|
Нацыя ХХІ стагодзьдзя
Павал Севярынец
Навуковая частка нашай канфэрэнцыі пераканаўча давяла, што Рэфармацыя - гэта Залаты Век у гісторыі Беларусі. Менавіта тое духовае абуджэньне, якое было ў тыя часы, менавіта Рэфармацыя, зварот народа да Бога, зварот народа да Хрыста прадвызначыў усе тыя эканамічныя, культурныя, грамадзкія і іншыя посьпехі. І мне здаецца, зараз варта было б паразважаць не над тым, што мы - нацыя XVI ст., а над тым, што мы -- нацыя ХХІ ст. Я веру, што беларусы - гэта нацыя ХХІ ст., і зараз у Беларусі ёсьць магчымасьць, ёсьць умовы, ёсьць патэнцыял для таго каб адрадзіць той першапачатковы стан, адрадзіць Рэфармацыю. Зрабіць гэта відавочна можна і трэба, на грунце, у першую чаргу, гісторыі. Я хачу прапанаваць кароткі агляд трох асноўных аспэктаў Рэфармацыі: грамадзкага, маладзёвага і эўрапейскага.
У першую чаргу нашаму грамадзтву патрэбен вельмі моцны падмурак, каб пазбавіца ад той безальтэрнатыўнасьці, той спустошанасьці, той абыякавасьці і расчараванасьці, якая ёсьць на дадзены момант у Беларусі. Мне здаецца, што адзінай альтэрнатывай, адзіным адказам на сёньняшні стан грамадзтва ёсьць духовае абуджэньне, новая Рэфармацыя.
Сёньняшняе становішча ў краіне ня вечнае, і калі зьменіцца сытуацыя ў грамадзтве, яму спатрэбяцца дакладныя адказы на ўсе пытаньні, якія паўстануць. І, безумоўна, ні дэмакратыя, ні незалежнасьць, ні рынкавая эканоміка самі па сабе ня будуць адказамі на гэтыя пытаньні. Адказам можа стаць толькі духовае абуджэньне, якое прынясе з сабой рознапланавыя зьмены. Самае галоўнае, каб мы не паўтаралі найбольшыя памылкі першай Рэфармацыі, не пакінулі гэта на элітным узроўні. Рэфармацыя мусіць стаць народнай, каб нават бабулькі на лаўцы разважалі пра Радзівілаў, пра Льва Сапегу, а не пра Пятра І ці Сталіна.
Другі аспэкт -маладзёвы. Моладзь - гэта будучыня, моладзі жыць у ХХІ ст. І якраз новае пакаленьне можа стаць носьбітам новае Рэфармацыі. Сёньняшняе новае пакаленьне, сёньньяшняя моладзь - гэта ўвогуле ўнікальная зьява. Сёньня моладзі вельмі шмат, прыблізна 1.5 млн. людзей узроста да 30 гадоў. За намі дэмаграфічная яма перабудовы, выкліканая Чарнобылем, стрэсам і г.д. Таму пасьля нас будзе значна менш, і той узроставы фронт, які ідзе зараз, мае колькасную магчымасьць, магчымасьць зараджальную. Яны прайшлі ўсе выпрабаваньні ад камунізму да беларускага Адраджэньня. Гэтая моладзь, якая мае перад сабой усе гэтыя вобразы, перажытыя, а не пачэрпнутыя з кнігаў, можа стаць пакаленьнем новай Рэфармацыі. Таму галоўным аб'ектам адукацыі павінна стаць у першую чаргу моладзь. У практычным сэнсе, гэта пастаяннае раскручваньне на грамадзкім, на дзяржўным узроўні ідэяў духовага абуджэньня, ідэяў Рэфармацыі.
Нарэшце, эўрапейскі аспэкт. Эўрапейскі кантэкст для Беларусі мае найважнейшае значэньне, і таму беларусы павінны мець значна большыя амбіцыі, чым межы ўласнай краіны. Безумоўна, ядром зьяўляецца нацыянальная ідэя, ідэя нацыянальнага духовага абуджэньня, але давайце не забывацца, што ВКЛ была наймагутнейшай краінай ва Ўсходняй Эўропе, яна прэтэндавала на лідэрства і саступіла яго толькі ў вострай барацьбе з Масквой і Польшчай. Сёньня Ўсходняя Эўропа выглядае найбольш пэрспэктыўнай і здаровай. Калі на захадзе Эўропы крызыс хрысьціянства дасягнуў ужо крытычных маштабаў: гомасэксуальныя шлюбы, марыхуана, эўтаназія і г.д., Усходняя Эўропа, калі глядзець па палітычных рухах, якія перамагаюць у Эстоніі, Малдове, на Ўкраіне, на парозе хрысьціянскага абуджэньня. Гэта сапраўды рух, які можа далей ісьці ў Заходнюю Эўропу, не для таго, каб далучыцца да яе, каб нацягнуць на сябе цёплую коўдру, а каб збаўляць Эўропу, даваць Эўропе тое сьвятло, якога так не хапае. Менавіта таму я б разглядаў Беларусь яшчэ і як патэнцыйны маяк. Давайце будзем адметнымі, давайце будзем меркаваць, што калі мы ў сэрцы Эўропы, у геаграфічным сэрцы Эўропы, то гэтае сэрца павінна быць гарачым і адкрытым Богу.
<зьмест>
|
|