Галоўная
  Гісторыя
  Ідэі
  Асобы
  Дакумэнты
  Даты
  1553-2003
  Фотагалерэя
500 год Жану Кальвіну

500 год Мікалаю Радзівілу Чорнаму

  ЎКантакце




Царква Хрысьціян Веры Эвангельскай у Рэспубліцы Беларусь Царква Ісуса Хрыста
ІДЭІ

Грамадзкая этыка Жана Кальвіна

Багуміл Ярмуляк

Жан Кальвін прастаўляе падставы свайго этычнага вучэньня ў 7 разьдзеле свайго magnum opus "Настаўленьні ў хрысьціянскай веры" Разьдзел гэты называецца "Сутнасьць хрысьціянскага жыцьця". Пачынае Кальвін з цьверджаньня, што мы належым не сабе, але Богу, і такім чынам усталёўвае падставовы прынцып паводзінаў - адказнасьць перад Богам, а жыцьцё чалавека акрэсьлівае як служэньне Богу. Кальвін кажа, што хаця Божы Закон дае нам найлепшы спосаб упарадкаваньня жыцьця чалавека, але спадабалася Богу даць нам яшчэ лепшы прынцып паводзінаў, а менавіта soli Deo gloria (аднаму Богу слава). Гэта значыць, што жыцьцё разам са штодзёныымі клопатамі ператвараецца ў багаслужэньне дзеля прасаўленьня Творцы, пад час якога чалавек можа выказаць удзячнасьць Богу.

Акрамя вышэйназванага прынцыпу Кальвін будуе сваю этыку таксама на акрэсьленым у іншым месцы яго працы разуменьні прыроды чалавека. Гэтае разуменьне прадстаўлена словамі "Душа чалавека поўная заганаў". На практыцы гэта праяўляецца ў грэшным імкненьні чалавека да ўласнай славы за кошт славы Божай. Таму часта нават праведныя паводзіны пазначаныя благой матывацыяй - жаданьнем быць узьвялічаным у вачах іншых людзей. Гэтае прагненьне славы вынікае зь любові да сябе, якая робіць тое, што чалавек перш шукае свайго, а не таго, што іншых. Дзеля таго Кальвін лічыць, што дзеля выпраўленьня адносінаў паміж людзьмі трэба адрачыся самога сябе, каб замест канцэнтраваньня на сабе чалавека пачаў шукаць дабра многіх і адкрыўся на служэньне бліжнім, а таксама стаў гатовым дзяліцца з патрабуючымі тым, што атрымаў з ласкі Бога. Кальвін кажа: Няхай гэта будзе для нас прынцыпам шчодрасьці і дабрачыннасьці - мы зьяўляемся распарадчыкамі ўсяго, што Бог нам даверыў, каб мы маглі дапамагаць бліжнім, і за нашае распараджэньне мы адказваем перад Богам. Больш таго, меркай, якой ацэньваецца нашае распараджэньне, зьяўляецца прынцып любові" [1]. У наступным абзацы Кальвін прыраўноўвае міласьціну для патрабуючых да ахвяры, якую складаем Богу.

Кальвін сьцьвярджае, што важным зьяўляецца ня толькі адносіны чалавека адносна іншага чалавека, але таксама, і нават яшчэ больш важнай зьяўляецца матывацыя, зь якой чалавек дзейнічае. Тут мы бачым уплыў Аўгустына, які падкрэсьліваў, што Бог дасьледуе ня толькі паводзіны, але і сэрца чалавека. Гэта настолькі важна, што посьпех і лёс чалавека не залежыць ад выпадковасьці ці чалавечых намаганьняў, але ад Божага дабраславеньня.

У 10 разьдзеле "Настаўленьняў" Кальвін апісвае, якім чынам мы павінны карыстацца сваім зямным жыцьцём. Ужо раней ён казаў пра падзел абавязкаў у супольным служэньні Богу, якое мае на мэце паспалітае дабро. Тут ён гаворыць, што чалавек ня мусіць абмяжоўвацца выкананьнем толькі таго, што неабходна, альбо клопатам толькі пра тое, без чаго немагчыма дажыць да наступнага дня. Напэўна з прычыны гэтых словаў некаторыя праціўнікі Кальвіна абвінавачвалі яго ў прапагандзе жыцьця ў раскошы. Кальвін ня толькі сьцьвяджае, што Сам Бог у прыродзе вучыць нас, наколькі важная прыгажосьць выгляду і прыемны водар. Бог не без прычыны разьмясьціў на зямлі золата і мармур, даў "віно, якое сэрца чалавека весяліць, і алей, ад якога твар яго блішчыць" (Пс 104:15). Адначасова аднак Кальвін зьвяртае ўвагу на часта прысутны клопат пра зьнешні выгляд, які перавышае клопат пра душу. Ён зноў нагадвае пра тое, што чалавек зьяўляецца распарадчыкам даброцьцяў Бога і прапаноўвае наступны прынцып паводзінаў: Божыя дары павінны служыць дзеля нашага дабра, а не дзеля нашага руйнаваньня" [2].

У тым самым разьдзеле ёсьць абзац, які кажа пра пакліканьне. Бог кліча чалавека ня толькі верыць, але і выражаць гэтую веру ў жыцьці. Кожны чалавек мае асаблівае пакліканьне, у якім Бог кліча яго да выкананьня сваіх абавязкаў адносна Бога і бліжніх. Гэтае пакліканьне робіць тое, што чалавека не вандруе праз жыцьцё бяз мэты і сэнсу. Часта адзначаецца, што Кальвін, падобна як і Лютар, перафармуляваў ранейшае манаскае разуменьне служэньня Богу, паводле якого Бог кліча чалавека пакінуць сьвет. Паводле Кальвіна Бог кліча чалавека да служэньня ў сьвеце.

На падставе гэтага Кальвін сьцьвярджае, што "ніякая праца не зьяўляецца настолькі ганебнай або нізкай, калі ў ёй рэалізуем сваё пакліканьне, каб яна ў вачах Божых не зьзяла каштоўным бляскам" [3]. Са словаў Кальвіна можна зрабіць выснову, што калі ён кажа пра рэалізацыю свайго пакліканьня, ён думае таксама пра захаваньне грамадзкага супакою. Бо ён узгадвае пра тыранію і акрэсьлівае, што супраціў тыраніі зьяўляецца справай высакароднай, аднак адначасова выражае перакананьне, шт прыватная асоба не павінна займацца скідваньнем тырана.

Кальвін, пішучы пра пакліканьне, называе дзьве ўлады: магістрат, гэта значыць, грамадзянскія ўлады, і галаву сям'і, гэта значыць, мужа і бацьку. Тэме грамадзянскіх уладаў прысьвечаны 20 разьдзел IV тому "Настаўленьняў у хрысьціянскай веры". Абапіраючыся на словы апостала Паўлы зь Ліста да Рымлянаў, ён сьцьвярджае, што ўлада ўстаноўлена Богам, перад Каторым таксама адказвае за свае дзеяньні. Ён называе прадстаўнікоў грамадзянскай ўлады намесьнікамі Бога, служыцелямі Божай справядлівасьці і інструмэнтам Божай праўды [4]. Задачай уладаў зьяўляецца абарона грамадзтва ад анархіі і фальшывай рэлігіі, захаваньне грамадзкага супакою, абарона ўласнасьці, а таксама "шчырасьці і сьціпласьці паміж людзьмі" [5].

Кальвін таксама абараняе права ўлады зьбіраць падаткі, між іншым дзеля вядзеньня вайны і захаваньня міру і парадку. Дадае пры гэтым, што падаткі ня могуць служыць дзеля павелічэньня прыватнага багацьця людзей, якія маюць уладу, бо, паводле Кальвіна, грошы, атрыманыя з падаткаў, - гэта "кроў народу", і яны могуць ужывацца толькі на неабходныя грамадзкія патрэбы [6]. Таксама, як і раней у пытаньнях асабістых фінансаў, так і ў пытаньнях фінансаў грамадзкіх, Кальвін рэкамэндуе быць ашчаднымі і кіравацца дабром паспалітым.

Пра тое, як Кальвін разумеў дабро паспалітае, мы можам прачытаць у "Царкоўных устанаўленьнях", прынятых радай Жэневы ў 1541 годзе. Гэтыя "устанаўленьні" былі прыгатаваныя Кальвінам (некаторыя зьмены ўнесьлі ў іх таксама ўлады Жэневы). У іх мы можам прачытаць, што патрэбна заснаваць у Жэневе акадэмію, якая будзе адукоўваць будучых кіраўнікоў царкоўных і гарадзкіх. У абзацы, прысьвечаным дыяканам, сьцьвярджаецца, што іх падставовай задачай зьяўляецца клопат пра патрабуючых. Далей гаворыцца пра гардзкі шпіталь, у якім за кошт гораду маглі атрымаць мэдычную дапамогу людзі, якія няздольныя працаваць з прычыны ўзросту, удовы, сіроты і бедныя. Паводле тых самых "Устанаўленьняў" улады горада абавязаныя змагацца з жабракамі, а асабліва з тымі, якія жабруюць пры брамах цэркваў.

Кальвін абапіраўся пры гэтым на словы апостала Паўлы з Другога ліста да Тэсалонцаў: "Хто ня хоча працаваць, хай таксама ня есьць". Пры гэтым гаворка не ішла пра людзей, якія былі ня здольныя працаваць, бо ім была прадугледжана падтрымка і падставовая мэдычная дапамога. З аднога боку, Кальвін лічыў, што кожны павінен працаваць дзеля свайго ўтрыманьня і ня жыць за кот іншых, а зь іншага боку, яго словы былі скіраваныя да францускіх арыстакратаў, якія прыбылі ў Жэневу і лічылі, што іх грамадзкі статус не дазваляе ім працаваць. Паводле вучэньня Кальвіна абавязак працы длзеля ўласнага ўтрыманьня зьнішчае ўсялякія грамадзкія адрозьненьні [7].

Нарэшце, варта ўзгадаць пра погляды Кальвіна на капітал, гандаль і працэнты. На колькі Лютар ставіўся нэгатыўна да абароту капіталу і падазрона да гандлю, на столькі Кальвін разумеў прадуктыўны характар як працы, так і капіталу. У казані ў 1552 годзе ён увогуле сказаў, што быць купцом - "гэта сьвятое пакліканьне, якое падабаецца Богу і якое зьяўляецца карысным, а нават неабходным для ўсяго роду чалавечага, і калі чалавек мае такое пакліканьне (прафэсію), то павінен ставіцца да яго як да служэньня Богу. Бо ніхто ня можа споўніць сваё пакліканьне, які б спосаб жыцьця ні выбярэ, і якім бы шляхам ні ідзе, калі ня будзе ведаць і ня будзе перакананы, што Бог задаволены зь яго служэньня" [8].

Погляды Кальвіна на працэнты паўсюдна лічацца рэвалюцыйнымі ў грамадзтве, у якім на працягу 750 год працэнт быў забаронены ці асуджаўся. Не ідзе гаворка тут пра тое, што Кальвін санкцыянаваў ліхвярства, але пра новую інтэрпрэтацыю біблійных тэкстаў, якія гавароць пра ліхву. Да часоў Кальвіна вучылася, што зарабляньне грошаў шляхам пазычаньня грошаў іншым генэральна забаронена Сьвятым Пісьмом. Кальвін аднак заўважыў, то Біблія адрозьнівае ліхву і працэнт. Гебрайскае слова neshek, якое між іным прысутнічае ў Псальме 15, паходзіць ад слова "грызьці", з гэтага вынікае, што Давід асуджае ліхвярства, якое вядзе да рабаваньня бліжняга. Аднак няма нічога кепскага ў атрыманьні працэнту ад пазыкаў, якія нікому ня робяць шкоды [9]. Такім чынам, Кальвін адрозьніваў паміж пазыкай грошаў інвэстарам і дапамогай патрабуючым, якую павінен аказваць кожны хрысьціянін. Гэта згаджаецца зь ягонымі поглядамі на пакліканьне чалавека быць распарадчыкам даброцьцяў, якія даверыў яму Бог, бо капітал таксама зьяўляецца такім даброцьцем, якое павінна памнажацца дзеля славы Божай.

Падсумоўваючы, можна сказаць, што тэалёгія Кальвіна стварыла "рамкі деля заангажаваньня чалавека ў грамадзкае жыцьцё (А.МакГрат). Кальвін лічыў, што хрысьціянства ня можа быць абмежаваным да асабістай пабожнасьці і стаць cultus privatus (прыватнай верай), бо панаваньне Бога не абмяжоўваецца сьценамі царквы ці прыватнай кватэры. Бог пасылае нас на ўвесь сьвет і закоікае, каб мы ўсё рабілі дзеля Ягонай славы. Збаўленьне, ахвяраванае сьвету на крыжы, зьяўляецца унівэрсальным у тым сэньсе, што вядзе да выпраўленьня ўсіх адносінаў і датычыць кожнай сфэры жыцьця.

1. Жан Кальвін. Настаўленьне ў хрысьціянскай веры, 3.7.5

2. Жан Кальвін. Настаўленьне ў хрысьціянскай веры, 3.10.2

3. Жан Кальвін. Настаўленьне ў хрысьціянскай веры, 3.10.6

4. Жан Кальвін. Настаўленьне ў хрысьціянскай веры, 4.10.6

5. Жан Кальвін. Настаўленьне ў хрысьціянскай веры, 4.20.3

6. Жан Кальвін. Настаўленьне ў хрысьціянскай веры, 4.20.13

7. A. McGrath. Calvin and the Christian Calling. First Things 94, June/July 1999

8. Wp?yw protestant?w na kszta?towanie kapitalizmu // www.nbportal.pl.

9. Жан Кальвін. Камэнтар да Пс 15:5





Беларуская вэрсія
English version
Русская версия

Новы Запавет і Псальмы (1931)
Станіслаў Акіньчыц. Залаты Век Беларусі
Катэхізіс. Нясьвіж, 1562
'Спадчына', 2003, №1
Навуковая канферэнцыя 'Рэфармацыя і Залаты Век Беларусі', 2003 г.
Пратэстанцкая царква і беларускі нацыянальны рух

Галоўная - Гісторыя - Ідэі - Асобы - Дакумэнты - Даты - 1553-2003 - Фотагалерэя


Агульныя пытаньні: