|
Аўтар "Гіпікі" Крыштап Мікалай Дарагастайскі
Сьвятлана Ішчанка
Гісторыкі й пісьменьнікі пакуль, здаецца, абыходзяць увагай род Дарагастайскіх, а шкада. Часьцей згадваюць адным-двума радкамі вялікага маршалка літоўскага Крыштапа Мікалая Дарагастайскага (1562 -- 1615), найперш як аўтара "Гіпікі, альбо Кнігі пра коней".
Ваявода полацкі, бацька Крыштапа, меў, паводле ўспамінаў сучасьнікаў, "моцную руку і ўладу". Мікалай Дарагастайскі браў удзел ва ўсіх войнах Стэфана Баторыя і вызначаўся мужнасьцю. У 1577 г. ён з 80 вершнікамі дагнаў пад уласнымі Дарагастаямі вялікі загон татараў, якія вярталіся з набегу, ушчэнт разьбіў іх і адабраў нарабаванае. У 1579 г. гэты здольны военачальнік праславіўся ўзяцьцем дзьвюх крэпасьцяў у Полацкай зямлі, якія баранілі маскавіты, -- Сушы і Няшчарды. А праз год разам з Полацкім рыцарствам і жаўнерамі Замойскага здабыў бліскучую перамогу пад Невелем.
Мікалай Дарагастайскі быў ня толькі выдатным ваяром, але й высокаадукаваным дзяржаўным дзеячам, шмат клапаціўся пра асьвету й дабрабыт свайго краю. Ён удзельнічаў у карэктуры ІІ Статуту ВКЛ, фінансаваў кнігадрукаваньне. Дбайны кальвініст, ён пабудаваў у Мураванай Ашмянцы пратэстанцкі збор і заклаў друкарню. Гэтую спадчыну атрымаў ягоны сын Крыштап.
Уражвае адзін толькі пералік пасадаў і тытулаў К.М. Дарагастайскага: староста ваўкавыскі, шарашоўскі і лепельскі, стольнік літоўскі, падчашы літоўскі, маршалак надворны і, нарэшце, вялікі літоўскі маршалак. Староста дынамундзкі, барон Сьвятой Рымскай імпэрыі, ганаровы грамадзянін Вэнэцыі ... Ён набыў вышэйшую адукацыю ў Страсбуры і Фрыбурга-Брызгоўскай акадэміі, дзе пакінуў спробы ў напісаньні вершаў на лаціне й грэцкай мове. Прыхільнасьць да вызваленых навукаў Дарагастайскі захаваў на ўсё жыцьцё. Ён старанна штудыяваў антычных філёзафаў і мэдыкаў, пераймаў дасягненьні сучасьнікаў. Сам маляваў эскізы муштукоў для "Гіпікі" і ўпрыгожыў яе ўласнымі перакладамі "Георгікаў" Вяргілія.
На стварэньне навуковай працы пра конегадоўлю й падрыхтоўку рыцарскіх коней Дарагастайскага натхніла знаёмства зь неапалітанскай школай коннай язды падчас падарожжа па Італіі. Майстры коннай справы П.А. Фэрары, К. Кортэ, П. Карацыёла давалі яму ўрокі, і дапытлівы малады шляхціц пажадаў падзяліцца перадавым вопытам з суайчыньнікамі.
Але паміж высакароднай задумай і яе зьдзяйсьненьнем паўсталі гады ратнай працы - камандаваньне ўласнай харугвай у войнах Баторыя, гераічная абарона Інфлянтаў ад швэдаў. У часы замірэньня ўвагу К.М. Дарагастайскага адцягнула пасольская дзейнасьць, у якой ён заўсёды бараніў інтарэсы літоўскай шляхты.
Мураваная Ашмянка была ўлюбёным маёнткам вялікага маршалка. Тут ён адпачываў пасьля паходаў і залечваў раны, разьвіваў дзейнасьць друкарні. Тут на пачатку XVII ст. засяроджваўся над старонкамі "Гіпікі". Менавіта ў Ашмянку ў 1615 г. было перавезена з Уроцлава ягонае цела на вечнае супакаеньне.
Адзіны сын Крыштапа Дарагастайскага Ўладзіслаў (1611 -- 1638), крайчы ВКЛ, пражыў надта нядоўгае жыцьцё, але пакінуў пасьля сябе славу апекуна навук, заступніка пратэстантаў і праваслаўных вернікаў. Ян Амос Каменскі оназываў яго сваім вучнем і прысьвяціў яму твор "Брама да моваў", выдадзены ў Гданьску ў 1634 г.
На дачцэ Ўладзіслава Соф'і род Дарагастайскіх перапыніўся. Мураваная Ашмянка перайшла да Сапегаў, потым - да Важыньскіх. Зьнік кальвінскі збор, спыніла сваю дзейнасьць друкарня ... У сярэдзіне ХІХ ст. яе перарабілі на палац, дабудаваўшы 2-гі паверх у стылі клясыцызму. Ад сапраўднай друкарні часткова захаваўся падвал і цагляныя сьцены 1-га паверху.
У літаратуры ёсьць зьвесткі, што ў памяць пра будаўніцтва каля ўваходу ў сядзібу быў умураваны камень з датамі 1590 - 1843. Яго даўно няма, і ад палацу засталіся адныя руіны, гледзячы на якія нават цяжка вызначыць архітэктурны стыль. Дах адсутнічае, першы паверх амаль увайшоў у зямлю. Усярэдзіне буйна разрасьліся бярозкі, клёны, рознае кустоўе. Калі пільна ўгледзецца ўніз, скрозь лісьце бачныя некалькі хадоў у лёхі.
Магчыма, новыя зьвесткі аб творчай і мэцэнацкай дзейнасьці К.М. Дарагастайскага далі б раскопкі друкарні. Пры ягоным жыцьці адтуль выйшла найбольш кнігаў, у тым ліку вядомая "Цэнзура" В. Салінарыюса (1615 г.). Некаторыя навукоўцы лічаць, што ў Мураванай Ашмянцы ўпершыню быў надрукаваны і невялікі, пробны наклад "Гіпікі", зь якога не засталося ніводнага асобніку. Я. Парэцкі прыводзіць у доказ цытаты зь лістоў Дарагастайскага да Радзівіла Сіроткі. Зь іх вынікае, што аўтар лічыў айчыннае выданьне больш якасным за кракаўскае 1603 г. А раптам ахеолягі знайшлі б канчатковае пацьверджаньне гэтай гіпотэзе? Прапанова аб раскопках сустрэла зацікаўленасьць у Інстытуце гісторыі НАН РБ. Друкарні Дарагастайскіх патрабуюцца дзейсныя ратавальнікі й руплівыя дасьледнікі.
Паводле газэты Культура, 26 жніўня - 1 верасьня 2000 г.
|
|