|
Дзейнасьць Віленскага сыноду рэфармацкіх грамадаў у Вялікім Княстве Літоўскім
Анатоль Грыцкевіч
У сярэдзіне XVI ст. у Эўропе пачало хутка распаўсюджвацца кальвінства, радыкальная пратэстанцкае веравучэньне, цэнтрам якого была Жэнева, а заснавальнікам францускі казнадзей Жан Кавэн (у лацінскай транскрыпцыі Кальвінус), які перасяліўся ў Жэневу. У розных краінах Эўропы - Ангельшчыне, Шатляндыі, Нідэрляндах, некаторых абласьцях Нямеччыны (Пфальц, Гэсэн, Брандэбург ды інш.), Францыі, Вугоршчыне - пачалі ўзьнікаць кальвінскія грамады. Таксама хутка кальвінства пашырылася ў Польшчы і Беларуска-Літоўскай дзяржаве. У нас, у Беларусі, Літве й Жамойці кальвінства, якое тут называлася гэльвэцкай (швайцарскай) царквой (паводле яе паходжаньня), таксама хутка распаўсюдзілася ўжо ў 50-я гады XVI ст. Шмат прадстаўнікоў фэўдальнай арыстакратыі нашай краіны фактычна ўзначалілі рэфармацыйны рух, менавіта ў кальвінскім (рэфармацкім) яго абліччы. Галоўным лідарам кальвінства ад 1553 г. у Беларусі, Літве і ва Ўкраіне стаў князь Мікалай Радзівіл Чорны (1515-1565), ваявода віленскі і канцлер вялікі літоўскі, князь на Алыцы й Нясьвіжы. Другім пасьля яго лідарам кальвінства быў стрыечны брат Мікалая Чорнага - Мікалай Радзівіл Руды (1512-1584), князь на Біржах і Дубінках, гетман вялікі літоўскі, ваявода троцкі, а потым ваявода віленскі і канцлер вялікі літоўскі. Кальвінства прынялі іншыя магнацкія сем'і: Кішкі, Хадкевічы, Глябовічы, Сапегі, Вішнявецкія, Валовічы, Агінскія, Тышкевічы, Саламярэцкія ды іншыя. Шмат шляхецкіх сем'яў, а таксама месьцічаў і некаторыя сяляне сталі кальвіністамі (або інакш рэфарматарамі).
На працягу некалькіх гадоў паўсталі кальвінскія касьцёлы (зборы) ў Берасьці, Вільні, Клецку, Нясьвіжы, Дзевалтове, Воршы, Іказьні, Іўі, Заслаўі, у Шылянах, Кейданах, Біржах ды іншых мясцовасьцях узьнікаюць уплывовыя кальвінскія грамады. Пры кальвінскіх грамадах будуюцца зборы, школы, друкарні, шпіталі, разгортваецца шырокая грамадзкая дзейнасьць. Прывілеем вялікага князя Жыгімонта Аўгуста ад 7 чэрвеня 1563 г. шляхта ўсіх веравызнаньняў, у тым ліку й кальвінскага, была канчаткова ўраўнавана ў палітычных правах. Працягваецца ўтварэньне новых кальвінскіх грамадаў.
Паводле сваёй арганізацыі кальвінская царква адрозьніваецца ад герархічных каталіцкай і праваслаўнай цэркваў. Лад кальвінскай царквы зьяўляецца па сутнасьці рэспубліканскім. Ад самага пачатку яе існаваньня кожная абшчына была самастойнай у вырашэньні сваіх справаў. На чале кальвінскай грамады знаходзіліся старэйшыны (прэсьвітары), якія выбіраліся зь ліку сьвецкіх членаў грамады, і казнадзеі, дзейнасьць якіх не зьвязвалася са сьвятарствам, а была толькі царкоўнай службай (ministerium), адкуль паходзіць іх назва - міністры. Прэсьвітары й міністры складалі кансысторыю, якая і кіравала справамі царквы ў пэўнай грамадзе. Але зь цягам часу і павелічэньнем колькасьці кальвінскіх грамадаў у некаторых краінах пачалі праводзіцца зьезды прадстаўнікоў грамадаў асобных акругаў і цэлай краіны - узьнікалі сыноды.
Паводле зьвестак зь гістарычнай літаратуры, у другой палове XVI ст. на тэрыторыі Беларуска-Літоўскай дзяржавы было 158 кальвінскіх збораў, зь іх больш за ўсё ў Віленскім ваяводзтве - 39, Троцкім - 30, на Жмудзі - 29, у Наваградзкім ваяводзтве - 27. Яшчэ 33 зборы прыпадалі на іншыя ваяводзтвы. Зь іх у Менскім ваяводзтве - 11, Берасьцейскім - 8, Віцебскім - 7, Полацкім - 5, Мсьціслаўскім - 2 зборы. На пачатку XVII ст. колькасьць збораў ужо складала каля 200.
Галоўнай паводле значэньня рэфармацкай грамадой была віленская. Вялікае значэньне мелі таксама рэфармацкія грамады ў гарадах Слуцку і Кейданах, цэнтрах радзівілаўскіх уладаньняў у Беларусі й Літве, Гэта былі галоўныя асяродкі ня толькі рэлігійнай, але й асьветніцкай і наагул культурнай дзейнасьці беларуска-літоўскіх кальвіністаў.
З самага пачатку пашырэньня Рэфармацыі сярод пратэстантаў не было яшчэ падзелу на розныя плыні. І толькі дзякуючы дзейнасьці аднаго зь вядомых і ўплывовых дзеячаў рэфармацыйнага руху ў Польшчы Яна Ласкага польскі і беларуска-літоўскі рэфармацыйны рух да 1569 г. аформіўся ў кальвінскую арганізацыю. Рэфармацкімі грамадамі кіраваў супэрінтэндант, які зьбіраў сыноды й займаўся паўсядзённымі справамі рэфармацкіх збораў. Непасрэдна ў грамадах кіравалі духовымі справамі міністры, а прэсьвітары, або сэн'ёры, якія выбіраліся з магнатў, шляхты й месьцічаў, кантралявалі жыцьцё грамады.
У сувязі зь вялікай колькасьцю грамадаў трэба было стварыць агульнае іх аб'яднаньне і ўнармаваць адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел для лепшага кіраўніцтва і каардынацыі іх дзейнасьці. Таму ў трэцяй чвэрці XVI ст. канчаткова склалася арганізацыйная структура рэфармацкіх грамадаў.
Пасьля Люблінскай вуніі 1569 г. тэрыторыя Рэчы Паспалітай была падзелена на тры правінцыі: вялікапольскую, малапольскую і літоўскую, з поўнай самастойнасьцю аб'яднаньняў грамадаў у правінцыях. Іх яднала толькі скліканьне генэральных сынодаў, але нерэгулярна. Кальвінскія грамады афіцыйна называліся Эвангеліцка-Рэфармацыйным Задзіночаньнем. Самым моцным было Задзіночаньне ў Вялікім Княстве Літоўскім. Прадстаўнікі збораў пачалі зьязджацца штогод для абмеркаваньня сваіх справаў ад 1557 г. Напрыканцы XVI ст. тэрыторыя Беларуска-Літоўскай дзяржавы была падзелена на шэсьць акругаў (дыстрыктаў): віленскую, завіленскую, жмудзкую , берасьцейскую, наваградзкую і рускую (або беларускую).
У склад Віленскай акругі ўваходзілі абшчыны ў Вільні, Троках, Ашмянах, Лідзе, Браславе ды іншых гарадах і мястэчках; у склад Завіленскай - грамады ў Вількаміры, Коўне, Упіце ды інш.; Наваградзкай -- у Наваградку, Мазыры, Рэчыцы, Ваўкавыску ды інш.; Рускай - у Менску, Полацку, Мсьціславе, Воршы ды інш.; Берасьцейскай - у Берасьці, Гародні, Пінску, Слоніме ды інш.; Жмудзкай - у Кейданах, Шыдлаве ды інш. На чале акругаў стаялі інтэнданты, якіх вызначаў правінцыяльны сынод, г. зн. сынод грамадаў Вялікага Княства Літоўскага. Штогод дэлегаты ад кожнай акругі зьязджаліся на агульны сынод, які звычайна зьбіраўся ў Вільні (у чэрвені, з 1666 г. - на тры дні). Сыноды па акругах называліся партыкулярнымі. Спачатку дакумэнтацыя вялася на лацінскай мове, але ўжо ў першай палове XVII ст. яна была пераведзена на польскую.
Ніжэйшай арганізацыйнай адзінкай была парафія, у якую і ўваходзіла грамада. Пры неабходнасьці, дзеля сваіх патрэбаў, грамада й парафія маглі адыходзіць ад адной акругі да другой, бо грамады кіраваліся самастойна і мелі даволі шырокую самастойнасьць увогуле. Так, у залежнасьці ад здольнасьцяў і нават адчуваньня супэрінтэндантаў іх акругі маглі скарачацца або пашырацца. Гэтая сапраўды рэспубліканская форма кіраваньня прынцыпова адрозьнівалася ад арганізацыі герархічнай царквы, як каталіцкай., так і праваслаўнай.
Першы сынод адбыўся ў 1557 г. пад кіраўніцтвам Мікалая Радзівіла Чорнага. Гэта быў устаноўчы зьезд (кангрэгацыя), на якім прысутнічалі казнадзеі і прадстаўнікі ад шляхты і месьцічаў. Потым, з 1560 г. пад уплывам кальвінскіх дзеячаў і самога Кальвіна, якія вялі ліставаньне зь беларускімі магнатамі і казнадзеямі, сыноды становяцца выключна эвангеліцка-рэфармацкімі, без прадстаўнікоў іншых плыняў Рэфармацыі.
Ў сваю чаргу ўтварэньне рэфармацкага задзіночаньня юрыдычна замацоўвае існаваньне кальвінскіх грамадаў, што прызнаецца і дзяржаўнай ўладай. Безумоўна, моцны ўплыў магнацкіх сем'яў, і ў першаю чаргу ўсемагутных Радзівілаў, вызначаў і дзяржаўную палітыку кіроўных колаў Вялікага Княства Літоўскага і Рускага ў дачыненьні да эвангеліцка-рэфармацыйнай царквы. Асобнымі прывілеямі даюцца пэўныя ільготы кальвінскім грамадам. Так, у прывілеі вялікага князя Жыгімонта Аўгуста ад 14 красавіка 1562 г. гаворыцца; "Присылали до нас бояре, шляхта, бурмистры, райцы и мещане тамошние витебские, бьючи чолом, абысьмо у тамошнем месте Витебском дозволили им ку науце детем и для хожения их ку слуханю слова Божего дом збудовати и казнодею ховати". Віцебскаму ваяводзе было прапанавана, каб ён "того дому будовати и на молитву сходитися не заборонял и трудности для того никоторые не чынил им", але пра кальвіністаў гаварылася ў прывілеі, што "в костелах римских и в церквах русских обычаев и справ давних отменяти они не мают…".
Арганізацыйная структура кальвінісцкай царквы ў Беларуска-Літоўскай дзяржаве захоўвалася і ў першай палове XVIІ ст., нягледзячы на наступ Контррэфармацыі пачынаючы з 80-х гадоў XVI ст. Праўда, першыя ўдары Контррэфармацыі былі накіраваныя спачатку супраць больш радыкальных плыняў Рэфармацыі, перш за ўсе супраць антытрынітарыяў.
Нягледзячы на вялікакняскія прывілеі 1563 і 1568 гг. і пастанову Варшаўскай канфэдэрацыі 1573 г. аб рэлігійнай вольнасьці, у тым ліку і для кальвіністаў, у Рэчы Паспалітай, каталіцкая царква працягвала наступ. Напрыканцы XVI ст. праваслаўныя жыхары Рэчы Паспалітай таксама адчулі пагрозу свайму веравызнаньню. Заключэньне Берасьцейскай царкоўнай вуніі ў кастрычніку 1596 г. і пераход амаль ўсёй герархіі праваслаўнай царквы (дарэчы зь яе ініцыятывы) у вунію зрабілі тых праваслаўных у Беларусі і Літве, хто не прыняў вунію, рэлігійнай меншасьцю: засталіся праваслаўныя суполкі ў Вільні, Слуцку, Пінску і ля Магілёва. Гэтыя абставіны логікай падзеяў прымусілі дзьве рэлігійныя меншасьці дамовіцца аб супольных дзеяньнях для адпору каталіцкаму наступу.
У 1599 г. у Вільні, якая засталася цэнтрам праваслаўя ў Вялікім Княстве Літоўскім і Рускім, прадстаўнікі шляхты і мяшчанаў, кальвіністы і праваслаўныя, арганізавалі канфэдэрацыю для супольнай абароны сваіх рэлігійных і палітычных правоў. Яны пацьвердзілі права адстойваць свае канфэсіі, згодна з пастановай Варшаўскай канфэдэрацыі 1573 г. У пастанове Віленскага зьезду пералічваліся парушэньні правоў кальвіністаў і праваслаўных з боку каталіцкага духавенства і прадстаўнікоў улады. Шляхта - кальвіністы і праваслаўныя - адзначылі, што іх абмяжоўваюць у правах, хаця шляхта розных канфэсіяў, паводле законаў, была раўнапраўная. Прадстаўнікі праваслаўнай і эвангеліцкай цэркваў выказалі рашучасьць разам бараніць свае правы. Віленская канфэдэрацыя сваім актам ўзяла пад апеку і абарону шляхту, духавенства і месьцічаў абедзьвюх канфэсіяў.
Але далейшы наступ каталіцкай царквы, посьпех вуніі і, у сувязі з гэтым, адыход значнай часткі беларуска-літоўскай шляхты і ад праваслаўя, і ад кальвінства на карысьць каталіцтва - ўсе гэта спрычынілася да скарачэньня шэрагаў прыхільнікаў рэфармацкай царквы. Ужо правінцыяльны сынод у Вільні ў 1612 г. адзначыў заняпад многіх збораў дзеля таго, што ад кальвінства адыходзіць шляхта. У 1640 г. на тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага было 140 збораў, у 1655 г. - 110, а ў 1696 г. толькі 51 збор. І хаця гэтае скарачэньне колькасьці эвангеліцкіх збораў было вельмі выразным - за 100 гадоў у чатыры разы, усё ж у Польшчы яно было значна большым. Ва ўсёй Польшчы кальвінскіх збораў было менш, чым у Беларусі і Літве.
Што ж затрымала рэзкае скарачэньне збораў, а значыць, і вернікаў рэфармацкай царквы ў Беларуска-Літоўскай дзяржаве? Тут было некалькі прычынаў. Важную ролю адыграла ўнутранная (ды і замежная) палітыка кальвінскай галіны роду Радзівілаў, менавіта іх слуцка-біржанскай лініі. Непасрэднымі лідарамі кальвінства ў Беларусі і Літве былі ў XVII ст. гетман вялікі літоўскі Януш Радзівіл, а пасьля - ягоны стрыечны брат Багуслаў Радзівіл. Апошні меў вялікую падтрымку сваяка - курфюрста брандэнбурскага і гэрцага прускага Фрыдрыха Вільгэльма ("вялікага курфюрста"). Радзівілы мелі ня толькі вялікія маёнткі й лятыфундыі, але і свае прыватныя войскі, замкі і гарнізоны. Радзівілы пастаянна аказвалі дапамогу асобным кальвінскім зборам, але іхняй падтрымкай карысталіся і наагул сыноды рэфармацкае царквы. Другой прычынай была больш талерантная палітыка ў самім Вялікім Княстве Літоўскім, дзе ў адрозненьне ад Польшчы зь яе даўнім монаканфэсіялізмам існавала старадаўняя традыцыя суіснаваньня дзьвюх, а ў XVII ст. і трох герархічных цэркваў з сваімі правамі.
У гэтым часе сыноды Літоўскага эвангеліцка-рэфармацкага задзіночаньня, акрамя звычайных адміністрацыйных справаў, разглядалі пытаньні адукацыйнага характару - адкрыцьця і падтрымкі школаў, запрашэньня прафэсараў і настаўнікаў з-за мяжы, выданьня падручнікаў і дапаможнікаў.
У траўні 1617 г. князем Янушам Радзівілам была закладзеная, а ў 1624 г. пасьля яго сьмерці адчынена кальвінская гімназія ў Слуцку, побач з такой жа гімназіяй у Кейданах.
Не выкладчыкі слуцкай гімназіі былі кальвіністамі, а кальвінскі сынод у Літве і Беларусі кантраляваў і кіраваў дзейнасьцяй гімназіі. Апякун малалетняга ўладальніка Слуцку Багуслава Радзівіла, ягоны дзядзька - Крыштап Радзівіл, гетман польны літоўскі, запрасіў у гімназію выкладчыка беларускай (афіцыйнай дзяржаўнай) мовы і зьвярнуўся па рэкамэндацыю да кіеўскага мітрапаліта Ёва Барэцкага ў 1630 г., але мітрапаліт параіў яму пашукаць спэцыялістаў у Слуцку. Адной з задачаў гімназіі была падрыхтоўка пастараў (міністраў) для кальвінскай царквы Беларуска-Літоўскай дзяржавы. Некаторыя выпускнікі гімназіі потым навучаліся ў эўрапейскіх пратэстанцкіх унівэрсітэтах - Кёнігсбэргу, Гайдэльбэргу, Ляйдане, Оксфардзе, Эдынбургу, Ляйпцыгу ды інш. Ад пачатку XVIIІ ст. у гімназію прымалі ня толькі хлопчыкаў-кальвіністаў, але і вучняў іншых хрысьціянскіх веравызнаньняў. Сынод дазволіў гэта.
Яшчэ ў 1629 г. сынод зацьвердзіў статут Слуцкай гімназіі, які быў амаль нязьменным да пастановы сыноду 1775 г. (зрэдку рабіліся дадаткі). Статут гэты прадугледжваў вельмі суровую рэглямэнтацыю навучаньня ды й наагул жыцьця ў інтэрнаце вучняў гімназіі, расьпісваў амаль кожны іх корок, нават мэню страваў раніцай, у абед і на вячэру. Толькі ў 1775 г. былі зроблены зьмены ў Статуце, каб наблізіць навучаньне да іншых школаў Рэчы Паспалітай.
Сынод эвангеліцка-рэфармацкага задзіночаньня займаўся і друкарскай справай. Так, радзівілаўская друкарня ў Слуцку, якая выпускала кнігі ня толькі рэлігійнага, але й сьвецкага зьместу, у 1693 г. была перададзеная слуцкай княгіняй Людзьвікай Каралінай Радзівіл-Нэйбургскай сыноду кальвінскай царквы ў Вялікім Княстве Літоўскім. А сынод, ратуючы друкарню ад небясьпекі падчас Паўночнае вайны, перавёў яе ў 1705 г. у Кёнігсбэрг.
Сынод рэфармацкага задзіночаньня меў і свой архіў, які для яго захаваньня ў 1699 г. быў перавезены ў Каралявец (Кёнігсбэрг).
Па сьмерці ў 1695 г. дачкі Багуслава Радзівіла - Людзьвікі Караліны, жонкі рэйнскага пфальцграфа, скончыўся пэрыяд, калі ўплывовыя магнаты Радзівілы абаранялі й апекаваліся рэфармацкім задзіночаньнем і яго сынодам. Але ў фундушных запісах эвангеліцка-рэфармацкаму сыноду, дадзеных раней князямі Радзівіламі, засталося забесьпячэньне значнымі грашовымі сумамі на плату эвангеліцкаму духавенству ад радзівілаўскай адміністрацыі Слуцкага княства нават у сярэдзіне XVIIІ ст., калі ўладальнікам Слуцку і княства быў каталік Геранім Фларыян Радзівіл.
Ад сярэдзіны XVII ст. і да канца XVIIІ ст. сыноды рэфармацкай царквы ўжо не зьбіраюцца ў сталіцы дзяржавы - горадзе Вільні, а па традыцыі - у радзівілаўскім горадзе Кейданах або ў іншых радзівілаўскіх мясьцінах. Пры гэтым сыноды адбываліся надзіва рэгулярна. Іх не было толькі ў 1725, 1734, 1764 і 1767 гг. Рэгулярна адбывалія сэсіі дыстрыктовыя (або акруговыя). У другой палове XVII - XVIIІ стст. сыноды займаліся разглядам і карэкцыяй пастановаў акруговых сынодаў. Традыцыйнымі былі кадравыя пытаньні: прызначэньні на вакантныя пасады супэрінтэндантаў і міністраў.
Паводле сьпісу 1748 г. у Вялікім Кястве Літоўскім, знаходзілася 47 рэфармацкіх збораў, а ў 1768 г. - толькі 38. Гэта не нашмат менш, чым напрыканцы XVII ст., і зноў сытуацыя была лепшай чым у Польшчы.
У XVIIІ ст. становішча кальвіністаў, як і іншых дысыдэнтаў, зьмянілася. Каб падтрымаць напружанасьць у Рэчы Паспалітай і карыстацца гэтым, цар Пётар І праз свайго пасланьніка князя Р.Ф. Далгарукага падтрымаў артадаксальных каталікоў супраць пратэстантаў і праваслаўных, каб прымусіць караля Аўгуста ІІ вывесьці з краіны саксонскія пратэстанцкія войскі і аслабіць яго. Пад націскам Расеі "нямы сойм" 1717 г. забараніў некаталіцкай (дысыдэнцкай) шляхце займаць дзяржаўныя пасады ў Рэчы Паспалітай. Кальвіністы, як і іншыя дысыдэнты, сталіся людзьмі другога гатунку.
Калі ж Кацярыне ІІ спатрэбілася зачэпка для непасрэднага ўмяшаньня ва ўнутраныя справы Рэчы Паспалітай, то імпэратрыца, наадварот, падтрымала дысыдэнцкую шляхту, актыўна выступаючы ў абарону правоў некаталіцкай шляхты. 5 красавіка 1764 г. Кацярына ІІ на аснове дакладу магілёўскага праваслаўнага япіскапа Г. Каніскага (дарэчы, расейскага падданага) і сынода расейскай праваслаўнай царквы загадала расейскім дыпляматам у Варшаве Герману Карлу Кайзэрлінгу і князю Мікалаю Васілевічу Рапніну пачаць падрыхтоўку шляхецкай канфэдэрацыі для дысыдэнтаў. Пры гэтым гаворка ішла аб ураўнаваньні правоў праваслаўнай і пратэстанцкай (лютаранскай і кальвінскай) шляхты з каталіцкай, што давала магчымасьць прывесьці ва ўрадавыя ўстановы Польшчы і Вялікага Княства Літоўскага элемэнты, якія б знаходзіліся пад расейскім уплывам і прывязалі б РэчПаспалітую, асабліва ў справах замежнай палітыкі, да Расеі. У 1764 г. Расея й Прусія перадалі сойму Рэчы Паспалітай патрабаваньне аб раўнапраўі дысыдэнтаў. Але сойм адхіліў гэты праект. Тады ў 1766 г. Расея актывізавала дысыдэнцкае пытаньне ў якасьці сродку палітычнага націску на кіроўныя колы Рэчы Паспалітай. Адначасова Расея і Прусія патрабавалі захаваньня правіла "лібэрум вэта", якое садзейнічала палітычнай анархіі ў дзяржаве.
Кацярына ІІ патрабавала ад пасланьніка М.В. Рапніна, каб ён стварыў канфэдэрацыю (саюз шляхты) дысыдэнтаў. На межах Беларусі было сканцэнтравана расейскае войска ў 30 тысячаў чалавек.
У кастрычніку 1766 г. дысыдэнцкая шляхта падала просьбу аб ураўнаваньні яе правоў. Але сойм адмовіўся прыняць такую пастанову. Тады Кацярына ІІ загадала стварыць шляхецкія канфэдэрацыі. Князь Рапнін вызначыў гарады, дзе павінны былі стварацца канфэдэрацыі - Торунь і Слуцак. Кіраўнікі дысыдэнтаў атрымалі ад расейскага пасланьніка 20 тысячаў чырвоных злотых (335 тысячаў злотых) для непасрэднай падрыхтоўкі канфэдэрацыі. 20 сакавіка 1767 г. у Торуні была створана пратэстанцкая канфэдэрацыя для Польшчы. У той жа дзень у Слуцку ўзьнікла шляхецкая канфэдэрацыя Вялікага Княства Літоўскага "як рэлігіі старарускай, таксама абодвух вызнаньняў эвангеліцкіх". Усяго ў Слуцак зьехаліся 250 шляхціцаў, што ва ўмовах палітычнага жыцьця Рэчы Паспалітай было невялікай колькасьцяй. Маршалкам канфэдэрацыі быў абраны генэрал-маёр літоўскай кавалерыі Ян Грабоўскі (кальвініст). Большасьць з 33 радцаў канфэдэрацыі (найвышэйшыя асобы) складалі кальвіністы й лютаране (23 з 33). Са 175 канфэдэратаў Вялікага Княства Літоўскага пратэстантаў налічвалася 73; астатнія былі праваслаўнымі. Аднак праваслаўныя, акрамя Георгія Каніскага, не адыгралі ў Слуцкай канфэдэрацыі кіроўнай ролі. Разам з расейскімі войскамі канфэдэраты пайшлі на Варшаву. 13(24) лютага 1768 г. Расея й Рэч Паспалітая заключылі чарговы "вечны трактат", які ўвайшоў у пастановы сойму. Жыхарам Рэчы Паспалітай забясьпечвалася "вольнае вызнаньне веры Грэцкай Усходняй Неаб'яднанай (г. зн. невуніяцкай - А.Г.) і дысыдэнцкіх абодвух Эвангеліцкіх веравызнаньняў..." Кацярына ІІ і каралі прускі, дацкі, ангельскі й швэдзкі гарантавалі "праваслаўнай і дысыдэнцкай шляхце" роўнасьць з каталіцкай. Дазваляліся шлюбы каталікоў зь некаталікамі. Пры гэтым сыны павінны былі застацца ў бацькоўскай веры, а дочкі - у матчынай. Але каталіцтва заставалася панавальнай рэлігіяй, а каралём мог быць толькі каталік.
Аднак кальвіністы, як і іншыя дысыдэнты, цяпер былі раўнапраўныя з каталікамі. Літоўскі сынод прыняў пастанову, каб у зборах 50 год вяліся набажэнствы з падзякай за гэты акт. Але Расея, дамогшыся палітычнага падпарадкаваньня Рэчы Паспалітай, ужо ня вельмі цікавілася сваімі былымі саюзьнікамі. Тым ня менш пад наглядам сыноду кальвіністы пачалі рэстаўраваць свае сьвятыні. Сынод займаўся грашовымі пытаньнямі дзеля гэтай справы. Як і раней сыноды рэфармацкіх грамадаў зьбіраліся штогод у чэрвені. Напрыканцы XVIII ст. сыноды займаліся таксама справамі школы, шпіталяў, рэгістравалі матэрыяльныя каштоўнасьці грамадаў і збораў. Найбольш уплывовым па-ранейшаму заставаўся віленскі збор, які быў фактычнай базай для скліканьня сынодаў. Сыноды таксама вырашалі справы пра стаўленьне да лютаранаў ды іншых канфэсыяў.
Канстытуцыя 3 траўня 1791 г. мала зьмяніла сытуацыю. Былі пацьверджаныя правы кальвіністаў, якімі яны карысталіся дагэтуль. Дэкляравалася свабода веравызнаньняў, але традыцыйнае першынство прызнавалася за рыма-каталіцкай рэлігіяй як "панавальнай".
У такім стане рэфармацкія грамады знаходзіліся да канца існаваньня Вялікага Княства Літоўскага - да трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай
|
|