Галоўная
  Гісторыя
  Ідэі
  Асобы
  Дакумэнты
  Даты
  1553-2003
  Фотагалерэя
500 год Жану Кальвіну

500 год Мікалаю Радзівілу Чорнаму

  ЎКантакце




Царква Хрысьціян Веры Эвангельскай у Рэспубліцы Беларусь Царква Ісуса Хрыста
ГІСТОРЫЯ

Пратэстанцкая царква ў Беларусі напрыканцы XVIII - пачатку XX стст.

Валянціна Грыгор'ева, Алена Філатава

У другой палове XVIII ст. у Вялікім Княстве Літоўскім пражывала каля 1% (ад агульнай колькасьці насельніцтва) пратэстантаў, як лютаранаў, так і кальвіністаў (або рэфарматараў). З прычыны нешматлікасьці ў 1768 г. на рэфармацкім сынодзе ў Вільні была разгледжана ідэя іх вуніі. Але яна не знайшла падтрымкі. Гэта было зьвязана як з канфэсійнымі адрозьненьнямі, так і з станавымі і нацыянальнымі. Лютаранства вызнавала латыскае й нямецкае насельніцтва, якое было ў асноўным сялянскім і мяшчанскім, кальвінства - беларусы й палякі і, як правіла, шляхоцкага паходжаньня.

Ня маючы магчымасьці атрымаць дзяржаўныя кіроўныя пасады ў Рэчы Паспалітай, пратэстанцкая шляхта займалася вайсковай справай. Гэтая традыцыя працягвалася і пазьней, у часы Расейскае імпэрыі. Сярод вядомых вайскоўцаў былі бароны Розэны, лютаране прыбалтыйскага паходжаньня. Сям'я графаў Грабоўскіх (гэрбу Тапор), якія вызнавалі кальвінства, дала нямала як ваенных дзеячаў, так і дзеячаў дысыдэнцкага руху на тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага. Сярод іх маршалак слуцкай канфэдэрацыі Ян Грабоўскі, ягоны сын Юрай - генэрал-інспэктар літоўскага войска, удзельнік паўстаньня 1794 г., літоўскі крайчы Зыгмунт Грабоўскі, які нарадзіўся ў Асташыне Наваградзкага павету і быў удзельнікам баёў супраць Таргавіцкай канфэдэрацыі 1792 г. (за ўдзел у паўстаньні 1794 г. быў высланы ў Сыбір, затым ваяваў у 1812 г. на баку Напалеона, служыў у расейскім войску ў часе Турэцкай кампаніі 1828 - 1829 гг.) ды інш.

Паводле канстытуцыі Рэчы Паспалітай 1768 г., гарантам якой выступіла Кацярына ІІ, лютаранам і кальвіністам было нададзенае права свабоднага адпраўленьня веры, заснаваньня сваіх кансысторыяў і сынадальных сходаў. Духоўным і сьвецкім сэн'ёрам дазвалялася рабіць візытацыі збораў (храмаў). Эвангеліцкія грамады Вялікага Княства Літоўскага склалі для сябе асобны царкоўны статут, вядомы пад назвай "дысыдэнцкае права". Згодна зь ім у пратэстанцкай царкве ўся выканаўчая, судовая і заканадаўчая ўлада належала Генэральнаму сыноду. Ён знаходзіўся ў Біржах (Летува) і займаўся царкоўнымі справамі праз кансысторыі, у склад якіх уваходзілі дэпутаты ад шляхты, духавенства й гарадзкіх грамадаў. У 1780 г. "дысыдэнцкае права" было надрукаванае ў Варшаве, але так і не было зацьверджана соймам Рэчы Паспалітай.

Пасьля далучэньня земляў Вялікага Княства Літоўскага да Расейскай імпэрыі царскі ўрад у 1797 г. скасаваў Генэральны сынод у Біржах. Але да "дысыдэнцкага права" ўрад зьвяртаўся не адзін раз, бо неабходна было ўладкаваць эвангеліцкія парафіі. 22 траўня 1828 г., у Пецярбургу быў заснаваны Камітэт для стварэньня праекту агульнага статуту эвангеліцкіх цэркваў Расейскай імпэрыі. Пры абмеркаваньні былога "дысыдэнцкага права" было адзначана, што яно надае Генэральнаму сыноду такія правы, "якія ў манархічнай дзяржаве могуць належаць толькі дзяржаўнай уладзе". Акрамя таго, калі надзённымі справамі рэфармацкай царквы займалася Калегія ў Вільні і рэгулярна зьбіраўся (адзін або два разы на год) сынод, то лютаранскі сынод не зьбіраўся, а склад Віленскай лютаранскай кансысторыі не адпавядаў свайму статуту. У яе ўваходзілі замест 9 толькі 6 духоўных і сьвецкіх асобаў, якія не належалі да шляхты і таму не маглі старшыняваць у кансысторыі. Пасьля звальненьня ў 1827 г. яе старшыні, барона Розэна, і сьмерці двух сябраў, лютаранская кансысторыя не магла знайсьці ім замену. Яна вымушана была зьвярнуцца да Галоўнай управы духовых справаў замежных веравызнаньняў у Пецярбургу з пытаньнем, ці можа яна ў складзе трох сябраў кіраваць Віленскай лютаранскай акругай. Між тым кансысторыі падпарадкоўваліся 15 лютаранскіх парафіяў з 20 тысячамі вернікаў у Менскай, Віленскай, Гарадзенскай губэрнях і Беластоцкай вобласьці. Указам імпэратара ад 22 чэрвеня 1830 г. Віленская лютаранская кансысторыя была скасаваная, а ейныя парафіі былі перададзеныя Курляндзкай лютаранскай кансысторыі. Да апошняй ужо належалі лютаранскія кірхі Віцебскай і Магілёўскай губэрняў.

28 сьнежня 1832 г. быў зацьверджаны статут эвангелічна-лютаранскай царквы ў Расейскай імпэрыі. Згодна зь ім, асновай лютаранскай царквы былі парафіяльныя грамады з пастарамі. Некалькі парафіяў складалі акругу на чале з пробстам, які абіраўся пастарамі. Сукупнасьць пробсцкіх акругаў стварала кансыторскую акругу на чале з кансысторыяй і супэрінтэндантам (або генэрал-супэрінтэндантам), якія былі духовымі асобамі.

Генэральны сынод, якому былі падпарадкаваныя лютаранскія цэрквы ў Расейскай імпэрыі, фактычна ні разу не зьбіраўся. Найвышэйшым органам стала Генэральная кансысторыя ў Пецярбургу. У яе склад уваходзілі сьвецкі прэзыдэнт, духовы віцэ-прэзыдэнт, 2 сьвецкія і 2 духовыя асобы. Пры кансысторыі былі пракурор і канцлер. Прэзыдэнт і віцэ-прэзыдэнт прызначаліся непасрэдна імпэратарам. І калі ў першай палове ХІХ ст. лютаранскія кансысторыі ў справаводстве карысталіся нямецкай мовай, то ў другой палове ХІХ - пачатку ХХ стст. - расейскай.

На пачатку 1860-х гг. у Расейскай імпэрыі існавалі ўсяго 8 лютаранскіх духовых кансысторскіх акругаў. Усе 5 заходніх губэрняў уваходзілі ў Курляндзкую кансысторскую акругу. Згодна са справаздачай пра стан эвангелічна-лютаранскай царквы за 1864 г., у Віленскай, Віцебскай, Магілёўскай, Менскай, Гарадзенскай губэрнях дзейнічалі 27 лютаранскіх кірхаў, у тым ліку 7 галоўных (парафіяльных), 8 прыпісных, шпітальная і хатняя, 11 малітоўных дамоў. На працягу ўсяго ХІХ - пачатку ХХ стст., нягледзячы на тое, што колькасьць лютаранскіх кірхаў некалькі павялічылася, колькасьць духавенства заставалася прыблізна аднолькавай: 11 духовых асобаў (9 пастараў і 2 кан'юнкт-пастары).

У Беларусі лютаранскія кірхі былі бедныя, бо парафіянаў яны мелі няшмат, ды і тыя не былі заможнымі. Напрыклад, паводле зьвестак Слуцкай эвангелічна-лютаранскай калегіі ад 10 лістапада 1833 г., кірха ў Слуцку была драўляная, пры ёй быў дом для пастара і дзяка. Кірха атрымлівала даходы ад агародаў, дома з лаўкамі на рынку, грашовых фундушаў, запісаных на маёнткі Бабоўка і Рамошы абшарніка Бяркевіча. Акрамя таго, грашовую дапамогу, па 400 злотых на год, ёй даваў Слуцкі рэфармацкі збор. Менская ж кірха ня мела наагул ніякіх капіталаў. Пры ёй быў дом для пастара, які на заробак (400 руб. срэбрам за год) павінны быў утрымліваць сваю сям'ю, парафіяльную вучэльню і прычэтнікаў. З просьбай пра дапамогу ў 800 - 1000 руб. на рамонт старога будынку кірхі полацкі пастар у 1840 г. зьвяртаўся да міністра ўнутраных справаў. Але апошні 14 лютага 1843 г. у лісьце да віцебскага, магілёўскага і смаленскага генэрал-губэрнатара паведаміў, што ён адмаўляецца хадайнічаць пра грашовую дапамогу ў сувязі з тым, што евангеліцкая грамада гораду складаецца выключна з тых пратэстантаў, што часова пражываюць у Полацку.

Дачыненьні лютаранаў з уладамі і праваслаўнай царквой былі даволі памяркоўныя. І калі адкрыта царскія ўлады перашкодаў не чынілі, тым ня менш, па магчымасьці, імкнуліся стрымліваць рост колькасьці вернікаў і культавых установаў. У справаздачы обэр-пракурора Найсьцейшага Сыноду за 1883 г. адзначалася: "Лютаране, якія належаць да службовага і купецкага станаў, не праяўляюць фанатызму ў дачыненьні да праваслаўнай царквы, але і не спачуваюць ёй. Япархіяльнае кіраўніцтва робіць захады, каб адмежаваць праваслаўнае насельніцтва ад іншаверцаў". Да такіх захадаў адносілася, у прыватнасьці, забарона будаваць новыя храмы. Так, у 1902 г. эвангелічна-лютаранская Генэральная кансысторыя ўзбудзіла хадайніцтва аб дазволе царкоўнай радзе Дзьвінскае парафіі прыняць ахвяраваны ўласьнікам мястэчка Прэль Гулькевічам надзел зямлі (960 кв. саж.), каб пабудаваць там на сродкі вернікаў новы малітоўны дом. Згодна з законамі Расейскай імпэрыі, пабудова культавых будынкаў замежных хрысьціянскіх веравызнаньняў магла ажыцьцяўляцца толькі пры ўзгадненьні з праваслаўным япархіяльным кіраўніцтвам. У дадзеным выпадку такой згоды не было. Ліставаньне паміж віцебскім губэрнатарам, міністэрствам унутраных справаў і дэпартамэнтам духовых справаў замежных веравызнаньняў паказала, як праз усе захады ўрадоўцы шукалі абгрунтаваньні, каб адхіліць хадайніцтва.

Мова, на якой вялося набажэнства ў лютаранскай царкве, адпавядала нацыянальнаму складу яе парафіянаў. Так, калі ў Менскай і Магілёўскай губэрнях парафіянамі былі немцы, то, адпаведна, у набажэнстве выкарыстоўвалася нямецкая мова. Тое ж самае назіралася ў Гарадзенскай і Беластоцкай парафіях Гарадзенскай губэрні. У Віцебскай губэрні сярод лютаранаў апроч немцаў была значная колькасьць латышоў. І калі ў Віцебскай і Дынабургскай парафіях, дзе большасьць вернікаў былі немцы, карысталіся нямецкай мовай, то ў Крэйбургскім - латыскай.

На пачатку ХХ ст. у полацкай парафіі сярод парафіянаў было 300 немцаў і 900 латышоў. Нягледзячы на тое, што латышы мелі колькасную перавагу, немцы адыгрывалі ў парафіі вызначальную ролю. Па-першае, яны былі заснавальнікамі парафіі. Купілі зямлю, пабудавалі ўсе царкоўныя будынкі і штогод ахвяравалі парафіі грошы. Ахвяраваньні ж латыскіх вернікаў складалі толькі трэцюю частку ўсёй сумы. У Полацку набажэнства вялося па чарзе як на нямецкай, так і на латыскай мовах, у маёнтку Ванцслававе (Лепельскі павет) - на латыскай.

Напрыканцы XVIII - пачатку XX стст. эвангелічна-рэфармацкая царква была падпарадкавана Віленскаму эвангелічна-рэфармацкаму сыноду (да 1840 г. -- Літоўскі). На ягоныя сходы зьбіраліся духовыя й сьвецкія асобы з рэфармацкай шляхты. Часьцей за ўсё сынод зьбіраўся ў Вільні, але ягоныя сходы праводзіліся і ў Беліцы Лідзкага павету, Ізабеліне Ваўкавыскага, Койданаве Менскага, Капылі і Слуцку Слуцкага, Расьне Берасьцейскага і Асташыне Наваградзкага паветаў.

Паміж сходамі ўсе надзённыя справы акрамя судовых вырашала Літоўская звангелічна-рэфармацкая калегія ў Вільні. Так, у 1830 г. яе старшынёй быў адстаўны маёр С. Цадроўскі, духовымі сябрамі - віленскія супэрінтэндант Р. Доўнар і віцэ-супэрінтэндант А. Лабоўскі, а сьвецкімі сябрамі - тытулярны саветнік І. Рэйзвэр і абшарнік Слонімскага павету Б. Пяжарскі, генэральным кантралёрам і сакратаром - калескі сакратар П. Мішэўскі. 24 чэрвеня 1831 г. быў зацьверджаны штат Віленскай рэфармацкай калегіі з 17 асобаў: сьвецкі прэзыдэнт з духовага званьня, 3 духозныя і 3 сьвецкія куратары, генэральны сакратар, пратакаліст, рэгістратар і 6 канцылярыстаў.

На пачатку ХІХ ст. эвангелічна-рэфармацкія зборы ўваходзілі ў склад Занёманскага дыстрыкта (зборы былі ў Ізабеліне, Ямне, Непакойчыцах, Берасьці, Асташыне, Беліцы, Зароі і Расьне), Беларускага (у Слуцку, Койданаве, Эйнаровічах, Копысі, акрамя таго капліцы ў Загальлі і Сямёнавічах), Вілейскага (у Вільні, Жупранах, Дзевялтове, Новым месцы) і Жмудзкага дыстрыктаў. Дыстрыкты ўзначальвалі супэрінтэнданты. Яны прызначалі міністраў (прапаведнікаў, пастараў), наглядалі за паводзінамі духавенства і праводзілі рэвізію збораў. Паводле дадзеных Віленскай рэфармацкай калегіі, 1865 г. у Віленскай, Гарадзенскай, Менскай і Магілёўскай губэрнях было 17 цэркваў і 821 парафіянін. Віленскі рэфармацкі сынод меў, паводле фундушовых запісаў, маёнткі і прыгонных. Якія прыносілі яму даход. У Гарадзенскай губэрні гэта былі маёнтак Дакудава (22 душы сялянаў і 120 руб. даходу), Беліца (29 асобаў і 75 руб.), у Менскай - маёнткі Абухаўцы (198 сялянаў і 1.350 руб.), Чарнікоўшчына (85 асобаў і 800 руб.), Аноскі (42 асобы і 239 руб.), у Магілёўскай губэрні - маёнтак Валасевічы (52 асобы і 148 руб. даходу) ды інш. Паводле ўказу 1842 г., гэтыя маёнткі павінны былі перайсьці пад кіраўніцтва міністэрства дзяржаўных маёмасьцяў. У 1845 г. Віленская калегія скардзілася міністру ўнутраных справаў Л. Пятрову, што яна знаходзіцца ў цяжкім становішчы, бо ня мае дастатковых сродкаў на ўтрыманьне духавенства, дабрачынных установаў і Слуцкай гімназіі. На ўтрыманьне Віленскай рэфармацкай калегіі было выдаткавана 28.043 руб. І калі супэрінтэндант, напрыклад, атрымліваў на год 308 руб 33 кап., то казнадзей (або міністар, пастар) - 198 руб., а званар - 29 руб. 70 кап. Рэфармацкая царква, гэтак як і лютаранская падпарадкоўвалася Генэральнай эвангелічнай кансысторыі ў Пецярбургу. Справаводста ў ёй напрыканцы XVIII - першай палове XІX стст. вялося на польскай, а ў далейшым на расейскай мове.

Пасьля паўстаньня 1863 г. хваля русіфікацыі, што захліснула беларуска-літоўскія губэрні, зачапіла і рэфармацкую царкву. Улады прапанавалі ўвесьці расейскую мову ў набажэнства там, дзе яно вялося на польскай. У 1869 г. гэтае пытаньне было абмеркаванае на паседжаньні Віленскага эвангелічна-рэфармацкага сынода, які выказаўся супраць гэтага новаўвядзеньня. У абгрунтаваньне свайго адказу сынод указаў наступныя прычыны, якія не дазвалялі пайсці на ўвядзеньне расейскай мовы:

Па-першае, пастары рэфармацкай царквы не валодалі расейскай мовай у дастатковай ступені, каб весьці на ёй набажэнства;

Па-другое, парафіяне гэтай царквы польскага, нямецкага, летувіскага ды інш. паходжаньняў або зусім не разумелі расейскай мовы, або разумелі толькі на побытавым узроўні і "не маглі б з карысьцяй для душы слухаць расейскую казань";

Па-трэцяе, не было ніякіх матэрыялаў для набажэнтсва на расейскай мове (перакладаў Сьвятога Пісьма, псальмаў, гімнаў, малітваў, літургічнага трэбніка, якія б былі ўхваленыя рэфармацкай царквой).

Гэтых пазыцыяў духавенства эвангелічна-рэфармацкай царквы прытрымлівалася і ў далейшыя гады. Калі ў 1873 г. ад іх запатрабавалі пісьмовыя даведкі ў пытаньні ўвядзеньня расейскай мовы ў набажэнства, яны, спасылаючыся на рашэньні сыноду 1869 г., зноў выказалі тыя ж меркаваньні і прычыны. Так, у Гарадзенскай губэрні на той час меліся дзьве рэфармацкія парафіі - Расьненская (Берасьцейскі павет) і Ізебэлінская (Ваўкавыскі павет). У першым набажэнства вялося на нямецкай мове, а ў другім - на польскай. Пастары абодвух прыходаў катэгарычна выказаліся пра немагчымасьць увесьці ў набажэнства расейскую мову.

Даючы адказ віленскаму генэрал-губэрнатару, гарадзенскі губэрнатар у сувязі з гэтым пісаў 28 красавіка 1873 г.: "... адзначаныя пастарамі цяжкасьці, што быццам бы перашкаджаюць увядзеньню расейскай мовы ў рэфармацкае набажэнства, на маю думку, не заслугоўваюць увагі. Мясцовае насельніцтва калі і не зусім добра валодае расейскай мовай, то ўсё ж знаёмае зь ёй і можа без перашкодаў разумець набажэнства і казані на расейскай мове ... Сельскія народныя школы, якія існуюць усюды, дзе сялянскія дзеці навучаюцца толькі расейскай мове, дапамогуць зьліквідаваць гэтыя цяжкасьці". Губэрнатар зазначаў, што пастары, паводле іх даведак, вольна валодаюць расейскай мовай.

Дзеці рэфармаванай шляхты праходзілі навучаньне ў Кейданскай (зачынена ў 1824 г.) і Слуцкай гімназіях. У Слуцкай гімназіі ў 1840 г. іх вучылася 48 чалавек (з 280 агульнай колькасьці), а ў 1860 г. - 58 (з 411 чалавек). 29 жніўня 1850 г. беларускі супэрінтэндант Ванькоўскі на паседжаньні Віленскай рэфармацкай калегіі выказаўся за тое, каб у першыя тры клясы Слуцкай гімназіі дазволілі прымаць вучняў ня толькі шляхоцкага, але і падатковых станаў, каб больш выхаванцаў рэфармацкае царквы маглі набыць неабходныя веды з правілаў сваёй веры.

Напрыканцы XVIII - першай палове XІX стст. рэфармацкі сынод мог накіроўваць вучняў, якія закончылі гімназію, на навучаньне за мяжу: у Бэрлінскі, Франкфурцкі, Марбургскі, Гайдэльбэргскі ўнівэрсітэты ў Нямеччыне, Ляйдэнскі і Франэкэскі - у Галяндыі, Эдынбургскі ў Шатляндыі. Да 1844 г. былі тры стыпэндыі сыноду і ў Кёнігсбэргскім унівэрсітэце ў Прусах. У далейшым пастарамі былі выпускнікі факультэтаў тэалягічных навук Дэрпцкага й Гэльсынгфорскага ўнівэрсітэтаў.

У другой палове ХІХ ст. узьнікае яшчэ некалькі плыняў пратэстанцтва. Напрыканцы 1870-х гг. у Гомельскім павеце былі выяўленыя прыхільнікі штундызму. Лічылася, што сюды ён прыйшоў з паўднёвых раёнаў Расейскай імпэрыі, куды жыхары павету выпраўляліся на заробкі. Штундысты верылі ў Ісуса Хрыста і толькі яму аднаму пакланяліся, пастоў не прытрымліваліся, а ў сьвяточныя дні зьбіраліся ў прыватных дамах для сьпяваньня псальмоў і чытаньня Эвангельля. У 1880-ыя штундысты зьявіліся ў Рагачоўскім павеце Магілёўскай губэрні і ў іншых месцах. У 1888 г. яны зьявіліся і ў Віцебскай губэрні. Але перасьледы (3 пасьлядоўнікі штундызму былі пазбаўленыя маёмасьці й сасланыя ў Закаўказьзе, а 2 зьмешчаныя ў вязьніцу) перашкодзілі яго далейшаму распаўсюду. У 1894 г. штундызм быў абвешчаны ў Расейскай імпэрыі па-за законам. Зь цягам часу штундызм практычна перастае існаваць зьліўшыся з баптызмам.

На тэрыторыі Беларусі акрамя штундызму ўтварылася некалькі плыняў пратэстанцтва: баптызм, эвангелічнае хрысьціянства, пяцідзясятніцтва, адвэнтызм сёмага дня ды інш. У другой палове ХІХ ст. баптызм зьявіўся спачатку ў Коўні, а потым у Вільні й Горадні. Ён звычайна распаўсюджваўся сярод нямецкіх каляністаў і латышоў, пераважна лютаранаў. Найбольш пашыраным гэтае веравучэньне было сярод сялянаў, у меншай ступені -- сярод месьцічаў.

У большай ці меншай колькасьці баптысты пражывалі ва ўсіх беларускіх губэрнях. Так, на пачатку ХХ ст. у Віцебскай губэрні баптысты жылі ў Дзьвінскім павеце (136 чалавек), Люцынскім (53 чалавекі), Дрысьненскім (адна сям'я). Гэта былі былыя лютаране, латышы паводле нацыянальнасьці. У Магілёўскай губэрні цэнтрам распаўсюджаньня баптызму зрабілася Гомельшчына. Так, у вёсцы Уць была заснаваная першая грамада, прэсьвітарамі якой былі Каненкаў, Раўзонкаў, Капанкоў, Кірушчанка. У 1879 г. місыянэрамі з паўднёвых губэрняў была заснаваная грамада ў вёсцы Ўсохі. У Менскай губэрні баптысты пражывалі на хутары Хаткі Рэчыцкага павету, у Слуцкім і Пінскім паветах, пазьней зьявілася грамада ў Менску.

Мэтады эвангелізацыі насельніцтва былі разнастайныя: сходы ў тэатрах і шынках, адкрыцьцё нядзельных школаў для дзяцей, правядзеньне для іх розных сьвяточных мерапрыемстваў з раздачай падарункаў, дабрачынная дзейнасьць і г.д.

Царскі ўрад, занепакоены распаўсюджваньнем баптысцкага вучэньня, імкнуўся кантраляваць і рэгуляваць дзейнасьць баптысцкіх грамадаў. У 1879 г. быў выдадзены сэнацкі ўказ, якім рэгулявалася рэлігійнае жыцьцё баптыстаў. Да ўказу дадаваліся часовыя правілы аб вядзеньні мэтрычных запісаў шлюбаў, нараджэньня й сьмерці баптыстаў. Гэтыя запісы павінны былі весьці мясцовыя цывільныя ўлады.

Крыху пазьней за штундызм і баптызм зьяўляецца ў Беларусі і эвангельскае хрысьціянства. У 1882 г. пасьлядоўнікі гэтага вучэньня былі ў Чачэрску Гомельскага павету Магілёўскай губэрні. Да іх ліку належала княгіня Чарткова. У Чачэрскім маёнтку яе бацькі праводзіліся эвангелічныя сходы. Грамада атрымлівала дапамогу з Пецярбургу. Распаўсюджаньне адвэнтыстаў сёмага дня, як і іншых плыняў у Беларусі, пачалося пасьля прыняцьця ўказа 17 красавіка 1905 г. аб верацярпімасьці.



Беларуская вэрсія
English version
Русская версия

Новы Запавет і Псальмы (1931)
Станіслаў Акіньчыц. Залаты Век Беларусі
Катэхізіс. Нясьвіж, 1562
'Спадчына', 2003, №1
Навуковая канферэнцыя 'Рэфармацыя і Залаты Век Беларусі', 2003 г.
Пратэстанцкая царква і беларускі нацыянальны рух

Галоўная - Гісторыя - Ідэі - Асобы - Дакумэнты - Даты - 1553-2003 - Фотагалерэя


Агульныя пытаньні: