Галоўная
  Гісторыя
  Ідэі
  Асобы
  Дакумэнты
  Даты
  1553-2003
  Фотагалерэя
500 год Жану Кальвіну

500 год Мікалаю Радзівілу Чорнаму

  ЎКантакце




Царква Хрысьціян Веры Эвангельскай у Рэспубліцы Беларусь Царква Ісуса Хрыста
ДАКУМЭНТЫ

Жэнеўскае вызнаньне веры

Жэнеўскае вызнаньне веры было, паводле Тэадора Бэзы, напісана Жанам Кальвінам у 1536 годзе для царквы ў Жэневе. Як сьведчаць архівы жэнеўскага сэнату, Вызнаньне веры было прадстаўлена гарадзкім уладам праз Фарэля і Кальвіна.

Вызнаньне веры, якога павінны абавязацца прытрымлівацца ўсе грамадзяне і жыхары Жэневы.

1. Слова Божае

Перш за ўсё падкрэсьліваем, што нашым прагненьнем зьяўляюцца паводзіны ў адпаведнасьці са Сьвятым Пісьмом, якое адно толькі ёсьць стандартам веры і рэлігіі. У адпаведнасьці з прыказаньнем нашага Госпада, ня можа яно зьмешвацца зь якой-колечы прыдумкай чалавечай, якая зьявілася без сувязі са Словам Божым. Мы не прымаем ніякай дактрыны, якая не выцякае са Слова Божага або была скажоная праз дадаваньне да Слова ці адкіданьне ад Слова.

2. Адзіны Бог

Ідучы за вучэньнем Пісаньня, мы вызнаем, што ёсьць толькі адзін Бог. Яму мы павінны пакланяцца і Яму служыць, Яму верыць і на Яго спадзявацца, маючы пэўнасьць, што ў Ім схаваная усялякая мудрасьць, моц, справядлівасьць, добрасьць і міласэрнасьць. Бог ёсьць Дух, таму служыць Яму патрэбна ў духу і праўдзе. Таму мы лічым непрыймальным веру і спадзяваньне на якое-колечы стварэньне; пакланеньне нечкаму апроч Яго, ці то анёлам, ці то іншым стварэньням; прызнаньне нейкага іншага Збаўцы нашых душаў апроч Яго, ці то сьвятых, ці то людзей, якія жывуць на зямлі; ахвяраваньне Яму служэньня, якое заключаецца ў вонкавых цырымоніях і цялесных абрадах, нібыта Яму падабаюцца такія рэчы; стварэньне выявы Ягонай Боскасьці ці якой-колечы выявы дзеля пакланеньня ёй.

3. Закон Божы

Таму, што існуе толькі адзін Госпад і Валадар чалавечага сумленьня і таму, што Яго воля ёсьць адзіным крытэрам усялякай праведнасьці, мы вызнаем, што нашае жыцьцё павінна быць кіраваным прыказаньнямі Яго сьвятога Закону, у якіх знаходзім дасканалыя нормы справядлівасьці. З гэтай прычыны мы не павінны спасылацца на які-колечы іншы стандарт добрага і праведнага жыцьця, ані таксама замяняць якое-колечы прыказаньне Божае іншым, прыдуманым чалавекам, але павінны трымацца ўсяго, што запісана ў Другой кнізе Майсея разьдзеле 20:

"Я - Госпад Бог твой, Каторы вывеў цябе зь зямлі Эгіпецкай, з дому няволі. Ня мей другіх багоў побач Мяне.

Не рабі разьбы і ніякай выявы таго, што ўверсе ў небе, ані што на зямлі ўнізе, ані што ў вадзе ніжэй зямлі. Не пакланяйся ім і не служы ім, бо Я - Госпад Бог твой, Бог зайздросны, Які карае дзяцей за няправасьць бацькоў да трэцяга і чацьвёртага пакаленьня адносна тых, каторыя Мяне ненавідзяць, і аказвае міласэрдзе аж да тысячнага пакаленьня тым, каторыя любяць Мяне і спаўняюць прыказаньні Мае.

Не гавары імя Госпада, Бога твайго, легкадумна, бо Госпад не пакіне бяз кары таго, хто прызывае імя Госпада, Бога свайго, надарэмна.

Памятай, каб сьвяткаваць дзень суботы. Шэсьць дзён будзеш працаваць і выконваць усе працы свае, а сёмы дзень - субота Госпада, Бога твайго. Не працуй ты, і сын твой, і дачка твая, нявольнік твой і нявольніца твая, жывёла твая і чужынец, каторы жыве ў цябе. Бо ў шасьці днях стварыў Госпад неба, і зямлю, і мора ды ўсё, што на іх ёсьць, і супачыў у сёмы дзень. Дзеля таго блаславіў Госпад дзень суботы і ўсьвяціў яго.

Паважай бацьку свайго і маці сваю, каб быў ты даўгавечны на зямлі, якую дасьць табе Госпад, Бог твой.

Не забівай.

Не чужалож.

Не крадзі.

Не гавары фальшывага сьведчаньня на бліжняга свайго.

Ня квапся на дом бліжняга свайго. Не жадай жонкі яго, ані слугі, ані вала, ані асла, ані нічога, што да яго належыць".

4. Чалавек па сваёй прыродзе

Мы вызнаем, што чалавек па сваёй прыродзе сьляпы, зацемраны ў сваім розуме, поўны сапсутасьці і пераваротнасьці сэрца, так што сам у сабе ня можа мець сапраўднага пазнаньня Бога, ані таксама рабіць дабро. Наадварот, пакінуты Богам у такім стане, можа толькі жыць у ігнараваньні Бога і беззаконнасьці. Таму чалавек патрабуе сьвятла ад бога, каб дайсьці да адпаведнага пазнаньня збаўленьня, перамены прагненьняў і абнаўленьня дзеля паслухмянасьці праведнасьці Божай.

5. Згуба чалавека

Таму, што чалавек па сваёй прыродзе, як вышэй сьцьвярджаецца, ня мае ані сьвятла Божага, ані праведнасьці, мы вызнаем, што ён можа чакаць толькі гневу і асуджэньня Божага. З гэтай прычыны чалавек мусіць шукаць сродкаў збаўленьня па-за сабою.

6. Збаўленьне ў Ісусе

Мы вызнаем, што Айцец даў нам Ісуса Хрыста, каб мы ў Ім знайшлі ўсё, чаго нам не хапае. Таму мы згаджаемся з усім, што сьцьвярджае на тэму збаўчых заслугаў і цярпеньня Ісуса Хрыста Сымбаль веры, які паўтараем у Царкве:

"Веру ў Бога Айца Ўсемагутнага, Творцу неба ды зямлі, і ў Ісуса Хрыста Сына Яго адзінага, Госпада нашага, Які пачаўся з Духа Сьвятога, нарадзіўся зь дзевы Марыі,пакутаваў пры Понціі Пілаце, укрыжаваны, памёр і пахаваны, зыйшоў у пекла, трэцяга дня ўваскрос з мёртвых, узыйшоў на неба, сядзіць праваруч Бога Айца Ўсемагутнага, адтуль прыйдзе судзіць жывых і памерлых. Веру ў Духа Сьвятога, адзіную сьвятую паўсюдную Царкву, веру супольнасць сьвятых, адпушчэньне грахоў, уваскрасеньне з мёртвых і жыцьцё вечнае. Амін".

7. Апраўданьне ў Ісусе

З гэтай таксама прычыны вызнаем, што хаця па сваёй прыродзе мы былі ворагамі Бога і чакаў нас Ягоны гнеў і асуджэньне, мы атрымалі прымірэньне зь Ім і Яго прабачэньне дзякуючы заступніцтву Ісуса Хрыста. Таксама празь Яго праведнасьць і бязгрэшнасьць мы атрымалі прабачэньне грахоў, а праз праліцьцё Яго крыві мы атрымалі ачышчэньне ад усялякага скажэньня і нягоднасьці.

8. Адраджэньне ў Ісусе

Апроч таго, вызнаем, што Ягоны Дух адрадзіў нас да новай духоўнай прыроды. Гэта значыць, што грэшныя пажаданьні цела сталі памёршымі праз ласку Божую, каб ужо боль над намі не панаваць. Наадварот, нашая воля стала падпарадкаванай волі Божай, каб мы хадзілі Ягонымі шляхамі і шукалі таго, што Яму падабаецца. Праз гэта мы сталі вызваленымі празь Яго ад уладыгрэху, які да гэтага часу трымаў нас у няволі, і такім чынам, мы сталі здольнымі рабіць дабро.

9. Сталая патрэба прабачэньня грахоў

Нарэшце, вызнаем, што адраджэньне адбываецца ў нас у такі спосаб, што пакуль мы не пазбавімся свайго сьмяротнага цела, застаецца ў нас шмат недасканаласьцяў і слабасьцяў, так што перад абліччам Бога мы застаемся беднымі і годнымі жалю грэнікамі. І хоць кожны дзень мы павінны ўзрастаць у Божай праведнасьці, але аднак у гэтым жыцьці ніколі не дасягнем яе поўні. Таму таксама патрабуем міласэрнасьці Божай і прабачэньня правінаў і грахоў. Дык мусім стала імкнуцца да праведнасьці ў Хрысьце Ісусе, а не ў нас саміх, каб у Ім мець пэўнасьць збаўленьня і не спадзявацца на ўласныя ўчынкі.

10. Нашае багацьце ў Божай ласцы

Каб аддаць усю славу і пашану Богу так, як гэта Яму належыць, а таксама каб атрымаць сапраўдны мір у душы, мы прызнаем і вызнаем, што ўсе добрыя дары, як гэта напісана вышэй, мы атрымліваем ад Бога празь Яго ласку і міласэрнасьць, а не дзеля якой-колечы нашай заслугі ці годных паводзінаў, бо за гэта мы можам толькі мець вечны сорам. Тым ня менш нашаму Збаўцы, прыняўшаму нас у Сваёй добрасьці ў супольнасьць Свайго Сына Ісуса, падабаюцца нашыя ўчынкі, якія мы робім у веры. Яны падабаюцца Яму не таму, што яны добрыя самі ў сабе, ані таму, што Ён ігнаруе іхнюю недасканаласьць, але таму, што Ён прызнае ў іх тое, што паходзіць ад Духа.

11. Вера

Мы вызнаем, што празь веру маем доступ да вялікіх скарбаў і багацьцяў добрасьці, якую Бог зьявіў нам. Вызнаем таксама са шчырым сэрцам веру ў абяцаньні Эвангельля і прыймаем Ісуса Хрыста такога, якога даў нам Айцец і якога апісвае Слова Божае.

12. Хрыстос - адзіны пасярэднік між Богам і людзьмі

Як мы ўжо сьцьвердзілі, уся нашая надзея і пэўнасьць збаўленьня і ўсялякага дабра знаходзіцца ў Богу празь Ісуса Хрыста, так таксама вызнаем, што ў кожнай патрэбе павінны мы клікаць да Яго ў імя Ісуса Хрыста, нашага Пасярэдніка і Заступніка, Які мае непасрэдны доступ да Бога. Адначасова мусім прызнаць, што ўсялякае дабро паходзіць толькі ад Яго, і таму мы павінны Яму быць удзячнымі. Зь іншага боку, мы адкідаем заступніцтва сьвятых як забабон, прыдуманы людзьмі і ня згодны са ьвятым Пісьмом, бо ён вынікае з адсутнасьці веры ў дастатковасьць заступніцтва Ісуса Хрыста.

13. Зразумелая малітва

Больш таго, паколькі малітва, якая не выцякае з унутранага прагеньня сэрца ёсьць крывадушнасьць і летуценьне, мы верым, што кожная малітва павінна заносіцца да Бога ў такі спосаб, каб маліўся таксама розум. З гэтай прычыны мы лічым, што ў Малітве Госпадавай мы маем узор для нашых малітваў:

"Ойча наш, Каторы ёсьць у небе, сьвяціся імя Тваё, прыйдзі Валадарства Тваё, будзь воля Твая як у небе, так і на зямлі. Хлеба нашага штодзённага дай нам сёньня, і адпусьці нам праіны нашыя, як і мы адпускаем вінаватым нашым. І ня ўводзь нас у спакусу, але збаў нас ад злога. Бо Тваё Валадарства, і моц, і слава навекі. Амін".

14. Таямніцы

Мы верым, што таямніцы, устаноўленыя нашым Госпадам у Царкве, патрэбна разглядаць як практыкаваньне веры як для ўмацаваньня і ўгрунтаваньня веры ў абяцаньні Божыя, так і для сьведчаньня перад людзьмі. У хрысьціянскай Царкве мы бачым толькі дзьве таямніцы, устаноўленыя ўладай нашага Збаўцы: Хрышчэньне і Вячэра Госпадава. У той жа час тое, што мы бачым пад уладай рымскага папы,а менавіта, сем таямніцаў, лічым байкай і падманам.

15. Хрышчэньне

Хрышчэньне - гэта зьнешні знак, пры дапамозе якога наш Госпад сьведчыць Сваю волю прыняць нас як Сваіх дзяцей, як члены Хрыста Ісуса. Таму хрышчэньне выражае ачышчэньне ад грахоў, якое мы маем у Ісусе Хрысьце, сьмерць грахоўнага цела ў Яго сьмерці, каб мы жылі ў Ім праз Духа Сьвятога. Паколькі нашыя дзеці належаць да запавету з Госпадам, мы ўпэўненыя, што яны слушна атрымліваюць знак хрышчэньня.

16. Вячэра Госпадава

Вячэра Госпадава - гэта знак, празь які ў хлебе і віне Бог выражае сапраўдную духоўную лучнасьць, якую маем у Яго Целе і Крыві. Вызнаем таксама, што згодна з воляй Божай Вячэра павінна праводзіцца ў супольнасьці вернікаў, каб у ёй удзельнічалі ўсе, хто прагне, каб Ісус быў іхнім жыцьцём. Паколькі папская імша зьяўляецца сапсаваным і д'ябальскім устанаўленьнеім, якое нявечыць таямніцу Сьвятой Вячэры, мы абвяшчаем, што яна зьяўляецца для нас брыдотай і балванапаклонствам, асуджаным Богам, бо яна лічыцца ахвярай дзеля адкупленьня душаў, а хлебу, які пад час яе ўжываецца, пакланяюцца як Богу. Акрамя таго бачым у папскай імшы іншыя агідныя блюзьнерствы і забабоны, а таксама зьневажаньне Слова Божага, да якога ставяцца легкадумна і якое ня служыць для настаўленьня і навучаньня.

17. Чалавечыя традыцыі

Устанаўленьні, неабходныя дзеля захаваньня ў Царкве дысцыпліны, супакою, шчырасьці і парадку, мы ня лічым чалавечымі традыцыямі, калі яны застаюцца згоднымі з правілам, якое даў Паўла, каб у Царкве ўсё адбывалася прыстойна і парадкам. Аднак усе законы і пастановы, якія зьвязваюць сумленьне і змушаюць вернікаў рабіць рэчы, якіх Бог не загадваў, або ўстанаўлюць іншае служэньне, якога Госпад не патрабуе, і гэтым самым пагражае хрысьціянскай свабодзе, мы асуджаем як сапсаванае вучэньне шатана, як і Сам Госпад сказаў, што дарэмна служаць Яму тыя, якія трымаюцца вучэньня чалавечага. У такі спосаб мы разглядаем пілігрымкі, кляштары, адрозьненьні паміж стравамі, забароны сужонства, споведзь і да гэтага падобныя.

18. Царква

Хаця існуе толькі адна Царква Ісуса Хрыста, мы вызнаем таксама патрэбу мясцовых зграмаджэньняў вернікаў. Кожнае з гэтых зграмаджэньняў таксама называецца царквою. Наж аль, ня ўсе такія цэрквы зьбіраюцца ў імя Госпада, але хутчэй блюзьняць на Яго і зьневажаюць Яго сваімі бязбожнымі ўчынкамі. Таму мы вызнаем, што тымі знакамі, якія дазваляюць пазнаць Царкву Ісуса Хрыста, зьяўляюцца чыстае і вернае абвяшчэньне, слуханьне і прытрымліваньне Сьвятога Эвангельля, а таксама адпаведнае ажыцяўленьне таямніцаў, нават калі гэта суправаджаецца пэўнымі недасканаласьцямі і памылкамі, як гэта заўсёды бывае сярод людзей. Зь іншага боку, там, дзе Эвангельле не абвяшчаецца, не слухаецца, і яго не прытрымліваюцца, мы не знаходзім адпаведнай формы царквы. Таму цэрквы, якія кіруюцца папскімі дэкрэтамі, зьяўляюцца хутчэй сынагогамі д'ябальскімі, чым хрысьціянскімі цэрквамі.

19. Адлучэньне

Дзеля таго, што заўсёды знаходзяцца людзі, якія пагарджаюць Богам і Ягоным Словам, і якія не зважаюць ані на загад, ані на заклікі, ані на заўвагі і гэтым самым патрабуюць больш суровых сродкаў падтрыманьня дысцыпліны, мы лічым адлучэньне справай сьвятой і карыснай, і не без прычыны устаноўленай нашым Госпадам. Служыць яна дзеля таго, каб людзі нягодныя праз свае паводзіны, вартыя асуджэння, ня псулі добрых людзей і не зьневажалі імя Госпада, а таксама каб пыхлівых прывесьці да пакаяньня. Таму мы лічым абавязковым, каб усіх, хто ў яўны спосаб чыніць балванапаклонства, блюзьнерства, пляткарыць і вадзіцца, пачынае спрэчкі, распаўсюджвае абразы, напіваецца і распусьнічае, пасьля таго, чк былі адпаведна папярэджаныя, яле не зьмянілі сваіх паводзінаў, выключыць з супольнасьці вернікаў аж да часу пакаяньня.

20. Служыцелі Слова

Пастырамі царквы мы прызнаем толькі тых, якія захоўваюць вернасьць Слову Божаму, з аднога боку, кормячы авечак Ісуса Хрыста праз навучаньне, напамінаньне, пацяшэньне, заахвочваньне, папярэджаньне, а з другога боку, адкідаючы фальшывае вучэньне і падман д'ябла, і не мяшаючы сваіх фантазыяў і недарэчных уяўленьняў з чыстым вучэньнем Сьвятога Пісьма. Такім служыцелям мы даем уладу весьці, кіраваць і захоўваць народ Божы, давераны ім праз Слова, якое таксама дае ім права караць, абараняць, перасьцерагаць і ўпэўніваць і безь якога яны ня могуць і не павінны нічога надумляць і рабіць. Дзеля таго, што мы прымаем сапраўдных служыцеляў Слова Божага як пасланцоў і прадстаўнікоў Бога, мы павінны іх слухаць як Самога Госпада, бо іх служэньне ўстаноўлена Богам і зьяўляецца незаменным у Царкве. Зь іншага боку, мы лічым, што пераваротных і фальшывых прарокаў, якія пакідаюць чыстае Эвангельле і зьвяртаюцца да ўласных прыдумак, нельга ані цярпець, ані падтрымліваць, бо яны не пастыры, але толькі маюць выгляд іх, і таму павінны быць гнаныя, як ваўкі, што шукаюць пажыву, і быць выключанымі з асяродзьдзя народу Божага.

21. Грамадзянскія ўлады

Мы вызнаем, што ўлада і панаваньне каралёў і князёў, а таксама магістратаў і іншых грамадзянскіх уладаў зьяўляюцца сьвятым і добрым Божым устанаўленьнем. Больш таго, паколькі яны ёсьць служыцелямі Божымі і выконваюць хрысьціянскае пакліканьне - ці то абараняючы слабых і нявінных, ці то караючы і перасьцерагаючы ліхія ўчынкі беззаконьнікаў - са свайго боку мы павінны аказваць ім пашану і чэсьць, павагу і пакорнасьць, паслухмянасьць іхнім пастановам і гатоўнасьцьпрыняць іх рашэньні, калі толькі гэта не зьвязана з абразай Бога. Мы павінны бачыць іх як намесьнікаў і прадстаўнікоў Бога, супраціў якім роўны выступленьню супраць Бога. Урадаваньне, якое яны маюць, даверана ім Богам, Які таксама даў ім права кіраваньня і ўлады над намі. Таму мы вызнаем, што ўсе хрысьціяне павінны маліцца да Бога пра іх пасьпяховае служэньне, быць паслухмянымі іхнім пастановам і законам, калі гэта не супярэчыць Божым прыказаньням, дбаць пра паспалітае дабро і супакой, добрае імя ўладароў і дабарабыт народу, а таксама трымацца далей ад таго, што вядзе да бядоты і звадкі. Зь іншага боку, мы лічым, што той, хто не лаяльны адносна начальства і не клапоціцца пра дабро краіны, у якой жыве, гэтым самым выказвае сваю нелаяльнасьць адносна Бога.

Паводле www.calvin09.org
Пераклад А.Бокуна





Беларуская вэрсія
English version
Русская версия

Новы Запавет і Псальмы (1931)
Станіслаў Акіньчыц. Залаты Век Беларусі
Катэхізіс. Нясьвіж, 1562
'Спадчына', 2003, №1
Навуковая канферэнцыя 'Рэфармацыя і Залаты Век Беларусі', 2003 г.
Пратэстанцкая царква і беларускі нацыянальны рух

Галоўная - Гісторыя - Ідэі - Асобы - Дакумэнты - Даты - 1553-2003 - Фотагалерэя


Агульныя пытаньні: