Галоўная
  Гісторыя
  Ідэі
  Асобы
  Дакумэнты
  Даты
  1553-2003
  Фотагалерэя
500 год Жану Кальвіну

500 год Мікалаю Радзівілу Чорнаму

  ЎКантакце




Царква Хрысьціян Веры Эвангельскай у Рэспубліцы Беларусь Царква Ісуса Хрыста
ГІСТОРЫЯ

Гісторыя хрысьціянаў веры эвангельскай у Беларусі

Станіслаў Акіньчыц

Гістарычныя карані веравучэньня хрысьціянаў веры эвангельскай (ХВЭ) бяруць пачатак з пяцідзясятага дня пасьля ўваскрасеньня Ісуса Хрыста, калі Дух Сьвяты зыйшоў на сабраўшыхся ў сьвятліцы вучняў. Гэты дзень у Бібліі названы Пяцідзясятніцай (менавіта таму хрысьціянаў веры эвангельскай многія завуць пяцідзясятнікамі), і ён лічыцца днём нараджэньня хрысьціянскай Царквы.

Арганізацыйна сучасны пяцідзясятніцкі рух бярэ пачатак ад прабуджэньня ў біблійнай школе "Бэтэль" (Тапека, ЗША), якое пачалося 1 студзеня 1901 г. Арганізатар школы Чарльз Пархэм і яго студэнты, паглыблена дасьледуючы Сьвятое Пісаньне, прыйшлі да высновы, што бачным доказам хрышчэньня Сьвятым Духам зьяўляецца маўленьне на іншых мовах, і гэты дар належыць ня толькі апосталам або асобным хрысьціянам, але ўсім вернікам без выключэньня. Пасьля гэтага Дух Сьвяты сапраўды зыйшоў на іх і, як у дзень Пяцідзясятніцы, яны гаварылі на іншых мовах, прарочылі і былі асабліва актыўныя ў пропаведзі Эвангельля і глыбокім пакланеньні Богу.

Прабуджэньне дасягнула вялізнага размаху дзякуючы служэньням, якія праводзіліся пастарам Уільямам Сэймурам у 1906 г. у горадзе Лёс-Анджэлес на вуліцы Азуза. На працягу трох гадоў служэньні праходзілі амаль без перапынку - з дзесяці раніцы да поўначы. Многія з тых, хто адчуў дзеяньне Божай сілы на Азуза, затым сталі пяцідзясятніцкімі прапаведнікамі і заснавалі свае цэрквы ня толькі ў ЗША, але і ў Англіі, Індыі, Чылі, Скандынавіі і іншых краінах. У 1914 г. было арганізаванае найбуйнейшае пяцідзясятніцкае задзіночаньне - "Асамблеі Божыя".

У цяперашні час пяцідзясятніцкі і харызматычны рух, які бярэ свой пачатак у прабуджэньнях пачатку ХХ стагодзьдзя ў Тапека і Лёс-Анджэлесе, налічвае, паводле дадзеных "Брытанскай Энцыкляпэдыі", 540 мільёнаў вернікаў. Па словах вядомага хрысьціянскага дзеяча Пітэра Вагнэра, "ва ўсёй гісторыі чалавецтва ніколі не было непалітычнага добраахвотнага чалавечага руху, які б так хутка вырас, як пяцідзясятніцкі і харызматычны рух на працягу ХХ стагодзьдзя".

Пяцідзясятніцкі рух не зьяўляецца чымсьці новым у гісторыі хрысьціянства. Дзеі Апосталаў апісваюць сабраньні першых хрысьціянаў, якія маліліся на іншых мовах, а пропаведзь Эвангельля суправаджалася цудамі і знакамі, якія рабіў Сьвяты Дух. Аб распаўсюджанасьці цудаў і знакаў, у тым ліку і знакаў маўленьня на іншых мовах, у першых стагодзьдзях існаваньня хрысьціянства сьведчаць такія прызнаныя аўтарытэты ў хрысьціянскім сьвеце, як Ірыней Ліёнскі, Ян Залатавусны, Аўгустын Аўрэлій.

Разам з тым хрышчэньне Духам Сьвятым і праявы духоўных дароў не зьяўляюцца самым галоўным у веравучэньні пяцідзясятнікаў, хоць гэтаму і надаецца значная ўвага. Асновай веравучэньня хрысьціянаў веры эвангельскай зьяўляецца Біблія - беспамылковае і аўтарытэтнае Слова Божае, якое сьведчыць, што кожны чалавек грэшны і мае патрэбу ў збаўленьні, якое атрымлівае ласкаю Божаю праз асабістую веру ў выкупляльную ахвяру Ісуса Хрыста. Хрысьціяне веры эвангельскай вераць, што Ісус Хрыстос, Адзінародны Сын Божы, народжаны ад Дзевы Марыі, зьдзейсьніў адкупленьне роду чалавечага Сваёй сьмерцю на крыжы, на трэці дзень уваскрос зь мёртвых і ўзьнёсься ў неба, дзе сеў праваруч Айца Нябеснага, і зноў прыйдзе ў славе, каб судзіць жывых і мёртвых і аднавіць Сваё Валадарства, якому ня будзе канца. Атрымаўшы праз ласку Божую прабачэньне грахоў, хрысьціянін пакліканы пакланяцца Трыадзінаму Богу - Айцу, Сыну і Духу Сьвятому - і захаваць атрыманае збаўленьне, вядучы сьвятое і праведнае жыцьцё.

У асноўных дактрынальных пытаньнях хрысьціяне веры эвангельскай адзіныя зь іншымі хрысьціянскімі канфэсіямі і падзяляюць вядомае выказваньне: "У галоўным - адзінства, у другасным - свабода, і ва ўсім - любоў".

Пяцідзясятніцкія цэрквы ў Беларусі зьявіліся перад Першай сусьветнай вайной на Віцебшчыне і Магілёўшчыне. У 20-я гады ХХ стагодзьдзя гэты рух ахапіў Заходнюю Беларусь, якая ўвайшла ў выніку Рыскага мірнага пагадненьня ў склад Польшчы. Яго пачынальнікамі былі Рыгор Краскоўскі і Сьцяпан Ярмалюк, якія выехалі на заробкі ў Амэрыку, дзе і паверылі ў Бога. У 1919 г. Краскоўскі вярнуўся на радзіму і распачаў прапаведаваць Эвангельле ў ваколіцах Наваградка. А у 1923 г. прыехаў у Арэхава (Берасьцейскі павет) Сьцяпан Ярмалюк, і ўжо праз год заснаваная ім царква налічвала больш сотні членаў.

У 1924 г. у Крамянцы адбыўся першы зьезд пяцідзясятнікаў Польшчы, на які сабраліся прапаведнікі і служыцелі з Заходняй Украіны і Заходняй Беларусі.

У 1924 г. у раёне Маладзечна і Радашковічаў распачаў прапаведаваць Станіслаў Нядзьвецкі. У наступным годзе былі ўтвораны першыя цэрквы ў гэтым рэгіёне - у вёсках Путнікі, Пяцюлі і Красоўшчына.

У 1928 г. у Данцыгу (цяпер Гданьск) запрацавала Ўсходнеэўрапейская місія "Асамблей Божых", якую ўзначаліў Густаў Шміт. Для падрыхтоўкі служыцеляў пры місіі дзейнічалі біблійныя курсы. На іх аснове ў 1930-х гг. у Данцыгу быў адчынены Біблейскі інстытут, які скончылі шматлікія будучыя кіраўнікі беларускіх цэркваў ХВЭ: І.Косак, І.Кульбіцкі, П.Валадзько, А.Ключнік, Р.Селюжыцкі і інш. Усходнеэўрапейская місія выдавала разнастайную рэлігійную літаратуру, а таксама часопісы "Шлях веры" і "Примиритель".

У 1929 г. у сяле Старая Чоўніца на Валыні быў створаны Ўсепольскі Саюз хрысьціянаў веры эвангельскай, які аб'яднаў беларускія, польскія, нямецкія і ўкраінскія цэрквы пяцідзясятнікаў у адзіны Саюз. Старшынём Саюзу ХВЭ абралі Артура Бэргхольца. Сярод 13 чальцоў кіраўніцтва Саюза былі 4 беларуса: Данііл Комса, Сьцяпан Ярмолюк, Рыгор Краскоўскі і Ануфрый Мазала.

У 1930 г. да Саюза ХВЭ далучыліся цэрквы эвангельскіх хрысьціянаў Пінскага павета: прыкладна тысяча чалавек. У гэты час там актыўна несьлі добрую вестку суайчыннікам браты Якаў і Рыгор Селюжыцкія.

Пашырэньне цэркваў хрысьціянаў веры эвангельскай праходзіла ў нялёгкіх умовах. Ва Ўсходняй Беларусі, якая ўваходзіла ў склад СССР, пяцідзесятніцкія цэрквы былі фактычна зьнішчаныя. У Заходняй Беларусі польскія ўлады таксама чынілі хрысьціянам веры эвангельскай розныя перашкоды. З 1924 г. у Польшчы забаранілі місіянерскую дзейнасьць пяцідзясятнікаў. Арганізоўваць набажэнствы можна было толькі ў зачыненых памяшканьнях і толькі для вернікаў. Суполкі ХВЭ часта мелі цяжкасьці пры атрыманьні дазволаў на правядзеньне рэлігійных збораў. Усепольскі Саюз ХВЭ быў зарэгістраваны толькі ў 1936 г. Тым ня менш, на сёмым зьездзе Саюзу, які адбыўся ў Лодзі ў 1937 г., паведамлялася, што ў Саюз уваходзіць 21 500 членаў і больш 200 цэркваў.

У Беларусі, дзе дзейнічала каля 100 цэркваў ХВЭ, арганізацыйна аформіліся 4 раённых аб'яднаньні: Палескае, Наваградскае, Віленска-Маладзечанскае і Берасьцейска-Пружанскае. У 1932 г. у Наваградку праходзіў трэці зьезд Усепольскага Саюзу ХВЭ, а ў Пінску - урачысты зьезд, прысьвечаны дзесяцігодзьдзю пяцідзясятніцкага руху.

З пачаткам Другой сусьветнай вайны ў верасьні 1939 г. цэнтр Саюзу ХВЭ у Лодзі і Ўсходнееўрапейская місія ў Данцыгу практычна спынілі сваю працу. У нацысцкай Нямеччыне, як і ў Савецкім Саюзе, дзейнасьць пяцідзясятніцкіх цэркваў была забароненая. Адначасова з прыходам Чырвонай Арміі ў Заходнюю Беларусь сярод насельніцтва была разгорнутая шырокая антырэлігійная прапаганда. Аднак цэрквы ХВЭ працягвалі жыць і дзейнічаць, а каардынацыю іх дзейнасьці зьдзяйсняў намесьнік старшыні Ўсепольскага Саюзу ХВЭ Іван Панько. Распачатая ў 1941 г. нямецкая акупацыя прынесла новыя пакуты беларускаму народу. Hе мінула гэтая доля і хрысьціянаў веры эвангельскай. Так, у 1943 г. быў арыштаваны і расстраляны нацыстамі адзін з арганізатараў пяцідзясятніцкага руху Станіслаў Нядзьвецкі. Падставай для забойства сталі яго словы аб тым, што нямецкая акупацыя - гэта зьява часовая.

У 1944 г., пасьля прыходу Чырвонай Арміі, у Вільні была створана Рэспубліканская царкоўная рада ХВЭ Беларусі і Літвы, узначаленая І.Панько. Рада пачала хадайнічаць перад уладамі СССР аб рэгістрацыі цэркваў ХВЭ. Аднак савецкая дзяржава, разглядаючы пяцідзясятнікаў як "варожы Савецкай уладзе элемент", адмаўлялася іх рэгістраваць. Па ініцыятыве Савету па справах рэлігійных культаў пры СНК СССР пачаліся перамовы аб уваходжаньні хрысьціянаў веры эвангельскай ва Ўсесаюзную раду эвангельскіх хрысьціянаў-баптыстаў (УСЭХБ). У жніўні 1945 г. пасля працяглых абмеркаваньняў кіраўнікі цэркваў ХВЭ Беларусі і Украіны І. Панько, С.Вашкевіч, А.Бідаш, Д.Панамарчук падпісалі "Дамову аб аб'яднаньні хрысьціянаў веры эвангельскай з эвангельскімі хрысьціянамі баптыстамі ў адзіны саюз" або, як інакш яго звалі, "Жнівеньскае пагадненьне". Пасьля яго падпісаньня пачаўся працэс аб'яднаньня, які выклікаў незадаволенасьць абодвух бакоў. Шэраг грамадаў ХВЭ адмовіліся ад рэгістрацыі. Па дадзеных Савету па справах рэлігійных культаў, у 1946 г. у БССР далучыліся да УСЭХБ 83 царквы ХВЭ, а 28 цэркваў дзейнічалі нелегальна.

У 1949 г. быў арыштаваны шэраг кіраўнікоў пяцідзясятніцкіх цэркваў, у тым ліку Іван Панько. "Арышт і асуджэньне гэтых людзей, аб чым я неаднаразова ставіў пытаньне перад органамі, безумоўна прывядзе да станоўчых вынікаў у сэнсе падрыва сэктанцкага руху ў БССР", - адзначаў упаўнаважаны па справах рэлігійных культаў К.Уласевіч. Аднак сітуацыя на месцах пярэчыла аптымістычным заявам кіраўніка "рэлігійнага ведамства". Па-першае, шэраг грамадаў ХВЭ вышлі з УСЭХБ; па-другое, цэрквы ХВЭ пачалі ўзьнікаць у гарадах, а гэтак сама ва ўсходніх раёнах Беларусі, г. зн. там, дзе да 1939 г. практычна не засталося цэркваў ніводнай з хрысьціянскіх канфэсіяў. Імкнучыся спыніць гэты рост, Савет па справах рэлігійных культаў пры Саўміне БССР у 1954 г. прыняў пастанову аб забароне пяцідзясятніцтва як "містычнай сэкты зь нялюдзкай абраднасьцю". Тым ня менш, па дадзеных таго самага Савету, у 1958 г. у БССР дзейнічала ад 80 да 100 незарэгістраваных грамадаў ХВЭ.

1960-е гады адзначыліся новай хваляй перасьледаваньняў вернікаў. У 1960 г. была прынята пастанова ЦК КПСС "Аб мерах па ліквідацыі парушэньняў духавенствам Савецкага заканадаўства аб культах". У рамках рэалізацыі гэтай пастановы было прынята рашэньне аб спыненьні дзейнасьці ўсіх пяцідзясятніцкіх грамадаў. Менавіта ў гэты час шырокае распаўсюджаньне атрымалі гісторыі аб "вылюдках-пяцідзеяятніках", якія нібыта зьдзекуюцца над дзецьмі, зьдзяйсьняюць "самазабойствы пад выглядам ахвярапрынашэньняў" і г.д. У раённых, абласных, рэспубліканскіх газэтах друкаваліся артыкулы, накіраваныя на фармаваньне ў шырокага кола чытачоў негатыўнага стаўленьня да эвангельскіх хрысьціянаў, як да нечага чужога, варожага і ня маючага права на існаваньне. Такія ж задачы былі пастаўленыя і перад савецкай літаратурай. У выніку зьявілася аповесьць "Вецер ірве павуціну", дзе "выкрываліся злачынныя мэты сэктантаў-пяцідзясятнікаў", або кніга з страшэнным назовам "Рассаднік нялюдзкасьці і цемрашальства".

Як праходзіла барацьба з хрысьціянамі веры эвангельскай у той час, можна меркаваць на прыкладзе падзеяў у вёсцы Рэчкі Пінскага раёну. У першы дзень Вялікадня ў 1960 г. мясцовыя ўлады разагналі вернікаў, якія сабраліся на сьвята, разабралі дах і комін малітоўнага дому. Затым упаўнаважаныя пачалі хадзіць па хатах і канфіскоўваць рэлігійную літаратуру, якая пазьней была прылюдна спаленая. У 1961 г. грамада, якая ўваходзіла ў склад УСЭХБ, была зьнятая з рэгістрацыі. У 1964 г. былі асуджаны 4 служыцелі гэтай царквы: Міхаіл Кот (5 гадоў строгага рэжыму), Аляксей Мялік (5 гадоў строгага рэжыму), Ціт Кот (2 гады строгага рэжыму), Іосіф Казлоўскі (5 гадоў строгага рэжыму). Ім інкрымінавалася, што "на сваіх зборах яны чыталі Біблію і Эвангельлі"; у некаторых былі выяўленыя "псальмы, у якіх маюцца заклікі да ўступленьня ў сэкту" і г.д. Аднак нягледзячы на перасьлед, грамада працягвала дзейнічаць, і ў 1964 г. у яе склад уваходзілі 225 чалавек, ня лічачы дзяцей.

У 1962 г., паводле рашэньня Вярхоўнага суду БССР, быў асуджаны кіраўнік групы пяцідзясятнікаў у Лагішыне Л.Лагвіненка. Судовыя працэсы праходзілі таксама ў Пінскім, Столінскім, Бярозаўскім і іншых раёнах. З 1961 па 1964 г. у Магілёўскай вобласьці, дзе дзейнічала 13 грамадаў ХВЭ, да крымінальнай адказнасьці за рэлігійную дзейнасьць было прыцягнута больш 20 чалавек.

У сярэдзіне 1970-х гадоў улады пайшлі на саступкі і дазволілі цэрквам ХВЭ рэгістравацца аўтаномна. Першай была зарэгістравана ў 1977 г. царква ў Менску. У 1978 г. атрымала рэгістрацыю царква ў Кнотаўшчыне (Стаўбцоўскі р-н), потым у Віцебску, Воршы, Паставах, Нясьвіжы, Пінску.

Такім чынам, да канца 1980-х гг. у Беларусі дзейнічала каля 150 цэркваў хрысьціянаў веры эвангельскай. Частка з іх знаходзілася ў падпольлі, частка - у складзе УСЭХБ, частка была зарэгістравана аўтаномна.

18 лістапада 1989 г. прадстаўнікі 118 цэркваў ХВЭ (як рэгістраваных, так і нерэгістраваных) сустрэліся ў Менску і прынялі рашэньне аб стварэньні Саюзу ХВЭ Беларусі. Старшым прэсьвітэрам цэркваў ХВЭ па Беларусі быў абраны Мікалай Куркаеў. 8 лютага 1991 г. у Менску прайшоў першы зьезд Саюзу ХВЭ Беларусі, а ў сакавіку гэтага ж году, у Маскве, - першы Зьезд ХВЭ СССР. Старшынём Саюзу ХВЭ СССР быў абраны Р.Білас, а яго першым намесьнікам - М.Куркаеў. У сувязі з ад'ездам М.Куркаева ў Маскву, старшынём Саюзу ХВЭ Беларусі ў 1991 г. быў абраны Фёдар Марчук. Пасьля сьмерці Ф.Марчука ў 1997 г. на трэцім Зьездзе епіскапам Саюзу быў абраны Сяргей Хоміч, які нясе гэтае служэньне і ў цяперашні час.

Сёньня Саюз хрысьціянаў веры эвангельскай зьяўляецца найбольш дынамічным рэлігійным аб'яднаньнем у Беларусі. У перыяд з 1991 па 2001 гады было адчынена больш за 300 новых цэркваў у гарадах і вёсках нашай краіны. На 1 студзеня 2004 г. Саюз ХВЭ у Беларусі аб'яднаў 477 цэркваў, у якіх налічвалася больш 50 тысячаў вернікаў.

У студзені 1996 г. выйшаў першы 16-старонкавы нумар газэты "Благадаць". Сёньня гэта ўжо 48-старонкавы часопіс, які мае шырокую чытацкую аўдыторыю ня толькі ў Беларусі, але і за яе межамі. З 2002 г. распачала працу выдавецкая ўстанова "Каўчэг збаўленьня".

Для падрыхтоўкі новых служыцеляў у верасьні 1996 г. быў адчынены Тэалягічны інстытут. Інстытут прапаноўвае розныя формы навучаньня: вочную, вочна-завочную, завочную, вячэрнюю, а таксама ў відэашколе. У шматлікіх цэрквах дзейнічаюць біблійныя школы, якія дазваляюць слухачам больш дасканала спазнаваць біблійныя праўды. Пры цэрквах дзейнічаюць 374 нядзельныя школы, дзе знаёмяцца з Бібліяй прыкладна 20 тысячаў дзяцей. Для каардынацыі працы зь дзецьмі пры Саюзе ХВЭ створана місія "Служэньне дзецям".

У цэрквах ХВЭ нормай зьяўляюцца шматдзетныя сем'і. Нярэдка вернікі ўсынаўляюць дзяцей-сіротаў, даючы ім цеплыню хатняга агменю. Напрыклад, у сям'і Віктара і Галіны Чарнавусікаў з Ратамкі выхоўваюцца 10 прыёмных дзяцей.

Супрацоўнікі аддзела жаночага служэньня Саюза ХВЭ займаюцца асьветніцкай працай па прадухіленьні абортаў у клініках, аказваюць жанчынам псіхалагічную дапамогу. Каля 500 лектараў праводзяць па ўсёй краіне сустрэчы з моладзьдзю, на якіх галоўнымі тэмамі зьяўляюцца маральнасьць, чысьціня, духоўнасьць.

У 1997 г. быў заснаваны аддзел па працы сярод зьняволеных і малазабясьпечаных пластоў грамадзтва (у цяперашні час - рэлігійная місія "Хрысьціянскі клопат"). Па дадзеных на студзень 2004 г. адпаведныя служэньні праходзяць у 31 калоніі на тэрыторыі Беларусі, якія наведваюць ад 960 да 1200 зьняволеных. У 2004 годзе ў Баранавічах адчынены Цэнтр рэабілітацыі асуджаных.

Стацыянарная хрысьціянская рэабілітацыя людзей, залежных ад наркотыкаў і алкаголю, была распачата місіяй "Вяртаньне" у Баранавічах увосень 1995 г. У 2000-2001 гг. былі адчынены адмысловыя аддзяленьні місіі ў Хойніцкім і Светлагорскім раёнах. 75% прайшоўшых рэабілітацыйную праграму місіі поўнасьцю вызваляюцца ад згубнай залежнасьці.

Найбольшымі цэрквамі ХВЭ, якія аб'ядноўваюць больш тысячы вернікаў, зьяўляюцца менская царква "Благадаць" (3800 вернікаў), цэрквы ў Баранавічах, Пінску, Берасьці, Альшанах (Столінскі р-н), Бабруйску.

У савецкія часы чалавек, які шчыра верыў у Бога, практычна ня меў магчымасьці атрымаць вышэйшую адукацыю або дасягнуць якіх-небудзь вышыняў на навуковай або грамадзкай ніве. Пасьля распаду СССР сітуацыя ў Беларусі карэнным чынам зьмянілася, і сёньня ў цэрквах ХВЭ пакланяюцца Богу тысячы настаўнікаў, лекараў, навукоўцаў, выкладчыкаў, бізнэсмэнаў.

Хрысьціяне веры эвангельскай трэцяга тысячагодзьдзя ня бачаць сябе па-за беларускім грамадзтвам. Падобна сваім дзядам і бацькам, беларускія пяцідзясятнікі працягваюць несьці эвангельскую вестку свайму народу, абвяшчаючы, што жывая вера ў Ісуса Хрыста прыносіць дабраславеньне ня толькі асобным людзям, але і краіне ў цэлым.


Вопросы свободы совести и религиозных организаций в Республике Беларусь: Сборник документов и материалов. - Минск, 2005. - С. 253-260.



Беларуская вэрсія
English version
Русская версия

Новы Запавет і Псальмы (1931)
Станіслаў Акіньчыц. Залаты Век Беларусі
Катэхізіс. Нясьвіж, 1562
'Спадчына', 2003, №1
Навуковая канферэнцыя 'Рэфармацыя і Залаты Век Беларусі', 2003 г.
Пратэстанцкая царква і беларускі нацыянальны рух

Галоўная - Гісторыя - Ідэі - Асобы - Дакумэнты - Даты - 1553-2003 - Фотагалерэя


Агульныя пытаньні: