Галоўная
  Гісторыя
  Ідэі
  Асобы
  Дакумэнты
  Даты
  1553-2003
  Фотагалерэя
500 год Жану Кальвіну

500 год Мікалаю Радзівілу Чорнаму

  ЎКантакце




Царква Хрысьціян Веры Эвангельскай у Рэспубліцы Беларусь Царква Ісуса Хрыста
ГІСТОРЫЯ

Гісторыя Цэркваў Эвангельскіх Хрысьціян Баптыстаў Беларусі

Павал Асененка


Каб гаварыць пра эвангельска-баптысцкі рух у Беларусі, неабходна коратка разгледзець гісторыю ўзьнікненьня гэтага руху ў сьвеце і назваць асноўныя характэрныя рысы веравучэньня й практычнага жыцьця й дзейнасьці баптысцкіх цэркваў.

Само слова "баптыст" паходзіць ад грэцкага слова baptidzo [баптыдзо], якое літаральна азначае - акунаю, абмываю, а ў хрысьціянскім ужытку - хрышчу. Як тэрмін у дачыненьні да вернікаў-хрысьціян, гэтае слова азначае таго, хто прымае хрост, будучы вернікам, у сталым, сьвядомым веку шляхам поўнага акунаньня.

На працягу ўсіх стагодзьдзяў гісторыі царквы былі групы вернікаў, якія выходзілі з тагачасных афіцыйных цэркваў, і ажыцьцяўлялі хрост паводле вучэньня Новага Запавету і жылі паводле прыказаньняў Госпада. Можна назваць блізкі да эвангельскага рух лалардаў у Ангельшчыне, зьвязаны зь імем Джона Ўікліфа, рух вальдэнсаў у кантынэнтальнай Эўропе.

У пэрыяд Рэфармацыі ў Эўропе (XVI ст.) узьнік рух анабаптыстаў, якія пачалі практыкаваць хрост толькі сталых людзей, якія былі вернікамі. У Нідэрляндах анабаптысты пры канцы XVI стагодзьдзя пачалі звацца мэнанітамі, ад імя іх кіраўніка Мэно Сіманса.

Баптысцкія цэрквы пачалі засноўвацца на пачатку XVII стагодзьдзя ў асяродзьдзі ангельскіх вернікаў, якія імкнуліся рэфармаваць царкоўнае жыцьцё ў сваёй краіне. Гэтае імкненьне ператварылася ў рух пурытанаў, адно крыло якіх - сэпаратысцкія пурытане - выступала за адлучэньне цэркваў ад дзяржавы. Пазьней, сьцьвердзіўшыся на думцы, што быць веручым паводле Эвангельля - гэта значыць быць ахрышчаным паводле вучэньня Новага Запавету, пачалі арганізоўвацца грамады вернікаў - баптыстаў. У сярэдзіне XVII стагодзьдзя баптысцкія цэрквы, дзякуючы перасяленцам з Ангельшчыны, пачалі засноўвацца на амэрыканскім кантынэнце. А на пачатку XIX стагодзьдзя баптысцкі рух пачаўся і ў кантынэнтальнай Эўропе, спачатку ў Нямеччыне. Ён зьвязаны зь дзейнасьцю Ёгана Гэргарда Онкэна (1800 - 1884), які ўверыў у Госпада і прыняў хрост па веры ў Гамбургу ў 1834 годзе. Неўзабаве баптысцкія цэрквы пачалі засноўвацца ва ўсіх эўрапейскіх краінах. У другой палове XIX стагодзьдзя сярод народаў Расейскай імпэрыі пачалося Эвангельскае прабуджэньне: ва Ўкраіне, на поўдні Расеі, у Закаўказьзі і ў Пецярбургу.

У эвангельскіх хрысьціян-баптыстаў у першыя ж дзесяцігодзьдзі іхнага існаваньня й служэньня выпрацаваліся прынцыпы веры і практычнага служэньня, якія сталі пазьней вядомыя як 7 баптысцкіх прынцыпаў.

Эвангельскія вернікі - баптысты будуюць сваё веравучэньне грунтуючыся толькі на кананічных кнігах Сьвятога Пісьма - Бібліі. Ніякія іншыя крыніцы ня могуць ставіцца ў адзін шэраг зь Бібліяй, бо толькі яна ёсьць Слова Божае. Вось 1-ы прынцып. На практыцы, у набажэнстве і ў штодзённым чытаньні вернікамі ў большасьці выкарыстоўваецца Біблія сынадальнага перакладу 1876 году.

Казані, якія прамаўляюцца ў цэрквах, зьмяшчаюць абвяшчэньне ўсіх ісьцінаў Эвангельля, але можна вылучыць і асноўныя тэмы. Гэта, у прыватнасьці, казань пра нараджэньне нанова, пра якое казаў Сам Збаўца Ісус Хрыстос у размове з Мікадэмам: "Ісус, адказваючы сказаў яму: "Сапраўды, сапраўды кажу табе: калі хто не народзіцца нанова, ня можа бачыць Валадарства Божага" (Яна 3:3). Толькі тыя, хто народжаны нанова, могуць быць чальцамі царквы Хрыстовай і складаць памесную грамаду (2-і прынцып).

Таксама толькі адроджаныя нанова людзі прымаюць водны хрост, робячыся, такім чынам чальцамі памеснай грамады, і могуць удзельнічаць у Вячэры Госпадавай (Ламаньні Хлеба) (3-і прынцып). Ламаньне Хлеба ажыцьцяўляецца ў грамадах штомесячна, звычайна ў першую нядзелю месяца. Кожная памесна царква (грамада) жыве сваім унутраным жыцьцём і зьяўляецца самастойнай грамадой і незалежнай ад іншых грамадаў (4-ы прынцып).

У цэрквах эвангельскіх хрысьціян-баптыстаў няма падзелу на духавенства і міранаў, не павінна быць царкоўнай герархіі. Усе вернікі надзеленыя Госпадам усеагульным сьвятарствам. "Але вы - выбранае племя, валадарнае сьвятарства, сьвяты народ, люд набыты, каб абвяшчалі магутнасьць Таго, Хто паклікаў вас зь цемры ў цудоўнае сьвятло Сваё" - сказаў пра ўсіх вернікаў апостал Пётра (1 Пётры 2:9) (5-ы прынцып). Пры гэтым у грамадзе ёсьць разнастайныя віды служэньняў і разьмеркаваньне абавязкаў.

Баптысты адстойваюць свабоду сумленьня для кожнага чалавека. "Госпад ёсьць Дух, а дзе Дух Госпадаў, там свабода" (2 Кар. 3:17). Зварот да Бога і служэньне яму толькі тады каштоўныя, калі яны ажыцьцяўляюцца з добрай волі таго, хто звярнуўся да Госпада (6-ы прынцып).

Царква на зямлі пакліканая вырашаць духоўныя задачы, а не зямныя. Пасьпяхова ажыцьцяўляць сваё служэньне яна можа толькі будучы кіраванай Сьвятым Духам. Таму царква і дзяржава павіны быць адлучаныя адно ад аднаго (7-ы прынцып). Валадары заўсёды намагаліся ператварыць Царкву ў сваю ідэалягічную ўстанову, і заўсёды ад гэтага і дзяржава і Царква мелі праблемы.

Эвангельскія вернікі - баптысты намагаюцца выканаць загад Ісуса Хрыста "Дык ідзіце і навучайце ўсе народы, хрысьцячы іх у імя Айца, і Сына, і Сьвятога Духа, навучаючы іх выконваць усё, што Я вам перадаў" (Мтв. 28:19 - 20). У гэтым яны бачаць галоўную задачу і асноўнае пакліканьне Царквы. Таму, эвангелізацыя і місыянэрская праца займаюць важнае месца ў жыцьці і дзейнасьці грамадаў.

У Беларусі распаўсюджаньне баптысцкіх цэркваў пачалося ў 80-я гады XIX стагодзьдзя. Цэрквы складаліся зь беларусаў. У асноўным гэта былі "паспалітыя" людзі, якія прапаведавалі Эвангельле ў сваім асяродзьдзі. Яны былі людзьмі, якія нарадзіліся ў Беларусі, але найчасьцей прынялі эвангельскую веру па-за яе межамі. Дасьледуючы гісторыю таго часу, можна сьцьвярджаць, што эвангельская вера прыйшла ў Беларусь з чатырох асноўных крыніцаў.

Па-першае, з поўдня Ўкраіны. Беларускія сяляне з сярэдзіны XIX ст. выяжджалі з родных мясьцінаў па заробкі на поўдзень Украіны ў калёніі нямецкіх пасяленцаў, у асноўным мэнанітаў. Там яны прымалі эвангельскую веру, і вярнуўшыся абвяшчалі яе сваім аднавяскоўцам. Так эвангельскі рух пачаў распаўсюджвацца на паўднёвым-усходзе Беларусі, на Гомельшчыне, у вёсках Уць і Ўсохі.

Па-другое, з Расеі. Падчас першай сусьветнай вайны шматлікія жыхары заходніх вобласьцяў Беларусі апынуліся ў ліку ўцекачоў, што выехалі ўглыб Расеі, асабліва ў Омскую і Томскую губэрні, дзе сустрэлі грамады вернікаў. Там яны ўверылі і прывезьлі Добрую Вестку на Бацькаўшчыну. Так, у Омску, у царкве баптыстаў прыняў Эвангельле Антон Рыгоравіч Кірцун родам з в. Марычы (цяпер Зэльвенскі р-н Гарадзенскай вобл.). У 1922 годзе ён вярнуўся ў родныя мясьціны і пачаў прапаведаваць Эвангельле. Неўзабаве ўтварыліся цэрквы ў Зэльве, Ваўкавыску, Лысках, Нізянах.

Па-трэцяе, зь Нямеччыны і Аўстрыі. У пэрыяд першай сусьветнай вайны беларусы, што служылі ў расейскім войску, траплялі ў нямецкі й аўстрыйскі палон; там сустрэлі вернікаў, уверылі, і прапаведавалі на Бацькаўшчыне. Такімі прапаведнікамі былі Лука Міхайлавіч Гладкі зь вёскі Лясоўня (Меншчына), Даніла Іванавіч Шыкарэнка з Брагіншчыны.

Па-чацьвёртае, зь іншых краінаў Заходняй Эўропы, і Амэрыкі. Шмат жыхароў Беларусі выяжджалі па заробкі ў Эўропу й Амэрыку, там уверылі, і рабіліся першымі прапаведнікамі Эвангельля ў сваіх паселішчах. Такімі дабравесьнікамі былі: Язэп Пухоўскі з Пружанаў, Даніла Паўлавіч Шальпук з Сімонавіч (Драгічыншчына), Даніла Фядыніч з в. Стрыганец, Хведар Бычык з в. Валавель (Берасьцейшчына). На тэрыторыі сёньняшняй Менскай вобласьці працавалі: Дзямід Язэпавіч Палякоў в. Падарэсьсе (Старадарожчына), Павал Апанасавіч Аксючыц в. Мацьвееўка (Барысаўшчына). Некаторыя зь іх нават скончылі біблійныя школы ў Амэрыцы і вялі сапраўдную місыянэрскую працу ў Беларусі.

У другой палове 80-х гг. пропаведзь Эвангельля пачала ажыцьцяўляцца ў Віцебскай, Магілёўскай і Менскай губэрнях. У самым Віцебску цэрквы адчынілася ў 1888 годзе, а ў Полацку - у 1883 г. Эвангелізацыі праводзіліся і ў Менскай губэрні. У Менску ў 1905 г. ужо існавала група вернікаў. З суседняй Прыбалтыкі эвангельская вера была прынесена ў Гародню. На тэрыторыі сёньняшняй Берасьцейскай вобласьці эвангельская царква зьявілася ў 1905 г.

Вялікі ўнёсак у справу эвангелізацыі беларускага народу напрыканцы XIX і пачатку ХХ стст. зрабілі кніганошы. Звычайна яны атрымлівалі кнігі ў Маскве і Пецярбургу, распаўсюджвалі іх у Беларусі, раздавалі дарма, альбо прадавалі за сымбалічную плату. Кніганошы таксама ладзілі набажэнствы ў гарадах, мястэчках, вёсках.

Вядома, што ў Менску кніганошам быў Герасім Сьцяпанавіч Андрухаў. Ён пачаў сваю працу ў 1902 г. У 1913 годзе ён быў арыштаваны царскімі ўладамі, асуджаны і сасланы ў Сыбір. На 1914 год грамада, што ўтварылася ў Менску налічвала 21 удзельніка. Міна Радыёнавіч Верасаў, родам са станцыі Брожа (цяпер Бабруйскі р-н), знаходзячыся на службе ў царскім войску ў 1912 г. у Лібаве (цяпер Ліепая, Латвія), уверыў, і дэмабілізаваўшыся паехаў у Пецярбург. Прайшоўшы там бібілійныя курсы па эвангелізацыі пры Саюзе Эвангельскіх Хрысьціянаў, ён быў накіраваны для духоўнай працы ў Бабруйск. Як кніганоша ён абыйшоў многія паселішчы сёньняшніх Менскай, Гомельскай і Магілёўскай вобласьцяў. Дзякуючы ягонаму служэньню ўтварыліся цэрквы ў Бабруйску і ў вёсках Бортнікі, Дабасна, Варатынь вакол Бабруйска.

Эвангелізацыя, якая пачалася пры канцы ХIХ стагодзьдзя праходзіла зь вялікімі цяжкасьцямі. Моцны супраціў аказвалі праваслаўныя сьвятары, якія абвесьцілі прапаведнікаў сэктантамі, раскольнікамі, прыцягнулі да расправы зь імі простых людзей, аддавалі іх паліцыі.

Царскі ўрад, які падштурхоўвалі герархі праваслаўнай царквы, усяляк перашкаджаў распаўсюду эвангельскага руху. Таму да рэвалюцыі 1917 г. у Беларусі былі зарэгістраваныя толькі адзінкавыя грамады, сярод якіх у вёсцы Уць на Гомельшчыне і ў Віцебску.

На пачатку ХХ стагодзьдзя, асабліва пасьля рэвалюцыі 1905 г., эвангелізацыя пашла больш пасьпяхова. Вельмі хутка цэрквы вырасьлі ў Гомелі, Бабруйску, Чэрыкаве, Магілёве і ў многіх іншых гарадах і вёсках Беларусі. Эвангельскія служыцелі гуртаваліся вакол двух утвораных у Расійскай імпэрыі Саюзаў: Саюза Баптыстаў з цэнтрам у Маскве і Саюза Эвангельскіх Хрысьціянаў з цэнтрам ў Пецярбургу. Яны кардынавалі духоўную працу брацтва аж да часу перасьледаў у 30-я гады.

Рэвалюцыя 1917 г. толькі на адно дзесяцігодзьдзе прынесла невялікую рэлігійную свабоду. Дэкрэт аб адлучэньні царквы ад дзяржавы і аб свабодзе сумленьня пазбавіў панавальную праваслаўную царкву ейных перавагаў і палёгкаў ды паставіў яе ў аднолькавыя ўмовы з астатнімі. Пропаведзь Эвангельля пачала хутка распаўсюджвацца ва ўсіх рэгіёнах Беларусі. У шматлікіх мясьцінах узьніклі цэрквы. Гэта быў сапраўды духовы ўздым.

Партрэбна адзначыць, што пачынаючы з ваеннага і рэвалюцыйнага часу (1915 -1917 гг.), гісторыя цэркваў у Беларусі ішла двумя кірункамі. Гісторыя цэркваў у Заходняй Белаларусі з 1919/20 да 1939 гг. адрозьніваецца ад гісторыі цэркваў ва Ўсходняй (савецкай) Беларусі. У Заходняй Беларусі цэрквы мелі дастаткова шырокую свабоду для сваёй дзейнасьці. Тут у 20-я і 30-я гг. ішла актыўная эвангелізацыя насельніцтва.

На Гарадзеншчыне вялікую працу правёў Антон Рыгоравіч Кірцун (1880-1938) - таленавіты прапаведнік, які карыстаўся вялікай пашанай сярод вернікаў. Дзякуючы ягонаму рэўнаснаму служэньню ўтварыліся цэрквы ў Зэльве, Ваўкавыску, Лідзе ды інш. У 1922 г. у Гародню прыехаў з Лодзі Пётар Крашэнін, адзін з найбліжэйшых супрацоўнікаў А.Р. Кірцуна. Спачатку ён узначальваў служэньне ў мясцовай грамадзе, а пасьля пераехаў у Баранавічы. На ягонае месца ў 1925 г. заступіў Г.С. Мельнічук, які таксама закончыў біблійную сэмінарыю ў Лодзі. У Астрыне працаваў прэзьбітарам К.С. Велісейчык, (пазьней ст. прэзьбітар ЭХБ на БССР). У Першамайску служыў Аляксандар Мікалаевіч Саковіч, вучань А.Р. Кірцуна. Браты Язэп Дубавы, Іван Папко, Крокас, якія ўверылі разам з А. Кірцуном у Омску, будучы ўцекачамі, вярнуліся ў вёску Бародзічы каля Зэльвы і заснавалі грамаду баптыстаў, у якой працавалі да 1939 г. У Ваўкавыску працаваў прэзьбітарам Мікалай Дубавы, а пасьля яго - Пётар Мартынавіч Расюк; у вёсцы Нізяны - Кузьма Ільіч Сявашка, які пасьля працаваў ст. прэзьбітарам на Гарадзенскую вобласьць. Дзякуючы служэньню Міхаіла Іванавіча Папко ўтварылася грамада баптыстаў у Лідзе. У Слоніме прэзьбітарскае служэньне нёс Даніла Аляксандравіч Ясько. Ён быў хрысьціянскім паэтам, складаў вершы на духоўныя тэмы на беларускай і расейскай мовах, зьмяшчаў іх у часопісах "Хрысьціянскі Саюз", "Маяк", "Сейбіт ісьціны", "Хрысьціянін". Даніла Ясько напісаў трылёгію "Вера, Надзея, Любоў", зрабіў паэтычны пераклад усяе "Псалтыры", напісаў шмат цудоўных вершаў.

У Берасьці і ваколіцах шмат папрацаваў Лукаш Дзёкуць-Малей (1888-1955). Ён прайшоў духовую падрыхтоўку на біблійных курсах у Пецярбургу ў Саюзе Эвангельскіх Хрысьціянаў яшчэ да першай сусьветна вайны. У 1921 г. ён прыехаў у Берасьце і пачаў эвангелізацыю. Ён арганізаваў курсы па падрыхтоўцы прапаведнікаў і рэгентаў. Яму шмат дапамагаў у справе эвангелізацыі брат Язэп Арцёмавіч Андрасюк, які ўверыў у нямецкім палоне. Дзякуючы іх служэньню неўзабаве ў многіх паселішчах вакол Берасьця ўтварыліся цэрквы ЭХБ.

Берасьцейскую царкву наведвалі вядомыя служыцелі: В. Марцінкоўскі, докар тэалёгіі І. Непраш, старшыня Саюза Баптыстаў Польшчы В. Гутшэ, Людзьвіг Шандароўскі. Усе яны бралі ўдзел у навучаньні прапаведнікаў і рэгентаў.

У Кобрыне ў 20-я і 30-я гг. служылі К.Я. Ярашэвіч, Г. Сацэвіч і І. Буковіч. Яны ўтварылі "Саюз Цэркваў Хрыстовых" (СЦХ), у які ўвайшлі больш за 90 грамадаў Берасьцейшчыны, Ровеншчыны і Валыні. Яны таксама выдавалі часопіс "Хрысьціянскі Саюз", асьвятляючы ў ім розныя бакі жыцьця цэркваў. На захадзе сёньняшняй Віцебскай вобласьці ў раёнах, якія ўваходзілі ў склад Заходняй Беларусі, працаваў І. Міхайлаў (1908-1981). У юнацтве ён быў пасьвячоным кніганошам, пазьней навучаў на біблійных курсах у Берасьці і ў Лодзі. У пэрыяд ягонага служэньня ўтварыліся цэрквы ў Глыбокім і ў суседніх паселішчах.

Гісторыя цэркваў ва Ўсходняй Беларусі на пачатку 20-х гг. поўная новых магчымасьцяў.

У гэтым часе ў Менску працаваў адораны пастар і рэгент Барыс Сьцяпанавіч Чабярук. Ён заснаваў у сваёй царкве хор, які вызначаўся цудоўным гучаньнем. Таксама ў той час працавалі Д.І. Палякоў, К. Юржыц і П.А. Аксючыц таленавітыя і вельмі папулярныя служыцелі, якія заснавалі свае грамады на Меншчыне.

У 1923 г. у Менску была ўтвораная другая пратэстанцкая царква - царква эвангельскіх хрысьціянаў, якую ўзначаліў прысланы зь Пецярбургу ад Саюза ЭХ Віктар Мікалаевіч Чачнёў, які быў яе прэзьбітарам. Яна праіснавала да 1933 г., калі была зачынена ворганамі ўлады.

У 1925 г. у Слуцку адбылося самае вялікае ў Беларусі прабуджэньне: было ахрышчана 270 асобаў. (У 1943 г. гэткае прабуджэньне паўтарылася - тады былі ахрышчаныя 300 асобаў). У гэты час у горадзе служыў добра дасьведчаны і таленавіты служыцель Вялічка. У тымсамым годзе ў Слуцку адбыўся акруговы зьезд Саюза Эвангельскіх Хрысьціянаў. Да канца 20-х гг. Слуцкая царква была самай буйной па колькасьці вернікаў ва ўсёй Беларусі.

Са Слуцка вера раўсюдзілася і на ваколіцы, утварыліся цэрквы ў Цалевічах, Лясоўні, Старобіне, Паварчыцах, Скоўшыне ды інш. мясьцінах. У Цалевіцкай царкве прыйшоў да Хрыста Антон Мітрафанавіч Кецка (1907-1978), які пазьней шмат папрацаваў у Саюзе ЭХБ Беларусі.

У горадзе Гомелі нёс служэньне М.Г. Герасіменка. Дзякуючы ягонай дзейнасьці ўтварыліся цэрквы вакол Гомеля. У Бабруйску і ваколіцах служыў М.Р. Верасаў, у Магілёве - С.І. Баранаў, у Віцебску - І. Тарасюк, М. Еўдакімаў, І. Сьцяпанаў.

У 1924-1927 гг. у Віцебску было вялікае прабуджэньне і шматлюдныя хрышчэньні.

1930-я гг. былі надзвычай цяжкімі для цэркваў ЭХБ. У 1929 г. урад выдаў новую пастанову аб рэлігійных арганізацыях, якая моцна абмяжоўвала рэлігійную дзейнасьць. Сталі зачыняцца ўсе цэрквы, пачаліся павальныя арышты служыцеляў, прэзьбітараў, дыяканаў, прапаведнікаў. Рэгентаў і вернікаў з грамадаў. Шмат хто з арыштаваных былі прысуджаныя да сьмяротнага пакараньня, іншыя сасланыя ў лягеры. Мала хто зь іх застаўся жыць і вярнуўся на Бацькаўшчыну.

У 1929 г. з уступленьнем у сілу новага заканадаўчага акта аб рэлігійных арганізацыях прэзьбітар Менскай грамады Чабярук быў арыштаваны і асуджаны, а пасьля вызваленьня ў 1937 г., быў зноў арыштаваны і расстраляны савецкімі ўладамі. У 30-я гг. усе цэрквы ЭХБ на тэрыторыі Беларусі былі зачыненыя, малітоўныя дамы сканфіскаваныя, служыцелі арыштаваныя. Вернікі расьцярушаныя. Гэта былі змрочныя гады рэпрэсыяў, гады цяжкіх выпрабаваньняў для вернікаў. І ўсё ж Царква Хрыстова выжыла, выстаяла паводле слова Хрыста, што "брамы пекла не адолеюць яе" (Мтв. 16:18). У гады фашыстоўскай акупацыі - найцяжэйшы час для ўсяго беларускага народу - эвангельскія цэрквы атрымалі некаторую перадышку ад найцяжэйшых перасьледаў 30-х гг. У шматлікіх гарадах і іншых паселішчах цэрквы былі аноўленыя. У Менску ў 1941 г. брат Лагута сабраў расьцярушаных вернікаў і служэньне ў Менскай царкве аднавілася. Да Лагуты далучыліся А.М. Кецка, Дзьмітры Нічыпаравіч Грыцко ды інш.

Падчас нямецкай акупацыі А.М. Кецка быў прэзьбітарам Менскай царквы і шмат спрыяў распаўсюду пропаведзі Эвангельля ў межах Беларусі. Ахвяруючы сабой, ён зь іншымі вернікамі, ратавалі гебрайскіх дзяцей у дзіцячых дамах. Нягледзячы на гэта ў 1945 г. ён быў арыштаваны і асуджаны на 10 год за "рэлігійную дзейнасьць падчас акупацыі". Вярнуўшыся зь лягераў А. Кецка зноў заняўся эвангелізацыяй. Ад 1968 да 1978 гг. ён быў старшым прэзьбітарам па Менскай вобласьці.

У часе вайны 1941-1945 гг. сталінскі рэжым быў вымушаны пераглядзець сваё стаўленьне да вернікаў і даць ім некаторую свабоду, дазволіўшы рэгістраваць грамады і ставіць служыцеляў, хоць і пад нядрэмным кантролем упаўнаважаных у справах культаў. У далейшым нягледзячы на супраціў атэістычных уладаў, эвангельскія цэрквы расьлі і ўмацоваліся.

У 1944 г. цэрквы эванегльскіх хрысьціянаў і цэрквы баптыстаў аб'ядналіся ў адзін Саюз ЭХБ. Пасьляваенныя гады гэтаксама былі гадамі перасьледу эвангельскіх цэркваў, але не зважаючы на гэта іх колькасьць расла, туды прыходзілі новыя вернікі.

Адразу пасьля ўтварэньня Саюза ЭХБ у межах былога Савецкага Саюза было абранае ягонае кіраўніцтва, а ў Беларусі быў прызначаны старшым прэзьбітарам Віктар Чачнёў. Ён нёс служэньне ад 1944 да 1957 г. У служэньні яму дапамагалі абласныя старшыя прэзьбітары, якіх на пачатку было 12 (па колькасьці вобласьцяў), а пазьней шэсьць. Наступны доўгі пэрыяд цэрквамі Беларусі кіраваў Канстанцін Велісейчык - ад 1957 да 1976 г. Ад 1977 г. служэньне старшага прэзьбітара ў Беларусі ажыцьцяўляў Іван Букаты.

Першы вецер пераменаў цэрквы адчулі ў 1988 г. падчас сьвяткаваньня 1000-годзьдзя хросту Русі. Паступова пачалі адкрывацца новыя магчымасьці для пропаведзі Эвангельля. У грамадах разьвіваліся практычна ўсе бакі царкоўнага жыцьця, а таксама пачаліся многія новыя формы служэньня. Гэта і адкрыцьцё нядзельных школаў для дзяцей, і місыянэрская праца ў новых мясьцінах. Духоўная адукацыя праводзілася як завочна, так і вочна.

У гэты пэрыяд пачалі праводзіцца першыя зьезды ў беларускім брацтве, а з 1990 г. аформіўся Саюз ЭХБ Беларусі, як самастойны Саюз. У 1994 г. І. Букатага, як старшыню Саюза зьмяніў Аляксандар Фірысюк, які нёс гэтае служэньне да 2002 г. Таксама былі арганізаваныя шматлікія новыя місыі, ад 1994 г. пачаў выдавацца часопіс "Крыніца Жыцьця". У 1997 г. пачалося навучаньне ў Менскай Багаслоўскай Сэмінарыі. У пэрыяд ад 1990 да 2002 гг. было адчынена 177 новых цэркваў у гарадах і вёсках Беларусі. У цяперашні час Саюз ЭХБ у Беларусі налічвае каля 300 цэркваў, у складзе якіх каля 14 000 вернікаў.

Паводле Рэфармацыя і грамадства: XVI стагоддзе: Матэрыялы Міжнароднай навуковай канферэнцыі. - Мн.: Бел. кнігазбор, 2005. С. 163-171.





Беларуская вэрсія
English version
Русская версия

Новы Запавет і Псальмы (1931)
Станіслаў Акіньчыц. Залаты Век Беларусі
Катэхізіс. Нясьвіж, 1562
'Спадчына', 2003, №1
Навуковая канферэнцыя 'Рэфармацыя і Залаты Век Беларусі', 2003 г.
Пратэстанцкая царква і беларускі нацыянальны рух

Галоўная - Гісторыя - Ідэі - Асобы - Дакумэнты - Даты - 1553-2003 - Фотагалерэя


Агульныя пытаньні: