|
Рэфармацыйны рух у Беларусі і Статут 1566 году
Таіса Доўнар, доктар юрыдычных навук
Перыяд Рэфармацыі быў часам культурнага росквіту Беларусі. Рэфармацыйны рух актывізаваў усе сферы грамадскага жыцця - эканамічную, сацыяльна-палітычную, ідэалагічную і духоўную. У першую чаргу ён паўплываў на фарміраванне духоўнай культуры грамадства, у тым ліку і палітыка-прававой. У гэты перыяд актыўна фарміруецца інтэлектуальная эліта грамадства - кола мысліцеляў, дзяржаўных i культурных дзеячоў высокага ўзроўню.
У ХVI ст. у Вялікім княстве Літоўскім, палітыка-эканамічным цэнтрам якога былі беларускія землі, актывізуюцца працэсы дзяржаўнай цэнтралізацыі і ўніфікацыі заканадаўства адносна ўсёй сферы грамадскіх адносін, інтэнсіфікуюцца культурныя сувязі з іншымі еўрапейскімі краінамі. На падставе аналізу і асэнсавання мінулых палітычных i юрыдычных набыткаў развіваецца палітыка-прававая думка. Вялікакняская ўлада, пабуджаная айчыннымі мысліцелямі і прагрэсіўна накіраванай шляхтай, праводзіць шэраг рэформаў (адміністрацыйна-тэрытарыяльную, судовую, зямельную і інш.), якія істотна паўплывалі на становішча ўсіх сацыяльных групаў насельніцтва і на характар грамадства ўвогуле.
Рэфармацыя не магла не паўплываць i на суадносіны палітычных сілаў у дзяржаве. Асабліва гэта тычылася ролі каталіцкага духавенства, што было непасрэдна звязана з задачамі рэфармацыйнага руху. На агульнадзяржаўных соймах і павятовых сойміках узнікаюць пытанні аб размежаванні свецкай i духоўнай юрысдыкцыяў, у выніку чаго сфера духоўнай улады пачынае памяншацца. Паступова павялічваецца прадстаўніцтва пратэстанцкай шляхты ў палітычных установах дзяржавы, у тым ліку, пазней, і ў сойме Рэчы Паспалітай . Несумненнай заслугай рэфармацыйнага руху з'явілася ўсталяванне (і заканадаўчае замацаванне) прынцыпу верацярпімасці.
Увогуле Рэфармацыя паўплывала на палітычную i прававую свядомасць чалавека і ўсяго грамадства. Ідэя маральна-рэлігійнай аўтаноміі асобы пачынае паступова трансфармавацца ў ідэю неад'емных, натуральных, неадчужальных правоў чалавека, якімі з'яўляюцца права на жыццё, уласнасць і дабрабыт. У цэнтры ўвагі прадстаўнікоў палітычнай i прававой думкі (а найбольш відныя тагачасныя мысліцелі i дзяржаўныя дзеячы былі ці блізкія да Рэфармацыі, ці з'яўляліся адкрытымі кальвіністамі, антытрынітарыямі і інш.) знаходзіліся праблемы свабоды, справядлівага грамадскага ладу, права і судаводства, дасканалага дзяржаўнага кіравання.
Тэарытычнай заслугай беларускіх палітычных мысліцеляў перыяду Рэфармацыі (А.Волана, С.Буднага, М.Радзівіла Чорнага і інш.), з'яўлялася тое, што пры абгрунтаванні ідэі неабходнасці грамадскіх зменаў (сацыяльных, прававых, палітычных, рэлігійна-царкоўных), яны арыентаваліся пераважна на эвалюцыю, адвяргаючы прынцып карэннага, а тым больш гвалтоўнага змянення існуючых сацыяльных, рэлігійных, дзяржаўных, прававых адносінаў. Пры гэтым яны настойліва падкрэслівалі, што рэфармаванне грамадскага жыцця павінна ажыццяўляцца ў межах хрысціянскай маралі i закону.
Мысліцелі гэтага перыяду ставілі i прапаноўвалі праекты вырашэння шэрагу актуальных палітычных, сацыяльна-эканамічных i прававых праблемаў адносна прынцыпаў функцыянавання дзяржавы і грамадства, новых палітычных формаў грамадскага i дзяржаўнага жыцця, ролі свецкай i духоўнай улады; рэлігійнай свабоды i нацыянальнай культуры; сацыяльнай i прававой роўнасці людзей; пытанняў уласнасці i падаткаабкладання; накірункаў рэфармавання палітыка-прававых інстытутаў (улады, законатворчасці, судаводства і інш.), суадносін права i маралі; сутнасці закону, яго значэння і ролі ў справе пабудовы больш дасканалага грамадства і шмат іншага. Яны падкрэслівалі, што для паспяховага кіравання дзяржавай (манархічная яно ці рэспубліканскае) неабходна маральнае і духоўнае асяроддзе.
Неабходна адзначыць, што Рэфармацыя ўнесла ў прававую тэорыю, якая ў гэты час актыўна развіваецца, ярка выяўленыя індывідуалістычныя i этычныя акцэнты, садзейнічала станаўленню ідэяў індывідуальнай свабоды і нацыянальна-дзяржаўнага суверэнітэту і г.д. У прыватнасці, арганізацыйная рэформа кальвінісцкай царквы паўплывала на фарміраванне ідэі народаўладдзя.
Пратэстантызм надаў тэорыі натуральнага права новы імпульс тым, што звярнуўшыся да неадчужальных асабістых якасцяў чалавека - свабоды, сумлення, адказнасці, зрабіў яго раўнапраўным партнёрам дзяржавы, з якой ён заключаў дамову i браў на сябе індывідуальную адказнасць за яе выкананне. У адрозненне ад праваслаўя i каталіцызму, пратэстантызм грунтаваўся на канцэпцыі пазацаркоўных, асабістых адносінаў чалавека з Богам. Адпаведна яму, кожны чалавек, ад шляхціча да простага рамесніка, здольны спасцігнуць сэнс Боскага адкрыцця, кіруючыся ўласным розумам, не прыбягаючы да дапамогі царквы. У рэшце рэшт такая ўстаноўка вызваляла індывідуальны розум ад улады догмы i знешніх аўтарытэтаў i па сутнасці ўсталёўвала прынцып рэлігійнай свабоды. 3 прынцыпу рэлігійнай свабоды ў сваю чаргу вырасталі іншыя ментальнасці новага часу - прынцып свабоды інтэлектуальнай, маральнай, прававой. Пратэстантызм вучыў, што чалавечая актыўнасць павінна праяўляцца не столькі ў царкоўнай сферы, колькі ў свецкай, дзе ён самасцвярджаецца ў сваей непасрэднай дзейнасці адносна выбранай прафесіі, канкрэтнай справы, сямейных адносінаў і г. д.
Высокі філасофска-тэарытычны ўзровень, разнастайнасць, арыгінальнасць i актуальнасць палітыка-прававых ідэй, якія распрацоўваліся прадстаўнікамі пратэстантызму, садзейнічалі выпрацоўцы рэнесансна-гуманістычнага менталітэту грамадства,
стваралі тэарытычныя падставы рэфармавання права. Неабходнасць ўдасканалення існуючага заканадаўства абумоўлівалася і іншымі грамадска-палітычнымі працэсамі, у тым ліку і асэнсаваннем самім грамадствам неабходнасці павышэння i ўзмацнення ролі права і яго аднастайнасці на ўсёй тэрыторыі дзяржавы.
Ужо ў Статуце 1529 г. мы назіраем нарастаючую тэндэнцыю ўсеагульнасці права і перавагі пісанага закону. Складальнікі першага зводу законаў ўпершыню вырашылі шэраг складаных тэарытычных задачаў, у тым ліку адну з галоўных - выпрацавалі сістэму размяшчэння прававых нормаў у залежнасці ад іх зместу, важнасці і інш. Пры гэтым заканадаўца не прытрымліваўся класічнай рымскай сістэмы права, а выпрацаваў уласную, у аснову якой паклаў новыя прынцыпы: суверэннасць дзяржавы, адзінства права, прыярытэт пісанага права і інш. Нягледзячы на тое, што закон замацоўваў феадальны правапарадак і перш за ўсё абараняў пануючы клас, у ім абвяшчалася, што ўсе жыхары дзяржавы, як убогія так і багатыя, павінны судзіцца па статутавых нормах.
Пасля ўвядзення Статута ў дзеянне суддзі перастаюць арыентавацца на звычаёвае права і ўсё часцей пачынаюць спасылацца на нормы Статута, прычым звычайна не перадаюць даслоўна тэкст адпаведнай прававой нормы, а толькі агульны яе змест, што дало падставу некаторым даследчыкам зрабіць памылковую выснову аб тым, што ў захаваных спісах Статута адсутнічаюць некаторыя артыкулы . У судовых пастановах гаворыцца, што рашэнні выносяцца "водлуг обычая права и Статута земского", "яко в статуте господарском описуеть". У складаных выпадках, пры неўрэгуляванасці праваадносінаў суддзі звярталіся "па навуку" да гаспадара, або часам і да мясцовай улады (у асноўным да віленскага і трокскага ваяводаў).
Рэфармацыйны рух у дзяржаве, новыя сацыяльна-эканамічныя з'явы, у тым ліку актыўнае развіццё гарадоў і актывізацыя таварна-грашовых адносін, запатрабавалі удасканалення права і ўнясення зменаў у заканадаўства. Узнікае ініцыятыва "паправы" першага Статута. У сувязі з гэтым ствараецца статутавая камісія і ўжо з 1551 г. праект новага закона сістэматычна абмяркоўваецца на соймах дзяржавы (што само па сабе сведчыла аб новым узроўні развіцця дзяржавы і права). Праект Статута распрацоўваўся доўга. У 1561 г. быў пададзены на сойм ужо добра распрацаваны праект закону, аднак зноў пачаліся дэбаты. Потым меркавалася прыняць яго ў 1564 годзе, аднак ён быў уведзены ў дзеянне толькі з 1.03.1566 г.
У склад статутавай камісіі уваходзілі "асобы певные, рады … маршалкове, врядники земские, хоружие и иные особы роду и народу шляхецкого, доктори прав чужоземских". У ёй бралі ўдзел, як мяркуюць вучоныя, жмудскі епіскап Ян Даманеўскі, які быў выдатным знаўцам сярэднявечнага права ўвогуле і ў прыватнасці кананічнага, а таксама такія выдатныя правазнаўцы, як Павел Астравіцкі, Марцін Валадковіч, Станіслаў Нажускі і інш. Значную ролю ў падрыхтоўцы Статута 1566 г. адыгралі "дактары праў чужаземскіх", Аўгусцін Ратондус і Пётр Раізій . Доктар права Вітэмбергскага універсітэта А.Ратондус, які быў не толькі правазнаўцам - прыхільнікам і знаўцам рымскага права, але і гісторыкам і П.Раізій (Педро Руіз дэ Мароз на вучобе ў Падуі і Балоньі) - прафесар рымскага права Кракаўскай акадэміі і выдатны знаўца права (асабліва рымскага (гласатараў), шмат зрабілі для выпрацоўкі адзінай прававой тэрміналогіі Статута. Абодва вучоныя былі прадстаўнікамі гуманістычнага накірунку развіцця права і садзейнічалі саступленню схаластычнага метаду трактавання права сістэматычнаму і сінтэтычнаму. Дзякуючы ім, удасканаленне статутавых нормаў ішло і праз успрыманне раманістычных прававых паняццяў і запазычанне новых палажэнняў з інстытуцый або Дыгестаў.
Статутавая камісія ўлічыла і перапрацавала ўвесь тагачасны навуковы прававы досвед: заходнееўрапейскі і ўласны (бо юрыдычная навука і высокі ўзровень падрыхтоўкі асноўных судовых кадраў уносіла ў судовую практыку элементы навукі права). Заходнееўрапейская прававая культура эпохі Адраджэння знайшла ў Беларусі шмат прыхільнікаў. Не толькі адукаваная моладзь вывучала права ў італьянскіх, нямецкіх, французскіх універсітэтах, але і на тэрыторыі Княства асядала шмат іншаземцаў, якія аддавалі свае паслугі новай Айчыне.
Пасля прыняцця Статута 1566 г., які вызначыў мяжу паміж партыкулярным сярэднявечным правам і новым сістэматызаваным і ўніфікаваным заканадаўствам, кадыфікацыя ўласнага заканадаўства, як адзначаюць даследчыкі, нашмат апярэдзіла аналагічныя працэсы ў суседніх дзяржавах. Новы закон у асноўным грунтаваўся на папярэднім заканадаўстве (перш за ўсё Статуце 1529 г.), аднак выкарыстоўваў і судова-адміністрацыйную практыку, а таксама рымскае права (класічнае і перапрацаванае), кананічнае і царкоўнае права. Так, раманістычная канцэпцыя неабмежаванай уласнасці, якая супала з актывізацыяй таварна-грашовых адносін і эканамічнай рэформай у дзяржаве, знайшла адлюстраванне ў замацаванні права поўнага распараджэння ўласнасцю.
У Статут былі ўключаны тры прывілеі: Віленскі 1563 г., Бельскі 1564 г. і Віленскі 1566 г. У структурных адносінах, нягледзячы на пэўныя змены, ён прытрымліваўся папярэдняга Статута, аднак налічваў ўжо 14 раздзелаў і 367 артыкулаў . Ён ўтрымліваў нормы ўсіх галін тагачаснага права: канстытуцыйнага, грамадзянскага (у тым ліку абавязальніцкага, закладовага, зямельнага, апякунскага, cпадчыннага), шлюбна-сямейнага, адміністрацыйнага, крымінальнага, судова-працэсуальнага і інш. Ён замацоўваў і паўтараў на больш высокім юрыдычным узроўні палажэнні аб адзінстве права на ўсёй тэрыторыі дзяржавы і для ўсіх падданых (хоць па феадальнаму праву яно не магло быць і не было роўным для усіх катэгорый насельніцтва), дзяржаўным суверэнітэце, прыярытэце пісанага права, абмежаванні ўлады вялікага князя і г.д. Самыя важные, новыя палажэнні Статута тычыліся канстытуцыйнага, грамадзянскага, судова-працэсуальнага і крымінальнага права.
Канстытуцыйнаму праву, як і ў папярэднім Статуце 1529 г., былі прысвечаны першыя тры раздзелы новага звода законаў дзяржавы, хаця канстытуцыйныя нормы ўтрымліваліся і ў іншых раздзелах. Ад імя вялікага князя Статут 1566 году забараняў карыстанне звычаёвым правам і патрабаваў з гэтага часу кіравацца толькі статутавымі нормамі. Ён не толькі больш дакладна і поўна рэгламентаваў дзейнасць такіх вышэйшых органаў дзяржавы, як вялікі князь і рада, але і замацаваў заканадаўчую функцыю сойма. Закон гаварыў аб складзе і кампетэнцыі сойма, аб парадку абрання павятовых дэпутатаў на сойм, аб дзейнасці павятовых соймікаў - органаў шляхецкай дэмакратыі. Улада князя абмяжоўвалася не толькі радай, але і соймам, без згоды якога ён не меў права уводзіць новыя падаткі, прымаць новыя законы, пачынаць вайну (р.2, арт.2).
У Статуце гаварылася аб воінскім абавязку з пералічэннем кола асобаў, якія пры дасягненні паўналецця (з 18 гадоў) паводле пастановы сойма павінны былі несці воінскую службу (р.2, арт1), а таксама абавязак усіх падданых дзяржавы без пастановы сойма, а ў адпаведнасці з вялікакняскім лістом ехаць на вайну ў выпадку раптоўнага нападу непрыяцеля (р.2, арт.2), прычым вялікі князь абавязваўся нікога не вызваляць (вусным распараджэннем ці спецыяльным лістом) ад воінскай службы (р.2, арт.3).
Закон абавязваў вялікага князя ўсіх князёў, паноў радных, феадалаў, службоўцаў, шляхту, мяшчанаў і "всих людей посполитых… заховати при свободах и вольностях" (р.3, арт.2). Упершыню ў статутавым заканадаўстве шляхце дазвалялася свабодна перамяшчацца па тэрыторыі дзяржавы (як па сушы, так і па вадзе) з мэтай продажу ўласнага (не купленага) збожжа, прычым шляхта вызвалялася ад мытнага і маставога збору (ар.1, арт.26).
У нормах Статута яскрава праявілася тэндэнцыя аддзялення судовай улады ад выканаўчай, аб чым ўпершыню было заяўлена на Бельскім сойме прывілеям 1564 года. Рэгламентавалася дзейнасць новых - падкаморскіх і земскіх судоў. Менавіта апошнія з іх упершыню аб'яўляліся выбарнымі, аддзеленымі ад адміністрацыі. Суддзі, да якіх прад'яўляўся шэраг патрабаванняў, выбіраліся на пасады пажыццёва, што сведчыць аб зараджэнні новых, больш прагрэсіўных праваадносін у дзяржаве (р.4, арт.1). Шляхта на павятовых сойміках выбірала са свайго асяроддзя суддзямі
самых годных і паважаных асобаў (закон рэгламентаваў цэлы комплекс патрабаванняў да кандыдатаў на судовыя пасады). Земскі суд збіраўся на судовыя сесіі (рокі земскія) у вызначаныя законам тэрміны тры разы на год. Ён разглядаў у асноўным грамадзянскія і крымінальныя справы шляхты. Да яго кампетэнцыі адносіліся таксама і натарыяльныя справы. Акрамя таго, у судовыя кнігі земскага суда запісваліся скаргі на незаконныя дзеянні мясцовых службовых асобаў
Статут вызначаў парадак прыняцця судовай пасады суддзямі земскага суда і прыводзіў тэкст прысягі суддзяў, якую яны прыносілі на першай судовай сесіі пры ўступленні на пасаду. У ёй гаварылася, што суддзі павінны дзейнічаць толькі ў межах закона, судзіць сумленна і справядліва, не баючыся помсты і пагрозаў, не звяртаючы ўвагі на тытулы, пасады, багацце тых ці іншых асобаў, "посулы і дары" і інш. Судовы пісар, які з'яўляўся членам земскага суда, прыносіў асобную прысягу, якой абавязваўся добрасумленна запісваць паказанні бакоў і іншых удзельнікаў судовага працэсу, нічога не дадаючы і не выключаючы. Закон абавязваў запісы рабіць "словы Рускими", г.зн. тагачаснай беларускай мовай.
Артыкул восьмы чацвёртага раздзела забараняў выбіраць суддзямі ў земскія суды прадстаўнікоў духавенства і службовых асобаў мясцовай адміністрацыі. Закон вельмі клапаціўся аб ахове судовай улады і прама патрабаваў паважаць яе. Усялякімі сродкамі стрымліваўся намер замаху на судовую ўладу. Напрыклад, забаранялася ўзброеным асобам (за выключэннем халоднай зброі, якую меў кожны шляхціц) ўваходзіць у судовую залу (р.4, арт.38). Аб абароне судовай улады, ахове суддзяў сведчаць шматлікія артыкулы чацвёртага раздзела Статута (39 - 43 і інш.). Узнікненне і дзейнасць земскіх судоў сведчыла аб новым этапе ў развіцці судовага ладу і судаводства, аб паступальным развіцці феадальнага грамадства.
Статут 1566 г. замацоўваў права абароны правоў чалавека ў судовым парадку з дапамогай адваката, прычым удакладнялася, што кожная асоба можа патрабаваць ад суда прызначыць адваката, а бедным людзям, сіратам і ўдовам адвакаты павінны прызначацца бясплатна (р.4, арт.33).
Вынікам судовай рэформы, якая праходзіла на працягу другой паловы ХVІ стагоддзя, з'явілася ўзнікненне больш дасканалай судовай сістэмы, з'яўленне новых прафесіяў (суддзі, адваката і інш.), новых прагрэсіўных прынцыпаў судовага ладу і судаводства. Аб гэтым жа сведчыць і стварэнне спецыяльных падкаморскіх судоў для разгляду зямельных спрэчак, што стала вельмі патрэбным у сувязі з атрыманнем шляхтай права на свабоднае распараджэнне зямлёй.
У адрозненне ад папярэдняга Статута, які дазваляў шляхце распараджацца толькі 1/3 часткай нерухомай маёмасці, Статут 1566 г. у арт.33 трэцяга раздзела упершыню запісаў права поўнага распараджэння нерухомасцю: "Тежъ уставуемъ, ижъ всимъ станомъ шляхецского народу яко и людемъ вольнымъ вольно естъ и будетъ именьями своими отчизными материстыми и якимъ жъ кольвекъ обычаемъ набытыми шафовати, подле потребы воли и подобанья своего отдати, продати, даровати, записати, заставити въ долгу и въ сумахъ завести, заменяти; ведже водле того, яко о томъ шырей у розделе о записехъ естъ описано" . Менавіта гэтым артыкулам быў акрэслены пераход ад феадальнага права ўласнасці да буржуазнага. Аб зараджэнні буржуазных праваадносінаў сведчыць і першы артыкул сёмага раздзелу, які рэгламентаваў працэдуру і ўдакладняў парадак свабоднага распараджэння нерухомасцю.
У аналагічным накірунку развіваліся і спадчынныя праваадносіны, у якія былі ўнесены значныя змены. Толькі парадку наследавання маёмасці і афармленню завяшчальных запісаў (тэстаментаў) быў прысвечаны цэлы новы раздзел закона. Статут нават утрымліваў узоры некаторых юрыдычных дакументаў - завяшчальнага запісу, дагавораў мены, дарэння і інш.
Закон клапаціўся аб ахове правоў жанчын і аб іх матэрыяльным забеспячэнні. Напрыклад, гаварылася, што перш чым аддаць дачку замуж, бацька павінен быў патрабаваць ад зяця аформіць спецыяльным лістом на карысць сваёй дачкі пэўную частку нерухомай маёмасці (т.зв. вена, якое, як правіла, афармлялася на 1/3 частку маёмасці) Гэта маёмасць заставалася жанчыне і ў выпадку смерці мужа (р.5, арт.1). Гаворылася таксама аб разводах, якія здзяйсняліся духоўным судом, аднак матэрыяльныя наступствы іх ўваходзілі ў кампетэнцыю свецкіх судоў і залежалі не толькі ад віны жонкі, але і ад віны мужа (р.5, арт.18).
Статут паклаў пачатак рэалізацыі пастулата аб роўным пакаранні за забойства чалавека. Ён спрабаваў замацаваць прынцып прэзумпцыі невінаватасці, ўвёў аднолькавы ўзрост крымінальнай адказнасці асобы з 14 гадоў (р.14, арт.8). Шэраг артыкулаў дванаццатага раздзела сведчыць аб імкненні заканадаўцы забяспечыць права чалавека на асабістую свабоду, прычым гэта тычылася як людзей "ніжэйшага стану", так і "простага стану". Напрыклад, ні за якае злачынства нельга было аддаваць у вечную няволю свабоднага чалавека (арт.7), нават пісьмовае афармленне вольнага чалавека ў няволю ў галодны год лічылася несапраўдным (арт.11) і інш.
Артыкулы дзевятага раздзела Статута сведчаць аб імкненні заканадаўцы ахоўваць прыроду і яе багацці. Так, за разбурэнне лебядзінага гнязда спаганяўся крымінальны штраф тры рублі грошай (р.10, арт.8).
Трэба адзначыць, што Статут 1566 г. працягваў дзейнічаць пад назвай "Валынскі Статут" на далучаных да Польшчы ў 1569 годзе Валынскім, Кіеўскім, Брацлаўскім ваяводствах (за выключэннем некаторых артыкулаў) і пасля ўвядзення ў дзеянне новага звода законаў дзяржавы - Статута 1588 года.
Такім чынам, Статут 1566 г. замацаваў шмат новых і прагрэсіўных палажэнняў, хаця перш за ўсе клапаціўся аб прывілеях шляхты і фактычна афармляў галоўную ролю буйных феадалаў у дзяржаве. Менавіта ў гэтым і праявілася супярэчлівасць Статута: з аднаго боку ён абвяшчаў самыя прагрэсіўныя ідэі і прынцыпы, звяртаючыся да ўсяго насельніцтва і удакладняючы: "як да багатых, так і да бедных", "як да людзей вышэйшага стану, так і да людзей ніжэйшага стану", а з другога боку - перш за ўсё абараняў інтарэсы феадалаў. Будучы законам феадальнай дзяржавы, Статут увабраў у сябе ўсе характэрныя рысы і супярэчнасці тагачасных грамадскіх адносін. Аднак яго палажэнні адначасова адлюстроўвалі і паступальную тэндэнцыю ў развіцці грамадства.
1. Сокол С.Ф. Политическая и правовая мысль в Белоруссии ХУ1 - первой половины ХУ11 вв. Мн., 1984. С.20.
2. Мережковский Д.С. Реформаторы. Лютер. Кальвин. Паскаль. М.,1999. С.93-94
3. Юхо І.А. Кароткі нарыс гісторыі дзяржавы і права Беларусі. Мн., 1992. С. 173
4. Статут Великого княжества Литовского 1529 года. Мн., 1960. Р.1, арт.9
5. Барысёнак С. Нацыянальны характар Літоўскага Статуту. - Полымя, 1927, № 6, - С. 151
6. Литовская Метрика. 6-я книга судных дел. №№ 196, 207, 214
7.Тамсама. №№ 20, 21, 84, 115, 244 і інш.
8. Bardach J. Statuty Litewskie - pomniki prawa doby Оdrоdzenіа. /Dzieje kodyfikacij і prawa. Karpacz. 1976. S. 52-53
9. Статут Великого князьства Литовского 1566 года и поправы статутовые 1578 года // Временник Московского общества истории и древностей российских. 1855. Кн.25.С.1-242
10. Тамсама. С.59
<зьмест>
|
|