|
Стан беларускай мовы і перакладная літаратура XV-XVI стст. як паказальнікі магутнасці ВКЛ і яго ўплыву на ўсходнюю культуру
Людзьміла Дзіцэвіч
Гісторыя развіцця беларускай мовы мае неаднародны характар. Так, на працягу існавання беларуская мова мела як перыяды хуткага развіцця, так і доўгага заняпаду. Вытокі беларускай мовы сягаюць у Х-ХІІІ ст.
Перыяд XVI - першай паловы XVII стст. лічыцца "залатым векам" у развіцці беларускай мовы і культуры. Беларусы жылі тады ў Вялікім Княстве Літоўскім, якое і рэгулявала моўныя працэсы. Некаторыя навукоўцы мяркуюць, што ў гэты перыяд мова набывае тры асноўныя статусы: становіцца дзяржаўнай, міжнацыянальнай, а таксама набывае рысы мовы міжнародных зносінаў. Дзяржаўнасць мовы замацаваная ў Статуце ВКЛ 1566 года, дзе ў раздзеле 4 арт.1 патрабуецца: "А писаръ земский по руску маеть литэрами и словы рускими все листы и позвы писати, а не инъшым языком и словы". Гэты пункт быў захаваны і ў Статуце 1588 г. Згодна са статусам дзяржаўнай, наша мова выкарыстоўвалася ва ўсіх сферах жыцця. На ёй пісаліся летапісы, ствараліся дзяржаўныя дакументы. Узорам канцылярска-юрыдычнай лексікі з'яўляюцца Метрыка і Статут ВКЛ, які стаў асновай для ўпарадкавання права ў суседніх дзяржавах: у Прусіі, Польшчы, Расіі, Латвіі, Эстоніі і інш.
Другі статус - мовы міжнацыянальных зносінаў - дазваляе беларускай мове пашырыцца ў зносінах людзей, што насялялі ВКЛ: украінцаў, літоўцаў, палякаў, яўрэяў, татараў, немцаў і інш. Агульнавядома, што святыя татарскія кнігі "Аль-Кітабы" напісаныя на старабеларускай мове арабскімі літарамі.
Імклівае развіццё старабеларускай мовы вывелі мову на яшчэ больш высокі ўзровень: некаторыя краіны-суседзі ВКЛ пачалі весці дыпламатычную перапіску на старабеларускай мове.
"У ВКЛ … старабеларуская мова стала не толькі дзяржаўнай, але паступова разам з лацінай і верхненямецкай - мовай міждзяржаўных зносін, якую ў дыпламатычнай перапісцы выкарыстоўвалі і іншыя суседнія краіны, напрыклад, княства Валахія (сённяшняя Малдова)".
Такім чынам, тры статусы мовы забяспечылі ёй уваход у творы мастацкай і рэлігійнай літаратуры, у адукацыйную прастору. У гэты перыяд жылі і працавалі Францішак Скарына, Сымон Будны, Васіль Цяпінскі, Мялецій Сматрыцкі. Упершыню ў гісторыі ўсходніх славян у 1517 годзе у ВКЛ з'явіліся друкаваныя кнігі на старабеларускай мове. У сваіх кнігах Ф.Скарына ўпершыню зрабіў спробу сінтэзу мёртвай царкоўнаславянскай мовы і жывой беларускай гаворкі (М.В.Ламаносаў пачаў сінтэз кніжнаславянскай і рускай гутарковай моваў на два стагоддзі пазней).
Мова заваёўвала адукацыйную і канфесійную сферы. Так, ва ўніяцкіх школах, праваслаўных і каталіцкіх брацкіх школах, Віленскім універсітэце (Акадэміі) вывучалася і падтрымлівалася "руская" (беларуская) мова. З 1583 г. у Віленскім езуіцкім калегіюме беларуская мова стала прадметам вывучэння (разам з лацінай і грэчаскай). З сярэдзіны XVI ст. тэксты Святога Пісання выходзяць на беларускай мове. У 1643 годзе ў Арасе (Францыя) з'яўляецца "Граматыка словенская…" Івана Ужэвіча, у якой аўтар спрабуе апісаць мову ВКЛ канца XVI - пачатку XVII ст.ст. шляхам параўнання з лацінскай, польскай, чэшскай і інш. мовамі.
Асобна трэба сказаць пра пераклады ў XV-XVI стcт. Заходнееўрапейская культура мела выдатныя ўзоры літаратуры, якія хутка пранікалі на Беларусь у выглядзе перакладаў на беларускую мову і толькі праз некаторы час траплялі ў Масковію ў перакладзе на рускую. Гэта гаворыць пра тое, што беларуская мова ў гэты перыяд займала адно з цэнтральных месцаў у сусветнай прасторы. Заходнееўрапейская літаратура ішла ў Беларусь, а адтуль у Расію рознымі шляхамі: праз Польшчу, Чэхію, пасярэдніцтва паўднёвых славянаў (сербаў), праз яўрэйскую літаратуру і інш. Гэта сведчыць пра шырыню і плённасць беларускіх літаратурных дачыненняў з іншымі літаратурамі.
З Польшчы да нас прыйшлі "Хроніка ўсяго свету" М. Бельскага, "Хроніка Польская, Літоўская і Жамойцкая" Мацея Стрыйкоўскага, "Жыціі Святых" Пятра Скаргі і інш. З Чэхіі ў Беларусь прыйшлі "Аляксей, чалавек Божы", "Рымскія Дзеі"і шмат іншых. Праз сербскае пасярэдніцтва дайшлі "Гісторыя аб княжаці Гвідоня", "Гісторыя Варлаама і Іасафа" і інш., праз габрэйскую літаратуру прыйшлі "Тайна Тайнаў", "Шастакрыл" і інш. Усе гэтыя кнігі былі перакладзеныя з беларускай мовы на рускую і мелі ў Расіі вялікую папулярнасць.
Неабходна асобна вылучыць асаблівасці перакладаў:
1. Перакладная літаратура вызначаецца шматжанравасцю. Гэта рэлігійныя творы, навуковыя (геаграфічнага, гістарычнага характару), мастацкія: навэлы, раманы, апавяданні.
2. Пераклады рабіліся, маючы шырокае пасярэдніцтва. Літаратура трапляла ў Беларусь праз Польшчу, Чэхію, паўднёвыя краіны (сербы), яўрэйскую літаратуру.
3. Пераклады рабіліся спачатку на беларускую мову, якая ў тыя гады называлася рускай, а потым ужо, значна пазней, траплялі ў Маскоўскае княства ў перакладзе на рускую мову, якая мела назву маскоўскай мовы.
4. Пераклады на беларускую мову рабіліся з самых разнастайных моў: з польскай, лацінскай, чэшскай, сербскай, яўрэйскай і інш. Гэта ёсць сведчанне высокага ўзроўню лінгвістычнай адукацыі ў ВКЛ. Так, "Хроніка ўсяго свету" М.Бельскага перакладзена на беларускую мову з польскай, "Александрыя" - з сербскай, "Кніга пра Таўдала Рыцара" - з лаціны, "Аляксей, чалавек божы" - з лаціны і чэшскай, "Апалон Тырскі" - з чэшскай, "Шастакрыл", "Тайны Тайнаў" - з яўрэйскай.
5. Пераклады на рускую мову рабіліся беларусамі або выхадцамі з Беларусі.
6. Мова перакладаў на рускую мову ўтрымлівала ў сабе беларусізмы.
Узнікае пытанне: чаму заходнееўрапейская літаратура не перакладалася на рускую мову адразу, без пасярэдніцтва ВКЛ? Справа ў тым, што ў Маскоўскім княстве гэтая літаратура лічылася ерассю. Калі ў Вялікім княстве Літоўскім кнігі друкаваліся для выхавання і асветы люду паспалітага, то ў Маскоўскай дзяржаве, дзе ўмацоўвалася таталітарная сістэма ўлады, панавала нецярпімасць да іншадумства, кнігадрукаванне ўводзілася ў мэтах кантролю над грамадствам, кананізацыі слова і думкі.
У Маскве спальвалі заходніх лекараў, каралі друкароў за "ерась" і "чары" (асудзілі Максіма Грэка на доўгія гады астрогу за чараванне), палілі заходнееўрапейскую літаратуру. Гуманіста, прадстаўніка еўрапейскай культуры Францішка Скарыну ў Маскве абвінавацілі ў ерасі, спалілі яго кнігі, а сам ён вымушаны быў ратавацца ўцёкамі.
А ў ВКЛ тым часам панавала Рэфармацыя, якая засноўвалася на законах заходнееўрапейскага ладу. І ў гэтым працэсе нашай дзяржаве належала адна з цэнтральных роляў.
Такім чынам, можна адзначыць, што "залаты век" Вялікага Княства меў праяву і ў той высокаразвітай культуры мовы і друкавання, што ўмацоўвалі дэмакратычныя формы грамадскага і палітычнага жыцця.
<зьмест>
|
|