ня змог дасягнуць усяго. Напрыклад, ён ня здолеў дамагчыся таго, каб ламаньне хлеба адбывалася кожную нядзелю. Было прынятае пастанаўленьне ўладаў Бэрна, адпаведна з каторым ламаньне хлеба рабілася раз на тры месяцы.

Таксама былі пэўныя канфлікты і ўіншых сфэрах. Кальвін хацеў больш шырока ўжываць царкоўнае пакараньне. То бок, ён хацеў, каб кансысторыя (царкоўны суд) мела магчымасьць выклікаць і дапытваць тых членаў царквы, якія парушалі нейкія дактрыны ці амаральна сябе паводзілі, а таксама, пры неабходнасьці, каб яна магла караць іх, і адлучэньне ад царквы было б найвышэйшай мерай пакараньня. Гарадзкая рада, тым ня менш, лічыла, што гэта будзе ўжо зашмат, бо яна баялася даваць уладу каму-небудзь па-за межамі палітычнага кіраўніцтва. Пасьля спрэчак Кальвін усё ж дамогся свайго, але з некаторымі саступкамі і поўнасьцю толькі ў 1555 г.

Сёньня такое царкоўнае пакараньне выклікае пэўныя пытаньні, таму што некаторым падаецца, што праз гэта абмяжоўваюцца правы асобы. Але гэта зусім не турбавала Кальвіна. Ён лічыў, што супольнасьць, каторая ведае, чаго яна вартая, павінна таксама зважаць на паводзіны тых, хто да яе належыць, і ў выпадку яўных парушэньняў гэтых правілаў, мусіць рэагаваць, каб сапраўды заставацца супольнасьцю. Кальвін у гэтым кіраваўся 18 разьдзелам Эвангельля паводле Мацьвея, дзе гаворыцца пра тое, што рабіць, калі хтосьці з членаў царквы саграшыць.

Пытаньне царкоўнай дысцыпліны і царкоўных пакараньняў было прычынай большасьці канфліктаў з гарадзкой радай Жэневы. Больш важна у жыцьці царквы, аднак, тое, як кіравалася сама царква. І ў гэтым сэнсе разуменьне Кальвінам чатырох пасадаў у царкве сталася вельмі істотным для яе далейшага разьвіцьця. У кіраўніцтве царквы былі прадстаўленыя чатыры пасады: пастары, настаўнікі, старшыя і дыяканы.

1. Пастары павінны, па-першае, прапаведаваць і навучаць, па-другое, служыць пад час таямніцаў (хрост і ламаньне хлеба), па-трэцяе, - наведваць хворых. Раз на тыдзень праводзіліся сустрэчы пастароў аднаго рэгіёну, на якіх яны разам вывучалі Біблію і спавядаліся адзін перад адным.

2. Настаўнікі павінны "настаўляць вернікаў у здаровых дактрынах". У самым вузкім сэнсе тут маецца на ўвазе тлумачэньне Бібліі, як Старога, так і Новага Запавету. Паколькі тут патрабуецца веданьне моваў і агульная адукацыя, такая адукацыя таксама зьяўляецца задачай настаўнікаў, у тым аб'ёме, каб "яна прыносіла карысьць".

3. Кожны год на дзьвюх радах абіралі дванаццаць старшых. Разам з шасьцю пастарамі, каторыя абіраліся іхнімі калегамі, яны ўваходзілі ў склад кансысторыі (царкоўнага суда). Задачай гэтага суду зьяўлялася сачыць за парадкам сярод членаў царквы. Кансысторыя і яе сябры мусілі "па-сяброўску ўшчуваць тых, хто пасьлізнуўся або жыў ня годна імя хрысьціяніна". Члены кансысторыі, такім чынам, клапаціліся пра жыцьцё царквы, а таксама пра ўдзел ў служэньнях і дактрыну. Калі яны бачылі, што нехта зьневажае веру ці злоўжывае нечым, яны спачатку мусілі зрабіць заўвагу па-сяброўску. Калі гэтага было недастаткова, яны маглі ўжыць адлучэньне ад царквы і паведаміць аб праблеме сьвецкім уладам. Аднак такое здаралася вельмі рэдка. Найчасьцей кансысторыя займалася тым, што залагоджвала спрэчкі, і нярэдка паміж сябрамі. Кансысторыя сустракалася раз на тыдзень па чацьверах. Статут царквы вызначае дух, у каторым належала дзейнічаць кансысторыі, наступным чынам: "Усё гэта, аднак жа, мусіць быць памяркоўным, каб не было жорсткасьці, і заўвагі і пакараньні мусяць быць сродкамі збаўленьня, каб зноў навярнуць грэшнікаў да нашага Госпада". Кансысторыя ня мусіла ўмешвацца ў сферу выканаўчай улады або агульных судоў.

4. Дыяканы мелі дзьве задачы: падтрымка бедных і клопат пра хворых. Першая дзейнасьць складалася з арганізацыі збору сродкаў і іх разьмеркаваньня сярод тых, каму яны былі патрэбныя. Сюды ж уваходзіла харчаваньне бедных. Другі абавязак складаўся з кіраваньня шпіталямі і жытлом для замежнікаў. Таксама існавала бясплатнае лячэньне бедных, а ў шпіталі працаваў настаўнік для дзяцей.

Такім чынам, робіцца ясна, што ў мясцовай царквы ёсьць пэўныя задачы, каторыя мусяць быць выкананыя, напрыклад, у сферы настаўленьня і навучаньня, а таксама іншыя, каторыя тычаць сацыяльнага вымярэньня дзейнасьці царквы. Пасады ў царкве павінны разумецца праз прызму гэтых задачаў, а гэта значыць праз прызму функцый. Гэта функцыянальнае разуменьне служэньня ў царкве адрознівае Кальвіна ад усіх сакрамэнталягмчных разуменьняў служэньня. Гэта выяўляецца ў тым факце, што чалавек займае пасаду толькі пакуль ён выконвае абавязкі, зьвязаныя зь ёй. Пасада, такім чынам, зьвязаная не з чалавекам, а з царквой. У сьвеце такой канцэпцыі становяцца бачнымі яўныя адрозьненьні ад лютэранства, бо яно канцэнтруецца на пасадзе абвяшчэньня і служэньня таямніцамі, зьвязанай не з царквой, а з чалавекам.

Апроч працы ў Жэневе, Кальвіна запрасілі аб'яднаць розныя пратэстанцкія рухі. У дачыненьні ламаньня хлеба ў 1549 г. ён дасягнуў пагадненьня з жыхарамі Цурыха. Гэтае пагадненьне стала вядомае як "Consensus Tigurinus" (Цурыхскае пагадненьне). Менавіта там упершыню зьявілася тое, што можна называць "рэфармаваным разуменьнем ламаньня хлеба".

Апошнія гады жыцьця Кальвіна

У 1549 г. памерла жонка Кальвіна. У іх быў сын, каторы, аднак, памёр у хуткім часе пасьля нараджэньня.

У 1559 г. Кальвін заснаваў у Жэневе Акадэмію, у каторай было тры катэдры: грэцкай і гебрайскай моваў і філязофіі. Акадэмія стала месцам навучаньня многіх тэолягаў, каторыя падтрымалі Рэфармацыю і пазьней сталі рэфарматарамі ў сваіх краінах. Вынікі гэтай працы цяжка пераацэніць. Напрыклад, Джон Нокс з Шатляндыі навучаўся ў гэтай Акадэміі разам з многімі іншымі Божымі людзьмі з розных краінаў. Акадэмія насамрэч можа лічыцца вяршыняй працы Кальвіна. Менавіта там пачало адбывацца структураванае тлумачэньне Бібліі, галоўнае, што цікавіла Кальвіна.

У тым самым годзе выйшла апошняя рэдакцыя "Настаўленьняў". На гэты раз гэта быў ужо тоўсты падручнік, каторы складаўся з чатырох кнігаў (24 разьдзелы), і па праву займаў месца сярод найважнейшых дагматычных працаў пратэстанцкай тэалёгіі. Магчыма, у выніку таго, што ўсё сваё жыцьцё Кальвін вельмі аддана і цяжка працаваў, а таксама шмат хварэў, ягонае здароўе пачало пагаршацца. 2 лютага 1564 г. ён апошні раз чытаў лекцыю ў Акадэміі, а 6 лютага - апошні раз прапаведаваў. 27 траўня 1564 г. Кальвін памёр у Жэневе. Ён быў пахаваны 28 траўня без аніякай помпы, і, згодна зь яго жаданьнем, на магіле ня ставілі помніка. Так што сёньня ніхто дакладна ня ведае, дзе пахаваны Кальвін. У сваёй развітальнай прамове 28 лютага 1564 г. Кальвін кажа, узгадваючы пражытыя гады:

"Я ня быў дасканалым чалавекам, і вам даводзілася вытрымліваць мае слабасьці, і ўсё, што я зрабіў, само па сабе нічога ня вартае. Бязьбожнікі, безумоўна, будуць шырока паўтараць гэтыя мае словы. Таму я ізноў паўтараю, што ўся мая дзейнасьць нічога ня вартая, а я - нікчэмны чалавек. Канешне, я магу сказаць пра сябе, што мае намеры былі на добро, што мае памылкі ніколі не падабаліся мне, і што страх Божы сапраўды жыў у маім сэрцы. Вы можаце пацьвердзіць, што я прыкладаў намаганьні, каб рабіць дабро. Таму я прашу вас прабачыць мне мае грахі і памылкі. Аднак, калі было ў маім жыцьці штосьці добрае, трымайцеся гэтага і ідзіце за гэтым!"

Кальвін нарадзіўся ў Францыі, і ўсё яго жыцьцё было зарыентаванае на гэтую краіну. Ён хацеў умацаваць тыя цэрквы ў Францыі, каторыя пакутавалі ад перасьледу за веру. Адной з важных мэтаў ягонага жыцьця было служэньне ім. Ён дамогся посьпеху ў аб'яднаньні рэфармаваных цэркваў праз агульную дактрыну і праз Статут царквы. Але ён памёр занадта рана і ня здолеў дапамагчы францускім цэрквам у рэлігійных войнах, каторыя пачаліся пазьней.

Ягонае ліставаньне з рознымі людзьмі з усёй Эўропы ўражвае. Захавалася прыкладна 2000 ягоных лістоў. Сярод іх - лісты да вядомых палітыкаў, іншых рэфарматараў (як у Швэйцарыі, так і за яе межамі). Многія лісты зьвязаныя з сытуацыяй, у каторай апынуліся пратэстанты Францыі, а таксама з падзеямі ў больш шырокім кантэксьце. Акрамя гэтага захавалася нямала лістоў, у каторых бачны Кальвін-пастар, здольны даваць простым членам царквы карысныя парады ў адказ на іх пытаньні наконт веры і жыцьця.

Паводле www.calvin09.org
Пераклад В.Сямёнава





Беларуская вэрсія
English version
Русская версия

Новы Запавет і Псальмы (1931)
Станіслаў Акіньчыц. Залаты Век Беларусі
Катэхізіс. Нясьвіж, 1562
'Спадчына', 2003, №1
Навуковая канферэнцыя 'Рэфармацыя і Залаты Век Беларусі', 2003 г.
Пратэстанцкая царква і беларускі нацыянальны рух

Галоўная - Гісторыя - Ідэі - Асобы - Дакумэнты - Даты - 1553-2003 - Фотагалерэя


Агульныя пытаньні: