Галоўная
  Гісторыя
  Ідэі
  Асобы
  Дакумэнты
  Даты
  1553-2003
  Фотагалерэя
500 год Жану Кальвіну

500 год Мікалаю Радзівілу Чорнаму

  ЎКантакце




Царква Хрысьціян Веры Эвангельскай у Рэспубліцы Беларусь Царква Ісуса Хрыста
АСОБЫ

Жыццё і літаратурная творчасць Крыштафа Мiкалая Дарагастайскага, вялікага маршалка літоўскага

Святлана Ішчанка

"Шмат умець, багата ведаць, шмат разумець - гэтыя якасці, ласкавы чытач, не толькі вялікае ўпрыгажэнне для кожнага чалавека, але і галоўная прычына добрай славы і прыязнасці ў людзей. Але ж змяшчаць усё гэта ў сабе, ані з кім не дзяліцца дарамі, якія маеш, -- прыносіць гэтулькі ж карысці, як месяц, зацьмёны сонцам, або сонца - месяцам. Бо чалавек павінен жыць не сам дзеля сябе, але найперш на хвалу Найвышэйшаму Богу, Чыіх рук ён стварэнне, потым дзеля сваёй айчыны, а нарэшце, і дзеля бліжняга свайго, прыстаўленага для аднолькавых з ім прац і аднолькавых спраў". Так пачаў Крыштаф Мікалай Дарагастайскі сваю "Гіпіку, альбо Кнігу пра коней", якая выйшла ў 1603 годзе ў Кракаве з друкарнi Анджэя Пётркоўчыка. Датуль у Рэчы Паспалiтай не было нiводнага дапаможнiка па конегадоўлi i коннай яздзе. Аўтар "Гiпiкi", вялiкi маршалак лiтоўскi, пiсаў на польскай мове, як тады было прынята сярод айчыннай шляхты, ужываючы лацiнскiя цытаты i iтальянскiя тэрмiны. I ў гiсторыю Крыштаф Мiкалай Дарагастайскi ўвайшоў найперш як славуты знаўца i аматар коней. Аднак жыццёвы шлях гэтага палкаводца, дзяржаўнага дзеяча, падарожнiка, натуралiста, вальнадумца i асветнiка варты, на нашу думку, асобнай увагi.

Наш герой паходзiў з Манiвiдаў (Монвiдаў) -- аднаго з найзаможных i найстаражытных у Вялiкiм княстве Лiтоўскiм роду, якi на Гарадзенскай унii ўзяў польскi герб Лялiва. Ён нарадзіўся 2 сакавiка 1562 г. у сям'і полацкага ваяводы Мікалая Дарагастайскага i Ганны Вайнянкi. Выхоўваўся ў кальвiнскай веры і не здрадзiў ёй.

Пачатковую адукацыю Крыштаф Мiкалай атрымаў дома, i бацька выправiў яго за мяжу. Падлетак вучыўся ў славутай гiмназii Яна Штурма ў Страсбургу, а 16 снежня 1575 г. запiсаўся ў каталiцкую Фрыбурга-Брызгоўскую Акадэмiю.

У тыя часы моладзь сталела рана. Крыштаф Мiкалай добраахвотна далучыўся да ваенных дзеянняў у Нiдэрландах. Ён храбра бiўся ў войску Свяшчэннай Рымскай iмперыi. Потым падарожнiчаў па Еўропе, найбольш упадабаў Iталiю. Атрымаў ганаровае грамадзянства ў Венецыi, гасцяваў у Ферары, у Балоннi ў графа Пепулу. Найдаўжэй затрымаўся Дарагастайскi ў Неапалi. Гэты горад славiўся прыгожымi пародзiстымi конямi i першай у свеце вышэйшай школай коннай язды.

Дапытлiвы i старанны юнак браў урокi ў знакамiтых майстроў-"кавалькатораў" П. Карацыёлы, Клаўдыя Кортэ, Петра Антонiо Ферара. З апошнiм, гiполагам i надворным канюшым неапалiтанскага вiцэ-караля, князя дэ Асуна, у Дарагастайскага склалiся асаблiва прыязныя адносiны. "...Мой вельмi зычлiвы настаўнiк, якi не меў тады ў хрысцiянскiм свеце роўнага сабе ў навуцы коннай язды", -- згадаў яго ў "Гiпiцы" (Кнiга I, раздзел VIII) удзячны вучань. Ферара заахвоцiў Крыштафа Мiкалая скласцi дапаможнiк па конегадоўлi для суайчыннiкаў.

Аднак памiж высакароднай задумай i яе здзяйсненнем паўсталi гады ратнай i дзяржаўнай працы. Вяртаючыся на Радзiму, Дарагастайскi не абмiнуў iмператарскага двара, дзе за ваенныя заслугi ў Нiдэрландах быў уганараваны тытулам барона Свяшчэннай Рымскай iмперыi. Слаўны пачатак кар'еры палкаводца!

У апошнiя гады праўлення Баторыя Крыштаф Мiкалай актыўна ўдзельнiчаў у вайне з Масковіяй, змагаючыся на флангу бацькi на чале ўласнай харугвы. Напэўна, тады ж зблiзiўся на глебе агульных вайсковых i рэлiгiйных iнтарэсаў з Крыштафам Радзiвiлам Перуном, на той час гетманам польным. У 1588 г. атрымаў у спадчыну ваўкавыскае стараства i зрабiўся стольнiкам лiтоўскiм. У тым жа годзе ажанiўся першы раз з Соф'яй Хадкевiчаўнай, дачкой вiленскага кашталяна Яна Геранiма.

На сейме 1589 г. Дарагастайскага абралi дэпутатам для заключэння дагавору з iмператарам Свяшчэннай Рымскай iмперыi. На сейме 1590 г. ён як пасол вiленскi энергiчна змагаўся за заключэнне мiра з Масквою i пратэставаў iмем лiцвiнаў супраць устаноўленых падаткаў. У красавiку 1590 г. быў прызначаны крайчым лiтоўскiм i, заваяваўшы сiмпатыю двара, падтрымлiваў габсбургскую палiтыку Жыгiмонта III Вазы. Спрыяў шлюбу караля з Ганнай Аўстрыячкай i ў доказ каралеўскай ласкi ў 1592 г. атрымаў пасаду падчашага лiтоўскага. Быў Дарагастайскi таксама паслом на iнквiзiцыйным сейме [1], сярод нешматлiкiх прыхiльнiкаў Жыгiмонта III. У 1594 г. валынскае ваяводства абрала яго дэпутатам на Каронны Трыбунал у Люблiне.

Палiтычная дзейнасць Дарагастайскага на карысць каралеўскага двара нiколькi, аднак, не пашкодзiла ягонай папулярнасцi сярод шляхты дзякуючы непахiснай пазiцыi ў абароне свабод пратэстантаў. Так, хаця на сейме 1595 г. ён трымаўся з каралём, аднак пiсаў да Крыштафа Радзiвiла Перуна: "Евангелле цяпер у нямалай апале, а я супраць плынi ўсё-ткi плыву". На сейме 1596 г. быў маршалкам пасольскай хаты, i адразу пасля таго атрымаў маршалкоўства надворнае лiтоўскае. Аднак Дарагастайскi жадаў большага -- стаць вялiкiм маршалкам лiтоўскiм. Вельмi верагодна, што кароль меў намер прымусiць закаранелага кальвiнiста перайсцi дзеля гэтага ў каталiцтва i таму патрабаваў, каб Крыштаф Мiкалай суправаджаў яго ў паломнiцтве да Чанстаховы. Дарагастайскi спрабаваў ухiлiцца, але пад нацiскам двара ўсё ж паехаў. У Чанстахове абураўся культам Божай Мацi, бачачы ў iм iдалапаклонства. Радзiвiлу пра гэта паведамляў: "У Чанстахове мы нiчога больш не зрабiлi, адно, абразку пакланiўшыся, наставiлi шэсць сярэбраных балванкаў, шэсць васкавых".

Зрэшты, пiлiгрымка Дарагастайскаму акупiлася, бо адразу пасля яе стаў вялiкiм маршалкам лiтоўскiм (у 1597 г.), i гэта нягледзячы на пярэчаннi Апостальскай Сталiцы i каталiкоў! Любiмец караля i шляхты дасягаў поспехаў не ў апошнюю чаргу дзякуючы ўласнаму абаянню, смелым паводзiнам, адкрытай, вясёлай натуры, жваваму розуму.

Наступныя некалькi гадоў Дарагастайскi прысвяцiў галоўным чынам асабiстым справам. Яшчэ ў 1596 г. памерла ягоная першая жонка, таксама адданая кальвiнiстка. У 1597 г. вялiкi маршалак узяў другi шлюб з Соф'яй з Радзiвiлаў, дачкой ваяводы наваградскага, удавой крайчага лiтоўскага Юрыя Хадкевiча. У тым самым годзе памёр бацька Крыштафа Мiкалая. У спадчыну яму пакiнуў радавыя Дарагастаi на Валынi i Мураваную Ашмянку ў Вiленскiм ваяводстве (цяпер у Ашмянскiм раёне). А неўзабаве Крыштаф Мiкалай стаў старастам шарашоўскiм [2], велёньскiм [3], мсцiбаўскiм [4], навамлынскiм [5], дынемундскiм [6], арандатарам ялоўскiм [7] i курылоўскiм [8].

У 1600 г. Дарагастайскi iмем караля мiрыў два роды -- Хадкевiчаў з Радзiвiламi, як сваяк абодвух. (У вынiку адбыўся шлюб Януша Радзiвiла з Соф'яй Хадкевiчаўнай.) Але найперш займалi яго як дынемундскага старасту рамонт Дыямента, упарадкаванне вусця Дзвiны, што прыводзiла да канфлiктаў з Рыгай.

З пачатку вайны са Швецыяй Дарагастайскi, па праўдзе кажучы, не прыбыў да тэатра ваенных дзеянняў, але старанна клапацiўся аб абароне Рыгi i Дыямента, за ўласныя сродкi паслаў у Iнфлянты 150 венгерскiх жаўнераў, вербаваў войска, рупiўся аб пораху, гарматах, правiянце. Рыжан заклiкаў да трываласцi, а абарону Дыямента даверыў свайму сваяку Яну Астроўскаму. На варшаўскiм сейме 1601 г. энергiчна абмяркоўваў, як абараняцца ад шведаў, i вясной таго ж года на Жмудзi сабраў падраздзяленне з 300 пехацiнцаў i 300 вершнiкаў, з якiм па загадзе гетмана Радзiвiла Перуна 28 мая прыбыў пад Какенгаўзен. У бiтве са шведамi кiраваў правым флангам, адважна ўдарыў па непрыяцелю. Як пiша пра яго Севярын Урускi, "хаця быў тройчы паранены, застаўся на канi i адыграў галоўную ролю ў перамозе". Не зважаючы на раны, адразу пасля бiтвы рушыў маршам пад Дыямент, i там з дапамогай рыжан выцеснiў шведаў з вусця Дзвiны. Далей абараняў Iнфлянты аж да падыходу кароннай армii Замойскага; у 1602 г. таксама накiраваўся пад Дыямент з пяхотай. У Iнфлянтах ён набыў такую вялiкую папулярнасць, што, хаця сварыўся з грамадзянамi Кароны i рэзка выступаў супраць кватаравання польскага войска ў ВКЛ, аднак нават далёкi прашавiцкi сеймiк прасiў у караля ўзнагародзiць Дарагастайскага "за значныя заслугi".

I вось нарэшце -- мiрнае хатняе жыццё. Ва ўлюбёным дзедзiчным маёнтку -- Мураванай Ашмянцы -- Дарагастайскi завяршыў пачаты калiсьцi рукапiс "Гiпiкi" i адаслаў яе, так бы мовiць, на рэцэнзiраванне даўняму прыяцелю -- князю Радзiвiлу (Сiротку), таксама вядомаму знаўцу коней. Заадно папрасiў у яго для афармлення кнiгi нясвiжскага прыдворнага гравёра Тамаша Макоўскага. Некаторыя iлюстрацыi гэты таленавiты мастак зрабiў паводле эскiзаў аўтара. Характэрная рыса Дарагастайскага -- рабiць усё на карысць Радзiме: ён знарок загадаў выканаць як малюнкi, так i медныя таблiцы не ў Нiдэрландах, але ў родным краi, каб такiм чынам падтрымаць айчыннае мастацтва.

Трывожныя часы перад рокашам Зебжыдоўскага [9] зноў уцягнулi вялiкага маршалка ў палiтычную дзейнасць. На сейме 1605 г. ён паказаў сябе ўпартым апазiцыянерам: выступаў у сваiм wotum супраць Дзмiтрыя Самазванца, баранiў варшаўскую канфедэрацыю i палка дамагаўся яе ўмацавання выканаўчым законам (пазiцыю католiкаў назваў непатрыятычнай). Расправу са Швецыяй жадаў перанесцi ў Фiнляндыю i з гэтай мэтай выказваўся за будоўлю флоту, прасiў у караля дазволу на вайну i г. д. У тым жа годзе падчас лячэння ў Сiлезii гэты нястомны падарожнiк наведаў Прагу i быў гасцiнна прыняты iмператарам Рудольфам II. Ягоны прыдворны мастак Iдзi Садэлер (1570 -- 1629), адзiн з лепшых гравёраў фламандскай школы, выканаў адзiны вядомы на сёння партрэт Крыштафа Мiкалая Дарагастайскага...

На сейме 1606 г. вялiкi маршалак лiтоўскi i галава пратэстантаў ВКЛ зноў баранiў варшаўскую канфедэрацыю. Падчас рокашу Зебжыдоўскага Дарагастайскi быў прыхiльнiкам утварэння канфедэрацыi ў ВКЛ, але сваю апазiцыйнасць стрымлiваў ва ўмераных рамках. На сандамiрскi з'езд прыбыў узброеным на чале вайсковага аддзела з намерам абараняць Айчыну i караля i выказаў wotum вельмi "рокашава", чым зноў спадабаўся шляхце. Аднак ужо ў 1607 г., не ўбачыўшы вялiкiх шанцаў на поспех "у гэтай смуце Рэчы Паспалiтай", вылучыўся на варшаўскi сейм, дзе горача выступаў супраць езуiтаў з-за iх умяшальнiцтва ў дзяржаўныя справы i патрабаваў выгнаць iх з каралеўскага двара.

У 1609 г. на сейме Дарагастайскi ўдзельнiчаў у падрыхтоўцы маскоўскага паходу Жыгiмонта III, а ў кастрычнiку знаходзiўся на чале асабiстага коннага аддзела з армiяй пад Смаленскам, дзе яму было даручана "загадваць усiмi ружжамi i ўсiмi шанцамi (акопамi -- С. I.)". Нягледзячы на хваробу, захоўваў баяздольнасць i перад генеральным штурмам Смаленска ў 1611 г. атрымаў камандаванне часткай паўночнай аблогавай армii. Пры ўзяццi горада адным з першых уварваўся ў цвярдыню. Пасля некалькiх цяжкiх кулявых раненняў стары воiн у тым жа годзе знайшоў сiлы абараняць справы вiленскага збора на вiленскiм сеймiку. У 1612 -- 1613 гг. спрабаваў паправiць здароўе ля гарачых крынiц пад Веронай, але хадзiў ужо толькi на мылiцах. Вярнуўшыся на Радзiму, яшчэ займаўся справамi. У 1613 годзе памерла жонка Соф'я, i неўзабаве Дарагастайскi ажанiўся ў трэцi раз з Аляксандрай Верашчакоўнай, хаця ўжо страчваў рэшткi сiл. Падтрымлiваў дзейнасць кальвiнскага прапаведнiка Войцэха Салiнарыюса, якi служыў у зборы Мураванай Ашмянкi. У 1615 г. Дарагастайскi фiнансаваў выданне ягонай "Цэнзуры..." -- палемiчнага твора супраць арыян у 6-цi кнiгах (частках). У "Polskim s?owniku biograficznym" i шматлiкiх iншых крынiцах можна прачытаць, што "Цэнзура" выйшла ва ўласнай друкарнi Крыштафа Мiкалая, заснаванай у Мураванай Ашмянцы яшчэ ягоным бацькам. Аднак факт iснавання гэтай друкарнi выклiкае сумненнi, бо, акрамя твора Салiнарыюса, не захавалася нiводнай кнiгi з выхаднымi дадзенымi "Ашмяны".

1615 год стаў апошнiм для нашага героя. У лiпенi Дарагастайскi падаўся ў Сiлезiю да гарачых крынiц Вармбрума. У дарозе, спынiўшыся ва Вроцлаве ў заезным доме "Пад Залатым Дрэвам", 3 жнiўня ён памёр. Вроцлаўскi хранiст Мiкалай Поль паведамляў, што ягонае цела, забальзамаванае ў меднай труне, некалькi тыдняў захоўвалася ў гэтым горадзе ў лютэранскай могiльнiкавай каплiцы св. Эльжбеты, адкуль 17 верасня яго перавезлi ў Мураваную Ашмянку. Урачыстае пахаванне з казаннем пастара Яна Зыгровiюша адбылося тамсама ў лютым наступнага года.

У шлюбе з Соф'яй Радзiвiлаўнай Дарагастайскi меў дачку Дароту i сына Уладзiслава (1611 -- 1638), якi стаў чэснiкам ВКЛ, пакiнуў пасля сябе славу апекуна навук, заступнiка пратэстантаў i праваслаўных вернiкаў. На дачцэ Уладзiслава Соф'i магнацкi род Дарагастайскiх скончыў сваё iснаванне. У Мураванай Ашмянцы не засталося магiл яе колiшнiх уладальнiкаў. Знiк кальвiнскi збор. Ад друкарні (цi панскага дома), перабудаванага ў сярэдзiне XIX ст. пад палац, у руiнах часткова захавалiся сутарэнне, цокаль i сцены першага паверха.

Усё ж галоўнае, што Крыштаф Мiкалай Дарагастайскi пакiнуў нам цiкавую кнiгу. Яе цалкам справядлiва можна лiчыць лiтаратурным помнiкам. "Гiпiка" складаецца з чатырох кнiг (частак). У першай распавядаецца пра міфалагізаваную гiсторыю каня i коннай язды, пра конскiя масцi i прыкметы, пра падбор вытворнiкаў i вырошчванне племяннога маладняка. Кнiга другая прысвечана галоўным чынам прыручэнню i пачаткам выездкi маладых жарэбчыкаў. У трэцяй паказаны ўзоры муштукоў i цугляў з апiсаннем iх уздзеяння. Кнiга чацвёртая -- "Гiпiятрыя" -- ветэрынарны лячэбнiк. Перакладчыку даводзiлася чытаць меркаваннi, быццам "Гiпiка" -- гэта кампiляцыя з трактатаў настаўнiкаў ужо згаданай Неапалiтанскай вышэйшай школы коннай язды. Дарагастайскi сапраўды шмат з iх запазычыў, але ён яшчэ праштудзiраваў велiзарны аб'ём самай рознай навуковай лiтаратуры i таму свабодна цытаваў як антычных аўтараў -- Ксенафонта, Галена, Арыстоцеля i iнш., так i амаль сваiх сучаснiкаў -- Iаахiма Камерарыя, Джыралама Кардана, Жана Фернэля... Нарэшце, шчодра падзялiўся з чытачамi ўласным вопытам падарожнiка, конназаводчыка, лекара, прыродазнаўца, воiна. Такiм чынам, лiчыць "Гiпiку" ўсяго толькi кампiляцыяй недапушчальна!

Па меры паглыблення ў кнiгу паўстае з небыцця вобраз аўтара -- выдатнай, шматграннай асобы беларускага Рэнесансу. Мужчыны, здольнага несцi смерць на полi боя -- i захапляцца вытанчанымi мастацтвамi ў мiрны час. Рука прывучана была трымаць i шаблю, i пяро, i пэндзаль, i хiрургiчны ланцэт. "Гiпiку" ўпрыгожваюць вершы Вергiлiя i любiмага Дарагастайскiм паэта Марцэла ў арыгiнале -- на лацiне; у большасцi выпадкаў Крыштаф Мiкалай даў тут жа ўласныя пераклады iх на польскую мову. Пра свае медыцынскiя вопыты аўтар расказаў у Кнiзе чацвёртай: "А чытача прашу з гэтага не насмiхацца, бо я сам, калi хочаш ведаць, колькi разоў гэта выпрабоўваў, i заўсёды шчаслiва, i ратаваў коней ад многiх хвароб, непадатлiвых для лячэння". Даводзiлася яму i людзей лячыць, даваць лекi беднякам. Лекавых раслiн i хiмiчных рэчываў на старонках "Гiпiкi" згадана столькi, што мы палiчылi патрэбным занесцi iх назвы на чатырох мовах у таблiцы-дадаткi.

Многiя парады Дарагастайскага -- пра абыходжанне з канём, пра адбор вытворнiкаў, пра пашы для маладняка, некаторыя метады лячэння -- верныя i дасюль. Аўтар задумаў "Гiпiку" як навукова-папулярнае выданне, выклаў яе жывой сакавiтай мовай, са шчырымi пачуццямi, з гумарам. Яна змяшчае нямала цiкавых выпадкаў, жартаў, прыказак i прымавак, каларытных дэталей свайго часу. Зразумела, не абышлося тут без забабонаў i памылковых суджэнняў. Упершыню выклаўшы на паперы тое, што ўсiм, здавалася б, было знаёма з дзяцiнства, аўтар прадбачыў кпiны ганарлiвых невукаў. Але быў упэўнены, што праца ягоная паслужыць на карысць многiм. I сапраўды, "Гiпiка" стала настольнай кнiгай у адукаваных гаспадароў. Яе папулярнасцi садзейнiчала прыдворная мода на манежную язду i конныя каруселi, якая дайшла да нашага краю ў XVIII стагоддзi. Перавыдавалася "Гiпiка" 5 разоў: у 1620 г. (у Познанi), у 1647 г., каля 1700 i 1730 гг., у 1861 г. (усе ў Кракаве).

Рыхтуючы беларускамоўны пераклад, я рабiла зверку "Гiпiкi", выдадзенай каля 1730 г., якая захоўваецца ў аддзеле рэдкiх кнiг i рукапiсаў Нацыянальнай бiблiятэкi Беларусi, з мiкрафiльмам -- копiяй першага выдання 1603 г., якi захоўваецца тамсама, i з апошнiм выданнем 1861 г. У складаннi каментарыяў удзельнiчала вялiкая творчая група.

Акрамя "Гіпікі", Дарагастайскі напісаў яшчэ некалькі літаратурных твораў, якія ў большасці засталіся ў рукапісах. Вучнем гімназіі ў Страсбургу ён сачыніў некалькі эпіграм у абарону свайго апекуна ў замежжы Яна Гаслера. Стараючыся атрымаць званне магістра філасофіі, Гаслер удаўся ў публічны дыспут з прапаведнікам, рэктарам Страсбургскай Акадэміі. Дыскусія вакол пытання, ці даследаваў Арыстоцель таямніцу св. Тройцы (так сцвярджаў Гаслер), перарадзілася ў пазанавуковую спрэчку. Адным з аргументаў ягоных апанентаў было накладанне кары - дзесяць дзён карцэра. Гаслер збег у Фрыбург, а Дарагастайскі, помсцячы за настаўніка, прыбіваў эпіграмы супраць ягоных непрыяцеляў да дзвярэй Страсбургскай Акадэміі. Пасля атрымання звання доктара медыцыны ў Фрыбургу Дарагастайскі выдаў друкаваны зборнік вершаў, прысвечаных барону Дзісбаху - вядомаму мецэнату, у тым ліку Яна Гаслера. Фрагменты гэтых твораў захаваліся ў зборах рукапісаў Бібліятэкі Асалінскіх у Вроцлаве. Аб аўтарстве Дарагастайскага сведчыць ягоны подпіс пад манускрыптамі, азагалоўленымі "Carmina...". Гэта не цэласны збор, розныя празаічныя тэксты пераплятаюцца з вершаванымі, змешчаны тамсама творы "Лямант РП маці..." і "Archiducis Maximiliani...". 9-старонкавы рукапіс у вельмі дрэнным стане захаваўся толькі ў фрагментах.

Свае сілы спрабаваў Крыштаф Мікалай таксама ў лацінскай і грэчаскай мовах. Пераклаў "Tetrastychon", прыпісваемы Пталемею (не захаваўся), аб чым згадваюць І. М. Асалінскі і "Польскі слоўнік біяграфічны". За некалькі дзён да смерці Стэфана Баторыя Дарагастайскі напісаў "Prognosticon..." аб прычынах ягонай хваробы. У "Асалінэуме" захаваліся таксама "Эпітафія на смерць бацькі майго Мікалая Дарагастайскага" і ліст Крыштафа Мікалая да караля Жыгімонта Вазы.

Бібліятэка Чартарыскіх у Кракаве мае "інструкцыі" да нявернай жонкі Соф'і Радзівілаўны: "Парадак..." 1608 г. і "Распараджэнне..." 1611 г. Эпісталярная спадчына вялікага маршалка літоўскага - лісты да Радзівілаў, Яна Караля Хадкевіча, Яна Замойскага, Жыгімонта Вазы, князя Ежы Чартарыскага, кальвінскага дзеяча Пятра Гарайскага і іншых сучаснікаў - захоўваецца ў некалькіх польскіх буйных бібліятэках і архівах: у Нацыянальнай бібліятэцы ў Варшаве, у Архіве Галоўным Актаў Даўніх, у Бібліятэцы ардынацыі Замойскай, Бібліятэцы Польскай Акадэміі навук, у Архівах Млыноўскіх Хадкевічаў. Гэтыя лісты з'яўляюцца цэнным сведчаннем эпохі, дазваляюць пазнаць характар Дарагастайскага, пульс ягонага жыцця, асаблівасці мовы. Дакладчык лічыць мэтазгодным сабраць эпісталярый К. М. Дарагастайскага і апублікаваць у перакладзе на беларускую мову.

Заўвагi

1. Большасць шляхты была зняважана хуткiм шлюбам Жыгiмонта III з аўстрыйскай прынцэсай, угледзеўшы ў гэтым знявагу нацыянальнага гонару. У 1592 г. пратэстанцкая партыя на чале з Янам Замойскiм стварыла iнквiзiцыйную камiсiю па разгляду дзеянняў караля. Становiшча Жыгiмонта III на iнквiзiцыйным сейме было вельмi хiсткiм, але яго выратавала ўмяшальнiцтва праваслаўных магнатаў Украiны на чале з Канстанцiнам Астрожскiм.

2. Шарашова (польск. Szereszow) -- на той час мястэчка ў Пружанскiм павеце, цяпер гарадскi пасёлак ў Пружанскiм раёне Брэсцкай вобласцi.

3. Велёна -- на той час мястэчка з навакольнымi вёскамi над Нёманам у Ковенскiм павеце.

4. Мсцiбава (польск. Mscibow, Mscibowo) -- на той час мястэчка ў Ваўкавыскiм павеце над ракой Гнёзнай. Цяпер вёска ў Ваўкавыскiм раёне Гродзенскай вобласцi.

5. Верагодна, маецца на ўвазе тагачасны фальварак Навамлыны ў Ленчыцкiм павеце.

6. Дынемунд (Дыямент) -- фартэцыя ў 2-х мiлях ад Рыгi, на востраве, утвораным морам.

7. Ялоўскае стараства без умацаванага горада было ў Наваградскiм ваяводстве, Ваўкавыскiм павеце.

8. Магчыма, маецца на ўвазе вёска Курылоўцы Мураваныя ў даўнiм Падольскiм ваяводстве.

9. Рокаш Зебжыдоўскага (1606 -- 1608 гг.) -- паўстанне кракаўскага ваяводы Мiкалая Зебжыдоўскага супраць Жыгiмонта III пры падтрымцы падчашага вiленскага Януша Радзiвiла. Падчас паўстання шляхта дабiвалася выгнання езуiтаў з Рэчы Паспалiтай, абараняла свае правы i свабоды.

Лiтаратура

1. Encyklopedyja powszechna Orgelbranda. 1861. T. 7. S. 443.

2. Jankowski Czeslaw. Powiat Oszmianski: Materjaly do dziejow ziemi i ludzi. Pb., 1896. Cz. 1. S. 332--336.

3. Nowy Korbut (Bibliografia literatury polskiej). Instytut badan literackich Polskiej Akademii nauk. 1964. T. 2. S. 138--139.

4. Polski slownik biograficzny. Krakow, 1939--1946. T. 5. S. 331--335.

5. Urbanska Edyta. Hippika i inne utwory literackie Krzysztofa Moniwida Dorohostajskiego (1562-1615) // Lituano-Slavica Posnaniensia (Studia Historica IX). Poznan, 2003.

6. Uruski Seweryn. Rodzina. Herbarz szlachty polskiej. Warszawa, 1906; перавыд.: wydawnictvo HEROLDIUM, Poznan, 1995. T. 3. S. 228--229.

7. Wielka Encyklopedya powszechna ilustrowana. Warszawa, 1895. T. 15. S. 849.

8. Zygota Paul. Krzysztof Moniwid Dorohostajski // Wiadomosci numizmatyczno-archeologiczne. 1894. № 3 i 4. T. 2. S. 193--200.

9. Парэцкi Я. I. "Гiпiка" Дарагастайскага // Помнiкi гiсторыi i культуры Беларусi. 1982. № 3. С. 38--39.

Паводле Рэфармацыя і грамадства: XVI стагоддзе: Матэрыялы Міжнароднай навуковай канферэнцыі. - Мн.: Бел. кнігазбор, 2005. С. 45-54.





Беларуская вэрсія
English version
Русская версия

Новы Запавет і Псальмы (1931)
Станіслаў Акіньчыц. Залаты Век Беларусі
Катэхізіс. Нясьвіж, 1562
'Спадчына', 2003, №1
Навуковая канферэнцыя 'Рэфармацыя і Залаты Век Беларусі', 2003 г.
Пратэстанцкая царква і беларускі нацыянальны рух

Галоўная - Гісторыя - Ідэі - Асобы - Дакумэнты - Даты - 1553-2003 - Фотагалерэя


Агульныя пытаньні: