|
Зaлaты Вeк Бeлapyci i cyчacнacьць
Мікалай Крукоўскі, доктар філязофскіх навук
Перад тым, як разглядаць умовы ўзнікнення і развіцця Рэнесанса на Беларусі, неабходна звярнуць увагу на папярэдні храналагічны перыяд, які ахоплівае сярэдзіну XIII - першую палову XVI стст .
У сваю чаргу, гэты адрэзак часу можна падзяліць на два этапы. Першы этап (сярэдзіна XIII - канец XV стст.) - гэта перыяд стварэння і максімальнага пашырэння тэрыторыі маладой усходнееўрапейскай дзяржавы ад Балтыйскага да Чорнага мора, які характарызуецца складанымі ўзаемадачыненнямі паміж славянскімі (беларускім і украінскім) этнасамі і будучым літоўскім этнасам, што тады складаўся з аукштайтаў і жмудзінаў. У гэты час на тэрыторыі ВКЛ з'яуляюцца і пашыраюць свае ўплывы прадстаўнікі яўрэйскага і татарскага этнасаў, якія пераважна пасяляюцца ў гарадах і мястэчках. У заходняй частцы ВКЛ можна таксама прасачыць уплывы мазаўшан, прусаў і яцьвягаў, а на ўзбярэжжы Балтыйскага мора і куршаў.
У ХІІІ-ХІV стст. адбывалася творчая перапрацоўка ўсходнеславянскіх і віэантыйскіх традыцый, вытокі якіх сягаюць у Х ст., працягвалася іх пашырэнне і развіццё як на абшарах тагачаснай Беларусі і Украіны, так і на землях, заселеных балтамі. У гэты час на балцкіх землях узнікаюць і бурна развіваюцца гарады і ўзнікае феномен новай гарадской культуры, носьбітамі якой з'яўляліся праваслаўныя беларусы і паганцы (язычнікі) літоўцы.
Пасля Крэўскай Уніі і хрышчэння Літвы, на тэрыторыю ВКЛ пранікаюць і пашыраюцца традыцыі заходнееўрапейскай каталіцкай культуры. У ХVІ - пачатку XVII ст. гэтая хваля даходзіць да ўсходніх межаў ВКЛ, і яе асяродкамі сталі Віцебск, Мсціслаў, Орша і Смаленск.
У XV ст. пасля Грунвальдскай бітвы знікае крыжацкая пагроза і гарадская культура ВКЛ канчаткова фармуецца як неад'емная частка заходнееўрапейскай цывілізацыі. Менавіта ў гэты час на тэрыторыі ВКЛ пашыраецца магдэбургскае права.
Другі этап (канец XV - першая палова XVI ст.) у развіцці гарадской матэрыяльнай культуры ВКЛ характарызуецца яе росквітам і агульнымі тэндэнцыямі, якія маюць выразнае заходнееурапейскае паходжанне.
У архітэктуры - гэта адзіны архітэктурны стыль позняй готыкі, якая тут мае спецыяльныя асаблівасці, характэрныя для тэрыторыі ВКЛ. Найбольш унікальныя праявы гэтага стыля ўвасабляюцца ў стварэнні самабытнай жывапіснай фрэскавай школы (дастаткова прыгадаць фрэскі з Трок, Крэва і Супрасля), узнікненні інкастэляваных храмаў, будаўніцтве новых праваслаўных цэркваў (храмы ў Вільні, Сынковічах і Мураванцы).
На ўсёй тэрыторыі ВКЛ пашыраецца адзіная будаўнічая тэхніка ў галіне мураванага дойлідства. Гэта ўжыванне вялікапамернай цэглы-пальчаткі, гатычнай муроўкі, лусковай канструкцыі сценаў, выкарыстанне пляскатай і цыліндрычнай дахоўкі, ваконнага шкла і вітражоў. У гэты час на змену гаршковай прыходзіць рэльефная каробкавая кафля, з'яўляецца паліваная (зялёная ці карычневая) і паліхромная кераміка. Пачынаюць працаваць шматлікія гуты па вырабу шкла, дасягае росквіту апрацоўка каменя, косці і дрэва.
У гэты час грамадзяне ВКЛ незалежна ад нацыянальнасці канчаткова атрымліваюць назву "літвіны" альбо "літва" (гл. рускія тагачасныя крыніцы), карыстаюцца адзінай дзяржаўнай мовай, маюць сваю друкаваную кнігу і аднатыпную гарадскую культуру, якая вельмі адрозніваецца ад гарадской культуры суседняй Маскоўскай дзяржавы.
У XV-XVI стст. на Беларусі, якая ўваходзіла ў склад Вялікага Княства Літоўскага, склаліся эканамічныя, сацыяльныя, палітычныя і ідэалагічныя перадумовы Рэнесанса - эпохі станаўлення і росквіту ранняй буржуазнай культуры ў Заходняй і Цэнтральнай Еўропе. Якасныя змены ў розных сферах жыцця перадавых еўрапейскіх краін (у першую чаргу Італіі) - узмацненне антыфеадальнай і рэлігійнай барацьбы, вялікія геаграфічныя адкрыцці, рост і развіццё гарадоў, фарміраванне нацыянальных дзяржаў і абсалютысцкіх манархій, з'яўленне кнігадрукавання, развіццё навукі і тэхнікі - прывялі да ўзнікнення новай, пераважна свецкай культуры. На яе глебе сфарміраваўся гуманістычны погляд на прыроду, грамадства і чалавека.
На Беларусі ў гэты час назіраецца бурны рост гарадоў, што асабліва ярка выявілася ў атрыманні імі самакіравання. Гандляры Полацка, самага вялікага беларускага горада першай паловы XVI ст., часта з'яўляліся на кірмашах Рыгі і Гданьска, Любека і Гамбурга, іншых ганзейскіх гарадоў Еўропы. Шмат іншаземных гандляроў прыязджалі і на Беларусь. У Полацку яны нават мелі мураваны касцёл св. Пятра, у сутарэннях якога захоўвалі свае тавары.
Адзін за другім узнікалі ў беларускіх гарадах рамесныя цэхі, якія працавалі не толькі на ўнутраны, але і на замежны рынак. Дзякуючы адзінай мове навукі - лаціне, што была шырока распаўсюджана на Беларусі, мацаваліся і міжнародныя навуковыя сувязі. Беларускія студэнты вучыліся ва універсітэтах Германіі, Італіі, Швейцарыі, Францыі, Польшчы, Чэхіі і іншых еўрапейскіх краін.
У канцы XV ст. завяршаецца складванне беларускай народнасці і мовы, абуджаецца нацыянальная самасвядомасць. Гэты працэс адбіваецца на розных галінах мастацтва і матэрыяльнай культуры. Адраджаюцца, напрыклад, традыцыі паліванага посуду, значна пашыраецца яго асартымент, вырабляюцца новыя формы сталовага начыння: рынкі (гліняныя патэльні на трох ножках), куфлі, паліваныя гаршкі і збаны, талеркі і паўміскі. У XVI ст. з'яўляюцца італьянская маёліка і "рэйнскі каменны посуд", узнікаюць ганчарныя цэнтры па вырабе паліхромнай кафлі і сталовага посуду.
Бурна развіваецца кнігадрукаванне, ствараецца мастацкая літаратура і свецкая паэзія. Шырокую вядомасць набываюць творы Міколы Гусоўскага, напісаныя на лаціне, і друкаваныя кнігі Францішка Скарыны. Расквітнела агульнадзяржаўнае летапісанне на роднай мове. Выдаюцца першыя буквары, граматыкі і слоўнікі.
Але ў параўнанні з іншымі еўрапейскімі краінамі, у эканоміцы Беларусі адсутнічалі выразныя прыкметы будучага капіталізму, захоўвалася вялікая залежнасць гарадоў і мястэчак ад магнатаў, недастаткова кансалідавалася беларуская народнасць. Да гэтага трэба дадаць наяўнасць пэўнага перыяду адноснай верацярпімасці, узаемадзеянне беларускай культуры з культурамі суседніх народаў, сувязь не толькі з антыфеадальным, але і з нацыянальна-рэлігійным рухам. Рэнесансная культура акрэслілася тут з пэўным спазненнем і не зусім супадае храналагічна з агульнапрынятымі стадыямі Адраджэння ў заходнееўрапейскіх краінах. Акрамя архітэктуры (пра гэта гаворка далей), ідэі Адраджэння на Беларусі найбольш яскрава праяўляліся ў жывапісе, графіцы і музыцы.
Значнага поспеху ў гэтыя часы дасягае царкоўная і свецкая музыка, асяродкамі якой былі брацкія школы. У другой палове XVI ст. пачалося друкаванне нот. Першыя ноты выйшлі з друкарняў Берасця, Нясвіжа і Любчы. Уплывы Рэнесансу прыкметныя і ў дэкаратыўна-ўжытковым мастацтве (выраб мэблі, кафлярства, шкларобства, ювелірная і касцярэзная справа).
Подых Рэнесансу адчуваецца ў фрэскавым роспісе і іканапісе, што праяўляецца ў адыходзе ад сярэднявечных канонаў, рэалістычнай трактоўцы натуры, падкрэсліванні індывідуальных рыс у біблейскіх персанажаў. Абразы аздабляюцца бытавымі і этнаграфічнымі элементамі, часам запазычанымі непасрэдна з тагачаснай беларускай архітэктуры. На абразах можна ўбачыць разнастайныя прыёмы накрыцця дахаў (у тым ліку паўцыркульнай і чырвонай пляскатай дахоўкай), розныя ўзоры цаглянай муроўкі (нават расшыўку швоў), каваныя металічныя дзвярныя завесы, замкі і ключы, шырокія прамавугольныя вокны, зашклёныя круглымі альбо квадратнымі шыбамі, у алавяных рамах і іншыя дэталі. Часам архітэктурныя кулісы на абразах ператвараюцца ў сапраўдныя пейзажы з рэнесанснымі палацамі.
Уплыў Рэнесансу ў графіцы перш-наперш адбіўся ў дрэварытах выданняў Францішка Скарыны. Калі ўважліва прыгледзецца да біблейскіх сюжэтаў, можна заўважыць розныя тагачасныя ўзоры адзення, зброі, арнаментыкі і архітэктуры. На адным з дрэварытаў нават паказана сапраўдная будаўнічая пляцоўка XV-XVI стст.: некалькі майстроў нарыхтоўваюць камяні для муроўкі, другія пры дапамозе спецыяльных блокаў і пад'ёмнікаў падаюць мулярам будаўнічыя матэрыялы. Побач стаяць архітэктар і заказчык і нешта абмяркоўваюць.
На другім дрэварыце мы бачым трохпавярховы рэнесансны палац. Першы, службовы, паверх мае невялічкія квадратныя вокны, а другі і трэці прарэзаны шырокімі і светлымі арачнымі вокнамі, аздобленымі рустам.
У ХVІ ст. канчаткова фармуецца такая будаўнічая прафесія, як архітэктар, які займаецца менавіта праектаваннем архітэктурных пабудоў, свае планы і замалёўкі ён узгадняе з заказчыкам. Беларускі даследчык Г.Галенчанка выявіў ва ўкраінскіх кнігазборах унікальны альбом архітэктурных чарцяжоў, якія былі зроблены ў канцы XVI - пачатку XVII ст. Графічныя лісты з альбома ўяўляюць сабою архітэктурныя планы, разрэзы, чарцяжы фасадаў і іх фрагменты, розныя дэталі інтэр'ераў і г.д. Найбольшую цікавасць выклікаюць чарцяжы, звязаныя з будаўніцтвам езуіцкага касцёла Божага Цела ў Нясвіжы, а таксама план фарнага касцёла ў Клецку і план падмуркаў фарнага касцёла (фара Вітаўта) у Горадні.
Як паказалі гістарычныя і археалагічныя даследаванні, мураваны прыходскі касцёл у Горадні быў узведзены ў І579-1586 гг. на сродкі караля Стэфана Баторыя, які хацеў запрасіць у Горадню езуітаў. Помнік уяўляў сабой трохнефавае прамавугольнае збудаванне, якое заканчвалася з усходу прэсбітэрыем з гранёнай апсідай. Да галоўнага фасада была прыбудавана шмат'ярусная вежа. Фасады касцёла аздаблялі глухія паўцыркульныя аркі. Падмуркі будынка былі зроблены ў тэхніцы, аналагічнай падмуркам палаца С.Баторыя на Старым замку (мяшаная муроўка з апалубкай, вапнавая рошчына з буйной цамянкай). Будынак быў накрыты паўцыркульнай дахоўкай, прычым некаторыя яе кавалкі, знойдзеныя археолагамі, былі пакрытыя зялёнай і белай палівай. Гэты помнік шмат разоў перабудоўваўся і ў І96Іг. быў знішчаны.
Як сцвярджаюць даследчыкі на падставе выяўленых архіўных архітэктурных чарцяжоў, у апошняй чвэрці XVІ ст. на Беларусі ў мясцовым дойлідстве пашырылася праектная практыка, якая ў Маскоўскай дзяржаве з'явілася толькі праз стагоддзе.
Адметныя рысы Адраджэння ў розных галінах беларускага мастацтва існавалі доўгі час, нават да сярэдзіны XVII ст., набываючы ў шэрагу выпадкаў элементы маньерызму. Новыя формы накладваліся на вельмі трывалую старажытную аснову мясцовага мастацтва, што абапіралася на традыцыі Кіеўскай Русі і Візантыі.
Спецыфічная рыса архітэктуры Беларусі часоў Адраджэння - сінтэз гатычных і рэнесансных традыцый, якія паступова (у канцы XVI - пачатку XVII ст.) спалучаюцца з элементамі маньерызму і барока. Гэта характэрна як для палацава-замкавай, так і для культавай і грамадзянскай архітэктуры.
У якасці прыкладаў можна прывесці замак у Любчы і Петрапаўлаўскі касцёл у Новым Свержні (Стаўбцоўскі р-н). Любчансжі замак узнік на ўскрайку мястэчка Любча (Наваградскі р-н) на высокім левым беразе Нёмана ў канцы 70-х - пачатку 80-х гадоў ХVІ ст. Яго фундатарам быў мясцовы беларускі магнат Ян Кішка. Памеры замка былі блізкія да квадрата (85х85 м). Па кутах яго ўзвышаліся шмат'ярусныя вежы з байніцамі, знешне падобныя на вежы Мірскага замка пасля іх перабудовы Радзівіламі ў апошняй чвэрці ХVІ ст.
З паўночнага і паўднёва-заходняга боку замак абараняўся мураванымі сценамі, а з поўдня і паўночнага ўсходу яго прыкрывалі драўляныя "парканы". Да паўночна-заходняга абарончага мура ў канцы XVI - пачатку XVІІ ст. быў прыбудаваны мураваны палац. Падлога ў ім была выкладзена з квадратных паліваных (карычневая і зялёная паліва) плітак падлогі, што размяшчаліся ў шахматным парадку. Дах быў пакрыты пляскатай чырвонай дахоўкай, а сцены палаца і замка абтынкаваныя.
Амаль адначасова з Любчанскім замкам, у 1586 г. быў заснаваны Мікалаем Радзівілам (Сіроткай) Петрапаўлаўскі касцёл у Новым Свержні. Гэта аднанефавая прамавугольная пабудова з невялікай паўкруглай апсідай на ўсходзе. 3 захаду да храма прымыкае трох'ярусная вежа, якая ўзведзена ў тэхніцы рэнесансавай муроўкі з цэглы-пальчаткі. Падмуркі будынка ўзведзены ў тэхніцы бутавай муроўкі ў апалубцы на вапнавай рошчыне, уласцівай і іншым помнікам эпохі Рэнесансу на Беларусі.
Найбольш яскрава павевы рэнесансу адбіліся на мураванай архітэктуры кальвінскіх збораў - помнікаў новага тыпу, якія з'явіліся на Беларусі ў XVI ст. разам з прыхільнікамі новай еўрапейскай рэлігіі - пратэстантамі. Жорсткая барацьба паміж праціўнікамі і абаронцамі Рэфармацыі захапіла і Беларусь, асабліва пасля таго, як частка мясцовых магнатаў і шляхты прыняла новае веравызнанне. Ваенная небяспека і абумовіла архітэктуру пратэстанцкіх (або кальвінісцкіх) бажніц.
Калі параўнаць іх з гатычнымі абарончымі храмамі, то можна адразу заўважыць не толькі пераемнасць (тоўстыя сцены, шматступеньчатыя контрфорсы, глыбокія падмуркі, байніцы на фасадах галоўнай вежы), але і адметнасць. Па-першае, гэта іншая дэкарыроўка і паліхромія фасадаў, шырокае ўжыванне тынкоўкі, замест гатычнай сістэмы муроўкі - рэнесансная, дзе чаргуюцца рады тычкоў і лажкоў. У асобных выпадках (Праабражэнская царква ў Заслаўі) яшчэ багата профільнай фігурнай цэглы, але сфера яе выкарыстання ўжо значна меншая. Асноўную ролю ў пластыцы фасадаў пачынаюць адыгрываць новыя элементы дэкору: рустоўка, аркатура і інш.
Па-другое, іншы характар набываюць абарончыя прыстасаванні. Часта зборы абносіліся высокай мураванай агароджай, у некаторых выпадках з невялікімі абарончымі вежамі. Напрыклад, збор у Койданаве (зараз г. Дзяржынск), які, на жаль, не захаваўся, быў абнесены каменным мурам з дзевяццю вежамі і глыбокім ровам, які напаўняўся вадою.
Значна змянілася ў параўнанні з каталіцкімі або праваслаўнымі бажніцамі і планіроўка кальвінскіх храмаў. Прайсці ў будынак можна было толькі праз адзін уваход - галоўную вежу, размешчаную ў цэнтры фасада. Гэтая вежа была вельмі высокая і ў значнай ступені прыстасавана да абароны. Вокны ў асноўным аб'ёме вузкія, невялікіх памераў і нагадвалі байніцы.
У другой палове XVI ст. з'яўляецца новы тып цэнтрычнага культавага храма. Яскравы прыклад - кальвінскі збор у Смаргоні (канец XVI ст.), які нядаўна адноўлены. У плане гэта васьмігранная ратонда (бесслуповы храм) з купальным завяршэннем. Фасады былі абтынкаваныя. Асноўны дэкаратыўны эфект дасягаўся за кошт высокай сценкі - атыка, што прыкрываў знізу аснову сферычнага купала і быў аздоблены лапаткамі і парнымі паўцыркульнымі плоскімі нішамі ў выглядзе аркады. Масіўная высокая вежа прыкрывала адзіны ўваход у храм і некалі мела на самым версе гадзіннік. Маленькія вежы (ацалела толькі адна з іх - паўднёвая), паабапал галоўнай, не мелі абарончага прызначэння. У іх калісьці знаходзілася бібліятэка.
Да часоў Адраджэння адносяцца першыя спробы рэканструкцыі некаторых беларускіх гарадоў на аснове рэгулярнай планіроўкі, калі замак траціў ролю гарадской цытадэлі, будаваўся на ўскраіне горада і злучаўся з яго цэнтрам галоўнай вуліцай. Цэнтрам гарадской кампазіцыі і адной з асноўных гарадскіх дамінантаў становіцца ратуша, размешчаная на вялікай гандлёвай плошчы, забудаванай драўлянымі і мураванымі крамамі.
У якасці прыкладу можна прывесці Нясвіж, які ў той час належаў Радзівілам і быў прыватнаўласніцкім горадам. Мікалай Сіротка ў канцы XVI ст. цалкам перабудоўвае горад. План асноўнай часткі Нясвіжа стаў блізкім да квадрата з прамавугольнымі кварталамі, абнесенымі зямельнымі ўмацаваннямі бастыённага тыпу з чатырма мураванымі брамамі. У цэнтры горада на гандлёвай плошчы была збудавана ратуша з вельмі высокай і стромкай вежай, а астатнія найбольш значныя кропкі горада, будаўнічага ансамбля былі заняты замкам і мураванымі кляштарамі. Таксама былі перапланаваны Мір, Быхаў, Слуцк, Любча і некаторыя іншыя беларускія гарады і мястэчкі.
У такіх старых гарадах, як Полацк, Гародня, Менск, Мсціслаў, з вельмі ўстойлівай горадабудаўнічай структурай новыя архітэктурныя павевы адбіліся не так выразна, але і тут былі створаны новыя адміністрацыйныя цэнтры з гандлёвымі плошчамі і ратушамі.
Эпоха Адраджэння нл Беларусі - гэта час, калі ВКЛ разам з Польшчай утварылі адзіную дзяржаву (дзяржаву двух народаў) - Рэч Паспалітую. У гэты перыяд ідзе далейшае адасабленне ўкраінскага этнаса ад беларускага і ў сувязі з тым, што Падляшша і Украіна спачатку адышлі да Кароны, а потым (часткова) да Маскоўскяй дзяржавы, тэрыторыя ВКЛ эначна паменшылася.
Перыяд пасля Лівонскай вайны і да пачатку казацкіх паўстанняў на Украіне можна свабодна назваць "залатым векам" у гарадской культуры на тэрыторыі ВКЛ. У галіне архітэктуры гэта час позняга Рэнесансу (маньерызму) і ранняга барока. 3'яўляюцца новыя тыпы абарончых збудаванняў - замкі бастыённага тыпу, кальвінскія зборы і мураваныя гарадскія ратушы.
Да двух пануючых у ВКЛ хрысціянскіх плыняў праваслаўя і каталіцызму дадаюцца спачатку пратэстантызм, а потым і уніяцтва. Гэтыя новыя хрысціянскія плыні дазваляюць пранікаць на Беларусь і Літву розным элементам пратэстанцкай гарадской культуры з гарадоў Галандыі, Швецыі і Германіі.
<зьмест>
|
|